Стэрэатыпы. Байки старога Даминика на белорусском

Вячеслав Старжинский
Прысвячаюцца наступныя радкі мілым сэрцу
натхніцелям,настаўнікам і выхавацелям маім:
Старжынскаму Іосіфу Дамінікавічу
Старжынскай Ядвігі Іосіфаўне
Старжынскаму Вітольду Дамінікавічу
Старжынскай Марыі Мікалаеўне
Старжынскай (Кунцэвіч) Ядвіге Дамінікаўне
Сакалоўскай Марыі Вікеньцьеўне



СТЭРЭАТЫПЫ. БАЙКІ СТАРОГА ДАМІНІКА.
 
 
    Стэрэатып. Слова нібы іншаземае, нібыта сучаснае, але, мне здаецца, як ніякае другое  адлюстроўвае нашу сёняшнюю рэчаіснасць, і, на жаль, лад жыцця і светапогляд.

    Ці сапраўды? Увогуле і сам не адразу зразумеў, чаму мне, здаецца, прывычныя, звычайныя словы, выразы і дзеянні людзей рэжуць вуха, непрыемна ўражваюць і застаўляюць задумацца. Ці сапрауды праўда тое, што іншы раз чую і бачу вакол сябе? Ці не ёсць гэта з дзяцінства ўбіты ў падсвядомасць стэрэатып, які не патрабуе  сілы розуму чалавека і існуе сам па сабе?

    Так і ёсць!
    Жыве гэты паразіт побач з намі. І вельмі добра ўладкаваўся. Мы яго не заўважаем, але ён мае страшную сілу, бо жывуць у сімбіёзе з ім тыя,  каму стэрэатып дапамагае хлусіць, выкручвацца, існаваць за кошт другіх, выдаваць ліха за дабро, і ўвогуле мімікрыраваць і хавацца. І паспрабуй у прысутнасьці такого зачапіць "святыні"! Перагрызе горла ! І не таму, што ен такі ідэйны і патрыятычны (яму дзе ўлада і грошы - там і Радзіма), а таму, што ён падсвядома адчувае пагрозу свайму існаванню, збудаванаму на гэтых пустых, як аказалася, стэрэатыпах.

    Паспрабую ўдакладніць свае думкі з дапамогай добрага свайго знаёмага - дзеда Дамініка. Дзякуй Богу, засталіся на нашай зямлі мудрыя людзі, якія сваім пачэсным жыццём, спакойным і мудрым словам здольныя навучыць нас - як і дзеля чаго павінен жыць чалавек на гэтым свеце. Называе ён сябе не інакш, як абывацель. Слова для нас нібы старадаўнее, для кагось гучыць, як абраза, але сэнс мае глыбокі, той, які мы губляем паціху. Паходзіць яно ад слоў "абжыцца","ўладкавацца", адным словам - жыхар нейкай мясцовасці. Сталы жыхар, не навалач. Такі і Дамінік.

    Польская мова не зыбыла абывацеля.Ў ёй абывацель гучыць годна - грамадзянін.
    Дзядуля ўвогуле не ўжывае  ў сваім лексіконе такія тэрміны як "стэрэатып". Маючы глыбокі жыццёвы вопыт, і сталы ўзрост, ён не любіць размаўляць на тэмы палітыкі. Казанні яго пра жыццё, пра чалавека, без абразы і абмяркоўвання дзеянняў канкрэтнай асобы.

    Кожны  чалавек нясе свой уласны крыж, і гэты крыж для яго самы найцяжэйшы. І тое патрабуе павагі. Так лічыць стары Дамінік.

    Седзячы начамі пад келіх добрага напою, мы з ім, як нам здавалася, паслядоўна ўзгадалі асноўныя стэрэатыпы, якія сядзяць у нашай падсвядомасці. Гэта такія знаёмыя і незнаёмыя нам словы як Раздіма, Гісторыя, Перамога, Дабро, Зло, Праўда, Хлусня, Выхаванне, Культура, Грошы...Урэшце, дайшлі мы да Нацыянальнай Ідэі.

    Чаму за келіхам? А хто, мне адкажыце, будзе размаўляць на гэтыя тэмы, як не пад келіх з добрым знаёмым, ці ў купэ цягніка, ці з незнаёмым гаворкім таксістам? Адчуваюць людзі падман, але ніхто не мае жадання нарвацца на адукаванага (ці часцей наадварот),  энэргічнага невука-прапагандыста, мажліва яшчэ і стукача, які з дапамогай няхітрага набора стэрэатыпаў вельмі хутка адаб'е табе ахвоту да такіх размоў.  Ды і дзе час узяць на такія разважанні? Сямья, выхаванне дзяцей, праца. Але і зноў стэрэатып - мужчынскі абавязак  сям'і час аддаваць, а не марнаваць яго на размовы.

     Маўчаць людзі. Бачаць, чуюць і маучаць. А чапляе, раздражняе іншы раз так, што закрычаць у голас хочацца тэлевізару: "Хопіць трымаць мяне за дурня, не маю сілы больш слухаць, не веру, досыць!"

     Пачалі з дробязі, як здаецца на першы погляд.
- Ты паліш, Антон? - пытаецца у мяне Дамінік.
- Так, - адказваю.
- Значыць сітуацыя для цябе знаёмая. Падыходзіць да цябе чалавек і пытаецца: закурыць ёсць?  Што ты зробіш далей?
- Пачастую яго цыгарэтай, - падумаўшы адказваю я.
- Вось табе, мой даражэнькі, і першы стэрэатып. Ён у цябе нават не прасіў, а ты адразу ў кішэню палез.

 - Дык што, дзядзька Дамінік, ламаем стэрэатыпы?
 - Які ты скоры, мой любы. Да пытання падыйдзем па - нашаму, па - абыватэльску, з думкай. І не спяшаючыся. Можа там даўно ўсё зламана і гэтае зламанае нам за сапраўднае падсунулі! Можа там і падправіць неабходна!?
Такія мае думкі, Антось.

                РАДЗІМА

    - Што такое Радзіма, дзядзька Дамінік?
    - Ведаеш, мой дарагі, пасля такога запытання першае, што прыходзіць мне на розум, Радзіма-гэта нешта пампезнае, узвышанае, параднае і вялікае - падобнае на помнік. Але ўявіць сабе гэты помнік, як не стараюся, так і не магу. Чамусьці на памяць прыходзіць другое: лагодныя матуліны рукі, яе шчырая ўсмешка, постаць бацькі, родны дом, дзяцінства, сябры, дарагія сэрцу мясціны...

     Многа гадоў таму ехаў я дадому, пасля службы ў войску, яшчэ тады савецкім. І чым бліжэй  я пад'язджаў да родных мясцін, тым больш мяне ахоплівала радаснае  хваляванне. Нават не хваляванне - захапленне. Ад радасці занімала сэрца, дрыжалі голас,  калені, рукі. Быў як п'яны (такое хваляванне потым я адчуваў толькі аднойчы - калі нарадзіўся мой сын). Вось тады і адчуў я ўпершыню вялікую асалоду сустрэчы з Радзімай.

     Гэта ў душы. А ў маёй маладой камсамольскай галаве вітаў нейкі другі вобраз Радзімы - той, якую два гады мяне вучылі абараняць. А вучылі ўмела, люта. Не толькі муштравалі фізычна, а і  псіхалагічна ламалі. Асабліва першыя паўгода, ў сяржанцкай вучэбцы. Рабілі з мяне злосную сабаку. Дрэсіравалі і прыгаворвалі: "Цярпі шчаня, прыйдзе і твой час! Сам станеш сяржантам - адыграешся на іншых.Таксама і ты сваіх  падначаленных салдат будзеш вучыць як Радзіму любіць."
 
     Але штосьці не задалося ў іх "выхаванні". Атрымалі яны вынік супрацьлеглы. Яшчэ на пачатку вучэбкі даў я сабе слова: стану сяржантам - людзей зняважаць не буду. Чалавек - не жывёла. І ведаеш - атрымалася. І служба ішла добра, і ў падначаленных меў сапраўдны аўтарытэт. Да гэтай пары сябрую з адным са сваіх былых салдат, малодшым прызывам на паўтара гады. Хто ў войску савецкім служыў, той зразумее, аб чым кажу.

     І чым бліжэй я пад'язджаў да роднага дома, тым болей разумеў, што Радзіма гэта не злосная цётка з плаката, якая некуды там кліча. А Радзіма, Айчына - гэта людзі. Людзі, якія цябе заўседы чакаюць, заўседы цябе зразумеюць, выслухаюць, не параяць злога. А ўжо потым - мілыя сэрцу краявіды і далягляды.

     Здарылася так, што пабыў я дома тры дні і з'ехаў на вучобу, як аказалася - назаўсёды. Прыязджаў дадому ўжо як госць. І кожнае сваё наведванне адчуваў нешта падобнае, як распавядаў вышэй. Не так, праўда, яскрава, як у свой першы прыезд, але нейкі радасны ўздым адчуваў заўседы.

     Прайшлі гады. Не стала матулі, не стала таты. Не склаліся адносіны з кроўнымі, раз'ехаліся сябры, стаў чужым родны дом. І адчуў я, што цягнуць мяне ў родныя мясціны толькі магілы продкаў.

     Дык куды ж падзелася мая Радзіма? Краявіды і далягляды засталіся ж амаль тыя самыя!
     А зразумеў я гэта толькі тады, калі прыехаўшы са сваёй сям'ёй на могілкі, мяне раптоўна як ударыла:  для маіх дзяцей Радзіма - гэта я!  Як некалі для мяне былі Радзімаю былі мае бацькі і блізкія мне людзі.

     І зараз ужо да мяне ідуць мае дзеці са  сваімі радасцямі, чакаюць ад мяне ласкі, пяшчоты і мудрай парады. Разам з блізкімі сустракаем добрыя падзеі, перажываем непрыемнасці і нягоды.

     А блізкі чалавек гэта хто? Той каму ты давяраеш і ведаеш, што на твае шчырыя да яго адносіны ён адплаціць табе тым жа. І ці мае Радзіму чалавек, які жыве толькі для сябе, толькі дзеля сваіх, асабістых, карыслівых інтэрэсаў, выкарыстоўваючы пры гэтым другіх?

     Дык вось, Антон, у маім разуменні Радзіма гэта не недакранальны пампезны помнік, а выдатная, дзівосная мазаіка, складзенная з мноства Радзім людзей, якія жывуць стагоддзямі на гэтай зямлі. І мазаіка гэта зацэментавана не сілаю ўлады, а адносінамі людзей паміж сабою, у падставе якіх ляжыць Дабро, Любоў і Павага.

                ПЕРАМОГА

    - Дзядзька Дамінік, а што ты адчуваеш пры слове Перамога?
Перш за ўсе, ў маім разуменні, гэта перамога над вайною. А вайна - гэта смерць, страх, боль, бруд, смурод і цяжкая праца. Праца не толькі на фронце. Салдата трэба адзець, абуць, накарміць, узброіць. Гэта ўсе патрабуе вялікіх намаганняў і аграмадных сродкаў, якія можна было б выкарыстаць на іншыя мэты.

    Таму мне заўседы непрыемна бачыць, калі ў некаторых фільмах вайна, ў тым ліку і Вялікая Айчыная, прадстаўляецца як нейкая прыгода, не вельмі прыемная, але займальная вандроўка са стралянінай, дзе харошыя перамагаюць кепскіх. Непрыемна мне. А што адчуваюць дзеці і маладыя людзі з яшчэ  неусталяваным светапоглядам? Ясна, ім падабаецца.

     Таму і завалены дзіцячыя крамы цацачнай зброяй, танками, гарматамі і баявымі самалетами. Колькі бацькоў задумалася, купляючы маленькаму хлопчыку цацачную зброю, над тым, для чаго  прызначана зброя?
     Я лічу, што перш за ўсё, каб забіваць! Забіваць людзей!

     І чаму мы вучым сваіх дзетак у краіне, дзе толькі ў апошняй вайне быў забіты кожны чацверты?!

     І таму, раскажу я табе Антось, пра Перамогу свайго бацькі, які на фронце апыніўся васемнаццацігадовым дзіцяцем, а ліха схапіў на той вайне, як не кожны дарослы. Папярэджваю. Цяжка будзе слухаць, непрыемна. Але тата мой мне гэта распавядаў з той мэтаю, каб я зразумеў, што вайна - гэта не прыгода, не забава, а страшэнная, смярдючая, паскудная сцерва ў якой няма пераможцаў.

     Дарэчы, людзі, між сабою святкавалі 9-га мая з першага, пераможнага 1945 года. Гэта быў дзень памяці па палеглым на той вайне. 9-мая стаў вольным днем і святкаваць яго пампезна, з парадамі, пачалі толькі праз 20 гадоў пасля Перамогі.

     Разумела начальства ў той час, што хваліцца асоба не было чым. Яшчэ на маёй памяці хадзілі па вуліцах гарадоў і весак мноства калек: без рук, без ног. Вадзілі пад рукі жонкі і дзеці сляпых былых танкістаў з абгарэлымі, чырвонымі тварамі. А  хто бачыў мокрыя ад слёз падушкі ўдоў і матуль палеглых?

     Хто палічыў іх вялікае гора? Хто, акрамя блізкіх, падскакваў з ложка сярод начы ад страшных крыкаў у  сне айца ці мужа? Хто, акрамя іх бачыў, ачуняўшага ад кашмарнага сну бацьку ці мужа, ў мокрай ад поту бялізне, прыпальваючага дрыжачай рукою чарговую   папяросу ад толькі што спаленай, і  вінавата просячага у сям'і прабачэння?

     - Ну дык вось. У нашым мястэчку кожны год 9-га мая святкавалася свята Пабеды. Здаецца, з усіх афіцыйных свят, яно было самае народнае і любімае. Нават мой тата, які  на дэманстрацыі 7-га кастрычніка і 1-га мая не хадзіў прынцыпова, на дзень Пабеды закладаў парадны касцюм, з усімі сваімі ўзнагародамі, і мы ўсей сям'ёю ішлі ў парк. Вядома, там быў канцэрт, граў духавы аркестр, начальства з трыбуны ўзгадвала пра вялікі гераізм народа - пераможцу, але самае для мяне цікавае пачыналася пасля канцэрта.

     Былыя франтавікі ў тым  самым парку садзіліся пад дрэвамі, выпівалі і гаманілі між сабою, ў тым ліку і  пра вайну. Слухаў я іх раскрыўшы рот, але як я цяпер разумею, больш там было вяселых баек і анекдотаў. Ні разу я ад іх не чуў пра героеў, страляніну, і хто колькі ворагаў забіў. Так, схадзілі на вайну, вярнуліся, і аб чым тут яшчэ гаварыць?

     Незразумела мне было і тое, што бацька вельмі не любіў, калі па тэлевізары паказвалі фільмы пра вайну. Моўчкі ўставаў і выходзіў з пакою, альбо ішоў спаць. Бывала, калі прыходзіў дадому нападпітку, то спяваў. Выключна дзве песні: "Раскинулось море широко" і "Темную ночь". Але гэтыя песні былі больш падобныя на стогны. Праспявае з нейкім жудасным надрывам тры, чатыры словы, спыніцца і жалуе: " Эх, скавэркалі такія добрыя песні. На фронце мы іх не так спявалі".

     Неяк бегалі мы з хлопцамі летнім вечарам па вуліцы з драўлянымі аўтаматамі - гулялі ў вайну. Праходзячы каля  нас, мой тата, які быў у добрым настроі, весела запытаў:
- Ну што, байцы, ўсё страляеце?
- Страляем тата, - адказаў я. І асмеліўся папрасіць:
- А раскажыце нам з хлопцамі што-небудзь пра вайну.
Настрой яго раптоўна змяніўся, пахмурнеў ён тварам і загадаў мне, як адрэзаў:
- Так, хопіць гуляць. Дадому. І пайшоў не азіраючыся, ўпэўнены, што я плятуся за ім. Ідзе і ціха прагаворвае, сам сабе:
- Не дай вам Божа, дзеткі, калі - небудзь страляць у людзей.

     Аднойчы ўвечары, сядзеў я дома адзін. Глядзеў па тэлебачанні фільм пра Пабеду. Прыйшоў з працы бацька, сеў у крэсла побач са мною, паглядзеў пару хвілін на экран, дзе чысценькія, пастрыжаныя, гладка выгаленыя салдацікі штурмавалі Берлін, выключыў тэлевізар і сказаў мне:
- Хочаш, раскажу табе пра сваю Перамогу? Вялікі ты ўжо, можа і зразумееш.Ты ўсе пытаўся, адкуль ў мяне дзірка ў далоні, і чаму на той жа далоні выкалаты якар, хоць і не быў я мараком? І не чакаючы майго адказу, пачаў ён распавядаць сваю  цяжкую аповесць.

     Далей Антось, буду распавядаць ад яго імя, стараючыся пераказаць ўсё слова ў слова:
   - У нашу вёску савецкая армія вярнулася ў ліпені 1944 года. Праехала па вуліцы вайсковая калона амерыканскіх студебеккераў і стала на ваколіцы. Мы з сябрамі адразу ж прыбеглі паглядзець на невядомыя машыны. Вельмі ж было цікава. З адной з машын выглянуў афіцэр і запытаўся ў мяне:
- Парень, сколько полных лет имеешь?
- Васемнаццаць,- адказваю.
- Тогда заходи, что-то покажу интересное.
   Як ўвайшоў я ў будку тога Студебеккера, так адтуль ужо і не выйшаў. Аказалася, што завітаў да нас у вёску палявы ваенкамат. Прыйшла, значыцца і мая пара ісці ў войска.

     Спачатку два месяцы быў у запасным палку. Навучылі строем хадзіць і вінтоўку з лапатай у руках дзяржаць. А потым завезлі цягніком на фронт, пад Варшаву. Разгрузілі з вагонаў, пастроілі нас уздоўж чугункі і пачалі размяркоўваць па вайсковым часткам. Падыходзіць да мяне сяржант, гадоў за сорак, і са смехам пытаецца:
- Ну што, хлопчык, пойдзеш да мяне ў куляметчыкі, чацвертым нумарам? Не хвалюйся, кар'еру хутка зробіш.
А мне, маладому, што? Кулямет так кулямет, а пра якую там кар'еру гэты дзядзька гаворыць, так і не стаў перапытваць.

     Далей пайшлі пяшком. Стралковая рота, а мы чацвёра ў той роце – разлік кулямета ДШК. Камандзір разліка, той самы сяржант – Іван Веляшкевіч, я і два вясковых дзядзькі гадоў пад пядзесят, не памятаю як іх і звалі. Недалека ад Варшавы, пад Пултускам, сталі ў абарону. Дарэчы, стаялі ў той абароне каля чатырох месяцаў. Але стаялі ў абароне, гэта не значыць, што ляжалі і адпачывалі. Ішла цяжкая вайсковая праца. Капалі акопы, будавалі бліндажы ў 4-6 накатаў (накат-гэта рады бярвен ўздоўж і ў поперак, на даху бліндажа), ды і немцаў пільнавалі, таксама як і яны нас. Цягалі той кулямет з мейсца на мейсца на дзень разоў по восем, каб на выпадак атакі немцы нас адразу не знішчылі. Як затрымаемся на адным мейсцы на доўгі час- адразу па нас ад немцаў міны ляцяць.

      Есьці прыходзілася на дзень толькі адзін раз – увечары. Як цямнела, старшына прывозіў адразу і сняданне і абед і вячору. Ўдзень было немагчыма-немцы не давалі. Ежы не хапала, ўвесь час галодныя былі. Голад, холад, а неўзабаве пайшлі па нам і вошы.
      Неяк, дзядзькі з нашага разліку, дзесьці знайшлі поўмеха мукі. Паспрабавалі мы з той мукі згатаваць штось, але акрамя заціркі нічога больш не выходзіла. Ды якая там была зацірка – на вадзе, ды без хлеба. Вось і кажуць яны мне:
- Тут недалёка польскі фальварак ёсць. Жыве там старая пані. Заходзілі мы да яе, каб разжыцца якім кавалкам хлеба, але яна нават ў хату не пускае, гаворыць няма нічога, ўсе немцы забралі.Ты схадзі да яе. Вазьмі  нашу муку з сабою, хай хоць аладак якіх напячэ. Можа цябе, маладога паслухае, не прагоніць.

      Прыйшоў я на той хутар, зайшоў ў хату, прывітаўся. Стаіць спіной да мяне немаладая жанчына і не абарочваючыся бубніць  па польску:
- Nic niema, wszystko german zabral, nic niema, wszystko german zabral..( нічога няма, ўсе немец забраў).
- Цёцечка, давай я прасіць яе, вы нам толькі аладак напячыце і вазьміце сабе палову мукі, той што я прынес.

      Абярнулася на мой голас жанчына, паглядзела на мяне, ды давай галасіць, быццам як мая матуля галасіла, калі мяне з дому забіралі:
- А мой ты родненькі, а куды ж цябе такога маленькага і худзенькага на смерць забралі? А які ж салдат з цябе? Ты ж дзіця яшчэ…

      Прынёс я ў той дзень сваім таварышам і аладак, і кілбасы, і сала, і хлеба. Нават бутэльку бімбару (самагонкі) дала мне з сабою добрая гаспадыня, але больш на той хутар я не хадзіў, як не ўгаворвалі мяне мае сябры.

       Уначы мерзлі ў бліндажах, сплючы шчыльна адзін да аднаго. Як выйдзеш па якой патрэбе ноччу з бліндажа, ўжо не ўцішнесся ўсярэдзіну, толькі скраю можна легчы, а гэта значыць, што замерзне альбо спіна, альбо жывот. Так і круцішся ўсю ноч. Хаця, якую ноч? Трэба ж уначы і на пасту стаяць. Спалі запар не болей як па 4 гадзіны.

       Удзень мерзлі ў траншэі. І ў дождж, і ў снег, і ў мароз – цэлымі днямі няслі службу: засякалі нямецкія агнявыя кропкі, бліндажы, мінаметы - іх перамяшчэнні. Немцы рабілі тое ж самае, часцяком пастрэльваючы ў наш бок. Мы, вядома адказвалі. Спачатку, пачуўшы свіст куль над галавою, я хутка падаў на дно акопа. Потым перастаў.

- Не скачы дарма, тая куля, што свісціць, ужо не твая. Сваёй не пачуеш – навучылі дзядзькі. Адным днём, седзячы ў акопе разам з сяржантам, заўважыў я немца, які цішком перапаўзаў з адной сваёй траншэі ў другую. Кінуўся я да кулямета і давай прасіць Веляшкевіча:
- Дзядзька Іван, дазволь стрэліць з кулямёта – вунь немец паўзе, я яго першай чаргой здыму.
- Адыйдзі ад кулямёта, смаркач, - жорстка асадзіў ён мяне, - галавой падумай, вайна не забава, не паляванне, - ты аднаго заб'еш, а ў адказ немцы мінамі ўвесь наш акоп закідюць, усіх нас тут паложаць, – як біць, дык адразу ўсіх. І запомні галоўнае – ні ты яго, то ён цябе. Так, паволі, спасцігаў я нялёгкую салдацкую працу і навуку.

       І вось у  студзені 1945 года надышоў дзень наступлення. Налілі нам з ранку па 100 грамаў гарэлкі, пакармілі і «наперад». Але ж наперадзе немцы ў акопах сядзяць, толькі і чакаюць, калі мы са сваіх вылезем. Таму першыя загаварылі «кацюшы».
       Аднекуль, здалёк з нашага тылу, праз нашы голавы паляцелі па немецкім траншэям ракеты. Задрыжала зямля. Узняліся да неба сталбы дыму і агню. Паляцелі ўверх груды зямлі, кавалкі бервеняў, зброі і нямецкія шынелі.

       Надышоў і наш час. Стралковая рота выйшла са сваіх траншэй і пайшла ў бок нямецкай абароны. Крыкаў, як у кіно, ніякіх чуваць не было. А ні «ура», а ні «за Радзіму», а ні «за Сталіна», - толькі свісткі камандзіраў. Чаму не крычалі? А ты паспрабуй, калі небудзь, ўзяць у рукі зброю, на плечы мяшок з патронамі і асабістымі рэчамі, кілаграмаў 20 вагою, і на бягу, а яшчэ і ў снезе па калена,  страляючы, што небудзь пракрычы.

       Рота пайшла. Разлікі кулямётаў пакуль што засталіся ў траншэі. Нашай задачай было падтрымаць атаку: не даваць немцам падняць галаву, знішчаць ў першую чаргу, разлікі нямецкіх куляметаў і мінаметаў, адстрэльваць афіцэраў. Але ж і немцы не спалі. Толькі дыдыхнуў наш ДШК дзве, тры чаргі - вакол нас пачаўся сапраўдны ад: паляцелі ў наш бок кулі, міны, снарады. Ўсё зацягнула дымам, роў, гром, грукат, свіст...Ў грудзях заняло, не стала чым дыхаць, рот забіла зямлею...
       І страх, - велізарны, адчайны, паралізуючы страх: вось, зараз удар, - і ўсё – канец. Здавалася ўся нямецкая обарона пачала за нашым кулямётам паляванне.
  Перабароўшы страх, падпоўз я да кулямета, але дзядзькі са злосцю мяне адпіхнулі на дно акопа:
- Сядзі тут пацан, набівай ленты патронамі і не вылазь, а мы тут  без цябе абыдземся.
       Далей… нібы ўдар грому, зямля падо мною паднялася, перакулілася, балюча  ўдарыла, нечым мяккім і цёплым заляпіла вочы, і... нічога  не бачу.

       Як праз вату чую крык Веляшкевіча:
- Скарэй да мяне, хапайся за кулямет і ходу адгэтуль, прыстраляліся паскуды, зараз нам тут капец прыйдзе!

       З заплюшчанымі вачыма, ротам забітым зямлёю, адною рукой памагаю Івану цягнуць кулямет па акопу, другою цягну за сабою ленты, каленямі адчуваю пад сабою штосьці склізкае, нешта накручваецца на ногі, вакол ўсё дрыжыць і раве…

       Неяк дацягнулі тое жалеза да адносна ціхага мейсца. Пакуль сяржант рыхтаваў кулямет да стральбы, ўрэшце выцер я залепляныя вочы і агледзеўся. Лепей бы я тога не бачыў: там дзе была наша пазіцыя – роўнае мейсца: акопа няма, ногі мае абкруцілі чыйсці вантробы, а на далонях маіх, - чыйсці крывавыя мазгі.

       Не адразу дайшло да мяне, чые гэта былі часткі цел. Потым, не знайшоўшы тых дзядзькоў са свайго разліку, зразумеў я, што яны мяне цаной свайго жыцця выратавалі, не пусцілі ў пекла, далі яшчэ пажыць. Вельмі шкада, але не помню іх імён, ведаю толькі, што былі яны 1895 года нараджэння.
Заціхла.
- Збіраемся хутчэй, - прыказаў Веляшкевіч, - нашы ўжо у немецкай траншэі. Трэба даганяць.
Толькі ён сказаў тое, як раптоўна, праз нашы галовы, ў бок нямецкіх траншэй, са страшным ровам паляцелі ракеты. Зноў ударылі «кацюшы»... Па сваім… Зноў застагнала зямля, зноў сталі да неба сталбы агню і дыму, зноў паляцелі ў неба шынэлі… Маіх сяброў шынэлі…
- Дзядзька Іван,- закрычаў я, - там жа нашы, па сваім  б'юць « кацюшы»! Як так вышла, хто вінаваты?
- А ніхто, браце, не вінаваты,- вайна. Бачыш, ляжаць на полі забітыя нашы афіцэры, ротны разам з імі. Выбілі немцы афіцэраў адразу, і не было каму ўжо адмяніць паўторны залп «кацюш», а хлопцы добра пайшлі і раней тэрміну ў нямецкія траншэі ўскочылі. Хто ж тут вінаваты?

       Бягом цягнем кулямёт па  полі, з крывавымі плямамі на снезе, ў бок былых нямецкіх траншэй, а насустрач нам санітары валакуць нашых параненых байцоў. Крыкі, стогны, плач, скрэжат зубоў, кроў свішча… Хто без рукі, хто без нагі…
- Шчаслівыя, для іх бойня ўжо скончылася, дадому паедуць - апусціўшы вочы, хмура прагаварыў Веляшкевіч. Хутчэй пайшлі, не глядзі.

       Так да канца вайны і засталіся мы з Іванам дваіх пры кулямёце. Зразумеў я ў той страшны дзень, -  пра якую кар'еру гаварыў ён пры нашай сустрэчы: ў першым жа баі падняўся я з чацвёртага нумара разліка да другога…

       І пачаліся дарогі вайны. Ішлі пяшком, цягнулі за сабою свой кулямет. Амаль што не спалі. Тыя чатыры гадзіны сну ў абароне здававаліся нам нерэальным падарункам. Не паверыш, сваімі вачамі бачыў як спалі на хаду салдаты. Двое прытрымліваюць трэцяга, а ён ідзе і на хаду…спіць. Потым мяняюцца.
       Есці таксама ўдавалася не кожны дзень. Адставала кухня, бывала што і блудзіла.
       Дайшлі да Ўсходняй Прусіі. Людзей няма, ўсе паўцякалі. Ў хлявах равуць нядояныя каровы, стаяць някормляныя коні, свіні, авечкі. Гаспадарствы дагледжаныя, скот пародзісты, сыты. Дамы і нават хлявы акуратна зложаны з чырвонай цэглы, паўсюды чысціня, парадак. Ўсё зроблена з розумам, ўдумліва, на вякі. Нават дым ў немцаў  дарам не прападаў. Ў комінах зроблены вэндзяркі. Разумна, - топіш печ і адразу мяса вэндзіцца. Дарэчы, ў тых вяндзярках мы мяса і знаходзілі.

       Ідзём па нямецкім вёскам, параўноўваем з нашымі жабрацкімі калгасамі і дзівімся: чаго немцам не хапала, за якім ліхам іх панясло да нас?

       А войска нямецкае не ўцякала. Абаранялі кожны свой горад, амаль кожную вёску. Ваявалі ўмела, жорстка, але сілы ў іх ўжо не хапала. З захаду саюзнікі  на іх напіралі, з ўсходу мы жалі. Ў канцы красавіка загналі мы немцаў аж да самага Балтыйскага мора,  да берага заліва Фрышэс - хафф, непадалёку ад Кенігсберга. А немцы не здаваліся, пераправіліся на другі бераг заліва, на вузкую касу, край якой быў трохі відны з нашага берага.

      І вось нашай дывізіі было загадана пераправіцца праз заліў і знішчыць замацаваўшыхся на касе немцаў.
      Яшчэ здалёк ад берага пачулі мы кананаду, а як падышлі бліжэй, то жахнуліся: бачым як гоніць вецер па моры алавяныя хвалі.
      Бачым, як сутыкнуўшыся с берагам, адкочваюцца яны паволі назад і  астаўляюць на жоўтым пясочку ружовую, крывавую пену.
      Бачым як чапляюць катэры плыты с салдатамі, гарматамі, мінамётамі і другой зброей,  цягнуць іх ў бок  касы, а адтуль па ім ляцяць снарады, міны і на нашых вачах разбіваюць гэтыя плыты ўшчэнт.
      Бачым, што на беразе ўжо не палкі, а натоўп – шум, крыкі, лаянка, праклёны…
      Бачым, як ў тым натоўпе палкоўнік-палітадзелец, вярхом на белым кані, лупіць дрынам па салдацкім каскам – заганяе  людзей, не жадаючых ісці на пэўную смерць, на наступныя плыты.
      Ды не моўчкі лупіць, а з мацярком,- раве сарваным голасам:
      - Живей, живей…вашу мать, -  или на плот, или под трибунал пойдёте, і тут жа - сделаем подарок товарищу Сталину к первому Мая: уничтожим к празднику врага на косе!
      Бачым, па калена чырвоныя ногі каня, - ад крывавай балтыйскай вадзічкі.
      Палядзеў на ўсё гэта Веляшкевіч і кажа сумна:
      - Ну што, браце,  пайшлі і мы. Відаць прыйшоў  наш час. Не даплывем мы жывыя да той касы. Нічога не зробіш, лепей гучна дрынам па касцы, чым ціхі прыгавор у трыбунале.

      Загрузіліся мы разам з  кулямётам і другімі байцамі на плыт, зачапіў яго катар тросам і пацягнуў ў бок касы. Паволі, нетаропка, з хвалі на хвалю, з хвалі на хвалю, - нібы мішэнь. А па той мішэні,  не спяшаючыся, як у ціру, страляюць немецкія гарматы. Змяртвеў я ад страху, - сачу толькі за белымі  губамі Івана, якія ціха шэпчуць, лічачы выбухі снарадаў вакол нас:
   - Злева адзін…, другі справа…, ўсе, артылерыйская вілка, - трэці наш, - капец...

     Толькі ён сказаў гэта, - ўспышка, ўдар, і мяне нібы не стала: цемра і цішыня. Далей помню толькі  кавалкамі. Калі прыходзіў у сябе, - бачыў праз ружовы туман: ляжу на вадзе, адною рукою трымаюся за край бярвеня, што  засталося ад разбітага плыта, другая рука не шавеліцца, відаць перабіта.

     Што з нагамі? Ня ведаю, - таксама нерухомы. І мёртвая ціша, нічога не чую.  А вакол толькі свінцовыя хвалі і шэрае, хмарнае неба над галаваю. За другі канец бярвеня трымаецца Іван, - таксама паранены, - ўся галава ў крыві. Нешта крычыць ён мне і паказвае рукою ў бок блізкай ужо касы.

     Гляжу ў той бок і бачу: жоўты пясочак, далей агароды, паміж град ляжаць вялікія копны гною. На тым пясочку, як вялізныя рыбіны, ляжаць шынэлі, некаторыя з іх шавеляцца. Паміж тых шынэляў не спяшаючыся ходзяць немцы. Падышоў, апусціў аўтамат, - кароткая ўспышка, -  ўздрыганула шынэль і замерла. Пайшоў кат да наступнай….
    Дабіваюць  нашых, разумею, - тых хто даплыў.
    А вада ледзяная, - вясна, красавік. Рука ўжо нямее, не хапае  сілы трымацца: цягне на дно намоклае адзенне і кожная наступная хваля ўсё далей спіхвае мяне са склізкага, збавіцельнага бервяна.

    Такая ж бяда і ў Івана. Глядзім ў вочы адзін аднаму ў астатні раз, -  моўчкі развітваемся.
    І раптам бярэ ён мяне за здаровую руку, падцягвае да сябе і кароткім, моцным ударам…нанізвае нашы далоні на вялізны іржавы цвік, які тырчаў з бервяна...
    Далей, – цемра.
    Апрытомнеў я ў падвале разбітага нямецкага дома. Ляжу забінтаваны, ўжо троха стаў чуць, вакол ляжаць нашы параненыя. Расказалі мне, што знайшлі мяне санітары на касе, закапаным ў капну с гноем. Пра Івана Вяляшкевіча ніхто нічога не чуў.

     Расказалі, што ўзялі, усе ж такі, нашы касу да першага мая.
     Выпіў таварыш Сталін на свята келіх крывавай балтыйскай вадзіцы! Выпіў  - не папярхнуўся!
     Ці была патрэба палажыць пад канец вайны столькі людзей дзеля горсткі немцаў з трох бакоў якіх было мора? Куды яны адтуль дзеліся бы?

     Ў адзін з днёў, прачнуўся я ад трывожных гукаў: немцы маршыруюць па вуліцы і  голасна свае песні спяваюць. Адзін за адным давай мы, хто выходзіць, хто выпаўзаць з тога падвала. Прыгатавалі зброю, якая была, дасталі гранаты: лічылі, што немцы вярнуліся.

     Сапраўды вярнуліся: ідуць строем па вуліцы, спяваюць весела песні і складаюць зброю. Было гэта дзевятага мая.

     Неўзабаве павезлі нас, недабітых, санітарным цягніком, аж на Урал, ў горад Кіраў. Праз нейкі час, завітала, мяне праведаць, мая старэйшая сястрычка. Ўбегла ў палату, галосіць і плача:
- А браціку ты  ж мой любы, даруй мне, калі ласка: два тыдні да цябе ехала праз усю краіну, сама ня ела, берагла для цябе матуліны прысмакі, а пакуль тут, ў шпіталі цябе шукала, не вытрымала: амаль усё салдацікам параненым параздавала, даруй мне браціку...

    - Вось такая мая была Перамога, сынок,- скончыў тата сваю сумную аповесць, працягнуўшы ў мой бок сваю далонь са шрамам і выкалатым на ёй сінім якарам.
    Выцер слязу і ціха папрасіў:
    - Ідзі спаць, сынуля, позна ўжо,  табе рана ў школу.

    Тую ж ноч хата ўздрыганулася ад шалёнага крыка бацькі: Ванюшка, ратуй!

    Ўбегшы да яго пакою ўбачыў я тату з мокрымі ад поту валасамі, ў мокрай бялізне, прыпальваючага дрыжачай рукою папяросу і вінавата просячага нас:
     - Прабач, жонка, прабачце дзеці, вайна праклятая прыснілася...

    Потым, троха супакоіўшыся, пасадзіў мяне на ложак, побач з сабою і папрасіў:
     - Амаль што неграматны я, не далі калгас і  вайна мне вучыцца, а ты вялікі ўжо, граматны. Знайдзі мне Веляшкевіча Івана, не яго самога, то хоць жонку яго, дзяцей.

     Хто ж як не ён выцягнуў мяне, непрытомнага, з тога мора? Хто ж як не ён схаваў мяне ад забойцаў?
     Хачу пакланіцца яму с падзякаю, як жывы ён. А можа ляжаць яго костачкі ў тым жоўтым пясочку, на вузкай касе, паміж крывавым залівам Фрышэс- хафф і халодным Балтыйскім морам?

     Тады пакланюся з журбою жонцы яго і дзецям, бо аставіў ён жыць мяне, заставіўшы без бацькі сваіх дзетак, а жонку сваю без мужа.

     Знайдзі яго, сынок, вельмі прашу.
     Болей, ніколі мы з ім пра вайну не размаўлялі. Даруйце мне тата, што не выканаў я вашай просьбы, нават не збіраўся. Так і пайшлі вы з гэтага свету не пакланіўшыся свайму збавіцелю, дзецям яго, жонцы.  Зараз, праз гады,  вельмі жалую аб гэтым. Прабачце, тата.

     А жыцце ідзе. Тое, чаго так не жадаў мой тата, на вялікі жаль, здарылася. Прыйшлося і нам страляць у людзей. І 9 мая, ў парку, разам з нешматлікімі франтавікамі сядзяць ўжо ветэраны наступнага пакалення. Таксама, раскрыўшы рот, слухаюць байкі і анекдоты іх дзеці і ўнукі, таксама дзівяцца: а чаму ж гэта  тату так не падабаюцца такія цікавыя фільмы пра вайну? Чаму ён так не любіць Новы Год, калі на ўвесь горад так весела гучыць святочная кананада?

     І таксама мала хто з іх ведае, - што сніцца бацьку па начам.

     І вось, на 9 мая, сядзім мы з сябрамі, хто больш, хто меньш, панюхаўшымі пораху, пад дрэвамі, ў святочна аформленым парку, выпіваем і гамонім паволі пра сваё.
     Падсеў да нас дзяцюк, уся кашуля каторага была размалявана надпісамі:        "Спасибо деду за Победу", і тут жа «На Берлин» і «Мы с тобой прошли полсвета, если надо повторим».

     Сядзіць надуўшыся каля нас, слухае ўважліва нашу размову. Налілі і яму. Пачакалі, пакуль вып'е, прыкусіць, і пытаемся:
     - Паслухай, ваюн, куды ж ты нас дзядоў завеш? На новую вайну? Хапіла нам ўжо, наваяваліся.

     - Ды не, дзядзькі, - жуючы, важна адказвае той, - вас я нікуды не заву. Гэта я сам гатовы, хоць зараз пайсці ваяваць супраць праклятых бендераўцаў і пятушні дзермакрацкай. Не магу болей цярпець, як зневажаюць яны нас - патрыётаў. Над нашымі заваяваннямі смяюцца, на каштоўнасці нашы плююць і ўвогуле нас не паважаюць.

      Выслухалі мы яго, памаўчалі, паглядзелі  з жалем на дурня і ў адзін голас адказалі:
     - Не дай табе Божа, калі-небудзь страляць у людзей!

                ДАБРО І ЗЛО

    - Дзядзька Дамінік, вось ты ўвесь час нібы праграміруеш мяне на дабро і на добрыя ўчынкі. Ці ты не бачыш, што добрым ў наш час не пражывеш? Адразу з'ядуць. Наколькі ведаю я тваё жыццё, то часцяком цярпеў ты ад людзей за свае добрыя ўчынкі. Можа лепей трымацца прынцыпу: чужое не вазьму, але і сваё не аддам? Не пакрыўдіся, калі ласка, але скажу болей: мне здаецца, што дабрата  гэта слабасць – прасцей аддаць чым змагацца. І як здарылася так, што калі абышліся з табою па свінску, то ты, як сапраўдны мужчына, не толькі права маеш, а абавязаны адказаць адпаведна: зуб за зуб, вока за вока.

    - Зачапілі мы з табою Антось тэму не простую,  ўся яна на стэрэатыпах, як ты кажаш. Размова доўгай будзе, бо разважаць прыйдецца ад самага, ад пачатку. Але перад гэтым хачу адказаць табе коратка на тваё канкрэтнае запытанне. Я, асабіста, лічу так: як здарылася, што абышліся са мною па свінску, то першае, што я ў сябе запытаю, гэта наступнае: а чаму я павінен стаць свінею, адказаўшы  таксама па свінску?

    - Дабро і зло. А ці ведаеш Антон, што гэта былі першыя запытанні, якія задалі  сабе людзі?  Звалі іх Адам і Ева. Што, браце, бачу адразу нецікава стала? Лічыш, што зараз  прапаведаваць пачну? Не турбуйся, гарантую, што зацікаўлю. Ведаеш, самому цікава, бо раней неяк не заострваў  я ўвагі на тым, што напісана ў Бібліі: ну напісалі людзі два і больш тысячагодзя назад, а ці праўда гэта, ці чыясці таленавітая выдумка? Хто ведае? І ведаеш, што падштурхнула мяне задумацца над Бібліяй, і цалкам іначай ацэньваць ўсе здарэнні ў ёй апісаныя?

    - Ніколі не адгадаеш – інтернет і камп'ютэр.

    Ты толькі ўяві сабе, што Ўсявышні, Бог, Айцец -  гэта Творца. Геніяльны Творца які стварыў Сусвет, і ў тым ліку нашу цудоўную Зямлю, на падставе матэматычнай праграмы, дзе запраграміравана практычна ўсе, ў тым ліку і наша жыццё. Уяві што атам, малекула, клетка, ген, ДНК, макавае зерне -  гата ўсё чыпы, якія ўключаюцца ў адпаведных умовах і даюць жыцце, якое дае наступнае жыцце, зноў жа ў адпаведных умовах. І нібы ўсе адбываецца само сабою.

    Ўглядзіся ў начное, зорнае неба, ўважліва разглядзі кветку, траву, прасачы за палётам пчалы, бегам мурашкі, паглядзі ў мікраскоп... Можна назваць гэты працес цудам, Прыродай, можна эвалюцыей,  але што ж  гэта як не праграма? Геніяльная, заўваж, праграма. І як далёка штучнай ружы да простага, на першы погляд, палявога васілька, так і нам далёка, не толькі да капіравання, а нават да  ўсведамлення сутнасці гэтага працэса.

    Уяві, што наш мозг – камп'ютэр, цела – неабходная механіка, гаворачы па сучаснаму – жалеза, а мы нібы ўладальнікі ўсяго гэтага багацця, але ж чамусьці не можам сваёй волей загадаць нават воласу расці, ці не расці на ўласнай галаве, не гаворачы пра штось большае.

    Чаму так? Бо, папросту, мы не ўладальнікі гэтай праграмы,  а звыклыя карыстальнікі. Скажу больш: недасканалыя карыстальнікі, нібы сляпыя і глухія крочым па жыцці, выцягнуўшы рукі перад сабою і  чамусьці лічым сябе самай дасканалай сутнасцю на свеце.

    Уяві, што мозг асобнага чалавека, яго інтэлект злучаны як і ў сучасным інтернэце с інтэлектам другіх людзей, і гэта сетка, як частка сістэмы, спалучаецца з магутным сусветным  сэрверам. Уяві, што мы, людзі – вянец Прыроды, не іначай, як запраграміраваны. І запраграміраваны на дабро, бо падставай гэтай цудоўнай праграмы, матрыцай яе, з'яўляецца Дабро і Любоў.

    Адкуль я гэта ведаю?  А таму што больш як два тысячагоддзі існуе інструкцыя карыстальніка гэтай праграмы – Біблія.

- Ну што, зацікавіў я цябе, мой даражэнькі? Ну тады адкрыем Біблію і пачытаем разам уважліва.

    Старонка першая – Быцьцё. Чытаем: на працягу шасці дзён Творца працаваў. Стварыў неба, зямлю, Сонца, Месяц, зоркі, ваду, расліны, рыб, птушак, жывел і гадаў. Змарнаваў нямала часу і сіл на стварэнне сапраўднага цуда: самадастатковая структура, якая сама па сабе існуе, плодзіцца і развіваецца. 

    А у канцы шостага дня Творца стварае людзей: мужчыну і жанчыну. Вельмі цікава: а з якою мэтаю? Структура ж самадастатковая і лагічная: ўсё існуе, плодзіцца і развіваецца волею Творцы. Якую карысць гэтай сістэме можа прынесці чалавек?

    Канкрэтны адказ знаходзім тут жа. Даслоўна: « І сказаў Бог: створым  чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны  над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам і над усёю зямлёю і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі».

    На першы погляд троха незразумела. Як гэта так? Творца аддае ў валадарства чалавеку вынік сваёй тяжкай працы? Нешта тут не так. І толькі пры уважлівым, шматразовым прачытанні становіцца ясна, што валадарыць чалавек будзе паводле вобраза і падабенства Творцы.  І стварыць, гэта не значыць зляпіць падобную на сябе сутнасць, а  навучыць чалавека валадарыць, адукаваць яго, на падставе Слова Творцы, яго Ідэі, яго праграмы.

    І па заканчэнні навукі чалавек павінен быў стаць не проста адукаваным карыстальнікам гэтай праграмы, а своеасаблівым сістэмным адміністратарам, вучнем і памочнікам Творцы. У гэтым заключаецца вялікая місія Чалавека, яго валадарства, аб гэтым гаворыць Біблія!

    Таму і знаходзіліся Адам і Ева ў Эдэме на поўным забяспячэнні Творцы, нібы студэнты з дармовым харчаваннем і інтэрнатам. І сказана ім было: вучыцеся карыстацца праграмай і ні ў якім выпадку не лезце ў матрыцу ( для неадукаванага чытача Бібліі две тысячы год назад – не ешце плода з дрэва спазнання дабра і зла), таму што аснова вялікай праграмы і ёсць Дабро.

    Што сказаў Творца скончыўшы тяжкую шасціднёвую працу? Даслоўна:
- «І ўбачыў Бог усё што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.»
    Творца сказаў, што стварыў ДАБРО. І паўтараў гэтае слова ў канцы кожнага дня сваёй вялікай працы, нібы пароль.

    Сапраўды, ўсё створанае Творцам прыносіць  дабро пры належным карыстанні: агонь прыносіць цяпло, вада праганяе смагу, вецер дае дыхаць і прыносіць дождж, зямля родзіць.

    Адным словам, ўсе што існуе: лагічна, дасканала, і прыносіць дабро. І няма ў гэтай праграме мейсца злу, папросту зла няма як катэгорыі. Ёсць толькі няўмелае, кепскае ( па стараславянску – злое) карыстанне праграмай. Бо пры неналежным карыстанні агонь прынясе пажар, вецер - атруту і разбурэнне, вада – навадненне, зямля – землятрус і смерць.

    І вось, недавучаныя студэнты, Адам і Ева, саманадзейна асмеліліся ўлезці ў матрыцу, ў сутнасць самой праграмы, замест таго, каб папросту вучыцца ёю правільна карыстацца.

    Што з гэтага вышла? Вышла па справедлівасці. Творца вырашыў як сапраўдны любячы айтец:
    - Не жадаеце вучыцца? Тады ідзіце працаваць. Сваім розумам і потам спасцігайце сутнасць і мудрасць праграмы, а я, Творца, буду сачыць за вамі, неразумнымі, і толькі лепшых з вашых  нашчадкаў буду адбіраць сабе ў вучні.

    І паняслі Адам і Ева з сабою на зямлю  першыя вірусы зла – саманадзейнасць і сумненне: ці сапраўды казаў Творца, калі вучыў іх  - што можна рабіць, а што не можна? Мы зробім лепш. А што гэта як не зло – саманадзейнае сумненне ў Дабры?

    Сачыў Творца за жыццём дзяцей Адама і Евы – Авелем і Каінам. Але які геніальны ў яго спосаб кантролю! Ён, як сапраўдны любячы айцец не кантралюе кожны крок, не вядзе за руку па жыцці, а дае чалавеку выбраць самому сваю дарогу, дарогу Дабра, а пры памылцы дае наступны шанс. І ў гэтым ёсць вялікі сэнс. Як іначай выбраць лепшага вучня, як распазнаць?

    Што здарылася з братамі Авелем і Каінам? Па Бібліі Авель прынёс Богу, як здавалася Каіну, лепшую ахвяру, чым выклікаў у брата зайдрасць. А якая ахвяра найпрыемнейшая Творцу? Вядома: дасканалае выканане яго запаветаў, праграмы.

    Ішоў Авель дарогаю дабра, стараўся, працаваў, у тым ліку, над сабою, вычыўся і нарэшце атрымаў вынік – падзяку Творцы.

    А Каін, відаць, не вельмі сябе турбаваў – вядома, ісці дарогаю дабра патрабуе ад чалавека вялікіх намаганняў, сілы і розуму.

    Даслоўна ў Бібліі гэта гучыць так: « І сказаў Гасподзь Каіну: "…калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? А калі не робіш добрае, дык пад дзвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім".

    Што азначае "... не падымаеш твару?" Гэта азначае, што калі чалавек ідзе па шляху дабра, то дапамогі Творцы яму не трэба: праграма сама яго вядзе.

    Не паслухаў Каін добрай парады, і не прыйшло ў яго галаву нічога лепшага, як забіць брата – першага дастойнага вучня Творцы.

    - І што, Творца ў пакаранне, забіў Каіна? Не. Мудрасцю сваёю ён даў Каіну шанс выправіцца, нават загадаў нікому яго не чапаць, але зрабіў бадзягаю. І панёс Каін нашчадкам сваім чарговыя вірусы зла – зайдрасць і хцівасць.

    І так на працягу ўсяго зместа Бібліі, як у Старым, так і ў Новым Запавеце: Дабро, Дабро, Дабро…. Як пароль. Мноства прыкладаў таго, як павінен трымаць сябе чалавек у той, ці іншай сітуацыі.

    А дзе ж тады зло? А яго няма! Не запраграміравана! Зло знаходзіцца толькі ў нас, людзях. Як вірус у камп'ютэры, як вынік нашай  ляноты, некампетэнтнай саманадзейнасці, зайдрасці, хлусні, хцівасці…

    Мы – людзі не толькі парадзілі зло, а на працягу свайго жыцця распаўсюджваем яго, пладзім і ўдасканальваем. Зло – гэта хвароба чалавека, але як і ўсякая хвароба – лечыцца. І толькі адным лякарствам – Дабром.

    Творца зрабіў Каіна бадзягаю. Што гэта азначае? Гэта азначае, што перад бадзягаю заўсёды ляжыць дарога, шлях. І нам, нашчадкам Каіна, запаведана тое ж самае. Перад  кожным з нас ляжыць дарога – адна для ўсіх: праграма Дабра. І як і ўсякая дарога яна мае ростанні.  І на тых скрыжаваннях  людзі выбіраюць свой шлях.
 
    Хтосьці пастаіць, падумае: адпомсціць – дараваць, украсці – не ўзяць чужое, схлусіць – праўду сказаць, пазайдросціць – парадавацца разам з чалавекам...
 
    Хтосьці не прыпыняючыся хутка выбірае сваю дарогу, а хтосьці свядома і абдуманна збочвае  са шляху Дабра, абавязкова пры гэтым знаходзячы для сябе апраўданне: хлушу дзеля дабра, краду для шчасця блізкіх, зайдрошчу, бо чалавек кепскі…

    А потым, праз час, калі прыпячэ, запытваецца чалавек сам у сябе:
    - Чаму ж мне так не шанцуе? Чаму ж у мяне такі лёс няўдалы? А за што гэта мне?
А за тое, на што увагі нават не звярнуў, за тое, што заняў не сваё мейсца, за тое, што ўзяў чужое. Сам чалавек выбірае свой лёс, сваю  дарогу. На вялікі жаль многія людзі так і не пападаюць у сваю, ўласную будучыню, найчасцей ад беспадстаўнага ўсведамлення свайго вялікага розуму і сілы.

    Успомні, Антось, сваё дзяцінства. Амаль, што ўсе людзі вакол былі добрыя. І як марудна ішоў час: як доўга прыходзілася чакаць наступнага дня нараджэння, Новага Года, канікул. І як шыбка  паляцеў час пасля заканчэння вучобы!

    Чаму так? А таму, што дзеці святыя, не нахваталіся яны яшчэ ад людзей вірусаў зла. Таму, што ў дзяцінстве  на шляху амаль што няма скрыжаванняў, а як надыходзіў час выбару, то праўдзівы шлях дапамагалі знайсьці бацькі: не давалі памыліцца.

    А ў сталым узросце праграма падкідвае ўсе новыя і новыя выпрабаванні. Збочвае чалавек з запаведанай бацькамі дарогі Дабра, часта свядома, і мяркуючы пры гэтым:  "Я ж не дзіця, я хваткі, я адукаваны, я разумнейшы за другіх, я зраблю лепш", не усведамляючы пры гэтым, што праблемы пачынаюцца менавіта тады, калі ўсё добра, але, хочацца, каб было яшчэ лепей.І няма ўжо часу чакаць наступны Новы Год. Засвісцелі гады за плячамі.

    Дзякуючы справедлівасці Творцы заўсёды ёсць магчымасць выправіць памылку, зрабіўшы, праўда, лішні круг на шляху, каб вярнуцца на тое ж скрыжаванне.

    А як паправіць? Вядома – добрым учынкам. Кожны дзень, кожны час, кожную хвіліну  апыняемся мы  перад ростанямі, і каб потым не перарабляць, не марнаваць часу на штрафны круг, як у біатлоне, лепей і выгадней заўсёды ісці шляхам Дабра.

    Цяжка нам заўважыць тыя ростані і скрыжаванні. Ніхто нас па жыцці за руку не вядзе, яўна не кантралюе.  Праўда,  ў Бібліі парядэдзілі – глядзі: будзеш жыць не па Дабру, будуць непрыемнасці. Але калі яны будуць? Ці будуць увогуле? А жыць сёння трэба.

    - Ты звярнуў увагу, Антон, што ў апошні час кіроўцы сталі меней парушаць правіла дарожнага руху?
    - Так, дзядзька, Дамінік, згодны з табою. З'явіліся камеры кантролю, кіроўцы адразу зразумелі непазбежнасьць пакарання за парушэнні і сталі болей уважлівымі.
    - А як ты лічыш, ці зменьшыцца колькасьць парушэнняў, калі камера будзе стала замацавана ў кожным аўтамабілі?
    - Лічу, што яна стане блізкай да нуля.
    - То на што ж мы спадзяёмся, мой любы, калі камера замацавана ў кожным з нас, ад нараджэння да смерці?

    Прадугледзеў Творца ў сваёй праграме не толькі кантроль, але і зваротную сувязь з сусветным сэрверам. Як сетка інтэрнэту не мае магчымасці працаваць без сувязі, так і праграма Творцы забяспечана амаль што дармовым вайфаем.

    Чаму амаль? Таму, што, каб падключыцца да яго неабходна шчырае жаданне чалавека. Імя гэтага вайфая – малітва.

    Звярні ўвагу Антон, на танальнасць малітвы. Мноства рэлігій на свеце, мноства малітваў, мноства моў, а танальнасць, частата, - адна. Чаму? А таму, што ў працэсе малітвы чалавек уваходзіць у рэзананс з Сусветам, размаўляе з Творцам на яго мове.
 
    Аддаўшы кроплю сваёй энергіі для выхаду на сувязь з Творцам, чалавек узамен атрымлівае магутны паток энергіі Дабра. Не ўладу, не грошы, не цудоўную таблетку ад хваробы, а сілу, з дапамогаю якой чалавек вырашыць усе свае праблемы, з ўмоваю, што выкарыстае гэтую сілу на справу Дабра.

    Гэты паток энергіі   адмывае нашую душу і цела ад зла і хваробы, падобна як праграма Касперскага ачышчае камп'ютэр ад вірусаў. Чалавеку памаліцца, тое самае што памыцца, ў лазню схадзіць. Такое правіла гігіены душы.

    Нарэшце падышлі мы да калейнага стэрэатыпа. Не стэрэатып, а стэрэатыпішча! Вельмі любім мы наша цела. Лагодзім яго, беражом ад хваробы і бруду, убіраем яго ў ладнае, дарагое адзенне, ўпрыгожваем і ганарымся ім.

    Дык яно ж не наша! Мы толькі часова карыстаемся ім. Кожны ведае, што робіцца з целам, калі надыходзіць час чалавеку развітацца з гэтым светам. І чаму ж мы так рупімся за цела, а забываем памыць сапраўды ўласную бессмяротную душу? Ці не падобны мы на звонку  чысценькі, прыгожы камп'ютэр, унутры  каторага нямала бруду і паскудства?

    У кожнага чалавека свая ўласная дарога, свой шлях, і адказнасць ён нясе за сябе сам, асабіста. Таму найцяжэй прыходзіцца тым людзям, якія бяруць на сябе велізарны цяжар адказнасці за  кіраванне людзьмі і суд над імі.

    На першы погляд здаецца – якая яна салодкая, гэтая самая ўлада. Няважна, над кім ты валадарыш: над адным чалавекам, над дзесяткам, ці над тысячамі, ці над мільёнамі.

    Напачатку так прыемна адчуваць сябе першым - мудрым кіраўніком, маючым права на апошнее слова, права караць альбо мілаваць. Але паволі нясчасны пачынае разумець, што ўсё гэта абман, міраж і фантом. Разумее, што  падначаленыя людзі папросту здымаюць з сябе адказнасць за зло, якое непазбежна прысутнічае ва ўладзе і перакладаюць яго на плечы кіраўніка, не забываючы пры гэтым усхваляць яго і славіць.

    Суседнія і вышэйстаячыя кіраўнікі не даюць спакою: хочацца падмяць іх пад сябе, калі сілы хапае. А як не хапае, то сціснуўшы зубы трэба ўсміхацца ім і кланяцца… пакуль яны моцныя. Па добраму тут ніяк.

    А тут яшчэ ляскаюць зубамі маладыя ваўкі, якія па неразумнасці таксама прагнуць дарвацца да сладасці ўлады. Прыходзіцца змагацца, хітрыць, інтрыгаваць. Тут таксама без зла не абходзіцца.

    Самае паганае, што ходу назад ужо няма: і хацеў бы заставіць уладу, але ж світа не адпускае. Хто кім кіруе? Зноў інтрыгі, зноў зло. Ляціць небарака па жыцці, як сабака, на мосце, перад паравозам: ні ўправа, ні ўлева - толькі наперад…пакуль сілы хопіць.

    Абрастае душа кіраўніка злом, як каростаю, сваім і чужым, прапарцыянальна колькасці падначаленых, асабістай хцівасці і зайдрасці. Маліцца тут – не намаліцца, не хопіць дня і ночы, каб адмыцца. А працаваць калі? Нездарма, спакон вякоў, многія валадары марылі  ад цяжару ўлады збегчы ў кляштар, але хоць і не памятаю я такіх здарэнняў, хавалі, па смерці, некаторых з іх, ў манаскім убранні. Можа паможа?

    І добра яшчэ, калі кіраўнік валадарыць непасрэдна ад свайго імя, не перакладвае адказнасць на падначаленных і не хаваецца за іх плечы. Тут не складана – сам нарабіў зла, сам за яго і адказнасць панёс. Вялікая бяда пачынаецца, калі кіраўнік спрабуе валадарыць і судзіць ад імя, і ў імя падначаленых, прыкрываючы сваю прагу да ўлады дабром для людзей.

    У гэтым выпадку праграма не вытрымлівае, папросту не разумее. Як гэта так?! Як можна дайсці да такога нахабства?! Спрабаваць тварыць Дабро бруднымі рукамі?!Незапраграміравана! Блок! Пакаранне за гэта прыходзіць адразу і жорстка. Усім: і  кіраўніку і падначаленым, дазволіўшых сабою маніпуліраваць. Што, праграма іх карае? Не, самі сябе караюць. Дзякуючы такім дзеянням, гэтыя хітрыя дзеячы застаюцца  па за межамі праграмы Дабра, без яе аховы: сам на-сам з уласным злом, вірусам, каторы іх і пажырае. Хворыя душы пры  яшчэ жывых целах – зомбі.

    Таму прыкладаў мноства: пачынаючы ад Бібліі і да нашага недалёкага мінулага.
Спадзяюся, усе ведаюць аб той найвялікшай трагедыі свету, якая здарылася ў Іерусаліме амаль два тысячагодззя назад, таму не буду даслоўна цытаваць Біблію. Пастараюся перадаць сутнасць здарэння сваімі словамі, думаю, што не памылюся:
     Прапанаваў Пілат натоўпу, сабранаму на плошчы перад храмам:
    - У гонар вялікага свята, гатовы я аддаць вам аднаго са злачынцаў, прыгавораных да раскрыжавання. Каго возьмеце? Назараніна ці Вараву?
    - Распні, распні Езуса, аддай нам Вараву – заравеў народ.
    І ўмыў рукі Пілат. І разбураны быў храм, нібы з абароны каторага і здарылася ўсё, апусцеў Іерусалім, разышліся па свету жыхары яго, бо не было Храма ў душах іх.

    Што тут можна сказаць? Схітрыў Пілат, пабаяўся рызыкаваць кар'ераю, хоць і адчуваў, што стаіць на скрыжаванні, наіглаўнейшым ў яго жыцці. Нібы хацеў дабра, а ў самой справе прыкрыўся народам. Народ і пацярпеў.

    А што сам Пілат? Які яго лёс? Маўчыць пра яго Біблія, але мне так здаецца - лёс яго не лягчэйшы за лёс Іуды. А два тысячагодзя праклёнаў ва ўсіх хрысціянскіх цэрквах – мала? Галоўнае не гэта – неўзабаве знікла імперыя – Рым.

    А безліч змагароў за шчасце людзей? Ад Марата, Дантона, Робесп'ера да Ульянава ( Ленін), Бронштейна (Троцкі), Джугашвілі (Сталін)...
    Імя ім, - легіён. Прыкмета першая – ўсе спрабавалі ашчаслівіць людзей бруднымі рукамі, пралілі рэкі людской крыві. Няважна хто быў гэты змагар,- невялікага розуму фанатык, заклапочаны комплексам непаўнавартасці, ці разважлівы і асцярожны палітык, прагны да асабістай ўлады.

    Прыкмета другая – ўсе пажралі адзін аднаго. І не проста знішчалі, - як людзей, так і саміх сябе, а падвялі навуковую базу: можна лгаць, можна красці, можна забіваць, - калі гэта на блага народа.

    Межы гэтага блага акрэслілі, вядома, самі. Ім лгаць, у іх красці – найвялікшае злачынства. Дыялектыка, адным словам, -  навука. Асабліва выдзеліўся Троцкі. Той самы выпадак, калі на кожнага мудраца хапае прастаты, па вясковаму кажучы – разумны дурачок. Спісаў, небарака, горы паперы, падводзячы філасоўскую базу пад барацьбу; безліч кніг перачытаў, а самага простага не заўважыў – немажліва адмаўляць тое, сутнасці чаго ты не ведаеш.

    Папросту кажучы, - неразумна ігнаравацць маланку і хваліцца, што яна цябе ніколі не заб'е, ці быць цвёрда ўпэўненым, што на тваю галаву ніколі не ўпадзе камень. Як раз гэтаму вумніку і ўпаў – ледасек ад таварыша Сталіна.

    Гэта ж трэба дадумацца – Троцкі паставіў у Свіяжску помнік… Іудзе Іскарыёту!
Хто іх усіх караў? Самі сябе і пакаралі, яшчэ і  дзецям іх хапіла.

    Але найвялікшую страту панёс той самы народ, дзеля шчаслівай будучыні каторага гэта ўсе і распачыналася. А людзі за што пакутавалі? А за тое, што ўзялі пад сумненне Дабро, дазволілі сабой маніпуліраваць, за тое што захацелі незаробленае, чужое, - да нашых дзён пакутуюць.

    Таму ў павучанне дзеячам, прагнучым дарвацца да ўлады і суда над людзьмі, любым спосабам, параіў бы я назаўсёды запомніць геніяльны радок Міхаіла Булгакава: «…жорсткі пяты пракуратар Іудзеі, вершнік, Понцій Пілат».

    - Ну што, Антон,  хопіць прыкладаў? Як кажуць навукоўцы, - калі выпадкаў больш двух, то гэта ўжо заканамернасць. Пара перайсці да трэцяй часткі інструкцыі карыстальніка праграмай. У першай частцы мы разглядзелі сутнасць працы праграмы, яе склад, парадак работы. Ў другой, - сістэму бяспекі і перасцярогі, а зараз навучымся, - як ёю карыстацца, на якія, і калі кнопкі ціснуць, якія вокны мышкай клікаць, як вы, маладыя, кажаце.

    - Так то яно так, дзядзька, Дамінік. Так добра ты ўсё распавядаеш, усе ў цябе так лагічна, адзін да аднаго, складваецца, але нешта стрымлівае мяне. Не пакрыўдзіся, калі ласка, - Біблія, бібліей, але яшчэ пакуль не вярнуўся ніхто з тога свету, - не падтвердзіў тое, што ў ёй напісана.

    - Ну вось, нарэшце, яшчэ адзін стэрэатыпішча, накрэпка ўбіты ў голавы. Як гэта не вярнуўся? Вярнуліся! Нават двое!

    Першым вярнуўся Лазар, але сказаць нічога не сказаў, бо не мог, -  расказаць не было чаго, не падышоў у вучні Творцу. Вярнуўся давучвацца - другагоднік. Вось табе яскравы прыклад зомбі – хворая душа ў жывым целе, вынік жыцця не па праграме Дабра.

    А другім вярнуўся Іісус Хрыстос, сын Божы. Вярнуўся як лепшы вучань Творцы, выканаўшы ўсё яму запаведанае, нават смерць на крыжы. Вярнуўся і сорак дзён хадзіў сярод людзей, як жывы сведка і настаўнік вялікай праўды Дабра. Скончыў ён сваю вялікую місію на Зямлі і стаў праваю рукою Айца, ў яго валадарстве.

    Вось табе і святая Троіца: Айтец, Сын і Дух Святы. А што такое Дух Святы? Гэта – Праграма! Праграма Дабра. Бачыш ты, як дзейнічае праграма ў камп'ютэры? Адчуваеш, як працуе вайфай? Як іначай, чым не цудам  гэта растлумачыць  чытачам  Бібліі два тысячагодзя назад?

    Але ты слушна кажаш, Антось, стрымлівае нешта, і я зразумеў, -  што. Масла маслянае выходзіць. Як я цябе магу навучыць чытаць інструкцыю карыстальніка Праграмы? Навучыць цябе жыць? Пражыць тваё жыццё?  Не маю такога права і мажлівасці, не магу я жыць за цябе. Ты сам павінен прайсці сваю дарогу, асабіста. Сам і адказаць.

    Таму скончым нашу размову на тым, с чаго пачалі: чаму я падсвядома не хачу адказваць злом на зло? Свядома, трохі я стаў разумець тое, у працэсе размовы з табою. Настаўнік вучыцца разам з вучнем, - як раз той самы выпадак.

    Да гэтага моманту турбаваў мяне адзін з найцяжэшых для майго разумення запаветаў Хрыста: « Ударылі цябе па левай шчаке – падстаў правую», і тут жа       « Аддай астатнюю кашулю просячаму».

    Не мог я зразумець, ніяк. Як гэта так? Бьюць цябе, зняважаюць, а ты, мала таго, што права не маеш адказаць тым жа, дык яшчэ і правакуеш – мала, урэж другі раз. Яшчэ і кашулю аддай.

    Сённі толькі пачаў  разумець я вялікі сэнс гэтага запавета.  Такая сітуацыя –  тыпічнае скрыжаванне, - для двух бакоў. Проста, як усё геніяльнае: ударылі цябе – стань па-над злом: не ўцякай, не бойся, не плач, не прасі літасці ў ворага і дапамогі ў другіх,  але і не адказвай злом на зло: не забрудзіся, не схапі на душу віруса зла, бо адказаўшы злом, сам станеш злачынцам, бо ў любой вайне, любой бойцы, каждай сварцы - няма пераможцаў, аднолькава ўсе вінаватыя.

    Моўчкі глядзі ворагу прама ў вочы і … падстаў другую шчоку. Што, - лёгка? А ты паспрабуй! Гэта слабасць? Не, - гэта учынак, сіла, - маральная сіла. Перачытай уважліва размову Езуса з Пілатам. Хто з іх пераможца? За кім было астатнее слова?

    Цяпер другі бок скрыжавання, - вораг. Ударыў ён цябе. Што, ён не ведае, што робіць зло? Ведае, вельмі добра ведае, і таму баіцца. Баіцца ўсяго, - у тым ліку і цябе.

    Як ты адкажаш? Як адкажаш тым жа, то лупіць ён цябе працягне за тое, што ты ўдарыў яго. Ён будзе абараняцца! Ужо ад цябе, і будзе лічыць сябе правым. Няма гэтаму канца, - згадзіся.

    І таму, убачыўшы тваю дэманстрацыю сапраўднай сілы, адсутнасць страха перад яго агрэсіей, ён можа і не спужаецца, але як мінімум задумаецца, што нешта тут не так, і можа не трэба рызыкаваць і спрабаваць ударыць другі раз, а ў наступным выпадку, добра падумае перад тым, як ударыць чалавека ў першы раз.

    Гэта для чалавека, цалкам не знаёмага з дарогаю Дабра, разумеючага толькі сілу. А той хто хоць трохі знаёмы з  Дабром, каго бацькі ў дзяцінстве хоць мала мальскі навучылі, той пасля такой дэманстрацыі, папросту застыдзіцца, папросіць у цябе прабачэння і болей так рабіць ніколі не будзе.

    Аказваецца гэты, на першы погляд, незразумелы запавет – найпростшы і эффектыўны прыём выхавання людзей!

    А як здарылася так, што не вытрымаў ты, не хапіла табе розуму і сілы стрымацца: ударыў ты ў адказ, увязаўся ў бойку, нахватаўся вірусаў зла. Што рабіць? А на гэта падрыхтавана Творцам чарговая запаведзь: выправі недахоп, зрабі Дабро, дай просячаму.

    Адмыйся малітваю, здяры з душы вірусы зла, а з цела хваробу і чакай скрыжавання, чакай ростань. Толькі не спяшайся, не лезь са сваім дабром у вочы людзям, чакай, і абавязкова прыдуць, - амаль што адразу, - прыдуць і папросяць.

    А далей зноў дарога, зноў скрыжаванні, зноў ростані, як простыя, так і складаныя, - у залежнасці ад таго, -  як ты адказаў просячаму.

    Будзь уважлівы, Антось, не праглядзі скрыжаванняў, не міні ростань.

                МОВА

      Дзядзька Дамінік, як ты лічыш? Чаму, у апошні час  людзі часцей сталі звяртаць увагу на стан нашай роднай мовы?

      Не сакрэт, што раней гэта пытаннне неяк не ўставала: гучала мова з вуснаў пісьменнікаў, навукоўцаў, некаторых настаўнікаў, зрэдку на радыё і ў тэлебачынні, а зараз усё часцей мы чуем яе ў штодзённым жыцці, з вуснаў звыклых людзей, асабліва моладзі?

      Можа гэта такая сваеасаблівая форма пратэсту? А як так, то гэты пратэст супраць чаго? Вядома, у школе ўсе прайшлі неабходны курс, больш-менш ведаем родную літаратуру, знакамітых пісьменнікаў, амаль 30 гадоў маем уласную нацыянальную дзяржаву, але ж у жыцці штодзённым  карысталіся рускаю моваю, лічылі гэта нармальным, а тут раптоўна сталі спрабаваць размаўляць па беларуску. Як ты лічыш, у чым прычына? Што змянілася?

      Ведаеш што, мой даражэнькі, я сам усё часцей задаюся гэтым пытаннем. Сам, таксама, у штодзённым жыцці карыстаюся моваю рускаю. Па беларуску размаўляю толькі з некаторымі людзьмі, часцей з блізкімі.

      Іншы раз пытаюся сам у сябе: чаму так? Што мне перашкаджае ўвесь час размаўляць на мове сваіх продкаў, бацькоў сваіх? Няўжэ саромяюся?

      Паспрабую зараз адказаць на гэта пытанне не толькі табе, але ж і самому сабе. І відаць прыдзецца для гэтага вярнуцца назад, у гады дзяцінства і юнацтва.

      Нарадзіўся і вырас я ў невялікім старажытным беларускім мястэчку, дзе спакон вякоў жылі разам прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і канфесій: беларусы, палякі, татары і габрэі. Праваслаўныя, каталікі, мусульмане і іудзеі.

      Вякамі стаялі сбудаванныя побач: царква і касцёл, мячэць і сінагога. Спакон веку людзі жылі і працавалі побач, гадавалі дзяцей і ўнукаў, і ніколі, ні ў кога не паўставала пытанняў на падставе нацыянальнасці ці мовы.

      Бывала, ўзнікалі спрэчкі і бойкі ў маладых хлопцаў, але ж па другім прычынам, ніколі па нацыянальным, тым больш ні было сгуртаванняў на гэтай падставе. У адной кампаніі маглі быць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій.

      Вядома, у сем'ях людзі размаўлялі па рознаму, хто па польску, хто па татарску, ці па габрэйску, але на людзях асноўнай  была мова беларуская. Хаця і беларускай яе назваць было цяжка, бо гэта была мешаніна беларускіх, польскіх, татарскіх, габрэйскіх слоў і выразаў, хаця, безумоўна, аснова была беларускай. У наш час яе называюць трасянкай.

      Мова расейская ў штодзённым жыцці амаль не ўжывалася, нават была падставай для жартаў: «Чьто, каля горьисполкома панчёхи аб дрёт парьвала?»

      Але важна была тое, што на рускай мове спрабавала размаўляць начальства і большасць настаўнікаў у школе. Вядома, на рускую яна была мала падобна, з гыканнем, але ж адразу выдзяляла чалавека – я начальства, я за цябе вышэйшы.

      Вядома, так спрабавала размаўляць і моладзь, бо ў тыя часы выбіцца ў людзі быў спосаб адзіны: вывучыцца і стаць начальнікам, найлепей не дома, а ў горадзе.

      Праўда, для дзяўчат быў яшчэ і другі – выйсці замуж за начальніка, альбо за афіцэра. Тут без рускай мовы таксама ніяк – і тыя і другія размаўлялі па расейску.
 
      Спрыяла гэтаму яшчэ і тое, што ў нашым мястэчку, якое лічылася райцэнтрам, у школах усе прадметы выкладаліся па руску, а ў школах вясковых – выключна па беларуску.

      І як ты лічыш, Антось, ці сябравалі мы са сваімі аднагодкамі з вёсак? Мне сорамна да гэтай пары – але мы іх называлі «сялянамі і калгаснікамі». Яны нам былі не кампанія.

      Чаму? Бо мы спрабавалі размаўляць па рюску, бо ў нас было болей шансаў выбіцца ў людзі, шансаў уцячы ад рабскай долі – стаць начальнікам.

      Зараз жа я разумею, што начальнік, які б высокі ён ні быў, такі самы нявольнік, толькі з палкай.

      Дарэчы, праз гады, калі вучыўся ў горадзе, ў інстытуце, мяне так жа, не ў вочы, называлі гарадскія студэнты. Пачуў аднойчы за плячамі, калі запрасіў сталічных  сяброў у інтэрнат у госці: « Ну што, пойдзем да калгаснікаў гарэлку піць?»

      А чым адрозніваўся студэнт з вёскі, ці з невялікага мястэчка ад сталічных жыхароў? Вядома – мова. Нават, калі стараешся размаўляць па гарадскому, па руску, усё роўна чуваць, як гыкаеш. І як бы ты выдатна не вучыўся, якія б у цябе ні былі поспехі – ураджанне чалавека другога гатунку цябе не пакідала.

      А ці была справа ў мове? Не, мова, гэта толькі прыкмета. А справа ў тым, што у нас, былых савецкіх, выпрацаваўся жорсткі стэрэатып, што чалавек, размаўляючы нечыста па руску, гэта жыхар сельскай мясцовасці. А ў сяле засталіся толькі няўдалыя і недалёкія. Ўсе самыя разумныя і хваткія даўно ўцяклі ў горад, і таму словы «селянін і калгаснік», с цягам часу, набылі адмоўны сэнс.

      Здавалася б, якая розніца, дзе чалавек вырас, жыве і працуе? Дзе, ў якой краіне, апроч былой савецкай, людзі саромяюцца свайго паходжання?

      Наадварот, чалавек, маючы свой уласны кавалак зямлі, карыстаецца павагай, а часам і выклікае зайдрасць, бо мае маёмасць, часта і не малую. Чалавек на сваёй зямлі працуе на сябе і на сваю сям'ю. Дзе тут абраза? Дзе ў свеце слова «гаспадар» набыло адмоўны сэнс?

      На вялікі жаль, толькі ў нас. І справа тут не ў тым, на якой мове размаўляе чалавек, а справа ў маёмасці і ў паднявольнай працы.

      Бо які ж наш калгаснік гаспадар? Толькі на словах. І да гэтай пары мала што змянілася. Падрастаюць дзеткі ў вёсцы і чуюць ад сваіх бацькоў – «Вывучыся і ўцякай, моё мілае дзіцятка, ў горад, не паўтары нашу цяжкую долю». Уцякай, ў тым ліку і ад мовы.

     Так ці ў мове тут справа? І тады становіцца зразумелым непрыемнае здзіўленне гішпанскай студэнкі, якая перад вандроўкай у Беларусь, вывучыла беларускую мову, каб выказаць павагу мясцовым жыхарам. І калі на зварот да таксіста ў аэрапорце на беларускай мове, яна пачула ў адказ: «размаўляйце па чалавечы».

     Такое немажліва зразумець, бо прыдецца потым прабачыць тога дурня. Але як вытлумачыць беднай дзяўчыне, што справа тут не ў мове, а ў асобе тога недалёкага таксіста, які мажліва быў заклапочаны выключна тым, каб ніхто ні западозрыў яго ў тым, што альбо ён, альбо яго бацькі  толькі нядаўна сталі гарадскімі жыхарамі, і таму гордым тым, што размаўляе па чалавечы? Бо толькі такі тып чалавека для яго гучыць горда, так яго выхавалі. Такі ў яго розум. Баюся, не зразумее дзяўчына, бо гэта толькі наша рэчаіснасць.

     Ну вось, Антон, нешта нарадзілася. І выходзіць тое, што мова не жыве сама па сабе, яна адлюстроўвае наша жыццё. І ў нашым выпадку выходзіць, што не паўсплывалі  на лёс нашай роднай мовы  ні прымусовыя русіфікацыя, і ні паланізацыя.

     Ніхто сілай не вымушаў нас ад яе адмовіцца.Тое, што мы сёння маем, гэта рэзультат турбот нашых, і бацькоў нашых, і дзедаў, бо якія ж бацькі не пажадаюць лепшага свайму дзіцяці, а лепшае, на вялікі жаль, і сёння дастаецца тым, хто размаўляе на чужой мове.

     І вельмі хутка загавораць на роднай мове вышэйапісаныя гордыя таксісты, калі на ёй пачне размаўляць начальства, а працаўнікі вёскі, кармільцы нашы, стануць сапраўднымі, паважанымі гаспадарамі.

     Сёння, нарэшце, думаючыя людзі, відаць, пачалі разумець такую простую рэч, што ніхто: ні з усходу, ні з заходу не прыйдзе і задарма нічога не дасьць.

     А забраць – забяруць вельмі хутка. За ўсё прыйдзецца заплаціць нам – грамадзянам Беларусі, і чым паздней, тым цана будзе вышэйшая. Заплаціць сваім скарбам, сваёй маёмасцю.

     А першае, самае найкаштоўнае наша багацце, гэта наша родная мова. Без яе мы станем чужынцамі на сваёй зямлі, аставім без спадчыны сваіх дзяцей. Чым потым яны дакажуць, што зямля гэта іх - беларуская.

     Не важна, хто мы па нацыянальнасці: беларусы, палякі, татары ці габрэі, ці рускія, ці ўкраінцы. Корміць і карміла стагодзямі наша зямля ўсіх. Але яна патрабуе павагі, і павага гэтая нішто іншае, як мова.

     Мы нарадзіліся, выраслі, жывём на гэтай зямлі, разам з малаком матулі прынялі ў сябе і мову родную, мову беларускую. Не гледзячы на нацыянальнасць, мову роднай зямлі паважаць абавязаны, бо яна ёсць падмурак, яна аснова грамадства.

     І вельмі добра, вельмі прыемна, што адраджаецца яна, паўстае, выходзіць на вуліцы з кніжных шафаў і дысертацый. Пакуль паціху, паволі, нясмела, але с кожным годам усё шырэй і шырэй, і гэта нармальна, таму як працэс гэты заканамерны.

     Родную мову, як і веру немажліва забараніць, немажліва вымусіць забыць з дапамогай салодкай цукеркі. Можна толькі паважаць і любіць.

                КУЛЬТУРА

    Дзяцька Дамінік, я неяк, для цікавасці, запытваў у розных людзей:
  - Які вобраз узнікае ў цябе, калі ты чуеш выраз – беларуская культура?
  - І што чуў у адказ, Антось?

  Не паверыш. Адразу: вышыванка, рушнік, …чарка і скварка, дранікі. Потым  – Скарына, Колас, Купала.

    Адразу хацеў табе адказаць, што нешта тут не так, бо існуе ж ў нашым жыцці не толькі народная культура і фальклор, але ж і мова, музыка, мастацтва, літаратура, архітэктура…

    Можа не ў тых пытаўся? Але калі прыгледзеўся я ў сябе да вобраза, які ўзнік пры гучанні гэтага слова, то, сапраўды, праявіўся дзядзька ў народным строі, ў ботах, ў саламяным капялюшы, ды з гармонікам.

    Цікава, сапраўды стэрэатып, як ты кажаш. Што ж, будзем разбірацца, адкуль ён узяўся.

    Каб было лягчэй разабрацца, давай паспрабуем абмаляваць чалавека культурнага, бо, згадзіся, культура – гэта рыса чалавека. Не можа ж быць культурнай жывёлы.
Можна абмаляваць культурнага чалавека, як чалавека сумленнага, праўдзівага, дабразычлівага, адкрытага,ветлівага, чыстага, адукаванага і працавітага.

    А некультурны - гэта чалавек, адпаведна, несумленны, лжывы, неспагадлівы, крывадушны,грубы, брудны, невук,  злодзей і гультай.  Што ператварае некультурнага чалавека ў культурнага? Тут я пагаджуся з Ч. Дарвінам: перш за ўсё праца, у тым ліку, над сабою.

    Згадзіся, Антон, што сумленна працаваць, казаць праўду, быць ветлівым і добразычлівым патрабуе большых намаганняў, чым хлусіць, хітрыць, хаміць і красці.
 І гэта дае свой вынік, бо ці раней, ці пазней, некультурны чалавек, гледзячы на культурнага, зразумее, што культурнаму жывецца і лепей, і лягчэй, і спакайней.

    Вынік працы дазваляе не толькі жыць сыта, але і дае магчымасць на далейшае развіццё: музыка, спевы, танцы, мастацва, літаратура. Згадзіся, што замерзлы і галодны чалавек не спявае.

    Спакон вякоў  гістарычны пласт фарміруецца  менавіта працаю пакаленняў культурных  людзей.  Але што застаўляе чалавека працаваць? Доўга думаў я над гэтым пытаннем, а калі дайшло, то жахнуўся.

    Працаваць нас вымушае страх, а менавіта страх перад невядомым. Як я буду жыць заўтра? Як будуць жыць мае дзеці, ўнукі? Як ёсць што губляць, то з'яўляецца новы страх. Як зберагчы нажытае? Як не згубіць назапашанае?

    Баяцца і культурныя і некультурныя, але адрозніваюцца тым, што культурны чалавек перамагае свой страх сумленнаю працаю, а некультурны -  прагаю да чужога.
 
    Хто з іх перамагае? Каму жывецца лепей? Менавіта так стаўлю пытанне, бо як казаў вышэй – галодны не спявае, а злодзей і хам не піша паэмы.

    Вякамі над гэтым пытаннем ламалі голавы людзі, але здзейсніць паспрабавалі толькі ў 20 стагоддзі, і на вялікі жаль, у нашай краіне. І эксперымент гэты працягваецца да гэтай пары. Эксперыментатары выдумалі мноства культур: народная культура, культура кіраўніцтва, культура паводзін, культура вытворчасці, культура выхавання… нават культура піція.

    А навошта столькі культурак? Альбо культура ёсць, альбо яе няма. Гэта, якраз, яны добра разумелі  - сапраўднай культуры ў гэтым выпадку няма. Немагчыма прымусіць чалавека сумленна працаваць паднявольна, нават дзеля высокай мэты. Можна толькі распавядаць яму байкі пра светлую будучыню і пра ворагаў вакол, якія не даюць гэту будучыню будаваць.

    Вось і навыдумлівалі безліч сурагатаў культуры. Абняслі краіну калючым дротам, каб культурныя не ўцяклі,  вельмі культурных знішчылі, ці адправілі ў ГУЛАГ. Дазволілі і культурку, але вымусілі чытаць толькі іх кнігі, спяваць толькі іх песьні, маляваць толькі іх карціны, нават танчыць толькі дазволеныя танцы.

    І вось праз 100 гадоў назбіраўся безкультурны пласт, дзе праца – гэта няволя, дзе чалавек працы – гэта чалавек другога гатунку, дзе вынік працы залежыць не ад якасці і колькасці прадукцыі, а ад якасці і колькасці "лухты".

    Чалавек зразумеў, што не важна як выканаць працу, а важна, што пры гэтым сказана ці напісана. Галоўнае маўчаць і згаджацца, калі начальства вымушае выканаць невыканальнае і раве пры гэтым: «У імя рэвалюцыі, рабі як хочаш, матэрыялы ўкрадзі і скажы, што знайшоў, а зроблена павінна быць учора».

    Выхаваны выканаўца добра разумее, што начальства ведае, што і колькасць і тэрміны нерэальныя, але дае загад з улікам «лухты», бо ў яго ёсць вышэйстаячае начальства, якое дае свой загад таксама з яе ўлікам.

    Таму  выканаўца смела бярэцца за выкананне любога загаду, не выконвае яго, малюе граматную «лухту» і ўсе згаджаюцца:  на жаль не вышла, але ўсе мы добра папрацавалі. Ў наступны раз абавязкова атрымаецца. Называецца гэта – культура кіравання.

    Добра папрацавалі над культурай адукацыі. Хутка зліквідавалі непісьменнасць пад лозунгам «Мы не рабы, рабы не мы». Ўсе сталі адукаваныя, але працавалі чамусьці за ежу, апроч ГУЛАГу: там працаю забівалі.

    У калгасах працавалі за палкі працадзён, а елі тое, што каля хаты вырасла. Па колькасці вышэйшых навучальных устаноў абагналі ўвесь свет, але так вучылі, што на прадпрыемствах і ў установах маладым спецыялістам раілі забыць усе чаму іх там навучылі. Таму і прадукаваць якасна навучыліся выключна зброю, танкі і ракеты, якія ў канцы стагодзя прышлося знішчыць.

    У школах выхавалі сапраўды крывадушных грамадзян, добра ведаючых, дзе трэба лізнуць, а дзе гаўкнуць, і што начальства лепей ведае, як табе жыць. Твая справа рабіць тое што яно скажа і дзякаваць, што вайны няма, бо вакол адныя ворагі, якія толькі і чакаюць, каб наша шчасце забраць.

    І не дзіўна, што дзякуючы такой павальнай адукацыі, гэтыя змагары за блага народа да гэтай пары лічаць людзей за дурняў. Паны называлі нас «мужыкамі» ці «прастакамі», а гэтыя называюць нас «населением».

    Сапраўды, толькі дурню можна распавядаць пра культуру піція, змагацца з алкагалізмам і адначасова спойваць людзей танным сурагатам з драўлянага спірту, называючы яго гарэлкай высокага гатунку. Не кажачы ўжо пра пладова-ягаднае пойла.

    Відавочна, пьючым чалавекам і кіраваць лягчэй, і балючых пытанняў ён задае менш. А як асмеліцца запытаць, то і размова з ім кароткая: маўчы, «піяка». Але ж які з алкаголіка работнік? Таму, трэба каб і піў, і маўчаў і працаваў. Адгэтуль і культура піція, і барацьба з алкагалізмам. 

    Але дурняў няма, людзі ўсё даўно зразумелі. Іх вельмі добра адукавалі «лухтою». Яны папросту перасталі працаваць. Не, на працу яны ходзяць: у тэрмін на працу, з працы – ні хвіліны пазней.

    І вось табе, як вынік - савецкі фальклор: «Хто не працуе, той есьць», «Дурня праца знойдзе»,«На працы коні дохнуць», «Як вы нам плаціце, так мы і працуем», і самае паганае: « Каб сям'я жыла ў шчасці, трэба красці, красці, красці».
Красці ў каго? У суседа? Не, ў суседа сорамна, людзі не зразумеюць, а ўкрасці ў дзяржавы, недаплаціць падатак, амаль што ганарова – людзі скажуць: «Маладзец, умее жыць».

    А часцей адбываецца горш: тое, што недадала дзяржава, дабіраюць з бліжняга. Ці не абкрадае пасажыра  несумленны таксіст, калі бярэ больш чым зарабіў? Ці не крадзе ў пакупніка хваткі і ўдалы прадавец, аблічваючы яго, ці падвышаючы сапраўдную цану? Ці не крадзе ў людзей кіраўнік калгаса, будуючы сабе шыкоўны дом? І, таксама, гэта лічыцца за ўменне жыць.

    Урэшце, так і небяспечней – за крадзеж у дзяржавы дадуць больш. Толькі ў нашых краях, брыдкае калісьці, слова «красці» набыло дваісты сэнс.

    Таксама як і святое слова «праўда» стала дваістым. Усе чулі, і не раз ужывалі наступны выраз – « У цябе свая праўда, а ў мяне свая». Ці не дзікунства гэта? Не можа быць двух праўд! Праўда гэта тое, што ёсць на самой справе. І не болей і не меней.  Яна не патрабуе тлумачэнняў і высвятленняў.

    Яшчэ адзін прыклад савецкага фальклору, пачуты мною ад нябожчыка – айца, ўсё сваё жыццё пражыўшага пры Саветах, і прайшоўшага страшную вайну: «Сынок, памятай, як толькі табе пачынаюць што-небудзь тлумачыць і прасвятляць, чакай, зараз абуюць».

    Адзінае што аб'ядноўнае і «змагароў» і « население» - гэта паганы прынцып савецкага ладу жыцця – «Памры ты сёння, а я заўтра». Не, яшчэ ёсць «лухта» і «панты». Ці не жывем мы і працуем з думкаю, не аб тым, як зрабіць найлепей, а аб тым, што скажам ці напішам, як не выйдзе? Ці не хвалюе нас больш, не тое што  мы робім, а як пры гэтым выглядаем?

    Таму і не разумеюць нас іншаземцы, калі мы купляем дарагія машыны і будуем шыкоўнае жыллё, а потым скардзімся, што не можам іх ўтрымліваць. Калі дзяўчына купляе дарагое адзенне ці касметыку, а потым не ведае за што паесці. Як замежніку вытлумачыць, калі ён чуе па тэлевізары, ці чытае у газетах наступнае: « На чэмпіянат да нас прыехалі госці і мы паказалі ўсяму свету ….»? Што паказалі? Што мы таксама людзі? Што мы не малпы?

    Увогуле, каму мы нешта ўсё даказваем?
    А ў першую чаргу сабе.
    Што я, нявольнік і сын нявольніка, сапраўды, чалавек.  Чалавек з дарагой маёмасцю, а вакол «лахі». І чым болей вакол мяне «лахоў», тым адчуваю я сябе лепей.
    А ўжо як я гэтую маёмасць прыдбаў – гэта няважна.
    Што гэта, культура? Ці шукаць для гэтай прывычнай, звыклай з'явы другое слова?

   Нешта ты разышоўся, дзядзька Дамінік. Можа не ўсё так і кепска?
   - Даруй мне, Антон, сапраўды, разышоўся, нават на жаргон перайшоў. Маеш рацыю, не ўсё так кепска. Хаця б таму, што размаўляем мы з табою на гэтую тэму.І ўпэўнены я, што знойдуцца яшчэ людзі, каторым цікавай будзе наша з табою размова.

   - Але ў чым, ўсё ж такі, справа, дзядзька Дамінік, як так вышла?
   - А справа звычайная, мой даражэнькі, справа ў прыкладзе.

   Ўспомні сваё дзяцінства. Што табе ўвесь час нагадвалі бацькі? Будзь моцным: не хлусі, не крадзі, не крывадушнічай, добра вучыся, будзь працавітым і станеш чалавекам.

     І не проста ўзгадвалі, а самі стараліся так жыць. Вырас ты, сабралася вакол цябе адпаведнае кола блізкіх табе людзей, і жывеш ты далей па запаветам бацькоў, сваім прыкладам выхоўваючы ўжо сваіх дзяцей.

     А кагось бацькі вучылі іначай: будзь моцным,заўсёды будзь першым і няважна якім чынам, ня брэзгуй узвысіцца за кошт бліжняга, тады будуць у цябе і грошы і ўлада.

     Бывае і так, што бацькі вучылі аднаму, а наваколле вымусіла слабога чалавека пераступіць запаветы бацькоў – з ваўкамі жыць – па воўчы выць. Выходзіць, першае, што вызначае наша жыццё  - гэта прыклад.

     Так з каго бярэ чалавек прыклад свайго жыцця? Не іначай як з эліты. Нам убіта ў голавы, што эліта – гэта людзі, маючыя ўладу, маючыя вялікія грошы і маёмасць. Чамусьці, элітаю сябе лічаць людзі, выступаючыя з экранаў тэлевізараў і са сцэны. Некаторыя з іх не саромяюцца выступаць у трусах.

     І хаця няма ў іх ні ўлады, ні вялікіх грошаў, але элітаю сябе лічаць. Ўсе яны ўзялі на сябе цяжкую працу быць прыкладам для людзей. Але які гэты прыклад? Відавочна  - якая эліта, такі і прыклад - размаўлялі раней пра культуркі.
 
     І вось, нагдзячыся на такую «эліту» колькі чалавек устрымаецца задумацца?
     - А ці праўдзе вучылі мае бацькі? Ці не трэба імкнуцца быць першым, і не важна якім чынам? Імкнуцца, пакуль не пачуў папрокаў ад уласных дзяцей за небагатае, але чыстае жыццё.

     - Але ж, усё ж такі, дзяцька Дамінік, не ўсё так кепска, папросту справа ў колькасці. Не ўсе культурныя уцяклі ў свой час, не ўсіх пажраў ГУЛАГ, не ўсе адрабляюць, засталіся і тыя, хто сапраўды працуе.

     Дзякуючы ім, а не гультаям і нахабным пустазвонам перажылі і страшную вайну і ўсе наступныя гады дзяржаў для народа. Як вучылі, так і вучаць бацькі дзетак сваіх: « не хлусі, не крадзі, не крывадушнічай, добра вучыся, будзь працавітым, і станеш чалавекам».

    - Так мой даражэнькі - яны  сапраўдная эліта людзей ва ўсім свеце – людзі працы, прафесіяналы.  І не важна чым займаецца гэта эліта: працуе на фабрыцы ці ў сферы паслуг, абрабляе зямлю ці будуе, вучыць ці лечыць людзей, займаецца навуковай працай, мастацтвам, літаратурай.

     Адзіная  толькі важная ўмова: сапраўдны прафесіянал можа быць толькі свабодным. Не бывае эліта паднявольнай. І гледзячы на сапраўдную эліту колькі чалавек устрымаецца не задумацца?

     - А сапраўды вучаць мяне бацькі: жыве чалавек заможна, спакойна, чыста. Заўсёды усмешка на твары, жыццё сваё напаказ не выстаўляе і другім не зайдросціць. Няма патрэбы яму красці, крывадушнічаць і хлусіць. Наадварот, дапамагае другім, бо ведае: як стане кепска яму, то і яму людзі дапамогуць.

     І вось зараз, мой любы, самы час вярнуцца нам у пачатак размовы: пра тога дзяцьку ў народным строі, ды з гармонікам. Чаму нам убіваюць у голавы менавіта такі стэрэатып культуры? А таму, што наша народная культура, на вялікі жаль, - гэта культура несвабоднага, паднявольнага чалавека.

     Добра разумее сёняшняя « эліта», што не змогуць яны кіраваць сапраўды культурным, а значыць свабодным прафесіяналам: тут хамства не пройдзе, а розуму не хопіць, бо хітрасць, нахабства і хцівасць гэта яшчэ не розум.

     Хаця, вялікага розуму не трэба, каб зразумець, што пры паднявольнай працы кармільцаў становіцца з каждым годам ўсё меньш і меньш. Уцякае сапраўдная эліта выхоўваць падобных сабе дзетак у другіх краях. Хто будзе карміць дзяцей і ўнукаў сёняшняй « эліты»?

     Вось і разабраліся мы з табою, Антон, пра тое, што азначае сапраўдная Культура, а што ёсць падман і хлусня. Не ўпадзе яна нам у рукі з неба, ніхто не прыйдзе і не навучыць нас культуры.

     Наша гэта справа, справа працы каждай хвіліны, каждага часу. І свабоды таксама ніхто нам не дасьць, таксама гэта справа нашай працы - працы запаведанай бацькамі: « Будзь моцным, не хлусі, не крадзі, не крывадушнічай, не ўзвышайся за кошт бліжняга, сумленна працуй і станеш чалавекам».

                ЭПІЛОГ

    Ну вось, Антон, узгадалі мы з табою асноўныя, як ты кажаш, стэрэатыпы, якія сядзяць у нашай падсвядомасці - як цвікі, як занозы, і няма ім краю, няма канца, - тэма нявычарпальная. Працы нам з табою і працы.

    Але што аб'ядноўвае тыя, як здавалася, простыя, звыклыя на слух словы: Радзіма, Мова, Культура, Гісторыя,  Дабро, Мір…? Мне здаецца, што гэтыя словы - той падмурак, тая аснова, на якой павінна будавацца наша жыццё, будучыня нашай краіны: наша Нацыянальная Ідэя. 

    Згадзіся: жыве чалавек, чалавек свабодны, у тым ліку і ад навязаных стэрэатыпаў. Жыве годна, справядліва, з павагаю і любоўю да людзей, якія яго акружаюць, да свайга наваколля.

    Жыве мірна з суседзямі,  у ладу з сабою і ў згодзе са сваёю сям'ёю. Жыве шануючы і кахаючы родную мову, сваю праўдзівую гісторыю, збярагаючы і развіваючы сваю культуру…

    А дзе ён жыве? Жыве ён на зямлі сваіх продкаў, на сваёй роднай, каханай Айчыне. Імя ёй – Беларусь!

    Як клічуць суседзі гэтага чалавека?
    Беларусам!

    І вось паволі, патроху, крышталізуецца, родзіцца, -  цудоўны, бясцэнны брыльянт нашай Нацыянальнай Ідэі.

    Усяго два слова, - два каштоўных, прыгожых слова.

Мінск 2017 -  2018   
                В. Старжынскі