Загадкi сноу i жыцця, або спатканне з сабой

Светлана Маскатова
–1–
     Апошнім часам яна стала часта прачынацца на досвітку. Магчыма, таму, што вельмі любіла раніцу – тую раніцу, калі толькі пачынае віднець. З пятага паверха дома ёй добра відаць, як зіхацяць у шэрым прыцемку агні вялікага горада – ён знаходзіцца на малой адлегласці. Быццам зачараваная, яна назірае, як па-над карункамі шэрых аблокаў, якія зліваюцца з гарызонтам, пачынае ружавець неба… Здаецца, у паветры лунае нешта казачнае, містычна-фантастычнае – настолькі яно не стасуецца з тым, што гатуе хуткаплынны дзень…
     Горад яшчэ спіць моцным ранішнім сном. Можна паасобку пачуць усе гукі, якія нараджаюцца ў гэты час, бо іх няшмат: чуваць звонкае цвірканне коніка на газоне пад вакном; раз-пораз гучаць першыя галасы птушак; нечакана рэзкія ў ранішняй цішы гудкі цягнікоў адбіваюцца ад сцен шматпавярховак. Яны рэхам прабягаюць па ўсіх закутках соннага горада, таму здаецца, што чыгуначная станцыя побач, і няма тых двух кіламетраў, што аддзяляюць ад яе. 
      У гэты час лёгка і вольна прыходзяць думкі, якія ніколі не народзяцца ў дзённай мітусні. Бывае, што перажытае за шматлікія гады жыцця быццам бы выплывае з  ранішняга тумана, але зусім у іншым выглядзе і колерах, чым бачылася раней… 
      
–2–

    …Дзве вялікія белыя птушкі ляцелі зусім нізка над залатым жнівом. Яна была адной з гэтых птушак. Адчуванне палёту было вельмі незвычайным, цудоўным – так бывае толькі ў дзіцячых снах. Але ляцець было цяжка: яна адчувала кожны ўзмах сваіх моцных крылаў у паветры, якое было шчыльным, бы згусцелым, і таму не дазваляла падняцца да белых, пухнатых аблокаў. Другі лебедзь ляцеў крышачку наперадзе і вышэй. Ёй было радасна, што яна не адна, нехта ёсць побач – значыць, падтрымае, калі трэба. Было адчуванне нейкай глыбокай унутранай сувязі са сваім спадарожнікам і гэта адчуванне надавала сілы і трымала ў паветры. Раптам унізе на зямлі з’явілася вялізная постаць волата. Калі яна пралятала над ім, той падняў руку і схапіў яе за крыло. Зразумела – гэта канец… Канец цудоўнаму палёту… Не, нават не палёту, а адчуванню яго, – яна ведала, што страта гэтага адчування была самай значнай: як жа даўно яна так не лятала! Калі ж зноў можна будзе адчуць, як знікае прыцяжэнне, як цела пачынае выконваць незвычайныя загады, адрываецца ад зямлі і ляціць?…
     У руках волата заблішчэў вялізны нож. У наступны момант гэты нож утыркнуўся ў яе грудзі… Быццам зверху, яна ўбачыла сябе: белы лебедзь з вялізнай крывавай ранай у грудзях ляжаў на зямлі… Тут яна зразумела, што памерла, што яе ўжо няма… А другі лебедзь паляцеў далей, нават не спрабуючы вярнуцца, абараніць яе ці проста развітацца з ёй… Яна не адчувала фізічнага болю. Але ў той момант, калі ўбачыла, як другі лебедзь усё больш і больш аддаляецца ад яе, моцны боль працяў усю яе істоту. Зразумела раптам – гэта была іншая смерць, больш значная, чым фізічная.  Напэўна, так гіне душа…

–3–

     Пасля яна шмат разоў успамінала гэты сон. Ён быў настолькі яркі і рэальны, што яго нельга было забыць. Тады яна шмат разважала над ім: успамінала цудоўны стан палёту, а пасля… глыбінны боль… “Што мяне чакае наперадзе?” – разважала яна.
     За яе жыццё прароцкіх сноў набярэцца можа з дзесятак. Пасля іх заўсёды з’яўлялася своеасаблівае прадчуванне нечага значнага: яны, як своеасаблівая перасцярога, прадказанне, прыходзілі да яе перад нейкімі лёсавызначальнымі падзеямі і былі такімі яркімі, што яна дагэтуль памятае іх. Але ж такія сны вельмі цяжка разгадаць – яны заўсёды іншасказальныя, іх патрэбна правільна патлумачыць, а гэта не заўсёды атрымліваецца. Часцей за ўсё толькі праз пэўны час, калі адбудуцца нейкія падзеі, чалавек разумее, як патрэбна было патлумачыць той сон.
     Яна зрабіла для сябе выснову, што такія сны больш гавораць не аб канкрэтных падзеях, а аб унутраных рухах, стане душы, аб тым, якія пачуцці і эмоцыі прыйдзецца адчуць чалавеку потым. Вяртаючыся праз нейкі час назад, у мінулае, чалавек часцей за ўсё дакладна не памятае шматлікія дробязі і акалічнасці жыцця. Ён, нібы зверху, пачынае бачыць нейкую агульную яго афарбоўку, якая і складаецца з колераў яго адчуванняў, пачуццяў, эмоцый – псіхалагічнага стану, у якім ён быў у той час. Напэўна гэта адбываецца таму, што сэнс жыцця і складаецца з тых вынікаў і высноў, якія застаюцца пасля эмацыйнага пражывання шматлікіх жыццёвых сітуацый.
     Той яе сон быў менавіта такім – прароцкім. Не, яна не захварэла фізічна. Але тое, што яна перажыла, можна было таксама параўнаць са смерцю. Волат, які ўсадзіў нож у яе грудзі – гэта вынікі паводзін яе каханага. Але ж цяпер, калі пасля тых падзей прайшло шмат год, яна ўжо не асуджае, не абвінавачвае яго: ніколі нікога нельга абвінавачваць.
     Чалавек заўсёды атрымлівае наступствы сваіх рашэнняў і дзеянняў, бо заўсёды ёсць свабода выбару. Нават пад пагрозай смерці ён сам прымае рашэнне: стаць здраднікам і застацца жыць, ці памерці, але не здрадзіць. І пры гэтым кожны раз праяўляецца сапраўднае, ўнутрана-духоўнае  напаўненне чалавека.
    У экстрэмальных абставінах з падсвядомасці ўсё роўна праявіцца існасць, пра якую чалавек і сам не ведаў ці не хацеў яе прызнаць. Жыццё дае шмат прыкладаў таму. Самы блізкі чалавек, які доўгі час клянецца ў каханні, у час жыццёвых выпрабаванняў можа здрадзіць. А выпадковы чалавек кідаецца ў палаючы дом і, рызыкуючы жыццём, ратуе зусім незнаёмага чалавека, ці нават проста кацяня. Пасля ён дакладна не можа патлумачыць, чаму кінуўся на дапамогу: “Раптам адчуў нейкі парыў душы…”
     Калісціа, стаміўшыся ад адзіноты, ад жыццёвых выпрабаванняў, якія выпадаюць на яе долю, яна памылкова вырашыла, што ў рэшце рэшт сустрэла таго чалавека, з якім зноў будзе шчаслівай… Сама вырашыла, сама ўвасобіла ў жыццё сваё рашэнне… І вынік атрымала…
     На той час яна яшчэ шмат чаго не разумела, не бачыла. Нездарма ж мудрыя людзі кажуць: “Жыцце – самы добры настаўнік. Бярэ, праўда, дорага, але тлумачыць даходліва”. Толькі цяпер убачыла, якая тады была наіўная… І слабая, бо шукала падтрымкі звонку, а не ў сабе. Менавіта ў іншых людзях чалавек спрабуе знайсці, чаго яму не стае, нават не здагадваючыся, што ўсё ў яго ўжо ёсць, толькі патрэбна адкрыць, адшукаць  гэта ў самім сабе. Хто здолее знайсці гэта сам у сабе, той, абапіраючыся на свой  нязломны стрыжань волі, выратуе не толькі сябе, але зможа дапамагчы і іншым.  І кахаць такі чалавек зможа па-сапраўднаму. Гэта самадастатковасць выратуе яго ад памылак і ў далейшым. 

   –4–

      Вяртаючыся да тых далёкіх дзён, жанчына ўспомніла, як упершыню ўбачыла яго... Нібы нейкі электрычны зарад прабег па целе, і прыйшло разуменне: гэта сустрэча невыпадковая.
      Яна зноў паверыла ў асабістае шчасце, у тое, што лёс дае магчымасць кахаць і быць каханай. Менавіта, тады і адраслі тыя  магутныя крылы веры, надзеі і кахання, на якіх і ўзнялася, як белы лебедзь, над залатым жнівом жыцця… 
      Жанчына ўважліва паглядзела ў вакно. На вуліцы было светла. Неба на ўсходзе стала ярка-малінавым, промні яшчэ схаванага за даляглядам сонца, нібы чароўны ліхтар, падсвечвалі аблокі, якія, здавалася, збегліся да яго адусюль. Іх колер стаў празрыста-пунсовым, з пералівамі і шматлікімі адценнямі, быццам пяро казачнай жар-птушкі… Г;каў стала значна больш: рэха панесла па дварах брэх сабак, шоргат калёс машын – горад прачынаўся.
      Яна адышла ад вакна, села за кухонны стол, але ўспаміны яшчэ не хацелі выпускаць яе са свайго палону…

–5–

      …Нож утыркнуўся ў грудзі белай птушкі, якая яшчэ хвіліну назад адчувала пад шырокімі крыламі моцную брую паветра… Так, гэта было вельмі балюча…
      Пазбавіцца кахання, надзеі і мары – нібы памерці: у гэты момант абрываецца шмат тонкіх срэбных нітак, праз якія раней адбывалася падсілкоўванне чалавека. Сэрца ў тых месцах, дзе абарваліся чароўныя ніткі, крывавіць і баліць. Такі чалавек, як хворая жывёліна, будзе потым шукаць гаюн-траву, якая залечыць сардэчныя раны… Дзе знойдзе, і ці знойдзе наогул – залежыць ад чалавека, ад таго, дзе ён будзе весці гэты пошук.   
     Прароцкі сон быў разгаданы – ён спраўдзіўся. Пасля было яшчэ шмат прадказальных сноў, у якіх жанчына бегла з цяжкімі чамаданамі на вакзал, не паспявала купіць білет і спазнялася на цягнік; дзе яна ехала ў цягніку і на кожным прыпынку бачыла адзінокую, маўкліва-суровую постаць жанчыны – сябе, але кожны раз іншую, новую. Былі запамінальныя сны, у якіх яна ў адзіноце доўга блукала, нешта шукаючы, ў заблытаных, цёмных падзямеллях  старажытных будынкаў... Што яна шукала? Цяпер ведае: шукала сваю цэласнасць. Цяпер яна ўжо больш нічога не шукае, бо знайшла... сябе.

Час няспыннае кола
Ўперад зноў крутане –
Зорка скоціцца долу –
Час расстання міне.

Сярод ісцін адвечных,
На скрыжалях часоў
Прыйдзе хвіля сустрэчы
Ў шэрым змроку гадоў:

Калі ноч будзе з раннем
Весці жорсткі двубой,
Я прыду на спатканне
З незнаёмкай – з сабой.