Матылi надзеi эсэ

Светлана Маскатова
 –1–

     Над абуджаным вясновай цеплынёй лугам, прыбярэжным вербалозам і дрыготкім люстэркам возера лёталі невядомыя нікому, празрыстыя істоты. Яны былі  падобныя на матылёў, але вельмі маленькія і лёгкія. Толькі надзвычай ўважлівы чалавек мог убачыць іх, не зблытаўшы летуценак з рухамі паветра ці парай, якая ўзнімалася ад нагрэтага за ўчарашні дзень возера. Так, гэта былі не звычайныя летнія матылі, якіх праз якую-небудзь гадзіну-другую, калі ўзыйдзе сонейка, у майскім наваколлі з’явіцца вялікае  мноства. Гэта лёталі матылі надзеі.
     Дзе яны нараджаюцца? Дзе жывуць? – адказы на гэтыя пытанні дасюль застаюцца таямніцай нават для тых, хто добра іх ведае. У матылёў надзеі – свой свет і свае законы існавання, непадуладныя ні законам прыроды, ні законам, якія часам прыдумвае чалавек. Яны не баяцца сцюж, маразоў, спёкі ці праліўных дажджоў: у любое надвор’е лётаюць па ўсім свеце. Але заўважана, што больш за ўсё іх з’яўляецца менавіта напярэдадні вясны, калі ўвесь свет чакае новага абуджэння, а ў вясновы час іх колькасць рэзка зніжаецца. Для іх няма абмежаванняў ні ў чым: сустрэць іх можна ў самых нечаканых месцах – яны вольна лунаюць там, дзе ім заманецца.
     Трэба дадаць, што лётаюць па свеце, шукаючы прытулку, толькі матылі страчанай надзеі. Яны маюць шэрае адценне. Але ёсць яшчэ матылі набытай надзеі – рознакаляровыя, яны жывуць у сэрцах людзей.

– 2 –

     У гэтым годзе лета прыйшло надзвычай рана, і другая палова мая была вельмі падобная на пачатак чэрвеня: летнія кветкі ўжо раскрылі свае вочкі і на возеры ва ўсю плёскаліся дзеці, прадчуваючы доўгія летнія вакацыі. Каляровыя матылі розных відаў, збіраючы на свае лапкі пылок і прывабліваючы дзяцей, пырхалі над маладой сакавітай зелянінай.
     Жанчына гадоў за пяцьдесят сядзела недалёка ад возера ў цяньку бяроз,  якія купкамі раслі  абапал, з асалодай адчуваючы на сабе ласкавую цеплыю майскага ветрыка. У руках яна трымала зборнік вершаў: жанчына любіла паэзію і нават спрабавала пісаць сама.
     Раптам мабільны тэлефон, які ляжаў у пакеце з рэчамі, зайграў звычную мелодыю. Жанчына адклала кніжку, узяла ў руку тэлефон і націснула кнопку сувязі. Званіла  сяброўка Вера. Пасля ўзаемных прывітанняў высветлілася, чаго яна тэлефанавала: учора ў сяброўкі былі госці, і яе сваяк, убачыўшы на адным з фотаздымкаў сімпатычную сяброўку Веры, выказаў жаданне пазнаёміцца з ёй.
     Сваяку было далёка за шэсцьдзесят. Некалькі гадоў таму ён пахаваў жонку, але дасюль не змірыўся з адсутнасцю камфорту, які здольна стварыць другая палова чалавецтва, і вельмі пакутаваў ад адзіноты.
     Пасля слоў сяброўкі жанчына адразу крыху збянтэжылася – прапанова знаёмства была нечаканай. Дамовіўшыся з Верай, што яна крыху падумае наконт гэтага, а пасля паведаміць сяброўцы аб сваім рашэнні, жанчына закончыла размову. Першы адказ, які “прагучаў” з глыбінь яе істоты, было слова “не”. Ёй не хацелася парушаць усталяваны гадамі размераны жыццёвы рытм. Навошта гэта рабіць? Навошта рызыкаваць сваім доўгачаканым спакоем, нешта мяняць у жыцці?
     Жанчына застыла на покрыве, гледзячы невідушчымі вачыма некуды паверх чароту і возера: размова з сяброўкай разварушыла ўспаміны, якія панеслі туды, куды яна не любіла вяртацца, бо там было вельмі балюча…
     На слове “балюча” нагадаліся радкі аднаго з яе вершаў:

Балюча было, балюча…
Вясновы ручай – гаючы:
Душэўныя гоіць раны.
Ці позна яны, ці рана
Быллём зарастуць, імхамі.
Усё, што было між намі,
Прайшло, перайшло і знікла,
А новае стала звыклым.
З’явіліся кветкі мая –
Я з радасцю іх вітаю.

Вясной у зялёным вецці
Шапоча гарэза-вецер,
Люляе мяне, люляе…
Сыходзіць мой боль, сціхае:
Кудысьці зляцелі хмары,
Бы пёркі, лунаюць мары,
І светлы блакіт нябёсаў
Адбіўся ў люстэрку лёсу.

     “Што гэта я раблю? Навошта вярэдзіць старыя раны?” – і яна свядома “пераключыла” свае ўспаміны на юнацтва – на  больш пазітыўныя і светлыя ўспаміны, сагрэтыя цеплынёй узаемаадносін, пяшчотай, светлымі марамі…         
     Далей яе разважанні прынялі больш філасофскі накірунак: “Безумоўна, каханне – гэта пачуццё, якое дадзена чалавеку, як падтрымка і нават збавенне.  Яно закладзена ў людзей самой прыродай і здольна напаўняць іх своеасаблівай энергіяй.

«Кахаю…» – гэта дзіва-слова.
Яго прамовіўшы услых,
Мы пачынаем жыць нанова,
Нібыта робім першы ўздых
Народжанага немаўляці,
Якое ўпотай ад усіх
Жыло дасюль пад сэрцам маці.

«Кахаю!» – робім смелы крок
З нябыту вечнага чакання
Туды, дзе чысты б’е выток
Жыцця, зямнога існавання,
Каб выпіць за глытком глыток
Напой пяшчоты і кахання.

«Кахаць» сугучна слову «жыць».
Як давядзецца мне стаміцца,
Ці праз пустэчу шлях ляжыць,
Я прыпаду да той крыніцы,
Што невычэрпнай век бяжыць,
Каб зноў жывой вады напіцца
І смагу сэрца наталіць.

      Так, каханне – гэта дар жыцця, які з’яўляецца невычэрпным вытокам жыццёвых сіл, радасці і шчасця, натхнення, узнёсласці. Ды толькі чалавек можа ці напіцца з той невычэрпнай крыніцы, ці прайсці міма, нават не пачуўшы яе чароўнага цурчання: наталіцца з яе зможа толькі той, хто сапраўды ўмее кахаць. Так-так – часцей за ўсё кахаць трэба вучыцца, таму адна з “дысцыплін” жыцця – “Каханне”… Калі чалавек не ўмее кахаць, замест радасці і шчасця ён атрымае расчараванні і душэўны боль. Каханне ачышчае чалавека, дапамагае ўсвядоміць асабістыя недахопы – эгаізм, гардыню, – якія прыводзяць да неўсвядомленага жадання выкарыстаць чалавека ці авалодаць ім, а не кахаць яго. І тады замест паразумення паміж жанчынай і мужчынай узнікаюць раздражнёнасць, незадаволенасць адно другім. У выніку – крах узаемаадносін, і людзі разыходзяцца… Бывае і так, што камфортныя ўмовы, якія стварае муж ці жонка, задавальняюць, але, калі нешта мяняецца, і чалавек страчвае гэты камфорт (сур’ёзнае захворванне, інваліднасць аднаго з іх), раптам высвятляецца, што кахання на самой справе і не было… 
     Кажуць, што ў старажытныя часы людзі, гаворачы пра каханне паміж жонкай і мужам, казалі: “Ён яе вельмі шкадуе”. Многае праяўляецца ў дробязях: сапраўднае пачуццё жыве ў сэрцы і праяўляецца ў справах чалавека, і ў крытычных, экстрэмальных сітуацыях у яго паводзінах часцей за ўсё праяўляюцца сапраўдныя намеры, пачуцці і адносіны…
   Ой, куды ж гэта мяне занесла?!” Жанчына бы прачнулася ад думак, страпянулася і зноў разгарнула зборнік вершаў. Але чытаць перашкаджалі думкі. Яны ўсё лезлі і лезлі ў галаву. “Вось так заўсёды – з невялікай “мухі” ў мяне вырастае вялізны “слон”. Цікава, а ці ўсе людзі так паводзяць сябе, ці гэта толькі ў мяне ўсё так складана і доўга – разважанні, разважанні?...”
    З боку пяшчанага пляжа даносіліся дзіцячы смех, крыкі і плёскат. Дзень набліжаўся да вечара і людзей на возеры прыбыло: з’явілася больш дарослых, якія пасля працоўнага дня прыйшлі крыху адпачыць. Думкі жанчыны зноў вярнуліся да размовы з сяброўкай, да прапановы знаёмства. “А што, калі і на самой справе – яшчэ раз паспрабаваць? Можа лёс дае мне шанец спазнаць сапраўднае каханне і шчасце? Раней я была іншай, крыху наіўнай, неспрактыкаванай жанчынай. Ёсць надзея, што цяпер будзе інакш, і мае адносіны з мужчынам пабудуюцца на іншых умовах, без папярэдніх памылак.“ І думкі пра нешта новае, узнёсла-прыгожае, што можа з’явіцца ў яе жыцці, панеслі жанчыну ўсё вышай і вышай…
     Раптам жанчына хуценька адклала кніжку, якую дасюль трымала ў руках, пацягнулася да пакета з рэчамі, дастала адтуль ліст паперы і аловак, і стала хутка запісваць:

Надзею дораць казкі-сны…
Душа ў чаканні
Жывога подыху вясны,
Святога рання.

Мінулае – у небыцці:
Гады, падзеі…
Але не страчана ў жыцці
Яшчэ надзея,

Што спраўдзяцца падказкі-сны
Абавязкова:
Пачну на досвітку вясны
Я жыць нанова.

    Скончыўшы пісаць, яна ўважліва перачытала напісанае. Твар яе прасвятлеў: “Ну вось, дзякуй Богу, і натхненне завітала…”
    …А навокал, пералятаючы з адной кветкі на другую, пырхалі каляровыя матылі, нізкім басам гулі чмялі, спявалі птушкі. Захопленая думкамі, жанчына нават не заўважыла шэраватага, празрыстага, амаль нябачнага воку, матыля. Ён спачатку нячутна прысеў на яе плячо, а пасля дзіўным чынам апынуўся ў адным з утульных куточкаў яе сэрца. У гэтую хвіліну з ім адбыліся цудоўныя змены: з шэрай, несамавітай істоты ён ператварыўся ў прыгожага матылька з каляровымі разводамі на празрыстых крыльцах. Гэта быў матылёк надзеі…


–3–

     Напэўна, лёс пачуў унутраную згоду жанчыны ўбачыць свайго новага прыхільніка: праз некаторы час, дзякуючы вечарыне з нагоды юбілею агульнага знаёмага, яны апынуліся ў адной кампаніі. Пазнаёміць іх не было каму (сяброўка Вера паехала ў адпачынак за мяжу), і таму яны амаль увесь вечар спакваля назіралі адзін за другім. 
      З той хвіліны, калі ён даведаўся, што на вечарыне будзе сяброўка Веры, рознакаляровы матылёк надзеі затрапятаў і ў яго сэрцы. 
      Яны сядзелі па розныя бакі святочнага стала і праз некаторы час непрыкметнага назірання за жанчынай ён зразумеў, што перад ім зусім іншы чалавек, чым ён маляваў сабе ў сваім уяўленні. Памяць вярнула яго да памерлай жонкі – добрай, ціхай жанчыны з мяккім позіркам вачэй, якая была заўсёды згодна з яго меркаваннем, ніколі яму не пярэчыла. Яна ведала ўсе яго звычкі, заўсёды старалася дагадзіць, часта пякла любімыя піражкі з капустай...
     “Яна зусім іншая, чым была мая Валянціна. І выгляд вельмі строгі і незалежны: нават не ведаю, як да яе падысці, каб пазнаёміцца. І наогул, ці трэба гэта рабіць? Ці змагу я прызвычаіцца да іншай жанчыны, зусім непадобнай на маю жонку, з якой я пражыў больш за 40 гадоў? Можа, праз нейкі час я прывыкну жыць адзін (прывыкаюць жа іншыя!), і гэта, безумоўна, будзе лягчэй, чым “прыцірацца” да другога сталага чалавека, яго звычак, прыхільнасцей...”
      У гэты момант матылёк надзеі, страціўшы свой цудоўы колер,  непрыкметна пакінуў сэрца мужчыны. Але ён быў такі лёгкі і празрысты, што той нават не заўважыў гэтага...
      Жанчына таксама доўга назірала здалёк за сваім прыхільнікам. Жыццёвы досвед дапамог ёй вызначыць у мужчыне самыя яркія рысы яго характару. Некаторыя з іх прыйшліся ёй не па душы. “Не, не трэба мне з ім знаёміцца. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца – толькі новыя перажыванні, якія мне зусім не патрэбны,” – напрыканцы зрабіла выснову жанчына і раптам адчула у сярэдзіне слабы прысмак расчаравання і горычы...
     “Вось і здабыткі жыццёвага вопыту: пражываць, не перажываючы. Раней, каб спазнаць чалавека, мне патрэбна было з ім “пуд солі з’есці” і пры гэтым спасцігнуць глыбіню і шыр мора шматлікіх чалавечых эмоцый – ад радасці да болю. А цяпер для высвятлення гэтага мне хапіла аднаго вечара, пры чым не згубіўшы ўнутранай раўнавагі…” – з саркастычнай усмешкай падумала яна. 
      У гэта ж імгненне лёгкая крылатая істота выпырхнула і з яе сэрца. Праз хвіліну пара светла-шэрых, празрыстых матылёў непрыкметна лунала над шумнай залай. Хутка яны ціха вылецелі ў расчыненую фортку і растаялі ў шэрым прыцемку летняга вечара... Куды яны паляцелі? У матылёў надзеі няма канкрэтнага месца знаходжання – яны лётаюць побач з людзьмі, але застаюцца толькі з тымі, хто мае жаданне і рухаецца да яго здзяйснення…