Сонечныя зайчыкi эсэ

Светлана Маскатова
      На падлозе і процьлеглай ад вакна сцяне варушыліся сонечныя зайчыкі.
     Жанчына сядзела ў апусцелай бацькоўскай хаце і задумліва глядзела, як прамяні восеньскага сонца скачуць па рудай лістоце бэзу за вакном, заскокваюць у пакой і палахліва, няўпэўнена дрыжаць на сцяне і падлозе.
     Зіхатлівае сонечнае святло перанесла яе ў іншы час і іншае месца. Летні дзень, сонечныя зайчыкі на падлозе драўлянай хаты... Пах кавы... Ягоныя вочы насупраць... Уважлівыя, шчырыя вочы. Тады, зазірнуўшы ў іх, яна зразумела, што можна разняволіцца, бо адчула, што суразмоўца – не з тых, хто можа параніць яе небяспечным поглядам ці словам.
     Калі размаўляеш з чалавекам, якога не вельмі добра ведаеш, стан унутранай разняволенасці і ўнутранага спакою – з’ява рэдкая. Часцей за ўсё адчуваюцца насцярожанасць, сцятасць, якія, на жаль, бываюць вынікам мінулага жыццёвага вопыту, перанесенага душэўнага болю.
      Але ж, не дарэмна кажуць: “Баліць, баліць – ды выбаліць”… Апошнім часам жанчына ўсё часцей шукала душэўнага спакою, раўнавагі, ёй хацелся быць простай сузіральніцай таго, што адбываецца побач.
     ...А сонечныя зайчыкі ўсё скакалі па падлозе. Здавалася, яны нават спрашчалі размову жанчыны і мужчыны, напраўляючы яе ў патрэбнае рэчышча.  Позіркі суразмоўцаў часта сустракаліся, у іх чыталася  ўдзячнасць за паразуменне і ўзаемнае жаданне яго захаваць.
      Мужчына ў чарговы раз заварыў свежую каву, разліў яе па кубачках. Пах кавы разам з пачуццём лагоды, шчырасці і даверу лунаў па пакоі, але жанчына раптам адчула, што ў паветры з’явілася яшчэ нешта... Гэта “нешта” –  няўлоўнае, мякка-шчымлівае, жадана-прыемнае – яна пазнала адразу...
      “Не спужаць бы толькі гэта трапяткое адчуванне... Даць яму магчымасць знайсці ціхі, утульны куточак ў сэрцы... Не дазволіць недаверлівым, цьмяным думкам пра супярэчлівасці чалавечага лёсу, памяці пра мінулыя расчараванні і душэўны боль знішчыць гэта далікатнае пачуццё...” – пачула яна словы папярэджання, якія прыйшлі, нібыта звыш.

     ...Па падлозе скакалі халодныя восеньскія зайчыкі. Жанчына, седзячы на канапе ў бацькоўскай хаце, схамянулася: нейдзе там, у патаемным куточку сэрца зноў варухнулася тое дзіўнае адчуванне... Усё-такі яно тады захавалася там, здолела выжыць у жыццёвым верадзе, каб сёння, быццам маленькае мяккае кацяня, прачнуцца і ціхенька завуркатаць усярэдзіне, напаўняючы сэрца цеплынёй і лагодай... І – надзеяй...