Змрокi

Нероли Ултарика
“Дзе ты была сёння поначы?” Ён ніколі пра гэта не спытае, таму што і так ведае.

*
Грамадзянін Лаўрэнцеў быў ціхім канторскім службоўцам. Трынаццаць гадоў запар ён працаваў у дзяржаўнай установе, займаючы сціплую пасаду бухгалтара другой катэгорыі. Калегі лічылі яго няўдачнікам. Начальства, наадварот, цаніла, таму што яму заўсёды можна было падкінуць работу, за якую ніхто не хацеў брацца, або папрасіць затрымацца на гадзінку-дзве-тры ці нават  выйсці на працу ў выходныя. Лаўрэнцеў быў з тых, хто ніколі не адмовіць і не запатрабуе кампенсацыі.

У кантору Лаўрэнцеў прыходзіў раней за ўсіх, а сыходзіў вельмі позна, калі офісны будынак пусцеў і ў небе над паркоўкай загаралася вячэрняя зорка. Вахцёркі глядзелі на яго з пагардай. Гардэробшчыцы, спагадліва ўздыхаючы,  прапаноўвалі бутэрброды і чай з тэрмаса. Ён ветліва адмаўляўся і надзеўшы паліто ды капялюш, выходзіў у ноч. Лаўрэнцеў брыў да метро праз цёмны сквер, абмінаючы аматараў вячэрніх прабежак і сабачнікаў з гадаванцамі на павадках. Ліхтары гаслі, калі ён праходзіў міма, фізкультурнікі спатыкаліся на роўным месцы, а сабакі заліваліся азвярэлым брэхам, ледзь не абрываючы павадкі. Грамадзянін Лаўрэнцеў усміхаўся. “Вы нават не ўяўляеце, якая бездань тоіцца побач з вамі, – думаў ён. – Нікчэмныя, вартыя жалю чалавечкі!”

*

Грамадзянка Шапялёва працавала ў школьнай бібліятэцы. З рання да вечара запаўняла яна фармуляры і выдавала энцыклапедыі ды хрэстаматыйную літаратуру. Старшакласнікі звалі яе “клушай” і часам жорстка жартавалі, падкладваючы ў бібліятэчныя кнігі непрыстойныя карцінкі, спампаваныя з інтэрнэту і  раздрукаваныя на каляровым прынтары.  Настаўніцы Шапялёву шкадавалі і раз-пораз падсоўвалі ёй адрасы сайтаў знаёмстваў, а таксама глянцавыя часопісы  з парадамі, як пазбавіцца ад цэлюліту, сфармаваць стыльны гардэроб і прыгатаваць вячэру з прадуктаў-афрадызіякаў. Парады не дапамагалі. Бібліятэкарка не карысталася ні касметыкай, ні парфумай, насіла брунатныя спадніцы, тоўстыя вязаныя кофты і акуляры ў рагавой аправе, а свае рэдзенькія валасы зацягвала на патыліцы ў тугі вузел. Мужчынамі яна не цікавілася.

Пасля працы Шапялёва вярталася ў пустую кватэру. Скінуўшы бясформенную кофту і спадніцу з нягнуткай тканіны, яна напаўняла ванну і доўга песцілася ў пухнатай пене. Пасля ванны, духмяная ды распараная, Шапялёва накідвала на плечы карункавы пеньюар і плыла ў спальню. Як шамаханская царыца, яна ўзлягала  на падушкі з чорна-юлёвага ядвабу, і смакуючы шартрэз маленькімі глыткамі, чытала Бадлера ў арыгінале ды летуценіла.  “Я – Кветка Зла. А недзе вандруе мой змрочны рыцар у чорным даспеху. Ах, знайдзі мяне, знайдзі, я чакаю!” Грамадзянка Шапялёва  была рамантычнай натурай –  зрэшты, як усе адзінокія бібліятэкаркі.

*
Лаўрэнцеў быў патомным беларускім вампірам. Амплуа клерка-няўдачніка было маскай, пад якой ён падступна хаваў сваю сапраўдную прыроду. Штоночы, калі гадзіннік на ратушы адбіваў дванаццаць, ён саскокваў з балкона сваёй кватэры і, раскінуўшы крылы нетапыра, лунаў па-над горадам у пошуках ахвяры.  Раніцой вампір ператвараўся ў непрыкметнага канторшчыка ды ішоў на працу.

Вампір Лаўрэнцеў быў асобай самадастатковай і не імкнуўся знайсці сабе падобных, пакуль начныя сіверы не занеслі яго ў хрушчоўку, дзе жыла Шапялёва.

Бібліятэкарка, узлёгшы на сафе, піла шартрэз і марыла аб шчасці.  Убачыўшы ў вакне цёмны сілуэт, яна выхапіла з-пад падушкі пярцовы балончык,  аднак, прыгледзеўшыся, упусціла сваю зброю на падлогу і дрыготкім голасам прамовіла:
–  Ах, гэта ты, мой рыцар у чорным даспеху! 
Ад нечаканасці Лаўрэнцеў спатыкнуўся на кашпо, заблытаўся ў гардзіне і ледзь не зваліўся з падаконніка.
– Вось жанчына, якую я шукаў усё жыццё! – выклікнуў ён з захапленнем і адным скачком апынуўся пасярод пакоя. Шапялёва паднялася з ядвабных падушак і паплыла яму насустрач. Яны зліліся ў палкіх абдымках.
– Зрабі мяне падобнай да цябе, крывасмок! – сказала Шапялёва.
– Як скажаш, летуценніца.
Іклы вампіра ўпіліся ў яе алебастравую шыю.

*

Вяселле гулялі ў сціплым рэстаранчыку на ўскрайку сталіцы. Тамада дурэў, расказваў брыдкія анекдоты і прыставаў да нявесты. Начальнік Лаўрэнцева няўдала адкаркаваў шампанскае і пабіў люстру. Настаўніцы, рагочучы, жлукцілі "Крывавую Мэры". Галоўны бухгалтар пасварыўся з загадчыкам аддзела і парваў яму пінжак. Роўна апоўначы над рэстаранам загрымелі феерверкі. Госці былі ўжо добра на падпітку, і ніхто не заўважыў, што маладыя некуды падзеліся.

Назаўтра ў бальніцу хуткай дапамогі быў дастаўлены дырэктар рэстарана з пракушанай шыяй. Ён тросся, клацаў зубамі і вёрз лухту пра двух крывасмокаў з крыламі кажаноў – адзін нібыта быў апрануты ў чорны гарнітур з мятлікам, другая, вампірка, была ўбраная ў белае плацце нявесты, фату і флёрдаранж. Крывасмокі выкралі яго з аўтастаянкі, зацягнулі ў нейкі жудасны квартал з хрушчоўкамі і… Небараку ўкалолі заспакаяльнае і адправілі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.

*

Ён ніколі не спытае ў жонкі: “Дзе ты была сёння поначы, дарагая?” А яна, у сваю чаргу, не пацікавіцца: “Дзе ты швэндаўся, мужанёк, што заявіўся аж пад раніцу?”

Штоночы, як толькі гадзіннікі адзвоняць дванаццаць, яны саскокваюць з балкона і, нібы два сцярвятнікі, носяцца  над прыціхлым горадам. Часам яны палююць разам, але часцей паасобку, бо густы маюць розныя. Ён любіць сочных, добра выспелых бландзінак без шкодных звычак. Ёй падабаюцца маладыя лайдакі, заўсёднікі бараў на Зыбіцкай – элітны алкаголь надае ім адмысловы пікантны смак. Яны вяртаюцца перад світаннем, сытыя ды задаволеныя, і засынаюць ў адным ложку. А прачнуўшыся, надзяваюць свае звыклыя маскі і ідуць на працу.

Калі жонка намякнула, што яна, здаецца, чакае дзіцятка, Лаўрэнцеў адчуў сябе акрыленым.  Род беларускіх вампіраў будзе прадоўжаны! А людзі… Ды што людзі? Яны нават не ўяўляюць, якія прорвы тояцца побач з імі.