Багема

Има Иро
П'еса-міжсабойчык)))

Зацемка аўтаркі:
Увага! Усе імёны і падзеі не супадаюць з рэчаіснасцю, хіба што. Некаторыя персанажы ўвогуле павыдумляныя. Усе супадзенні выпадковыя, я лічу.

Удзельнічаюць:
Ядзвіга Казіміраўна, рэпарцёрка (далей Я. К.)
Ульнарыя Нургаліеўна, тутэйшая, графаманка (далей У. Н.)
Ілона Іларыёнаўна, турыстка, крытык, парадыст (далей І. І.)

Я.К.:
- На гэтых запісах, якія мы бачым, вы ходзіце па Мінску. Гэта вы?

У.Н.:
- Так, гэта мы.

Я.К.:
- А што вы там рабілі?

І.І.:
- Сябры даўно раілі мне наведаць гэты прыўкрасны горад.

Я.К.:
- Мінск гэта прыўкрасны горад?

І.І.:
- Так.

У.Н.:
- Гэта турыстычны горад. Шмат архітэктуры ў стылі "канструктывізм" і "эклектыка". Тут ёсць знакамітыя занядбаныя заводы, якія пафарбаваныя знакамітымі графіці, легендарная па-за межамі Мінску галерэя Ў.

Я.К.:
- У?

У.Н.:
- Ў. Ў, ў, ў. У кароткае.

І.І.:
- Мы хадзілі ў галерэю Ў, у гэтую веху, каб паглядзець на канцэптуальныя фотаздымкі, разумееце. На выставу. Каб пабыць у інтэлектуальным тонусе, знайсці сэнсавае ядро...

Я.К.:
- Вы нешта памятаеце з гэтай выставы?

У.Н.
- Здохлая карова мне найбольш спадабалася.

І.І.:
- А мне расчлянёнка ў морге, безумоўна. О!

Я.К.
- Якім чынам вы трапілі на воданапорную вежу?

І.І.:
- Ну, мы на плоце прачыталі.

Я.К.:
- На плоце было нешта напісана?

І.І.:
- Там была прымацаваная аб'ява. Нам спадабалася ідэя.

У.Н.:
- Так, так.

Я.К.:
- Але, гэта ж далёка. Вы пайшлі так далёка?

У.Н.:
- Я вельмі люблю шпацыраваць па горадзе. Гэта цікава і карысна.

І.І.:
- Я таксама люблю боўдзяцца пад дажджом на абцасах. Гэта мой улюбёны занятак, насамрэч.

Я.К.:
- На гэтым фотаздымку вы спрабуеце пералезці праз агароджу, усталяваную міліцыяй.

У.Н.:
- Гэта ўсё Ілона. Я адмовілася катэгарычна! Я прапанавала пралезці пад мастом. Ва ўсіх СМІ было, і па тэлебачанні паказвалі, што ў Мінску ў той дзень было дрэннае надвор'е. Усюль была жыжа. Дык яшчэ і рух быў перакрыты міліцыяй, хуткай дапамогай. Увогуле руху ніякага не было, бо акрамя нас ніхто там болей не хадзіў.

І.І.:
- Праўда, але ў мяне не атрымалася пралезці пад мастом на абцасах. Гэта быў калапс, я вымакла па калені.

Я.К.:
- На гэтым фотаздымку вы перабягаеце магістраль на чырвонае святло.

У.Н.:
- Вой, глядзі, ты тут ужо ў гумовых ботах.

І.І.:
- Ага, уга. Хіхіхі. Разумееце, вакол была жыжа, гэта быў калапс, перакрыты міліцыяй і хуткай дапамогай, таму я купіла сабе ў краме гумовыя боты.

Я.К.:
- Каб пайсці на рэйв-паці.

І.І.:
- Ну, не толькі. Спачатку мы сапраўды, пайшлі на рэйв-опэн-эйр, але там было нецікава, нейкая жыжа і электраправодка і рух адусюль перакрыты міліцыяй і хуткай дапамогай.

Я.К.:
- Як тэхна-рэйв-суполка ставіцца да ЛДПГ?

І.І.:
- Прыязна.

У.Н.:
- Так, прыязна. Але сусвет гэта не цікавіць.

Я.К.:
- А што цікавіць сусвет?

І.І.:
- Байкеры, анягож. Яны такія мужныя, такія брутальныя, такія дзікія і цвёрдыя!

Я.К.:
- Але, вы хадзілі без байкераў. Вы хадзілі ўдваёх, без нармальных мужыкоў, дарэчы. Што вас звязвае?

У.Н.:
- Гэта пытанне пра асабістае жыццё, я не буду на яго адказваць.

І.І.:
- Мы чытаем. Мы чытачы сярэдняй рукі. А тады проста вандравалі, насалоджваліся размаітай готыкай.

У.Н.:
- Канструктывізмам.

І.І.:
- Вой, сапраўды. Яшчэ мы адпачывалі, пілі каву ў кафэ, пераважна гарбату з зёлак.

Я.К.:
- З якіх зёлак?

У.Н.:
- Хіхіхі.

Я.К.:
- Чаму вы вырашылі вярнуцца на тэхна-вежу? У той жа дзень.

У.Н.:
- Нам было цікава паглядзець, як размаіта асветленая вежа выглядае ва ўмовах цемрадзі. І як гучыць рэйв ля калярова асветленай вежы.

І.І.:
- Гэта было чароўна, несамавіта, касмічна. Як у калодзежы з цэглы.

У.Н.:
- Залік.

Я.К.:
- Дзе вы былі наступныя тры дні?

І.І.:
- Я дык у оперу ежджала на ровары.

Я.К.:
- У Оперны тэатр? У гумовых ботах?

І.І.:
- Не, у вечаровай сукні і ў абцасах.

Я.К.:
- Вы так ехалі на ровары?

І.І.:
- Вядома, што не. Я пераапранулася ў прыбіральні.

Я.К.:
- Залік. Што вы глядзелі?

І.І.:
- "Багему". Ведаеце, што мяне зачапіла? Паэт, мастак, музыка і філосаф чакалі доктара ў апошняй сцэне. Яны ўсё пыталіся ў адчаі, калі прыдзе ўрач.

Я.К.:
- І што?

І.І.:
- Геніяльны празорца Пучыні прадбачыў не толькі жабрацкае жыццё імпрэсіяністаў, але і лёс урача, які далучаецца да багемы ў сучаснасці.
Залік.