Раздзел 2

Игнат Урсуляк
Раздзел 2.

Сапраўдным цудам было тое, што ён выжыў у бескампраміснай і зацятай барацьбе са сваёю хваробай, якую сонскія медыкі ўсе ў адзін голас называлі невычлечнай і толькі бездапаможна разводзілі рукамі, абяцаючы свайму шматпакутнаму пацыенту максімум паўгода гібення да надыходу поўнага канца. Аднак барон не верыў медыкам, проста не хацеў верыць. Ён горача любіў жыццё і ўсёю натурай сваёю супраціўляўся думцы аб тым, што яму неўзабаве давядзецца памерці. Не згодны прымірыцца з лёсам, ён нястомна шукаў выйсця са свайго становішча: чытаў усё, што так ці іначай тычылася ягонай хваробы, – ад спецыяльных навуковых медычных часопісаў да рэклямных праспектаў і брашураў усялякіх знахароў; ён размаўляў з людзьмі, уважліва прыслухоўваючыся да іхніх парад і нарэшце спыніў свой выбар на методыках прафесара Дархана, распрацаваных з разлікам на комплекснае ўздзеянне на арганізм хворых з амаль дзевяностапрацэнтнай гарантыяй эфектыўнасці. Праўда, поўны курс лячэння каштаваў немалых грошай, аднак гьёра Олларда гэта не збянтэжыла – ён ужо даўно не прылічваў сябе да тых людзей, якім яшчэ можна эканоміць на здароўі. А апроч таго, ён меў сякія-такія зберажэнні, якія ў тым выпадку, калі б ён памёр, папросту зніклі б у нетрах дзяржаўнага банка, паколькі ў барона не было ні сям’і, ні сваякоў, якіх ён мог бы назваць сваімі спадчыннікамі.
Здароўе барона на той момант, калі ён прыехаў у Цабасію, нават заўсёды аптымістычнага прафесара Дархана прымусіла задумацца аб мэтазгоднасці якой бы там ні было тэрапіі. Уважліва абследаваўшы гьёра Олларда, ён шчыра прызнаўся яму, што хвароба надзвычайна запушчаная і што ў дадзенай сітуацыі наўрад ці можна што-небудзь цвёрда абяцаць. Аднак барон не збянтэжыўся і тут.
– А мне і не трэба вашых абяцанняў і гарантыяў, прафесар, – сказаў ён Дархану. – Прашу вас, лячыце мяне любымі сродкамі, якія толькі ёсць у вашым распараджэнні, і не думайце ні аб чым пабочным. Са свайго боку я хоць зараз жа гатоў падпісаць дакумант аб тым, што калі нават я памру ад якіх-небудзь не да канца правераных лекаў, ніхто не мае права прад’яўляць вам за гэта ніякіх прэтэнзіяў.
Выслухаўшы барона, прафесар задумаўся.
– Добра, – сказаў ён нарэшце. – Паколькі з выпадкамі, падобнымі да вашага, мне ў маёй практыцы яшчэ ніколі не даводзілася сутыкацца, я буду займацца вамі бясплатна з адной толькі ўмовай: вы дазволіце мне напісаць аб вашай хваробе навуковую працу і паабяцаеце, што, калі гэта будзе неабходна, вы выступіце перад вучонай аўдыторыяй у якасці жывой ілюстрацыі да маёй манаграфіі.
Вядома ж, ніякіх пярэчанняў адносна гэтага ў барона не было, і прафесар Дархан без лішніх слоў узяўся за яго лячэнне.
Наўрад ці за доўгія гады сваёй урачэбнай дзейнасці ён бачыў пацыента, больш паслухмянага, чымся гьёр Оллард. На самыя складаныя аперацыі барон ішоў абсалютна пакорна і нават слухаць не хацеў пра дэталі таго, што ён меўся перажыць. Самыя непрыемныя і балючыя працэдуры ён прымаў як належнае і ніколі не дазваляў сабе наракаць.
Як высветлілася з часам, усе гэтыя ягоныя ахвяры не былі дарэмнымі – паступова здароўе ў яго пачало паляпшацца, і неўзабаве нават сам прафесар Дархан ужо насілу мог паверыць, што ягоны цяперашні пацыент і ёсць той самы напаўжывы барон, які прыехаў да яго ўсяго некалькі месяцаў назад.
Гьёр Оллард ганарыўся сабою. Перамога над, здавалася б, непазбежнай смерцю надала яму веры ў тое, што  яшчэ не вельмі стары і на сёе-тое пакуль што здольны. І ўсё-такі доўгая хвароба парадкам надламала яго, так што, адпраўляючыся з Цабасіі дадому, ён нейк не адважваўся думаць, што зможа вельмі быстра прыйсці ў норму. Душэўная замаркочанасць нібыта надзела яму на вочы чорныя акуляры, праз якія ўсё выглядала непрыемным і панурым, як пад шэрым асеннім дажджом.