Ровар i Побач

Има Иро
Наш мікрараён пабудаваны даволі цікава: калі ідзеш у адзін бок, набліжаешся да цэнтральных вуліц, на якіх ёсць банк з каляровым падсвятленнем, шкляныя гіпермаркеты, сучасны кінатэатр з фантанам і грувасткі помнік. Тут растуць вялікія каштаны, ліпы, таполі, явары ды разложыстыя вербы. А як завернеш не туды, дык і страчваецца гарадскі пейзаж, памірае цывілізацыя, вось адна сасна, другая. Групка сасёнак, чаромха, чарэшня, ды раптам лог, у які вядуць загадкавыя сцяжынкі паміж іржавых гаражоў, павыкопваных проста ў сценах логу, ці трапна ўсунутых у ягоныя ямкі, паміж чартапалохам, крываўнікам і любістай. Сцежкі гэтыя ўсе мясцовыя добра ведаюць, бо па іх можна прайсці да рэчкі, а потым праз масток і вёсачку ў лес.
Лясная “дарога жыцця” цяляпаецца на гарадскія лецішчы, таму там акрамя птушак сустракаюцца раварысты і пешкадральцы ўсіх гатункаў. Машын там няма, для іх існуюць іншыя шляхі, даволі цяжкія для разумення і нелагічныя. Абодва напрамкі я добра ведаю, бо па сцяжынках лётаю на лецішча, а па гораду, вёсцы і лецішчах – на вызавы ў машыне хуткай дапамогі.
Аднойчы я ішла задуменна ў лясны бок, ужо нават не па ходніку, а нібы па паязджанцы, машынальна адбіўшы дзецям футбольны мячык, а заўважыла раптам перад сабою групу з шасці мужчын, якія кіраваліся да гаражоў, гучна і нэрвова гамонячы паміж сабою. Я тады падумала, што гэта нейкая працоўная брыгада, бо ззаду ішоў надзьмуты і збянтэжаны нібыта кіраўнік з чырвоным тварам, у шэрым гарнітуры і пры гальштуку, астатнія ж былі апранутыя абы-як. Хада ў мяне шпаркая і лёгкая, таму я хутка наблізілася да іх і пачула засяроджаную, усхваляваную размову пра смерць.
- Трэба будзе пахаваць яе па-чалавечы, выкапаць глыбокую яму… - дагаварыў нехта ў роспачы. Раптам мяне ахаланула жуда, бо аднаго з іх, з сівымі валасамі, зачэсанымі ў “хвасток”, я добра ведала – ягоная старэнькая маці хварэла на працяглы бранхіт. “Няўжо”, - падумала я з прыкрасцю і спачуваннем.
- Так, трэба глыбейшую, каб каты з сабакамі не падабіраліся.
- Рыдлёўку дзе возьмем?
- Ды ў Казіка, зараз паспытаем.
Тут я здзівілася, бо мне падалося, што яны збіраюцца закапаць нябожчыка без цырымоній, проста паміж гаражамі, а яшчэ больш здзівілася, калі адзін з іх раптам павярнуўся да мяне і працягнуў руку, бо раней я думала, што яны мяне не бачаць.
- Вам дапамагчы?
- Не, дзякуй. – доказам я хуценька збегла з узгорку, і толькі тады ўбачыла вялікага чорнага шчанюка на руках у першага з мужыкоў. Вушы сабачкі і лапы матляліся непавольна, але тло яшчэ не кранула гэтае цельца, таму гаспадар пяшчотна прыціскаў яго да грудзей. Я адначасова ўздыхнула з палёгкай, але й засумавала.
Справа ў тым, што на гэты момант у маім жыцці існуюць два жывыя сабакі.
Першы сабака жыве на нашых лецішчах ужо два гады і мае імя Ровар. Ані магчымасці ўзяць яго дамоў, ані нават дакрануцца да дзікай асцярожнай жывёлы я не маю, але хто мне забароніць яго апантана любіць, нізкапаклонстваваць, любавацца ім і распавядаць пра яго на ўвесь свет. Дык вось, ён буйны, але вельмі зграбны і вытанчаны, аксамітна- чорны, сухарлявы, з высокімі нагамі і шырокімі грудзямі. Ягоныя рысы набліжаюцца да ідэалу і гармоніі высокай ступені. Калі б чорная пантэра магла быць сабакам, яна б ператварылася хіба ў Ровара. Морда ягоная вельмі элеганцкая і досць страшэзная, пагрозлівая, белыя вочы і зубы так і ззяюць на ёй, нібыта зоркі ў апраметнай цемрадзі. Як яго ўбачыць? Вельмі проста. Трэба прыпыніцца на дарозе і некалькі разоў эхам паклікаць. Клікаць можна як заўгодна, бо мой цемнаскуры сябра мае сотню імёнаў. Колькі дачнікаў, столькі імёнаў. Ён абавязкова намалюецца прывідам, сціпла падыдзе і паразглядае ласункі-падарункі, каб даверліва і з годнасцю каралеўскай іх прыняць.
Другі сабачка таксама чорны, хатні, маленькі і цікаўскі. Невядома чаму ён прызвычаіўся цягацца побач са мною праз лес, але пачалося гэта таксама два гады таму. Робіць ён гэта даволі часта, сумленна і сур’ёзна, раз-пораз паглядаючы нізінна ў мае вочы. Ён пяшчотны, мякенькі, а таму дазваляе пагладзіць сябе па галоўцы, прытанцоўваючы нецярпліва і ўсміхаючыся. Хадзем, маўляў, хутчэй. Прамінуўшы лес, ён з незалежным відам уцякае дахаты, а ежы ніколі не бярэ. Я клічу яго Побач, мне падаецца гэта дасціпным.
Саюз чалавека і жывёлы даволі цікавая і загадкавая з’ява, насамрэч. Бо чорны кот, якога два гады таму прыцягнуў у хату мой сын, мяне не любіць, уцякае ад мяне і сыкае зласліва кожны раз, калі я спрабую яго прытуліць. Коцік паўзе да мяне толькі калі хварэе ці з мэтаю выцягнуць кляшча з ягонай незалежнай чорнай скуркі. Астатнюю радзіну ён вельмі шануе і лашчыцца да іншых, а кожны з сям'і таксама клікае ката па-свойму. Мой варыянт – Шайба.
На фотаздымку гэта не мой кот, але гэта той, з якога насамрэч усё і пачалося. Яго нам далі на некалькі дзён, каб паклапаціцца і пакарміць. Той самы Чорны Трохкутнік. Тады я дала яму гэткае імя.