Назiраннi з-пад парасона

Ирэна Щупак
       Я стаяла на трамвайным прыпынку і чакала, калі падыдзе мой трамвай. Прыпынак  знаходзіўся насупраць аўтавакзала, таму было людна; ды яшчэ дзень хіліўся к вечару (людзі вярталіся з працы).  Было па-летняму спякотна,    але ў паветры адчувалася набліжэнне дажджу –  неба  даволі хутка зацягвалі хмары. Дзесьці далёка прагрымеў першы гром, і на пыльны асфальт упалі буйныя кроплі. Людзі, што пераходзілі дарогу, прыбавілі ходу і заспяшаліся, хто пад казырок прыпынку, хто ў памяшканне аўтавакзала.
     Я заўсёды, калі доўга стаю на прыпынках або ў чэргах, люблю назіраць за людзьмі. Вось і ў гэты раз я пачала назіраць, як паводзяць сябе пешаходы. Дождж узмацняўся, па асфальце пабеглі ручайкі, перашкаджаючы праходзіць па дарозе.
    Вось на высокіх танюсенькіх абцасах бяжыць зусім яшчэ дзяўчо. Стараецца не трапіць у лужу і не пашкодзіць абутак; пераступае асцярожна, выбіраючы адносна “сухія” астраўкі на асфальце. Як тая балерына, здаецца, завісае на момант над дарогай. 
    За ёю спяшаецца кабета з вялікай сумкай на колах. Сумка перашкаджае хадзе; бачна, што жанчына злуецца і нешта бубніць сабе пад нос.
     А вось шпацыруе даўганогі, нібыта той бусел, мужчына. Не зважаючы на тое, што вада амаль поўнасцю заліла дарогу, ідзе, не выбіраючы, куды паставіць нагу.
    Маю ўвагу прыцягнулі маці з  дзіцем. Маладая жанчына цягне за руку хлапчука  год, мабыць, трох. Хлапчо ўпіраецца, шлёпаючы па вадзе ножкамі, абутымі ў каляровыя сандалеты. Яго не турбуе, што ногі прамоклі. Дзіця ўсміхаецца ад задавальнення, а маці нешта крычыць.
    Можна яшчэ доўга апісваць людзей, што спяшаліся кожны па сваіх справах  у той ліпеньскі дзень. Але нельга пакінуць без увагі  і  аўтааматараў.
    Дождж заліў дорогу амаль да бардзюраў. Вада не паспявае збегчы пад зямлю ў спецыяльныя адтуліны. Патоп. І вось тут кожны паводзіць сябе па-свойму. Ведаеце, незалежна ад таго, якой маркі аўтамабіль. Хтосьці стараецца крыху збавіць хуткасць перад трамвайным прыпынкам, зайважыўшы, што там сабралася даволі вялікая колькасць людзей; а хтосьці імчыць, абдаючы пешаходаў бруднай вадой. У адказ такому “ахвотніку да хуткай язды” льецца брудным патокам лаянка ці праклёны. 
    Але ліпеньскі дождж звычайна кароткі. І вось праз хмары прабіваецца сонейка. Разам з ім да прыпынку падыходзіць трамвай, і людскі паток накіроўваецца да вагона, абтрасаючы парасоны. Скончыліся і мае назіранні  з-пад парасона.