Шпацыр

Янина Пинчук
Я быў ахутаны паўночнай,
Туманнай, золкаю тугой.
Імжа мне цалавала вусны,
Дзвіна заслалася смугой,
А вецер мякка кратаў гуслі –
Звінеў мой адзінокі сум
У шэрай цішы набярэжнай,
Куды не далятае шум,
Абдымкі раскрывала неба
І клікала – замест цябе,
Рака пляскалася, як думкі,
Тапіла сэрца ў журбе.
Я крочыў моўчкі і павольна
З расшпіленай вятрам душой -
Яна цвіла салодкім болем,
Была паўнюткая табой...