Пра акуляры

Има Иро
Калі мне споўнілася сем гадоў, у мяне пачаў хутка псавацца зрок. Кажуць, тады мяне вадзілі да акулістаў. Дзіўна, але я зусім не памятаю, як тыя цёцькі ці там дзядзькі выглядалі. Магчыма, з-за сапраўды дрэннага зроку, магчыма проста ад шоку. Я памятаю, затое, як мне на твар насунулі брыдкі карычневы механізм і пачалі шчоўкаць шматлікімі лінзамі з доўгай шуфлядкі. Потым маёй маці далі паперку і казалі ісці купляць акуляры.
Калі мы выйшлі з ёй на вуліцу, трымаючыся за ручкі, я цвёрда сказала, што купляць акуляры мне лепей не трэба. Бо апрануць у акуляры мой твар магчыма будзе толькі ў адным выпадку - калі я буду ляжаць у труне. У якасці ўпрыгожвання.
Трэба сказаць, маці мая не надта здзівілася, ды ўвогуле не спужалася.
Затое ў маім жыцці з'явіліся практыкаванні для вачэй, якія я сумленна некалькі разоў за дзень рабіла каля вакна, балючыя кілбаскі, якія маці круціла з маёй скуры на спіне падчас масажаў, і яшчэ татальны зялёны колер. А летам кілаграмы чарніц, якія я сама і збірала ў лесе, разам са сваёй цярплівай радзінай. Лічыцца бо, што чарніцы спрыяюць паляпшэнню зрока.
Між тым, ані чытаць, ані маляваць мне ніколі не забаранялі. Мяркую, гэта было таксама немагчыма.
Паступова мае прыгожыя вочы самастойна прыстасаваліся да атачэння і ўладарнай асобы, а нават кожнае вока набыла ўласную вузкую спецыялізацыю. Дагэтуль я карыстаюся правым вокам, каб бачыць выразнае далёка, а левым - каб засяроджвацца на самых найдрабнейшых рэчах. Напрыклад, я магу спакойна збіраць грыбы ў лесе, кіраваць аўтамабілем, а потым праз хвілін пяць ужо вышываць, працягваючы цянюткую іголку паміж лічанымі нітачкамі бавоўны ці льну, ці маляваць шарыкавай ручкай, рэгулюючы таўшчыню і празрыстасць лініі. Ах, як гэта цікава!
Безумоўна, каб настроіць свой аптычны апарат, мне патрэбны некаторы час. Таму я заўсёды некалькі хвілін рыхтуюся ля кабінета акуліста падчас медаглядаў, вынікі якіх заўсёды адрозніваюцца. Акулісты вельмі намагаюцца не зварочваць залішняй увагі на мае паперкі, таму што большасць з іх добрыя і паблажлівыя людзі з нармальнай урачэбнай інтуіцыяй.
На апошнім медаглядзе мяне пасадзілі ў сучасную дзівосную машынку для праверкі зроку. Трэба сказаць, маладзенькая дахторка вельмі ўзлавалася, разладзілася і ніяк не магла зразумець, якім чынам я вось так жыву ўсё жыццё з такім пачварным астыгматызмам. Па ейным падліку, я хіба павінна была ўжо даўно памерці.
Я ўсміхалася пераможна і папрасіла яе спраўдзіць мае магчымасці. Дакладней кажучы, немагчымасці, бо праз некаторы час мая дахторка крычала, что гэта немагчыма і ўсё. Аднак, на далейшыя вопыты я не пагадзілася і сышла.
Справа ў тым, што з самага малога дзяцінства ў мяне вельмі прыгожыя вочы, вялікія, цікаўскія і вельмі выразныя. Аднойчы я нажніцамі паспрабавала паабстрыгаць вейкі і бровы, бо ніводзін мінак не мог прайсці міма, не пахваліўшы мае заўсёды нібыта здзіўленыя вочы. Я маю да таго ж брыдкую звычку пашчыпваць вейкі, выдзіраючы залішнія валаскі, што паходзіць таксама з дзяцінства. Мяне нават на сухоты даследвалі часцей за іншых, бо ў хворых на сухоты чамусці вырастаюць вейкі, падобныя на мае: чорныя, густыя і пазакручваныя дагары.
Дык вось, з такім упрыгожваннем аніяк немагчыма насіць акуляры, нават сонечныя. Бо нос у мяне заканчваецца раней, чым вейкі, а бровы стаяць заўсёды вышэй за акуляры, таму сонца прасочваецца вольна мне ў вочы, заўсёды і бесперашкодна.
Амінь.