***

Янина Пинчук
дзяўчына вечна цяжарная,
што можа толькі выношваць,
не нараджаючы, -
аднойчы загіне,
бо скончацца сокі
альбо разарве марудна -
страшная доля;

маю кветку кінуць ў транспарце;
мая цацка намокне
на ўслоне пад ліўнем;
у памыйніцу ціха
мой пірог пакладуць -

але нараджэнні адбудуцца -
разляцяцца мае птушаняты -
і, магчыма, што нехта
не спінай, а тварам павернецца
на дзіцячыя іхнія спевы.