Проста рэцэнзiя-7 на беларускай мове

Има Иро
На Каляды немагчыма сядзець у хаце. Гэта закон, абавязковае правіла, тыранічнае, прымусовае, няўмольнае. Хаос ахутвае і падпальвае, вішчыць пад нагамі, страляе, спакушае і выклікае нястраўнасць.
Тузаюцца аўтобусы, перапоўненыя шкалатой, ціснуцца ў карагоды бязглуздыя тлумы, бліскучыя феечкі, лісічкі, коцікі, рэтра-мушкецёры і сучасныя амерыканскія героі. Дзеды Марозы, бясконцыя гронкі безгустоўных Дзедаў Марозаў, як п'яны, забрадзіўшы вінаград, і ўсюль таннае шчасце, як таннае шампанскае.
- Загадвай жаданне!
- Я не маю жаданняў.
- Раззява.
Руская мова на імпрэзах нечакана прадзірае кіпцюром, свярбіць пад тонкім плястрам зладзюжкавай дзівачнай трасянкі.
У маіх руках тузаюцца дзве далонькі, два чужыя сямігодкі-вэрхалы спрабуюць уцячы ад мяне, кінуцца на шашу ці назаўсёды захраснуць у тлум, зваліцца ў лужыну, паваліць штосці ці кагосці, я рагачу і раву праз грукат транспарту:
- Вы ж мае ўлюбенцы! Вашыя ручкі, як дзве змейкі, два вужыкі. Ахаха! Глядзіце! Я Лаакоан!
- Што, што?
Я распавядаю, асіпнуўшы, пра Лаакоана, потым яшчэ пра Левіяфана, потым пра свойскую вужаку з каронай на галаве. Вушы натапырваюцца з-пад паз'яжджаўшых шапак і кучомак, брудныя насы паварочваюцца да мяне, тараканчыкі дакранаюцца да мяне пільнымі, далікатнымі мацкамі, на імгненне, каб потым зноў паразбягацца, парасплюхвацца ў дзіцячым адчаі па ўвазе, у якім яны - як рыбкі ў вадзе. Кожны з шакаладзінай і бліскучкай.
Але сапраўдны цуд чакае, тоіцца, як тая жамчужына ў ракавіне.
Я не бачу яе, не хачу, але яна ўжо прыгатаваная, тут, ёсць. Захлопнулася, учапілася за палец. Бяры! Чортава лялька.
- Не хачу, не паеду, абрыдла!
- Але я маю квіткі.
- Адчапіся, ну! Хо-ла-дна.
Едзем. І раптам, раптам: сапраўдныя беларускамоўныя калядоўшчыкі, сапраўдная каза, мядзьведь, зорка, гаспадынька з гаспадаром, сапраўдны беларускі калядны карагод, абрады, песні, мова, полька, ора... Цалускі на марозе, сутыкненні нагамі, бакамі, усмешкамі. Нас, дарослых, зусім няшмат, дзяцей яшчэ меней, таму кожнаму прывітанне і сасвятамі.
У казы ў кішэні паперачкі з прадказаннямі на год. Каза, пакланіся! Няўжо мне? Разгортваю, слупянею...
І можа ажываю.
Наступнай раніцай падскокваю і бадзёра бягу, адмарожваючыся, па квіткі ў лялечны тэатр.
Толькі адзін раз, толькі сёння, адзін дзень у годзе ў Гародні бывае нешта несамавітае.
Сапраўдныя анёлы спускаюцца з нябёсаў, каб рапавясці дзеткам па-беларуску, хто такі бог.
- Гэта той, хто стварыў сусвет і той, дзеля каго сусвет створаны!
Чароўны маленечкі ослік з бліскучымі вачыма цялёпкаецца ў Батлеем на сваех цалкам запалкавых ножках і памахвае наіўнымі вушамі, каб раз-пораз узлятаць да зоркі ад здзіўлення. Ён грукае ў дамы і пытаецца:
- Ці ёсць тут бог? У вас ёсць бог?
Парсюк не хоча ісці з аслом, у парсюка ёсць добры гаспадар і ежа.
- Дзюдзя, дзюдзя,- ласкава кажа гаспадар. Анёлы жорстка праводзяць далонямі па шыі.
- Ням ням?
- Ням ням.- Няма, маўляў, болей парсюка. У зале цішыня. І раптоўны аграменны твар на палову сцэны: леў.
- Навошта любоў? - Кажа леў, каб быць забітым праз імгненне. - Галоўнае гэта сіла.
"На кожную сілу, - шапчу малому на вушка, - знойдзецца мацнейшая сіла."
Наступны - крот. Ён шукае бога пад зямлёй і знаходзіць... чорта!
- Цорт, цорт! - смешна крычыць крот, - Дапамажыце!
Сцэна палае чырвоным і чорным, чорт свеціць вачыма і натапырвае рогі:
- УУУ!
- ААА!- Пішчыць зал.
- Я- бог! - Кажа рудая малпа, падобная на нейкага рэпера.
- Ты- малпа! - Кажуць анёлы і кідаюць малпу за краты.
І вось раптам на сцэне - малюсенькая найцішэйшая стаенка, памерам з торбачку. Анёл адчыняе дзверы, а ўнутры несамавітае святло, і безабаронная цудоўная Марыя з немаўляткам, памерам з птушачку ў гняздзе.
- Ах! - чутна ў зале.
- Там бог! - адначасова шэпчуць дзеткі, і ўсе, як адзін, накланяюцца наперад, гэта такі сінхронны, агульны дзіцячы рух. Несамавітае ўражанне! Я не выціраю слёзы, яны капаюць мне проста на сукенку.
Анёлы шчасліва ўсміхаюцца. Якія ж яны прыгожыя!
Да сустрэчы ў наступным годзе, анёлы!
Да сустрэчы.


На фотаздымку анёл, створаны таленавітым гарадзенскім мастаком Сільвановічам. Па майму разліку, ён датычны да спектаклю, як ніхто.
З падзякамі і паклонам, Іма Іро.