Вiвагiмназiя, па-беларуску

Има Иро
Пасквіль.

- У вашага сына занадта доўгія валасы.
- А, добра. Я прынясу даведку з цырульні (назва), што ў яго чатыры віхры на патыліцы. Якая кольвек іншая прычоска будзе абавязкова натапырвацца панкам. У яго іракез.
- Што?
- Іракез.
- Хто іракез?
- Бацька, - жартуе Ілоначка, сціпла пасміхаючыся.
Кабінет псіхолага зроблены з каштоўнага белага пластыку і займае добрую палову рэкрэацыйнай зоны чацвёртага паверху. Маўляў, улада тут я. Ілона думае: "Ці гэта законна? Ці адпавядае санітарным нормам? Ці магчыма тут размаўляць патаемна?"
- Вось паглядзіце, ён гэтыя карцінкі не запомніў. - Перад Ілонай дрэнна надрукаваны чорны ліст з няўцямнымі малюнкамі на шэрым фоне. Яна напружвае свой прыўкрасны зрок і намагаецца запомніць нешта, але бачыць толькі тапор і карабель.
- Яшчэ ён не запомніў словы.
- Якія?
- Стул, куст, гром...
Ілона запомніла тры слоўца са спісу, першакласнік павінен запомніць сем з дзесяці. "Ах так!" Ілона дастае сшытачак, павольна адкрывае яго і чытае нейкія дваццаць слоў:
- Абячайка, спіц, дэка, эфы...
- Што гэта?
- Часціны аднаго з музычных інструментаў. Ён вывучыў гэта выдатна за адзін занятак. Між тым, асэнсаваных сувязяў ў гэтых словах не болей, чым у вашых.
- Ха! Яму гэта цікава. Але, ён не можа ўтрымліваць увагу на тым, што яму нецікава.
Ілона смяецца і дастае вялізны нотны сшытак:
- Як вы мяркуеце, ноты вельмі цікава адгадваць? З трох актаў у разнабой?
- Але ён павінен запомніць гэтыя словы, з паперы. Гэта паказчык інтэлекту.
- Гэта хто яшчэ сказаў? Хто прыдумаў?
Псіхалагіня шпурляе паперы ў паветра, ейныя наманікюраныя пазнокцікі абурана ціўкаюць.
- Зараз! Можа, з Міністэрствам адукацыі паспрачаемся?
- Можна, - кажа Ілона, - досвед ужо ёсць.
Завуч насупраць нэрвова торгаецца. Ілона ўсміхаецца шчыра:
- Ён хакеіст яшчэ. - І дастае вялізны фотаздымак каманды. Прыгажуны, волаты!
- Гэта бясконцае забаўлянне, глупства і пястоты. Ён павінен болей працаваць. Рабіць тое, што нецікава.
- На Каляды ён тры гадзіны запар рабіў разам са мной імбірнае печыва. Я шмат раблю заўсёды.
- Гэта было цікава.
- Не. Гэта манатонная аднастайная стамляючая праца.
- Вам трэба адмовіцца ад гэтых забавак, бо дрэнна будзе. Трэба прымусіць яго працаваць, рабіць тое, што нецікава.
- Ну... што, напрыклад? Не разумею.
- Вось у хаце вазьміце велькі збан, насыпце туды гароху з фасоляй, няхай перабірае на выходныя.

Тут завеса.)))

Дадатак:
- Скажыце, вось як вы думаеце, што такое цеплыня?
- Гэта абстрактнае паняцце, яно шмат сэнсаў змяшчае.
- А для мяне гэта сонейка.
- А для мяне турбота.

...

Дадатак-2:
З Вікіпедыі даведалася, што назва "іракезы" адзначае "іро-ку", "сапраўдныя гадзюкі". Ыыыы.

Дадатак-3:
Не ведала, ці пісаць, ці не. Псіхалагіня вельмі настойвала на асабістых занятках сам-насам з маім сынам. Адзінае, што яе ўстрымала, гэта карантын па мікраспарыі ў нашым класе. І ў суседнім вошы. Ахаха!