***

Янина Пинчук
зімой ты
ні на што не спадзявайся,
даверся цемры вуліц -
абсідыянавай,
агатавай,
як хочаш,
такой крыштальнай і ўтульнай,
бо вечар цягнецца
даўжэй, чым дзень,
асабнякі купаюцца
ў падсветкі
вадаспадах –
такіх халодных,
бы шампанскае
у вечар навагодні;
і новы дом
у новым, і безыменным,
загадкавым завулку
ператвараецца
ў чароўную скарбонку,
складаецца яна
з халоднага святла
і рамантычных поглядаў тваіх,
чаго ж прасіць тут болей;
дрыготка пальцаў
у сетчатых пальчатках
і смех сяброўскі –
вось партрэт той ночы.