апалыя зоркi

Янина Пинчук
хлопаюць дзверы за спінай маёй,
і Цвярская-Ямская
паколвае шчокі марозным паветрам;
так, я выйшла на справу,
мой намер – гэта скрасці апалыя зоркі,
ураджай, клапатліва сабраны другімі,
нанізаны рупліва на ніткі,
як грыбныя гірлянды ўвосень, -
зоркі ў годзе ў гэтым багата ўрадзілі!
так і кражы маёй аніхто не заўважыць:
мне патрэбна не так ужо многа:
ліхтароў, мо, штук сем,
выпадковых агеньчыкаў недзе з дзесятак
і той дом на рагу Прачысценкі,
што як торт у блішчынках ядомых;
ну і што? а аднойчы я скрала
крамлёўскую зорку. і схавала ўсё там жа –
ў нетрах сваіх успамінаў.