дыпламат

Янина Пинчук
я дыпламат,
але гэта не значыць
саступак:
я кампраміс разумею
па-амерыканску,
а значыць,
і страт для сябе не жадаю;
я гатовая
да дыялогу, але межы свае
бараню я зацята;
вас жа бачу наскрозь
і таму
гаварыць натамілася ўжо
і загладжваць куты;
а куты майго рота –
таксама ўніз,
я не буду іграць асалоду,
адно слова маё
у вачах,
на сцягах,
на грудзях,
на ілбе,
на Белавежы,
Крамлёўскай сцяне –
ну, хто адгадае? –
слова гэтае –
“НЕ”.