пялёсткам кволым акварэльным...

Янина Пинчук
пялёсткам кволым акварэльным
нясмела ўзышла надзея
між плітамі чужых скрыжаляў,
сягнула радасна да струн мядзяных
і з іскрамі асыпалася долу -
ды, акрыяўшы ад хваробы жалю,
ператварылася ў лілеі рук,
якія лашчаць зоры на пагонах
мундзіраў цёмных колеру трызнення -
валькірыі належаць зорнавокай,
што спіс партыйцаў вывучае
наконт магчымага бяссмерця і збавення;
спаўзае студзяністы цыферблат
на брукаванку; сполах ліхтароў
з маўчаннем гасне ў вечаровай высі;
за вокнамі пяюць і граюць джаз,
а горад перакідваецца ў лес -
прытулак даць высакароднай рысі.