надзея

Янина Пинчук
I.
я дабягу
я далячу
сказаць паспею
словы
што для іншых
не прызначаны вушэй
а след павінны мой
згубіцца
ў цемры апраметнай
фронту
які ніхто не бачыць
так
я спраўлюся
з заданнем

II.
я дабягу
я далячу
скрозь цемру
чыстага адчаю
да святла
не адпушчу
трымайся
бо паспею я
паклікаць дапамогу
вось толькі
лічбы дзве
і голас нечы
мы ўжо не адны
з бядою
пачакай
выратаванне хутка

III.
я дабягу
я далячу
хоць і ўцёк ты
так далёка
ды магчыма ўсё
пакуль
мігоча аганёк надзеі
таемна
дзесьці ў закутку
знайсці б такое месца
выпадкова
(ў горадзе старым
а можа
на Кутузаўскім ля дома)
дзе будка
і магічны дыск
адна манета
адзін міг
і заміранне сэрца
бо такіх
няма ўжо нумароў
аднак
гэта магчыма
пачуць раптоўна
родны голас
які ў здзіўленні
скажа мне “ало”
я буду слухаць
і маўчаць
бо слёзы
горла мне заб’юць
салёным камяком
не пракаўтнуць
таму я буду
слухаць
а пасля гудкоў
павешу слухаўку
надзея
спраўджана
надзея
адбылася