Птушкi-бабушкi

Има Иро
Трасянка


Гэта быў вельмі дзіўны пакой, цёмны, змрочны, з карычневымі ядвабнымі шторамі, цяжкімі і непразрыстымі, шпалеры і ложак таксама непахісна падпарадкаваліся шаленству татальнага карычневага колеру, а ў дадатак побач з ложкам знаходзіўся штучны чорны агмень з задзірлівай чырвонай кнопачкай. Уражанне стваралася самае найгоршае, прыгнятаючае, а нават жахлівае. Цемрадзь, пыл і задуха панавалі тут. Старэнькая сухарлявая жанчынка ляжала, моўчкі хвалюючыся, пад накрыўкай з двух слаёў. Першы – беласнежны грубы даматканы лён з неапрацаваным краем, а зверху – цянюткая посцілка несамавітай прыгажосці з дзвюх паловак.  Колеры цэглы, гліны, ельніку і вохры стрымана перацякалі адзін у другі, пераплеценыя і перакрыжаваныя шматкроць у складаных узаемаадносінах дрыготкіх сфер, прасякаючых адна адну. У цэнтры кожнай сферы – знак продка. Нібыта род з родам мацаваліся ў сеціва, кальчугу, трымаючы роўную цвёрдую будову.  Ілоначка дакранулася з павагай да тканіны:
 – Быць не можа. Самаробная?
 – Стажытная, - пацвердзіла жвавая цётка. – Матуля з нечага вырашыла сюды вярнуцца па яе. І вось, захварэла нечакана.
– Гэты ўзор завецца “родная Беларусь”,  я лічыла яго вельмі рэдкім…
Цётка зірнула абыякава і пайшла далей збіраць рэчы ў шпіталь. Тэа раптам ухапіў маленькую бабульку і пачаў дзелавіта завінаць яе ў посцілку,  нібы мумію, адкінуўшы ўбок лён. Старэнькая абурана пачырванела паморшчаным тварыкам і пачала сапці.
– Што вы робіце? - Сухавата запыталася Ілона.
– Трэба.
– Няхай, - ціха прамовіла дачка.
Ужо пазней, у прыёмніке, Ілона раптоўна заўважыла, як узор складаецца ў вялізныя грувасткія васьмірогі. “Дзіўна, – падумала яна, – Кацар* не звярнуў на гэта ўвагі, размясціўшы дробны фрагменцік.”
Скончыўшы справы, на падстанцыі Ілона развярнула вышыўку з  адыстар такім арнаментам, але іншага колеру.  “Цікава, ці атрымаюцца ў мяне велькія васьмірогі? Аднак, яны павінны быць белыя… Вялікая белая душа роднай Беларусі, жывая душа”.
– Ого! Нічога сабе супадзенне! – Тэа нахіліўся, углядаючыся.
– Так та.
Наступная ноч сыпанула дажджом, вільготны асфальт ператварыўся ў акварэльны малюнак, на якім плямамі чыстай фарбы парасцякаліся ліхтары і светлафоры.
Машынка хуткай дапамогі паляцела ў змрок, губляючыся ў лесе, каб адшукаць прыхаваную ў ім  вёску, а ў ёй  – зграбную белую сучасную хату, пабудаваную сумленна і старанна. Тут жывуць адметна-маўклівыя працавітыя мужчыны з цвёрдымі тварамі і каменнымі далонямі, якія ходзяць па гранітнай падлозе, але ёсць тутака прыхаваны залацісты пакойчык, напоўнены зіхатлівым паветрам. Шторкі ў ім надзвычай лёккія і надзіманыя, нібы няўлоўныя ветразі, а з-пад бухматай коўдры паглядаюць цікаўскія вострыя вочкі. Проста на Ілоначку.
Тэа аб нечым голасна размаўляе з зацвярдзелымі мужыкамі, а казачная бабулька-фея ціхенька распавядае Ілоне:
– Часам я бачу дзівосныя рэчы: нібыта дзеткі бегаюць побач, гамоняць. Бялявыя, маленькія, прыгожыя. Павяду рукою па галоўцы хлапчука  – а ён, бач ты, у паветры і распусціцца. А яшчэ вось птушка, так і ляціць на мяне…- Фея сарамліва хіхікае. – Вялізная, нібы бусел…
Ілона адчувае, як валасы ўзнімаюцца дубам на галаве.
– Чырвоная…
– Не кажыце нікому. Пігулкі піць прымусяць, то й будзеце спаць увесь час, пагніеце. – Ілона падхопліваецца і выходзіць, запярэчыўшы пагрозу для залатога фейчынага жыцця.
Раніца настае свежая і чыстая, сонейка ззяе з нябёсаў, Ілона ляціць на нябескім ровары. Што стрымае яе? Светлафор, вядома. Побач прыпынілася дагледжаная сталая кабета ў барвовай скураной касухе, бліскучых боціках на абцасах, з валасамі, пафарбаванымі ў бурачковы колер і паўкладанымі ў адмысловую фрызуру.
– Вітаю цябе, птушачка, залатая ручаінка.
– А! Дзень добры, пані Ванда.
– Капеечку, капеечку дай, ручаінка.
– Ашалела, пані Ванда? – Ілона шчыра рагоча. У пані Ванды французская бялізна, яна апранае вытанчаныя карункавыя панчошкі на падвязках, гэта ўсе хуткадапаможнікі ведаюць, бо пані мае звычку напівацца ўдрабадан і валяцца на плошчы, брудна мацюкаючыся на мінакоў. Калі яе зацягваюць у машыну, яна вішчыць, як свіння ў плоце, балюча б’ецца нагамі і ванітуе на свае ядвабныя каляровыя сукенкі.
– На матацыкле гойсаеш? – Ванда пільна разглядае Ілончын ровар.
– Уга.
– І я некалі ежджала.
– Ведаю.
Некалі пані Ванда паляцела з матацыкла і разбіла галаву, пасля чаго зрабілася дзівачкай. Ілона шкадуе яе і ніколі не дазваляе ў сваёй прысутнасці збіваць. Хуткадапаможнікі не любяць п’янтосаў.
– Здаровая будзь, ручаінка, шчаслівая будзь.
– А. Дзякуй, прыдатна.
“Можа, трэ было ёй капеечак адваліць? Ай, няма чаго,” – думае Ілона, рассякаючы паветра нябескім роварам і забываецца пра пані да наступнай сустрэчы.
Да сустрэчы.
Ілона стомлена паўзе дахаты праз парк, старанна трымаючыся роўна і ўпэўнена. Побач няпэўна крочаць “асацыяльныя элементы”, дыхаючы алкаголнай парай і непрыстойна заляцаючыся да мінакоў.
– О! – Кажа адзін з іх на Ілону і амаль бяжыць побач, енчучы сябруку:  – Га! Сфоткай мяне з ёю, сфоткай!
Раптоўна праз школьны плот пераляцела зграя галубоў і, зграбна абмінуўшы Ілоначку, гвалтам пляснула крыламі п’янаму ў твар. “Быць не можа,” – задзяўбана падумала Ілона.
– Быць не можа! – Равеў аўтапартрэтыст на ўсю вуліцу. – Ня можа быыыць!


*Мелася на ўвазе кніжка даследчыка Кацара "Беларускі арнамент".
Малюнак нахабна скрадзены.)))
http://www.youtube.com/watch?v=Xs1GkyK5vWI