я не хачу спяваць песнi жальбы

Янина Пинчук
я не хачу спяваць песні жальбы
я не хачу пачувацца салодка
здабычаю шэрых вервольфаў
і пешкай гранітна-бетоннага
лёсу з прасторай халоднай
і простымі рысамі порцікаў
я не хачу мазахізму
я не хачу ні крывёю харкаць
ні пратэстам
ні жахам
ні пакутніцтвам нейкім
напоўненым гордасцю
я не хачу спачуваць усім крыўджаным
бо сама гэтаксама прыніжана быццам
я не хачу быць ахвяраю высакароднай
я хачу гаспадыняю быць
і прамаўляць з пазіцыі сілы
таго хто правы і ўладу
як належнае мае
хай словы мае гучаць на трыбуне
зусім не на кухні
а кнігі не з-пад крыса
і размовы не шэптам
і пастава не хісткая
не ватоўка на мне а мундзір
не салавей і не бусел
мой сімвал – арол
я люблю і карону
і шаблю й бізун
калі імі сама карыстаюся
супраць ворага
подлага здрадніка
і захопніка хіжага
я хачу жыць у свеце дзе нашая возьме
дзе адбылася ўжо перамога
я не хачу спяваць песні жальбы
і не буду
спыняюся
проста цяпер