таемныя месцы

Янина Пинчук
дэжа вю, і не толькі маё:
як павольны нырок у мінулае,
перамешаны мроі і ява,
у гародчыкі патанулыя;
зеляніна нібыта пятрушка,
а хрушчоўкі, як тыя скарынкі,
а тралейбус, як быццам вусень,
падпаўзае цяпер да прыпынку;
тут лунаюць “тыя часы”,
успаміны дзяцінства і дачы,
а разгадка даволі простая:
час тут проста бяжыць іначай:
у прасторы горада М.,
як і ў часе, бываюць разломы,
вось і бачыш родны свой двор,
адначасна табе незнаёмы...