Падман цешчы

             Трэці вугал, ці падман цешчы

                Гумарэска.


     Інжынер, Цівун Міхась Віктаравіч, вяртаўся з фабрыкі, дзе працавў тэхнолагам, да дому ў некалькі ўзбуджаным настроі. Падыходзіла да свайго лагічнага канца шматгадовая засільвальная барацьба з каханай цешчай. Ва ўсякім разе, ён, хоць і быў у душы чалавекам не злым, але цынічна на гэта спадзяваўся. Калі хочаш здабыць перамогу, прыходзіцца частку сумлення і душэўнай цеплыні ганьбіць і зняважаць. Як калісьці сказаў адзін франзузкі зяць, падсыпаючы раніцай атруту ў цешчыну гарбату:" А ля гер комм а ля гер". Беларускі зяць Міхась Віктаравіч да такога пахабства не дайшоў бы ніколі, але... які разумны быў той чалавек, што так мудра і смешна сказаў:" Разам з прыданым жонкі мне дасталася яе маці". Калі бацькі жонкі жылі асобна, гэты выраз быў смешны, а калі, пасля смерці цесця, цешчу забралі да сябе, гэта, на жаль, стала мудра. А пасля таго, як дзьве дачкі Міхася Віктаравіча і яго жонкі Любы выйшлі замуж і з'ехалі, адна як раз у кватэру бабулі, то ён з сумотай зразумеў яшчэ адзін афарызм:" Як толькі цешча робіцца другой маці, адразу хочацца застацца сіратой". Але калі гэта зрабіць, без крыміналу, немагчыма, то цешчу трэба калі не кахаць, то абавязкова паважаць, інакш ворагам стане не толькі яна, але і яе дачка, якая, па жыццёвых абставінах, прыходзіцца жонкай, а тады... страх падумаць!

     У процістаянні Цівуна і яго цешчы канфрантацыя ніколі не прымала адкрытага ўзброеннага канфлікту, а вялася выключна на псіхалагічна-інтэлектуальным узроўні, адчаго нярвовае напружанне ўзрастала і узмацнялася. Гэта была барацьба на нярвовы ізмор, якая, пры адсутнасці кампрамісу з дзьвух бакоў, абавязкова калі-небудзь павінна была скончыцца драматычна, а можа быць - і таго горш.

     Як бы там ні было, але ў дадзены момант цешча Міхася Віктаравіча ляжала на сваім ложу ў яго кватэры і начэквала зграбны выпадак, каб аддаць сваю бессмяротную душу Богу. Наконт адрасату душы інжынер вельмі сумняваўся, але з-за інтэлігентнага выхавання і такту, дастаўшыхся ад бацькоў у спадчыну, захоўваў філасафічнае маўчанне. Ён быў вялікадушны. Багіня перамогі Ніка канчаткова пераходзіла на яго бок, бо яшчэ тры дні таму Пелагея Эдмундаўна, менавіта так было запісана ў пашпарту цешчы, папрасіла ўлюбёнага зяця паклікаць папа, каб паведаміць таму па сакрэту пра свае незлічоныя грахі. Як добрасумленны сваяк і проста добры чалавек, Міхась Віктаравіч тэрмінова, у той жа вечар, не гледзячы на пасляпрацоўную стомленнаць, даставіў таго з царквы, якая знаходзілася на процілеглым канцы гораду. Чаго толькі не зробіш, каб задаволіць дарагога чалавека!

     Аднак, не паспеў гаспадар павячэраць, як поп выйшаў з пакою грэшніцы і, хуценька развітаўшыся з жонкай Любай, знік. "І тут схлусіла, - падумаў інжынер, адсоўваючы ежу. - Замест вялізарнага меха грахоў, вылажыла маленькую торбачку і саманадзейна ўпэўнена, што яна ўжо чыстая і светлая, нібы анёл".

     А цешча, каб пасароміць зяця наконт яго непрыстойных думак, заклікала яго і дачку да сябе, і, з лёгкай ужо душой і ад шчырага сэрца, передала ім сваю спадчыну: кніжку, якую чытаць было немагчыма, а глядзець балюча, бо ў ёй былі толькі лічбы - дзесяць тысяч рублёў, якія былі запісаны яшчэ ў час Перабудовы і з'яўляліся на той момант велькімі грашмі. А другая каштоўнасць зусім паставіла Міхася Віктаравіча ў няёмкае становішча. Гэта былі цешчыныя ўстаўныя сківіцы, якія яна беражліва перадала з рук у рукі зяцю, каб меў, у цяжкі час, чым разгрысць сухар і пры гэтым успомніў яе, цешчу, добрым словам.

     Інжынер, заплюшчыўшы вочы, прыняў падарунак, падзякаваў, пра сябе ўжо цяпер успамінаючы ўсе добрыя словы, якія ў голас гаварыць было не прынята культурнаму чалавеку, і, не вытрымаўшы, садрыгнуўся... ад нечаканай думкі, што ён траціць. У параўнані з гэтымі вельмі карыснымі рэчамі, якія ён набываў, Міхась Віктаравіч траціў галоўнае. Самае галоўнае! А самае галоўнае было тое, колькі ён, хоць і чалавек з вышэйшай адукацыяй, набыў інтэлектуальнага і духоўнага багацця з кожнавячэрніх гутарак з такой разумнай і добрасумленнай жанчынай. Кожны вечар, на працягу многіх гадоў, седзячы перад тэлевізарам, яны вялі самыя разнастайныя дыспуты на самыя разнастайныя тэмы, пачынаючы са шматлікіх серыялаў і заканчваючы палітыкай на самым высокім узроўні.

     Праўда, характэрнай рысай усіх дэмакратычных дыспутаў і спрэчак з'яўляўся жорсткі аўтарытарызм з боку Пелагеі Эдмундаўны. Усе яе ўзвышаныя маналогі, кароткія, але трапныя выразы, а таксама адзіночныя словы-стрэлы, не маглі быць асуджанымі і раскрытыкаванымі. Ні словам, ні поглядам, ні рухам. Міхась Віктаравіч заўсёды здзіўляўся, паглядаючы то на цешчу, то на жонку, як у такой крапіве вырасла добрая, пяштотная і прыгожая ружа, якая, на шчасце, дасталася яму, за што шчыра быў удзячны Богу, ну і, канешне, трохі цесцю з цешчай. Чаго не адняць, таго не адняць - парадокс, але факт. Парадаксальны факт, ці анамальная з'ява, якая стала спадарожнікам яго лёсу і якая, на жаль, сваёй магутнай гравітацыяй дочкавага кахання прыцягнула чорную дзірку, што ў космасе зусім немагчыма, а ў жыцці...

     Дык вось, гэта самая ружа цалкам адпавядала дыспатычным установам сямейнага дыктатара. Люба не толькі не ўмешвалася ў спрэчку, але наогул: ні поглядам, ні рухам нікому не выказвала сваёй прыхільнасці, а толькі ласкава ўсміхалася і пяшчотна ўціхамірвала словамі "мама", альбо "Міхась". Можа таму, што гэты дыктатар быў ёй родным чалавекам і яна яго добра ведала з дзяцінства?

     А таму, увесь магутны націск інтэлектуальнай атакі спадар Цівун браў на сябе. Ён быў смелы і рашучы, калі моцна даказваў сваю правату ў сацыяльных і культурных пытаннях, і такі ж незгібаемы і непахісны, калі цішком адстойваў сваю пазіцыю наконт існуючай улады. Гэтыя гарачыя, можна сказаць, вогненныя спрэчкі не лепшым чынам адлюстраваліся на яго знешнім і ўнутранным стане. Міхась Віктаравіч зрабіўся нярвовы, як у п'яніцы пачалі калаціцца рукі і ад бяссонных начэй з'явіліся торбы пад вачамі. І гэта яшчэ не ўсё. Знік апетыт, а з'явіўся апатыт, але не мінерал, з якога вырабляюць суперфасфат, а апатыя чалавека, калі ён адчувае вяласць, бязволле і абыякавасць. У сэрцы нешта пачало калоць, крывяны ціск усё часцей уздымаўся ў гору, аж да самой галавы, якая, каб палепшыць сваё адчуванне, скінула лішні цянжар - валасы. І ў разумнага інжынера на гэты выпадак не існавала а ні якіх ілюзій, ён дасканала ведаў, што ў гэтым здарэнні цалкам павінна цешча, а ніяк не палата розуму, якая з дзяцінства знаходзілася ў яго галаве. Усе дадзеныя сімптомы ў супольнасці ні ў якой меры не спрыялі добраму, аптымістычнаму настрою.

     І вось, у рэшце рэшт, гэтай цяжкай жыццёвай ідыліі прыходзіць канец. Цешча, не раз філасоўскі жартуючы наконт смерці, на гэты раз, напэўна, ужо ўсур'ёз збіралася памерці. Назаўтра раніцай, праўда, не гледзячы на крызіснае становішча і апошнюю сваю загаду, Пелагея Эдмундаўна заклікала зяця да сябе і папрасіла вярнуць сківіцы, бо нешта прачнуўся апетыт.
- Не хвалюйся, так часта бывае перад смерцю, - супакоіла яна. - Вось наемся ў досталь, ды і выцягну ногі. А тады ўжо забярэш назаўсёды.
     Пра цікавую кніжку, чыста гістарычнай каштоўнасці, сціпла прамаўчала. Яно і вядома: ні тут, ні там тая нікому не патрэбна і дарма. Інжынер цяжка ўздыхнуў і выйшаў.

     Міхась Віктаравіч, хоць яму і вельмі сорамна гэта прызнаць, у глыбіні... не, не душы, бо сама душа не можа быць жорсткай, а ў глыбіні сваёй не лепшай свядомасці быў крыху рады, што ў такой страшэннай, бескампраміснай барацьбе штучных думак і агульнага мірапогляду ён выйшаў пераможцам. Хоць, калі быць да канца аб'ектыўным, выйшаў увесь паранены і кантужаны, але... зноў надышоў час нагадаць выраз не лепшага француза наконт вайны.

     Ідучы з працы, Цівун зноў адчуў боллю ў сэрцы, але на гэты раз незнаёмую. Калі раней нешта калола, нібы іголкай, то цяпер нехта сціснуў сэрца ў далоні, і то паслабляў хватку, то ўзмоцніваў. З чаго б гэта? Чаму яно баліць цяпер, калі, здаецца, павінна набіраць аптымальны рабочы рэжым.? Адказа ён не ведаў, але прымаць меры па стабілізацыі біялагічнага рухавіка трэба было тэрмінова, а таму не знайшоў нічога лепшага, як завярнуць у гандэлак і выпіць шклянку гарэлкі, што рабіў зусім не часта, хіба што ў гарачае надвор'е выпіваў піва.

     Зайшоўшы ў кватэру і глянуўшы ў люстэрка, інжынер убачыў сумны, пачырванелы твар і такога ж колеру лысіну. Зноў падскочыў ціск. Відаць, ад выпітага?! А можа не толькі? Чаму ж не перастае балець сэрца? Ха, вядома чаму! Патрэбен час, каб мужнае і баявое сэрца звыклася з мірным жыццём. А яно яшчэ толькі-толькі пачынаецца.
-  Ну як? - запытаў трагічным голасам Міхась Віктаравіч, але вочы на ўсякі выпадак адвёў у старану. - Паляпшэнне ёсць?

     У які бок ён чакаў паляпшэння, невядома, але чакаў адказу затаіўшы дыханне.
- Ты ведаеш, даражэнькі...
     Паветра, якое гаспадар трымаў затаіўшы, ён не выдыхнуў, а знянацку праглынуў, і ледзьве не падавіўся. Ад такога пачатку, а асабліва ад інтанацыі, з якой былі прамоўлены першыя словы, яму раптам зрабілася горш, чым у самыя цяжкія хвіліны дыскусійных фіяска. Міхась Віктаравіч зразумеў, што нічога спрыяльнага для яго сэрца жонка ўжо не скажа.
-  Ты ведаеш, даражэнькі, - прадоўжыла Люба, не заўважаючы катастрафічнага адчування мужа, - у абед у матулі забалела сэрца, - "яно мне кругласутачна баліць, - хмура падумаў ён, - а я, з гэтай боллю, хаджу на працу, якая ўжо не з'яўляецца панацэяй". - І я выклікала хуткую дапамогу. І прыехалі сапраўды хутка, што нават дзіўна. Праўда?

     " Праўда, - сумна згадзіўся інжынер, - калі трэба, іх не дачакаешся, а калі..."
-  Якія малайцы, - сказаў ён у голас. - Нешта вялізарнае ў лесе ўжо здохла.
-  Яшчэ якія! - усклікнула з радасцю жонка, прапусціўшы апошнюю тыраду паміж вушэй. - Доктар трапіўся зусім малады, але такі разумны і прыветлівы! Ён агледзеў матулю і вырашыў забраць яе ў лячэбніцу.

     Спадар Цівун пачаў адчуваць, што зараз туды забяруць і яго. Ногі зрабіліся вытнымі,на чырвоным ілбе праступілі кроплі халоднага поту, і кволай думкай ён зразумеў, што можа прама тут страціць прытомнасць. Перад вачамі, замест туману ці зорачак, узнік мроічны доктар з нахабнай усмешкай на, чамусьці, барадатым твары. Гучным і працяглым басам, карыстаючыся індэйскай тэрміналогіяй, ён рашуча аб'явіў інжынеру: " Рана курыць люльку міру, таварыш Грыф, тамагаўк вайны яшчэ не закопаны". І ў важкасць сваіх слоў хітра падмігнуў і паказаў язык. А ўжо пасля гэтага, аднекуль здалёк, пачуўся знаёмы Любы голас.
-  А, прыкладна, гадзіну таму я тэлефанавала ў кардыялогію і мне сказалі, што матулі ўжо лепш і заўтра можна адведаць. У мяне ажно гара звалілася з плячэй.

     А Міхасю Віктаравічу ад такой прыемнай навіны стала зусім цяжка, быццам тая самая гара ад жонкі навалілася на яго. Ватныя ногі пачалі падгібацца і ён, праз сілу ўсміхнуўшыся, ледзьве дасунуўся да канапы.
-  Ой, прабач, даражэнькі! - Апомнілася і залямантавала Люба, ускінуўшы рукі. - Ты ж стомлены! Пачакай хвілінку, зараз будзе вячэра.

     На гэты раз гаспадар усміхнуўся шчыра ласкавай усмешкай. "Вось ён, восьмы цуд свету, - радасна падумаў інжынер. - У Гаргоны, Гарпіі і Фурыі, у адным твары, нарадзіўся анёл і прыляцеў да мяне".

     Пасля вячэры, па традыцыі, селі каля тэлевізара. Расейскую меладраму праглядзелі моўчкі. Навіны, амаль, таксама. На вячэрнім сэансе Міхась Віктаравіч паспрабаваў абвастрыць сітуацыю, але Люба моўчкі згадзілася, кіўнуўшы галавой, і яму стала сорамна правацыраваць паўторна добрую жанчыну на дыспут у відзе спрэчкі. Дыскусійная энергія засталася не выпушчанай. Ноч спакою не прынесла, а наадварот - клопат, які з'явіўся ў дурным сне.

     Прыснілася цешча ў рыцарскіх латах і з курынымі пер'ямі ў валасах. Каля яе ног ляжаў пылясос, а ў руках Пелагея Эдмундаўна трымала ганучу для мыцця падлогі. Побач, з левага боку, стаяў ён, інжынер-тэхнолаг у жыцці і рыцар у душы, толькі замест даспехаў быў апрануты па-хатняму - у трусы і тапкі, быццам выйшаў у сарцір, але з дзідай, праўда без вострага наканечніка. Вось жа жанчына, і ў сне не давярала зяцю, баючыся небяспекі з тылу!

     Яны знаходзіліся ў прыхожай і цішком абмяркоўвалі тактычны план захопу іншапланецян, якія нелегальна праніклі ў кватэру і забарыкадыраваліся ў самым жыццёва неабходным месцы - на кухні. Абодва былі настрояны вельмі рашуча, аднак да вырашальнай бітвы справа не дайшла. Нападаючы бок, які вёў справядлівую, вызваленчую вайну і, апрыоры, упэўнены ў сваёй перамозе, пасварыўся, не знайшоўшы кансэнсусу ў пытанні аб будучым лёсе палонных. Інжынер, чалавек сціплы і гуманны, настойваў на мірнай дэпартацыі тых на сваю Радзіму, дзе б яна не знаходзілася, ці на худы канец - адвесці да ўчастаовага, і няхай ужо той сам іх корміць і налажвае кантакт. Цешча была катэгарычна супраць такой мягкай меры ў адносінах да агрэсараў і акупантаў. Яна цвёрда настойвала на тым, каб прымусіць касмічных злодзеяў мыць посуд і прыбірацца ў кватэры. Міхась Віктаравіч закрычаў, што гэта рабства чысцейшай вады, а Пелагея Эдмундаўна, у адказ, выдрала са злосцю з валасоў пер'я, кінула іх у зяця і знікла. Астаўшыся адзін, рыцар без даспехаў і сур'ёзнай зброі, запанікаваў і...

     Прачнуўся ў дурным настроі, што зусім не дзіўна, але мужна адолеў апатыю і хандру, каб жонка нічога не западозрыла, і, хуценька паснедаўшы, уцёк на працу. Па дарозе зарокся болей не глядзець і не слухаць незлічоныя, быццам нашэсце саранчы, вумныя і хітрыя байкі спадара Пракапенкі і гаспадыні Чапман. Яны выклікалі жывы інтарэс у любазнаўчай Пелагеі Эдмундаўны і з'яўляліся краевугольным камнем усіх дыскусій. " Досыць! Да дабра не давядуць гэтыя віртуозы масавага псіхалагічнага і інтэлектуальнага штурму".

    Аднак, як Цівун ні спадзяваўся, праца ніякога задавальненя не прынесла. Яму чагосьці не хапала, а чаго канкрэтна інжынер не ведаў і сам. Можа ў паветры, якім дыхаў Міхась Віктаравіч, быў востры недахоп кіслароду? А можа павінна сонечная актыўнасць, што з храмасферы страляе ўспышкамі дакладна ў яго лысіну? Усё можа быць. На кожную з'яву, здарэнне ці падзею існуюць мнагалікія вучоныя-прафесіяналы, вучоныя-аматары і вучоныя-экстрасэнсы, якія абавязкова растлумачаць, хоць і па-рознаму, усім людзям і кожнаму чалавеку ў асобку: што, чаму, ад чаго і што будзе далей. І не абавязкова гэта ведаць на самой справе, галоўнае - павярнуць гэту самую справу так, каб усе паверылі. А гэта, як ні круці, вялікае мастацтва.

     Вось такія думкі круціліся ў галаве Міхася Віктаравіча на ранішняй планёрцы, а калі галоўны інжынер зрабіў яму заўвагу, якую ён пачуў з дапамогай штуршка суседа, то начны рыцар, які раптам прачнуўся замест яго, пашкадаваў, што ў гэты момант не было побач той самай дзіды са сну, няхай і без металічнага наканечніка.

     Спадар Цівун быў здіўлены і разгублены сваімі новымі пачуццямі. Раней ён хоць на працы маральна адпачываў, а цяпер усё валілася з рук, а думкі блукалі зусім у невядомых сферах, дзе іх хутка разганялі то атмасферныя, то сонечныя вятры.

     Так цягнуўся цэлы тыдзень. За гэты час Міхась Віктаравіч схуднеў і асунуўся, чаго не здаралася ў самы напружаны пік узаемаадносін з Пелагеяй Эдмундаўнай. Жонка спачувала, лічачы, што муж шчыра турбуецца за яе маці, і за гэта была вельмі яму ўдзячна. А ў вечары суцяшала тым, што казала як яна была сягодня ў матулі, і як той там сумна і няёмка без свайго каханага зяця. Так не выносна, што, калі ўрач не выпіша добраахвотна, то хутка яна ўцячэ сама. Інжынер саркастычна пасмеіваўся - у бок, а ў грудзях нешта ціснула.

     А на фабрыцы, дзе ён лічыўся адказным і добрасумленным працаўніком, па-сяброўску параілі некалькі дзён адпачыць на прыродзе. " Так, - згадзіўся з імі інжынер, - прырода, гэта цудоўна, але тут патрэбен экстрым. Вось каб мяне некалькі гадзін па лесе паганяў бы дзік, можа тады і ажыў бы эмацыянальна. Калі б, канешне, застаўся жывым фізічна".

     Міхась Віктаравіч і сам дакладна не ведаў, што яму трэба цяпер і што рабіць далей, і невядома, да чаго ўсе гэтыя мытарствы дайшлі б, калі б аднойчы, на пры канцы змены, не патэлефанавала Люба. Яна радасна паведаміла, што трэба з лячэбніцы забраць матулю, а ў яе на працы аўрал.

     І тут здарылася неверагоднае! Спадар Цівун не разумеў чаму, але яго настрой нечакана палепшыўся. І не спатрэбіліся ні прырода, ні экстрым, ні нават раз'юшаны дзік. " Нічога сабе, - падумаў сам сябе здзіўляючыся, - ніколі ў самай смелай і вар'яцкай фантазіі не мог бы ўявіць, што мая свядомасць і ўвогуле - эмацыянальна-фізічнае здароўе будзе залежыць у прамой прапорцыі ад самаадчування майго злейшага апаненту?"

     Самалічна забраўшы цешчу з лячэбніцы і ўпершыню без прымусу купіўшы ёй кветкі, спадар Цівун, седзячы вечарам перад тэлевізарам у прывычнай абстаноўцы, усё канчаткова зразумеў:"Што робіцца на белым свеце, калі насычанасць паветра кіслародам у яго прыватным асяродзе залежыць не столькі ад жонкі, якую я несумненна вельмі кахаю, і не ад дзетак, якіх я шаную і якім  дапамагаю, а ад таго, каго я заўсёды лічыў калі не ворагам, то добра замаскіраваным персанальным вампірам. Бедны я чалавек! Дзе ж гэта бачна, каб цешча стала калі не наркотыкам, так бальзамам для зяця?! У гэтым ёсць нешта ірацыянальнае і псіхалагічна нездаровае. Нейкая анамалія! Страх каму расказаць - засмяюць! А што ж будзе са мною, калі яна памрэ на самой справе? Цьфу, цьфу, цьфу. Няхай жыве сто гадоў і будзе здарова!"

     Вось як бывае ў жыцці: для хатняга чалавечага дабрабыту не хапала аднаго вугла ў гэтым жыццёвым трохвугольніку - процілеглага, дзе яны з жонкай знаходзяцца на адной прамой каля гіпатэнузы, а цешча ў вышыні.

     Увесь вечар Пелагея Эдмундаўна не змаўкала, каментыравала кожны ўчынак, кожную рэпліку, запрашая зяця ўступіць у дыскусію, але той, чамусьці, маўчаў. У Міхася Віктаравіча сягодня было свята і ён узяў выхадны. А цешча, не ведаючы, што такое страшэннае здарылася з яе непрымірымым візаві за такі кароткі тэрмін адсутнасці аднаго боку, не вытрымала і здзіўлена паглядзела ў вочы гэтаму самаму візаві. Гаспадар на яе погляд прыветліва ўсміхнуўся і кіўнуў галавой, і старая жанчына раптам душэўна растаяла і засмяялася ў адказ. Трэцяя ў гэту ідылічную кампанію далучылася жонка і дачка Люба.

     І ў гэты самы момант, калі дабразычлівая ўсмешка яшчэ трымалася на вуснах інжынера, у яго галаву нечакана стрэліла, невядома адкуль, арыгінальная, а таму трохі дзікая, думка, у выглядзе скептычнай ідэі. " А можа ўсе гэтыя выкрутасы - выклік папа, перадача спадчыны, доктар і лякарня - даражэнькая цешча інсцэніравала сама, нагледзеўшыся шматлікіх меладрам, з ліха закручаным крымінальным усхілам?" І цешча, быццам прачытаўшы думкі зяця і падцвярджаючы гэту цынічную гіпотэзу, скоса глянула ў яго бок і, хітра ўсміхнуўшыся, запытала:

-  Ну што, даражэнькі зяцёк, зразумеў, як сумна бывае без блізкага, хоць і не вельмі роднага чалавека?
-  Так, - панура адказаў Міхась Віктаравіч. - Чалавек ніколі не ведае, калі і якім чынам яго можа пакараць Бог.


Рецензии
Понравилось. Теперь можно написать про свекровь и невестку :).

Оксана Баранова 2   09.07.2018 18:20     Заявить о нарушении
Подобные предложения мне поступали на мой монолог "Ещё раз о тёще", а на этот рассказ впервые. Видимо, специфика языка - сайт-то русскоязычный. Но отвечу как и прежде - эту привилегию я предоставляю дамам. Им этот вопрос должен быть ближе.)
Спасибо, Оксана, за отзыв.

Александр Сих   10.07.2018 06:10   Заявить о нарушении
На это произведение написано 13 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.