ЛиМаразмы от 201 до 300

Михась Южык
Міхась Южык


ЛіМаразм-201

Чалавечая адэкватнасць

Дубоўскі Валеры, немалады паэт, прадстаўлены ў №80 “Дзеяслова”.

Дубоўскі Валеры – паэт, выдавец. Працаваў журналістам, кіраўніком у розных беларускіх перыядычных выданнях, дырэктарам выдавецтва «Беларусь». Аўтар кнігі вершаў «На пачатку маўчання». Нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Хацькова на Шклоўшчыне. Жыве ў Мінску.

Уступны твор такі:

* * *
Адмоўніца, ды
Не ганьбіцелька,
Каханка мая не бясспрэчная,
Самасевам твой вырас
І выцвіў мак,
Як мінуласць
Пасля несустрэчы.

Роўнаахвотна і раўналежна
З табой мы
Ці
Перасякліся? —
Ісціна без пачатку і межаў,
Першавобраз
Прыдуманай высі.

Тут, можа, і прысутнічае філасофія, але паэзія не пасялілася. У першую чаргу – праз сухасць аўтара, нястачу экспрэсіі, наяўнасць неўнармаваных слоў ці канцылярскіх выразаў кшталту “не бясспрэчная”. Мова не бруіць, не іскрыцца. Яна быццам застыла. “Перасекліся” будзе правільна, а не “перасякліся”.

Наступны верш аўтар спрабуе зарыфмоўваць. І адразу з’явілася энергія:

ПРЫСМАК ШЧАСЦЯ

Успамін дзіцячы. Шчасце —
З горкі з’ехаць, а затым
Паляцець, у снег упасці…
Смеху з гэтай каўзаты!

Руцяністасць рысак ценяў
Яблынь, бэзаў і бяроз…
Хлеб заечы, мы хацелі,
Бацька каб ізноў прынёс.

З лесу зімняга, з раёна,
З немаведама адкуль.

Нам зайздросцяць,
Во вам — дуль!

Толькі нам усе гасцінцы.
…Мне б да бацькі зноў прыпасці.
Не журботна, сіня сніцца
Той далёкі прысмак шчасця…

Усё ж адна рыфма не атрымалася, “раёна–зайздросцяць” гэта кепска. Няясны і выраз “Во вам дуль!”. З чаго ён, для чаго такі няўклюдны?
А што такое “сіня”, ці па-беларуску гэта? Слоўнікі сумняваюцца.
Аўтар усё жыццё працаваў у літаратуры, а між тым мова яго беларуская небагатая. Хоць нарадзіўся ў вёсцы. Гэта таму, што Дубоўскі не паэт па прызванні.
“Руцяністасць” – не ведаю, што такое. “Бэзаў” рэжа вочы. Бо прывычна “бэзу”.
“Каўзата” як быццам зразумелае слова, але таксама неўнармаванае. “Коўзкасць” жа ў слоўніках – прысутнічае.
Паэт павінен сам гэта адчуваць і выкарыстоўваць сумнеўныя словы так, каб хаця б не было перабору.
Увогуле пафас верша харошы. Паэт не разыгрывае спектакль, не становіцца ў позу, а шчыра ўспамінае дзяцінства. Некаторыя фарбы перадаць удалося.
Астатнія вершы падборкі разбіраць не будзем. Іх вельмі шмат. А паэзіі там вельмі мала. Хоць культура мовы прысутнічае.
Гэта той выпадак, калі да чалавека ставішся з павагаю. Ёсць у вершах душэўны стрыжань. Але ж патрэбнае яшчэ і паэтычнае разбойніцтва, так сказаць. Энергія. Кураж. Ці магчымае гэта ў семдзесят гадоў? Пастарнак мог. Кожны старэе па-рознаму. Іншы ў семдзесят і па дзеўках у вершах бегае, і яшчэ нечага такога дужа гарачага прагне. Але цягнік адышоў. З гэтым трэба ўмець прымірыцца.
    Падзякуем аўтару за вернасць Слову і чалавечую адэкватнасць.
 



ЛіМаразм-202

Многа паэтаў нядобрых і розных

Прасякнутую цынізмам творчасць у раздзеле “паэзія” 80-га “Дзеяслова” прадстаўляе Віктар Жыбуль. Вершаў там шмат. І нават зашмат. І ўсе мнагаслоўныя.

Жыбуль Віктар — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Аўтар кніг «Калі ў хаце дыверсант», «Рогі гор», «Прыкры крык», «Дыяфрагма», «Стапеліі» і інш. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Мінску. Жыве ў Мінску.
 
Аднак пэўнае ўмельства рыфмавання прысутнічае. Гэтага не адняць. Толькі мэта паэзіі зусім іншая: не нахабна высмейваць жыццё, а знаходзіць у ім прыгажосць і сэнс вышні. Чаго Жыбулю з такім падыходам да вершаў – не дасягнуць.
Гэта чалавек, які насунуў на сябе з ранніх часоў “Бум-бам-літу” маску свавольнага падлетка ды ніяк не зніме дагэтуль. Хоць пара. Віктар Жыбуль, наколькі агучвалася, даўно ўжо бацька.
Паэты адвеку імкнуліся да хараства. Аўтар жа наш – вызнае процілеглае, нейкі цёмны тунель. Так ён, падаецца, уяўляе жыццё.

ЛОГІК У ТУНЭЛІ

Па цёмным тунэлі логік бадзяецца.
Ён хоча знайсці тупік.
А тунэль ніяк не сканчаецца.
Логік змакрэў, на плячы язык.

Не разумее логік
з думкамі цвёрдымі, як свінец:
– Я збіў у кроў усе ногі,
а дзе ж лагічны канец?

Ён далей па тунэлі хістаецца
з надзеяй знайсці фінал,
крэкча, сапе, спатыкаецца
і падае паміж шпал.

То запалкі, то компас, то мапу
ён дастае з кішэні.
– Я пераадолеў шмат этапаў,
а дзе ж лагічнае завяршэнне?

У цёмным тунэлі логік туляецца –
знайсці тупік ён паабяцаў.
А тунэль ніяк не сканчаецца,
бо тунэль сам з сабою злучаецца.
Ну няма тут, няма канца!

Але логік – хлопец упарты надзвычай.
Дзе ж ён, дзе запаветны тупік?
Але што гэта ззаду грукоча, сігналіць, скавыча?
Гэта цягнік!!!

Логік шукаў канец лагічны,
а атрымаў канец трагічны.
Пухам зямелька табе, логік!
Хоць адпачнеш ад доўгай дарогі!

Паэт “бадзяецца” па тунелі і, тым не менш, хоча нешта “знайсці”. Супярэчнасць навідавоку. Бо бадзянне – гэта бязмэтнае і бяздумнае блуканне.
Затым ідзе неўнармаваная і непрыгожая форма “сканчаецца” замест “канчаецца”. За ёю – вульгарны штамп “на плячы язык”.
Далей думкі аказваюцца ў “логіка” цвёрдымі, “як свінец”. Не надта трапная метафара, бо свінец якраз даволі мяккі, як для металу. Але Жыбулю зрання патуралі ў яго гарэзнасці ды не падобнасці да другіх, забываючыся ўказаць на яўныя недарэчнасці.
“Логік”, як мы даведваемся, збівае ў кроў “усе ногі”, быццам ног у яго, што ў сараканожкі, а не дзве ўсяго чалавечых.
“Туляецца” і “хістаецца” ў дачыненні лагічнага пошуку – лухта. Няпраўда. Бо калі ўпарта шукаеш, то не туляешся і не бадзяешся.
У сярэдзіне гэтага неахайнага верша мы раптам здагадваемся, што тунель – са шпаламі! Гэта палатно. Дык якія ж там шуканні тады, калі ўсё прадвызначана?
Ёсць ужо зусім непаэтычныя месцы: “Дзе ж ён, дзе”, “Але што гэта”… Потым блізка стаяць два “гэта”, якія б’юць па слыху.
Філосаф з эпатажнага Жыбуля таксама кволы. Логік у яго шукаў, як было адразу пазначана, тупік. Але пры канцы верша аўтар сцвярджае, што шукаўся канец “лагічны”. Ды атрымаўся “трагічны”.
Апошняя страфа зграшыла штампам “Пухам зямелька”.
Верш шкодны ва ўсіх адносінах. І дысгармоніяй. І адсутнасцю думкі. І цынічным песімізмам. Умее рыфмаваць аўтар – адно за гэта пахвалім.
Але Жыбуля падаюць у сур’ёзным часопісе як мысляра, не іначай. Зрэшты, не будзем чытаць маралі. Можа, яно і добра – даць усім выявіцца і паказаць сябе ва ўсёй, так бы мовіць, красе.
Для дзяржаўных часопісаў вытужваюць прапагандаю каля 100 індывідуальных падпісчыкаў. Дзе гарантыя, што ў прагрэсіўнага “Дзеяслова” іх болей? Таму шкода, спадары, невялікая.
Нядаўна завітаў на раскошны сайт холдынгу “Звязда”, куды перакінулі ўсе часопісы і тыднёвік. Там ёсць лічыльнікі па творах. Дык вось: адзінкі ці дзесяткі зайшлі на мастацкія тэксты нашых паважаных аўтараў за некалькі тыдняў ці месяцаў. А зважаючы на тое, што новы дызайн заўсёды выклікае цікаўнасць – дык наогул, лічы, ніхто не зайшоў па тэксты. “Вернай дарогай ідзяце, таварышы”, адным словам.


ЛіМаразм-203

Рублёвы Ленін

Літаратурны беларускі “тусняк”, згуртаваны каля “Дзеяслова”, “Свабоды” і “Літаратурнай Беларусі”, не здатны зірнуць на сябе збоку. А між тым ён нагадвае карыкатуру на літаратурны свет. Чалавек дзесяць тамашніх сілавікоў бесперапынна славяць самі сябе. А масоўка падмахвае.
Калі чытаеш “ЛіМ”, то пры ўсім чыноўным глупстве і пошласці, яны хоць імітуюць культурнае жыццё ў Беларусі. Там нешта адбылося. Тут праявілася. Нейкія лісты ў рэдакцыю нават ад чытачоў. Ахопліваюць, адным словам, краіну. Хоць рэальная мэта ўся тая ж – узвялічваць кіраўніцтва секты СПБ.
“Літаратурнай Беларусі” ж нешта імітаваць патрэбы няма, яе ніхто амаль не чытае і рапарты ў міністэрствы пасылаць ім не трэба.
Памятаеце, як у нумары 118 (які я памылкова назваў у рубрыцы нумарам 25, потым выправіў) мы натрапілі на ўсё тых жа рэдактараў “ЛіМа”, “Крыніцы”, “Полымя”, “Мастацкай Літаратуры” 90-х гадоў, якія няўтомна славяць самі сябе? Гэта “ЛіМаразм-191” з характэрнаю назвай “Напарстачнікі зямлі беларускай”.
І яшчэ мы звярнулі ўвагу на тое, што з прааналізаваных 3-х апошніх нумароў “Дзеяслова” выявіліся роўна 2(дзве) прозы Някляева і адна біяграфія(!) на яго.
Я тады выказаў смелае меркаванне, што СПБ і “Дзеяслоў” ствараліся былымі лімаўцамі Пятровічам і Някляевым якраз з мэтаю самапраслаўлення. І калі нехта думаў, што гэта паклёп на добрых людзей, то ўжо другі па ліку (№117) тыднёвік “Літаратурная Беларусь”, які ўзяў у рукі ваш крытык, гэта з лёгкасцю абвяргае.
Тут зноў ладзіцца рэклама чарговай кнігі, выдадзенай Барсам Пятровічам (Сачанкам) праз СБП – кніга яго дзядзькі Барыса Сачанкі. У мінулым нумары Пятровіч запрог Галубовіча рэцэнзаваць іншую кнігу Барыса Сачанкі – пасрэднага савецкага літаратара. Гэта, дарагі чытач, факты, якімі Южыка і на судзе не паб’еш. Што напісана пяром, тое сякерай не выражаш.
У нумары ж 117 “Літаратурнай Беларусі”, акрамя памерлага дзядзькі Пятровіча, прадстаўлены і герой наш Някляеў Уладзімер, які назойліва прымярае вопраткі нацыянальнага паэта, героя з вялікай літары. Падборка вершаў. Куды ні ступі крытык, абхлюпаешся аб Няклева, карацей.
Але нават не гэта галоўнае. Праз манію велічы страціўшы ўсякую адэкватнасць, Уладзімір Някляеў змяшчае над публікацыямі не проста сваю фотакартку ў велічнай позе – велічныя позы мы бачылі і ад Аўруціна, і ад старшыні Пазнякова. Партрэт Някляева да болю нагадвае… профіль Леніна на савецкім рублі. Хто не верыць – зірніце.
А гэта ўжо дыягназ не толькі самому паэту, які даўно і непапраўна спісаўся. Але і СБП з “Дзеясловам”. І акурат пацверджанне таму, што я гаварыў: “тусняк” вырадзіўся ў секту. Бо толькі ў секце ідзе бязбожная абсалютызацыя лідэра.
Някляеў быў неблагім паэтам, што бачна па яго першых кнігах, якія я браў з бібліятэк гадоў 20 таму. Гэта больш чым талент сярэдняй рукі, безумоўна. Талент, які пры ашчадным да яго стаўленні мог развіцца ў нешта сур’ёзнейшае ад той карыкатуры, якой стаў Уладзімір пад старасць. Пашкодзіў другі талент гэтай асобы – здольнасць функцыянера і палітыка. Якія з паэзіяй несумяшчальныя. Толькі таленавіты функцыянер мог заснаваць і доўга трымаць “Крыніцу” ў 90-х. З якой, зрэшты, давялося ўцякаць за мяжу, выдаючы эканамічныя прамашкі за палітычнае пераследаванне. Спакойна і бязбольна вярнуўшыся на радзіму, функцыянер зладзіў “Дзеяслоў” і СПБ, дзе агарадзіў сабе месца галоўнага беларускага паэта. І трымае яго раўніва, не заўважаючы сваёй камічнасці. Адштукаваў сабе фота пад савецкі рубель.
Некалькі гадоў назад, пабыўшы трохі ў дзяржаўнай турме, Някляеў напісаў паэму “Турма”. Якая мне, незалежнаму крытыку, падалася цікавай. Прысутнічала энергетыка, валоданне словам, зіркнула арыгінальнасць. Зрэшты, арыгінальнасць гэтая пры бліжэйшым разглядзе трансфармавалася ў перайманне Някляевым пафасу і рытмічнага памеру “Мцыры” Лермантава. Прычым у лаканічнасці, звонкасці слова, уцямнасці верша проста талент Някляеў яўна прайграваў расійскаму генію. Пра што і было ўказана мною ў артыкуле. Але было і шмат цёплых слоў, нават кампліментаў Няклеяву ад мяне. Гэта змецілі ў СБП і прапанавалі мне пераапублікаваць крытычны артыкул у “Літаратурнай Беларусі”. Я даў згоду, не думаючы нават, што там цалкам выражуць усе параўнанні з Лермантавым не на карысць Някляеву, а пакінуць толькі ўрачыстыя ўсхваленні паэмы.
Вось так, спадары, у нас разумеюць крытыку. І такія метады скарыстоўваюць для ўзвелічэння (незаслужанага) нацыянальнага “гуру” з “рублёвым фота”.
Вершы Някляева ў “Літаратурнай Беларусі” №117 (як і ўсе яго вершы апошніх часоў) пазбаўлены сапраўднага пафасу, сэнсу, пругкасці радка, яны невыразныя вобразнасцю. Гэта заўжды бывае пры паражонай сектанцтвам свядомасці. Дададзім сюды і манію велічы, што зусім пагаршае душэўны стан. А пашпартная старасць – 70 гадовы ўзрост – зніжае яшчэ і прыродны самакантроль.
Някляеву няма цяпер, пра што і пісаць. Таму ён скарыстоўвае тыповы графаманскі прыём – бярэ назву верша: “Шэкспір” – і фантазіруе, колькі можа. Потым другую назву: “Сакрат” – і тое самае. З душы ўжо нічога не рвецца.
Такая бяда.
Ну і апошняя сарамата “Літаратурнай Беларусі” – агляд №81 “Дзеяслова” робіць… член рэдакцыі “Дзеяслова” Леанід Галубовіч. Што ўжо зусім тон, ніжэйшы ад плінтуса. У холдынгу “Звязда” часопісы “Маладосць” ды “Полымя” хоць для понту аналізуюць рэдактары “ЛіМа”. Усё ж прадстаўнікі розных выданняў, прытым што ўсе ведаюць – чэрці адной шэрсці.
Тут жа ўжо і не саромеюцца нават. Самі сабе і сейбіты, і жнеі, і пекары.
Натуральнае сектанцкае развадзілава.


ЛіМаразм-204

Затое на роднай мове

Апошнім часам сталі пытацца ў мяне ў каментарах: чаго не знаходзіш для творцаў добрага слова, завошта ўсіх крытыкуеш і пляжыш? Адказваю загадзя ўсім, і на будучыню: па добрае слова пра творцаў – гэта да Галубовіча. Ён вас пашкадуе. У рубрыцы мы разглядаем творы. І калі за паўгода ў “Дзеяслове” выйшла адна публікацыя, якую можна смела назваць паэзіяй, – мы так і робім. Астатнія часта нават да назвы рубрыкі не дацягвалі.
Але мы рушым далей (“Дзеяслоў” №77) і сустракаем старога знаёмца Юрку Голуба, вядомага па публікацыях у холдынгу “Звязда”.

Голуб Юрка — паэт, журналіст. Аўтар кніг паэзіі «Гром на зялёнае голле», «Дрэва навальніцы», «Векапомнае поле», «Помню пра сябе» і інш. Нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Горны на Зэльвеншчыне. Жыве ў Гародні.

Паэт немалады. І я не ведаю, як ён пісаў у час кіпення юначай крыві, цяпер жа вершы Голуба натужлівыя, змушаныя і пустыя – і надуманымі пачуццямі, тыповымі для сектанцкага мыслення, і позаю, у якую становіцца паэт праз форму вершаў. Гэта значыць, метафары выглядаюць штучна, скрозь іх прадзіраешся, як праз балотны гушчар.

ГУСІ НАД ВІСБЮ

Дзе вятры прагрызлі мур
Крапасны – не з голаду,
Развязалі гусі шнур
Па-над дахам Готланда.

Ім даступны небасхіл,
Балтыка, тым болей.
Б’юцца крыламі ўнахіл
Вынаходцы волі.

На шляхі ім крапаў дождж.
Шанавалі Шалі.
Для палёту дужы – гож.
Слабкі – варты жалю.

Дзе пункціры значыў Воз
Над кудлатым морам,
Да парома поўз абоз
З выкладкаю мрояў.

…Гусі выраем ляцяць.
Лёс аблок гартаюць.
Адчуваеш дух зліцця
Сэрца і гартані.

“Вятры прагрызлі мур” – ці бывае так? Занесці Сфінкса могуць вятры. Прагрызці камень – не могуць.
Выраз “тым болей” – тут недарэчны, здаецца канцылярызмам.
Слова “ўнахіл” мне невядомае.
Гусі ляцяць у небе. На якія “шляхі” ім крапае дождж? Пакажыце шляхі.
Потым коснаязыкасць: “дужы – гож”, дый граматычна няправільна.
“Слабкі” – слова гутарковае, неўнармаванае. А ўдакладненне – “варты жалю” – ёсць празаічны кусок. Нягожа.
Хто з вас, спадары, калі “значыў пункціры”? То бок “пазначаў”, трэба думаць. Выкручастая, блытаная метафара.
“Абоз” з “мроямі”, якія звычайна лёгкія, летуценныя, у Голуба паўзе. Як так?
“Аблок” – граматычна няправільна. Гэта сярэдні род. Трэба “аблокаў” ці “воблакаў”.
Зліццё “сэрца і гартані” – страшная нутраная аперацыя, пагадзіцеся.
Увогуле кепска. Нічога болей не скажаш.

У часопісе ёсць некалькі аўтараў, якія падмахваюць “і нашым і вашым” – і Карлюкевічу з Пазняковым, і Някляеву з Пятровічам, то бок процілеглым структурам. Або ў секце так мала аўтараў, якія хаця б тры словы маглі па-беларуску звязаць, што даводзіцца літаральна змагацца за іх, перавабліваючы? Не ведаю.
Скажу пра аднаго аўтара-перабежчыка, мастака Адама Глобуса. Ён з нуды, праміж справамі функцыянера, што разрульвае фінансавыя патокі, сядае за кампутар і нешта крэмзае. Змяшчае гэты набор слоў у блогу сваім. А потым перадрукоўвае ў “Дзеяслове”, называючы жмут нязвязных нататак “аповесцю”.

Піша мастак Глобус суха, сурова, нібы натужліва шле некуды справаздачы. Людзей ён не любіць, мяркуючы для іх лепшым станам у Космасе – смерць. Вось адна з карацелек яго вычварнай публікацыі:

Бронік і жонка

Пажарны Бронік моцна любіў сваю бабу Ядзю. Жылі яны цяжка, перажылі тры вайны – польскую, фінскую і нямецкую. Выгадавалі дзяцей, ажанілі ўсіх, уздыхнулі з палёгкай, а тут і гора прыйшло – Ядзю з’еў рак. Хутка, за які месяц яна згарэла і згасла. Бронік два гады плакаў. Ніхто і думаць не думаў, што дзед Бронік так моцна любіць сваю бабу Ядзю. Два гады штодня Бронік хадзіў на клады, клаўся каля жончынай магілы, абдымаў яе і плакаў. Бронік сплакаўся і памёр. Ён памёр ад любові да Ядзі.

Мова ў мастака куртатая, газетная. Уяўленне адсутнічае. (У адрозненне, дарэчы, ад Юркі Голуба, які ўжо занадта нафантазіраваў з вобразамі.)
Ад беднасці слоўнікавага запасу Глобус уганяе адны і тыя ж словы побач – нястомна.
Каментуй прозу мастака сам, дарагі чытач. У мяне скончылася цярпенне з гэтым выдаўцом і медыйнай асобаю. Нібы пастаянна зашпільваеш яму дзіцячыя гузікі да падцягваеш штаны на жывот.

Ну і за што тут, спадары адэпты, крытыку хваліць дадзеныя публікацыі? Чым захапляцца? Над чым плакаць? Чаму вучыцца? А між тым у нас гэткая слоўная бразгатня доўжыцца тыдзень за тыднем і месяц за месяцам. Апраўданне ж сабе аўтары і рэдактары знаходзяць трывалае – затое на роднай мове!


ЛіМаразм-205

Зманлівыя цянёты

Мікіта Найдзёнаў прадстаўлены з вершамі ў “Дзеяслове” №77. Прозвішча знаёмае мне па рубрыцы, сустракаўся паэт, здаецца, у “Маладосці”.
З біяграфічных звестак відаць, што хлопец не абдзелены сацыяльнай актыўнасцю. Нехта ў 24 гады яшчэ ні рыба, ні мяса, без цара ў галаве, а Найдзёнаў ужо хапаецца за разнастайныя магчымасці творчага праяўлення.

Найдзёнаў Мікіта – паэт. Пераможца конкурсу паэтаў падчас «Дзён беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску (2006), лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2014). Аўтар песень і лідар гурта HURMA. Нарадзіўся ў 1990 годзе ў Пінску. Жыве ў Мінску.

Усё гэта пахвальна. І мы абяцаем уважліва разгледзець творчасць паэта.
Адзін з вершаў:

30 КОЦІКАЎ

Табе праз тыдзень дваццаць тры,
А гэта значыць, хутка трыццаць.
Таму свой прынцып “толькі з прынцам”
Ты лепш трымаеш унутры.

Ну хай бы проста нехта быў
Надзейны, а не так, нядзельны,
Каб прасаваць яму адзенне
І смажыць з бульбаю грыбы.

Але ж ты хочаш, каб было
З ім і цікава, і прыемна,
Абавязкова узаемна,
І каб да нечага вяло.

Як цяжка выбраць варыянт,
Бо кожны мае свае хібы
І толькі папраўляюць німбы
Адзін – цяля, другі – вар’ят.

Я не раз зазначаў у рубрыцы, што адно, і ці не галоўнае, прызначэнне паэзіі пісаць фанетычна прыгожа, узвышана, закранаць не столькі побыт, колькі сферу абстрактнага, надаючы звычайным рэчам інакшы сэнс.
Такой паэтычнай якасці – роўна як і арыгінальных метафар – у вершы абсалютна няма. Гэта сярмяжная філасофія, так бы мовіць. Банальнасць, выказаная досыць дасціпна. Найдзёнаў змог аказацца складным і ладным у гэтай побытавай прастаце.
Мы заўсёды імкнёмся выйсці за сферу “спадабалася – не спадабалася”, дубаломна засвоеную беларускімі крытыкамі. А таму ўказваем канкрэтныя хібы.
“А гэта значыць” – празаічны, газетны выраз.
“Ну няхай бы” і “нехта быў” – перабор прастамоўя для аднаго радка. Гэта не вясковыя пасядзелкі.
Праз некалькі радкоў зноў: “каб было” – паўтарэнне злучэння “нехта быў” у другой варыяцыі. І адразу ж ашаламляльнае ў каравасці сваёй: “І каб да нечага вяло”.
Ёсць у той страфе і парушэнне граматыкі – “у” пасля галоснай.
“Бо… мае свае хібы” – ніяк не ўзвышаная мова таксама.
Увесь верш спакойна можна было запісаць прозаю. Менавіта праз адсутнасць у ім вобразнасці. Для аматарскага чытання са сцэны, зрэшты, падыдзе і рыфмаваны.

Наступны верш пацвярджае грубасць паэтычнага свету Найдзёнава. Пазітыўнае адно – аўтар вынайшаў пэўны стыль. Рэдкі для беларускай паэзіі. Нікога не капіруе. Аднак менавіта такая форма і не дае выявіцца нечаму тонкаму, вышняму. Зрэшты, гэтага вышняга можа і не быць у душы аўтара, бо змест і шукае сабе форму для праяўлення. Чым жыве Найдзёнаў – такая ў яго і форма. Пакуль ён выглядае грубавата, часам на мяжы дапушчальнага ў плане пахабшчыны.

НЕМУЖЫЦКАЯ

Мне імя тваё неўміручае
Штораз чуецца варыяцыяй:
Лізаветаю мілагучнаю
Ці Альжбэтаю з іншай нацыі.

Не сядзіцца ёй, не ляжыцца ёй –
Увесь час за шляхамі-вандроўкамі.
Тваё прозвішча – немужыцкае,
А шляхетнае, з ноткай роўмінгу.

І у верасні, і у студзені
Вочы свецяцца дзіва-зорамі.
Зноў цягаешся з тымі будзьмамі
Дням-ночамі ды выходнымі.

З нейкай прагаю сонца босае
П’еш і болей усё табе хочацца.
Ты гісторыю нашу коскамі
Пазначай, бо яна хутка скончыцца.

Агрэхі ўсё тыя ж: немілагучныя словы ствараюць шурпатыя словазлучэнні. Тут яшчэ і перабор са здвоенымі словамі. І са словамі, выдуманымі самім Найдзёнавым: “ночамі” замест “начамі”, “будзьмамі” – вырадак яшчэ той. Дый не да месца. “Выходнымі” – калека ад “выхаднымі”, нарадзіўся гэты недаробак на “Свабодзе”, напэўна.
Перад знявечанымі “будзьмамі” стаіць слова-паразіт “тымі”.
“Усё болей табе” – не для верша, а для артыкула выраз.
“Бо яна хутка скончыцца” – канцылярская справаздача ў дадзеным кантэксце.
Метафарамі паэт або не валодае зусім, або валодае слаба.
Адзіны больш-менш паэтычны кавалак з двух вершаў я вылучыў падкрэсліваннем.

Станоўчае, паўтаруся, – свой каравы сярмяжны стыль. Адсутнасць штампаў. Сыход ад вясковых “геніяў”, пры тым што Найдзёнаў пільнуецца класічнай формы верша. Дасціпнасць гумарная таксама ёсць.
Прабіўшы пашукавіком па рубрыцы (пакуль пісаў артыкул), я знайшоў “ЛіМаразм-162”, дзе пра Мікіту Найдзёнава.
Вось тамашні кавалак:


***
Пад ноч сумую па табе
і сны салёныя прыходзяць.
І гэтак шмат, што мне іх хопіць
на пару фільмаў для ТБ.

І кожны раз былы сцэнар:
што мы рабілі, ты рабіла.
Гарчэй на ранку, чым рабіна,
і халадней, нібы сцяна,

што паміж намі, хоць і ты,
і я ўсё ведаю (амаль што).
Адчуем лёгка ноты фальшы,
хай і прайшло ўжо два гады.

А ў гэту ноч, як у той раз,
калі табе сказаў: «Кахаю».
У ванне хвалі калыхаюць,
і я не чую твой адказ.

Фраза “сумую па табе” ёсць у адным з вершаў Караткевіча, прычым паўтараецца там яна не аднойчы.
“Сны салёныя” як быццам і неблагая метафара.
Трэці радок у фанетычным плане – жах, “шмат”, “што”, “гэтак” – не самыя мілагучныя словы.
Тое самае – другі радок у трэцяй страфе: “што мы рабілі, ты рабіла”. Для паэзіі кепска.
Фраза “халадней, нібы сцяна” – у дадзеным кантэксце дрэнна, блытана, нямогла ў паэтычным плане.
Радок “а я ўсё ведаю (амаль што)” – непрыгожы, рэзаныя кароткія немілагучныя словы.
Такую каравасць, дарэчы, я часцяком сустракаю ў вершах музыкантаў, і менавіта рокавага кірунку.
Слова “фальш” – мужчынскага роду, а не жаночага, як у Найдзёнава і рэдактараў “Маладосці”. Таму – “фальшу”.
Выраз “У гэту ноч” правільна пісаць “у гэтую ноч”.
Слова “калыхаюць” у беларускай мове няма, ёсць “калышуць”. Сур’ёзны ляп рэдактараў. Ладна, музыкант не ведае, а філолагі?
Верш у цэлым на банальную тэму і выкананы на тройку па пяцібальнай шкале. Няма за што зачапіцца, каб пахваліць. Хіба што ў адсутнасці паэтычных штампаў.

То бок пазіцыя крытыка не змянілася, хоць шмат праходзіць скрозь рубрыку аўтараў. Там я ўказваў яшчэ, што ў Найдзёнава ёсць пэўны талент. Бо талент можа быць не абавязкова Пушкінскі, а, напрыклад, як у савецкага парадыста Іванова. Таксама чалавек быў самабытны і для грамадства карысны.
Самае згубнае для пачаткоўца – гэта пісаць пад некага, а менавіта пад “гуру” – пад Караткевіча, пад Багдановіча, і гэтак далей. З такога пераймання можна не выйсці да скону. І будзеш лічыць сябе выдатным паэтам, і злавацца на тое, што з цябе пасмейваюцца. Успомнім срэбны Нёман ад Міхася Башлакова (“Дзе льецца Нёман срэбнаводны”, Я.Колас)…
Найдзёнаў удала абмінуў гэтыя зманлівыя цянёты.


ЛіМаразм-206

Жыццё, якое – быццё

Нярэдка пераглядаю запісы канцэртаў і “Блакітных агеньчыкаў” пачатку 00-х гадоў. Па-першае, там значна болей душэўнасці, чым цяпер, а значыць, і мастацтва – болей. А па-другое, забаўна назіраць, як палітыкі сустракалі Новы Год з папсою, жартавалі, каламбурулі, спявалі, жадалі шчасця людзям. Ім лёгка было яго пажадаць, калі самі мелі ўжо асабнякі на Сіцыліі, а спявачка Алсу, што весялілася побач, адвучылася ў Лондане. І дзеці іх там вучыліся – у дабрадатным замежжы, у прагрэсіўных Штатах і лагоднай Еўропе.
А Максім Галкін любіў у сваіх нумарах пакрыўляць Прэзідэнта Расіі – не, не выставіць дурнем, як некалі Шэндэровіч у “Ляльках”, а дабрадушна перадаць характэрную міміку, інтанацыі. Ды так – каб Уладзіміравічу не крыўдна было. На гэтых жартах былы філолаг Макс Галкін выбудаваў у вёсцы Гразь замак у некалькі паверхаў, куды прывёў “маладую” жонку Пугачову і жыве з ёю ды пажывае. Плодзяцца яны, праўда, з прабіркі, праз ненатуральным чынам вылучаную з арганізма сперму. Але ж пра нюансы не будзем.
Дык вось, Макс Алкін (як яго называюць зласліўцы) паспеў на замак нажартаваць, сцябаючыся не толькі з таго, што ніжэй ад пояса, а і з палітыкаў – гэта асабліва падабалася простаму люду. І люд гэты аплаціў замак у вёсцы Гразь.
Але з нейкага моманту жарты з высокапастаўленых палітыкаў, роўна як і самі палітыкі, зніклі з “Блакітных агеньчыкаў” і канцэртаў. Гэта Валодзя Пуцін рашыў, што хопіць рабіць блазнаў з дзяржаўных мужоў, што палітыка рэч сур’ёзная і не для навагодніх тостаў і брудэршафтаў.
Як адрэзала. Цяпер адзін спартыўны каментатар Губерніеў скача і каламбурыць на Новы год. А палітыкі – займаюцца сваёй справаю.
Аказалася, усю гэтую дэмакратыю і панібрацтва можна прыбраць адным словам, сказаным адпаведнаму наглядчыку ў ціхім кабінеце Крамля. А наглядчыку ўсяго спраў – пазваніць на “Першы” канал і на канал “Расія”. Два званкі. Вось так усё проста і эфектыўна вырашаецца пры вертыкальнай уладзе.
Ізноў рот Галкіна перакасіў гумар, што апявае чалавечыя геніталіі. І ўсё стала ціха ў краіне. А палітыкаў цяпер паказваюць на ўрачыстых канцэртах і ўрачыстых прыёмах, дзе заслужаным людзям Пуцін дорыць ганаровыя ордэны.

Так і ў літаратуры, спадар чытач. Два-тры чалавекі і вызначаюць лёс айчыннага пісьменства. А далёка не творцы, што бегаюць па рэдакцыях з опусамі. Варта было стаць Алесю Карлюкевічу фактычным кіраўніком “Полымя”, як адтуль рэзка зніклі мастацкія тэксты. Бо Карлюкевіч – краязнаўца, і менавіта краязнаўства там расцвіло. Крытык Серафім Андранюк, напрыклад, сам не заўважыў, калі перастаў натхняцца сучасным літаратурным працэсам, як пры Мятліцкім, а перайшоў на літаратуразнаўства і гістарызм. Аўтары ж тэкстаў мастацкіх змянілі сваю парадыгму – і перайшлі з раманаў на дзённікі ды ўспаміны. А хто не скарыўся – пакінуў “Полымя” сам.
У “Дзеяслове” і “Літаратурнай Беларусі”, як нядаўна выявілася, царуе той самы парадак. Кіруюць тры чалавекі. А імі запраўляе той уяўны з “Эўропы”, які і праплачвае гэты кампот. Ступеняў свабоды ў “Дзеяслове” болей як быццам, але яны намінальныя, не вызначаюць асобныя таленавітыя публікацыі літаратурны працэс, на які напоўз нацыяналізм і здушыў жыватворныя сокі.
Публікацыя вершаў Святланы Раманавай праявілася ў №77 “Дзеяслова”.

Раманава Святлана – паэтка, журналіст. Аўтарка кнігі паэзіі «Смарагдавы рай». Нарадзілася ў 1964 годзе ў вёсцы Покаць на Чачэршчыне. Жыве ў Мінску.


БЕЛАРУСКАМУ МАЭСТРА

Я тут!
Я шугаю полымем.
Праз боль я з сябе бяру
Каменне рукамі голымі
І гэткім як сам дару.
Анатоль Сыс

Ты выйшаў з вёскі, з росных траў,
З туманаў сырадою,
З адкрытым сэрцам цераз край,
З душою трапяткою.

А свет – не маці, не радня,
І нават не сябрына.
І чыстая душа твая
Ўзмужнее ці загіне.

Лебедзь белы, талент – рана
І агонь жыцця – быцця.
Не скарыць жыцця заганам,
Выйсця ў вышняе шукай!

З сэрца паэзія хлынула
Лавай, ліўнем, ракой,
Рыбаю, птушкамі белымі…
Край наш – і радасць, і боль.

Тут тая самая загана, пра якую не раз гаварылася. Падборку адчыняе паклон і малебен чарговаму “гуру” суполкі – Анатолю Сысу, якога да смерці лічылі бамжом і славалюбным агрэсарам. Цяпер жа – крынічная душа яго паўстае з міфатворчасці.
Злучэнне слоў “З адкрытым сэрцам цераз край” рэжа менавіта па сэрцы, бо адкрыць яго “цераз край” нават у аперацыйнай не змогуць.
“Трапяткую душу” паэта не стану нават каментаваць.
Як і “чыстая душа твая” – няхай застанецца гэты штамп і фальшывы пафас на сумленні паэткі.
Выраз “жыццё – быццё” ў такім кантэксце недарэчны. Бо жыццё і ёсць быццё. Сінонімы. Напісаная ж праз злучок прывычная форма “жыццё-быццё” тут не прыводзіцца.
Потым ідзе паўтор слова “жыцця”, побач з “жыццём” у папярэднім радку. Нібы слоў не хапае аўтарцы, каб выказаць сваё захапленне паэтам.
Нарэшце яна павучальна жадае “выйсця ў вышняе” шукаць. І вяртаецца назад, да сэрца, што было адкрытае “цераз край” і з якога цяпер то лава пякельная падземная хлынула, то птушкі выпырхнулі. А заадно і… рыбы, якія ў лаве плавалі, не інакш.
Праўдзівае толькі тое, што ў Сысу, як і ў любым чалавеку, жыло добрае (птушкі) і благое (лава). Астатняе ўсё, у паэтычным сэнсе, крытыкі не вытрымлівае,
Далей аўтарка спрабуе сябе ў верлібры. Чаго не варта было рабіць. Я не раз гаварыў, што для верлібра патрэбны філасофскі склад розуму. Як мінімум. А гэта ў паэтаў рэдкасць. У жанчын – яшчэ ці бывае наогул? Таму найчасцей такія “вершы” выглядаюць банальшчынай. Часам – і пошласцю. На гэтым спыняюся і прапаную чытачу, калі зажадае, самому ацаніць цвяроза такія спробы Святланы Раманавай. Часопіс лёгка адшукаць некалькімі шчаўчкамі клавіш у Сеціве.
 Балюча тое, што добры ў жыцці чалавек, які бярэцца не за сваю справу, выглядае трагікамічна. Гэта тычыцца любой справы. Ваш крытык, напрыклад, нямоглы ў цярплівым вышыванні крыжыкам, якое лёгка робіць большасць жанчын. Яму праз хвіліну становіцца млосна, тужліва, узнікае агрэсія і думкі пра марнасць існавання. Усе мы розныя, як ні трывіяльна гэта гучыць.


ЛіМаразм-207

Боскае сузіранне

У №77 “Дзеяслова” змешчаны вершы Алеся Каско.

Каско Алесь — паэт. Аўтар кніг «Скразная лінія», «Набліжэнне», «45» і інш. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1995) за кнігу «Час прысутнасці». Нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Чудзін на ГанцавГанцавіччыне. Жыве ў Брэсце.

Сапраўдны паэт пазнаецца з першых радкоў. І ўжо не хочацца корпацца ў нюансах – дзе ён якое слова паставіў ці якую хібу зрабіў.
Алесь Каско чалавек чуйнай душы і майстар слова. Нават у паважаным узросце ён не страціў паэтычнай энергіі, не перайшоў на звыклую пенсійную нэндзу. Гэта высокая лірыка. А пра добрае асабліва няма чаго і казаць. Яно кажа само за сябе.

НЯЗМЕННАСЦЬ

Хіба з мінуўшчыны глыбокай невядома:
бліжэй народу ўладца, чым прарок,
і ўзносіў першага ён з думкай падсвядомай:
як што – пакаецца і дасць зарок.

Хіба не сведчаць нам сучаснасці скрыжалі
і не даюць на будучыню ўрок:
прарок, пакуль не рвалі жыл, не зневажалі,
пакуль не ўкрыжавалі – не прарок.

Зрэшты, па традыцыі нашай рубрыкі, мы абавязаны паглыбіцца ў некаторыя дэталі.
Скарыстана рэдкае і неўнармаванае слова “ўладца”.
Некаторыя радкі падаюцца цяжкаватымі. Можа, праз пэўную дыдактычнасць верша. Хоць асноўная думка выдатная – прарока павінны раскрыжаваць, або пабіць каменнем пры жыцці. Яны нязручныя заўсёды, як Пушкін і Лермантаў.
Самыя ўдалыя радкі вылучаны падкрэсліваннем.

Наступны верш змяшчае і светлы пафас, і філасофію:

* * *
Як быццам ява ў сне – да кропкі:
скрып весніц, з белым домам сад,
і гукі паданкаў, бы крокі,
і поўні з вершалін пагляд.

І чуйнасць, ад якой не ўтоіш,
што радасці ў прыснёным брак;
у ім, бы ў яве, усё тое ж,
ды меней хоць на рыску, знак.

Цень не мільгнуў у стоме вокан,
цяпло ад сцен не паплыло,
агонь не бліснуў, толькі звонку
ляжыць нябеснае святло.

У садзе толькі вецер ходзіць,
а за дзвярыма ловіш ледзь:
“Штоноч завітваць, сыне, годзе,
ці мы жывыя? – паглядзець”.

Ёсць пэўная блытанасць у выразе “…на рыску, знак”.
Два разы ўжываецца скарочаная форма ад “быццам” – “бы”, яна гутарковая. Хаця паэты беларускія яе так часта прымяняюць, што ўжо і ўнармавалі па факце.
Няправільная форма “вокан” замест “акон” і “вокнаў” не дадае сілы тэксту.
Выраз “што радасці ў прыснёным брак” грувасткі ў кантэксце верша, выпадае з агульнай лірычнай плыні.
Радок “у ім, бы ў яве, усё тое ж” змяшчае зашмат кароткіх немілагучных слоў.
Аднак вельмі многа паэтычных іскрынак, праніклівых радкоў стварыў Віктар Каско ў гэтым вершы. Усе яны вылучаны падкрэсліваннем.

У наступным вершы строфы няроўныя – першая значна перасягае другую па дасканаласці.

* * *
Сніцца: хліпнула свечка свядомасці
і патухла – хоць дзень не світай,
і ўжо з вышняй ступені бяздомнасці
сузіраю пакінуты край.

Хай са мной быў ён жорсткі да помснасці,
да зрачэння няветлы быў хай, –
а прашу ў яго ласкі: няпомнасці,
ойча мой, і за ўскрайкам не дай!

Ёсць крывое слова “помснасці” замест “помслівасці”. Над ім пачынаеш задумвацца, раздражняцца. Што для верша нядобра.
Роўна тое самае тычыцца і слова “зрачэння”.
Літаральна ўсе радкі апошняй страфы страцілі элегантнасць, з якой пачынаўся верш.
Першая ж страфа спрэс – выдатная.

Тут можна заўважыць звычайнае: нават харошыя паэты, майстры, пры шматгадовай адсутнасці крытыкі на свае тэксты страчваюць пільнасць, расслабляюцца, недапрацоўваюць. Што яшчэ раз цвердзіць неабходнасць менавіта дэталёвага разбору тэкстаў у беларускіх выданнях. Перыядычных найперш. Бо ўсю літаратуру, улучаючы кнігі, ваш крытык чыста фізічна ахапіць не адужае. Перыёдыка ж здаўна ёсць фарпостам беларускай літаратуры. Яе чытае культурнае ядро. Па ёй звяраюцца. Ёй давяраюць маладыя.
Раней, пры БССР, сама публікацыя ў “Полымі”, напрыклад, лічылася паказчыкам высокай якасці твораў. І ўжо асабліва не крытыкавалася. Што дарэмна. Памылкі, хібы, недарэчнасці назапашваліся, напластоўваліся з пакалення ў пакаленне. У выніку цяперашнія часопісы сталі вельмі рэдка выдаваць мастацкія тэксты. Да таго ж – Алесь Каско і Алег Мінкін – паэты, выгадаваныя і сфармаваныя за савецкім часам. Таму іх творчыя набыткі ніяк нельга прыпісваць часам незалежнай Беларусі. Новыя ж, маладыя не з’яўляюцца амаль, не вырастаюць з рыфмачоў у паэтаў. Нешта не так у саюзах пісьменніцкіх. Над гэтым варта задумацца.
А калі не кранаць саюзы, то ўдумлівых, няспешных, грунтоўных людзей, з якіх і вырастаюць мысляры і паэты, – становіцца меней і меней. Псіхіка растузаная Інтэрнэтам і тэлевізарам у 300 каналаў, смартфонамі і айфонамі, якія не выпускаюцца з рук. Чалавек робіцца прыдаткам апаратуры. Перастае нюхаць паветра, наталяцца краявідамі лясоў і азёр. Нават на адпачынку ён – з замежным аўто, з дарагім мангалам, з радыё, якое галосіць з машыны, пакуль ён размотвае фірмовую вуду… Я востра памятаю вясковых рыбакоў дзяцінства, якія зліваліся з прыродай, ловячы на самыя простыя вуды багата ўсялякай рыбы. Яны не шморгалі вудзільна, не падсякалі дарма, не бегалі з месца на месца, не мітусіліся… Гэтак і сапраўдны паэт – пераважна маўчыць, ловячы ў сузіранні Божае слова.


ЛіМаразм-208

Вогненны кісель з плеўкаю

Арцём Сітнікаў спрабуе сябе ў паэзіі. Гэтыя намаганні падтрымаў “Дзеяслоў”, №77.

Сітнікаў Арцём (Цёмны Сіт) – паэт, бард. Працуе інжынерам па выпрабаваннях у Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі. Спявае ў грэка-каталіцкім хоры «Прасфара». Нарадзіўся ў 1987 годзе ў сяле Верхні Ломаў Пензенскай вобласці, Расія. Жыве ў Мінску.

Аўтар цалкам аддае сябе ва ўладу верлібра. І, як 99 паэтаў са 100, церпіць паразу. Да таго ж у прэамбуле да сваёй творчасці Сітнікаў прызнаецца, што мова яго недасканалая:

МОВА МАЯ

Кажуць, мова мая
недасканалая,
сном скаваная, замарожаная,
запаволеная,
замаруджаная –
ды ж жыве яшчэ,
не сканала яна!
Кажуць, мова мая
недаспелая, незавершаная,
недарэфармаваная
– ды ж яна апяваная
спевамі,
яна вершамі зрыфмаваная.
Кажуць, мова мая забітая,
скрываўленая, згвалтаваная
наркаматамі ці наркаманамі –
ды ж гучыць,
яшчэ не забытая!
Кажуць, Слова Тваё
Незразумелае,
нетрывалае,
недарэчнае –
Яно ў Кнігах жыве, непамерлае;
ўсё стрывала Яно,
спаконвечнае.
Яно ў свеце жыве –
свята-светлае;
Яно ў сэрцах жыве –
ўчалавечанае.

Можа, ён меў на ўвазе недасканаласць беларускай мовы ўвогуле. Але мы смеем заўважыць, што мова наша досыць багатая, гнуткая, і ёй падуладнае ўсё – ад дваровай лаянкі да вытанчанай філасофіі.
А вось менавіта мова з вуснаў Сітнікава гучыць ненатуральна і бедна. Ад гэтага ён не можа выказаць тыя пробліскі думкі, якія часам да яго залятаюць.
Надуманае сцвярджэнне, што мова аўтара “скавана сном” (якім?) распачынае твор. Затым ідзе рытарычнае: мова не сканала!
Праз беднасць запасу слоў аўтар устаўляе “масла масленае”: “апяваная спевамі”.
Дазнаёмся мы таксама, што мова наша скрываўленая – “наркаманамі”! Упершыню чую такое.
Але яна – “гучыць” тым не менш! То бок ідзе паўтарэнне першапачатковага пасылу: што мова жыве. Навошта бесперапынна нас гэтым грузіць?
Затым слова “Незразумелае” пішацца чамусьці з вялікай літары. Недагляд рэдактараў.
І гэтае недарэчнае слова яшчэ – “непамерлае”. Трэці раз сцвярджае гэта Арцём Сітнікаў у сваёй мантры.
Слова “ўчалавечанае” напрыканцы як быццам зразумелае, але неўнармаванае. Арфограф яго падкрэслівае. Слоўнікі пра яго маўчаць. Правільнае слова, прывычнае – “ачалавечанае”.
Пафас верша не тое каб фальшывы, але гэта дзве тысячы першы раз паўтораны слоган, які дужа натаміў – пра неўміручасць беларускай мовы.
Мы ж ад сябе дададзім, што мова даўно памерла б, каб на ёй гэтак крыва выказваліся.
Калі аўтар здольны ўспрымаць парады, то я б скіраваў яго волю на класічны верш, дзе ёсць рыфма і рытм. Верагодна, гэта дысцыплінавала б яго творчасць і раскрыла нечаканы патэнцыял.

Уладзімір Сцяпан працягвае цешыць сваімі глыбакадумнымі мемуарнымі карацелькамі. Ён даўно лічыць сябе настолькі крутым літаратарам, што можа гойсаць з творамі з саюза ў саюз, прычым творы гэтыя – пісаныя левай нагою – рэдактары павінны ў яго аберуч выхопліваць.
Што спарадзіла такую высокую самаацэнку ў мастака і расійскага дэтэктыўшчыка – цяжка дазнацца. Але па факце відаць, што аўтар лянуецца працаваць над тэкстамі, яны робяцца ўсё меней мастацкімі. Прычыны – адсутнасць крытыкі; панібрацтва і кумаўство з рэдактарамі часопісаў; прывычка халтурыць у масавай літаратуры, дзе пякуць раманы, як дранікі.

Вось што акрыліла аўтара на пісьмо:

КІСЕЛЬ

Кісель давалі два, а калі і тры разы на тыдзень. Звычайна ён быў шэра-ружовы, густы, вогненны. Налівалі па кубках з шэрых пяцілітровых чайнікаў.
На вайсковым кісялі плавалі плеўкі. Зачэпіш лыжкай, а яна вісіць, цягнецца, як гумовы клей. Глынеш-каўтанеш, пачатак плеўкі ў горле, а хвост яшчэ ў кубку боўтаецца…
Тыя, каму хутка на дэмбель ці ў адпачынак, кісель не пілі. Грэбліва і прынцыпова адсоўвалі ад сябе посуд. Прапаршчыкі з афіцэрамі той салдацкі кісель таксама ніколі не пілі, як і кухары з хлебарэзамі. Лічылася, што менавіта ў кісель падсыпаюць бром, каб салдатам не хацелася і нават не думалася пра дзевак. Хто і калі падсыпае – невядома. Я не верыў у такую фігню, смяяўся, але перад адпачынкам кісель не піў, на ўсялякі выпадак.

Сапраўды – кісель. Цягучы, ліпучы, бяздумны. З выпусташанай газетнай моваю. Неадушаўлёнасць. Млявая немач.
Тут ужо цяжка вінаваціць рэдактараў: не завернеш жа Сцяпана з такімі тэкстамі, не выганіш за парог, калі сябруеш з ім дзесяцігоддзямі. Адэптаў беларускага слова трэба цаніць.
Толькі студэнты, што чытаюць “Дзеяслоў”, стануць думаць, што гэта і ёсць пісьменства з вялікай літары. Пра моладзь ніхто не турбуецца.
Мала таго, дакладна ведаю, што выкладчыца філфака Лада Алейнік у экстатычным захапленні ад прозы Сцяпана, і малоціць пра яго артыкулы, і навязвае сваім вучням гэтакі густ. Цырк на дроце.
Ну пра Алейнік асобная гаворка, нагадаю толькі для недасведчаных – яе студэнты вылаўлены на крадзяжы крытычных артыкулаў Міхася Южыка з сайта, якія выдавалі за свае дзеля пахвальбы ад выкладчыцы. Сведка таму – Мартысевіч Марыя, напрыклад:

А вы, спадар Міхась, ведаеце гісторыю пра тое, як Лада Алейнік, радасная ад захапленьня, надрукавала пад замком у ЖЖ "цудоўнейшыя рэцэнзіі" сваіх найлепшых студэнтаў, а ў камянтах яе апэратыўна навучылі карыстацца гуглам, які выявіў, што прынамсі дзьве з гэтых рэцэнзіяў скрадзеныя наўпрост у вас? І калі Ладу тыцнулі носам у плягіят, яна сказала, што не чытае такую фігню, як Южыка (за цытату не ручаюся, але сэнс быў такі). А перад гэтым яна яшчэ пісала спэцыяльны пост пра тое, што яе студэнты супраць таго, каб іх тэксты зьмяшчалі ў інтэрнэце, бо баяцца помсты неадэкватных сучасных беларускіх пісьменьнікаў. Я яе тады яшчэ пацзамком чытала, дык шмат сьмяялася.
http://iuzhyk.livejournal.com/168944.html?thread=520688&

Якая выкладчыца, такія і студэнты.
Вернай дарогай рухаемся?


ЛіМаразм-209

Магія словазлучэння

Лірычная паэзія – гэта заўсёды адкрыццё, калі з вядомых тысяч слоў і са, здавалася б, зведаных кожным чалавекам пачуццяў нараджаецца нешта небывала кранальнае. І нарадзіць тое няпроста. Менавіта таму аўтары, што завуць сябе паэтамі, найчасцей выкарыстоўваюць напрацоўкі папярэднікаў, выдаючы за ўласныя.
Бо што такое яркая метафара? Гэта найперш навізна. А па-другое – выразнасць. А па-трэцяе, нязмушанасць, натуральнасць, адсутнасць какецтва і позы. Выконвай гэтыя тры пункты – і ты паэт. Але адкуль, з якіх глыбінь мовы і чалавечай свядомасці выняць такія словазлучэнні? Якія токі праміж нейронамі мусяць прабегчы ў мозгу? Таямніца. І на паверку аказваецца, што ўсе тры пункты выканаць страшэнна цяжка. І таму паэтаў – якія ўласна робяць адкрыцці – настолькі мала ў народзе.
Аднак пачнём здаля. У №77 “Дзеяслова” змешчаны вершы Рагнеда Малахоўскага. У беларускамоўнай тусоўцы хто Рагнеда не знае? І таму кепска, што пры канцы часопіса, у біяграфічных звестках чытачу падаецца няпраўда:

Малахоўскі Рагнед – паэт. Аўтар зборнікаў вершаў «Беражніца», «У дзённай мітусні», «Жыві!». Нарадзіўся ў 1984 годзе ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). Жыве ў вёсцы Нарач.


Дакладней, падносіцца хлусня, схаваная за недагаворанасцю. Як жыве ў вёсцы Рагнед, калі ён пастаянны і актыўны чыннік працэсу сталічнага? Пра тое выразна кажа Вікіпедыя. А каб не згодны быў Малахоўскі, то паправіў бы той артыкул.
Чытаем:

Нарадзіўся ў сям'і мастака. Паводле нацыянальнасці — беларус. У 1987 разам з бацькамі і старэйшым братам вярнуўся ў Беларусь у Нарачанскі край (Мінская вобласць). Скончыў факультэт фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ (2009). Працаваў грузчыкам, прадаўцом-кансультантам, выхавацелем у інтэрнаце, ахоўнікам гандлёвага цэнтра, фасадчыкам на будоўлі. Быў рэдактарам аддзела публіцыстыкі, крытыкі і літаратуразнаўства рэдакцыі часопіса «Полымя». У 2011 годзе з'яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара, выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка». У 2012 годзе — адказны сакратар часопіса «Маладосць». У 2013 годзе — рэдактар аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», адказны сакратар часопіса «Белая вежа», галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». З 2014 года - рэдактар аддзела публіцыстыкі рэдакцыі часопіса «Полымя».

Зноў ідзе ігнараванне дзяржаўнага СПБ, на які працуе Рагнед шмат гадоў. Нібы цураюцца ў незалежным “Дзеяслове” гэтага факта. А чаго бянтэжыцца, калі ўсе тут свае? Хто не ведае, што Гапееў сноўдае паміж суполкамі, мяняючы білеты, а творы носячы туды і сюды? І па дабрыні чалавечай яго прымаюць і там і тут. І ніхто не цкуе, не гоніць, як хацелася б некаторым літаратарам сябе выставіць. Наадварот, абдымаюцца, рукаюцца, цалуюцца – што Ўладзімір Сцяпан у розных рэдакцыях, што Рагнед Малахоўскі, што… і далей па спісе – нямала. Бо ўсе там сябры, кумы, хросныя бацькі, рэальныя бацькі, дзядзькі, колішнія мужы і цяперашнія палюбоўнікі.
Зрэшты, наша рубрыка пра творы.
Уступны верш Малахоўскага:

* * *
Абдымкі маленства сціскаюць душу…
На ўзлеску жадана сарвецца ажына.
Вярніся! Вярніся! Адчайна прашу.
І босыя ногі пазнае сцяжына…

Сустрэнемся там, дзе блукае жыццё,
Дзе лёгкасцю дзіўнай напоўняцца грудзі,
Дзе ззяннем вясны маладзее лісцё,
Дзе штосьці было і чагосьці не будзе.

І стане блакітным сівы далягляд,
І снегам пухнатым вітаюць таполі…
Няхай на імгненне – сустрэўся пагляд,
Што ў сэрцы жыве, што не вернеш ніколі.

Я правёў гадоў 10 пад кустом ажыны, можна сказаць, – у Асіповічах летнімі месяцамі, менавіта побач з ажыннікам было маё працоўнае месца. Бачыў, як спелі ягады. Але не заўважыў, каб “зрываліся” з галін. Хіба што сам іх зрываў.
Пра абдымкі маленства, якія задушліва сціскаюць лірычнага героя, – атрымалася грубавата.
У цэлым першая страфа няўдалая. Хай аўтар даруе, нічога асабістага і быць не можа – Рагнед чалавек добры, прыемны. Проста гамбургскі рахунак таго патрабуе.
У другой страфе неўразумелае – “ззяннем… маладзее лісцё”, пачынаеш выварочваць глузды, а гэта балючы працэс.
У апошніх радках “штосьці”, “чагосьці” – аж два непаэтычныя словы туляцца побач. Замнога. Плюс “было” і “будзе”. Нюансы, з якіх і складаецца высокая лірыка.
Далягляд спачатку ў Малахоўскага “стане… сівы”, і тады “таполі” – “вітаюць… снегам пухнатым”. Парушэнне па часе. Калі яшчэ толькі стане, то таполі і будуць вітаць, або павітаюць, а не “вітаюць”. Законы граматыкі.
“Далягляд” і “пагляд”, што стаяць пад рыфмаю, – аднакарэнныя словы. Нядобра.
Апошні радок – “што ў сэрцы жыве” ёсць выразам, які стаўся паэтычным лякалам. Так піша ў сваіх лозунгах Міхась Пазнякоў, ускосны ці прамы начальнік Рагнеда.
Два разы ў апошняй страфе нелірычнае “што” выпустошвае твор, ставячы яму адпаведную ацэнку. Усіх гэтых “што”, “чаго”, таго”, “чаму”, “таму” ў лірычным вершы трэба пазбягаць. Па магчымасці, зразумела. Іншым разам яны могуць быць апраўданы кантэкстам. У гэтым і майстэрства паэта – ставіць словы дарэчы, па месцы.
Далейшыя вершы напісаны ў такім жа кірунку. Гэта лірыка, безумоўна. І душа ў паэта светлая і чуллівая. Не хапае паэтычнага тэмпераменту. Менавіта тэмперамент і нараджае рэдкія метафары, прыцягвае пагляд чытача да верша. А слабы ці сярэдні тэмпераменты да такога не здольныя. Яны карыстаюцца ўжо вынайдзенымі словазлучэннямі, з невялікімі ўласнымі варыяцыямі ды змяненнямі.
Вось мы крытыкавалі тут Жыбуля. А між тым у яго даволі моцны паэтычны тэмперамент. Толькі скіраваны ў згубны і разбуральны бок. Рагнед жа імкнецца да хараства, а па энергетыцы не ўражвае. Памерлы Сыс Анатоль уражвае. І палітык Някляеў жывы і порсткі ў колішніх вершах. Тэмперамент, мяркую, немагчыма развіць з гадамі. Як і памяняць псіхатып. Ён закладзены генетычна. Плюс фарміраванне бацькамі да ўзросту, пакуль з галавою заходзіш пад стол.
Нездарма ж маці Пушкіна – псіхапатка, якая завязвала яму рукі назад у маленстве за любую правіну. А Талстой – бязбацькавіч. Як і Лермантаў, выхаваны дэспатычнай бабуляй. А ў Дастаеўскага бацька – тыповы эпілептоідны псіхапат, тыран, што душыў сабою ўсіх навокал. Як і ў Чэхава. Усё гэта запамінае дзіцячы мозг. Пераварвае. Крыўды растуць, душаць знутры, і калісьці – мажліва – выліваюцца ў магутную творчасць. Хто ж з маленства як сыр у масле перабывае, ахінуты любоўю, дык і пратэсту ўнутранага ў такога чалавека няма. Адна пяшчота навокал, чаго нервавацца?
Зрэшты, таямніцу творчасці разгадваць – справа няўдзячная. Рагнед жа многа сілаў душэўных паклаў на тое, каб замацавацца ў эліце рэдактарскай. Аднак не дасягнуў і праз два дзесяцігоддзі “ўзроўню”, каб шчоўкаць свае кнігі за дзяржаўныя грошы, быццам яйкі аб край патэльні. Ён сціпла цягне свой гуж. Што выклікае павагу. Як павернецца далейшы лёс рэдактара Малахоўскага – не станем гадаць. Жыццёвым жа вобразам сваім і вершамі ён нясе дабрыню, а гэта заўсёды нямала.
 

ЛіМіразм-210

Страху вялікія вочы

Часцяком правілы і табу, па якіх жыве чалавек, фальшывыя, састарэлыя, або грунтуюцца на страху жывёльным.
Лупцуе, напрыклад, бацька сямейства гадамі ці дзесяцігоддзямі жонку, дзяцей, – а тыя лічаць, што гэта і ёсць нармальныя правілы існавання. Асабліва гэта завялося ў савецкіх людзей.
Ці, прыкладам, строяцца ўсе на лінейку ў школе, затым праводзіцца сход, дзе завуч з дырэктарам вяшчаюць піянерам аб высокіх матэрыях. Усе клянуцца ў вернасці камунізму. Але скончыўся сход. А за рагом школы нашага піянера чакае хуліган, старшакласнік, які вымагае ў яго капейкі. І апанаваны страхам піянер аддае, нават не падумаўшы, што завуч з дырэктарам павінны яго абараніць. Раз ужо распінаюцца пра высокае. Дый закон зусім не абавязвае аддаваць некаму грошы. Абавязвае страх.
А насамрэч хуліган сам баіцца завуча, які можа выправіць яго ў школу для дэфектыўных. Але дзейнічае па спаконвечных законах статку прыматаў, ведаючы амаль пэўна, хто піянер у штаны наложыць і грошы аддасць.
Тое самае і ў Войску Савецкім было – ёсць закон, статут, а ёсць дзедаўшчына, зямляцтва. Спаконвечнае. І афіцэрам было зручней, каб у казармах панаваў турэмны закон, каб дужэйшыя мучылі слабейшых. Бо па статуце жыць – тады афіцэрам трэба з казармаў не вылазіць. А яны людзі ўсё ж, любяць жонак, дзяцей, палюбоўніц, футбол, тэлевізар, рыбалку.
Але звярыныя законы хісткія ў чалавечым грамадстве. На Захадзе іх паспяхова адольваюць. Там нафіскаліць суседу на суседа, а брату на брата – што плюнуць. Затое няма хуліганаў за рагом школы. І мужы жонак апасаюцца калашмаціць.
Памятаю, на другім годзе маёй службы ў Савецкай Арміі быў такі выпадак. Паднялі стараслужачыя, чалавек шэсць, свайго аднагодка поначы, завялі ў туалет і за нешта адмалацілі. Ды не разлічылі і паламалі сківіцу. Санчасць, шпіталь, бацькі салдата настаялі, каб ён напісаў заяву і сказаў, як папраўдзе было.
І вось у суполцы, дзе кіравалі прыматы і страх, нечакана аб’явіўся закон. Аказалася раптам, што калечыць нельга людзей, што за гэта – турма. І шэсць чалавек разбойнікаў імгненна пасадзілі на гарадскую гаўпвахту. І трымалі там максімальны тэрмін, здаецца, паўтара месяца. Справа вырашалася ўжо на ўзроўні генерала, начальніка гарнізона.
Аднак большасць з пасаджаных былі са слаўнай Сярэдняй Азіі. І бацькі іх, і родзічы сабралі багаты калым і ўпалі на калені перад генералам, каб не саджаў у турму (дысбат) іхніх бандытаў. І генерал вяльможным рашэннем нягоднікаў мілаваў.
Прыйшлі яны з гаўпвахты пахудзелыя ледзь не ўдвая, сінія, бледныя, цені самі сябе. І да канца службы ўжо хадзілі ніжэй ад травы.
Во як працуюць нават намёкі на сапраўдны закон.
І так пераадольваецца першабытны страх.
Каб кожны малады салдат ведаў свае правы і, пасля гвалту, адразу ж бег да зампаліта з заяваю – то дзедаўшчыны б не існавала. І хай бы потым яго называлі “стукачом”, фіскалам, але менавіта грамадзяніна, што ведае элементарныя законы сваёй краіны, ужо б не краналі ніколі армейскія малпы.
Такую падводку я зрабіў вы ўжо здагадваецеся, для чаго: для апісання пісьменніцкіх суполак, саюзаў нашых, якія жывуць па паняццях – не па законах. І там жа – свае паханы. І там жа жывёльны страх шарагоўцаў, якія каўтаюць крыўды, бачачы, што не выдаюцца іх кнігі, а друкуюцца кнігі сакратароў і рэдактараў. І жонак рэдактараў. І сяброў іх. І дзяцей ды пляменнікаў. Па законах жывёльнага статку. Якія базіруюцца на спаконвечным страху прыматаў перад важакамі.
Важак што можа? Не надрукаваць. Або замарозіць публікацыю. Або выгнаць са статка. Па сутнасці, дзве рэчы ён цяпер зрабіць можа, перад якімі шарагоўцы трапечуць. Прыніжаюцца ўсё жыццё. Хлусяць. Звіваюцца ды выкручваюцца. Абы не тое каб важаку дагадзіць, а не выклікаць яго гнеў на сябе. Праходзіць жыццё. Шарагоўцы, разам са сваімі няспраўджанымі кнігамі, ідуць у зямлю. Важакі адпраўляюцца туды ж, трохі яшчэ пачапляўшыся за паверхню творамі, якія яны няпраўдаю ўбілі ў школьныя праграмы. Потым, праз пару дзесяцігоддзяў, імі займаюцца адно рэдкія навукоўцы, гісторыкі.
І будзем тады думаць і разважаць, што, можа, жонцы, якая ходзіць з фінгаламі на работу, варта ўсё ж напісаць заяву на бравага мужа? Каб ужо ў турме, дзе яму самае месца, яго вучыў пад дых не сам пахан нават, а паханаў шасцёрка.
І тады б, магчыма, мы паступова людзьмі станавіліся.


Міхась Южык

ЛіМаразм-211

У рубрыцы мы часта гаварылі пра маніпуляцыю свядомасцю, якую наладжваюць шарагоўцам кіраўнікі беларускай літаратуры. Таму мы часцяком маем справу і з выдуманымі ідэямі, і з раздзьмутымі ідаламі, якім прымушаюць маліцца.
Знаўца душы чалавека, Фёдар Дастаеўскі выдатна апісаў такую сітуацыю ў аповесці “Сяло Сцяпанчыкава і яго насельнікі”. Аповесць, бадай, найбольш гумарыстычная з усіх выбітных твораў пісьменніка. Там у палкоўніка ў сядзібе жыве нахлебнік Фама Фаміч, які завалодаў воляй генерала праз тое, што настроіў супроць яго ўсіх насельнікаў маёнтка. Тым самым гаспадару пастаянна ўнушалася, што ён нікчэмнасць, а Фама Фаміч геніяльны чалавек, якога палкоўнік не цэніць. Тым самым у палкоўніку культывавалася пачуццё віны, паніжалася самаацэнка, ён стаўся марыянеткай у пуках капрызнага прыжывала. Тыповая маніпуляцыя свядомасцю.
У Дастаеўскага шмат такіх псіхалагічных сітуацый сустракаецца. Напрыклад, нейкі бацька абяцае праклясці сына. Сын страшэнна гэтага баіцца, а таму выконвае ўсялякія капрызы свавольнага бацькі. Тут дамешваецца і скажоная рэлігійнасць сына.
Часта бывае ў сем’ях, што маці не хоча адпускаць адзінага сына ў жаніцьбу і ўсяляк разладжвае яго шлюбы. Эгаізм на мяжы душэўнай хваробы. Маці пачынае палохаць пагаршэннем свайго здароўя, смерцю – і сын адмаўляецца ад чарговай нявесты.
Ва ўсіх выпадках мы бачым фальшывыя каштоўнасці, якія навязваюцца людзям, з вялікай доляй унушальнасці. Здаровы розум не дзейнічае. Ствараецца гіпертрафіраваная значнасць нейкага чалавека ці каштоўнасці ў вачах хворага. Ён баіцца скрыўдзіць каштоўнасць, пазбыцца свайго ідэалу.
У беларускай літаратуры ёсць такая камічная сітуацыя. Напрыклад, нідзе не запісана, што над нацыянальнай літаратурай павінна ўзвышацца магутная іерархія з розных кіраўнікоў – старшыняў, галоўных рэдактараў, чыноўнай чэлядзі. Не прапісана нідзе, што павінна выходзіць газета, дзе ажыццяўляецца малебен нацыянальнай культуры – бяздушны, бяздарны, як усходнія мантры, што клічуць імёны дэманаў. Але ж такая газета, што палохае сабой пачаткоўцаў і шарагоўцаў існуе. І думае маленькі літаратар – ну, напэўна ж, магутныя гэта пісьменнікі, гэтая старшыні і адказныя людзі, што збіраюць вечарыны, фатаграфуюцца на фоне Коласа і Купалы, вешаюць адно аднаму ордэны Скарыны…
А між тым такая навіслая іерархія – перажыткі савецкага глупства, што не даюць развівацца літаратуры. Менавіта ў лепшыя часы ў гісторыі, напрыклад, рускай літаратуры – у 19 стагоддзі – ніякай іерархіі над часопісамі не вісела, апроч цэнзуры, якая толькі і рабіла, яка сачыла за тым, каб не зневажалі цара і праваслаўе. Усё. І тады літаратура расцвіла. Бо часопісы змагаліся з часопісамі за чытача, кожны меў сваю ідэю і скіраванасць.
У сістэме, дзе ўсё падпарадкавана і цэнтралізавана, не можа ўзнікнуць ні незалежнай крытыкі, ні цікавых твораў. Бо творцы, нават таленавітыя, без крытыкі хутка зачахнуць і пачнуць дэградаваць.
Уся вольная ініцыятыва, уся самаацэнка душыцца інстытутам літаратуры, што ў Акадэміі, які корміцца на творах савецкіх псеўдакласікаў і які зусім не зацікаўлены ў разборы сучаснага літпрацэсу.
Прыбяры гэты інстытут – і літаратурна не толькі нічога не страціць, а дыхацца ёй стане лягчэй. Не патрэбны і холдынг, і “Мастацкая літаратура” ў тым выглядзе, у якім перабывае цяпер. Дастаткова часопісаў не аднаго, як “Дзеяслоў”, а двух ці трох. Без грузу дзяржаўнай адказнасці літаратурны працэс не памрэ, а пачне развівацца спантанна, па адвечных законах развіцця літаратуры. Так, як ішла да нас “Іліяда” і “Адысея”, і “Боская камедыя”. Без прыцягнутых за вушы твораў чыноўнікаў, якія ў школах, апроч агіды да беларускага слова, не выклікаюць у вучняў ніякіх пачуццяў.
То бок усё, што палохае цяпер шарагоўца сваёй значнасцю, вісіць на беларускім слове мёртвым баластам. Гэта кармушка для дзесяткаў людзей, і не болей.
Тое самае маніпуляванне свядомасцю адбываецца ў выпадку, калі чалавека змушаюць бяздумна пакланяцца беларускай мове. Мова рэч выдатная, безумоўна. Але асноўнае, што патрэбнае чалавеку на зямлі – добра сябе адчуваць. А ў Вечнасці – выратаванне душы. Выратаванню ж душы, калі ты кепскі і агідны чалавек, літаратурны чынадрал, падманшчык і гарлахват, – беларуская мова не дапамагае. А добра сябе адчуваць на зямлі – беларуская мова мала каму спрыяе. Нават тым адзінкам, якія на ёй кормяцца. Бо пастаянна адчуваюць падспудна, што падманваюць добрых людзей, жывуць у хлусні. Ім няўтульна. Шарагоўцам жа, якіх ператварылі ў сектантаў, якія бегаюць са сваімі беларускімі кніжкамі, як іегавісты навязваючы іх на вуліцах, – наўрад ці добра жывецца таксама. Пастаянны комплекс непаўнавартасці. Іх не разумеюць у грамадскім транспарце і крамах, з ім пасмейваюцца дома самыя блізкія людзі. “Ды гавары ты па-нармальнаму”, – не разу чуюць яны ад братоў і сясцёр, уладкаваных у дабрабыт абывацеляў.
Любая ідэя мае сэнс толькі тады, калі рэальна кудысьці вядзе, калі яна першапачаткова не падман. У Беларусі ж склалася сітуацыя, што мова ёсць галаўным болем для дзяржавы, для чыноўнікаў, для саміх літаратараў. Яе ніхто не збіраецца развіваць. Нават нацыяналістычныя гуру, што атабарыліся на, скажам, “Свабодзе”. Бо іх асабіста такая сектанцкая сітуацыя задавальняе. Развіццё ж сапраўднае адніме ў іх рэгаліі ды кармушкі.


ЛіМаразм-212

Сайт “Літкрытыка”: прычыны татальнага заняпаду

Сайт Аляксандра Новікава, якім ён мерыўся палепшыць літаратурны працэс Беларусі, перажывае апошнія месяцы крызіс.
Нягледзячы на эмацыйныя выкрыкі ўладара сайта ў мой адрас, варта спакойна паразважаць, чаму партал церпіць фіяска.
Тут вымалёўваецца дзве асноўныя прычыны:

1) непасільнасць задачы для прыватнай асобы;
2) намаганне апісваць беларускі літаратурны працэс на рускай мове;

Паспрабуем расшыфраваць.
Напалеонаўскія планы Новікава першапачаткова грунтаваліся на добрых зносінах з кіраўніком СПБ Мікалаем Чаргінцом. Не ведаю, ці было наладжана фінансаванне ад гэтай структуры сайта, ці паступіла хаця б абяцанне ў такой падтрымцы – але маральная дапамога прысутнічала і Новікаў пусціўся ў рызыкоўнае плаванне, не разлічыўшы сілы свае.
Бо такое пачынанне, як сайт літаратурнай крытыкі Беларусі, вымагае немалой грашовай падтрымкі. Якую б лухту ні малолі на “Свабодзе” – гэтая пляцоўка няслаба праплачаная і таму ўтрымлівае каля сябе пэўнае кола людзей. Не кажучы ўжо пра холдынг “Звязда”. Так уладкаваны чалавек, што заўсёды хінецца да вузлавых месцаў фінансавых патокаў. Гэта надае яму ўпэўненасць, хаця б і былі ў холдынгу заробкі ды ганарары капеечныя, а на “Свабодзе” – у далярах. Не важна. Грошы нязменна прыцягваюць.
Новікаў жа, як прыватная асоба, вайсковец у адстаўцы, адзінае што мог здужаць – аплачваць сайт і прысвячаць яму ўсе свае душэўныя сілы. Трэба трымаць платную пляцоўку ў Сеціве. Ну і перыядычна наймаць праграміста для развіцця сайта і выпраўлення памылак. А далей – мусіць быць кола з мінімум 5–10 прафесійных аўтараў, крытыкаў, якім бы Новікаў плаціў так, што яны маглі існаваць бязбольна, бязбедна. Што немагчыма, паколькі ўладар сайта не буйны бізнесовец. Ён проста энтузіяст. Мала таго, на час стварэння сайта – ён яшчэ і дылетант у літаратуры. Таму зробленае Новікавым вымагае пазітыўнай ацэнкі хаця б за тое.
Не буду пераказваць вядомае ўсім – як па меры крытыкі твораў уплывовых людзей з СПБ Новікаў стаў губляць сяброўства ў высокіх колах, а затым і пазбавіўся дружбы ад Чаргінца. Як гэта часта бывае, былыя таварышы зрабіліся непрымірымымі ворагамі, і сайт усё болей стаў нагадваць поле бітвы паміж двума “тытанамі”. Крытыкі твораў станавілася ўсе менш, яна замянілася крытыкай працы чыноўнікаў ад СПБ. Новікаў пастаянна да іх прыдзіраўся, палохаючы заканадаўствам. Тыя толькі пасмейваліся. Бо колішні палкоўнік забыўся, што на гэтай тэрыторыі, яшчэ з мікалаеўскіх часоў, не зжытае чыноўнае права. І што немагчыма ваяваць з чалавекам, якому давярае сам Прэзідэнт. Што адзінай мэтай барацьбы з непарадкам у літаратуры можа быць крытыка твораў, прычым у сатырычным, гогалеўскім ключы, без спадзеву нешта змяніць тут і цяпер, а толькі ў Вечнасці. Аднак савецкі атэіст Новікаў занерваваўся, што высокае начальства ад СПБ яго не слухаецца і працягвае жыць так, як хоча і як прывыкла.
Кіраўнік сайта ўгневаўся на пісьменніцкі свет, стаў займацца кручкатворствам, спачатку правакаваць выданні, а потым вышукваць іх рэакцыю на сябе – дзе яго, няшчаснага, прынізілі ды абразілі. Пагражаў судом. Стаў сілкавацца гэтымі дэструктыўнымі эмоцыямі. Напяў маску праўдасека.
Збоку было выразна відаць, што асноўныя эмоцыі даюць Новікаву два чалавекі – Мікалай Чаргінец і Святлана Алексіевіч чамусьці. У прынцыпе, гэта права кожнага – некага любіць ці не любіць, ваяваць з ім законным спосабам. Але такое выглядае апраўданым у рамках інтэрнэт-блогу, а не сайта, які прэтэндуе на адлюстраванне літаратурнага працэсу ў Беларусі. Блогі ж Новікаў весці няздатны, што бачна па яго спробах у ЖЖ і ФБ – няма чытачоў і каментарыяў, яны згінулі на зачатку сваім. Роўна як і палітычны блог, што ў межах сайта “Літкрытыка” высільваўся весці аўтар. Ніхто не каментуе яго нападкі на прэзідэнта Расіі.
Цяпер пра наведванне сайта. Буду гаварыць толькі пра апошнія тры гады, калі сам дасылаў туды артыкулы.
Задума Новікава выбітная – стварыць сайт, аналагаў якому няма не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі. Слова “литкритика”, заведзенае ў пашукавікі, адразу ж выводзіць рускамоўнага чалавека на яго платны сайт. Але што гэта за чытач? Найперш рускамоўны. Часта і расейскі, якому нецікавая крытыка літаратуры Беларусі. Беларускамоўныя ж адэпты прывыклі чытаць пра сябе на роднай мове. Новікаў забыўся, што гэта закрытая суполка. Але пра тое падрабязней – у расшыфроўцы другога пункту, які вызначыў правал сайта.
Цяпер пра каманду “Літкрытыкі”. Тры гады таму, калі я стаў знаёміцца і супрацоўнічаць з сайтам, там было аўтараў усяго: сам Аляксандр Новікаў, Анатоль Матвіенка і Шатыронак Ірына. Вельмі рэдка з’яўляўся з артыкуламі Валерый Грышкавец. Са мной гэта 5 чалавек. (Для параўнання: цяпер там – адзін Новікаў застаўся.)
Прычым Шатыронак пісала на той час рэдка ў “Літкрытыку”, усё больш хілячыся да супрацоўніцтва з Алесем Карлюкевічам, ідэалагічным ворагам Новікава. Грышкавец, як я разумею, вагаўся – бо знаходзіўся пад уплывам “Нёмана” і Міхася Пазнякова, які настойваў, што пара вызначацца.
Адзін Анатоль Матвіенка шустрыў з артыкуламі. Але яны былі яго пабочнай дзейнасцю, метадам самавыражэння і самапіяру ў Беларусі, бо на той час аўтар быў шараговым дэтэктыўшчыкам Расеі. Пацешна было назіраць, як ён дае ўрокі напісання раманаў мацёрым беларускім пісьменнікам, тады як сам быў у літаратуры ўсяго два–тры гады (тады як Някляеў, напрыклад, усе 50 гадоў).
Сам Новікаў – праміж вайны з СПБ – зрэдку змяшчаў крытычныя артыкулы на творы.
Вось і глядзіце – амаль усе аўтары на добраахвотным, а значыць, аматарскім пачатку. Хаця не ведаю, ці аплачваў іх працу Новікаў. Зрэшты, аплачваў бы добра – зубамі б трымаліся за яго.
Я ж кажу за сябе: пісаў туды заўсёды бясплатна, спадзеючыся, што сайт добра наведваецца (пра тое чуў ад розных людзей). А любы пісьменнік не хоча галасіць у пустэчу, калі ён не поўны дэбіл. Новікаў такім чынам мне добра памог.
Але, называючы сябе прафесійным псіхолагам, уладар сайта праяўляў дзівосную нястрыманасць, непавагу, нягнуткасць да адзінак аўтараў, якія яму спрыялі. Крыўды на Шатыронак, падколкі і прыхаваныя абразы ён дапускаў у каментарах. Там жа прыніжаў і Грышкаўца, крыва намякаючы на яго алкагольную залежнасць. Матвіенку ж, адданага свайго аднадумца, ён прагнаў з сайта ледзьве не кулакамі. Выдатна памятаю, як выскачыў Новікаў з чарговай нянавісцю на Пуціна адносна Данбаса, а Матвіенка сціпла паспрабаваў абараніць расейскі бок, даводзячы, што і Парашэнка і Абама далёка не анёлы парад Божым Прастолам. За што быў груба асаджаны Новікавым, які агрэсіўна давёў, што на яго сайце палітычны погляд можа быць адзін – супроць Пуціна. Не ведаю далейшых нюансаў, але роўна з таго моманту артыкулы Матвіенка начыста зніклі з сайта.
Мала таго, праз некаторы час даведаўся я, што працуе Матвіенка ўжо ў холдынгу “Звязда” – у прамых ворагаў Новікава. Гэта значыць, Чаргінец праявіў большую вайсковую гнуткасць, перайграў Новікава, перавабіўшы патрэбнага чалавека. Дый як Новікаву цягацца – у параўнанні са “Звяздой” што ён мог прапанаваць, апроч “чэснага імя”, Мітвіенку? Там жа даюць рэальныя грошы і абяцаюць рэальныя кнігі.
У спорце і вайне выйграе той, хто ўмее мяняць тактыку па ходзе паядынку і ўсяго турніру.
Пасля серыі абразаў у бок Грышкаўца адбылося тое самае – пінскі паэт стаў папісваць ужо на баку Міхася Пазнякова, зноў жа ідэалагічнага ворага Новікава. Высмейваў уладара “Літкрытыкі”.
У выніку Новікаў павіс у адзіноце і апошнія два гады трымаўся на маіх артыкулах, “ЛіМаразме”, хітовую назву якога прыдумаў Міхась Южык і паралельна вёў на сваім ЖЖ-блогу, змяшчаючы выпускі на некалькі гадзін раней за сайт “Літкрытыка”.
Чаму я сышоў з “літаратурнага партала”? А менавіта таму, што сайт сябе вычарпаў – ні аўтараў, ні каментарыяў на артыкулы. А хто будзе дарма раскручваць чужы блог, у які і ператварыўся гэты платны сайт Новікава?
Уладар сілкаваўся, акрамя маіх артыкулаў, тым, што вышукваў у Сеціве чужыя артыкулы пра літаратуру ці палітыку і пераапублікоўваў іх. Ну і, вядома ж, – склокамі з важакамі СПБ, да смешнага пагражаючы ім судовай расправаю. (Вось ужо рагаталі яны!) За адсутнасцю каментарыяў Новікаў прыдумаў некалькі троляў, пад імем якіх – выглядае на тое – сам сябе і каментаваў. Каб уладальнік сайта быў Львом Талстым, то змог бы ўжыцца ў характары выдуманых персаналіяў так, што гэта падавалася б праўдай. А так усе гэтыя “барматухі” ды “ляшчынскія” – поўная псіхалагічная копія Новікава, разгаданая бывалым празаікам Южыкам вокамгненна.
Было за некалькі гадоў трохі каментарыяў і ад рэальных людзей.
Паяўлялася Кацярына Насута – паплечніца Анатоля Матвіенкі па масавай рускамоўнай літаратуры. Але пасля сыходу свайго таварыша і яна знікла.
Быў адэпт “Полацкай галіны” Алег Зайцаў. Знік ён у час, калі пачаліся прамыя правакацыі Новікава, каб Чаргінец зачыніў яго сайт.
Раз выскачыла з крыўдай на мяне Лізавета Палес (за крытыку перакладу ёй “паэзіі” Пазнякова.)
Быў аднойчы пісьменнік Дзмітрый Быкаў з правінцыі (які дыскуціраваў са мною паводле крытыкі яго вершаў).
Усё. Адзінкавыя выпадкі. А. Ну яшчэ даўным-даўно Гапееў, пад клічкай “Валеры”, лаяўся на сайце, абараняючы сябе любімага. Ён знік як ідэйны вораг Новікава.
Згадзіцеся, даволі пустэльна для трох гадоў для “літаратурнага партала”. Параўнайце з сайтам “Свабоды” хаця б. А не з мёртвым сайтам “Звязды”, дзе каментары не патрэбныя кіраўніцтву.
Сайт Новікава без аўтараў і каментарыяў на творы ператварыўся ў мёртвы блог, плойма якіх абарачаецца астылымі планетамі ў ЖЖ. Таму давялося яго пакінуць.
Тры месяцы таму я стаў змяшчаць “ЛіМаразм” выключна ў сябе на ЖЖ. Але пустата так душыла Новікава, што пры ўсёй крыўдзе на Южыка ён мусіў цягаць артыкулы з майго блогу і пераапублікоўваць без дазволу. Упарта лічыў мяне “камандай” сайта пры гэтым. Ад адзіноты адбыліся пэўныя змяненні ў свядомасці, і Новікаў пачаў прад’яўляць мяне, што рубрыка не мая, а належыць сайту, паколькі яе прыдумаў сайт, правы на яе мае сайт… Ну і гэтак далей, лухта за лухту страшнейшая.

Цяпер пра другі з пунктаў, вызначаных паперадзе.
Сайт, які займаецца літаратурнай крытыкай у Беларусі, апрыёры не можа весціся па-руску. Бо няма ў нас літаратурнага працэсу на рускай мове, акрамя маргінальнай “Нямігі літаратурнай”.
У “Нёмане” – друкуюцца тыя ж беларускамоўныя чыноўнікі СПБ у перакладах на рускую. “Полымя” – беларускамоўны. “Дзеяслоў” і “Маладосць” – таксама. Тое ж і “ЛіМ” і “Літаратурная Беларусь”. Сайт “Камунікат” прысвечаны выключна беларускім выданням і кнігам.
Няма жыцця па-руску. Што там некалькі чалавек вызнае геніяльнасць Аўруціна і ўважае яго за “беларускага Пушкіна” – то гэта ўсяго толькі вузкая секта. Сапраўднае ж месца Аўруціна – рэдкія публікацыі ў “Нёмане” як шарагоўца.
“Свабода” таксама вяшчае па-беларуску, а не іначай.
Таму апісваць літаратурны працэс на чужароднай (прычым) мове, да якой у эліты агрэсія – бессэнсоўна і згубна. Трэба пераходзіць на беларускую.
Аднак, каб крытыкаваць нейчыя творы, варта самому дасканала авалодаць нацыянальнай моваю. Чаго Новікаў не зрабіў, праявіўшы звыклую нягнуткасць, упартасць. Чым траціць энергію на бессэнсоўныя звады з кіраўніцтвам СПБ, ці не лепей скарыстаць калорыі на канструктыўнае?
Зрэшты, тут гаварыць можна доўга. Але адзіная парада вырасла сама сабою – каб выжыць сайту, Новікаў мусіць вывучыць мову і весці партал на ёй. Таму што сама па сабе пазіцыя яго нядрэнная, мужная – супрацьстаяць закасцянелым догмам у літаратуры. Дамагацца законнасці, бо нідзе не прапісана ў Канстытуцыі, што выключна сакратары і рэдактары павінны выдаваць свае кнігі ў “Мастацкай літаратуры”. Гэта чыстае выкарыстанне службовага становішча. З якім і змагаецца праўдасек Новікаў.
Так што пажадаем уладару сайта змагчы пераладзіцца. Бо самае цяжкое змаганне для чалавека – з сабою любімым.


ЛіМаразм-213

Вокны ўначы

У рубрыцы нашай, як заўважыў чытач, крытык трымаецца класічнага вершаванага стылю і ацэньвае менавіта па гэтых мерках. Ёсць у Беларусі крытыкі, якія, наадварот, захапляюцца вершам новым, ірваным, без рытмікі часта, без рыфмы, з сэнсам мадэрновым, цынічным. Гэта, напрыклад, Ганна Кісліцына, аматарка Хадановіча. Вось ад яе і чакайце разбору і захаплення. Праўда, калонкі, што зачынала Кісліцына ў газетах, не мелі поспеху і загіналіся самі сабой. Без каментарыяў, спрэчак, а значыць, без чытачоў. Крытыка павінна працаваць штосекунду, заўсёды знаходзячыся ў актыўнай прасторы Сеціва. Набраная ж мною звязка слоў “Ганна Кісліцына” ў пашукавіку бібліятэкі “Камунікат” выдала невясёлае – адна згадка пра яе ў старадаўняй “Маладосці” 2007 года і яшчэ адна ў нейкім артыкуле. Наконт таго, каб адчыніць у вольным доступе свае глыбакадумныя кнігі народу, крытык чамусьці шыфруецца. Чакае другога прышэсця, няйначай.
Мы ж працуем штодня, па меры сілаў сваіх.
У №76 часопіса “Дзеяслоў” карціна нарэшце выявілася пэўная. Ніякіх саюзаў пісьменніцкіх няма, а ёсць Каста, якая адчыняе дзверы ўсіх выданняў Рэспублікі. Калі аўтары “Дзеяслова” – Прыгодзіч, Зуёнак, Макарэвіч, Пацюпа і г.д. – то пра які незалежны саюз нам марочаць галовы?
Ёсць, праўда, пару строгіх адэптаў – Скобла, Мартысевіч, – якіх у прынцыпе ў “Звязду” не пусцілі б як заляпаных на “Свабодзе”. Гэта, тым не менш, людзі прыстойныя, з цвёрдай пазіцыяй. За што і павага.
У раздзеле “паэзія” парашыў я пакуль прапусціць Зуёнка і Макарэвіча, бо шмат аддаваў савецкім пісьменнікам часу, разглядаючы холдынг. Яны ўжо сваё слова адгаварылі цягам дзесяцігоддзяў. Выхадцы з дзіўнай і небывалай у чалавечай гісторыі атэістычнай і багаборчай дзяржавы, яны не ўспрымаюцца ўжо грамадствам, дзе ёсць хоць пробліскі вечнай і непарушнай ідэі – хрысціянства. Паэты абслугоўвалі свой час. З часам і сыдуць.
Мы ж будзем класці сілы на маладых, каму яшчэ можна нечым дапамагчы. На іх – а больш няма на каго – наша надзея.
Так мы падышлі да падборкі сціплага дацэнта з Гародні Анатоля Брусевіча, які аказаўся сталым аўтарам “Дзеяслова”. Вось што значыць не разгортваць гэты часопіс гадамі. Прыйшла новая адукаваная змена.

Брусевіч Анатоль — паэт. Аўтар кніг паэзіі «Дуэль», «Падаю ў неба», «Апошні дзень», манаграфіі «Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча». Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Гародні, дзе і жыве.

У двух, прыведзеных ніжэй, вершах паэт апявае адну тэму – нейкую цішыню.

ЦІШЫНЯ

Калі на пыл шляхоў спадзе трывога
І вернецца нарэшце Цішыня,
Суцеш яе: яна шукала Бога,
Але нікога так і не знайшла.

На жаль, не ўсе шляхі вядуць да Пана.
Ёсць шлях, які вядзе да Цішыні.
На ім няма ні горшых, ні абраных,
А толькі вершаў бледныя агні…

Ёсць у першым творы ўдалыя радкі. Вылучаны.
Увогуле бачна, што Брусевіч мовай валодае, імкнецца да паэтычнага лаканізму, элегантнасці, прыгажосці. Часам атрымліваецца. Не заўсёды.
Прычына некаторых хібаў у тым, што гуманітарый Брусевіч не сочыць за логікай. Выходзіць паводле верша, што “Цішыня” шукала Бога, а нарэшце знайшла “Цішыню”, то бок сябе саму. Нагадвае будысцкую нірвану, між іншым. Дзе няма жыцця – там і добра. “Бледныя агні” вершаў гэта пацвярджаюць. Ціха і безжыццёва. Небяспечна. Д’ябальскі зман Будды. Не па-хрысціянску як мінімум. Як бы не зайграцца Брусевічу ў “Цішыню”.

Другі верш:

* * *
Ноч – акіян пануры:
Вокны дамоў – караблі,
Якія з нябеснай буры
Вяртаюцца ў штыль зямлі.

Неба крычыць: “Спакойна!
Бура гартуе ваш дух!”
Вокны стогнуць і тонуць,
П’юць маўчання ваду.

Плача зямля: “Ранак,
Не дай ім пайсці на дно!
Ветразі жоўтых фіранак,
Дзе вы? Мне вас не відно!”

Пазітыўнае і негатыўнае – тое ж, што і ва ўступным вершы. “Вокны дамоў – караблі” – сумнеўна, таварышы. Вокны нагадваюць каюты – паверу. А караблі – не. Абрысы дамоў, камяніцы, гмахі глядзяцца ўначы, быццам судны. Ніяк не самі вокны, а – разам з вокнамі.
На небе, аказваецца, бура. Брусевіч не ўдакладняе, матэрыяльнае гэта неба ці ўяўнае. Бо ў горніх вышынях бур не бывае. Там царуе гармонія. Буры не сціхаюць у пекле, сярод упалых анёлаў.
Дацэнт пераконвае нас далей, што ў штылі, куды апусціліся з неба “караблі”, вокны тым не менш – тонуць! Парушэнне логікі. І здаровага сэнсу.
Радок пра “ветразі жоўтых фіранак” – добры. Адно напружвае – чаму менавіта “жоўтых”? Ці не таму, што паленаваўся Брусевіч дапрацаваць? Фіранкі могуць быць якога заўгодна колеру. Ранішняе сонца іх колер таксама не зменіць.
Ну і пры канцы скавыча лірычны герой, што яму “не відно” гэтых ветразяў з жоўтымі фіранкамі. Як так? Унізе, паводле Брусевіча, штыль. Ціхамірна апусціліся туды “караблі”. І дзе тады наогул перабывае лірычны герой? Блытаніна. Мучыш мазгі.
Вэрхал як духоўны (каша з галаве з будызму ды здаровых памкненняў да Збавіцеля), гэтак і лагічны. За прыгожым словам, якое несумненна любіць і ўвасабляе ў вершы Брусевіч, стаяць сэнсавыя недарэчнасці.
Форма абодвух вершаў – выдатная, можна сказаць. Не дачэпішся, каб і хацеў. Ды мала гэтага. Няма гармоніі формы з сэнсам. Таму – шурпата ўсё, зацінаешся пры чытанні. Праяўляецца нясталая духоўная сутнасць аўтара. Які, зрэшты, яшчэ малады і мае ўсе шанцы перарасці з вершатворца ў паэта.
Пажадаем жа яму поспехаў.


ЛіМаразм-214

Анталогія млявай дрымоты

Беларусь напраўду краіна паэтаў. Бо сама па сабе – тэрыторыя фантазійная, вобразная, якой няма ў рэчаіснасці. Мала чым адрозніваецца Мінск па культуры сваёй ад Масквы. Глухія ж беларускамоўныя вёскі завешваюцца спадарожнікавымі антэнамі таннага “Трыкалора”, праз які нас вітаюць сотні тэлеканалаў. Ды на роднай мове – ніводнага.
Рускамоўны свет ужо пранізаў апошнія прыстанкі нацыянальнага, што ў гушчарах і балотах. І толькі лядачыя бабулькі на лаўках гамоняць па-наску.
Таму паэтам – багатае поле для ўяўлення.
У №76 “Дзеяслова” прадстаўлены адзін з такіх фантазёраў – Павел Гаспадыніч, якога я не сустракаў у друку, мабыць, гадоў пятнаццаць. У літаратуры ж Гаспадыніч усе 20 гадоў.

Гаспадыніч Павел – паэт, празаік. Аўтар кнігі імпрэсіяў і апавяданняў «Вырай пачуццяў» і рамана «Цэзар будзе жыць». Лаўрэат 2-й Міжнароднай прэміі ў галіне веб-журналістыкі Yousmi Media Awards 2010. Нарадзіўся ў Кіеве ў 1980 годзе. Жыве ў Менску.

Аўтар – паэт па прызванні. Дыхае эмоцыямі. Трымае ў галаве свет, якога няма. Пачуццямі захлынаецца яго душа, таму вершы зазвычай разбэрсаныя, неахайныя. Вобразы накочваюць адзін на аднаго, Гаспадыніч не паспявае парадкаваць словы. Уседлівасці ж, відаць, ад прыроды не мае.
Уступны твор разбяром:

* * *
Калі ты кажаш “халады
У жніўні жоўтым запануюць,
Лістотай першаю гады
Ў вачах самотна завякуюць...”
Я дакрануся ледзь, крыху,
Сам, нібы ліст, упалы з дрэва,
І пацалункам адкажу:
“Шчэ лета досыць не саспела.
Не адквітнеў жытнёвы сон –
Глядзі, гарэзнічаюць птахі...
Крыўі чароўнае палон
Не пакідае месца страхам...
А восень прыйдзе як заўжды
Ліцьвінскай слаўнаю князёўнай:
Ў душы запаляцца агні
Бела-чырвонае бавоўны...

Удалае месца я вылучыў падкрэсліваннем. Паэт не банальны. Мае ў радках экспрэсію і адметнасць. З філасофіяй слаба. З логікай, якая неабходная для верша, Гаспадыніч ніколі не сябраваў.
Не ведаю, хто курыраваў яго падборку, але перабор з памылкамі граматычнымі навідавоку. Нібы адсутнасць дысцыпліны аўтара перадалася і наглядчыкам за часопісам.
Выраз “нібы ліст” варта было б замяніць на “быццам ліст”, бо ў “нібы” ціск на апошнім складзе. Замінае ўспрыманню.
Без гутарковага “Шчэ” верш бы выйграў.
Сярод буры эмоцый выраз “Не пакідае месца страхам...” гучыць газетна, як справаздача.
Злучэнне “як заўжды” мусіць вылучацца коскамі.
Затым ідзе звыклы сектанцкі код, які паэты чамусьці выкарыстоўваюць ва ўступным вершы падборак, быццам клянуцца ў вернасці Радзіме: “Ліцьвінскай” і “Бела-чырвонае бавоўны”. Гаспадыніч павінен уразумець, што гэта прымітыўна, няхораша; і перастаць думаць чужымі мазгамі.
“Ў” на пачатку радка – неапраўдана, не гучыць, пусты гук.
Цудоўная паэтычная энергія аказалася неўтаймаванай Словам.

Далей:

* * *
Страмніны нябёсных блакітаў,
Празрыстаць паветраных сноў.
На чоўне з даўніны спавітым,
Пугач заблукаў між багоў.
Як водарыць кветкамі сонца!
Як росна спявае святло!
Тчэ восень узоры бясконца
Сплятаючы іх у радно,
Якое дыванам усцеліць
Палеткаў пажоўклыя дні...
Якое натхненне прывеціць
У светла-самотным гаі.
Ледзь чутнай малітвай чароту
Вятрыска цалуе жыццё,
А там, ля старэнькага плоту
Бы прывід, аблічча тваё...

Не зусім разумею, якое дачыненне могуць мець “страмніны” да “блакітаў”. І тое і другое словы неўнармаваныя да таго ж. Ёсць толькі “блакіту” і “стромы”. “Нябёсных” таксама няма ў мове беларускай, унармаванае толькі “нябесных”. Мову трэба паважаць. Інакш разбрыдзёмся кожны па сваім закутку са сваёй моваю.
“Празрыстаць” – памылка. Прапушчана “с” перад “ць”
“Водарыць” па сэнсе зразумела, а па наяўнасці ў тлумачальных слоўніках – адсутнічае. І як, дарэчы, сонца можа “водарыць кветкамі”? Ну празмерная складанасць. Пачынаеш весці ў галаве ланцужок – сонца награвае кветкі і яны вылучаюць водар. А нехта ўявіць па-іншаму. Метафары павінны быць даходлівымі. Прыгожымі, але і простымі для ўспрымання.
Потым “радно” ўсцеліць “дыванам” “палеткаў пажоўклыя дні”. Ды яшчэ і само радно складаецца з узораў восені! Занадта накруціў Гаспадыніч. Мы, чытачы, заблыталіся ў гэтым нагрувашчванні вобразаў.
Правільна таксама не “дыванам”, а “дываном”.
Заканчваецца верш нейкім страшным абліччам – каханай, напэўна! – якое вісіць ля плоту “бы прывід”. Брр…
Пасля “плоту” павінна коска стаяць.
Пасля “бясконца” ў сярэдзіне верша – таксама.
Тут усё сышлося – расхлябанасць вобразаў і абыякавасць аўтара ды рэдактараў да граматыкі. Быццам магіяй сваёй фантазійнай ачмурыў Гаспадыніч часопіс.
А між тым аўтар мог бы рабіць усе нашмат лепей. Каб вывучыўся працаваць над тэкстамі. Але хто яго вывучыць – калі самі рэдактары не смеюць нават коску паправіць?
Не забываем, што “Дзеяслоў”, як і ўсе выданні беларускамоўныя, пераводзіцца “Камунікатам” у лічбавы фармат і едзе ў Гісторыю. То бок Гісторыя захавае ўсе гэтыя ўяўныя коскі рэдакцыі.
Ну, напэўна ж, трывіяльным будзе казаць, што тое непазбежны вынік пры адсутнасці незалежнай крытыкі на часопіс. Што ні зробяць – ніхто не пікне. Ствараецца ўражанне непагрэшнасці. Апаноўвае млявасць, дрымота.
Беларускамоўным паэтам пасля СССР балесна жывецца. Павел Гаспадыніч не выключэнне. Гэта чалавек складанага пісьменніцкага лёсу, ад прыроды надзелены чуйнай душою. Характару, відаць, мяккага. Што цяжэй у квадраце. І тым не менш радасна, што паэт не прапаў, заўсёды мае аднадумцаў, паплечнікаў, дый проста добрых таварышаў. А захоча ён расці, або спыніцца на дасягнутым, – на тое воля Ўсявышняга і хаценне самога паэта.


ЛіМаразм-215

Турботы і хваляванні

Аналіз прынамсі двух выданняў – “Полымя” і “Дзеяслова” – паказвае, што сярод аўтараў раздзелу “паэзія” львіная доля мужчын. Тут ужо нават не выканаеш парытэт штучны – мужчыны пішуць лепш. То бок з усіх горкіх узораў паэзіі гэтых часопісаў творы жанчын самыя горкія. Іх ужо перастаюць друкаваць. У прынцыпе, гэта тэндэнцыя знаёмая ў сусвеце. У рускай паэзіі знайшлі ўсяго двух вершатворцаў жаночага роду за ўсе вякі – Цвятаеву і Ахматаву, – дый тое іх адны жанчыны чытаюць.
Зрэшты, не будзем ваяваць з фемінізмам. Хаця абстрактнае мысленне для паэзіі не лішняе. А навукова даказана, што яно куды болей уласцівае мужчынам.
Абстракцыя, спалучаная з філіграннай філасофіяй і строгай логікай – вось вам і паэзія высокага роду.
У №76 “Дзеяслова” прадстаўлена з вершамі Вольга Гронская.

Гронская Вольга – паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Аўтар кнігі вершаў «АдВольная міфалогія». Нарадзілася ў 1978 годзе ў г.п. Крывічы Мядзельскага раёна. Жыве ў Мінску.

Творы яе – какетлівая проза, запісаная абы-як, у радкі, вонкава падобныя на паэтычныя.
Адзін верш возьмем:

* * *
(ведаеш, гэтай восенню збіваюцца ўсе настройкі)
я сёння гуляла па ранішніх ціхіх вуліцах:
між шэрых дамоў аранжавая праслойка,
і птушкі на лавачцы ў парку нібы цалуюцца,
(хаця пра гэта ўжо Блок, паўтарацца не мае сэнсу,
ды й не такія, зрэшты, цяпер марозы…)
у змоўклым фантане – цэнты, капейкі, пенсы,
у пераходзе – дзядуля з песнямі і марозівам,
(ведаеш, часам хочацца кінуць усё і з’ехаць,
куды заўгодна, без розніцы, можна на Марс ці ў Лондан)
так смешна, дзядуля зацягваў нешта з Эдзіты П’ехі,
потым салоны вабілі модным амбрэ і блондам,
усе хаваюцца ў цёплае, і толькі адзін – у шортах,
са мной павітаўся шэры маленькі коцік,
(а нехта ўверсе кропкі злучае хордамі…
мяне без цябе ламае, ты мой наркотык…
эскімос, я лятучая рыба, што трапіла на кручок…)
сыплецца лісце, дворнік падмахвае недакуркі…
усяго толькі пару імгненняў – уткнуцца ў тваё плячо
і бязгучна вярзці ўсё гэта каўнеру курткі

Фантазійны, лірычны свет, магчыма, прысутнічае ў душы Гронскай. Але ён не становіцца фактам паэзіі праз тое, што яна нічога не перадае чытачу, акрамя набору загадкавых фраз. Асобныя, часам і нядрэнныя, вобразныя назіранні не злучаюцца ў цэлае. Што, для чаго, навошта – не зразумела. Не адбыўся факт абагульнення, энергія ад сэрца да сэрца не пацякла.
Ёсць газетная звязка “паўтарацца не мае сэнсу”.
Памылка – “марозы” замест “маразы”.
У гэтых маразах нехта яшчэ і прадае “марозіва”. Не прастудзіцца б.
Поза, натужлівасць – “можна на Марс”, хоць ніхто на Марс, вядома, не паляціць.
Гераіню “ламае”, хоць па граматыцы “ломіць” правільна.
Дворнік прыбірае недакуркі жахлівым словам “падмахвае”.
“Вярзці ўсё гэта” – груба і крыва, калі прэтэндуеш на тонкую лірыку.
Валоданне мовай няўпэўненае, сама мова небагатая ў аўтаркі, таму яна часта скарыстоўвае словы недарэчы. Або словы непаэтычныя. Ад таго фанетыка кіслая. Ні на што не натхняе. Хоць ёсць чэпкасць зроку у Гронскай: напрыклад, “праслойка аранжавая” між шэрых дамоў у горадзе – думаецца, гэта асвечаныя з тыльнага боку двары. Зімой такое асабліва кранае.
Калі ўжо ўзяўся за вольны верш – то здзіві бездакорнасцю мовы хаця б, ці глыбіннаю філасофіяй. Гэтага няма.
Паўтаруся, тое не значыць, што ў душы аўтаркі не начавала паэзія. Але паміж “мець” і “перадаць” – невымерная прорва. Колькі сярод нас жыве рамантыкаў і фантазёраў, якія ніяк не праяўляюцца ў Слове – безліч. Патрэбны талент і нястомная штодзённая праца. А не аматарства, калі паміж каструлямі ды макіяжам левым пальцам нешта запісваецца.
А літаратуразнаўства, якім займаецца Вольга Гронская, можа толькі шкодзіць мастацкай творчасці. Розныя пласты псіхікі задзейнічаны. Які жах атрымоўваецца ад таго, калі навуковец бярэцца пісаць раманы, – мы зведалі на прыкладзе акадэміка Гніламёдава. Уся афіцыёзная літаратура пакутуе ад яго неадчэпных, навязлівых опусаў. І спыніць ніхто не можа вадаспад яго словаблудства, якое да таго ж аплачваюць падаткамі працавітыя грамадзяне Рэспублікі.

У той жа час парадаваў дэбют нумара:

Пракапчук Яўгенія – паэтка. Вучаніца 11 класа Ганцавіцкай сярэдняй школы №3. Двойчы пераможца абласнога конкурсу юнацкай паэзіі. Друкавалася ў раённай газеце «Савецкае Палессе», абласных газетах «Народная трыбуна» і «Заря». Нарадзілася ў 1997 годзе ў Брэсце. Жыве ў Ганцавічах.


Яўгенія Пракапчук паказвае сябе прадстаўніком мужчынскай паэзіі, у добрым сэнсе гэтага слова. Часта ў сівых савецкіх паэтаў мы бачым жаночую балбатлівасць, мнагаслоўе, а таксама назойлівае какецтва. Што нават ужо раздражнення не выклікае, а толькі панылы жаль.
Тут жа – лаканічнасць, пругкасць радка, непадробнасць пачуццяў:

* * *
Пакідаю абразы, згрызоты
За дзвярыма, за ўмоўнай мяжой.
Па-дзіцячы, з бязмежнай пяшчотай
Удыхаю дрыготкі спакой.

Пройдзе ўсё. Хваляванні, турботы
Не пакінуць у сэрцы слядоў.
Дай жа, Божа, з такою ж ахвотай
Мне заўсёды вяртацца дамоў.

З вопытам Яўгенія навучыцца прыбіраць такія празмерныя, лозунгавыя выразы як “з бязмежнай пяшчотай”. А яшчэ і разумець, што турботы і хваляванні не праходзяць для сэрца бясследна. Іх носіш усё жыццё.
Таксама ў вершы два разы стаяць у радку непаэтычныя “ж” і “жа”. Гэта ўсё лёгка прыбіраецца.
Хібаў настолькі мала, што яны не засланяюць узгаданых вартасцяў.
Тое самае і ў наступным вершы:

* * *
Бывае, заные сэрца,
Здаецца, што ўжо мяжа.
Трымаецца, не здаецца,
За цела мая душа.

І прагна лаўлю, глытаю
Імгненні жыцця. З грудзей
Імкнецца любоў святая
Да родных чужых людзей.

Свой голас ад крыўды, болю
У плачы не надарву.
Я дзякую моўчкі долі,
Бо толькі ў той міг жыву.

Энергія б’е крыніцай, а не хлюпае балотам. Ёсць два выдатныя радкі (вылучаны). Ёсць, праўда, крываватая фраза “не здаецца”. Псуе верш і апошні радок – па-першае, сэнсавай звыкласцю фразы, па-другое, выпадзеннем яе з лірычнага кантэксту. Гэта вялікая навука – заканчваць вершы, ставіць выразную кропку. Без жыццёвага досведу, а не толькі паэтычнага вопыту, гэта недасягальная рэч. Застаецца пажадаць толькі, каб досвед той не быў у паэтэсы трагічны. Гісторыя, праўда, не ведае беспакутных Паэтаў.


ЛіМаразм-216

Калі нараджаецца ісціна

Валянціна Аксак, даўняя супрацоўніца радыё “Свабода”, што вымкнула на свет у 1953 годзе, прадстаўлена ў №75 “Дзеяслова” з вершамі. Гэта ўсё тая ж кагорта гадаванцаў савецкай дзяржавы, якіх, здаецца, з часам не меншае і праз якіх дужа складана прадзірацца “маладым перспектыўным”.
Адразу зазначу, што ў электронным варыянце №75 змест не адпавядае рэальнаму змесціву. То бок усё паблытанае, і я не ведаю толкам, з якім нумарам маю справу. Тым не менш вершы вершамі застануцца.
Падборка Аксак здаравенная, на 14 вялікіх старонак, быццам адзін з кабінетных народных паэтаў БССР прыладзіўся нас абучаць.

Уступны твор:

АДНОЙЧЫ

Аднойчы я такі прачнулася
ад скрыгату спружынаў
у бацькоўскім ложку.
Столькі вёснаў адсвяціла
з тое ночы,
адкрасавала столькі летаў,
восеняў адбагацела столькі,
а рып той здрадлівы
ніводзін грозны гром,
ніводная шалёная віхура,
ніводны роспачны
перадсмяротны крык
не заглушылі
ў помслівых вушах.

Сэнс твора цьмяны, аўтарка ставіць нас у няёмкае становішча, спрабуючы узвысіць сябе над чытачом – маўляў, я сама разумею, а ты, дурань, ламай галаву, чаму я менавіта “такі прачнулася”. Якую нагрузку нясе тут прыстаўка “такі”? Чысты суб’ектывізм. Філасофія ж заўсёды абагульняе, апелюе да ўцямнага кожнаму. Тут жа – нейкая падзея ў “бацькоўскім ложку”, што балюча смыліць гадамі – і нават колазварот прыроды яе не адужае. Фабула насамрэч простая. А накручана “прыгожага” многа. Навошта?

Потым:

* * *
У садзе чалавек
бліжэй за ўсё
да Бога, –
мяркуюць мудрыя.
Мой сад
усё ніжэе да зямлі –
ні праштурхнуцца
па зламаным вецці.
Мой Бог
усё вышэе да нябёсаў –
не ўгледзець
з-за згусцелых хмараў.

Тут зноў ідуць філасофскія спробы паэткі. Навязаны рыхлым Захадам верлібр не дае насамрэч разгарнуцца ні ў мысленні, ні ў паэтычнай экспрэсіі. Словы, не пасаджаныя на рытмічны каркас і не ўмацаваныя рыфмаю, губляюць энергію. Часта нагадваюць хворае мармытанне. Гэта тычыцца нават Алеся Разанава – шмат ён напісаў такіх твораў, і пад час чытання быццам нешта мяне кранала. Ды вось бяда – не запомнілася нічога. А васілёк Багдановіча трывала сінее ў сэрцы. Таму верлібр не паэзія. Ён стаіць на мяжы процілеглых жанраў. Нейкае абы-што, адным словам. За яго бяруцца тыя, хто не мае ў душы музыкі верша, або ў каго яна змоўкла з розных прычынаў. Бывае таксама, што чалавека цягне туды цікаўнасць звычайная – паспрабаваць, а што з гэтага выйдзе. Выходзіць, як правіла, гнюсна.
Валянціна Аксак добра валодае мовай, піша даволі шчыльна, без бесталковых слоў. А ўсё ж недарэчныя тут, какетлівыя словы, якія дрэнна ўспрымаюцца да таго ж – дапускае паэтка: “ніжэе”, “вышэе”. Сэнс жа верша – банальны, адкрыццяў мыслярскіх ніякіх. Сардэчнага пафасу – няма. Узяла біблейскі сюжэт. А ці перажыты ён сапраўды? Ці хацелася пра яго гаварыць нутром? Не адчуваецца.
Далей ідзе поўзанне ўсё па тых жа біблейскіх і гістарычных сюжэтах. Не бачна свайго, адметнага, напятага. Чужыя сімвалы. Чужыя мазгі.

ДЗІКАЯ СЛІВА

Калючкай з цярноўніка,
у які быў убраны
Цар Юдэйскі,
адарылі Карла IV,
карануючы на валадара
Вялікай Рымскай імперыі.
Пэўна, таму
так балюча джаляць мяне
смаліцкія спадкаемцы
палестынскае дзікае слівы,
якіх спаміж ружаў
выдзіраю няшчадна,
не прызнаючы
іхняе святасці.

Гэта ўсё рыторыка. Пачуцці, сіла евангельскіх падзей не перададзены. Мы лепш пачытаем у першакрыніцы. Не скажу, што гэта яўнае пазіраванне паэткі. Проста яна па-іншаму не ўмее.
А той, хто ўмее, піша вось гэтак:

ДУРНЫЕ ДНИ

Когда на последней неделе
Входил Он в Иерусалим,
Осанны навстречу гремели,
Бежали с ветвями за Ним.

А дни все грозней и суровей,
Любовью не тронуть сердец,
Презрительно сдвинуты брови,
И вот послесловье, конец.

Свинцовою тяжестью всею
Легли на дворы небеса.
Искали улик фарисеи,
Юля перед Ним, как лиса.

И темными силами храма
Он отдан подонкам на суд,
И с пылкостью тою же самой,
Как славили прежде, клянут.

Толпа на соседнем участке
Заглядывала из ворот,
Толклись в ожиданье развязки
И тыкались взад и вперед.

И полз шепоток по соседству,
И слухи со многих сторон.
И бегство в Египет, и детство
Уже вспоминались, как сон.

Припомнился скат величавый
В пустыне, и та крутизна,
С которой всемирной державой
Его соблазнял сатана.

И брачное пиршество в Кане,
И чуду дивящийся стол,
И море, которым в тумане
Он к лодке, как посуху, шел.

И сборище бедных в лачуге,
И спуск со свечою в подвал,
Где вдруг она гасла в испуге,
Когда Воскрешенный вставал…
(Борис Пастернак)

Тут слова паэта стала ўпоравень з падзеямі. А пераказваць “велічнай” прозаю ўсім вядомае – для чаго? Навошта святым гандляваць, за ганарары, за прывідную славу памільгаць у “Дзеяслове”? (Пастарнак, для параўнання, друкаваў гэта, самім жыццём ахвяруючы, а не ўнукам на марожанае.)
І крыўлянні гэтыя – “палесцінскае дзікае слівы”… Нашто ўводзіць састарэлую форму склону? Нельга без выкрутасаў хіба? Проста “палесцінскай” і “дзікай”. Псеўдапаэзіяй патыхае. Хочацца кіслародную маску напяць.
Такая проза, апранутая пад лірыку і філасофію, думка, падменная чужой думкаю, – разбэшчваюць чытача. Паэтычнае слова мусіць лучыць душы. А ўсе гэтыя “сталох” замест “сталах” ды інш. – адно раз’ядноўваюць.
І не трэба думаць, што Южык чапляецца да Аксак, бо яна жонка Арлова. Нічога асабістага не маю да гэтых людзей. Харошыя грамадзяне, магчыма. Не ведаю. Проста жыццё наша – гэта несупынная ідэйная барацьба. Арловы са зручнай пляцоўкі вяшчаюць сваю пазіцыю, а іх крытык з глыбінь народных – сваю. Глядзіш, і выявім ісціну. Беларусь на мяжы Захаду і Ўсходу, каталіцызму і праваслаўя. Дзве сілы цягнуць яе ў бакі, змушаючы развівацца, а магчыма, і прад’явіць нешта патрэбнае свету. Людзей мы можам памірыць між сабой. Ідэі ж – непрымірымыя.


ЛіМаразм-217

Пуцявіна ў завеі

У часопісе “Дзеяслоў” ёсць добрая рубрыка “дэбют”. Там з’яўляюцца новыя імёны. Што важна, паколькі старых графаманаў, аброслых сувязямі ды падмацаваных пасадаю, з часопіса не выб’еш, не выкарчуеш. І часта без гэтай рубрыкі наогул немагчыма праявіцца нікому. Ваш крытык пісаў ужо вершы гадоў 10 і было яму за 30, калі менавіта праз такую рубрыку ўдалося ўшчаміцца ў “Полымя”. Там, праўда, рубрыка праіснавала зусім нядоўга – сакратары і рэдактары парашылі, што самім месца мала, і аддалі пачаткоўцам законную “Маладосць”.
У №79 “Дзеяслова дэбютуе:

Данілевіч Валерыя – паэтка. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт у 2015 годзе. Нарадзілася ў 1992 годзе ў Гарадзенскай вобласці. Жыве ў Мінску.


Неразгаданая тэндэнцыя апошняга дзесяцігоддзя – у беларускую літаратуру ідуць гараджане, прычым без філалагічных падпорак у выглядзе адукацыі. Што іх туды вабіць, цяжка сказаць. Навукоўцы пішуць, што ў секты людзі трапляюць у стрэсавай сітуацыі: нешта здарылася ў жыцці кепскае, чалавек замаркоціўся, а тут таварыш запрашае на вечарыну беларускай паэзіі, дзе жывыя пісьменнікі са значкамі ад СПБ ці нацыяналы з бел-чырвона-белым калорам. Бывае па-ўсякаму. Нехта, убачыўшы прыгожых хлопцаў і дзяўчат, зачэпіцца, пазнаёміцца, чыста каб было з кім пагутарыць ці нават пакахацца. А патрэбная ім літаратура ці не – час разбярэ.
Валерыя Данілевіч, мяркуючы па доўгім вершы, які мы прыводзім ніжэй, яшчэ не адкаснулася ад рускай культуры. Словы як быццам беларускія, ды не па-беларуску гучаць. Бо стаяць не да месца. Сям і там праскокваюць русізмы.

* * *
Калі абуджае зранку рогат дзіцячы,
Шукаеш у гэтым сімвал, злазячы з печы,
Бо нехта над златам суткамі чэзне-плача,
А ранак надзённы — чым табе не ўдача?!
Сапраўднае шчасце прыносяць простыя рэчы.

Выходжу на ганак, крочу няспешна ў краму.
Катае са снегу камы чарада хлапчукоў
Каля суседскай брамы,
А мне гэта не гульня – таямніца ў храме,
Бо прыкладна так Усявышні ляпіў Адама,
Як лепяць яны звычайных снегавікоў.

А зграбныя дрэвы, вытачаныя ювелірам
З усім уласцівым ім жывым эратызмам,
Павольна ў далёкім верасні зняўшы бялізну,
Цяпер сарамліва хаваюць пад коўдрай галізну
З пухнатага і бязважкага снега-зефіру.

Паціху хутае цемра малую вёску,
Гарэзы цягнуць дадому свае салазкі,
Ім трэба класціся ў ложкі і слухаць казкі,
Бо дзень ставіць кропку. (Дае мне яшчэ падказку,
Што больш не павінна быць аніякіх косак).

Лагодна спявае сваю калыханку завея.
Спакойна. Здаецца, бароніць сам херувім.
На дыбачках бесклапотна ў царства Марфея,
Як быццам цябе і не было —
З усім.

Пабудова фраз каравая, немілагучная. Ёсць пару месцаў (вылучаны падкрэсліваннем), што выйграюць на агульным страхотлівым фоне.
Нутраная паэзія душы не пераўвасабляецца пакуль у паэтычныя сказы.
Але ж адыдзем ад галаслоўнасці.

Выраз “рогат дзіцячы” – тое занадта крута для ранішняга абуджэння. Хіба маці з перапою да абеду прадрыхла, а галодны дзіцячы віскат перайшоў у пакутлівы рогат. Можна было абысціся “смехам” звычайным.
Слова “злата” тут русізм, ды яшчэ і недарэчнае па кантэксце.
Звязка “чэзне-плача” грувасткая, не трэба без дай прычыны падвойваць словы.
Увесь радок “А ранак надзённы — чым табе не ўдача?!” – непаэтычны, коснаязыкі нават для канцылярскіх дакладаў.
Наступны радок за ім – проза.
Слова “крочу” не любіць беларуская мова, бо гэта русізм таксама, хоць у слоўніках ёсць. Лепш пісаць “іду”, “рушу”, “рухаюся”, “пасоўваюся”, “імкнуся”, “кірую” – мноства слоў беларускіх.
Звязка “пакрывелай лядашчай” – празмерная для верша, лепш пакінуць нешта адно.
“Бо прыкладна так” – канцылярызм, справаздача.
“З усім уласцівым ім жывым эратызмам” – проза, і бесталкова.
“Галізна”, якая аўтарка рыфмуе з “бялізна” – няправільна будзе, бо ціск у “галізны” на апошнім складзе.
Спалучэнне “снега-эфіру” неапраўданае, да таго ж правільна – “снегу”.
Цемра, якая “паціху хутае” – няўдала, варта было проста “хутае”, бо хутаюць рэдка калі паспешліва.
“Салазкі”, якія “свае”, – русізм, няма ў слоўніку; а “свае” – паразіт, без якога цудоўна абысціся магла б паэтка.
Вылучаны велізарны кусок у гэтай страфе мала таго, што непаэтычны, дык яшчэ нічым, акрамя какецтва, не апраўдваецца ў дадзеным месцы.
А затым “завея” спявае менавіта “сваю”, а не чужую, калыханку ў Валерыі Данілевіч.

Што сказаць? Пакуль слаба. Мнагаслоўна, выкрутасна і пуставата ў сэнсе яскравых вобразаў. Адно што ёсць у аўтаркі – старанне не пісаць штампамі, шукаць сваю пуцявіну для выяўлення. І будзем верыць, што паэзія ў яе душы пакуль проста не знайшла да нас сваю браму.


ЛіМаразм-218

Пасечаныя аблокі

Часопіс “Полымя” даўно не пакідае вашаму крытыку шанцаў падабрэць да сябрыны, якая акупіравала часопіс і па-зверску гвалціць літаратуру. Прадукты савецкай эпохі, счарсцвелыя, гіблыя, як мухаморы, малоцяць і малоцяць яны свае публікацыі. Ну здавалася б, пачаўшы пажыраць дзяржаўны бюджэт паўвека назад, няўжо не насыціліся яны, няўжо не пашкадуюць добрых людзей?
Не! Частыя шырачэзныя падборкі, штогадовыя зборнікі, выбранае, перавыбранае – грузяць і грузяць яны гэтай макулатурай склады. Ужо і падпісчыкаў даўно няма індывідуальных у “Полымя”, ужо цураюцца кнігарні іх, як чумы, і стогнуць вучні філфакаў… А няўтомныя дзяды нашы, аслеплыя і аглухлыя для рэакцыі чытачоў, зухавата верцяць асадкаю.
Паколькі Казімір Камейша друкуецца многа, зашмат, то даруй мне, чытач, што я надакучыў табе яго біяграфіяй (з "Полымя" №6, 2016):

Камейша  Казімір  Вікенцьевіч  нарадзіўся  4  снежня  1943  года  ў  вёсцы  Малыя  Навінкі  Стаўбцоўскага  раёна  Мінскай  вобласці.  Скончыў  філалагічны  факультэт  Беларускага  дзяржаўнага  ўніверсітэта  імя  У.  І.  Леніна  (1970).  Служыў  у  Савецкай  Арміі,  працаваў  у  раённых  газетах,  на  Беларускім  радыё,  у  часопісах  «Вясёлка»,  «Маладосць», «Полымя», «Вожык».
Аўтар зборнікаў паэзіі «Восеньскія позвы» (1969), «Мембрана» (1972), «Нек-
тар» (1974), «Тут мае вёсны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982),«Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту» (1993), «Лінія лёсу» (1996) і інш., кніг для дзяцей  «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Добры дзень, шафёр» (1988), «Крыгагром» (2001), кнігі прозы «Духмянае дзіва» (1984), «Паміж кубкам і вуснамі» (2010), «Ад Кромані да Свіцязі» (2013).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1989).

Гэтым разам паэта натхніў лайнер паветраны. І самалёт вомегам вершам стаў пад рукою чараўніка:

АЭРАДРОМ

Яркія, зіхоткія машыны —
Аж глядзець здалёку любата!
А настрой трывожлівы, птушыны,
Нібы ў вырай трэба адлятаць.

Зноў сячэ аблокі грозны «Боінг»,
Нітку следу белую прадзе,
То малітвай тчэ яе, то болем.
Лёту табе добрага, мой дзень!

Птушка мая,
Чуеш? Ты вярніся!
Беражы і сэрца, і крыло.
Толькі б тыя сонечныя высі
Хмарамі адчаю не звяло.

Свечкі зор ізноў мой ранак тушыць,
Зноў раскрыўся неба парашут.
— Людзі-людзі, не страляйце ў птушак! —
Я з дзяцінства вас усіх прашу.

Дай жа, Божа, з ліхам размінуцца
У паветры гулка-трапяткім.
Кожная лятае, каб вярнуцца —
Абавязак выраю такі!

Гэта ціш даўно сябруе з громам
І зямное чуе ўсё нутром.
Лёгка як ляціцца ўсё ж дадому.
Дом без даху наш —
Аэрадром.


У першай страфе, загледзеўшыся на жалезную птушку, Камейша тужыць, што ў вырай яму ляцець: “Нібы ў вырай трэба адлятаць”. Хоць і глядзіць на самалёт “здалёку”. Трывожна, аказваецца, яму за людзей, а не за сябе – “А настрой трывожлівы, птушыны”. Аднак па логіцы верша, з пабудовы сказаў выходзіць, што ляцець менавіта паэту. Ну і няхай. Вобразна паляціць.
Метафара “сячэ аблокі” (“грозны “Боінг”) – не трапная, бо “здалёку”, адкуль назірае Камейша, ніякай сечкі аблокаў не адбываецца. Самалёт проста нырае ў іх. І секчы няма чым, дарэчы, бо не прапелеры ж яго рухаюць.
У палёце жадае рэактыўнай птушцы Камейша, каб яна берагла не толькі “крыло”, але і “сэрца”! І доўга думаеш тады, што мае пад гэтым вобразам аўтар – кабіну, пульт кіравання, мазгі экіпажу?.. А верш тым часам паплыў ад нас, згубіў цэласнасць. Ператвараецца ў крыжаванку.
Тым болей, што след свой у небе самалёт “тчэ малітвай” і… “болем”. Хто там моліцца ў самалёце – таксама гадаем. А каму і што баліць? Хіба мачавы пухір ад перапаўнення, бо на вышыні людзі ад трывогі часта бегаюць у зад самалёта, дзе туалет. Пошла? Дык сам аўтар на гэта наводзіць, недапрацоўваючы з метафарамі. Бо ведае – усё прымуць, усё надрукуюць без правак. І хутка пазвоняць явіцца па ганарар. Умоўны рэфлекс паўлаўскі гэтакі – рукапіс, друк, ганарар.
Адзінае ўдалае месца ў вершы я вылучыў (падкрэслена).
І тут жа агаломшвае Камейша – “Зноў раскрыўся неба парашут”! А крытык бедны пускаецца ў роздумы, як гэта неба спалучыць з парашутам, не звар’яцеўшы.
Завяршаецца страфа фальшывым пафасам аўтара, апранутым у малітоўную просьбу: “Я з дзяцінства вас усіх прашу”. Цябе, чытач, асабіста прасіў Камейша “з дзяцінства” аб гэтым? Бо сцвярджае ж аўтар – “вас усіх прашу”! Гэта падман.
Апошняя страфа пачынаецца дзвюма граматычнымі хібамі: “Гэта ціш” – непісьменна, правільна будзе “Гэтая ціша”. То бок два русізмы адразу бухнуў нам лаўрэат.
Затым “як ляціцца ўсё ж” – замнога немілагучных слоў разам.
І напрыканцы геніяльная філасофія: “Дом без даху наш — Аэрадром”. Вось так. Ні болей, ні меней. І пайшлі лесам усе гэтыя Арыстоцелі з Кантамі.

Я неаднойчы казаў, што такая хадульная паэзія значна небяспечнейшая за проста пачаткоўскую ці проста бяздарную. Бо апошнія могуць і не надрукаваць. За што дзякуй. А як надрукуюць – усё ясна з аўтарам. Тут жа як быццам валодае мовай Камейша, нават паэтычнай, складна цякуць з-пад асадкі радкі. І мілагучна часам. На слых многае – хораша, закалыхвае. А возьмешся ўсур’ёз услухоўвацца і задумвацца – то пачуццё такое, нібы табе на барахолцы ўсунулі замест моднай майкі, якую толькі што дэманстравалі, скрутак з дранай анучкаю. Памятаеце, так у фільме савецкім было, назву яго забыў. Развялі, адным словам.
А паколькі сам “Полымя” друкуе Камейшу на пачэсным месцы першага паэта нумара (як і ў “Дзеяслове”, такія правілы з савецкіх часоў) – то недасведчаныя ў літаратуры як разбяруць, што перад намі рамеснік, не паэт? Што не з душы гэта ў яго, а з кончыка пяра нарадзілася.
Камейша з тых многіх савецкіх літаратараў, якія, дасягнуўшы ўзроўню ў трыццаць гадоў, раптам вырашаюць, што яны ўсё зведалі, і перастаюць чытаць, развівацца. А толькі – пішуць нястомна і тужаць па маладосці. Тым болей што свае людзі даўно назвалі побытавыя нататкі “Паміж кубкам і вуснамі” глыбокаю філасофіяй. І цягаецца наш вясковы філосаф у рэдакцыі з сувоямі рукапісаў. І куды ты падзенеш яго, жывога?
І гэта, паўтаруся, пры тым, што Камейша далёка не горшы ўзор прадукту ад БССР. Нейкую самабытнасць мае ў тварэннях і светапоглядзе. Адзін з апошніх носьбітаў сакавітай народнай мовы. Але час такі надышоў, спадары, што мовы адной – ужо замала, тым болей – абгорнутай камуністычнай дурнотаю, якой кожны набраўся, пражываючы дзесяцігоддзямі ў краіне сярпа і молата.
І мы нават гатовыя паблажліва ставіцца да паэтаў мінулай эпохі, як бы не заўважаць іх цярпіма. Каб не адзін “нюанс” – у цэнтральным літаратурным часопісе толькі яны і ёсць. А потым плачам, глытаючы смаркачы: “Усе народы Еўропы жывуць на мове тытульнай нацыі, а мы – на мове суседняй дзяржавы сіротамі!” А таму што такая ў нас “эліта” літаратурная, што не хочацца народу яе пераймаць. 
На закуску табе, чытач, мерка, па якой вызначаюць у нас паэтаў. У адным з пасквіляў на былога сябра свайго Новікава ліатаратар Валерый Грышкавец указаў і мне грэшнаму – што не смее Южык крытыкаваць ні Камейшу, ні Макарэвіча таму, што, калі крытык яшчэ не нарадзіўся, яны ўжо былі знанымі!

Загляни, А. П. Новиков, что писал про стихи Камейши, например, или Макаревича М.Южик. А он, следуя твоей логике, еще и на свет не появился, когда эти поэты уже издавались и были известны в республике.



ЛіМаразм-219

У водбліску зачахлых паэтаў

Працягваем спробы разабрацца з маладым пакаленнем праз рубрыку “дэбют”. Гэтым разам з вершамі выявілася ў “Дзеяслове” №80 Даша Бялькевіч.

Бялькевіч Даша – паэтка. Удзельніца слэма паэтычнага фестываля «Вершы на асфальце» (2015), пераможца слэма «Сильное слово» (2014) і слэма Беларускага Калегіума (2014), прызёр літаратурнага конкурса «A-Lovak» (2014). Нарадзілася ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёну Гродзенскай вобласці. Жыве ў Мінску.

Відаць, што імпэту рэдакцыі не хапае на заднюю старонку часопіса, дзе біяграфіі. Бо ў малым тэксце ўхітрыліся нарабіць памылкі (вылучаны), а таксама не ўказалі ўзрост аўтаркі. І таму даводзіцца гадаць, 40 гадоў Бялькевіч, або ўсяго толькі 16.
Згадзіцеся, розніца ёсць. Для школьніц воляй-няволяй у вашага крытыка скідка, бо памятае, якім быў сам недарэкам у такія гады.
Аднак са звестак зноў бачная тэндэнцыя сучаснай моладзі – пісаць не для душы, а для рэдактараў і членаў журы. То бо красавацца, атрымліваць балы. З другога боку, іншага шляху ў паважаныя часопісы для пачаткоўцаў няма. Да трыццаці гадоў яны цярпець не намераныя. Такая цяпер жвавая моладзь. Ім хочацца руху, а не ўдумлівасці. Перамог і медалёў, а не помніка нерукатворнага, што стварыў Пушкін.
У падборцы Бяльквіч вельмі мала класічнага верша, а ўсё больш верлібр, які паэзіяй не з’яўляецца. Таму пераважна наіўнай прозаю і піша паэтка. А што большага ад дзяўчыны чакаць? Пранікнёнасці Шапенгаўэра, празорстваў Лермантава? Таму пакуль што не пішам – а выдурняемся.
Зрэшты, якраз класічны верш падборкі Бялькевіч і выяўляе ў яе пэўныя здольнасці:

№2

Ці то помста, ці жарт – не ведаю,
Гісторыя паўтараецца.
Лёс, што было тваей мэтаю?
Ці ты хмурышся, ці ўсміхаешся?
Другі шанец, другая спроба –
Памылкі патрэбна выправіць?
Лёс, я прымаю тваю прапанову:
Перапісаць, чорнае выбеліць.
Час з нас смяецца. Неверагодна.
Ільецца жыццё халоднай вадой.
Ты можаш ісці куды заўгодна,
Адкажы: мне ісці за табой?

Зачаткі паэтычнай энергіі прасочваюцца. Пазбягае аўтарка мнагаслоўя. Не ўводзіць фальшывы пафас. Не капіруе паэзію мінулага тысячагоддзя.
Але стыль – прымітывізм, а не вытачаны лаканізм, як у вышэй памянёнага рускага класіка. Таму і аналізаваць тут пакуль можна мала чаго.
Вядзецца дыялог з лёсам, а напрыканцы задае пытанне паэтка – ці ісці ёй за ім, або супраціўляцца і жыццё зацугляць. Пытанне адвечнае і рытарычнае, з якім не справіўся і Эмануіл Кант – пра наяўнасць свабоднай волі ў чалавека. Спіноза ж даказваў у тэарэмах, што ўсё нібыта прадвызначана. Прычым абыходзіўся без усякай містыкі.
Аднак не думаю, што мэта творчасці Дашы Бялькевіч – пранікненне ў святая святых філасофіі. Яна пакуль разбіраецца з моваю і эмоцыямі. Мова пакуль небагатая, вучнёўская. Эмоцый асаблівых, без якіх паэт не паэт, я не заўважыў таксама. Даволі квола і вяла для юначкі, дарэчы.
Вось тыповы прыклад яе прозы, змешчанай у верлібр.

МУРАШЫ

Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Мяне прыходзяць суцяшаць мурашы.
Яны выпаўзаюць са сваіх хованак,
Танюткія, бурштынна-чырвоныя,
Дакранаюцца вусікамі да маіх пальцаў,
Абдымаюць ледзь бачнымі ножкамі,
Прыносяць травінкі і дробкі,
Водзяць ланцужковыя карагоды,
Становяцца ў клін і шэпчуць:
“Мы пераносім рэчы, у 10 разоў цяжэйшыя за нас,
І ты зможаш стаць цяжкаатлетам.
Мы будзем тваімі трэнерамі,
На алімпіядзе выйграеш золата”.
Мурашы мяне любяць, нягледзячы на тое,
Што я ў дзяцінстве любіла
Смаліць запальнічкай
Іх братоў, якія жылі пад ганкам.
Яны мне кажуць,
Што мае чалавечыя звычкі –
Прыдуманыя, што я – мураш,
Я – крайні правы воін…
Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Я ем салодкае
І мурашоў частую.

Распавяла нам паэтка гісторыю, як яна ў дзяцінстве смаліла насякомых. А цяпер задумваецца, што нехта вышэйшы можа і яе падсмаліць. Ідэя някепская, ды выкананне – не мастацкае. Тут ужо якраз зашмат слоў, мала вобразаў. Дакладней – паэтычнай вобразнасці наогул няма.
Не станем ушчуваць калектыў часопіса, чаму яны змяшчаюць такі прымітыў. А што ім рабіць, калі іншага няма, усё гэтакага кшталту. Замена творчасці беганінай па фестывалях, з якіх носяць граматы і патрабуюць за гэта надрукаваць. Пра адукацыю аўтаркі таксама ні слова. Магчыма, што вучылася ў беларускамоўным ліцэі якім, дзе яе і пабуджалі спаборнічаць, праміж штудзіравання словаблудства графаманаў савецкіх.
Чаго нам дзяцей вінаваціць. Самі якімі былі? Марыянеткамі на нітачках лёсу.
Адзінае, што хацелася б параіць. І парада для рубрыкі традыцыйная: забыць спробы ў верлібры як жахлівы сон і заняцца ўшчыльную вершам класічным. Мяркуючы з прыведзенага тут верша Бялькевіч, нешта ў такім кірунку можа і атрымацца. Калі, канешне, зразумее аўтарка, што паэт не акцёр, а паэзія не тэатр. Што ўсе гэтыя дэманстрацыі ды прадстаўленні вокамгненна бачацца і адштурхоўваюць ад тэкстаў нармальнага чытача.
Дарэчы, усе паэтычныя фэсты і конкурсы, як правіла, зладжваюцца людзьмі, якіх выперлі  з традыцыйных тоўстых часопісаў за бяздарнасць, за элементарнае няўменне рыфму паставіць. Вось яны ў якасці пратэсту і ствараюць свае суполкі, дзе за прозу, запісаную ў косыя радкі, даюць медалі. Я ўжо пісаў, што ў расейскім самвыдаце верлібраў няма, бо душа да яго не хінецца і ніякім чынам не выяўляецца. Верлібр – менавіта для абрамленых грамат, што ставяцца ў пачэсны закутак кватэры. Гэта тупік, дзе зачахлі і Разанаў, і Бродскі, стаўшы ўбогім водбліскам сябе колішніх. Бо для філосафаў яны прымітыўныя, а для паэтаў ужо не паэты. То бок і аднаго і другога прынада Захаду папсавала. 


ЛіМаразм-220

Жанчыны ў белліце

За гады крытычных даследаванняў выразна відаць, што ў рубрыках “дэбют” тоўстых часопісаў выступаюць пераважна дзяўчаты. Але па меры павелічэння літаратарскага ўзросту іх доля сярод беларускіх пісьменнікаў падае. А да фінішу, да нацыянальных помнікаў, дойдуць адзінкі. Шчыра і не згадаю нікога з мінулага, як толькі імёны Цёткі, Геніюш і Янішчыц. Ну пэўна ж больш жанчын спрабавалі пяро за прамінулае стагоддзе. Усе згінулі нават як імёны, не тое каб іх чыталі ды перачытвалі без прынукі.
Ваш крытык не ўспомніць ніводнага твора з названых трох паэтак, хоць у школе яго добра муштравалі прынамсі вершамі Цёткі.
Неяк на пачатку тысячагоддзя юная зорка расейскай эстрады Алсу ўключыла ў канцэрт ролік, дзе сцвярджала з экрана, што, маўляў, не верце ў плёткі, нібы ўся яе кар’ера ёсць пошукам багатага жаніха. А між тым праз пару гадоў выйшла за банкіра Абрамовіча. Не за слесара. Таму па факце – пошук заможнага жаніха таксама быў яе мэтай. Замужжа і падстрэліла на ўзлёце яе кар’еру. Родавы інстынкт наталіўся, і цяпер Алсу адна з шараговых папсовых насельнікаў тэлевізара. А пра напалеонаўскія планы “рускай Брытні Спірс” і не ўспамінае ніхто.
Роўна тое ж адбываецца з палымянымі юначкамі беларускай літаратуры, якія ад 18 да 23 гадоў ірвуцца ў рэдакцыі, штурмуюць фестывалі ды іншыя сцэны. Затым выскокваць замуж і паступова сыходзяць як літаратары на нішто. Прычым ніхто іх знікнення не заўважае. А запальваюцца ўжо новыя зоркі агнявокіх дзяўчат, каб неўзабаве таксама пагаснуць. Бо словам і звонкімі лозунгамі пра незалежнасць сыты не будзеш – неабходны падмацунак у выглядзе прызнання, частага выхаду кніг, важкіх ганарараў, грамадскай пашаны. На гэта ў беларускай літаратуры і пры СССР скупа было, а цяпер дык ніхто і не хавае банальную дулю.
Таму чым хутчэй замуж і расчараванне ў высокай ліры, тым лепей. Лягчэй да каструляў і памперсаў звыкнеш.
А хто застаецца? Толькі падмацаваныя пасадай жанчыны. Толькі з імі больш-менш могуць лічыцца. Памерлая Таіса Бондар, Раіса Баравікова, Людміла Рублеўская, Валянціна Аксак на пляцоўцы “Свабоды”. Усё. Няма болей. А як сышла Баравікова з пасады – не раўнуючы згінула. Памерла Бондар – і захліпнуліся захапленні ў яе велічы.
У вузкую адтуліну холдынгаўскага ператрусу трапілі Югася Каляда і Алена Брава. Дык тое ж анамалія была. Шум па Калядзе даўным-даўно сцішыўся. Брава пакуль робіць магутныя намаганні з працэсу не выпасці. Але для таго трэба пастаянна душыць у сабе незадаволенасць чыноўнымі бяздарнасцямі, не пікнуць нідзе, то бок перабываць у перманентна прыгнечаным стане. І нават калі ціхмяна жывеш, то нехта зашмат пахваліць, западозраць рэдактары ў амбітнасці – і публікацыі спыняцца, і крытыку перастануць на цябе друкаваць. Зноў жыццё ў страху. Аднак забыў! Крытыкі ж у Беларусі няма. Таму і блізка не стаіць Брава па “значнасці” з жонкай Шніпа Рублеўскай. А што ўжо Бязлепкіну і Куставу па 30 гадоў не выпускаюць з шэрагаў “маладых перспектыўных” – сумневу не выклікае.
Таму часта, робячы пільны крытычны разбор чарговага таленту слабага полу, ловіш сябе на збродлівай думцы, што прыкладаеш марныя намаганні. Што ў беларускіх маладых літаратарак будучыні няма. Зрэшты, паміраць збірайся, а жыта сей. Нязведаныя пуцявіны Гасподнія, і, можа, пад чарговай маскаю пачаткоўца хаваецца будучая Мадона беларускай літаратуры. Маю на ўвазе спявачку Мадону, якой хоць дзесяць мужоў і дваццаць дзяцей падары – усіх кіне і на сцэну пішчом палезе. І не стоміцца там ніколі, бо сцэна і ёсць галоўная мэта і асалода яе жыцця.
А пакуль усё-ткі прапаную дзяўчатам задумацца ды агледзецца на не такую і глыбокую гісторыю айчыннай літаратуры. Пустэльна там у плане пісьменніц. І ці выратуе сітуацыю напорысты фемінізм, або гэта ўсё ж уласцівасць жаночага мозгу – меншая прыдатнасць да творчасці, меншая, чым у мужчын, амбіцыйнасць? Большая патрэба ў рэальнай любові, чым у абстрактнай любові “народа”.


ЛіМаразм-221

Прыслухоўвацца

Тыднёвік “ЛіМ”, якім мы за нястачаю часу даўно не займаліся, працягвае сваволіць з узорамі антыпаэзіі.
І яшчэ не пазбытая адна тэндэнцыя “ЛіМа” – галоўны рэдактар, жанчына, захоўвае ўпарты парытэт паміж поламі, не даючы прапасці аўтаркам і паэткам. То бо цягне за вушы зусім ужо драбязу, што ў паэзіі, што ў крытыцы і публіцыстыцы. Чытач памятае, як адзначалі мы перавагу якраз мужчынскіх публікацый у “Полымі” і “Дзеяслове”, дзе кіруюць рэдактары мужчынскага полу.
Аднак патрабаванні ў нас адны, што да прыгожай дзяўчыны, што да лядачага старца. Рахунак самы высокі. Інакш будзем буксаваць роўна так, як і буксавалі ўсе 100 гадоў.

Бывалы чыноўнік ад літаратуры, нястомны Ўладзімір Ліпскі наважыў нам даказаць, што ён яшчэ і паэт. Ці не Ўладзімер Арлоў натхніў на гэта дзіцячага публіцыста?
А між тым вось вам тварэнне чыноўніка:

***
Паэт Аляксей Пысін прызнаўся:
«І не мой то грэх,
Што ненавіджу
Баязліўцаў, здраднікаў, прайдох...»
Чаму і яны апякаюць маё сэрцы,
Гэтыя прайдзісветы?
Мне і шкада іх, бо людзі ж.
І боязна, бо не ведаеш,
калі і чым уджаляць.
І страшна за дзень новы,
бо з кораня крапівы
вырастае новая пякучка.
А самае балючае,
што баязліўцы,
здраднікі,
прайдохі
ёсць і сярод тых,
хто называе сябе пісьменнікам.
І гэта не мой грэх,
што іх я ненавіджу.
Вырвалася гэта з душы,
як споведзь,
у Вялікі Пост.
Натхніў на гэта
мой любімы паэт-франтавік
сціплы і праўдзівы
Аляксей Васільевіч Пысін.

То бок публіцыстыку, якой усё жыццё за грошы займаецца Ліпскі, ён запісаў у радкі ды абазваў гэта паэзіяй.
Усе прыкметы паэзіі – рытм, рыфма, высокі пафас і вобразнасць – дарэшты адсутнічаюць у гэтым тэксце ад Ліпскага.
Трывожыць і стан душы аўтара: яму падаецца, што наўкол адны прайдзісветы, якіх ён ненавідзіць і адначасова баіцца. А каб зверыцца, ці не яму аднаму гэта мроіцца, ён гукае паэта савецкіх часоў. Бо калі ўжо двум чалавекам прыходзіць на розум адно і тое ж – яно азначае ісціну. Так думае Ліпскі. Дзівоснае адкрыццё ён робіць таксама: аказваецца, прайдзісветы бываюць не проста сярод людзей, а і між беларускіх пісьменнікаў! А то мы думалі, што гэтыя рэдактары, сакратары і чыноўнікі ўсіх масцей дзеля народа выдаюць свае кнігі ў “Мастацкай літаратуры”… Аказваецца, шкурнікі, дзеля сябе! Праўда, адзін нюанс – сам Уладзімір Ліпскі таксама трывала, дзесяцігоддзямі, сядзіць на іголцы дзяржаўнага друку.
Больш няма чаго і сказаць пра “паэта”…

А вось і Юлія Алейчанка, што даволі нядаўна ўвайшла ў літаратурны бамонд і зачасціла з артыкуламі, нарэшце нам прадстаўляе сваю мастацкую творчасць.

***
Кожны раз, як грукаюць дзверы
За тваёй пераможнаю спінай,
Застаюся ў пакоі дзяўчынай
З чорна-белай артхаўснай стужкі,
Што адчула: дзесьці за морам
Памірае вялізны кіт.

Бы вар’ятка, хапаю блакіт
Венаў неба за марляй-фіранкай.
Покуль рэжуць трамваі горад,
Покуль латаюць крылы анёлы,
Покуль латаюць сэрцы ўрачы.

Ад сябе немагчыма ўцячы.
Колькі б з даху ні лётаць у сне,
Колькі б ні ўваскрасаць па вясне.
Бо ты прывідам сіняга кіта
І ў выраі знойдзеш мяне.

Верш гіблы, верш ні аб чым. Недарэчнасці вылучаны тлустым. Ніводнага месца, што хоць з нацяжкай можна назваць удалым у паэтычным плане, я не знайшоў.
Набор канцылярскіх банальнасцяў: “Ад сябе немагчыма ўцячы”, “лётаць у сне”…
Паўстае жахлівая “пераможная спіна”.
Кіт, што жыве ў акіяне, аказваецца, памірае “за морам”.
Дакучлівае няправільнае “покуль” тры разы замест “пакуль”. Адзін раз – яшчэ куды ні ішло б…
Пры канцы нас застрашваюць прывідам гэтага сіняга кіта, што прыйдзе, памерлы, з-за мора і нас з’есць. Калі будзем строга крытыкаваць Юлію Алейчанка.

У маладой Аксаны Ярашонак, наадварот, назіраюцца паэтычныя здольнасці.

***
Дождж у госці просіцца нахабна,
Грукае па шыбах і дзвярах,
Тупае пад вокнамі на ганку
І з разгону ўскоквае на дах.

Вецер, падхапіўшы кроплі-струны,
Расчыніў акенца неспадзеў...
Дождж прыпаў да твару пацалункам —
Так маёй гасціннасці хацеў.

Некалькі ўдалых месцаў вылучаны. Але форма і спосабы выяўлення – ад класікаў мінулай эпохі. Няма пакуль свайго твару. Вершы непазнавальныя. І пазнавальнымі не стануць, калі паэтка нешта не зменіць у сваім рамястве. Метадам балючых спробаў і памылак. Даю наводку: у Хадановіча ёсць свой твар, у раскрытыкаванага мной Жыбуля – таксама. Хоць іх паэзія і даволі цынічная. І падказаць не магу Ярашонак канкрэтна, бо верш ёсць праявай душы. Душа павінна быць адметная. А калі гэтага няма, то і не дасягнеш пазнавальнасці праз форму і тэмы. Шукаць. Чытаць. У Бога прасіць. Чакаць свайго часу. Не спяшаць друкавацца. Прыслухоўвацца да крытыкі.
Адсутнасць крытыкі да чаго прыводзіць – красамоўны прыклад суседа па старонцы, паважанага Ліпскага, дзіцячага публіцыста.


ЛіМаразм-222

Простае пажаданне

У “Дзеяслове” №75 працягваем даследаванне паэзіі. Змешчаны там вершы Зміцера Захарэвіча. Імя, здаецца, знаёмае, але не згадаю, каб нешта з яго чытаў. Тым лепей, тады выключыцца прадузятасць.
Біяграфічныя звесткі прывесці не змагу, бо ў электронным варыянце гэтага нумара яны адсутнічаюць. А змест, як ужо я нядаўна пісаў, не супадае з рэальным змесцівам.
Выберам адзін з характэрных лірычных вершаў. Бо аўтар выглядае менавіта лірыкам паводле падборкі. І магчыма, душа яго поўніцца высокай паэзіяй. Але няважныя зносіны з моваю паэтычнай не дазваляюць гэтага перадаць.

* * *
Бесстаронне па свеце дзень кожны
Восень пошту разносіць сваю.
І, як на апусцелую пожню,
Ліст, нібы развітальны – апошні,
Лёг знячэўку на даланю.

У лісце тым ні слёз, ні праклёнаў,
Толькі сум абляцелай вярбы.
Спраўджваннем развітання закону
Лістапад апускае заслону
Па завершанай кветнай пары.

Адпусціўшы на бестэрміновы
Адпачынак ва ўзгадках маіх,
І з разрэджанае прасторы
Пасміхаецца захад барвова,
Пакідаючы небасхіл.
Але ўсмешкай не цешыць знікомай –
Ранак іншага не прынясе.
Заўтра, каб не настала ніколі,
З кожнай кропляй атрутнай патолі
Перакрэсліваю пакрысе.

Пачынаецца верш з дзівоснага, не вядомага мне слова “бесстаронне”, якое адкрывае надзвычай каравы сказ. Другі сказ для лірычнага верша таксама занадта мудроны. Завяршаецца ён непісьменным словам “даланю”. Чаму б лісту не легчы проста Захарэвічу на “далонь”? Аднак прыдуманае паэтамі нібыта прыгожае слова яго спакусіла.
Потым высвятляецца, што ліст вярбовы. Што не характэрна, бо надта яны маленькія і ўлетку, а ўвосень, калі пашэрхнуць – то зусім скруткі, а не лісты. Адным словам, ліст вярбовы – на лірыку натхніць паэта не мог.
Далей ідзе адсутнае нават у акадэмічных слоўніках канцылярскае, скарабачанае “спраўджваннем”. “Спраўдзіць” – добра. А вось назоўнік з гэтым коранем кульгавы, задоўгі. Немэтазгодна яго ўжываць. Усё псуе ён. Дый сказ, які яго ўлучае, выйшаў надзвычай коснаязыкі.
Тое самае – і далейшыя сказы верша. Не ўмее аўтар пакуль фармуляваць думку талкова і элегантна.
“Узгадках” – не ўжываецца звычайна, дастаткова проста “згадках”.
Захад, які “пасміхаецца барвова”, – о, як гэта натужліва, доўга ж варочаеш глузды, перш чым уявіш карцінку. Пасміхаецца – пазітыў, барвова – негатыў. Спалучыць даволі складана. Найхутчэй ужо – “шчэрыцца”.
“Знікомай” – слова ніяк не беларускае, вырадак нейкі прыдуманы.
Паміж “заўтра, каб” не патрэбная коска, здаецца. А то сэнс ужо зусім уцякае.
“Атрутнай патолі” – задужа складана, хітра вывернута. Бо патоля звычайна нясе пазітыў, калі яна не патоля садыста, канешне, кшталту матуль празаіка Гапеева, што прывязваюць сыноў на вяроўку да дрэва на цэлы дзень.
Нарэшце выяўляецца – коска паміж “каб, не” патрэбная, але настолькі ўжо мудрагелісты сэнс, што слупянееш, яго расшыфроўваючы. Гэтак паэт “перакрэслівае пакрысе” сваё “заўтра”. Нейкі сатанізм, дарэчы, па сэнсе. Ну ды ладна. Сам выраз апошні – грувасткі для лірыкі, ён нібы яшчэ раз цвердзіць коснаязыкасць верша.
Вы думаеце, я пацвельваю з аўтара? Не, я разбіраю тэкст. І менавіта тэкст спараджае такі гумар няпросты. Было б усё гарманічна – не да смеху было б, а да радасці.
Вынік несуцяшальны – нацыянальны лірык пакуль не ўмее спалучаць паэтычным чынам беларускія словы. Вязнеш, грузнеш. На душы даўка.
Пажадаць можна толькі апрашчэння, у добрым сэнсе гэтага слова.


ЛіМаразм-223

Затулены рот

Чым далей паглыбляешся ў часопіс “Дзеяслоў”, тым змрачнейшыя думкі агортваюць. Наконт нашай літаратуры. Прайшоў чатыры нумары – а далей па коле ўсё паўтараецца. Адны і тыя ж аўтары. І пяюць аб адным. Даўка, бяздарна, назойліва. Не ўсе, вядома ж. Але адсоткаў 90 напэўна. А тое ўжо жахлівы сімптом.
І хоць Васіля Дэбіша мы неаднойчы крытыкавалі, але мусім глядзець яго наступныя вершы. Бо іншых няма. Паперадзе Някляеў, да якога мы таксама некалі дабяромся.
Знаёмцеся:

Дэбіш Васіль — паэт. Аўтар зборнікаў вершаў «Белыя птахі», «Лісты да Марыі», «Праз дождж». Нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Шамятоўка Свіслацкага раёна на Гарадзеншчыне. Жыве ў Берасці.

Верш з падборкі ў №73:

* * *
Быў. Ёсць. Буду…
Уладзімір Караткевіч

Калі душу гняце знямога,
Калі палоніць сэрца страх,
Як ад Евангелля да Бога,
Нас да Радзімы кліча шлях.

Шлях не забыты, не збуцвелы
І непадкупны, як Ісус.
Да Беларусі дойдзе смелы,
І знойдзе там загібель хлус.

І збочыць мы не маем права,
Нястрымны, акрылёны крок.
Няхай смяюцца з нас Варавы,
За спінай тоячы клінок.

Хай пацалунак здрады Юда
Мне дорыць, як змяіны ўкус.
Я – быў,
я – ёсць,
заўсёды буду!
Бо я – твой сын, я – беларус.


Тая ж агорклая хвароба, выяўленая намі ў папярэдніх выпусках: ланцугі вершаў пачынаюцца з малення ідалам ці з паклонаў адэптам, бо астатнія беларусы для сектанта – не людзі. Дэбіш гэтым разам упаў на калені перад фантазёрам Караткевічам і цвердзіць, што не толькі вялікі рамантык, але і ён, сціплы творца з Бярэсця, – быў, ёсць і будзе! Хацелася б верыць.
Верш складзены не з сапраўдных чалавечых думак, эмоцый, а з клішэ вымуштраванага папугая. Як вучылі гуру клясціся ў вернасці Радзіме, гэтак і Дэбіш паўтарае ўведзенае гіпнозам у мозг.
Акрамя нізкапробнай лозунгавасці верша, ёсць у ім і “збуцвелы” шлях. Шлях збуцвець наўрад ці можа, дарэчы, калі ён не гаць праз балота. Бо парахнее, трухлее звычайна дрэва, а не асфальт, не пясок.
Натыкаешся, як на граблі ў каморы, на “акрылёны” крок, быццам нехта бяжыць з крыламі і маторчыкам за спінаю і вось-вось узнімецца пад аблокі. Крок акрылены – непрыгожа і бесталкова. Хай Дэбіш уцяміць і занатуе.
“Загібель” – слова новае, ведаю толькі “гібель”.
“Палоніць сэрца страх” – штамп.
Нудна, спадарства, і сказаць болей няма чаго. Самі капаем сабе магілу, друкуючы і вітаючы такое.

Наступны шэдэўр ад Дэбіша:

ЧУЙНАР

У вянок Ніне Мацяш

1.
Сябрыну зноў за стол збірае
Чуйнарка – пасвятлелы твар,
Нібыта моліцца святая.
І з ёю моліцца святар.

Няма яе... Усведамляю:
Яшчэ адзін скачок, удар...
А я жыву, а я кахаю,
І мне жыццё як божы дар.

Гады так хуценька мінаюць.
Б’е ў звоны Вечнасці званар,
А метраном час адмярае –
Тваёй... “маёй душы чуйнар”.

2.
Дрэмле ноч на маім плячы.
Мілавіца цалуе вейкі.
Не зламаць мяне, не змагчы.
Я чуйнар, музы сын.
Навекі.

Мяне цяжка любіць зямным,
Бо, як свет гэты, я – падманны.
Як аблокі, туман ці дым.
Шчэ хвіліна – зусім растану.

Я ўсяго толькі – голас дрэў,
Толькі думка, што прагне плоці.
Вобраз. Дух. Толькі ціхі спеў
Ветру, спыненага на ўзлёце.

Усімі сіламі спрабуеш разгледзець нешта непадробнае, сапраўднае ды харошае ў гэтым наборы літар. І не можаш з сябе выціснуць ані слова, каб пахваліць. Настолькі ўжо скажоная сектай свядомасць аўтара. Нічога свайго. Плакаты. Лякалы. Знітаваныя абы-як недарэчнасці.
Першая страфа задоўгага верша. Твар у “Чуйнаркі” “пасвятлелы”. А дзе ён быў цёмны, з якой прычыны – не ўказваецца. Таму слова пастаўлена неабдумана. Варта было абысціся проста “светлым” тварам.
Затым святая “нібыта моліцца”. То бок моліцца “якобы”(па-руску), “быццам бы”, – бо менавіта такое найпершае значэнне ў слова “нібыта”. Недастатковая чуйнасць да мовы.
У наступнай страве ўшпіленае слова “ўсведамляю”. І не да месца. Атрымоўваецца канцылярызм. Пасля ідзе нейкі “скачок” і – “ўдар”. “Удар” мы зразумець здолеем. “Скачок” якога ражна? Куды хто скача?
“Жыццё як божы дар” – неміласэрны штамп, да таго ж “божы” – з малой літары. Перажытак сацыялізму, пры якім сталеў Дэбіш і рэдактары “Дзеяслова”?
Далей памылковыя “звоны” замест правільнага “званы”.
Апошні радок страфы, відаць, зразумелы толькі Дэбішу: “Тваёй... “маёй душы чуйнар”. Складаны сектанцкі код. Трэба дасканала ведаць творчасць Ніны Мацяш. Гэтага досведу ў вашага крытыка няма. Паэтка ўсё-ткі не Пушкін па таленце. Але свет літаратурны нагэтулькі цесны, што ведаю я Мацяш яшчэ па часопісе “Акно”, яна была добрай знаёмай нашага галоўрэда. Вершы яе ён змяшчаў. Абое памерлі. Царства Нябеснае.
Далей пафас ненатуральны ўзмацняе паэт, клянецца, што ён “музы сын”, прычым “навекі”.
Выкарыстоўваецца ў адной страфе, блізка, два разы “як”. Узмацняе адмоўнае ўражанне гутарковае “шчэ”, пастаўленае побач.
Хоць пераконвае нас Дэбіш, што ён “туман”, “дым” і “думка”, але прызнаецца, што плоці “прагне” такі. А хто яе адымаў? Фальш.
І ніколі, дарагі чытач, не чуў твой крытык пра вецер, які спыняюць “на ўзлёце”. Бо дужа рэдка вецер дзьме ўверх, а ўсё болей сцелецца па зямлі.
І што мы бачым з двух вершаў сталага паэта? Нічога кранальнага. Занудлівыя звароты да адэптаў ды гуру. Выкрыкі, якія больш прыдатныя да лозунгаў першамайскіх дэманстрацый пры БССР. Няцвёрдае веданне беларускай мовы. Адсутнасць паэтычных знаходак, арыгінальных і прыгожых метафар. Нелады з логікай.
А добрага – не выцісне з сябе справядлівы крытык. Каб ведаў я Дэбіша як чалавека, то і заплюшчыў бы вочы, магчыма, на многае і схлусіў бы перад сабою, нахвальваючы. А так што з мяне ўзяць? Тэкст ён і ёсць тэкст. Слабы.

З нумара, характэрнае:

У чалавека майго ўзросту складваеца ўражане, што нацыянальная беларуская літаратура, пасля “ўзыходжання” (“Сотнікава”) і замацаваня на вышыні з помным заклікам “Быў. Ёсць. Буду”, з гонарам акінуўшы вокам свой айчынагістарычны “Шлях-360”, так і засталася ў тым статычным становішчы, не выявіўшы заўважных і, галоўнае, важкаглыбінных зрухаў у мастацкім вызначэнні.
(Леанід Галубовіч)

Так і хочацца сказаць па-сяброўску: “Леанід Міхалыч, гэта Вам толькі падаецца. На адным сайце Южыка без падтрымкі Тусоўкі і дзяржрэсурсу за 8 гадоў – сотні тысяч наведнікаў. І гэта па-беларуску, калі ўсяго носьбітаў якія тысячы чалавек. А далей без каментароў. Бо калі мільён разоў на месяц паўтарае чалавек мантры, што ён хворы смяротна, то роўна праз месяц родзічы будуць румзаць на могілках.
За апошнія гадоў 10 Беларусь зрабіла рывок у літаратуры такі, што забівае сабой усе вагоны тамоў савецкіх літаратараў. І галоўны яе здабытак –перафарматаванне пад рэаліі, пад Сеціва, пад сучаснасць. І яна выжыла там, і не гібее, а бруіць, хоча таго нехта заўважаць за пераціраннем малаціражных кніжак, ці не хоча. Яна ўпершыню ў Гісторыі адкрыла затулены чужымі пальцамі рот і перастала фальшывіць.


ЛіМаразм-224

Адужаць русіфікацыю

У часы былінныя, калі я бясплатна раскручваў сайт рускамоўнай крытыкі беларускай літаратуры, часта азадачваўся пытаннем – навошта гэта раблю? Бо крытыкаваць айчынную літаратуру на рускай мове – ўсё адно як бы цяпер чэхі аналізавалі б сваю літаратуру па-нямецку, на мове, мякка кажучы, ім непрыемнай. Або французы даследавалі сябе па-ангельску, ці наадварот. Аднак пабуджэннем маім сталася рэчаіснасць – пры адсутнасці наогул крытыкі ў Беларусі выкарыстоўваць любую пляцоўку, дзе ёсць пробліскі жывой думкі, падтрымліваць яе сваімі артыкуламі. Бо аналіз часопісаў і тыднёвікаў беларускай літаратуры неабвержна паказвае, што гэтая сістэма сябе вычарпала, што там даўно крытыка змарнела, калі і была, а з ёю змізарнела і літаратура мастацкая. Трэба вынаходзіць іншыя, нестандартныя спосабы развіцця.
Гэта дзве непарыўныя часткі – мастацкія тэксты і крытыка. Адно перацякае ў другое, і не бывае мудрай, праніклівай крытыкі без адпаведных мастацкіх тэкстаў. Ды наадварот – страшна ўбогай крытыкі пры літаратурных шэдэўрах. Хоць адно выключэнне гісторыя ведае – творчасць Шэкспіра, раскрытая крытыкамі адно праз 200 гадоў, прычым не на радзіме. Але ж драматургія толькі напалову літаратура. Таму гэтае выключэнне нас не бянтэжыць.
Заняпад крытыкі Беларусі новага тысячагоддзя паклаў празаік Арлоў сваім легендарным пляўком у адну малавядомую крытыкесу – за нехвалебны і неасцярожны водгук на яго кнігу. Падсцярог і пакараў яе Арлоў на вечарыне высокай паэзіі. Спачатку плаксіва наскардзіўшыся мне на гэта, крытыкеса затым мусіла адрачыся ад сваіх слоў. Аўтарытэт славутага празаіка і гісторыка з зямлёю яе змяшаў. Да таго ж літаратурная сябрына жорстка ўнушыла: Арлоў настолькі каласальны, што можа пляваць і рыгаць на каго заўгодна, тым болей што ён сцвярджае, што ні ў каго не харкаў.
З таго часу і пастаўлена была кропка на крытыцы працэсу літаратурнага. Бо калі пакрытыкуеш гуру ці проста адэпта – абсмаркае не толькі ён, а і ўся зладжаная Тусоўка.
Але гэтыя 6-7 гадоў без літаратурнай крытыкі ператварылі адэптаў з літаратараў у занудлівых пэцкаляў дзяржаўнай і недзяржаўнай паперы. Яны згубілі не толькі чытача, а і пачуццё рэальнасці, родную зямлю пад нагамі. Паэзія ператварылася ў лозунгі. У “Дзеяслове” – малебны мове і гуру, хваласпевы Еўропе. У “ЛіМе” – малебны “саюзнай дзяржаве”, яднанню з расіянамі ды ўкраінцамі, тады як прынамсі апошнія паказваюць зусім адваротнае: ні з кім, апроч Еўропы і Вашынгтона, не жадаюць яны лучыцца.
І паэзія амаль знікла. І толькі водбліскамі пагаслага дня сустракаеш яе ў лірыкаў Мінкіна, Дранько-Майсюка, Алеся Каско. Бо сапраўдны лірык як бы не адчувае рэальнасці, жывучы глыбока ўнутры сябе па-за часам.

Вось прыклад, у што ператвараецца паэзія, “азораная” палітыкай, а не глыбінным экзістэнцыйным чуццём.

“Дзеяслоў” №73, Уладзімір Някляеў:

ЛЕАПОЛЬД ІІІ

Віктару Казько

Калі ў камеру раптам праз краты ўляціць матылёк,
як агеньчык у змрок,
дык затойваеш дых, каб яго незнарок
не спалохаць... “Cа мною пабудзь, махаон!
Пасвяці мне,
ліхтарык
у сорак вясёлкавых вольт!..” –
Але ён
пырх назад...

Ноччу сніцца не ён,
а бельгійскі кароль Леапольд,
пра якога й не помніў –
бо хто ён мне?.. Я – хто яму?..

Але ў сне матыльковым
я ўцяміў, чаму
выбраў ён
між турмой і вайною
турму,
страціў трон і карону... –

Лавушак набраў і сачкоў,
і падаўся,
паслаўшы далёка
каралеўскіх усіх сваякоў,
У Амерыку,
дзе Арынока,
дзе да скону
лавіў матылькоў...

Здаецца, даўным-даўно ўжо ссінячылі на выбарах Някляева і кінулі для постраху ў дзяржаўную турму пасядзець і падумаць. А ўражанні вострыя не аціхаюць у паэтычнай душы. Спорна пішуцца паэмы і бясконцыя вершаваныя нізкі пра гэта.
Сотні тысяч перабываюць у любой краіне за кратамі, і толькі чуйны паэт здольны апець гэты працэс. Мала таго, павярнуць пакуты на сваю карысць, намагаючыся зрабіцца героем народным. Бо “Народ – святое!” – прагарланіў Някляеў у паэме “Турма”. Народ, праўда, працягвае жаваць перад тэлевізарам памідоры, вырашчаныя на ўласнай сядзібе, якая для яго і ёсць ідэальная воля. І зусім не ведае пра Някляева. І далёка не святы гэты пажыральнік памідораў, а даволі хітры жывучы прымат.
Але не будзем судзіць зрусіфікаваную Беларусь, якая ўжо спараджае цэлыя сайты рускамоўнай крытыкі беларускай літаратуры. Пакуль гэта ўтопія, такія сайты паміраюць. Бо літаратура наша пакуль на мове дзядоў, ліха і бедна, але пляцоўку сваю трымае. Аднак без крытыкі літаратурнай, напісанай аналітычна, строга і справядліва, а галоўнае, на звонкай беларускай мове, – не надта здзіўлюся, што некалі ўжо будуць крытыкаваць нашу літаратуру па-руску цалкам справядліва і мэтазгодна. Бо творы пісьменнікаў стануць спрэс рускамоўнымі.
А ўсё пачынаецца з дробязяў. Шпіляе Някляеў, напрыклад, русізм “лавушак” замест “пастак”. Ці называе матыля махаона “матыльком”. Ці лепіць для рыфмы з “вольт” караля – “Леапольд”, а потым сам прызнаецца, што пра яго і не помніў, проста прыйшлося па спалучэнні літар: “пра якога й не помніў – бо хто ён мне?..”
Трагічна. Вось так паэты, якім некалі быў несумненна Някляеў, ператвараюцца ў апошленых рыфмачоў. Як вам, дарэчы, файная рыфма “далёка–Арынока”? Справядліва прынамсі, бо Арынока сапраўды – далёка!
А вершаў многа, бо пісаць іх хочацца кожную вольную ад палітыкі секунду. І перасылаць па пошце дарагому Пятровічу. І друкаваць, друкаваць, друкаваць… Змагаючыся з ненавісным “рэжымам”.

А вось выкшталцоная філасофія ад Наталлі Русецкай з гэтага ж нумара, якую яна паспрабавала зарыфмаваць і абазваць вершам. Не атрымалася. Бо коса, немілагучна, бездапаможна. Асабліва “ўражваюць” дровы, якія закаханыя падкідалі “ў печ да змогі”, але ўсё адно “кволага цяпла” не хапіла. І не дзіўна, бо “кволае” цяпло не магло сагрэць апрыёры. “Да відна”, дарэчы, пішацца разам, а не асобна.

* * *
там, дзе мы ўчора мералі дарогі,
сягоння роўнядзь снежнага радна...
не застанемся мы з табою да відна –
хата даўно няпаленай была,
і нам не хопіць кволага цяпла,
хоць дровы падкідай у печ да змогі...

Балюча, невыносна такое нават чытаць, не тое каб падвяргаць аналітыцы. У Някляева хоць даўні талент праглядвае. І вось з такімі вершамі мы хочам адужаць русіфікацыю…


Міхась Южык

ЛіМаразм-225

Беларусь на замкУ

У мяне ёсць знаёмы, які больш за 10 гадоў працуе ў псіхалагічным цэнтры па вывадзе людзей з рознага роду залежнасцяў. Цэнтр створаны ў Маскве, пры Праваслаўнай Царкве, і дапамога хворым там ажыццяўляецца бясплатна. Яны вядуць каталог і курыруюць пацыентаў гадамі. Дык вось, па статыстыцы поўная папраўка здароўя адбываецца толькі праз некалькі гадоў, прычым пры ўмове вядзення чалавекам строгага царкоўнага жыцця. Ва ўсіх астатніх выпадках чорт адпускаць не згаджаецца.
Даследаванні рубрыкі паказваюць, што большасць беларускіх літаратараў знаходзіцца ў залежнасці ад секты, якая чамусьці называе сябе нацыянальнай літаратурай. Таму працаваць крытыку з такім народам задужа цяжка. У свядомасці адэптаў адбыліся ўжо злаякасныя змяненні. Яны сталі клонамі літаральна некалькіх гуру нацыянальнай літаратуры, жывуць і мармычуць тэксты па іх правілах. Усе падобныя адзін да аднаго як дзве кроплі вады.
Нязнайкі часта пасмейваюцца з праваслаўных людзей – чаму менавіта вы валодаеце ісцінай, а не іншыя рэлігіі? І не заўсёды праваслаўны шараговец можа даць выразны адказ. А між тым усё проста: хрысціянства – гэта адзіная рэлігія адкрыцця Бога самога Сябе, расповед Бога пра самога Сябе. Чаго ў іншых рэлігіях і блізка няма. А праваслаўе – гэта рэлігія першага тысячагоддзя хрысціянства, якая глядзіць на гэты Расповед Бога пра самога Сябе – Евангелле – вачыма святых айцоў. То бок праведныя мудрыя людзі, што жылі ў розны час першага тысячагоддзя ў розных канцах зямлі, праз свой духоўны вопыт дайшлі да аднаго і таго ж – тлумачылі Евангелле аднолькава. І Царква прыняла толькі тое, што супадае ў абсалютнай большасці святых айцоў праз іх пісанні. Нагадаем, што паштовай, тэлефоннай і інтэрнэтаўскай сувязяў тады не было, святыя айцы адзін пра аднаго не ведалі, а дайшлі ў сваіх пячорах прыкладна да аднаго і таго ж. Вось іх вачыма і глядзіць на Евангелле, на расказ Бога пра самога сябе, Праваслаўная Царква.
У пратэстантаў жа, напрыклад, не тое што кожны пастар тлумачыць Евангелле па-свойму, там бярэцца гэта рабіць ледзьве не любы шараговец. Адсюль і такі раскол, і такая колькасць сект у пратэстантызме, многія з якіх сталіся таталітарнымі, дэструктыўнымі і ўжо прама антыхрысціянскімі пра прыродзе сваёй.
Беларуская літаратура ў цяперашнім выглядзе выдае, безумоўна, на секту. Але пакуль не таталітарную. Бо ў таталітарных сектах зазвычай ідзе абагаўленне аднаго гуру і безагаворачнае, рабскае падпарадкаванне яму шарагоўцаў. Менавіта таталітарныя секты выцягваюць з людзей усе жыватворныя сокі і выкідваюць на вуліцу жывымі трупамі.
Секта белліту пакуль мае некалькіх гуру. Як жывых, так і памерлых.
З жывых гэта несумненна Някляеў, якім пашкоджана ўжо немалая колькасць людзей. Пра яго профіль на фота, што нагадвае “рублёвага Леніна”, я пісаў у артыкуле. Тое ўжо несумненная паталогія.
Другі гуру і ўладар свядомасці многіх адэптаў – Уладзімер Арлоў, вялікі гісторык, ён жа глыбокі празаік, ён жа неперасяжны паэт. Пра яго веліч напорыста і назойліва ўнушаецца шарагоўцам з пляцоўкі “Свабоды” каля 20 гадоў, куды Арлоў перабег з дзяржаўнай “Мастацкай літаратуры”, выкінуўшы партыйны білет КПСС як злую, непатрэбную памяць. І сігануў на “Свабоду” Арлоў, роўна дачакаўшыся выхаду кнігі сваіх аповедаў у серыі “Проза 20 стагоддзя”.
Трэці гуру як бы карыкатурны, маладзёвы, але не менш небяспечны. Паколькі тэсціруе адэптаў у вернасці самому сабе на здачы дзяржаўных іспытаў. Гэта Андрэй Хадановіч. Шмат душаў пашкодзіць паспеў і ён.
То бок таталітарызму пакуль няма. Арудуюць ідэалагічна, ціснуць сабой, патрабуюць верыць у сябе – тры чалавекі. Ды яшчэ чацвёрты аб’явіўся з СПБ – сакратар МГА Міхась Пазнякоў. У адрозненне ад Някляева, Арлова і Хадановіча ён ужо прамы графаман і прамая бяздарнасць. Але ў яго руках дзяржаўны рэсурс, нялічаныя народныя грошы. Што небяспечна.
І вось гэтыя “рублёвы Ленін”, “вялікі паэт”, “вершаваны цынік” і “прэтэндэнт на Дзяржпрэмію” змушаюць адэптаў верыць у беларускую літаратуру, а папраўдзе ў сябе саміх. Шанаваць сябе, пакланяцца сябе, а галоўнае, няспынна чытаць сябе і дакладваць аб прачытаным на вечарынах, дзе строга тэсціруюць паклоннікаў на любоў.
Памерлыя ж, былыя груру белліту, гэтыя назначаныя ў кабінетных інтрыгах “народныя пісьменнікі” БССР, складаюць пантэон багоў. Якім таксама безупынку клянуцца ў вернасці на старонках усіх перыядычных выданняў абодвух саюзаў.
Як бачна, кантынгент, з якім даводзіцца працаваць вашаму крытыку, надзвычай складаны. Свядомасць адэптаў дужа пашкоджана. Бо дзейнічаюць грашовыя ўліванні як ад блаславёнага Захаду (Арлоў, Някляеў, Хадановіч), гэтак і дзяржаўныя фінансавыя патокі (Пазнякоў). Крытык жа, акрамя клавіятуры і здаровага сэнсу, нічым не спансіраваны. І тым не менш прымусіў лічыцца з сабой. Бо ў кожнага чалавека, у кожнага знявечанага “гурамі” адэпта, ёсць у глыбінях душы Божая іскра. Людзі прагнуць спазнаць ісціну, а не сектанцкі зман. І многія ўжо прызнаюцца самі сабе, што яны захварэлі ад лозунгаў, выдавання кніжак за свае грошы і бегання да гуру з гэтымі кніжкамі. У душы ж падазраюць яны, што кніжкі, для іх бясцэнныя, гуру калі не выкідвае адразу ў сметніцу, то запірае ў глухі куфар, каб потым увосень на дачы спаліць. І балюча ад гэтага людзям. І хочацца, каб было не так, а “па праўдзе”, сумленна.
Неяк гадоў 15 таму прачытаў я творчасць Арлова ў серыі “Проза 20 стагоддзя”. І дыягназ паставіў адразу – казкі для малалетніх. І кніга гэтая, больш ніколі не разгорнутая, стаіць на маёй паліцы. І падумай сам, дарагі чытач, ці можа гэты казачнік, які прама да таго ж выхваляецца ў любові да вінных пароў, пісаць гісторыю Беларусі? Дзе гарантыя, што яна заіскрыцца праўдай у яго дрыготкіх руках? І ці не сутыкаўся ты з поўным і бязбожным перайначваннем гісторыі за апошнія дваццаць гадоў? Толькі 15–20 адсоткаў еўрапейцаў ведаюць, што перамогу над Гітлерам атрымаў СССР, астатнія абмарочаны падручнікамі, дзе сцвярджаецца – Гітлера перамагла іх гераічная краіна (якая насамрэч легла тут жа на спіну і падняла лапкі, каб фашыст балюча не біў). Ва Ўкраіне з падручнікаў не толькі выкідваюцца творы іх земляка Гогаля, а наогул робіцца выгляд, што і асобы такой не знала гісторыя. Дык якую гісторыю Беларусі ты чакаеш пачуць?
Мы ж лепш будзем бачыць сучаснасць, рэальнасць. А яна такая, што па Мінску як пры БССР, гэтак і цяпер, ты праходзіш гадамі – ды не пачуеш мовы нацыянальнай. А ўбачыш яе толькі на рэдкіх шыльдах. Як заедзеш у вёску – і там з вуснаў моладзі ты не зловіш беларускага слова. І вось з такой рэальнасцю нам прыйдзецца жыць, працаваць і верыць, што работа наша, пісьменніцкая, некалі дасць свае парасткі. І творы нашы некалі стануць глебаю, на якой расцвіце не міфічная замкавая і княжацкая, а сапраўдная еўрапейская беларускамоўная краіна.


ЛіМаразм-226

Рэальная сітуацыя

Апошнім часам мы безупынна маніторым то “Дзеяслоў”, то выданні холдынгу “Звязда”. І што тычыцца вершаў – не назіраем адрознення. Сярэдні ўзровень прыкладна адзін. Як і працэнт графаманаў. Праўда, у “Дзеяслове” было пару выдатных публікацый, а ў “Полымі” за гады – зусім не з’явілася.
Чаму ў “Полымі” не праяўляецца значных паэтаў – я неяк паспрабаваў адказаць: чыноўнікі, якія яго акупіравалі, інстынктыўна не могуць дапусціць аўтара, што на галаву вышэйшы за іх. Каб не выглядаць зусім ужо карлікамі. У “Дзеяслове” ж дэмакратыя большая.
Прыходзіцца паўтарацца, бо толькі так ісціна ўваходзіць у свядомасць людзей: нацыянальная літаратура, яе сучасны стан, вызначаюцца мастацкімі тэкстамі, і найперш паэзіяй. Усё астатняе – публіцыстыка, літаратуразнаўства, навуковыя публікацыі, гісторыя, мемуары, угодкі, інтэрв’ю, краязнаўства, – тое, чым так любяць напіхваць у нас часопісы, ёсць адно дадаткам да паэзіі. І таму хай не дзівяцца рэдактары, што я лаю іх мнагаслоўныя выданні, бо на пабочную частку (дзе, магчыма, і ёсць нешта слушнае), зусім не зважаю. Паэзія і толькі паэзія цікавіць мяне.
У №6 “Полымя” 2016 г. прадстаўлены з вершамі:

Спіцын Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся 6 верасня 1979 года ў Мінску. Скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2001). Працаваў у Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча, у Мінскім палацы дзяцей і моладзі, Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі.
Аўтар паэтычнай кнігі «Цені верасоў» (2001).

Аўтар не гуманітарый, але хінецца да прыгожага слова. І часта менавіта такім людзям удаецца дасягнуць значных вышынь у паэзіі. Бо ў іх няма так званай школы, а значыць – верагоднасць штампаў, пераймання меншае параўнальна з філфакаўцамі.
Але менавіта тое, што паэзія ёсць, як правіла, пабочным заняткам для людзей кшталту Алеся Спіцына, у іх узнікаюць праблемы з самавыяўленнем праз слова. Аматарства – наогул асноўны біч айчыннай літаратуры. Бо прафесійна ёй могуць займацца адно рэдактары і сакратары, а тыя ўжо пратухлі на пасадах і цвёрда ведаюць, што зусім не якасць мастацкіх тэкстаў будзе рухаць іх па кар’еры.
Давайце ж звернемся да публікацыі Алеся Спіцына:

* * *
Вось туман вырастае з вады,
Уздымаецца з ночы да ранку.
Ён будуе свае гарады
І свае непадступныя замкі…

І знікаюць у нетрах яго
І лагчыны, і дрэваў абрысы,
Разуменне лугоў і лясоў
І нябёсаў дзівосныя высі…

Толькі дзённае прыйдзе святло,
Вецер мройва раскідае лоўка,
І разыдзецца ўсё, што з яго,
І схаванае з’явіцца зноўку...

Аўтар вызнае лірыку ў чыстым выглядзе. Малюе велічную карцінку. Не філасофствуе, што не ёсць плюсам, па вялікім рахунку. Бо, напрыклад, лірык сусветнага ўзроўню Цютчаў, робячы здымак прыроды, пры канцы верша зазвычай абагульняе яго, пераносячы на людзей.
Спіцын пачынае лірычны верш з непрыгожага “Вось”. Такое не варта рабіць, гэта азы паэзіі.
Туман, які ўздымаецца “з ночы да ранку”, – не элегантны выраз па меншай меры. Каб не сказаць, што каравы.
Потым туман будуе “свае гарады”. Тут мала таго, што слова “свае” залішняе, дык і “гарады” каб будаваў туман – уявіць цяжка надзвычай.
З “непадступнымі замкамі” яшчэ неяк можна згадзіцца.
Далей ідуць два даволі ўдалыя радкі (вылучаны). І тут жа брыдзяцца яны “разуменнем лугоў і лясоў”. Ну як жа аўтар не сочыць, не ловіць чуццём такія грувасткія і недарэчныя выразы? Вось з “нябёсаў высямі” ён жа далей угадаў, хоць і занадта пакручастая метафара. А гэта і ёсць аматарства – няроўнасць па сіле розных участкаў верша.
У апошняй страфе “мройва” – слова выключна паэтычнае, прыдуманае самімі выршатворцамі і ў слоўнікі не ўнесенае. А таму напружвае. Слова “лоўка” таксама не прыдатнае для паэзіі, бо гутарковае, і на мяжы русізму, дарэчы. Ёсць жа выдатнае слова “спрытна”. А “лоўка” давайце пакінем для дыялогаў у прозе.
Месца, дзе “разыдзецца ўсё, што з яго”, – няўдалае, як для лірыкі. І коснаязыкае да таго ж. Перагружаеш мазгі, але ўсё адно не даўмеешся, што хацеў перадаць аўтар. А між тым паэзія – найвышэйшая форма маўлення. Так што Алесь Спіцын стаіць толькі на парозе Храма літаратуры.
Слова “зноўку”, якім завяршаецца твор, таксама гутарковае, неўнармаванае. Паэты яго любяць карыстаць дзеля рыфмы і рытмікі, прычым вымудраюцца ўшпільваць зусім ужо вырадак “ізноўку”. І ў рэдакцыях з гэтым даўно памірыліся.
У так званым верлібры, дзе спрабуе сябе Спіцын, яго аматарства выяўляецца яшчэ болей:

* * *
Вераснёвы ранак,
Расшыты расой з павуціннем,
Радуе сэрца...

Цішыня
Пасля тлуму і шуму
Весяліць душу...

Як прыемна
Вярнуцца
З вар’ятні
Гарадскіх бітваў
Сюды
Пад ашчаду лясоў...

Гэта банальная рыторыка. Проза. Філасофіі нуль. А ўдалае толькі: ранак, які “расшыты расой і павуціннем”. Параўнайце гэта з трывіяльным: “Цішыня”, якая “весяліць душу”… Дарэчы, калі браць ужо зусім строга, то і паэтам і рэдактарам варта не забываць пра слоўнікі, якіх мы абавязаны пільнавацца. А там строга ўказана, што правільна ў дадзеным выпадку пісаць не “весяліць”, а “”вяселіць”. Гэтая памылка настолькі ўкаранілася, што сталася нормай. І ўжо самы раз будзе не вершы правіць, а перайначваць слоўнікі.
Роўна такія ж хібы ва ўсіх астатніх вершах Алеся Спіцына. Тут мы сутыкнуліся з чуйнай душой, якая не можа напоўніцу сябе выявіць. Бо не спасцігла таямніцу мовы. Пакуль.

Віктар Шніп, публікацыя якога ідзе далей, якраз зведаў некалі таямніцы мовы, але набытае страціў праз пасаду чыноўную, загруз у варунках, захрас у абавязках сямейных. У гэтым нумары ён канчае нарэшце мучыць нас дзённікамі, якія нават “раманам” асмеліўся абазваць.
Каб не быць западозраным у прадузятасці, я бяру першую старонку яго шэдэўра:

Ліпень
*
1.07.2015. Чамусьці падумалася, што, калі мы адзначаем Новы год, то чаму б уночы з 30 чэрвеня на 1 ліпеня не адзначаць Новае паўгоддзе. Сёння ж першы дзень Новага паўгоддзя! Усіх са святам!

*
1.07.2015. Спачатку цябе выганяюць з краіны, а пасля тваёй смерці ствараюць музей, дзе ты нарадзіўся…
*
1.07.2015. Праз дзень буду ў адпачынку. Наперадзе тысячы кіламетраў шляху. Хвалююся, нібыта ў космас лячу…
*
1.07.2015. У Мінску прайшоў кароткачасовы дождж, як кароткаметражны фільм, дзе я быў у бясплатнай масоўцы…
*
1.07.2015. Над дрэвамі бліснула маланка, загрымеў гром, і з кроны старой ліпы ўзляцелі вароны, як абвугленая лістота…
*
3.07.2015. Збіраемся ў вандроўку па Еўропе. Люда пасля Славакіі, дзе была з купалаўскімі музееўцамі па шляху Янкі Купалы, ніяк не ачуняе ад прастуды. Гледзячы на яе і мне кепска. Прыязджала Наста Грышчук. Зрабіла з Людай гутарку для «ЛіМа». Там так хочуць адзначыць яе 50-годдзе. Словам, мы чакаем дарогу…

Заўважу, што публікацыя вялікая, блізу 30 старонак, і за тры такія публікацыі набягае ганарар не зусім і маленькі. Прабачце за пошлую заўвагу. Але я не вінаваты, бо метады нашай літаратуры чыноўнай такія – пошлыя. Крытык ваш адно канстатуе.
Гэтыя тэксты нагэтулькі невыразныя ні ў філасофскім, ні ў лірычным плане, што самай значнай падзеяй міжволі тут вызначаеш: “Прыязджала Наста Грышчук. Зрабіла з Людай гутарку для «ЛіМа».
І скажы, дарагі чытач, ці паранойя ў твайго крытыка? Ну нядаўна ж зусім ён празорліва даводзіў табе, што рэцэнзія на кнігу Рублеўскай ў “Дзеяслове” напісана і апублікавана Настай Грышчук пад кантролем аўтаркі? І тут так дапамог Шніп пазбавіцца Южыку абвінавачвання ў галаслоўнасці! Проста дадому яны ходзяць адно да аднаго і “робяць” гутаркі. Дык яшчэ што: Грышчук так хітра вывернулася тым разам, што зрабіла падвойную рэцэнзію на кнігі Рублеўскай і Галубовіча – рэдактара аддзела часопіса, дзе крытыка друкавалася! Ну лепш не прыдумаеш, адным словам. Цяпер я афіцыйна ўводжу слова ў беларускую літаратуру: хітравывернутыя. Запомніце гэты дзень.
Бяда з чыноўнікамі ад літаратуры. І чым далей па часе, тым болей гібла яны выглядаюць. Бо з узростам ніхто прыгажэйшым не робіцца. У тым ліку і ваш крытык набывае ўсё болей сварлівыя рысы характару.
А далей па часопісе працягваюць займаць плошчу лістамі Шамякіна, падрыхтаванымі родзічамі Шамякіна. Вось гэта і ёсць наша літаратура – чыноўнікі пра чыноўнікаў з дапамогай чыноўнікаў і для чыноўнікаў. У такой гаркоце і бесталачы дзівіць адно – чаму моладзь рушыць у літаратуру, з якімі акрыленымі планамі ды надзеямі? Няўжо ж хочуць сябе пабачыць на старонках “Полымя”? І ў якой якасці? І якім чынам? Ну здаровы ж розум павінен адрэфлексоўваць рэальную сітуацыю.


ЛіМаразм-227

Блізкасць зорнага даху

Часопіс “Полымя” №6 2016 г. пастараўся паказаць народу паэзію не зусім ужо закіслых савецкіх рэдактараў, а людзей ледзьве не з вуліцы. Адзін толькі Казімір Камейша выступае тут нечым маналітным, нятленным.
Паэтэсу Ірыну Дубашынскую ніяк не аднясеш да “значных” постацяў літаратурнага свету.
З біяграфіі:

Дубашынская Ірына Паўлаўна нарадзілася 16 жніўня 1966 года ў Мінску. Скончыла Мінскае культурна-асветнае вучылішча (1984), Мінскі інстытут культуры (1991). Працавала культарганізатарам у горадзе Маладзечна, метадыстам на гуманітарным факультэце ў Мінскім інстытуце сучасных ведаў, навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея імя П. Броўкі. Цяпер — сястра міласэрнасці праваслаўнага сястрынства пры Свята-Елізавецінскім манастыры.
Вершы друкаваліся ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Аўтарка з аднаго боку гуманітарый, а з другога – уласна літаратурай ніколі не займалася прафесійна. Рэдактары таксама не разбіраліся з ёю сур’ёзна, бо друкавалася Дубашынская мала.
Паэтка працуе сястрой міласэрнасці пры манастыры. Што не можа не выклікаць павагу. Як і да большасці канструктыўных прафесій.
Не ведаю, наколькі далёка пранікла душою ў хрысціянскую веру аўтарка, але паводле майго досведу выходзіць, што амаль не бывае глыбокіх і адданых вернікаў, якія б адначасова былі выбітнымі паэтамі. Зазвычай паэзія падмяняецца ў іх рыторыкай, павучальнасцю. Гэта тычыцца і паэзіі Алега Зніча, манаха, чые вершы ў параўнанні з творамі Лермантава, напрыклад, выглядаюць дзіцячымі. Па мерках літаратуры. Бо духоўнасць, да якой апелюе рэлігія, і душэўнасць, куды найбольш звернутая паэзія – розныя сферы псіхікі і праяваў душы.
Уступны твор Дубашынскай:

БУЛЬВАР У МІНСКУ

Бульвар Шаўчэнкі. На вясну!
Ўсе дрэвы цеплыні чакаюць.
Гракі, прачнуўшыся ад сну,
Ваколле крыкам абуджаюць.

На лаўках росных ранні люд
З турботаю сядзіць маўкліва.
Чакаюць, бедакі, як цуд:
Хто — сонца, хто і куфаль піва.

Вядуць сабак на павадках.
Змянілі модніцы адзенне.
І дзень нясе пад зорны дах
Сваё вясновае стамленне.

Светлы пафас верша нівеліруецца адсутнасцю майстэрства, а можа, і сур’ёзнага таленту.
Выкарыстана забаронная рыфма “вясну–сну”, бо пробы на ёй няма дзе паставіць.
Другі радок пачынаецца з пустога гуку “Ў”. Недапушчальна. А рэдактары дапусцілі.
У другой страфе лаўкі росныя, аднак народ на іх “маўкліва” пасеў. Не бяды, што намоклі штаны. Хаця сядзіць ён усё-ткі “з турботаю”. Складаная логіка, адным словам.
Бедакі чакаюць “куфаль” піва. Што выглядае на празаічную праўду. Аднак у слоўніках унармаванае – “куфель”. Трэба вызначыцца нарэшце, пісаць “а” або “е”. Такая блытаніна не першы раз.
Раннія людзі на лаўках, аказваецца, сядзяць пад начным “зорным дахам”. Недарэчнасць. Зоркі нават пры абуджэнні дня непрыкметныя. Хіба адзінкавая планета сонечнай сістэмы. Дык зорка яна ўмоўная. (Не забываем – лаўкі “росныя”, а значыць, сонца даволі ўжо паднялося, ніяк не ноч.)
“Зорны дах”, дарэчы, – непрыгожа. Трэба іншыя метафары, кшталту “зорная россып”. Але ж ні даху, ні россыпу ўдзень не бывае.
Канец верша зусім недадуманы: дзень нясе пад зорны дах – “вясновае стамленне”. Перакладзём для нагляднасці: «день несёт под звездную крышу свое весеннее утомление». Мама таго, што коснаязыка, дык яшчэ і дзівішся, калі ж дзень стаміцца паспеў?
Вось так і бывае нярэдка: цудоўны, развіты духоўна чалавек аказваецца нікудышным паэтам. Не скрыўдзіць хачу, а наставіць да працы са словам – як рэдактараў, так і аўтарку. І тут нічога няма жахлівага – з Южыка не атрымалася б сястра міласэрнасці. Адзін нюанс: ён туды і не запісваецца. У адрозненне ад Дубашынскай, якая падала і надрукавала свае вершы ў цэнтральным літаратурным часопісе.
Зрэшты, спадарства, гэта і ёсць сярэдні ўзровень нашай літаратуры. Не ведаю, які ён быў пры БССР. А цяпер вось такі. Што літаратура не дужа развіваецца з гадамі – тое гісторыя даўно зведала. Раней былі Дастаеўскі. Талстой і Чэхаў у русакоў, а цяпер Дзмітрый Быкаў, Пелевін і Міхаіл Велер. Страшэнная дэградацыя. Якая люструе павярхоўны, глумлівы, паспешлівы час. А галоўнае – страта літаратурай дабрадаці праз павальны адыход аўтараў ад хрысціянства. Адышоў – усё, Бог не дапамагае. І талент Быкава поўзае па паверхні, куражыцца вершамі “супраць Пуціна”. А чалавек таленавіты, у адрозненне ад Дубашынскай Ірыны. Зноў жа не ў крыўду кажу, а канстатую непрадузята.
Аўтарка надрукавалася ў паважаным часопісе. Наталіла пэўныя душэўныя памкненні. Падумала, што перадала светлыя эмоцыі чытачам. Дык парадуемся ж за яе. А разбор прафесійнага крытыка няхай не чытае.


ЛіМаразм-228

Галодныя духам

Мы не раз адзначалі і папярэджвалі ў артыкулах, што любая літаратурная крытыка суб’ектыўная. На яе ўплывае разуменне аўтарам духоўных і псіхічных працэсаў, якія люструюцца ў тэкстах. А таксама – хочам таго ці не – цісне так званы чалавечы фактар. Бо мы ўсе не аўтаматы, а створаны з плоці ды крыві. І хацелася б верыць, што па вобразе і падабенстве Божым.
Напрыклад, не могуць ужыцца паміж сабою літаратары, якія вызнаюць праваслаўе і атэізм. Рана ці позна канфлікт непазбежны. Яскравы прыклад – Бялінскі і Дастаеўскі.
Здавалася б, менавіта Бялінскі абвясціў аб прыходзе “новага Гогаля”, ды ўсім расхвальваў маладога Фёдара Міхалыча. Бо, акрамя мастацкага генія, убачыў яшчэ і блізкую ідэю – агульначалавечы гуманізм, у аповесці “Бедныя людзі”.
Але як толькі западозрыў Бялінскі, што гуманізм гэты мае хрысціянскі і, мала таго, містычны ўхіл, – то неўзабаве і расчараваўся ў адкрытым ім самім літаратары. Паступова любоў перарасла ва ўстойлівую непрыязнасць. Бялінскі пачаў пасмейвацца ўжо з саміх твораў Дастаеўскага, гаварыў, што памыліўся ў ім і што да Гогаля яму як да Сонца.
Корані ж прычыны не вызначыў для сябе і сам крытык. Лаяў творы, а насамрэч – праваслаўе, якое атаясамліваў з самадзяржаўем, насіллем і цемрашальствам. Наадварот, заходнія каштоўнасці – прагрэс, нейкі агульны гуманізм і амаль прамую бязбожнасць Бялінскі дужа любіў. Хоць наўпрост не адпрэчваў хрысціянства, ды ніколі і не хваліў. А ўжо праваслаўе вылаяў па поўнай праграме ў славутым лісце Гогалю. Па іроніі лёсу менавіта за чытанне ў гуртку гэтага кашчуннага ліста і атрымаў катаргу Дастаеўскі.
Выйшаў адтуль Фёдар Міхалыч з пераваротам у свядомасці. І да канца дзён устойліва ненавідзеў гуманістычны Захад, а сваю насмешку з даўно памерлага Бялінскага не ўтрымаўся выказаць у “Дзённіку пісьменніка”. Насмешка, зрэшты, не злосная, з дамешкам нават шкадавання да неразумнага атэіста.
Да чаго прывёў атэізм і прага агульнага (не хрысціянскага) гуманізму, мы ведаем усе. Пацярпелі і прадзеды нашы, і дзяды, і бацькі. Мільёнамі адправіліся гінуць хто на войнах бясплённых, хто ў сатанінскім ГУЛагу. Іх грахі ды іх пакуты перанесены і на нас.
Дастаеўскі задоўга да рэвалюцыі ўказаў, што сумленне без Бога неадменна заблытаецца. І будзе ўжо “сумленна” ліць рэкі крыві.

Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, у палітыцы тутэйшай, культуры і літаратуры, – таксама маюць духоўныя карані.
Мы на мяжы двух розных рэлігійных канфесій. Адна – каталіцызм – напорыста цягне на Захад, дзе яе цэнтр. Другая – праваслаўе – гэтаму супраціўляецца і хіліць у Маскву, дзе яе цытадэль.
Мы пераблытаны не проста тым, што на захадзе Беларусі больш католікаў, а ў цэнтры і на ўсходзе – праваслаўных. А павязаны і перамяшаны ўжо на сямейным узроўні.
Ведаю некалькі сямейных пар, дзе жонка каталічка, напрыклад, а мужчына праваслаўны. Прычым з маіх прыкладаў амаль усе праваслаўныя ў такіх парах – фармальныя, намінальныя, як быццам па веравызнанні продкаў і нібыта хрышчаны. Але царкоўнага жыцця не вядуць. Тады як католікі значна больш унураны ў сваю рэлігію, куды болей арганізаваныя. Часцей ходзяць на службы, адзначаюць два асноўныя хрысціянскія святы сямейна, нярэдка кланамі. Ганарацца сваім веравызнаннем.
На нашай вуліцы Каралёва ў Асіповічах (маёй малой радзіме) адзін бок – праваслаўныя, другі – “палякі”, як казала бабуля. Я заўсёды дзівіўся, якія ж яны палякі, калі па-руску гавораць? Ужо значна пазней дапяў, што “палякамі” бабуля называла католікаў. І ў яе было да іх нейкае насмешлівае стаўленне: паны, хітраватыя. Вось вам прыклад з горада, які стаіць у самым цэнтры Беларусі, а не на крайнім яе захадзе.
Яшчэ блізкі прыклад: мая суседка па маленькім калідорчыку з дзвюх кватэр – каталічка, пераселеная некалі са зруйнаванага прыватнага сектару Мінска. У доме жывуць яшчэ яе тры сястры. Усе яны моцна згуртаваныя кланам, адзначаюць каталіцкія Каляды і Вялікдзень дружна, весела. Дый па характары мая суседка прыкметна розніцца ад зазвычай абыякавых і аморфных праваслаўных. Учэпістая, не палянуецца даць вялікі канец па горадзе, каб на капейку танней нешта купіць. Ніколі не забудзе і не даруе мне, што забыў выключыць святло ў малым калідорчыку. Бо набягае кошт і ёй! Заўсёды папракне. Хоць адносіны ў цэлым добрыя. Але чуецца нянаскі менталітэт. Мы ўсе савецкія, здавалася б, людзі – а тым не менш…
На гэтым прыкладзе бачна, якія ў нас ёсць адрозненні сярод насельніцтва. Адрозненні прынцыповыя, духоўныя, і не ў мове тут справа. І як жа лёгка нас падпаліць, адасобіць, пасварыць, спакусіўшы, прыкладам, залатым цялём з Захаду. Павальная русіфікацыя, падаецца, і ўтрымлівае Беларусь ад крутога расколу па прынцыпе цяперашняй Украіны. Там таксама праваслаўныя вобласці цягнуцца да Крамля, а каталіцкія да Ватыкана. І ў кожнага свая праўда. І прыміраць іх можна пакуль, толькі паставіўшы войскі ў Данецкай і Луганскай абласцях. А колькі напругі з’явілася ў тых абласцях, дзе католікаў і праваслаўных пароўну? Мы з’яднаны з суседкай па мове і тэлевізары: па-руску дачыняемся і глядзім рускі тэлевізар. Бо беларускага няма.
У Беларусі ніхто не забараняе гаварыць па-беларуску. Але і рота сорамна ў сталіцы раскрыць на роднай мове чамусьці. Хоць ніхто зубы не выб’е за гэта. Тут глыбіннае і духоўнае памкненне на Ўсход працуе, да блізкіх менавіта на гэтым узроўні. А Захаду пераважна баіцца абывацель. І небеспадстаўна, згадзіцеся. Бо менавіта адтуль прыходзілі нас зніштажаць то Напалеон, то Гітлер. Не вераць ім. У кожнай сям’і ёсць загіблыя ці пацярпелыя на апошняй сусветнай вайне. Незагойная памяць. Хоць і ёсць памяць сталінізму. Ды пераважае і страшыць першая – гітлераўская.
І толькі духоўным узроўнем можна вызначыць гэтыя дзве небывала раннія і лютыя зімы, якія спынілі бліцкрыг і Напалеона, і Гітлера. Нават здаровы сэнс падказвае, што патрэбная Богу Расія. Хоць халодная і галодная, але менавіта як цытадэль праваслаўя, адзінай веры, захаванай у чыстым выглядзе так, як перадавалі апосталы Хрыстовы. І менавіта таму да Напалеона Расія 100 гадоў не прайгравала ніводнай бітвы. Дый Напалеонавы перамогі былі часовыя. Потым усё роўна фіяска. Так і з Гітлерам, акультыстам і прамым сатаністам, сталася. Тут не трэба браць заслугай менавіта рускі народ, бо “народ” паняцце размытае. А менавіта апостальская вера і Божае покрыва над Расіяй, якое цяпер ўвасобілася ў ядзерны шчыт. Тэарэтычна – вечны шчыт. Яго не парушылі нават знутры, хоць былі пасля 1991 года ўсе падставы для гэтага.
Глядзіце самі – алкаголік раздаў, растранжырыў кускі імперыі, запіў гэта “Зуброўкай” у Белавежскай Пушчы і стаў руліць па-свойму рэшткамі зямель.
Што адбылося затым, ведаюць усе. Багацці імгненна разрабавалі, алігархі яўрэйскай нацыянальнасці сталі адчыняць усе кабінеты Крамля нагамі, уладарыць над душамі праз тэлебачанне. На ўскраінах былой імперыі ўспыхнулі крывавыя разборкі. Народ са спустошанымі вачыма біўся ў чэргах за кавалак хлеба і за гарэлку. Ва ўсе куткі і абрыўкі імперыі памчаліся духоўныя ганцы, сектанты, каб запаланіць (і разрозніць!) людзей, што трапілі ў стрэсавую сітуацыю. Кажуць, на пачатку 90-х па Маскве немагчыма было прайсці кіламетра, каб да 10 розных сектанцкіх груповак не прысталі да цябе з буклетамі, размовамі, прапановамі. А Прэзідэнт у абмочаных штанах і з ядзерным чамаданчыкам пад галавой адсыпаўся тым часам пасля “паўлітры” любімай гарэлкі.
Здавалася б, што ў такой сітуацыі магло выратаваць Расію, праваслаўны свет? І тут жа невядома адкуль і на якія грошы па ўсёй краіне, як грыбы пасля дажджу, сталі расці праваслаўныя цэрквы. І гэта пры беднасці дзікай. І пры трэніроўцы атэізмам 70 гадоў! За некалькі гадоў паўсталі сотні тысяч храмаў,  выратавалі Расію. А шырэй – увесь свет ад катастрофы. Бо ў ядзернай вайне пераможцаў не будзе. Чыя тут воля была? П’янага азызлага Ельцына? Рабаўнікоў Беразоўскага, Гусінскага? Народа абстрактнага разгубленага і згалелага? Ці ўсё ж канкрэтнага Госпада Бога? Бач ты, не было хрысціян дзесяцігоддзямі, усе ленінцы, – і тут мільёны праваслаўных аднекуль. Адкуль?
Штаты ну не маглі проста паверыць, што іх шматгадовыя намаганні прахам пайшлі. Па ўсіх раскладах – капец Расеі павінен настаць быў. І спалохаўся Захад. Аказваецца, і армія не развалілася: спакойна вяртае Пуцін рускія землі, ніхто перашкодзіць не ў сілах. А як запусціў з падводак некалькі ракет па Сірыі, якія паразілі за тысячы кіламетраў цэлі з сантыметровай дакладнасцю – дык і зусім апісалася пухлая Еўропа. Ёй жа даўно ўнушылі, што ў рускіх такні прапітыя, а ракеты ўсе саржавелі. Улічваючы тое, што ў Еўропе няма межаў, а значыць, і нацыянальных войскаў, і ўсё ўскладаюць яны на Штаты, якія нібыта будуць іх абараняць… а самі еўрапейцы ваяваць даўно развучыліся, і рэжуць іх ужо арабы на вуліцах сотнямі… То неяк няўтульна з магутнай Расеяй пад бокам стала. Хочаш ці не хочаш, а прыйдзецца таварышаваць, дамаўляцца, вышукваць кампрамісы. А не толькі скакаць пад дудку “сусветнага паліцая”.
Вось менавіта адлюстраваннем духоўнай барацьбы і ёсць палітыка, эканоміка, спорт, літаратура Беларусі. Літаратары славяць таго, хто імі фінансава ды ідэалагічна кіруе, хто Вашынгтон, хто Маскву. Артыкулы рубрыкі прама ці ўскосна гэта паказваць. Тое не добра і не дрэнна. Гэта – рэальнасць.


ЛіМаразм-229

Чужыя вушы

Часопіс “Маладосць” №5 2016 года ажыццяўляе дэбют вершаў Кацярыны Роўда. Здаецца, недзе чуў гэтае імя. Можа, яшчэ дзе друкавалася.
З біяграфіі:

Кацярына Роўда нарадзілася 10 мая 1988 года ў вёсцы Савiчы Валожынскага раёна. Студэнтка чацвёртага курса філалагічнага факультэта БДУ (завочнае аддзяленне). Працуе бібліятэкарам у фундаментальнай бібліятэцы БДУ. Неаднаразова станавілася лаўрэатам агульнаўніверсітэцкага паэтычнага конкурсу «Славянскі калейдаскоп». Друкавалася ў часопісах «Белая Вежа», «Вожык», альманахах «Дзьмухавец» i «Сафія». Актывіст клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа».

Уступны твор:

***
У акенцы гэтым
Светла адвячоркам.
Дроў паленцы ў печы
Ціхенька трашчаць.
Сціпленькая хатка
Ў весцы на пагорку
Затужыла, пэўна, —
Смеху не чуваць.

Тут павырасталі
І сынок, і дочкі.
Сем’ямі сваімі
Ў гарадах жывуць.
Толькі гаспадыня
Праглядае вочкі:
«Можа, хто прыедзе?..
Можа, забягуць?..»

Моліцца да Бога,
Паглядае ў сенцы,
А ў суботу ставіць
Зноўку ў печ пірог.
Сціснецца ад жалю
У матулі сэрца,
Што яе наведаць
Зноў ніхто не змог.

Ды ўсё роўна любіць,
Крыўды не трымае,
Хоць, вядома, сумна
І душа баліць.
Маці сваіх дзетак
Кожны дзень чакае.
Ды закрыта брамка...
Тэлефон маўчыць..

Пафас верша не выглядае фальшывым, у адрозненне ад абсалютнай большасці сучасных беларускіх паэтаў. Аўтарка нарадзілася ў вёсцы і пяе пра тое, што зведала і адчула. Але ёсць дзве асноўныя рэчы, якія ёй замінаюць. Першае, гэта вучэнне на філфаку, дзе даюць азы граматыкі, але навязваюць штампы і дрэнны густ, змушаючы арыентавацца на кабінетных класікаў савецкай эпохі. Другая рэч – гэта задужа традыцыйная вясковая, пейзажная тэматыка вершаў дзе вельмі цяжка не паўтарыцца. Заўсёды будуць параўноўваць з песнярамі прыроды роднага краю. Таму паэтцы варта было б збочыць на іншую пуцявіну, каб пазбегнуць непрыемных і назойлівых параўнанняў. Бо паэтычнае чуццё несумненна прысутнічае, і шкада, калі яго будзе шчыраваць упустую.
У гэтым вершы пейзаж малюе Кацярына Роўда выдатна. На словы дастаткова скупая. Метафар арыгінальных, праўда, амаль пазбягае. Вядзе гэтакі меладычны аповед. Але верш падаецца задоўгім, бо прысутнічаюць паўторы аднаго і таго ж: матуля чакае, і ўсё: няма развіцця.
Прысутнічаюць хібы, вылучаныя тлустым. Рэдакцыя забыла паставіць літару “ё” ў слове “весцы”.
Гаспадыня, якая “праглядае вочкі” – выраз сумнеўны. Бо памяншальная форма “вочкі” тут не зусім дарэчная. І яшчэ: “усе вочы прагледзела” – устойлівае спалучэнне, прывычнае. А вось на “праглядае” («проглядывает, просматривает») зацінаешся слыхам.
Потым гаспадыня разважае, што дзеткі, можа, прыедуць. Верым. А вось “можа, забягуць” – не верым. Бо гэта не з суседняга дома ці хутара дабяруцца дзеці, а з горада. То бок няпраўда жыццёвая.
І яшчэ адзін важны недагляд: страта рэальнасці, бо як бы гаспадыня кожную суботу ставіла ў печ пірог, спадзеючыся, калі “дзеткі” без праблем могуць ёй пазваніць па мабільніку і папярэдзіць? Ну не вырадкі ж яны зусім, каб не пакінуць старой маці капеечны тэлефон? Тут прычына ясная: Роўду выдрэсіравалі вясковымі класікамі на філфаку, і таму яны рэчаіснасць згубіла, а стала жыць у Коласавай Беларусі, дзе сапраўды мабільнікаў не было.
Затым маці “моліцца да Бога”, тады як правільна “моліцца Богу” або “звяртаецца ў малітве да Бога”. Дробязь, але спатыкаешся.
Далей скарыстаны штамп “душа баліць” (“а сэрца плача”), што ў лірычным вершы недапушчальна.
І брамка напрыканцы “закрыта”, а лепш бы была “зачынена”, бо так правільна і звыкла слыху.
Ёсць у падборцы адзіны верш, што выпадае з вясковай і пейзажнай тэматыкі:

***
Звіняць званы, трывожныя званы...
Замест будынкаў — шэрыя руіны.
Кляймом вайны, бязлітаснай вайны
Пазначыў лёс суседку-Украіну.

Майдан... Разлад, агонь і барацьба,
Радзеюць сем’і і пусцеюць хаты,
А множыцца — да Госпада мальба,
І палыновы плач, і болеч страты.

Звіняць званы, трывожныя званы...
Як страшна жыць — там брат пайшоў на брата!
Няўжо забыты вопыт той вайны,
Што адпусціла нас у сорак пятым?

Няўжо зруйнуюць, знішчаць, разарвуць
І край чароўна-кветкавы загіне?
Не давядзі , Гасподзь! І дай пачуць
Пра дабрабыт і мір ва Украіне

Тут параіць можна толькі адно паэтцы: старацца думаць сваімі, а не чужымі мазгамі. І тады пазбегнеш рыторыкі ды заезджаных фразаў кшталту “звіняць званы”.
Я знайшоў адну толькі ўласна паэтычную знаходку сярод празаічнага гаварэння: “палыновы плач”, то бок горкі плач. І вось каб кіравала ў творчасці Кацярына Роўда менавіта на стварэнне з пустэчы паэтычнага слова, то выруліла б нарэшце на патрэбную каляіну. Таму што са словам беларускім увогуле яна сябруе. А да паэтычнага слова пакуль далёкая.
Трохі паясню. Я сябе правяраю так: калі пішу верш і нараджаю ў ім метафары, то часта правяраюся, задаючы сваю метафару ў пашукавіку Сеціва. І калі сярод мільярдаў публікацый і слоў падобнага спалучэння пашукавік не знойдзе, то лічу гэта паэзіяй. Вядома ж, такія выпрабаванні можна праводзіць адно з рускамоўнымі вершамі, бо беларускае Сеціва не развітае пакуль. А яшчэ ёсць другая небяспека: метафара можа быць арыгінальнай, але ў паэтычным плане нікчэмнай, надуманай і натужлівай. А гэта ўжо ніякім пашукавіком не праверыш.

З пачуццём шкадавання прагледзеў апошні “ЛіМ” (№30), што на сайце “Звязды”. У выдатны гэты сайт убухана нямерана грошай народных. Як і ў папяровыя выданні холдынгу, у ганарары знаным і непрызнаным. І сярод гэтага зборышча літар няма галоўнага – паэзіі. Таму, лічы, і літары і грошы пралітыя ўпустую.
Алена Папко, якую мы неаднойчы назіралі пад рознымі ракурсамі, на жаль, пайшла па згубнай пуцявіне частаты публікацый і гонкі за конкурснымі медалямі. Таму станоўчыя эмоцыі ад яе з’яўлення ў друку мне прыносіць толькі фотаздымак гэтай дзяўчыны. Аднак прыгожых дзяўчат у прыродзе вельмі многа, а паэтаў вельмі мала.
Вершы Папко сталі з узростам дэградаваць:

ВАНДРОЎКА

Наўсцяж прамежнай цішыні
І сіняга туману
Бягуць сцяжынкі-бальшакі
Расквечаным парадам.

І лёгка дыхаецца так,
Альшына на паўкроку.
Які ж дзівосны свет-мастак!
І радуецца вока.

Птушыны грай наўкол звініць,
І б’е з глыбінь крыніца.
Як лёгка тут шчаслівай быць,
Як цяжка памыліцца!

І перамоўна жартаваць
З нябачна-чуйным рэхам,
Каб устрывожваць сонны гай
Сваім бадзёрым смехам!

Зусім неахайная праца аўтаркі. Што такое “прамежная цішыня”, што падкажа? Або “сцяжынкі-бальшакі”? Бо бальшак гэта нешта грунтоўнае, а сцяжынка, наадварот, нешта мізэрнае? Таму знаходка ад Папко надта пачварная.
Рыфма “туману–парадам” насамрэч не рыфма. Рэдактары гэта забылі. А Папко ў парыве эмоцый не дагледзела.
Альшына, якая “на паўкроку” – коснаязыка, кепска.
“Сіні туман” («похож на обман») – жудасна.
З выразам “свет-мастак” недапрацоўка, паспешлівасць. А правільна так: “свет  мастак”. Ніякага злучка. Непісьменнасць рэдакцыі. Народныя грошы ўпустую.
“Як цяжка памыліцца” – недарэчны канцылярызм.
Хто з вас калі, сябры, спрабаваў жартаваць… “перамоўна”?
А рэха можа быць “нябачным”? Можа. А “чуйным”, то бок “чуллівым”? Аніколі. Чуйны толькі наш слых. Алена ж Папко “даказвае” адваротнае. Зрэшты, яна проста паўтарае памылку папярэднікаў, штампуе яе.
Слова “устрывожваць” не зусім беларускае. “Трывожыць” – звыкла. А варыянт ад Папко – надуманы, ненатуральны, не народны.
“Бадзёрым смехам” жа, здаецца, можна наслухацца толькі ў вар’ятні – нястрымным беспрычынным смехам. Такая эйфарыя гасіцца пэўнымі ўколамі.
Верш ніжэйшы ад плінтуса. І выглядае, што самазахапленне зайшло за злаякасную мяжу. Дапамагчы будзе вельмі складана.
Ведаю адну паэтку з Асіповіч, якая адшукала сабе занятак – выбіваць з мясцовага выканкама грошы на выданне сваіх рускамоўных кніг і ездзіць з імі па ваколіцах, і чытаць услых, і прадаваць. Напачатку я хацеў прыпыніць імпэт аўтаркі і звярнуць увагу на вершы, што яны як быццам сырыя і бесталковыя. А потым дапяў, што асіпаўчанка не чуе мяне. І чуць не хоча. Насамрэч карціна трагічная: у жанчыны была нейкая катастрофа, яна, яшчэ маладая, згубіла дзіцё, мужа і сама ледзьве выкараскалася з балячак. Шукала зачэпку за жыццё. Мне хапіла розуму тады прамаўчаць з крытыкай. Далейшы лёс паэткі не ведаю.
Ніжэй ідуць вершы Віктара Яраца, якія таксама выглядаюць паспешлівымі. І горшымі за яго творы, што я разглядаў у “Маладосці” і вызначаў як харошыя.
Сайт “Звязды”, пры ўсіх пакладзеных на яго чалавечых намаганнях і ўлітых дзяржаўных сродках, уражвае яшчэ і малой колькасцю людзей, што зазіраюць у публікацыі. Аб чым сведчыць бачны ўсім лічыльнік на артыкулах. Сорамна хваліцца, але на прыватны блог Южыка наведваецца больш чытачоў. Прычына тая самая: няма ў “ЛіМе” амаль нічога жывога, няма таленавіты’х аўтараў.
Даходзіць да таго, што Наста Грышчук змяшчае два свае артыкулы на адной паласе. Адзін пад адным!
Ёсць артыкул пра кнігу Анатоля Сыса. Дзе пэўна ж будзе Наста гаварыць голасам крытычнага гуру – Леаніда Галубовіча. І ці не ў СБП выдадзена крытыка апальнага паэта? І ці не Галубовіч жа даў яе ў рукі Грышчук і наказаў, як пісаць? Не ведаю. Але крытыка на Сыса выходзіць апошнім часам пад капірку, нібы клонамі артыкулаў Леаніда Міхалыча. Гавораць усе яго ротам. Роўна як і ўсе ганьбілі гэтага бамжа пры жыцці – маўляў, пачварына гнюсная, скандаліст, прыцёгся на сходку Саюза п’яны ды абразіў людзей. І гэтак далей. “Слава” ў паэта была пры жыцці такая, што нават сустрэў я аднаго палкоўніка міліцыі, які доўга і захоплена распавядаў пра Сыса, як да яго ходзяць паглядзець што на дзіва дзівоснае. Але – толькі з пляшкаю, без пляшкі паэт не прымаў.
Трагічная постаць. Паэт свайго часу. Час сышоў – і яго забраў. Кідаў нацыяналістычныя лозунгі ў паветра. Пакуль ім наталяліся чужыя вушы – куражыўся. Перасталі – зламаўся. Хоць не без таленту чалавек.


ЛіМаразм-230

Вершаваныя творы

У выпуску 116 “Літаратурнай Беларусі” (2016 г.) сабраліся адны, можна сказаць, паэты. Прозы няма. Крытыкі – ніводнага артыкула. Успамінаюць памерлага Ніла Гілевіча – таксама паэта. Вось толькі паэзіі не адшукаць, як звычайна.
Алена Ігнацюк, з якой сустракаюся ўпершыню, пачынае сваю падборку прыгожа:

ЗАВЕЙНЫ ВЕРШ

Ступлю на снег з Паэзіяй… Мяце!
Сляды — як паразвейваныя словы,
нябачныя… Паэзія вядзе
няўжо туды, дзе пачынае ловы

за думкамі маімі дзікі свіст?
То з’явяцца — і ў бездані знікаюць…
Я думаю: пратанцавала «Твіст»
з бязмежжам мая здзіўленая памяць.

На белым снезе пішуцца радкі.
Адчулі прадкалядную аснову.
Мяце, мяце, мяце — ва ўсе бакі…
Майму ці падуладна слову?

Снягам аўтограф падару, найперш, —
і панясуць у белую далечу…
Марозна пальцам, што пісалі верш.
Паэзія запаліць воддаль Свечы.

І вырасце анёлаў зорны хор
з прасторы неаформленых сумётаў.
Пачнуць спяваць мой вершаваны твор…
Прачнулася: расце трава пад плотам.

Лірыка чыстай красы. Філасофія адсутнічае. Пры пільным разглядзе – зашмат блытаніны, няўпэўненае валоданне мовай, якая не пастаўлена.
Ужываецца грувасткае слова – “паразвейваныя”, якое проста прачытаць цяжка. Туга, скрыпуча яно заходзіць. Па логіцы вынікае, што сляды блытаныя, хаатычныя, быццам бяжыць паэтка задужа весела, ці не пад добраю чаркай. А сляды замятае за долю секунды. Ці бывае такое? Задумаемся.
Выраз, дзе “дзікі свіст… пачынае ловы” за “думкамі” Ігнацюк – кашмарны, непрадуманы. І ці можа свіст некага лавіць? Не можа. Можа толькі палохаць. Таму фраза ўлепленая ад балды, маўляў, чытач усё роўна мовы не ведае. Але яе ведае крытык. Сто гадоў у Беларусі не было літаратурнага аналітыка, а таму аўтары і рэдактары парашылі, што ім усё дазволена і яны ўжо слова майстры. Цяпер жа сто разоў разважаць, перш чым бегчы са скараспелымі опусамі ў рэдакцыю.
І гэта пры тым, што ў Ігнацюк пэўнае імкненне да хараства і нават пачуццё цудоўнага ёсць.
У другой страфе аказваецца, што аўтарка не бегла блытана па снезе, а танцавала на ім “твіст”. Ды не яна, а “памяць” яе! Прычым пад руку з нейкім “бязмежжам”. Наварочана, навалена, нагрувашчана. Слова “твіст” яўна выбранае толькі для рыфмы, а таму выглядае штучна.
Метафару “белы снег” ужываць ужо сорамна. Ясна, што ён падае з нябёсаў не брудны, не сіні ці зялёны, а белы.
Перад спалучэннем “прадкалядную аснову” я кінуў чытаць твор і стаў уяўляць, а што гэта значыць. Верш такім чынам са мной развітаўся.
Валявымі намаганнямі я вярнуўся ў яго. І бачу капірку з пастарнакаўскага «Мело, мело по всей земле, во все пределы» – “Мяце, мяце, мяце — ва ўсе бакі…” Недагляд – пачаткоўскі.
Затым зноў агарошвае аўтарка: яна не бегла п’яная па снезе, і нават не танцавала твіст, а – пакідала “аўтограф”. Чыста жаночая логіка, выяўленая ў выкрутасах словазлучэнняў.
Нас акунаюць затым у нейкую “белую далечу”. Быў жа толькі што “белы снег”. А цяпер белы ўжо новатвор Ігнацюк – “далеча”. Ведаю “далеч”, “даль”, “далягляд”. Не знаёмы толькі з “далечай”.
Нарэшце зразумеў, чаму ўводзіцца гэтае прыдуманае слова! Для рыфмы – са “Свечы”. Вось толькі і слова “свечы” няма ў нашай мове. Ёсць “свечкі”. Русізм зразумелы – паэтка жыве і думае па-руску. Беларуская ж мова для яе што латынь мёртвая.
Першыя два радкі апошняй страфы я вылучыў як удалыя. Але толькі ў параўнанні з недарэчнасцямі ўсяго астатняга верша. Хай хоць на іх Ігнацюк кіруе, калі не можа пісаць больш ёміста, сцісла і філігранна.
“Мой вершаваны твор” – можна ўзяць эпіграфам да сырой паэзіі Алены Ігнацюк. Гэта сапраўды пакуль толькі творы.

Дэпрэсіўныя вершы старадаўняга савецкага паэта Васіля Зуёнка наўрад ці ўпрыгожылі “Літаратурную Беларусь”.
Уступны:

* * *
Жыццё кароткае, як сон
Кароткай чэрвеньскаю ноччу, —
Здаецца, што даецца ён,
Каб зазірнулі ў вечнасць вочы.

Ды родняцца яны смяротна:
Сон — з захаду на ўсход імчыць,
Жыццё — трактуе шлях зваротны:
Усход на захад залучыць…

Банальныя выразы (“кароткае, як сон”), кепскую стылістыку (“здаецца… даецца”), зацёртыя рыфмы (“ноччу–вочы”) і недарэчнасць (“Усход на захад залучыць”) я аформіў тлустымі літарамі.
Тут безумоўна больш майстэрства і рамяства, чым у папярэдняй паэткі. Але ж у экспрэсіі Зуёнак моцна прайграе Ігнацюк. Гэта сапраўды заход паэзіі некалі, магчыма, цікавага аўтара. Дзьмухае смерцю, і ад яе бяжыш найхутчэй.

Уладзімір Сіўчыкаў, яшчэ адзін аўтар гэтага нумара, вызначаны рэдакцый са сваёй падборкаю як “паэзія”. Мы з гэтым не згодзімся. Тое проста набор рыфмаванак. Прычым, як думае аўтар, – дасціпных.

Алесь Емяльянаў дзеліцца з намі светлынёю жыцця:

КАЛЫХАНКА

Ручку пад вушка,
Вочкі заплюшчы,
І пакрысе засынай,
Любая дачушка,
Лапатушка, шчабятушка,
Баю-бай.
На калысцы-чоўне
Міма зор і поўні
Мы плывем за небакрай.
Хмары як падушкі,
Цёплых сноў, дачушка,
Баю-бай!

Цэлая нізка кароткіх вершаў – рака адпаведных эмоцый паэта. Парадуемся з ім разам. Так і павявае з дзяцінства прашалахцелага: «Ложкой снег мешая, ночь плывёт большая, только ты, глупышка, не спишь». Незабыўнае царства любові. Малайчына, Алесь.

Яшчэ пра вясёлае: вышукаў я такі адзін крытычны артыкул пра альманах “Палац” ад Ціхана Чарнякевіча. Глыбіннай філасофскай сентэнцыяй пачынаецца гэты тэкст: “Адметнасцю нумара з’яўляецца тое, што нямала аўтараў друкуецца тут упершыню”.
У прынцыпе, гэта і ёсць тое, што адвеку называлі беларускія літаратары крытыкай. Узровень акурат – гніламёдаўскі! І пасыл нашанскі: гуру дае аўтару кніжку і кажа:  напішы, братка, цёпла пра добрых людзей, а за гэта я табе дам пяць капеек.
Таму, дарагі чытач, стаім мы ўжо паўтара года на глебе зусім не ўзаранай, у літаратуры, якой для народа няма. Бо яна была не аплодненая сістэмнаю аналітыкай, якая павінна стаць філасофіяй нацыянальнай літаратуры. Вектарам, скіраваным у бясконцую вечнасць. Толькі спалучыўшы мастацкія творы з прафесійнай, незаангажаванай крытыкай, мы можам даць жонцы мужа і зачаць народ, у гісторыі пакуль не праяўлены. Ад гэтага і страшна, і радасна. А боязна да такой ступені, што толькі ў Госпада Бога можна сілаў прасіць.


ЛіМаразм-231

Пустапарожняе

У тыднёвіку “ЛіМ” №31 зноў багата літар і тэкстаў, якія на паэзію прэтэндуюць. Бо цяпер вершы – гэта не толькі зарыфмаванае, а нават тое, што не рыфмуецца.
Кацярына з гучным прозвішчам Массэ прадстаўляе нам свае тэксты. Звяртаю ўвагу, што па-беларуску зусім не абавязкова і нават непісьменна ставіць у прозвішчы дзве літары “сс”. Гэта не руская мова, і Міхаіл Велер у нас пішацца з адным “л”. Але пра кашмарнае няведанне мовы не толькі аўтарамі, а і рэдактарамі, я змарыўся нагадваць. Хоча “Масэ” быць “Массэ” – то на здароўе.
Увогуле заўважыў, што маладыя паэты апошнім часам не толькі імкнуцца да “ўзвышаных” псеўданімаў, а і фотаздымкі свае падбіраюць адпаведныя. Ну акурат анёламі яны на нас пазіраюць, папярэджваючы публікацыі. Так і думаецца: глыбокая, мусіць, асоба, прасветленая. Бярэшся чытаць – звычайны Ванька ці Наташка коснаязыкія.
Уступны верш Кацярыны Массэ:

Я ЁСЦЬ

я Ёсць — гэта значыць,
адсутнасць мяне заслугоўвае Быць.
я Тут не затым,
каб браму ў нябыт спрабаваць адчыніць.
Тут боль і ўцеха, імпэт і страх —
і ўсё ж гэта лепей, бо Там — ніяк.
што культу аб’ект, што аб’ект для куль —
і мінус, і плюс — значна лепш за нуль.
я Ёсць, неістотна, ў якім напрамленні, —
жахлівей за ўсё — усведамленне
таго, што калі б мяне Не Было,
пра гэта не ведала б я ўсё адно.
я Ёсць — мне няважна, цвісці ці тлець.
жыццё — гэта тое, што можна
растраціць і зноў займець.
а вось небыццё — гэта горш за смерць.

Агульнае ўражанне: какецтва і абсмоктванне рытарычнага пытання – а які сэнс у тым, што я жывая і яшчэ не памерла? Ну і далейшы бязглузды ланцуг – а каб мяне не было, што тады? І фантазіраванне наконт пасмертнага існавання.
Калі гэтым займаюцца маладыя людзі, асабліва ва ўзросце да 18 гадоў, – то ў псіхіятрыі тое лічыцца небяспечным сімптомам. Гэта ўжо класіка, пацверджаная статыстыкай.
І што ж з такога тупіковага думання выведала Масэ? Анічога. З чаго пачала, туды і вярнулася. То бок увесь твор – пустапарожняя балбатня, завершаная надзвычай банальна: “а вось небыццё — гэта горш за смерць”.
Давайце, аднак, спачатку. Першы радок пачынаецца з непаэтычнага “гэта значыць”. Такі выраз прыдатны хутчэй для справаздач разнастайных.
Другі радок у лагічным плане – цалкам бязглуздзіца.
Пасярод верша Массэ раптам азараецца геніяльным: “бо Там – ніяк”. Тады як усе святыя айцы хрысціянства і сам Збавіцель ведаюць адваротнае. Ды куды ім да аўтаркі!
Потым ідзе набор банальных высноў, напісаных з выкарыстаннем пошлых канцылярызмаў тыпу “значна лепш”.
Далей наш дамарослы філосаф вынаходзіць новае слова – “напрамленні”. Ёй мала нашых “напрамку” і “кірунку”. Зрэшты, усё ідзе ад павярхоўнага ведання мовы народнай, ад беднасці слоўнікавага запасу. Дый ці будзе пісаць сапраўдны паэт так: “і ўсё ж гэта”, “таго, што калі б”, “гэта тое, што”, “а вось”?
Карацей, нікчэмная жвачка думак і слоў закончылася нічым. На гэтым і развітаемся з маладою філосафкай.

Мар’ян Дукса у наступным вершы дае лупцоўку нейкім палітыкам. За што ён так з імі, я, праўда, не зразумеў. Або ўсе павінны гаварыць і думаць толькі як наш савецкі паэт?

***
З пароды забойцаў рэдкіх,
настырныя, як шакалы,
гуляюць па нашых клетках
свабодныя радыкалы.
Не даючы тлумачэнняў
адносна прычын анікому,
прыносяць яны знішчэнне
нявіннаму целу людскому.
Вось робяць чорную справу —
няўжо ў іх натура такая?
Ды ёсць і на іх управа —
іх гібель таксама чакае.
Чаму ж, хоць занятак нячысты,
сябе пачуваюць трывала
унутраныя тэрарысты —
свабодныя радыкалы?

А што такое, спадарства, “нашы клеткі”, дзе “гуляюць” гэтыя “свабодныя радыкалы”, якіх прагне Дукса зрабіць несвабоднымі?
Слова “тлумачэнняў” кепскае. Дастаткова “тлумачэння”. Ну не прыняты для яго множны лік у нашай мове.
“Адносна прычын” – журналістыка, не паэзія.
“Прыносяць яны знішчэнне… целу” – задоўгі, каструбаваты выкрутас. Як гэтыя вольныя радыкалы менавіта “целу людскому” прыносяць знішчэнне – даўмецца таксама праблематычна.
Ім абяцае аўтар, аднак, “управу” – “іх гібель таксама чакае”. Зноў штамп, вышмаргнуты з газет палітычных.
Выснова простая: гэты нямоглы тэкст – не паэзія, а нешта інакшае, чаму даўным-даўно знойдзена вызначэнне – злаякасная старэчая графаманія.
Прычым Дукса добры рамеснік, ён не робіць такіх недарэчнасцяў, як у адным з вершаў Массэ: “мяне сэрца твайго рытмы б’юць цераз край”. Як могуць рытмы біць некага цераз край, а галоўнае, цераз які край – прыйдзецца ўяўляць надзвычай доўга, пакутліва. У спадара ж Мар’яна ўсё проста: люблю – не люблю, чорнае – белае, радыкалы – значыць, тэрарысты. Так вучыла ленінская ідэалогія: хто іншадумец – таго расстраляць, і не варта з ім цацкацца.
У гэтых падборках “паэзіі” нумара выразна выяўлены разрыў традыцый: дзяды пяюць сабе па-старому, а моладзь – быццам папярэднікаў не чытала ніколі. У яе свая логіка і свае ідалы. А галоўнае – ведае яна куды болей за тысячагадовы досвед хрысціянства, за ўсіх гэтых Лествічнікаў і Сароўскіх. Няма ніякага Бога, мы ёсць згушчэннем атамаў, якія пасля смерці пойдуць на будаўнічы матэрыял для іншых структур. Бяздумная прырода нас сабрала, а потым разабрала. Асабліва пацешна, што ўводзіць Массэ ў адным вершы і Госпада: “птушанятка у зыбцы — у Божай далоні”. То бок у галаве аўтаркі поўная каша. То сцвярджае мыслярка што “Там – ніяк”, а то ўжо памінае Ўсявышняга. Прычына ясная: людзей ніхто не абразуміў, наколькі гэта сур’ёзна. Яўрэі, напрыклад, тысячагоддзі не смелі нават імя Бога вымавіць. Чаму ж нашы пісакі божкаюць на кожным радку? А таму, што Госпад для іх – слова, максімум роўнае прыродзе. Або яшчэ горш – тварэнне розуму і фантазіі чалавечых, а не рэальная асабовая духоўная існасць, што кіруе неабсяжным Сусветам і кожным разумным тварэннем сваім. І вось толькі тады, калі ўвойдзе ў мазгаўню, што і Маці Божая і анёлы, і дэманы – існуюць абсалютна рэальна, а не ў кніжках і прымаўках, тады ёсць шанц сысці ад пустапарожняй вершаванай рыторыкі да Боскага слова.
Важнае: у №31 цалкам адсутнічае нават рубрыка “крытыка”.


ЛіМаразм-232

Цяжкаватая галава

У тыднёвіку “ЛіМ” №28 прадстаўлена паэзія трох чалавек. Зверху – мужчына, Казімір Камейша (колькі ж ён піша, ай-ёй), знізу – дзве жанчыны.
Возьмем верш Ліліі Мялешка. Паводле фота – пажылая кабета. І яна вырашыла нас мудрасці павучыць:

ЗЯМНОЕ

Прыніжаным не бойся быць,
Прыземленасці не цурайся
І ад жыцця не адракайся,
Калі душа наўзрыд баліць.
Пчала над кветкаю гудзе,
Камар — над сажалкі люстэркам.
Якім ні быў бы айсберг зверху,
Сем восьмых айсберга — ў вадзе.
Аснова — корань у раллі,
Якім ні быў бы колас стромкім.
Якім ні быў бы дом высокім,
Яго фундамент у зямлі.
Не можа знаць, чыя віна,
Не скардзіцца на злую долю,
Вярба згінаецца да долу,
Таму й не ломіцца яна...
Закручвае спіралі крот,
Выкручвае снягір па снезе,
Глыбока ў глебу зерне лезе,
Каб даць расток, і цвет, і плод.
Ўсіх да сябе зямля заве:
Матыль зімуе ў цёплай глебе,
Пяе жаўрук высока ў небе,
Гняздо ж будуе — у траве.
Як шчасце на зямлі займець?
Ці толькі на вяршынях радасць?
Бо зверху можна толькі падаць,
А знізу можна і ўзляцець.
Бясспрэчна, вышыня натхняе...
Ды ўсё ж зямля дае штуршок.
І сцеражэ твой першы крок,
І — у сябе цябе прымае.

Увесь даўжэзны верш – рыторыка і дыдактыка. Ад таго адразу робіцца нудна. Тым болей што павучанне гэтае не аформлена паэтычна.
Выразамі “не цурайся”, “не адракайся” паэтка адразу бярэ нас у палон, быццам садзіць за школьную лаву. А паколькі да лавы гэтай у мяне здаўна алергія, то скажу як крытык, што гэта прыдатнае болей для партыйных сходак якіх, няхай і нацыяналістычных. Для верша ж – недарэчнае.
“Якім ні быў бы”, паўторанае аж тры разы, раздражняе слых. Бо і сам выраз каравы, як для паэзіі.
Злучэнне “Не можа знаць” – не зразумела, да каго звернутае. А таму пытаешся чыста канкрэтна: хто не можа знаць? Дый “знаць” у дадзеным кантэксце – русізм. У нас ведаюць. Знаць жа можна ўжываць толькі як сінонім, або ў сэнсе быць знаёмым з некім.
Ужытае непісьменнае “й” замест “і”. Пусты гук.
Крот спачатку “закручвае” нейкія спіралі. Ладна, пагодзімся. А вось тут жа і снягір “выкручвае па снезе”. Два аднакарэнныя словы побач. Ды не вельмі і выкручваюць па снезе снегіры, калі ўжо па вялікім рахунку. Ды аўтарцы відней.
Зерне, якое “глыбока ў глебу… лезе” – гісторыя зусім кепская, непраўдзівая. Ды не лезе яно само. І – не глыбока.
Радок пачынаецца з “Ў” кароткага. Нельга так. Не гучыць.
Даволі простыя радкі трывіяльным сцвярджэннем пра верх і ніз нечакана выйшлі ў Мялешка ўдалымі. Вылучаны падкрэсліваннем.
Слова “Бясспрэчна”, якое ідзе следам за імі, непрыдатнае для паэзіі ў цэлым. А ў дадзеным кантэксце – тым больш.
Усе спрэс высновы верша – банальныя. І выкананы груба, тапорна. Калі ёсць за што хваліць аўтарку, то ты, дарагі чытач, сам пахвалі. Тэлефоны, думаю, у рэдакцыі.

Верш Алесі Басікірскай з падборкі ў гэтым жа нумары – узор каравасці, бесталковасці, якія даўно сталіся нормай для “ЛіМа”
Чытаем:

***
Мой Мінск, сумую па табе,
Па гулкіх вуліцах, праспектах.
Я у палаючай журбе...
А ты сумуеш па паэтах,
Якія вершы для цябе
У летуценнасці складаюць
І у нястрыманай журбе
Сваёю мовай прысягаюць?
Мой Мінск, сумую па табе.
Я застаюся ў адзіноце.
І, патанаючы ў журбе,
Мне сумаваць ужо — авохці!
Ды ўсё-ткі сум, як жорсткі звер,
Мяне павольна паглынае.
Мінск, я люблю цябе, павер.
Любоў мая — журба святая.

Калі вылучаць усе недарэчнасці – то верш будзе цалкам чорны. Звернем увагу адно на асноўнае: слова “сумую” і вытворныя ад яго, а таксама сінонім “журба” паўтораны ў кароткім тэксце – 8(восем) разоў! Класная стылістыка. І файныя стыль-рэдактары ў некалі паважаным тыднёвіку.
Не ведаю таксама, што такое “палаючая журба”. Дый само слова “палаючая” – русізм.
А “журба” як можа быць “нястрыманай”? Жарсць дык можа такою быць. А журба?
“Прысягаюць мовай” – нейкая армейшчына, не паэзія.


ЛіМаразм-233

Кабінетныя чэмпіёны

Закончылася яскравая Алімпіяда, дзе прынамсі на спартыўных арэнах вялася сумленная барацьба. І зноў трэба акунацца ў будні беларускай літаратуры. Бо яна і ёсць для мяне арэнай змагання. А вось тут якраз усё не па правілах, не так, як павінна быць. Я як павінна – падкажа дарога.
Тыя, хто заскочыў на літаратурны п’едэстал пятнаццаць гадоў назад, – даўно пратухлі і вырадзіліся як пісьменнікі. Новых жа сістэма не выгадавала. Бо не было болей выбухаў, роўных стварэнню незалежнай Беларусі і затым пературбацыі літаратурных рэдакцый. Пасля ператрусу ўсе пакрысе занялі свае ячэйкі ды супакоіліся, абжыліся. І так бы жадалі дачакаць паважанай старасці, ды неспадзявана аб’явілася літаратурная аналітыка.
Мы заўсёды ўнікаем працяглых сентэнцый і разважанняў, пераходзячы да канкрэтных твораў і літаратараў. Не гаворым, што ўвогуле кепска, а ўказваем, што кепска ў пэўнага чалавека.
Часопіс “Дзеяслоў” №72 адчыняе паэтычную частку Андрэем Хадановічам. Я стараюся пазбягаць аналізу яго тэкстаў, бо Хадановіч, як і сябар яго Ўладзімер Арлоў, даўно выведзены мною за дужкі дабра і зла. Людзі з безумоўным уменнем складаць прыгожыя і дасціпныя фразы, яны рынулі свой талент на глум. Так лічу. Апусцелі душэўна. Засталіся адны публічныя маскі. А пусты ўнутры чалавек нічога вартага не здатны і нарадзіць.
Толькі адзін зачатак верша ад Хадановіча прывяду, каб было зразумела:

Паэт прыручае вясёлкі.
Выходзіць мыльная бурбалка:
шуміць караванам у вушка іголкі
і пахне дзіркай ад бубліка.

“Вясёлка”, – думае публіка.

Так ён адчыняе сваю падборку. Навідавоку літаратурнае выраджэнне. Паэту проста няма чаго пісаць і пра што гаварыць. Таму ён выдурваецца, задаючы гапака. Хто жадае глядзець гэтыя скокі – калі ласка, чытайце.
Нагадаю толькі, што ў слоўніку беларускім няма слова “бублік”, а толькі “абаранак”. Бублік – русізм.
Ну і мыльная бурбалка, што “шуміць” менавіта “караванам” у самае “вушка іголкі” – гэта занадта мудра, таварышы.

Далей ідзе паэт старога пакалення:

Баторын (Хаймовіч) Фелікс – паэт, перакладчык. Піша на беларускай і яўрэйскай (ідыш) мовах. Аўтар кніг «Раніца», «Зялёны тралейбус », «Я дрэва пасадзіў» і інш. Нарадзіўся ў 1948 годзе ў Мінску, дзе і жыве.

Агульная разбэшчанасць і распуста нацыянальнай паэзіі адбілася і на знаўцы яўрэйскай мовы:

Чаго болей – жуды ці камізму
У пафаснай паэзіі сацыяльнага аптымізму?
Ды праз якую ні глянуць прызму,
Жыццё нам паставіла сіфонную клізму.
Так і носім клізменную харызму
І сябе за локці грызем грызма.

Хадульная філасофія школьнага ўзроўню. Гэта раз. Другое – рыфмы прыцягнуты за вушы. Асабліва насцярожвае любоў да сіфоннай клізмы, на якую Баторын пазірае скрозь розныя прызмы.
Ёсць у нас слова “грызём”. “Грызем” няма. Дый “грызма” слова занадта нелітаратурнае, не для вершаў прыдатнае.
Далейшы твор куды больш мілагучны, трэба прызнаць:

* * *
Па хвалях, як па шпалах, –
За шэры небакрай...
Ты марна нас, прапалых,
Кляцьбою не карай.

На апусцелых пляжах
Халодныя жвіры.
І хто нам шлях падкажа? –
Вакол адны вятры.

І толькі ўзмахі вёслаў
Ды крылаў чарады.
І толькі стылы плёскат
Няўтульнае вады.

У сэрцы рэшткі веры
У вышні патранаж,
Ды супрацьлеглы бераг
Такі ж пусты, як наш.

Аднак і ў ім віднеецца звыклая неахайнасць. Хто менавіта павінен не караць нас “кляцьбою” – паэт не ўказвае, думайце самі.
Прападае, туманіцца логіка і ў другой страфе: хто нам шлях падкажа, стогне Баторын, бо адны вятры вакол. А што, наяўнасць вятроў ці іх адсутнасць неяк уплываюць на падказку шляху? Наўрад. Недарэчнасць.
Быў дзіка апусцелы пляж. І тут без падрыхтоўкі – “узмахі вёслаў”. Чыіх? Задумваешся. А гэта дрэнна для кароткага верша. Урэшце спыняешся на тым, што вяслуюць самі лірычныя героі Баторына. Але ж зноў з “апусцелых пляжаў” вынікаюць аж “чарады крылаў” нейчых. Не стыкуецца. Дый ад “чарады” – засмылелі вушы, слова такога няма ў гэтым значэнні, ёсць “чароды”.
Заключны абзац лепш, але слова “патранаж” датычна нябёсаў – занадта гулліва будзе. Дысананс.
Выйшлі няблага толькі апошнія два радкі. Вылучаны.

Наступны тэкст, пададзены паэтам як нешта суцэльнае і закончанае:

* * *
Жорсткія гульні дарослых дзяцей
З верай у казкі і прагаю шчасця,
Вы запаўняеце лёсы людзей
Перш, чым у вечнасці людзям прапасці.

Усё добра было б, аднак бухнуў Баторын шурпатае слова “лёсы” замест прывычнага нашаму слыху “лёс”. І менавіта два апошнія радкі сталіся лагічна непераканаўчымі, коўзкімі. Лёс якіх “людзей” запаўняюць “дарослыя дзеці”, каб гэтыя людзі прапалі ў вечнасці, калі там павінны найперш знікнуць менавіта “дарослыя дзеці”? Блытаніна. Недапрацоўка, блізкая да аматарства. Тады як менавіта кароткі верш мусіць быць вытачаны да бездакорнасці па форме і змесце.
Баторын – неблагі ўзор для беларускай паэзіі, калі супастаўляць яго з агульным каматозным хрыпеннем.

У нас думаюць, што калі зачапіўся пазногцямі за часопіс, то гэта табе і аналаг крытыкі, і медалі, і дарога ў нацыянальныя класікі. Але ў літаратуры, як у спорце, мусіць быць сумленная адкрытая барацьба. І мінулыя заслугі, а таксама кабінетныя інтрыгі, у лік не ідуць. Кожны раз даказвай публікацыяй сваю вартасць (або не друкуйся наогул). А прайграў крытыку – то не раскісай, не вішчы ў бясплённым шале, а працуй над сабою. Тым болей, што ў літаратуры пасля 35 гадоў мышцы не слабеюць, і ў адрозненне ад спартсменаў першынстваваць тут можна да 90 гадоў.


ЛіМаразм-234

Пазітыўная і негатыўная хітрасць

Хітрасць сама па сабе не мае негатыўнага статусу. А набывае яго толькі ў разрэзе чалавечай маралі пры яе парушэннях. Мараль жа сягае ў нябачныя рэлігійныя карані, бо, па вялікім рахунку, для матэрыяльнага выжывання не дужа патрэбная. Правяраецца яна голасам сумлення, што ў той ці іншай ступені вартуе душу кожнага чалавека.
Хітры кот ці верабей – выдатныя жывёлы. Ніякага асуджэння. А толькі сімпатыя.
На прыкладзе Алімпіяды ў Бразіліі разбяром віды хітрасці чалавечай.
Калі спартсмен гуляе па ўстаноўленых правілах, то хітрасць зазвычай мае пазітыўнае адценне. Барэц павінен быць хітрым, выкачаць свой час, прыкінуцца кволым, усыпіць пільнасць праціўніка і рэзка правесці прыём. Гэта не загана, а вартасць. Тое самае стаер, бягун. Ён мусіць, каб выйграць, спуртаваць на апошнім адрэзку, а для гэтага эканоміць сілы, адседжваючыся за спінамі сапернікаў. Тое самае – малайчына, вялікі спартсмен, чэмпіён.
Але як толькі ідзе парушэнне ўстаноўленых правілаў – напрыклад, ужыванне забароненых хімічных сродкаў дзеля павышэння выніку, – то адразу хітрасць набывае не проста негатыўнае, а злачыннае адценне. Вылаўленага на допінгу спартсмена караюць, адбіраюць медалі, дыскваліфікуюць часова ці пажыццёва.
Аднак ёсць хітрасць у квадраце, калі змагаюцца за чысціню спорту нячыстымі метадамі.
Гэта выразна праявілася ў апошняе дзесяцігоддзе. Для барацьбы з допінгам патрэбная магутная структура. Яна пажырае грошы. І вось самая багатая дзяржава свету – ЗША – фінансуе антыдопінгавае агенцтва. Астатнія дзяржавы ўкладаюць туды значна менш грошай. Зразумела, што той, хто аплачвае банкет, заказвае і музыку. Пачынаецца выбіванне праз гэтую структуру спартсменаў, якія ёсць канкурэнтамі атлетам з ЗША. Здаўна асноўнымі канкурэнтамі у амерыканцаў былі савецкія спартсмены, затым рускія.
Спартыўная медыцына ў абодвух лідэраў заўсёды была на найвышэйшым узроўні. Але з распадам СССР амерыканскія медыкі высунуліся наперад і хутчэй вынаходзяць новыя і эфектыўныя лякарствы для павелічэння вынікаў. Расія адстае па сваёй беднасці. Ад таго спартсменам даводзіцца болей шчыраваць на трэніроўках, каб перамагаць. А амерыканцам – меней, бо ідзе допінгавая падтрымка арганізма. І гэты допінг пакуль допінгам не з’яўляецца, бо не ўведзены яшчэ ў спіс забароненых. Расія ж пугай паганяе сваіх спартсменаў – давайце вынік; бо старыя медыкаменты ўжо адсочваюцца антыдопінгавым агенцтвам, а новых ці эфектыўных збяднелая дзяржава не вынайшла.
І вось тут ідзе ў ход “лоўля на жыўца”. Запускаюцца на сусветны рынак допінгу амерыканскія агенты, якія спакушаюць новым прэпаратам асобных спартсменаў. Людзі падкія на прынаду. Бо шчыруе спартсмен, сем патоў пралівае, а ўсё адно паказвае секунды на трохі горшыя, чым амерыканец. А на носе Алімпіяда, а трэнер штурхае ў шыю – давай! Трэнера ў сваю чаргу паганяе галава федэрацыі гэтага віду. А галаву – міністр спорту: рабі вынік. А ў міністра пытаецца сам Пуцін: ці будзе на алімпіядзе “золата”? Міністр клянецца, што будзе, – і тузае галаву федэрацыі. Запускаецца ланцужок задняга ходу – і бізун зноў абрынаецца на беднага спартсмена: давай секунды! Але той хрыпіць, а не можа – рэзервы вычарпаны.
У адчаі спартсмен звязваецца з рынкам допінгу, і амерыканскі ж агент прадае яму лякарства, запэўніваючы, што ўся зборная ЗША на ім сядзіць. Небарака купляе і прымае, і вынікі павышаюцца. Але агент допінгавага рынку ёсць і агентам жа ЦРУ, таму ў самы нязручны момант прыязджае ў глыб Расіі, на спартыўную базу, антыдопінгавая камісія і бярэ за жабры спартсмена. Ці то вывесці ён не паспеў з арганізму допінг своечасова, ці то агент падмануў, што прэпарат дазволены, але выбухае скандал і ЗША лямантуе на ўвесь свет, што папаўся расійскі лідэр.
А паралельна гэтак жа ловяць яшчэ пару спартсменаў Расіі. І закідваецца ў сродкі масавай інфармацыі крыклівае: Расійская зборная ўся сядзіць на допінгу, трэба яе не дапускаць да Алімпіяды! Тут жа едуць у вушы абывацеля загадзя падрыхтаваныя бяздоказныя дакументальныя фільмы пра нібыта павальны расейкі допінг. Ствараецца камісія, расследуе і без доказаў гаворыць, што пробы на алімпіядзе ў Сочы былі падменены, бо на расейскіх прабірках выяўлены драпіны. І яшчэ загадзя купляюць перабежчыка, колішняга начальніка антыдопінгавага агенцтва Расіі, які што іуда “прызнаецца” ў дзяржаўнай праграме допінгу ў Расіі. З ЗША яго ўжо не дастанеш, не кінеш як здрадніка ў турму. А іуда распаляецца і ўжо сцвярджае, што ці не сам Пуцін загадаў прасвідраваць у сочынскай лабараторыі дзірачку, праз якую хітры ФБР падмяняў аналізы расійскіх спартсменаў, таму яны і выйгралі алімпіяду. ЗША паражэнняў не церпіць, не забывае. Тыповая псіхалогія альфа-самца.
Карацей, вынік: за даказанае ўжыванне допінгу некалькімі спартсменамі Расіі не дапусцілі да Алімпіяда больш за 100 чыстых спартсменаў. Не дапамог тут і хвалёны швейцарскі суд па правах чалавека, так званая прэзумпцыя невінаватасці. Не было часу важдацца з доказамі, бо алімпіяда ўжо прачыналася. То бок заходняя дэмакратыя спакойна і свабодна наплявала на свае ж каштоўнасці – на незалежны суд і на непадсуднасць недаказанай віны.
Суд выйшаў ліпавы. Гэта не раўнуючы як даказваць у Швейцарыі віну арабскіх галаварэзаў. Ну даказалі, і што? А яны ў сваёй Сірыі працягваюць рэзаць горлы палонным і знішчаць помнікі даўніны. І паспрабуй угамані іх. Гэтак і Штаты – сусветны бандыт з вялікай дарогі, які душыць сваёй фінансавай і вайсковай магутнасцю ўвесь свет. І свет мусіць жыць па яго іх правілах. І нават калі на Алімпіядзе жаночая эстафета ЗША згубіла палачку і вылецела з барацьбы, то заангажаваныя арбітры прыдумалі, што палачку ў штатаўцаў выбілі. Хоць відэа красамоўна сведчыць адваротнае: згубілі самі. У выніку – перазабег, пападанне ў фінал за кошт зборнай Кітая, якая законна як быццам туды ўвайшла. Лямант абураных азіятаў ніхто ўжо не чуў за радасцю англасаксаў: бо алімпіяда створана найперш для штатаўскага гледача, які мусіць бачыць па тэлевізары за гамбургерам і півам, як любімая эстафета перамагае ў фінале. А там – хоць трава не расці.
Вось што такое самая кашчунная хлусня, хітрасць у, так бы мовіць, квадраце.
Тое, пра што кажу, далёка не “расейская прапаганда”, а проста здаровы сэнс, здольны вылучаць з патоку супярэчлівай інфармацыі ісціну. Бо дапушчаная ў стрэсавай сітуацыі каманда Расіі, зменшаная на траціну, усё адно заваёўвае чацвёртае выніковае месца на Алімпіядзе, як і ў Лондане чатыры гады таму, калі ўсе спартсмены яе былі дапушчаны. Ясна, што каб сядзелі спартсмены на допінгу раней месяцамі, а паехалі на Алімпіяду без яго, то выступалі б дахадзягамі, якія ледзь дапаўзалі б да фінішу. Гэта ўсё адно, як адабраць бы дозу ў наркамана. Чаго не здарылася. То бок абсалютна чыстымі і пераправеранымі сотні разоў арганізмамі былі здабытыя дзесяткі медалёў.
Што падказвае тут аб’ектыўны розум? Лямант з допінгам быў фальш, хлусня, палітыка, а не спорт. Бо выдатна памятаю, як пасля павальнай лоўлі да допінгу спартсменаў Германіі ў канцы 80-х іх зборныя па лёгкай атлетыцы і плаванні рэзка перасталі паказваць фантастычныя вынікі. І больш ужо ніколі германскія атлеты не былі лідэрамі ў гэтых відах, а наадварот – і па цяпер яны там амаль аўтсайдэры. З расійскімі спартсменамі выйшла ўсё наадварот.
То бок працэс, запушчаны ў 80-х як “чэсны” і пазітыўны, стаў у 2000-х пярэваратнем самога сябе – хлуслівым і негатыўным.

А цяпер па-хуткаму экстрапалюем віды хітрасці на літаратурны працэс.
Станоўчая, пазітыўная хітрасць тут магчымая хіба ў прозе і драматургіі – аўтар гэтак закруціў сюжэт, што ашаламіў чытача і ў выніку абвастрыў ключавую праблему. Ва ўсіх астатніх выпадках – літаратурная хітрасць мае негатыўную якасць. У паэзіі яна немажлівая – тут толькі глыбіннае пранікненне ў мову, у пачуцці ды філасофію, максімальная шчырасць могуць спрыяць. Тое самае і ў стылістыцы празаічных кавалкаў, якія мы разглядаем у рубрыцы, – не схітруеш.
Ну і самая подлая хітрасць – гэта калі дасягаюць поспеху ў літаратуры нелітаратурнымі метадамі, скарыстоўваючы пасаду. Дабяруцца пэўныя мардасіны да халяўных кармушак: а тады выдаюць фаліянтамі сябе, жаруць ганарары, замінаюць выхаду кніг канкурэнтаў, наладжваюць на сябе хвалебныя крытычныя артыкулы, прабіваюць прэміі, становяцца праз кабінетныя інтрыгі “народнымі”, лезуць у падручнікі, робячы тым самым злачынства ўжо духоўнае.
Так што рубрыка наша супроць хлусні, негатыўнай хітрасці, а не толькі за высокую літаратуру. Бо такая беларуская рэчаіснасць – спачатку павыдзірай пустазелле, а потым жыта засейвай.

На завяршэнне пра пазітыўную палітычную хітрасць. Пуцін за два дні да рашэння аб нядопуску усёй расейскай зборнай да Алімпіяды зрабіў ход канём: нечакана пайшоў нібыта насустрач сваім ворагам, – так, праблемы ў нас з допінгам ёсць і мы, маўляў, гатовыя супрацоўнічаць з міжнародным допінгавым агенцтвам (лічы, фарпостам ЗША), і гатовыя стварыць незалежную камісію па расследаванні. Хоць на эмоцыях трэба было крычаць адваротнае, у стылі Хрушчова: я вам пакажу “кузькіну маць”, пайшлі вы ўсе ў зад, мы чыстыя і ў знак пратэсту байкатуем алімпіяду, прынцыпова не едзем туды. Вынікі былі б наступныя: адлучэнне мільёнаў расіян ад тэлетрансляцый з Рыа, якія яны чакалі 4 гады; пападанне ўсяго расейскага спорту ў яму, у занудлівы бессэнсоўны канфлікт і нядопуск атлетаў усіх відаў спорту на міжнародныя арэны на гады і гады. Закрыццё тысяч спартыўных секцый у краіне. Выхад моладзі на вуліцы і накіраванне бадзёрай энергіі на крымінал. Скасаванне большасці спартыўных каналаў праз нерэнтабельнасць. Агульная дэпрэсія грамадства. Усё гэта надзвычай сур’ёзна, і ці не праз байкот дзвюх алімпіяд – Штатамі, а затым камуністамі, дэградаваў і распаўся СССР? Прынамсі гэта адбылося якраз следам.
Таму хітрасць бывае святой. Хоць ідзе, пры павярхоўным разглядзе, насуперак маралі, сумленню (прызнаешся ў тым, чаго не рабіў). Пры глыбінным жа аналізе, рэлігійным, – наадварот, спрыяе вечным каштоўнасцям.


ЛіМаразм-235

Праявы душы

Настасся Нарэйка з Маладзечна прадстаўляецца з вершамі ў №6 “Маладосці” за 2016 год.

Настасся Нарэйка нарадзілася 28 кастрычніка 1986 года ў Маладзечне. Працуе адказным сакратаром раённай газеты «Навіны Камянеччыны». Вершы піша з 10-гадовага ўзросту толькі па-беларуску. Аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы» (2013). Марыць напісаць акраверш, першыя літары радкоў якога складуцца ў любімую цытату Караткевіча «Чалавек носіць сваё неба з сабою».

Прозвішча запамінальнае, здаецца, чуў або пісаў пра паэтку. Пакуль кампутар шукае яе ў маім архіве, зірнём на ўступны верш:

***
За намі ніхто не прыйдзе.
Мы ціха сядзем на прызбе
І будзем глядзець у вочы,
Якія не бачаць нас.
Па твары пацягне вецер.
І мы адчуем, што ў свеце
Няма такіх адзінокіх,
Як мы ў гэты ціхі час.

Сутонне абдыме за плечы.
Мы раны свае не лечым,
Мы помнім, што вінаваты,
І зноў, як заўжды, маўчым.
Ад холаду не скаланецца
Адмерзлае, звонкае сэрца.
Мы сёння прыйшлі дадому,
Вярнуліся мы ні з чым.

Хата за спінай пустая
У ночы цішком патанае.
І больш ужо немагчыма
Глядзець у вочы яе.
Нас ніхто не чакае.
Хата маўчыць пустая.
І шэрым туманам кволым
Надзея ізноў растае.

За намі ніхто не прыйдзе.
Яна не забудзе аб крыўдзе.
Вясна адшумела, лета…
Вось і яно — жніўё.
Вяртацца не позна, браце,
Калі ёсць жывыя ў хаце.
Моўчкі сядзім на прызбе.
Я і сумленне маё.

Што бачыцца непрадузятым вокам? Не прыкметна фальшывага пафасу. Гэта па меншай меры. Таму што большасць паэтаў рубрыкі выклікаюць ужо нервовую дрыготку ад свайго тапорнага малення за Беларусь, ад гімнаў Мінску ці Полацку.
Тут даволі маладая жанчына асэнсоўвае нешта сваё і па-свойму, што тычыцца формы. Хаця тэматыка ўсё ж тыповая для нацыянальнай літаратуры: пакінутая вясковая хата, настальгічныя вяртанні ў маленства, бедаванне пра тое, чаго не вернеш.
Нарэйка выканала верш някепска. Хоць і дапусціла сістэмную памылку – аповед задоўгі, адны і тыя ж думкі і вобразы перамолваюцца ў 24-х радках.
Слова “вінаваты” ў паэзіі дапушчальнае, аднак лепей пісаць правільна граматычна – “вінаватыя”.
“Адмерзлае… сэрца”, якое не скаланецца ад холаду – недакладнасць, бо “адмерзнуць” азначае “адтаць”. Паэтка ж ужывае гэтае слова ў цалкам адваротным значэнні – адмарожанае.
“І больш ужо” – выраз, высокай паэзіі не дастойны.
Туман, які ў Нарэйка “кволы”, здаецца, не зусім удалая метафара. Запыняешся на ёй.
У апошнім радку гэтай страфы слова “ізноў” пастаўлена дарэмна: непісьменна (трэба “зноў”) і недарэчы, лішні гук у рытміцы.
У наступнай страфе аўтарка не ўдакладняе, хто менавіта “не забудзе аб крыўдзе”.
Слова “жніўё” – русізм. У нас пішацца “жніво”.
“Моўчкі сядзем на прызбе” – вяртанне на пачатак верша, які не развіваўся, а таптаўся на месцы. Закальцавала яго паэтка. Што дрэнна.
У цэлым жа нашмат лепей за вершы лаўрэатаў і “знакамітых”.

Наступны твор пацвердзіў добрае валоданне аўтаркай моваю чуццё паэтычнае:

***
Калі гавораць з вечнасцю
На роўных,
Калі гартаюць кнігу
Небыцця —
Ад побытавых казак
Да чароўных
Не крок адзін,
А ўвесь абсяг жыцця.

Калі гавораць з вернасцю
На роўных,
Калі штурхаюць човен
Забыцця —
Сякуць сякеры повязь
Продкаў кроўных
З нашчадкамі
На ўсіх вятрах жыцця.

Калі гавораць з вераю
На роўных,
Калі нясуць высока
Крыж быцця —
Вядзе святло малітваў
Нешматслоўных
Вятрамі і абсягамі
Жыцця.

Лішніх слоў няма. Капіравання папярэднікаў я не заўважыў. Тэма звычайная, але раскрытая адметна.
Выклікае сумненне “кніга Небыцця”. Не ведаю такой. Тым больш, калі аўтарка экстрапалюе гэта на вечнасць, якая якраз ёсць быццём.
Не зусім прадумана лагічна і з “чоўнам Забыцця”. Сэнс у вершах такога кшталту павінен быць адточаны бездакорна, паступаць у мозг чытача крылата.
Эталон, на які паэтка мусіць раўняцца тут, яе апошняя страфа – у ёй усё зразумела. Проста, пераканаўча, лірычна.

Шчырасць, а не поза, чуецца і ў наступным вершы Нарэйка:

***
Што маё слова, калі не збавенне тваё?
Стаў пад прысудам свой подпіс.
Хай будзе, што будзе!
Высылка, шворка, турма? Пад пяра вастрыё.
Выберы сам, дарагі.
Мы нікому не суддзі.

Што маё слова, калі не збавенне тваё?
Я не спалю. Не прасі!
Не спалю свае вершы.
Яны — мой пясок, мой палон, адрачэнне маё.
За іх забіваць? Забівай.
Не апошні. Не першы.

Што маё слова, калі не збавенне тваё?
Пад вершам-прысудам мой подпіс.
Хай будзе, што будзе!
Каханне, надзея, святло пад пяра вастрыё
Слухмяна ляглі. Для цябе.
Мы нікому не суддзі…

Гэта настолькі нонсенс ў беларускай паэзіі апошняга часу, што дзіву даешся – ёсць жа людзі ў нас, а не малпы, што назойліва паўтараюць чужое.
Усё натуральна, без квяцістых метафар, бесталковасці і дурнаватасці, што для паэзіі жанчын, прабачце мяне, рэдкасць неверагодная.
Адзінае, што насцярожыла, – “вершам-прысудам”. Здаецца, падвойнае слова наогул аслабляе верш, а таксама і па сэнсе лепш будзе “вершам – прысудам”.
І яшчэ “слухмяна ляглі” – як быццам прыгожы і зразумелы выраз. Але ж “слухмяна” – гутарковае, нязвыклае і міжволі паніжае лірычную ноту. Ну а “ляглі” – не памылка ў паэзіі, але заведзена па граматыцы ўсё-ткі “леглі”. Не ведаю, ці ўстаноўлена ў новых слоўніках яно як адзінае, аднак у публіцыстычных артыкулах, безумоўна, правяць на “леглі” ў дзяржаўным друку. Чаму менавіта “леглі” ёсць першай формаю – зразумела: нацыянальная адметнасць вымагае, каб аддаліцца ад рускага гучання “ляглі”.
Падвядзём рахунак. Цікавае назіранне са шматгадовага майго досведу: як толькі адкрыты сімпатычны, а не фанабэрысты ці какетлівы, здымак паэта, то і вершы харошыя. Гляньце на здымкі, напрыклад, Алега Мінкіна ці Віктара Каско на першай старонцы майго ЖЖ – прыемныя ў людзей твары. І пачытайце следам разбор іх вершаў. Бо твар ёсць люстэркам унутранага напаўнення. З Настассяй Нарэйка тое самае як быццам. Спадзяюся, не памыліўся.

У “ЛіМаразме-104”, як выявілася з архіву, я ўжо разглядаў публікацыю Настассі Нарэйка ў “Маладосці” №10 за 2015 (ці 2014) год. Трэба ўдакладняць, але няма часу, год у артыкуле пазначаны як “мінулы”. Але тое не важна. Галоўнае, што тады было шмат стылістычных і лагічных заўваг. Хібы найперш вынікалі з блытанасці вобразаў.
Цяперашняя публікацыя – відавочны крок наперад. Мала таго, разгледжаныя тры вершы – ці не лепшыя з твораў маладых аўтараў за гісторыю рубрыкі, а ўвогуле з усіх вершаў – спакойна паставяцца ў годны шэраг Мінкіна і Каско.
Што радасна, бо добрага ў паэзіі бывае мізэрна мала, і часам прыходзіш у роспач, разбіраючы хаос думак і літар. За працу няспынную і ў нечым пакутлівую – узнагароджваешся чыстаю лірыкай.

“Выкажу небеспадстаўнае меркаванне, што і Настасся Нарэйка ніколі не мела дасведчанага крытыка сваіх вершаў. Дасягала ўсяго жаданнем і талентам, які несумненна прысутнічае. Кажу пра талент з адказнасцю, бо адсоткаў 90 “паэтаў”, якіх мы аналізуем у рубрыцы, уласна таленту не маюць, іх проста навучылі некалі вершаванаму памеру і тэхніцы рыфмавання, як вучаць у музычных школах іграць па нотах. Гэты выпуск эмоцый у рыфмаваны каркас дае ім добры настрой. Ну дык і тое добра”.
(З “ЛіМаразма-104”)


ЛіМаразм-236

Утаймаванае слова

Аліна Паўлоўская дэбютуе ў №23 “ЛіМа” за 2016 год.
З біяграфіі:

Нарадзілася і жыве ў Гродне. Студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Аўтар кнігі вершаў «За небакраем» (2015).

Мы ўжо пісалі пра аўтарку паводле яе публікацыі ў “Маладосці”. Яна прадстаўніца гарадзенскага філфака, дзе выкладае праслаўлены рубрыкай дацэнт Анатоль Брусевіч. Спадзяюся, там не выпякаюць паэтак, што піражкі. А то мы не будзем паспяваць тварыць на іх крытыку.
Уся падборка Паўлоўскай – а гэта восем вершаў – прысвечана адзінай тэме кахання. Прынамсі гэта не выглядае фальшывым, бо маладая дзяўчына піша пра тое, што адчувае. І нічога болей глыбокага яна наўрад калі зведала. Фантан эмоцый спрабуе ўціснуцца ў вершаваны памер так, як вучылі настаўнікі. Часам гэта ўдаецца няблага. Збольшага – сыравата. Дый дзівосна было б чакаць ад дваццацігадовай дзяўчыны шэдэўраў. Мы пакуль не чараўнікі, а толькі вучымся, адным словам. А верш павінен быць чараўніцтвам і цудам, перад якім замірае душа. Усё астатняе не паэзія. Бо толькі паэзія ажыўляе звыклыя рэчы па-свойму. Гэта і ёсць другая рэальнасць.
Памятаю, як была ў мяне ў дваццаць гадоў кніжка санетаў Дантэ, Петраркі і Шэкспіра. Спасцігаючы загадкі паэзіі, доўга чытаў я гэтыя тамлівыя вершы на аднастайную тэму кахання. У перакладзе Маршака Шэкспір гучаў неяк посна, роўна, правільна, як выдатнік прыгожага слова. Але не чапляў. Бо Маршак не Шэкспір. А менавіта ў глыбіні мовы і зарытая таямніца вялікіх паэтаў. Пераклад нівеліруе генія да проста талента. І толькі калі праслухаў я пару санетаў Шэкспіра, пакладзеных на музыку Сяргеем Нікіціным, яны набылі для мяне якасць шэдэўра.
Усё-ткі не толькі цэлы зборнік пра каханне стамляе, а нават падборка ў тыднёвіку.
Верш Паўлоўскай:

***
Якое шчасце — сустрэць свой лёс
На ціхіх вулак перапляценні,
Не пакідаючы нават ценю,
Кружляць над цемрай сямі нябёс.

Якое шчасце — цябе знайсці
На бездарожжы пад жоўтым клёнам
І пад завесаю паркалёвай
Змяркання попелам адцвісці…

Часам маладая эмацыйнасць паэтак нараджае цікавыя словазлучэнні. А часам і бескантрольна заносіць. І пакуль майстэрства яшчэ няма – а яго ў Паўлоўскай нямнога, – то варта пасля напісання пахадзіць, супакоіцца, а потым засесці за праўку. І так дзень пры дні, месяцамі, пакуль не гарманізуеш верш.
Фраза “не пакідаючы нават” – цяжкаваты для лірыкі пра каханне.
Колькі ні разважаў, ніяк не ўявіў крытык, як можна “кружляць над цемрай сямі нябёс”. Даволі бязглузда.
Выраз жа “на бездарожжы пад жоўтым клёнам” выглядае дастойна.
“Пад завесаю паркалёвай” – адразу спараджае пытанне, што такое “завеса” і чаму менавіта яна “паркалёвая”, а не якая іншая?
Адцвісці “попелам” – зноў няўдалая метафара. Бо цяжка параўнаць чорны прыземлены попел з кветкаю.
І самы апошні сказ верша грувасткі, трэба практыкавацца ў выяўленні думкі ямчэй. Для кароткага верша, якім пахвальна займаецца Аліна Паўлоўская, тое надзвычай важна.
Наступны твор:

***
Сёння лётнае надвор’е:
Горача, зацішна.
Залятае на падворак
Белы попел з вішняў.

Сёння страчанае ўчора
Сустракае заўтра.
Сёння я — твая прастора.
Будзеш касманаўтам?

Цалкам удалая, вытанчаная і паглядная, атрымалася ў паэткі першая страфа. Як і першыя два радкі другой страфы. Гэта пэўныя паэтычныя знаходкі, калі яскравыя пачуцці сталі пад мастацкі кантроль.
Апошнія два радкі трохі пагаршаюць агульнае ўражанне. Менавіта праз тэхналагічнае слова “касманаўтам”. Хоць па сэнсе гэты сказ гожы і ставіць выразную кропку ў вершы. Ні дадаць, ні адняць. Немнагаслоўна і хораша.
Трэці твор Аліны Паўлоўскай зноў прываблівае сцісласцю:

***
Дваццатай, растрывожанай, вясной
На беразе самотнага чакання
Пад хвалямі вільготнага расстання
Знікалі мары — музы дзіўных сноў.

Іх воклічы глушыліся вадой.
Іх рукі, што шукалі прагна Бога,
У роспачы хапаліся за ногі
Мае — цягнулі ў цемру за сабой.

І я ішла, пакорная, на дно,
Пакінуўшы на беразе чаканне.
Канала недарэчнае каханне
Дваццатай, растрывожанай, вясной.

Увесь другі радок – просты, але гожы выраз.
А трэці радок яму саступае, бо столькі слёз не выплачаш, каб расстанне ператварылася ў хвалі. Замнога гіпербалы.
Мары, якія “музы дзіўных сноў”, – яшчэ слабей. Бо “дзіўных сноў” – заезджаны выраз. Як і рыфма “вясной–сноў”. Як, дарэчы, і рыфмы тыпу “каханне–расстанне”. Зацёртыя да дзірак яны. На зары беларускай паэзіі гэта было добра. Цяпер – неабходна іх пазбягаць, не зважаючы на прывабнасць і мілагучнасць.
“Рукі” муз, якія адначасова і мары, – дастаткова напружваюць. Патрэбнае нешта больш элегантнае.
Гэтыя рукастыя музы прытым цягнуць гераіню ў цемру: “цягнулі ў цемру за сабой”. Дый сам выраз, як для лірыкі, досыць шурпаты.
“Канала недарэчнае каханне” – магло быць выдатна, каб падабраць іншае слова замест “недарэчнае”. Бо ў апошняга негатыўны і насмешлівы імідж.
У цэлым някепска. Як і ўся падборка Паўлоўскай. Бо я нязменна вітаю імкненне да класічнага строю, да лаканізму і мілагучнасці. Адчуваецца, што аўтарка працуе са словам. І ўсё ў яе наперадзе, калі не спыніцца на азах, якія толькі і могуць даць на філфаку. Для спасціжэння нюансаў і моўных глыбінь магу адно раіць чытаць нашу рубрыку, асабліва выпускі “101–200”, яны сабраны для зручнасці ў адным файле на сайце “Літсавет”. Можна, напэўна, знайсці годныя падручнікі па вершаскладанні, але толькі пра рускія вершы. Што не падыдзе Аліне Паўлоўскай. Наконт беларускай мовы, наколькі я ведаю, нічога няма. А калі і выходзіла якая літаратуразнаўчая кніга, то не варта забіваць ёю свядомасць, бо навучыць паэзіі здольны толькі паэт, а не кабінетны чарвяк.
Залатая сярэдзіна, да якой імкнецца Аліна Паўлоўская, – выдатны пачын і можа стацца асабовай нішай аўтаркі, яе адметнасцю. Феерычная жаночая эмацыйнасць, утаймаваная пільным майстэрствам і сцісласцю, – так бачыцца мне яе шлях.


ЛіМаразм-237

Папугайства. Фіскальства. Балота.

У №26 тыднёвіка “ЛіМ” 2016 г. змешчаны творы Віктара Шніпа ў раздзеле “паэзія”. Але гэта не вершы, а немаведама што. Найхутчэй тое – мнагаслоўная і невыразная проза, разрэзаная аўтарам на кароткія радкі ды пазбаўленая знакаў прыпынку.
У падборцы зноў праяўляецца непрыемная сектанцкая рыса адэптаў апошняга часу – прысвячаць вершы гуру, ці сябрам, ці настаўнікам. Быццам на ўсім зямным шары няма больш ніякіх арыенціраў і думак, як даўно памерлыя і добра ўслаўленыя за Саветамі літаратары? Няўжо ж не можам мы пакінуць іх магілы ў спакоі ды заняцца стварэннем уласна мастацкіх тэкстаў?
Уступны твор галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры”:

Чэрвень
Васіля Быкава

быў чэрвень ад макаў чырвоны
а неба было белым як палатно
дзе можна намаляваць сонца
калі сонца няма над зямлёй
і ты намаляваў сонца
каб кожны дажыў да світання
якое ўсе чакалі і чакаюць
нягледзячы на знак бяды
акопамі нібы павуцінай
была аплецена зямля
дзе гаспадарылі воўчыя зграі
і ў полымі знікала роднае
а ты ішоў праз полымя
каб з праклятай вышыні
дзе мёртвым не баліць
убачыць свой чэрвень
і чорныя ляды
і жоўты пясочак
і доўгую дарогу дадому
чэрвень заўсёды прыходзіць
чакаеш яго ці не чакаеш
чэрвень як нечаканы матыль
залятаючы праз фортку ў хату
залятае табе ў сэрца
і трапечацца там і жыве
успамінамі пра лета
дзе сонца было і аблокі
як намаляваныя табой
на беразе вечнасці
дзе чаўны як твае разгорнутыя кнігі
дзе твае кнігі як чаўны
і сёння ў нас ёсць твой чэрвень
дзе стромкія бярозы
трымаюць неба над лецішчам
у якім чуюцца твае крокі
тваё дыханне твае словы
і аркушы белай паперы
як аркушы белага неба
у якім схаваліся твае думкі
пра чэрвень і пра нас

Пройдземся па хібах і недарэчнасцях гэтага шматслоўнага гімну ідалу савецкіх часоў.
Неба “белым” не бывае ніколі. А выраз “белы як палатно” – свінцовы друкарскі штамп.
Згустак слоў “якое ўсе чакалі і чакаюць, нягледзячы” – не лірычна, не паэтычна, дый нават для прозы карава.
“Знак бяды” – сектанцкае лякала, назва твора, які, быццам Біблію, павінны ведаць адэпты.
“Дзе мёртвым не баліць” – тое самае.
“Доўгую дарогу дадому” – зноўку ўдар па галаве крытыка друкарскай балванкай. Зацёрты выраз. Не ёсць прадметам мастацтва.
Пакручастае злучэнне “чакаеш яго ці не чакаеш чэрвень як нечаканы матыль” месціць на кароценькім участку тры аднакарэнныя словы (вылучаны).
Фраза “залятаючы праз фортку ў хату залятае табе ў сэрца” – акурат тое самае.
Аблокі, што малюе Шніп “на беразе вечнасці”, – карціна не паддаецца ўяўленню. Хіба чэрціць нехта аблокі на пяску берага? Дзівосны занятак.
Выраз “дзе чаўны як твае разгорнутыя кнігі дзе твае кнігі як чаўны” – бессэнсоўны выкрутас. Пярэварацень сказаў.
Далей ідзе адзіны ўдалы выраз “верша” – пра стромыя бярозы. Вылучаны падкрэсліваннем.
“Аркушы белага неба” – не бывае такога колеру ў неба. Не я паўтараюся – Шніп.

Карціна трагічная. І гэтак цэлая падборка на 2/3 старонкі тыднёвіка. Яна рыхтуецца стаць часткай кнігі, што выйдзе ў “Мастацкай літаратуры”, дзе паэт – галоўным рэдактарам падпрацоўвае.

Быкаў, безумоўна, стварыў вялікія для свайго часу рэчы. Паказаў вайну іначай, чым было прынята ў савецкіх фільмах. Адышоў ад стандарту. Заглыбіўся ў чалавека на гэтым пабоішчы.
Але затым перайшоў мяжу. Стаў пісаць вельмі шмат і зашмат, не знаходзячы да скону тэмаў іншых і мірных. Паўтараў адны і тыя ж прыёмы.
Пры СССР ён чытаўся на ўра. Цяпер – хіба толькі пад пугаю. Ён сышоў са сваім часам, як паступова сыходзіць цікавасць да гэтай жудаснай бойні, а рэальнасць высоўвае людзям іншыя тэмы.
Вывучаць Быкава будуць доўга. Але вывучэнне тое пакрысе стане адно прадметам гісторыкаў. Бо ў мастацкім плане гэта, прабачце, не “Вайна і мір”, якую хоць праз тысячу гадоў чытай – будзе цікава.
Быкаў аднастайны ў псіхалагізме. Амаль ва ўсіх яго творах героям ад пачатку балюча і кепска. Ды з кожнай старонкай робіцца ўсё горай і горай. А пры канцы – над імі чыніцца садызм да разрыву чытацкага сэрца. Ці патрэбнае такое нармальнаму чалавеку? Не. Толькі мазахісту.
Адно і тое ж аповесцямі і тамамі – кепска, балюча, кепска, балюча… урэшце – смерць. Надакучыла.
Дый мастак Быкаў слабы. Ведаў мову павярхоўна. Стыліст аніякі. Страшэнна мнагаслоўны. Трэцяе тысячагоддзе не церпіць такой запаволенасці аповеду.
Літаратуразнаўцы адшукваюць у яго творчасці хрысціянскія матывы… Сумнеўна. Быкаў, наколькі я ведаю, хрысціянінам не быў. Таму і матывы гэтыя маглі з’явіцца адно выпадкова. Быў ён прыхільнікам, да прыкладу, Сартра, а той – люты і ваяўнічы бязбожнік, нягоднік слова. Таму і сам Быкаў не знаходзіў ніякага выйсця з жыцця, як толькі пакуты і смерць. Нават Стывен Кінг і амерыканскія фільмы жахаў міласэрнейшыя да людзей – там амаль заўсёды добры канец, зло пераможана. Гэта пратэстанцкая мараль – рабіць добра праз дзеянне, а не праз малітоўныя завыванні.
Выказаў я толькі асабістае меркаванне. Быкава ніколі не любіў, нават у дзяцінстве наіўным, – таму надзвычай тут шчыры. А хто любіць – дык тое яго ўласнае права.
Неяк шасцёркі белліту раздрукавалі старонкі з майго ЖЖ, дзе я крытыкаваў Быкава, і ананімным лістом выслалі адной літаратуразнаўцы, якая абрынулася на мяне з прэтэнзіямі. Бо палічыла сябе асабіста абражанай. Як я пасмеў! Яна ж пра мяне так добра думала і пісала артыкулы на маю прозу!
Гэта тыпова для нас – замоўчванне, папугайскае паўтарэнне падручнікаў і прамоў гуру розных масцей, ананімнае фіскальства, стукацтва.
Памажы гэтай нацыі, Божа.


ЛіМаразм-238

Да слова ахвочыя

Падборкі Ірыны Войтка і Людкі Сільновай кволяцца ў №26 “ЛіМа” (2016 г.) пад здаравеннымі, фальшывага пафасу, опусамі Шніпа.
А між тым шчырасць, праўда жыцця і пэўнае майстэрства праглядаюцца, напрыклад, у вершы Ірыны Войтка:

Бацькам

Старэнькая маці і бацька стары.
Бог век ім падоўжыў да нейкай пары.
Прыеду уранку, аж колы гудуць.
Сустрэнуць на ганку і ў хату вядуць.
Найдобрыя людзі, дзеці вайны,
і «Польшчу», і «немцаў» шчэ помняць яны.
Сыходзяць паціху, сваё аджываюць,
гісторыю й праўду сваю забіраюць.
А праўда — яна на далонях старэчых.
Гісторыя крыж свой паклала на плечы.
 А вы папытайце, як ім жывецца,
і ў шчырасці бацька сваёй усміхнецца
і скажа, што добра. А доля цяжкая…
Дык долю сабе хіба хто выбірае?
Старэнькая маці і бацька стары.
Век бог ім падоўжыў да нейкай пары.

У плане формы заўвагі ёсць.
Гэта празмерна частае выкарыстанне слоў “свой”, “сваю”, “сваё”, сваёй”, якія не нясуць у дадзеным тэксце нагрузкі і выступаюць як паразіты.
Выраз “нейкай пары” – няпэўны і не лірычны. Варта было яго замяніць.
У радку “Найдобрыя людзі, дзеці вайны” збіты рытм, нестае адной галоснай.
Ужыты пусты гук “й”.
Слова “бог”, напісанае з маленькай літары, няправільнае ў дадзеным кантэксце. Таму што “Бог” – Тварэц Сусвету. А “бог” – адзін з паганскіх бажкоў, лічы, дэманаў. Што поўнасцю супрацьлеглае сэнсу, які ўкладала “Войтка”.
Прысутнічае даволі ўдалае месца, што вылучана падкрэсліваннем.
Верш атрымаўся ў меру экспрэсіўным, прачулым і лёгкім для ўспрымання.

Падборка ж Людкі Сільнойвай, наадварот, выглядае накшталт “вершаў” яе суседа зверху Шніпа – мёртванароджанай. Калі няма чаго пісаць, то паэты вырабляюць прысвячэнні:

Чарадзейны
Полацак

Верш-фэнтэзі

…І знайду навобмацак:
Валацуга Полацак.
Па лясах бадзяецца,
Дзіўных птушак слухае,
Воўчым адгукаецца
Плачам… ці зязюлькаю…

Горад-прывід, прыхадзень
Як нябёсаў прыхамаць,
Падарунак волатаў…
А ці склеп каханаму:
Напалову з лотаці,
Напалову з каменю.

Дрыжыкі цымбальныя:
На Паўночным балі я…
На стале з напоямі —
Стравы крутабокія,
Паміж імі — Полацка
Пірагі высокія.

З мора вазьму мару я —
Перакулю чару я.
На абрус адбелены
Кроў мая абернецца —
Ў горад, вечна верны мне,
Ў Менск мой дух
не вернецца!

Па духу – пустата. Ніякіх эмоцый, акрамя даўкай нуды. Па форме – надзвычай слаба.
“Воўчым адгукаецца” – коснаязыка.
“Горад-прывід, прыхадзень” – недарэчна і бесталкова.
Апошнія тры радкі гэтай страфы: сапраўды фэнтэзі. І мова не чалавечая нейкая, іншапланетная.
“Стравы крутабокія” – паспрабаваў уявіць, не выйшла.
“Перакулю чару я” – фанетычна дрэнна, западаюць зычныя і галосныя. Увогуле каструбаватая фраза.
Два разы радкі пачынаюцца з “Ў”, што недапушчальна, асабліва датычна сталай паэткі.
Двойка за верш.
Думаю, усе астатнія гэтакія ж. Версіфікатарства, не паэзія.

Карціна паэзіі “ЛіМа” – люстэрка нашай літаратуры. Імёны, вядомыя мне гадоў дваццаць, вырадзіліся як паэты і бродзяць зданямі па старонках дзяржаўнага друку. Балазе народныя грошы не лічаныя. Чаму б і не надрукаваць добрых людзей? Усё-ткі на роднай мове стараюцца.
Імя, мне не вядомае, дыхнула, наадварот, свежасцю. Хоць вершы Войткі далёка не дасканалыя і наўрад ці калі стануць такімі. Аднак ад іх вее жывым.
І рэдактары, якіх мы часта лаем у рубрыцы, не зусім вінаватыя. Бо спрабуюць даць праявіцца ўсім ахвочым да слова народнага. А там – час (з дапамогаю прафесійнага крытыка) разбярэцца, хто чаго варты.

Па традыцыі даём чытачу наводку, чаму ў нас так: у №26 цалкам адсутнічае рубрыка “крытыка”. Гэта ўжо сталася добрай традыцыяй – даваць “крытыку” гады ў рады, праз тры разы на чацвёрты. Дый тады асабліва не разласуешся – аднастайная думка адных і тых жа дзвюх крытыкес, лімаўскіх супрацоўніц – Грышчук ды Лапіцкай. Небагата для 9-мільённай краіны, аднак.


ЛіМаразм-239

Сапраўдныя арыенціры

Валеры Пазнякевіч, чалавек 1968 года нараджэння, ушаноўвае “Маладосць” №6 2016 г. публікацыяй сваіх вершаў.

Валеры Пазнякевіч нарадзіўся 10 красавіка 1968 года ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна., анталогію аднаго верша «Агледзіны», анталогію беларускай хрысціянскай паэзіі «Насустрач духу», іншыя выданні. У 2016 годзе запісаў два студыйныя альбомы: «Прызнанне Айчыне» і «На вакзалах». Захапляецца рыбалкай, любіць вандраваць па гістарычных мясцінах Беларусі. Сёлета спаўняецца 25 гадоў са дня першай публікацыі Валерыя ў часопісе «Маладосць».

Не раз я казаў, а нядаўна пры разборы тэкстаў Шніпа і паўтарыўся, што вершаваныя малітвы і малебны за Беларусь сталі нагэтулькі частымі ў паэтаў, што даўно апошліліся і згубілі найменшы мастацкі ўзровень. І што кепска кленчыць ужо нават перад Быкавым, Коласам і Купалам, што гэта камуністычныя перажыткі. Не чуюць мяне паэты…

Малітва за Беларусь

Малюся за ўсіх мёртвых і жывых,
За тых, хто Беларусь жыццём праславіў,
Каб мы шчасліва, радасна жылі,
Каб мары нашых дзён уваскрасалі.

Малюся за працоўны наш народ,
За ўсіх, каго Радзіма апантала.
Хто сее жыта, садзіць агарод,
Хто памятае тых, каго не стала.

За нашай з вамі памяці крыжы
Я свечку запалю і памалюся.
І ў Бога папрашу: аберажы
Народ маёй пакутнай Беларусі.

Няхай людзей яднаюць дабрыня
І светлыя пачуцці да Айчыны,
Дзе першацвет вясною набрыняў,
Каб з ёю мы шляхі свае злучылі.

Усе хібы памянёных твораў паўсталі ў Пазнякевіча гіпербалаю.
Скажыце вы мне, спадары, чаму ў нас “пакутная Беларусь”? Войны ці не сто гадоў, як скончыліся. Атаварваемся ў гіпермакетах. Дзе пакуты?
То бок сам пафас верша ненатуральны. Аўтар жа з прычыны мізэрнага таленту і не заўважае гэтага. А галосіць, галосіць… Скрушна.
Пачынае малебен паэт надзвычай няўдала: “Малюся за ўсіх мёртвых і жывых”. Бо адразу згадваецца «Поклонимся и мертвым и живым». А ўсё таму, што мысліць Пазнякевіч чужымі вобразамі. Выкарыстоўвае не свае звіліны.
“За тых, хто” – для малітвы дужа карава.
Што такое “Радзіма апантала” – не ведаю, па шчырасці “апантала” чую першага разу.
“Хто памятае тых, каго” – зноў жа немілагучна для малітвы, якая павінна гучаць светла, крылата.
“За нашай з вамі памяці крыжы”  – вельмі натужліва, як на гаршчку, фармаваў сказ вершатворца. “Памяці крыжы…”, “нашай з вамі” – гэтак маліўшыся, ці дастукаешся да Ўсявышняга?
“Каб з ёю мы” – тое самае, выраз школьнага хулігана.
Зрэшты, толькі пільнуючыся традыцыі рубрыкі, я разбіраю гэты навал літар і заезджаных вобразаў. На добры лад, трэба проста казаць “нездавальняюча” і адпраўляць аўтара куды след.
Усё чужое, усё кепскае да апошняга слова ў Пазнякевіча, які разам з “Маладосцю” святкуе сваё 25-годдзе ад першага змешчанага там твора. Не надта ж яны прагрэсіравалі…

Возьмем яшчэ тэкст:

Завіруха

За акном правіць баль завіруха —
Плача, вые, скуголіць падвей.
Сыпле з неба то пер’ем, то пухам,
Каб сагрэцца ў час лютых завей.

Лес ахутаўся белай хусцінай —
Задуменна чакае вясны,
Калі кроны раскіне гасцінна
І расквеціць зімовыя сны.

Каля плоту сумёты, бы хвалі,
Што застыглі ў бягучай красе.
Люты нораў зіма не хавае,
“Яна ў небе пярыну трасе”.

Мы зазначылі паводле ўступнага верша, што ў аўтара дрэнна з паэтычным уяўленнем. Другі твор гэта пацвердзіў. Але ў ім неспадзявана вылузаўся выдатны апошні радок, які і выратаваў верш для неспрактыкаваных вушэй.
Для крытыка ж ён бесталковым застаўся.
“За акном” для мілагучнасці варта было б ужыць “За вакном”, а то зліваюцца два “а” ў адно.
Глядзіце, далей вые завіруха і скуголіць “падвей”. Цудоўна. Верым у вынесенае Пазнякевічам з дзяцінства вясковага. І раптам – “сыпле з неба…” Стоп! Няяснасць – хто сыпле: завіруха ці ўсё-ткі падвей? Спыняешся, думаеш. Аўтар не ўдакладніў. Але як завіруха, так і падвей не могуць сыпаць “з неба то пер’ем, то пухам”. Бо паэт як бы разглядае сняжынкі пад мікраскопам, уводзячы такія нюансы. Але ўсе ведаюць, што сняжынкі ні тое, і ні другое – а проста вобразнасць паэтычная, калі гавораць пра “пух” і “пер’е”. Дарэчы, заезджаная вобразнасць. Таму агрэх аўтара досыць вялікі.
Далей частуе нас Пазнякевіч зацухмоленай рыфмай “вясны–сны”. Дзякуй.
І сцвярджае затым, што калі лес раскіне кроны (а тое летам толькі магчымае), то ён адначасова і “расквеціць зімовыя сны”. Навідавоку як мінімум непрадуманасць. Як максімум – дурнаватасць і глупства. Бо “зімовыя сны” даўно скончыліся.
Сумёты, якія “бы хвалі”, што “застыглі ў бягучай красе”. Па-першае, а што такое “бягучая краса”? Не ўявіць. Дый слова “бягучы” – канцылярскае, не паэтычнае, па вялікім рахунку – руская калька. Для артыкула крытычнага падыдзе яно – напрыклад: бягучы літаратурны працэс. У вершы ж – чужароднае.
З аднаго боку, хвалі (сумёты) – застылі. А з другога – бягуць (у бягучай красе). Раздваенне свядомасці аўтара. Няздорава. І слова “застыглі” – або вясковае, або састарэлае. У сучасных слоўніках не крыўляюцца і кажуць па-простаму – “застылі”.
Урэшце выпадкова (як падаецца) нарадзіў Пазнякевіч трапную метафару “Яна ў небе пярыну трасе” . Што неяк згладзіла ўражанне ад астатніх вычварных словазлучэнняў.
Такія справы, спадарства. Бяромся за абучэнне чалавека, які сам высунуўся моладзь вучыць: “Яго вершы ўвайшлі ў хрэстаматыю для сярэдніх школ «Сэрцам роднага слова краніся»”. З аднаго боку, гэта бяда. А з другога, праўдзівая беларуская рэчаіснасць. Калі ўжо сур’ёзам ідзе графаман Пазнякоў на Дзяржаўную прэмію, то чаму б Пазнякевічу не даць вучням сціплы лікбез?
Мяркую, не варта акцэнтаваць увагу на тым, што ні за Пазнякевічам, ні за Шніпом ваш крытык не ганяецца, а проста арэ літаратурнае поле трактарам, не зважаючы на тытулы ці іх адсутнасць. А трапіўся пад плуг – дык цябе ніхто ў часопіс не клікаў. Перад добрымі вершамі мы спыняемся і паважана іх аб’язджаем, толькі робячы пазнаку “выдатна”. Каб чытач, асабліва малады, ведаў сапраўдныя арыенціры ў літаратуры.


ЛіМаразм-240

Заняволеная душа

Доўжачы нашу тэарэтычна бясконцую рубрыку, варта часам прыпыняцца і нагадваць, што яна не пра добрых людзей, а пра добрыя творы; а таксама прызначана для чытачоў, свядомасць якіх яшчэ не паражоная сектанцкімі ідэямі. Што важна. Іначай гукаць мы будзем у пустату.
Таму хто лічыць Арлова вялікім празаікам, а Коласа вялікім паэтам, то яму не да нас. Бо куміраў тут, пільнуючыся другой запаведзі Хрыста, няма і не можа быць. Літаральна кожную асобу і кожны твор мы падвяргаем дапытлівай аналітыцы. А менавіта з яе выходзіць, што з тымі, каго пры БССР назвалі класікамі, у нас поўная бяда і арыентавацца няма на каго.
Вось, бадай, такая прэамбула.
З’явіўся жнівеньскі, 120-ы нумар “Літаратурнай Беларусі”. Там, як заўсёды, багата ўспамінаў, прыпамінаў і твораў, якія на паэзію прэтэндуюць.
На старонцы 14 змешчаны два аўтары з адным прозвішчам – Дэбіш. Анатоль і Васіль. Не ведаю, ці родзічы, але з Васілём мы добра знаёмыя па “ЛіМаразме”.
Возьмем спачатку твор Анатоля:

* * *
Я знаю — сустрэну чароўную пані,
Якую ў жыцці гэтак прагнуў знайсці,
А з ёю надзею сваю і каханне, —
Ды толькі не ў гэтым, не ў гэтым жыцці.

І вораг мой люты — за сябра мне стане,
Каб поруч заўжды па дарозе ісці:
Дзяліць — і жытло, і бяду, і жаданні, —
Ды толькі не ў гэтым, не ў гэтым жыцці.

І будзе — ноч светлай і сонечным — ранне,
Усё навакол — і спяваць, і цвісці…
Вясна — у вачах, а на сэрцы — літанне…
Ды толькі не ў гэтым, не ў гэтым жыцці.

Таму непазбежнасць не страшыць растання.
Жадаю любові святлом прарасці,
Хай нават праз вечнасці пыл і выгнанне, —
Калі і не ў гэтым — у іншым жыцці.

Варта зазначыць, што чалавек гэты сапраўды патрабавальны да слова. Што відаць і па прыведзеным вершы, і па іншых вершах падборкі, па якіх я бегла праскочыў позіркам.
Ды ці ведаў Анатоль Дэбіш хоць адзінага крытыка на свае тэксты – пытанне без жартаў. Бо дзе гэтага крытыка ўзяць? Адкуль? Калі мы два гады ідзём паслядоўна па ўсіх беларускіх выданнях і крытыкі амаль не находзім. Таму справядліва прызнаць, што такога чалавека няма, апроч, мусібыць Леаніда Галубовіча, які з пэўных жыццёвых варункаў скаваны правіламі сектанцкай суполкі. Каго ён можа там крытыкаваць, калі ўсе аўтары ёсць яго сябрамі па Фэйсбуку і дружна лайкаюць яго фоткі?
Таму меркаванне наша такое, што Анатоль Дэбіш сам сабе быў і крытыкам цягам усяго творчага шляху.
У гэтым вершы ён прыдумаў арыгінальны, здавалася б, рэфрэн: “Ды толькі не ў гэтым, не ў гэтым жыцці”, якім заканчвае строфы. Але сам рэфрэн змяшчае заганнае для паэзіі згушчэнне немілагучнага слова “гэтым”. Такое гэканне напружвае. Да таго ж імгненна паўстае пытанне, а раз не ў гэтым жыцці, то ў якім яшчэ аўтар спадзяецца дасягнуць пажаданага. І пытанне пагрозна павісае ў паветры. Растлумачу чаму.
З аднаго боку, цягам падборкі Анатоль Дэбіш аперыруе біблейскімі знакамі ды катэгорыямі, а з другога, ці не намёк яго рэфрэн у спадзеве нечага дасягнуць – на рэінкарнацыю? Што супярэчыць і Бібліі і хрысціянству. Паводле хрысціянства, нагадаю, там можна толькі нешта атрымаць па заслугах, а дасягаць будзе ўжо позна. І ці не ёсць светапогляд аўтара – вінегрэтам з хрысціянства, будызму ды ўласнай філасофіі Анатоля Дэбіша?
Выказваю гэтыя падазрэнні не з цікаўнасці, а таму, што будызм і рэінкарнацыю з вучэннем Хрыста спалучыць ніяк немагчыма. Цемра і нябыт не могуць спалучыцца са святлом і Вечнасцю. Ад гэтага ўзрываецца мозг не толькі ў аўтара, а і ў чытачоў, якія па недасведчанасці міжволі спакушаюцца тэкстам.

Цяпер прабяжымся па хібах гэтага ў цэлым неблагога верша.
“Я знаю” – не вельмі гожа, бо правільна будзе “ведаю”.
Слова “гэтак” разам з “гэтым” ужытыя тры разы ў страфе. Замнога.
Аўтар хоча сустрэць ”надзею сваю”, “сваю” – паразіт, можна і трэба абысціся без яго.
У другой страфе “вораг мой”, “сябра мне”. Два разы ў радку “мой” і “мне”. Не паляпшае стылістыку.
У гэтай жа страфе паэт збіраецца дзяліць з ворагам і “жытло”, і “бяду”, і “жаданні”. Тут з недарэчнасці сэнсу радка хочацца замяніць “жаданні” на “каханне”. Чыста дзеля гумару.
У трэцяй страфе “літанні”, што “на сэрцы”, – архаізм, у слоўніку няма. Даводзіцца думаць і разважаць. Кепска.
Трэцяя страфа пачынаецца з каструбаватай фразы: “Таму непазбежнасць не страшыць растання”. Гэта раз. А “расстанне” трэба пісаць з дзвюма “сс” – гэта два.
У выніку быццам адпрацаваны, арыгінальны верш пахіснуўся, зрабіўся кволым.
Да таго ж самабытных, яркіх метафар у ім няма ніводнай.
Вось і вырашай чытач сам, якой ацэнкі заслугоўвае Анатоль Дэбіш.

Васіль Дэбіш стаіць з падборкаю ніжэй на старонцы.


* * *
Гараць агні. Смуга заслала бераг
Ракі. Смуга — на сэрцы і ў вачах.
Іду без мэты я, адзін, наперад,
Губляецца ў сівым тумане шлях,

З якога мне не выбрацца ніколі
І смутку мне не пераплыць раку.
Пад’ёмны кран, бязрукі сімвал Волі —
Хістаецца на ветры скразняку.

У бераг хвалі плешчуць палахліва.
На грэбнях ні праменьчыка, ані.
Туман халодны сцелецца на нівы…
Гараць агні, бязлікія агні.

Гэты верш таксама можна назваць прафесійным. Але праблемы ў аўтара тыя ж, на якія мы ўказвалі ў разборы яго іншых вершаў: свядомасць ужо захоплена сектаю. Красамоўнае сведчанне чаму дае сам паэт: “бязрукі сімвал Волі”. Заблытаўся. Сусвет як бы адсечаны ад яго. Таму мысленне аднабаковае і трывожнае.
Ёсць адна істотная памылка: “грэбнях” замест “грабянях”. Зірніце ў слоўнік, спадар паэт.
“Сівы туман”, “з якога мне не выбрацца ніколі” – гукае душа Васіля Дэбіша, заняволеная сектанцкім (сатанінскім) зманам. Аднак Бог міласэрны.
У цэлым абодва аўтары прынамсі валодаюць тэорыяй вершаскладання і маюць экспрэсію. Што нямала. Засталося ўпарадкаваць свядомасць хрысціянствам.
Ёсць у нумары яшчэ два паэты, да якіх мы дабяромся, магчыма. Прысутнічае празаічны кавалак. Няма галоўнага, без чаго абяскроўленае ўсё астатняе – прафесійнай літаратурнай крытыкі.


ЛіМаразм-241

Непагрэшныя карыфеі

Аляксей Саламаха паспрабаваў напісаць і надрукаваў у “Дзеяслове” №72 гістарычную паэму “Касцюшкава прысяга”.
Паэма не атрымалася, бо няма там паэзіі. Ідзе зарыфмаваны празаічны расповед пра мінуўшчыну. Некаму, можа, цікава.
Пачатак:

Як вы, любая маці мая? Кацярына? Ганна ?
Як ты, Юзэф? У Сяхновічах, мусіць, зараз.
Як там дзеці, унукi? Мне ўжо нават складана
пералічваць усіх – гэта быццам рабіць каштарыс.

Я сумую адчайна. Дарэчы, мінулай ноччу
напісаўся першы не да Людвікі вершык.
Ён пра тое, як я вандраваў ды збочыў,
каб наўпрост дадому, ды пешшу, дарма што вершнік.

Недзе побач са мной з басціёных муроў апоўдні
чысціць горла гармата, мусяць весцi ў прыбіральню.
Колькі шчэ нашы жыцці на ўскрайку імперыі поўніць
будуць грукат, праклёны ды лямант званоў развітальных?
…………………………………………………………………..

Тут я нават нічога не вылучаў. Таму што ўвесь тэкст страшэнна шурпаты. Гэта і ёсць беларуская сучасная літаратура. Нявесела.

Калі вершаваны стыль папярэдняга паэта просты як бот, то Ярына Дашына панакручвала ў сваіх тэкстах карункі дзівосныя. З прэтэнзіяй на веліч і глыбіню. Але разабрацца ў іх немагчыма. Нармальнаму чалавеку.
Вылучыў я самыя гіблыя месцы і граматычныя памылкі. А болей няма чаго і сказаць.

ТЫ І Я

Уцякай у Паэзію. Ні скальпелем, ні абразаю там цябе не
дастануць. Ні слоўнікавай цукровасцю... Экзістэнцыя верша
твайго – экзекуцыя фразаю. Таніроўка душы – няроўнасці ў гэтай
мясцовасці.
І таму мы не любім жэлейнае і шакаладнае, абыякава ўспрымаем
вершы мінорныя – усё накручваем сэнс, нібы бруд на палачкі
ватныя, і шукаем бясконцага выйсця ў словы прасторныя.
Ты нікім не хацела быць. Адбывала маленькаю тэрмін свой
і сыходзіла ў гульні язычныя. Наляпіла трыпутнікі на душэўна-
каленкавыя раны… Крываточыла вершамі хаатычнымі.
Я гляджу на цябе – мы з табою нібыта палярнасці аднае рэчаіснасці
і аднае бяздоннасці, аб’яднаныя дзеля нейкае салідарнасці ў
бясконцасць жыцця вершаванай сваёй сінхроннасцю.
Уцякай у Паэзію. Там мы з табой і сустрэнемся. Як каханкі
таемныя на паласе нейтральнай. Мы, магчыма, палюбімся, а
пазней і ажэнімся ў бессмяротнасці звершаванае і сакральнае…

Такое ўражанне, што “Дзеяслоў” разам са сваімі “паэтамі” здзекуецца з чытача. Што ж, вольнаму воля.

Таму зноў вяртаемся ў “Маладосць” №6 2016 года.
Адзначым, непазбежна паўтараючыся, што пад рубрыкай “крытыка” там змешчаны артыкулы выключна тэатральныя. Чаму? Часопіс жа “літаратурна мастацкі і грамадска-палітычны”. Тое неспасціжная таямніца, шаноўны чытач. Яе, мабыць, разгадаюць гісторыкі.
Прыкметна яшчэ і тое, што часопіс нагадвае фарматам тэкстаў газету – надта яны кароткія і як бы несур’ёзныя. Усё па вярхах.
Возьмем, напрыклад, прозу Веранікі Ляўчук.
З біяграфіі:

Вераніка Ляўчук нарадзілася 23 сакавіка 1990 года ў Гомелі, жыве ў Мінску. Па адукацыі лінгвіст, выкладае англійскую мову, піша дысертацыю. Пры нагодзе выпраўляецца ў падарожжы, малюе акварэллю, танцуе кейлі-рылы ды полькі. Бае казкі.

Так і хочацца прадоўжыць: “пры нагодзе пішу і беларускія тэксты”. Бо аматарства баек ад Веранікі навідавоку.
Вось вам пачатак:

Парадзіха крычала. Яе стогны бянтэжылі ўвесь маёнтак Бокша, што прыхаваўся ў лясах пад Смаргонню. З кожным стогнам мужчыны курчыліся, а жанчыны дзякавалі Госпаду, што іх такі лёс абмінуў. З кожным енкам каты скручваліся ў клубкі і забіваліся глыбей пад шафы. З кожным крыкам нават стары пан Богуш, валадар сядзібы, хрысціўся і касавурыўся на акно. З кожным крыкам малады муж торгаўся і кідаўся да зачыненых дзвярэй, за якімі памірала каханая.
Роды пачаліся на змярканні. Пан Богуш быў падрыхтаваны: ён загадаў зачыніць шыбы і дзверы, нявестку, павітуху і трох пакаёвак адвесці ў глухое памяшканне, дзе расставілі стос ручнікоў, вёдры вады, міскі, зёлкі, нажы, ніткі, Біблію.
Сям’я Богушаў славілася мужчынскім родам. Хлапчукі з’яўляліся на свет лёгка і хутка. Яны нараджаліся моцнымі і здаровымі, раслі разумнымі і прыгожымі і ў рэшце рэшт ператвараліся ў самавітых паноў. Але роды дзяўчат вось ужо апошнія тры пакаленні праходзілі цяжка.
Жанчына пакутавала дзень і ноч, і на золку прылятала сінічка. Яна стукала дзюбай у акно, і неўзабаве паміралі і дзіцё, і матка.
Суседзі казалі, што ў сям’і завялася кікімара, бо з падпечка нібы чуўся візгат, які змаўкаў, калі маці пачынала песціць немаўля. ;Але ж адкуль было ўзяцца кікімары? — дзівіўся пан Богуш. Род Богушаў здаўна вызначаўся паважанымі і богабаязнымі людзьмі. Ад Бокшы-заснавальніка і да апошняга нашчадка, у якога яшчэ малако на вуснах блішчыць, — усе людзі годныя, выхаваныя і сарамлівыя. Ніводнай зневажальнай гісторыі ці бруднай плямы. За тое і шанавалі ва ўсёй ваколіцы Смаргоні. Кікімарамі ж, як вядома, станавіліся дзяўчаты, якіх маткі праклялі да нараджэння. А яны з Катажынай, з не менш богабаязнага роду Сінцэвічаў, пражылі шчаслівае жыццё, нарадзілі пяцёх сыноў і хутка адсвяткуюць залатое вяселле. У родзе Богушаў дзяцей любілі і з радасцю чакалі кожнага спадкаемцу. Не можа быць ніякай кікімары. Глупства гэта, прымхі, бязбожная справа, — талдычыў суседзям стары пан Богуш.
Стогн парадзіхі перайшоў у лямант і змяніўся тужлівым плачам. Пані Катажына пляснула далонню па аконнай раме і накіравалася да сходаў. Прыступкі паскрыпвалі, свечкі кідалі слабыя цені на партрэты, некаторыя агеньчыкі згасалі, пакуль жанчына імкліва падымалася ва ўласны пакой для адпачынку.

Парадзіха дзіка крычала, а стогны яе ўсяго толькі “бянтэжылі” людзей. Аднак жа ад гэтых стогнаў мужчыны – “курчыліся”. Яўны дысананс у падборы слоў.
“Зачыніць шыбы” – кепскі выраз. Правільна будзе “зачыніць вокны”. Бо шыба ўсяго толькі шкло.
“Кікімара” – слова, упадабанае і распаўсюджанае па тэксце Ляўчук, выглядае чужародным для беларускай мовы, як быццам русізм. Арфограф яго падкрэслівае.
“Пяцёх” – старамодна, правільна па граматыцы “пяцярых”.
“Талдычыў” – русізм, няма ў слоўніках.
“Свечкі кідалі слабыя цені” – кепска, не могуць свечкі кідаць цені, а толькі водбліскі ці святло. Цень – гэта калі свечку нечым зацяніць.
Увогуле ўвесь тэкст – благая пародыя на самыя дрэнныя гістарычныя раманы беларускіх пісьменнікаў. Не людзі жывыя там прысутнічаюць, а нейкія функцыі, маскі. Маскарад, адным словам. Нічога маладая пісьменніца не ажывіла ў тэксце. Таму што літаратура не пішацца “пры нагодзе”, праміж урокамі ангельскай мовы. Справа гэта сур’ёзная. Ну а рэдакцыя магла хоць бы паправіць самыя яўныя русізмы. Гэтак, праз дзяржаўныя часопісы, украдваюцца ў мазгі чытачоў і студэнтаў сістэматычныя памылкі. Бо яны ж думаюць, што там непагрэшныя карыфеі сядзяць.


ЛіМаразм-242

У духоўных цянётах

Гэтым разам пачнём, спадары, з сайта “Звязды”. Гэтае гожае стварэнне ўражвае формай. Але мы пра змест. І яшчэ вузей – пра літаратуру. І зусім вузка – пра нацыянальную паэзію. Бо толькі яна і ёсць значным у культурным жыцці.
У падраздзеле “Маладосць” павешаны фота і вершы сталага насельніка нашай рубрыкі Дуброўскага-Сарочанкава. Лічыльнік паказвае блізу 250 цікаўных наведнікаў на сённяшні дзень. Аднак колькі вісяць там вершы – незразумела, бо не ўказана, з часопіса яны ўзятыя ці не. А калі з часопіса – то з якога нумара?
Карацей, будзем разглядаць толькі вершы, таму што тэкст застанецца непахісны і праз сотні гадоў.
Дуброўскі-Сарочанкаў замахваецца не менш, як на вечнасць. І толькі вечнымі катэгорыямі аперыруе:


* * *

Выслізгвае з-пад ног Сусвет,

галактыкамі распадаецца,

кітайскай граматай планет

і зорак, радасцей і бед,

а дзе шукаць таго кітайца,

які б раскрыў яе сакрэт?

 

Бо сэнс выслізгвае з-пад ног,

бяздоннем робіцца дарога…

А ўсё таму, што кінуў Бог

пад ногі гэтыя так многа!


Я не бачыў Сусвету, які б выслізгваў з-пад ног. Хіба ў мозгу п’янага чалавека, які неспадзеўкі пакаўзнуўся і паляцеў долу. Праўда, потым мы даведваемся, што “ногі” для паэта ўмоўная штука, а насамрэч азначаюць розум. І для розуму сусвет неахопны. Для гэтай геніяльнай высновы аўтар наварочвае шмат рознага. Напрыклад, “галактыкі”, якія нагадваюць “кітайскую грамату”. Тут верым. А ўжо галактыкі ў сваю чаргу распадаюцца на зоркі і планеты, а тыя – на радасці і беды. Глыбока капае, аднак… І для ўсяго гэтага патрэбны Дуброўскаму кітаец, які б яе, грамату, раскрыў. “Дзе кітаец!” – трывожыцца аўтар, тады як насамрэч кітайцаў мільярды.
У апошняй страфе сэнс выслізгвае з-пад ног (мы ж здагадваемся – уцякае ад розуму), а нейкая дарога робіцца – бяздоннем. Такая хітрая зашыфроўка зроблена “таму, што кінуў Бог пад ногі гэтыя так многа!” Вобразнасць паэтычная пры канцы стухла. Зрэшты, яе не было ад пачатку. Яе падмянялі сухая рыторыка і пазіраванне ў вобразе Канта.
Выраз “А ўсё таму, што” – для паэзіі згубны, немілагучны.
А злучэнне “пад ногі гэтыя” выклікае законнае пытанне, чые “гэтыя” ногі?
Аднак насамрэч ужо не спытаеш, бо паэт нас не чуе. Ён заняты наступным клонам першага твора:


* * *

У дробязі стагоддзяў гіне веліч

няўлоўных і няўрымслівых хвілін.

Нябёсы ўжо даўно папунсавелі,

і пахіснуўся свету равелін,

а мы яшчэ так многа не паспелі,

недаглядзелі і не зразумелі…

 

У дробязі галактыкі схавана

бяздонне кроплі, глыбіня цюльпана,

як бездань духу, чый схаваны след

у дробязі сталіц, дзяржаў, планет.


Ты выбачай, чытач, што я павучаю філолага-навукоўца Дуброўскага-Сарочанкава паэтычнай грамаце. Такое бывае. Бо філалагічная адукацыя да паэзіі не прыводзіць, і ў гэтай сферы Дуброўскі настолькі ж непісьменны, як крытык рубрыкі – у баскетболе, напрыклад.
Што за “дробязь стагоддзяў” – не прасякнуўся я аўтаравай ідэяй.
“Нябёсы… папунсавелі” – няясна, для чаго і навошта так выйшла.
Выраз “свету равелін” – застаўся для мяне таямніцай.
Словазлучэнне “а мы яшчэ так многа не” – коснаязыкае для паэзіі.
У апошняй страфе амаль усё вылучана тлустым, бо Дуброўскі безупынку паўтарае адны і тыя ж словы: дробязі, бяздонне, бездань, схаваны, дробязі, схавана… А яшчэ і ашаламляе метафарай – “глыбіня цюльпана”… Пранікнуць бы ў тую глыбіню, сапраўды.

Перагледзеў выпуск 168, дзе Дуброўскі-Сарочанкаў быў злоўлены ў пісанні верша па трафарэце “Гамлета” Барыса Пастарнака. На што навуковец праз некалькі тыдняў даслаў вашаму крытыку каментар, намякаючы на яго дэбільнасць, а з дэбіламі, маўляў, чаго размаўляць. Між тым яго плагіят быў выразна даказаны. І прыходзім мы да высновы, што людзі з маніяй велічы жывуць непарушна ў малым свеце сваім ды нішто іх у адваротным не пераканае. У той праславутай падборцы Сарочанкава таксама мёртвай тушай ляжалі вечныя і бяздонныя катэгорыі. Тая ж тэматыка, што і цяпер. Бо вялікі талент да абыдзеннага не спускаецца.
Як тады, гэтак і цяпер вельмі цяжка падвесці рахунак. Бяздарнасць навукоўца навідавоку. Як і тое, што яго ў гэтым не абразуміш. Бо бяздарнасць тут ваяўнічая. А сайт “Звязды”, аднак, не вынайшаў нічога больш смешнага, як павесіць вершаваныя патугі навукоўца на тытул “Маладосці”. Гэта не тэатр абсурду. Гэта наша рэальнасць.

Цікавае зрабіў толькі што адкрыццё: Міхась Южык некалі хваліў паэзію Дуброўскага-Сарочанкава! І было тое ў артыкуле для “Тэкстаў” – “Тэхналогія паэтычнага вычування” (знайсці яго можна тут).
Урывак:

Гэта адна з кніг, якія мне найбольш спадабаліся. Па-першае, з творчасцю аўтара я быў не знаёмы і яго эстэтыка, філасофія, тэхніка вершаскладання сталіся для мяне пэўным адкрыццём. Аўтар мае сур’ёзную філалагічную адукацыю, а таксама скончыў Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай, як пазначана на вокладцы, таму вершы яго нібы адбіваюць пройдзены навуковы шлях. Адразу заўважу, што яны занадта засушаныя, не адчуваецца “гарачага сэрца”, якое звычайна ёсць прыкметай буйнога паэта. Многа філасофіі, супрацьпастаўлення ўласнага “я” свету гэтых кузурак зямнога шару – простых людзей, якія не валодаюць дарам паэзіі, дарам спрычынення да містычнага, сакральнага, куды пастаянна імкнецца сп. Дуброўскі-Сарочанкаў.

Уяві тады, спадар чытач, агульны масіў беларускіх кніг, з якім мне даводзілася працаваць для артыкула, каб на фоне іх упадабаць паэзію Сарочанкава. Глянуў: вершы паэта сапраўды былі лепшыя, чым цяпер. А вось і прычына дэградацыі: “скончыў Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай”. Там і адбыўся сектанцкі захоп свядомасці, пра які мы пастаянна гаворым. Ох ужо гэтыя “цэрквы веры евангельскай”, пад якімі нярэдка хаваюцца прайдзісветы розных масцей, а часам і хітрэнныя сатаністы… Пашкоджаная свядомасць адэптаў пачынае мысліць надзвычай аднабакова, усё жывое, чалавечае, што так любіў і нават уваскрашаў з тлену Збавіцель, – знікае. Застаюцца сухія формулы пра “вечнасць”, “сусвет”, “галактыкі”, “атамы” і “бяздонне”, пра мёртвае і нячулае. А між тым першы цуд Хрыста на зямлі быў – ператварэнне вады ў віно. Ну гэта да слова, бо Сарочанкаў усё адно не дапне са сваіх духоўных цянётаў.


ЛіМаразм-243

Праўда класічнага строю

Падборка Кацярыны Захарэвіч прадстаўлена ў №5 “Маладосці” 2016 года.

Кацярына Захарэвіч нарадзілася 27 жніўня 1994 года ў Докшыцах. Студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі БДУ, рэдактар аддзела спецыяльных праектаў часопіса «Бярозка», карэспандэнт часопіса «Маладосць». На вяртанне да напісання вершаў Кацярыну натхніла творчасць Людмілы Рублеўскай і Анхелы Эспіносы.

Докшыцы ў мяне асацыіруюцца з бульбаю, на збор якой адпраўлялі нас, студэнтаў першага курса Радыётэхнічнага Інстытута ў 1986 годзе, – па навакольных вёсках на 40 дзён. Тады я ўпершыню даведаўся, што такое ёсць сапраўдная Беларусь, што туалет можа быць непасрэдна ў каноплях за хатаю, што ў вёсцы няма крамы, а ўся моладзь збегла некуды да ваннаў і тэлевізараў. Адны старыя поркаюцца па локці ў неадрыўнай сялянскай працы.
Вось з падобных месцаў і павыходзілі беларускія класікі савецкай літаратуры.
Але ж Кацярына Захарэвіч не такая, а супрацоўнік холдынгу “Звязда”, і журналіст за сучасным кампутарам, і піша паэтычныя творы.
Большасць тэкстаў выклікаюць прыемнае ўражанне. Пошук свайго стылю. Немнагаслоўнасць. Спроба ясна выяўляць думкі. Адсутнасць какецтва.
Уступны твор:

***
Перамелецца, кажуць,
і будзе назаўтра мукой.
Не хачу быць мукой!
Я хачу быць каменнем на жорнах!

Абяцаюць з узростам спакой —
мне не трэба спакой!
У спакоі душа вільгатнее,
гніе, быццам порах.

А раз порахам быць — дык не гніць,
А цудзіць і здзіўляць!
І гарэць феерверкам,
Ды хто нашы лёсы прадкажа?

Перамелемся, будзем мукой.
А здабыты спакой
Вуркатліваю коткай
на грудзі старэчыя ляжа.

Прыкметная экспрэсія, угрунтаваная на ўнутранай эмацыйнасці. Захарэвіч спрабуе яе зацугляць вершаваным строем. Атрымоўваецца не заўсёды.
Выраз “не трэба спакой” трохі бянтэжыць, бо звыкла будзе “не трэба спакою”, або “патрэбны спакой”.
Два апошнія радкі трэцяй страфы не маюць звязнай логікі: “І гарэць феерверкам, Ды хто нашы лёсы прадкажа?” З кручы ў ваду: то феерверк, а то рытарычнае пытанне ставіцца… Недапрацоўка. Да таго ж слова “лёсы” арфограф падкрэслівае як чужароднае. Беларускія класікі, якіх у нас шануюць бязмерна, абыходзіліся зазвычай адзінкавым лікам – “лёс”.
Фраза: “спакой Вуркатліваю коткай на грудзі старэчыя ляжа”. – хораша, талкова і сцісла.
Яшчэ верш:

***
Аскепкі паперы ўгрызаюцца ў мякіш далоні,
Аскепкі надзеі ўпіваюцца ў мякіш душы.
Істота, якую ты вечна лічыла сабою,
Параненым зверам да ўласнай канчыны бяжыць.

Аскепкі паперы калісьці ты вершамі звала,
Пакуль не ўзляцелі яны чарадой жаўрукоў.
Надзея, яшчэ не разбітая, іх акрыляла
Пакуль не запляміла пер’е бялюткае кроў.

Тут выяўляецца стан роспачы, расчаравання. Вечная тэма. Не новая філасофія. Але выяўленая не разбэрсана, а складна і ладна. Уводзіцца заведамая няпраўда – аскепкі паперы, якія настолькі цвёрдыя і каляныя, што ажно ўгрызаюцца ў далонь. Аднак гэты мадэрн не шкодзіць цэласнасці, апошнія два радкі першай страфы атрымаліся паэтычна выразнымі. Але адна абмылка іх сур’ёзна пашкодзіла: русізм “канчыны”, тады як па-беларуску ўсім вядомае – “скону”.
Першы радок другой страфы праясняе, чаму аскепкі паперы рэжуць – гэта вершы.
Апошнія два радкі падкрэсліваюць трагізм сітуацыі. Аднак кроў і гібель птушак ужо досыць скарыстана паэтамі ў вобразным плане, яе варта асцерагацца. Узяць хаця б усім вядомае «Над землей летели лебеди».
У цэлым верш акуратны.

Наступны твор Захарэвіч:

***
З лаўца над ложкам спрэс лунаюць мроі,
Якія ў хітры трапілі палон:
На павуцінку, што над галавою
У колцы беражэ няўлоўны сон.

Мне мроіцца рака, што хуткай плынню
Змывае вехі, дзеі, гарады.
Імёны і пачуцці — ўсё абрыне,
Усё, што меркавалі назаўжды.

Мне мроіцца, што я стаю ў вадзіцы —
Яна мне прахалодзіць скуру ног,
Пяшчотная, што нельга наталіцца —
Ды адчуваю ціхі вір эпох.

У зносцы паясняецца нам, што лавец – індзейскі талісман, які аберагае язычнікаў у сне ад злых духаў.
Слова “спрэс” у дадзеным кантэксце цяжкаватае, асацыяцыя з прасам прыходзіць. Фармулёўка наступнай фразы няўдалая: “На павуцінку, што над галавою У колцы беражэ няўлоўны сон”, – доўга над ёй думаеш і так ні да чаго не даходзіш.
Апошнія ж два радкі другой страфы – няблага, апроч літары “ў” пасля працяжніка. Гэта не проста парушэнне граматыкі, гэта пры чытанні ўслых пасля паўзы, выкліканай працяжнікам, складана галасавым звязкам вымавіць пусты гук. І яшчэ: “усё” і “ўсё што” – у лірычным строі не трэба гэтымі выразамі часціць, а напісаўшы – прарэджваць.
Фраза “Пяшчотная, што нельга наталіцца”  адносна “вадзіцы” выклікае сумнеў. Бо наталяюцца звычайна актыўным, а не пасіўным дзеяннем. Напіваюцца, на-бегваюцца, на-гледжваюцца, на-любліваюцца, на-дыхваюцца і г.д. Да таго ж адразу ідзе прагматычнае, навуковае: “Ды адчуваю ціхі вір эпох”.
Верш атрымаўся не згарманізаваны.
Маладой паэтцы Кацярыне Захарэвіч ёсць куды расці, бо існуюць прыродныя лірычныя задаткі. Прысутнічае і пачуццё меры – не лезці ў тэмы ці вобразы, дзе будзеш выглядаць недарэчна ці дурнавата. Ну і прытрымліванне класічнага строю, безумоўна, дысцыплінуе і ўзвышае душу.


ЛіМаразм-244

Па апошнім узоры

Мінулае дзесяцігоддзе выявіла ў нашай паэзіі новую сітуацыю – раздваенне нацыянальнай свядомасці. Адны да прымітывізму паўтараюць школу БССР або хрыпата апяваюць лучнасць з Расеяй, Узбекістанам, Казахстанам, – Усходам. Другія гарэзуюць з Захадам, нібы паказваючы яму, што і яны не ў кулак смаркаюцца, а могуць тонка, меланхалічна, ажурна, не экспрэсіўна, а вялым верлібрам… Прычым гэтае заігрыванне ажыццяўляюць цэлыя часопісы. Пра “Верасень” пакуль не стану казаць, але “Дзеяслоў”, “Тэксты” пастаянна пасылаюць Захаду запрашэнні – гляньце на нас, мы амаль ужо такія, як вы. Ну а затым як бы працягваецца ўяўнае: дайце нам грошы, звергніце рускамоўную ўладу, ажыццявіце пераход у нацыянальную плынь, ураўнуйце з вамі грамадзянскія правы, а галоўнае, матэрыяльны ўзровень. І мы зліёмся ў экстазе лібералізму, раю зямельнага… Ну і гэтак далей – паводле фантазіі. Але агульны пасыл менавіта такі.
Дзеяслоў нязменна друкуе новых паэтаў, якія хочуць выглядаць моднымі, пачынаючы ад велічных фотаздымкаў і канчаючы іх нестандартнай філасофіі тэкстамі. Дэбютанты быццам хочуць сябе паказаць некаму, выглядаць добра перад некім, здзівіць некага. Тады як сапраўдны паэт такой мэты ніколі не ставіць, а спавядаецца і служыць аднаму Госпаду Богу («Исполнись волею Моей» А.Пушкін). З тых, хто не гарэзаваў з соцыумам і не пазіраваў яму, у Беларусі магу назваць хіба Багдановіча ды Караткевіча. Можа, Гадульку па яго поўнай адрэзанасці ад грамадства. Астатняя большасць нашых творцаў захоплена менавіта пазіцыяніраваннем і роляй у яго вялікасці соцыуме. Хто галоўны байкапісец, хто вытворчы і партыйны раманіст, хто пясняр Вялікай Айчыннай, хто першы верлібрыст-філосаф, хто рублёвы Ленін, хто адзіна правільны гісторык, хто суразмоўца з Богам пра Беларусь, хто настаўнік падлеткаў. Роля і ніша, з якой вызіраюць хітрыя вочы: я наколькі я вас уражваю?
У нумары 72 “Дзеяслова” падобнай хваробай заражаны выступае:

Хадзінскі Павал – паэт, фатограф. Сузаснавальнік студыі «Ліхтар». Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Мінску, дзе і жыве.

Тут ужо сам Бог загадаў фатографу выступіць з велічным фота. Таму да майстра фотааб’ектыва прэтэнзій няма. Што тычыцца паэзіі, то вірус Бродскага, якога сусветнае яўрэйства вывела на Нобелеўскую прэмію, навідавоку. Аднак перш чым паглыбіцца ў даволі бесталковы верлібр і англамоўную эсэістыку, Іосіф Бродскі доўга пабыў выдатным класічным паэтам. З безумоўна сваім тварам. Даволі непрымірымым і жорсткім. З пакутлівай біяграфіяй. Прычым добра ўгрунтаваным у нацыянальнае рускае. Свой хлопец, русак. Гэта выразна бачыцца па яго першых зборніках. А потым пайшоў адрыў ад нацыянальных каранёў, заігрыванне з англасаксамі і – дэградацыя.
Але мы любім і цэнім Бродскага за яго лепшае, на пустапарожнюю ж філасофію і познюю пыхлівасць як бы вочы заплюшчваем.
Нашы маладыя паэты часам бяруцца адразу скочыць у дамкі ды стаць Бродскім без класічнай школы яго, без вытачанага майстэрства.
Уступны твор Хадзінскага:

ДЖ

Пакуль не замерзне мая рака,
сумніўна ўскормленая сем’ямі пыхі.
Імчыць, састарэлая,
у зморшчынах каляіны:
бурліва, гулліва ўсмоктвае хібы.
Змакрэлыя рукі, нібы толькі на волю –
пакуль не замерзне мая рака.
На ёй пабудую я дом з жорсткіх высілкаў,
накіды фрэсак па лініях льду.
Горача дзе, я залью атынкоўкаю:
хвалебна мне сведчыць аб шанцы жыцця –
калі ўпадзе і, прабіўшы лёд дзіркамі,
распусціцца ціха ў падлёднай вадзе.
Пакуль не замерзне мая рака,
яна пераможа праз яе сувязі,
але хутка прыйдзе Ён, каб спытаць:
смерць, дзе тваё джала?

Чалавек малады, і ў яго нават больш экспрэсіі, чым у апошніх вялых верлібрах беднага Бродскага. Аднак непрафесійнасць адразу тыркаецца ў вочы. Выразы сфармуляваны туманна, думкі плывуць, вобразы накочваюць адно на аднаго, сціраюцца, потым зноў зіхацяць долю секунды. Разблытваць гэтую мысленчую мешаніну няпроста. Ды і навошта, скажыце?
Хаця паспрабуем перадаць агульны сэнс па-чалавечы: нехта, напэўна душа, імчыць па рэчышчы лёсу, набывае досвед, фармуе светапогляд, спяшаецца, пакуль зусім не замерзне і пойдзе на нейкі Суд. Ідэя добрая. Годная. Выкананне кволае. Валоданне мовай слабае. Запас слоўнікавы для паэта – мізэрны. Фанетыка бляклая. Але ўсё гэта на фоне Шэкспіра ці Лермантава. На фоне ж нашых графаманаў, што п’юць кроў “Мастацкай літаратуры”, дык і няблага, дык і нечым свежым павеяла і сапраўдным. У галоўным – нутраной шчырасці – Хадзінскі не пазіруе. Але ён, як фатограф, шукае выгадны ракурс сябе падаць. А на гэта варта было б забыцца і стаць натуральным. Крытыка і праніклівага чытача не падманеш: вобразы мусяць быць не выцягнутымі за вушы: без непаэтычных “зморшчын”, “усмоктвае”, “жорсткіх высілкаў”, без “дзірак лёду”. Ужо велічна пішаш па сэнсе – то адпавядай формаю.
Зусім коратка па яўных хібах.
Рака “састарэлая”, але імчыць “імкліва, бурліва”. Дысананс.
У першым сказе наогул апускаецца назоўнік і няясна, хто імчыць. Пачынаеш напружвацца, сердаваць.
“Атынкоўкаю” – недарэчнае непаэтычнае слова.
“Пераможа праз яе сувязі” – коснаязыка.
“Льду” у кантэксце няправільна. Трэба пасля зычнай хаця б “ільду”, а яшчэ ямчэй і па-беларуску “лёду”.
“Калі ўпадзе” – не ўдакладняецца, хто ўпадзе. Перарываецца лагічны ланцуг.
Нехта “Ён” пытае дзівоснае: “Смерць, дзе тваё джала?”. Або трызненне, або блюзнерства, або сатанізм.
Верш правальны. Хоць мог быць някепскім, папрацуй аўтар з гіпатэтычнымі рэдактарамі і ўпарадкуй свядомасць, ачысціўшы яе ад кармы, чакраў, рэінкарнацыі, энергетыкі, інфармацыйных  палёў ды іншага блуду.

А вось рэдкая спроба класічнага верша, хай і з фанабэрыстай адсутнасцю знакаў прыпынку, выйшла на парадак лепшая:

ЛЕТАРГІЯ

не ўзрадуе не ўгрэе не кране
не торкне не параніць і не ўсцешыць
усё , што не пасуе да цябе
што з іншымі цябе змяшае-змесіць

я столькі выткаў і знасіў радна
і слепнуў столькі раз ад зорак
што бачу – толькі ты гарыш адна
на іншых больш не чуйны зрок мой

няхай мой свет убогі і малы
не трэба неба мне над галавою
хай летаргічныя лунаюць толькі сны
дзе я жыву дзеля цябе з табою

Чатыры ўдалыя знаходкі вылучаны падкрэсліваннем. Каструбаваты апошні радок – таксама, але тлустым. “Не трэба неба мне” – роўна тое самае, сякерай пісана.
“Слепнуў” – памылка граматычная, правільна “слеп”.
"Столькі раз" – русізм, правільна "разоў".
Менавіта тут і відаць, што аўтар чалавек тонкай творчай арганізацыі, але да верлібра не гатовы, дый не патрэбнае гэта яму. А вось па ўзоры апошняга верша (які ну на парадак ярчэйшы за ўзоры Камейшы, Шніпа, Макарэвіча, Зэкава) – варта засяродзіцца і працаваць, працаваць. А там будзе, як будзе. Прынамсі не станеш губляць час на зусім тупіковае.


Лімаразм–245

Чыстыя ноты

(гэты даўнаваты артыкул я палічыў вартым рубрыкі, бо надалей збіраюся пісаць не толькі пра перыёдыку, але і пра беларускія кнігі)

Нядаўна выйшла ў свет кніга паэзіі Міколы Кандратава «Кроплі дажджу» (Мінск, ЛогвінаЎ, 2013, Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»).
 Мікола Кандратаў даўно вядомы ў літаратурных колах як таленавіты паэт, перакладчык. Аб гэтым сведчаць дзве яго папярэднія кнігі вершаў – «Возера Рудакова» (2002) і «Вершы і зоркі» (2008). Калі б у літаратуры існаваў такі бясспрэчны крытэрый, як абсалютны слых у музыцы, то вершы Кандратава я вызначыў бы праз адсутнасць у іх фальшывых нот. Такім чынам, у паэта прысутнічае абсалютны паэтычны слых, а гэта, па-мойму, аснова паэзіі. Ад таго «Кроплі дажджу» і выйшлі звонкімі, празрыстымі, як чыстыя ноты. І гэта пры тым, што лірыка паэта далёка не легкаважная – там не адны летуценні, а шмат філасофскіх ідэй, рэфлексій, болю за Беларусь, за краіну са страчанай мовай. Страчанай народам, але не паэтамі, якія мужна нясуць свой крыж і даносяць жывое слова да нешматлікага, але ўдзячнага чытача.
 
Адкуль бяруцца словы – з думак ці
з расы, празрыстых позіркаў і промняў?
Садзіцца слова птушкай ці ляціць
стралою з недасяжных нам узроўняў?
 
Адкуль бяруцца словы – з нематы
ці з мітусні і ранішняга тлуму,
ці з рэха, што арэхам на сады
скацілася?..
Ці гэта Бог задумаў.
 
Паэт нібы адчувае сябе перадатчыкам касмічнай гармоніі, служыцелем Музы. Але, у адрозненне ад некаторых (шматлікіх) паэтаў, у Кандратава не бачна ані каліва ганарлівасці, пыхі, ад сваёй «абранасці», здольнасці праз слова размаўляць са светам, чуць Космас. Гэта прыкмета гарманічнасці асобы, яе ўраўнаважанасці з людзьмі і прыродай.
 
Найлюбасных у Музы не бывае –
такога, каб адзін і на вякі.
Яна невыпадкова выбірае
і раздае абраннікам цвікі.
 
Натхненне акрыляе. Ці надоўга –
залежыць ад празрыстасці душы.
Пакіне – і не вымучыш нічога,
хоць воўкам вый – пішы ці не пішы.
 
Бачна, што паэт адчувае магчымасць сваёй гармоніі з сусветам не ў статычнасці, не ў бяздзейным сузіранні, а ў творчасці. Яго сэрца як бы заўсёды расхінутае для подыхаў Музы, для натхнення, якое вядзе за сабой, а часам і абганяе.
 
Куды спяшаеш, сэрца,
удзень і нават ноччу –
бяжыш, нібы сагрэцца
у люты холад хочаш,
 
бы за табой нясецца
галодных думак зграя?
Я за табою, сэрца,
ужо не паспяваю.
 
Даўно знаёмы з паэзіяй Міколы Кандратава і, можна сказаць, па-беламу зайздрошчу яму ў тонкім адчуванні светлых стыхій прыроды. Ёсць у Кандратава нешта сугучнае з Пастарнакам і Багдановічам, так блізкае мне, калі няўлоўнымі нюансамі верш перадае светлыню, вымаючы яе з самых простых рэчаў.
 
Над зямлёю княжыць поўня,
зоркі-воі, нібы світа,
перамогай сэрцы поўняць –
легіёны хмар разбіты.
 
І святло на дол ліецца,
як прытоеная радасць,
у якой і болю цесна,
і лягчэй з нябёсаў падаць.
 
Або:
 
Дождж ад раніцы ідзе
досыць цёплы.
Скачуць кроплі па вадзе,
танчаць кроплі.
 
З паўгадзіны мо стаю
ля таполі,
назіраю, як зямлю
лашчаць кроплі.
 
Хочацца адзначыць і такую асаблівасць паэзіі Кандратава, як пачуццё рытму, разнастайнасць формы, выверанасць і арыгінальнасць рыфмаў, смеласць у паэтычных эксперыментах. Гэта невыпадкова, бо па прафесіі Кандратаў матэматык, працуе праграмістам. Такое вось рэдкае спалучэнні прыроджанага лірызму і схільнасці да матэматыкі дае плён.
 
Маю досвед двух жыццяў –
вытворчага і творчага.
У кожным з іх я іншы.
Заглыбляючыся ў адно,
амаль забываюся пра другое.
Але ў кожным
час ад часу імкнуся выпіць сябе,
каб зноў напоўніцца,
нібыта пішу тонкім пэндзлем шчырасці
дыпціх свайго дзіўнаватага лёсу.
У першым свеціць акно манітора,
у апошнім – сонца паэзіі.
 
Дарэчы, кніга разбіта на раздзелы. Раздзел верлібраў называецца іранічна «Крок убок». У адным з такіх вершаў пазначана і стаўленне паэта да нетрадыцыйнага верша:
 
Калі адбываецца пахаванне рыфмы,
паэзія працягвае жыць
у алітарацыях і перагуках.
Калі знікаюць перагукі,
застаюцца промні вобразаў.
Калі пачынаюць знікаць вобразы,
паэзія трымаецца верай,
у ёй яшчэ б"ецца сэрца рытму.
Але калі знікае вера,
застаюцца камяні маўклівасці.
 
Мне больш даспадобы традыцыйныя вершы Міколы Кандратава, там найпаўней выяўляецца яго сутнасць, чуйнасць да слова і музыкі верша. Аднак паэт не проста пясняр Прыгажосці, ён адчувае, як кампутарная агрэсіўная сучаснасць наступае на паэзію, як паэты, апанаваныя прагай змянення, гардыняй, становяцца апантанымі разбуральнай ідэяй, дысгармоніяй, багаборствам.
 
Вымагае эпоха глынуць мухамораў сухіх,
каб зайсціся ў шчаслівым экстазе.
І на змену ямбічна-харэйнаму культу
прыходзіць паэт-камікадзэ.
 
Ён гатовы ўзарваць гэты свет састарэлы,
чуллівы і рытмізаваны,
і ідуць праз пустэльні стагоддзяў былых
дзёрзкіх вершаў яго караваны.
 
Мікола Кандратаў выразна бачыць сваю задачу, місію ва ўратаванні свету праз прыгажосць, як гэта раней задэклараваў Дастаеўскі. Пакуль звініць прасветленае слова – душы людзей маюць шанц пацяплець, а сэрцы адтаць. Пакуль жывыя паэты – не самаўлюбёнцы, не эпатажнікі, не кар"ерысты, – а сціплыя служыцелі Музы, якімі былі ў беларускай літаратуры Багдановіч і Караткевіч, – свет устаіць, людзі не перагрызуць адно аднаго ў адвечнай дзяльбе дабротаў.
 
Калі памірае паэт,
становіцца свет бяднейшым.
Хай лічыць прыхільнік манет,
нібыта не золата вершы.
 
Яму не пачне балець,
што свет без паэтаў псее.
Калі памірае паэт,
Зямля, як дзіця, сірацее.
 
Зямля апранаецца ў ноч,
дзе светляцца зорныя словы...
Пакуль у краіне адной
паэт не народзіцца новы.
 
У паэтаў сіла таленту, магчымасць уздзейнічаць на чытача часта спалучаюцца з асабістым болем і, чаго там таіць, з нездароўем душы. Шэраг геніяў, хворых на алкагалізм, усе добра ведаюць... І толькі рэдкія паэты стваралі шэдэўры праз здароўе і гарманічнасць душы. Такімі былі Багдановіч і Пастарнак, з якімі я інтуітыўна сугучваю Міколу Кандратава. Гэтая паэзія лекуе.
 
Кніга «Кроплі дажджу» выйшла самавітым па цяперашнім часе тыражом – 300 асобнікаў. Спадзяюся, яна знойдзе чуйнага чытача.
 
На скразняках позняй восені
першым павеяла холадам.
Зоркі ў нябесным возеры –
кроплі застылага золата.
.........................................
Бо, як на споведзь да Бога,
кожнай спяшаецца раніцай
сэрца дзяўчынкаю босай –
і не баіцца параніцца.


ЛіМаразм-246

Караблікі смеху ў моры Паныласці

Не так даўно зразумеў для сябе, чаму не перачытваю, напрыклад, Буніна, Набокава і не люблю амаль усю беларускую прозу: мяне апаноўвае нуда. А прычына яе – адсутнасць у аўтараў пачуцця гумару, усё робіцца з каменнай сур’ёзнасцю.
Здаецца, па словах барона Мюнхаўзена з вядомага фільма Захарава, усе глупствы на свеце дзеяцца з сур’ёзным выразам твару. Выдатны лірык Бунін, ці, скажам, Тургенеў, але мала экспрэсіўныя і нудлівыя. Не тое – Чэхаў, Купрын… У рускай літаратуры гумарных празаікаў не так і мала. Але і не многа.
І пачалося гэта не з прозы Пушкіна і Лермантава, а з гогалеўскага “Рэвізора” і з “Мёртвых душаў”.
А чаму не смешныя ў прозе сваёй геніяльныя расейскія паэты? Доўга думаў. Ну ладна, Лермантаў змрочны і ў вершах. Але ж Пушкін – само жыццё, іскрыцца рознымі фарбамі. Проза ёмкая, але не смешыць. Мабыць, таму, што зашмат запазычваў з заходніх празаічных узораў, бо не было ж на той час рускай прозы нармальнай. І не ведаў, як падступіцца. У выніку атрымалася досыць пасрэдна. Хоць мова празаічная Пушкіна, несумненна, жывыя і хвосткая.
 А што такое гумар у прозе? Гэта найхутчэй майстэрства рабіць псіхалагічны зазор, калі на несур’ёзныя рэчы глядзіш надзвычай сур’ёзна, а на важкія – легкаважна. Вось гэта і стварае стэрэафанію, узрывае эмоцыі чытача. І абучыцца такому, думаю, нельга – тое біяхімія мозгу аўтара, асаблівасці яго характару.
Калі нехта дужа стараецца рассмяшыць, у яго гэта зазвычай не атрымоўваецца. Ну максімум на ўзроўні перадачы “Аншлаг”. А вось каб пісаць абсалютна грунтоўную прозу і бесперастанна пацяшаць чытача – на такое здатны хіба Дастаеўскі. Кароль гумару, менавіта так яго называюць некаторыя расейскія літаратуразнаўцы. Гумар той цяжка ад пачатку ўлавіць, выйсці на адну хвалю з аўтарам. А ўлавіўшы – ужо не злезеш, і астатнія празаікі здаюцца нейкімі поснымі. Але не ўсе, напрыклад, дзікі гумарыст і Аляксандр Салжаніцын. Прычым найперш – у самым страшным творы сваім, “Архіпелагу ГУЛагу”. Мне часам рабілася жудасна, калі на апісанні сцэнаў лагерных зверстваў мяне душыў рогат. А гэтым аўтар выратоўвае псіхіку чытача. Чаго ніколі не робіць, напрыклад, цяжкачытэльны Быкаў.
Такім чынам, выстраім расейскіх гумарыстаў: Гогаль, Дастаеўскі, Чэхаў, Купрын. І, як ні дзіўна, у цэлым змрочны Талстой. У яго гумар рассыпаны астраўкамі. У “Вайне і міры”, напрыклад, у сцэнах са старым самадурам князем Балконскім, у дзяльбе грошай перад смяротным ложам грпафа Бязухава, нават у тым, як паведамляе Мікалай Растоў бацьку, што ён прайграў за пару часоў сорак тысяч… Багата гумару і ў “Крэцаравай санаце”. Там таксама ім прытушваецца агульны жахлівы фон. Гумар, адным словам, прыкмета буйнога празаічнага таленту.
А хто далей, з савецкіх часоў? Ужо гаварылася – Салжаніцын. І Булгакаў часам, у “Сабачым сэрцы” асабліва, і ў некаторых сцэнах “Майстра і Маргарыты”. У “Белай гвардыі” гумару яшчэ няма, ад таго і твор вырульвае на каляіну звычайных, няяркіх і прахадных. Чытаць яго нуднавата.
З сусветнай літаратуры мяне нічога не смешыць, акрамя ў дзяцінстве – героі тоўстага рамана пра бравага салдата Швейка. Можа, не супадае мой з еўрапейцамі менталітэт, але цяпер і “Швейк” не заводзіць.
Не забываем пра Ільфа і Петрова, пра гумар іх вытанчаны сацыяльны.
Вайновіч ужо не смешыць “Чонкіным”, а толькі часткова – у антыўтопіі пра Маскву будучыні, у месцах, дзе ён злосна і яскрава пацвельвае з Салжаніцына. Зошчанка мне смешны ніколі не быў.
Такім чынам, нават у магутнай літаратуры – сапраўдных іскрамётных празаікаў-гумарыстаў мала. А добрага шмат не бывае. Прыродны закон.

Хто ж гумарысты ў нас, беларусаў?
Як ні стараўся мяне пацяшаць Караткевіч у “Цыганскім каралі” – выйшла не смешна. Менавіта таму, што дужа аўтар стараўся. Як і ў некаторых сцэнках “Замка Альшанскага”. А так яго “Каласы” – натужліва чытэльны бязгумарны твор. Як і “Леаніды не вернуцца да зямлі”. Як і ўсё астатняе. Чаму? Ну, мабыць, занадта сур’ёзны быў лірык, датклівы. Хоць паводле біяграфіі, успамінаў пра Караткевіча – у побыце вясёлы быў чалавек. Але гумарысты якраз часта змрочныя ў жыцці. Самы выразны прыклад – той жа Дастаеўскі.
Дарэчы, у Шамякіна ў “Атлантах і карыятыдах” з’яўляецца стэрэафанічны зазор у псіхалагічных партрэтах. Адчуваецца школа рускай літаратуры. Яго сямейныя і партыйныя разборкі ненавязліва смешныя, зайздроснік Карнача Макаед – амаль літаратурны шэдэўр.
Быкаў Васіль – сама ўвасобленая бледна-шэрая змрочнасць. Ад яго выходзіш прыгнечаным і прыбітым. І болей не захочаш у той “кабінет”. Хіба цябе туды павалакуць поцягам.
Мележ – дзе там гумар шукаць? Адным тонам напісана ўсё. Няма ўзрыўной амплітуды, энергіі.
Адзіны прафесійны гумарыст – Крапіва. Цяпер ужо мала пацешыць у байках. Як і яго паслядоўнік Зэкаў. Ну тое паэты. У камедыях жа сваіх Карпіва, мяркую, больш даўгавечны.
З сучасных літаратараў мяне найбольш смяшыў Юры Станкевіч. А інакш бы яго не дачытаць нават у кароткіх аповедах – настолькі яны невясёлыя ў стрыжнявым сэнсе. Але аўтар уводзіць памянёны стэрэафанічны зазор – і тэксты яго ажываюць. Так, брутальна і груба выходзіць. Як, напрыклад, раптоўны занятак аральным сексам настаўніцы з вучнем. Станкевіч апісвае гэты жывёльны акт падкрэслена без прыкметаў кахання, надзвычай сур’ёзна, як дзеянні робатаў. Недарэчнасць падачы выклікае смех. Ну і ва ўсім астатнім падобнае. Так, Станкевіч сацыяльна злы. І злосць гэтая не пераходзіць у чорны шал, менавіта ратуючыся гумарам.
Зямлячка яго Алена Брава, наадварот, аднастайная ў змроку сваім. Тут хіба можа насмяшыць дэталёвасць яе апісанняў садысцкіх схільнасцяў маці – вечнай яе гераіні. Але менавіта гэта і ўзвышае творы Брава над вядомай “Піяністкай”, з якой часта параўноўваюць яе тварэнні. Тая наогул – суцэльная бледная немач. У цэлым жа ў Брава – не весела. Ад таго пачынаеш нудзіцца.
Хто яшчэ? Ну, канешне ж, мой даўні сябар Юрась Нераток. Гумарыць ён паўсюль – ад іскрамётных баек (праўда, рускамоўных) да СМС-паэмы, некалі надрукаванай у “Дзеяслове”. Гэта ўнутранае зерне характару. Менавіта таму Нераток некалі сышоўся з Южыкам, а той з ім, – на нівеліраванні сурёзнага і несур’ёзнага, на смеху як спосабе выжывання.
Проза Рублеўскай – не вясёлая ані трохі. Прынамсі для мяне. Хоць раманістка спрабуе часам дужа смяшыць. Але, як і яе кумір Караткевіч, занадта стараецца. Не выходзіць і не заводзіць.
Адзін з нешматлікіх падкрэслена гумарных празаікаў – Вінцэсь Мудроў. Чалавек з багатай моваю, з вечным душэўным сцёбам наконт савецкай і цяперашняй рэчаіснасці. Але гумар яго занадта, як падаецца, густы. Трэба ўводзіць яго, быццам спецыі ў стравы. Тады будзе лепей. Хоць, прызнаюся, не знаёмы аб’ёмна з творчасцю празаіка. Але вопытнаму крытыку дастаткова і некалькіх аповедаў у “Калосіі” ды ў “Нашай Ніве”, каб вызначыць творчы тэмперамент. А гумарыст, якім і ёсць Мудроў, апрыёры не можа бяздарным быць. Цікавы аўтар.
Тухла аднатонны ды інфернальна сур’ёзны Альгерд Бахарэвіч. Хоць і па прыкладзе Мудрова пастаянна сцябецца, высмейвае, насміхаецца, цвеліць. Ды атрымоўваецца неяк магільна. Няма адпаведнага таленту.
Весялейшы за яго нават Глобус. Хоць гумар там гэтакі ж вісельны. Аднак мяне рассмяшылі-такі некалькі эпізодаў: напрыклад, калі Глобус з абсалютным сур’ёзам апісвае ў мемуарах веліч сваёй асобы, адцяняючы няўдачаю сябра на ўступных іспытах у мастацкую вучэльню. А потым даходзіць і да садызму мемуарыст – сябар, як дзяўчынка, разрумзаўся і выбег на вуліцу соплі жаваць. Так і бачыцца выскаленая мефістофелеўская ўсмешка аўтара. Толькі ў гэтым і гумар.
Уладзімір Сцяпан і знаны ганцавіцкі/івацэвіцкі мнагаслоў – копія адзін аднаго па непрабіўнай сур’ёзнасці насарога. Ад таго ўсё гібла ў іх, пляската, паныла.
Канец, здаецца. Застаўся адзін рускамоўны крытык беларускай літаратуры Аляксандр Новікаў. І хоць ён па-за межамі нацыянальнага літпрацэсу, скажу па доўгай з ім працы – задаткі гумарыць мае. Прычым гэта даволі нечакана сустрэць у пажылога служакі Савецкай Арміі. Аднак факт. Зрэшты, перайдзі ён на беларускую мову – талент блазна можа знікнуць, як не было. Бо ў кожнай мовы свае законы і хвалі.
Падрахоўваем: з класікаў савецкіх з пэўнай нацяжкай маюць талент смяшыць – Шамякін і Крапіва.
З сучаснікаў – Станкевіч, Нераток, Мудроў і нясціплы аўтар рубрыкі “ЛіМаразм”. Небагата. Аднак ужо ўдвая болей за 70-гадовы савецкі духоўны палон. А значыць, будучыня хоць нешта, ды абяцае.


ЛіМаразм-247

Вектарам нацыянальнага генія

Часопіс “Маладосць” доўжыць рабіць самавітую справу – дае магчымасць ахвочым да паэтычнага слова сябе праявіць. А затым… Затым, як і казалі мы неаднойчы, малады паэт павінен сысці з арэны, каб саступіць плошчу новым пачаткоўцам. А сыдзе ён неадменна, бо без літаратурнай крытыкі, якая зверне на яго ўвагу і стане курыраваць, доля яго прапашчая. І толькі чалавек 10–20 у белліце, не маючы патрэбу ў крытыцы, ядуць ад пуза дзяржаўныя/грантавыя выдавецкія грошы і прэміі, – галоўныя рэдактары, сакратары і літаратурныя чыноўнікі. Імі мы таксама займаемся ў рубрыцы, але, як заўважыў чытач, трохі іначай.
У №5 “Маладосці” 2016 друкуецца з вершамі:

Сяргей Махнач нарадзіўся 20 студзеня 1976 года ў Архангельску. Па адукацыі інжынер-механік. Вершы піша са школьных гадоў. З 2005 года ўдзельнічае ў розных літаратурных інтэрнэт-конкурсах.

Уступны твор:

ШЛЯХ

Я знаю, я ведаю: лёгка не будзе,
Бо вырашыў рухацца толькі наперад.
Мае памагатыя — добрыя людзі,
Мае спадарожнікі — Слова і Вера.

Наперад іду: дзень за днём, паступова,
Упарта, нягледзячы на эківокі.
У левай кішэні — адметнае слова,
З якім я раблю самастойныя крокі,

У правай кішэні — аловак з паперай
(фіксую цікавыя словазлучэнні).
З чарговым радком я сілкуюся верай:
Урэшце сустрэну сваё прызначэнне.

Інжынер прыступіў да паэтычнага слова крыху механічна. Тэкст падобны да лозунгу кшталту “Наперад, і толькі наперад”. Вобразнасць практычна адсутнічае. Не кажучы ўжо пра яркія і трапныя метафары.
“Знаю” і “ведаю”, з чаго пачынаецца верш, як для мовы, гэтак і для паэзіі дрэнна. Бо словы сінонімы, і паўтараць адно і тое ж няма патрэбы. А яшчэ “знаю” ў значэнні, ужытым аўтарам, ёсць русізм. “Знаю” прымяняецца тады наперш, калі мы з некім чалавекам знаёмыя.
“Бо вырашыў рухацца” – канцылярская фраза, не паэтычная.
“Памагатыя” – не надта правільна ў дачыненні добрых людзей, бо слова “памагатыя” мае негатыўнае адценне і роўнае рускаму «пособники». А імі “добрыя людзі” быць не могуць.
Другая страфа пачынаецца з паўтарэння: зноў аўтар “ідзе” і зноўку “наперад”. Кепска.
“Эківокі” ў беларускай мове гучыць чужародна. Дый у рускай, адкуль яно ўзятае, таксама пакрыху адмірае.
“Адметнае слова”, якое ляжыць “у левай кішэні” аўтара, – грубавата. Каб у сэрцы яно трапятала – ніякіх прэтэнзій. А ляжаць у кішэні зацухмоленай цукеркаю – нягожа.
Фраза “(фіксую цікавыя словазлучэнні)” – зноў атрымалася нейкаю навуковай, чарцёжнай.
Тое самае: “З чарговым радком я сілкуюся” – фізіка-матэматычнае даследаванне, а не верш.
Увогуле выйшла слаба, хоць мова даволі правільная, не бесталковая, як у многіх.

Возьмем іншы па тэматыцы твор:


СУСТРЭЧА З ВАМІ ТАК ДАРЭЧЫ

Сустрэча з Вамі так дарэчы:
Хадзіў пахмурны, нібы ў сне,
А зараз я расправіў плечы,
Няма на сэрцы той пустэчы,
Што болем дапякала мне.

Няма турбот і хваляванняў —
Вы мне ўсміхнуліся. I вось,
Бывай, галоўнае з пытанняў,
Збылося лепшае з жаданняў:
Я сёння Ваш таемны госць.

Пачуцці Вашы не абражу,
Мне гэты момант дарагі.
Юрлівасць змыў з сябе, як сажу.
Дазвольце, вершам Вас уражу?
Дазвольце прачытаць другі?

Пішу, а потым Вам чытаю,
З душы прагнаўшы зграі хмар.
Я перад Вамі снегам таю,
Травой калені абдымаю,
Цалую ветрам любы твар.

Тут прыкладна тая ж хваробы – адсутнасць у Сяргея Махнача тонкіх паэтычных нюансаў і пачуцця меры, што суадносіла б дробязі з цэлым.
Яркае таму пацверджанне – убухнутае пасярод лірычнага твора “Юрлівасць змыў з сябе, як сажу”. Чытач абамлеў.
А пачынаецца верш недарэчным “Хадзіў пахмурны, нібы ў сне”... Ці не праўда, дзівоснае параўнанне? У сне, аказваецца, ходзяць пахмурныя. Не раўнуючы гаспадыня Балотных Ялін Караткевіча ў стане самнамбулізму. Аўтар недагледзеў за гэтым месцам.
“Дапякала мне” – няправільна. Па граматыцы – “дапякала мяне”.
Фразу пра “зграі хмар” я вылучыў на агульным невыразным фоне як добрую знаходку.
Нават не ведаеш, што параіць. Не відаць паэтычнага таленту ў Махнача. А развівацца ў звычайным версіфікатарстве – для чаго?
 Хаця, каб ішоў у нас паэтычны турнір, то інжынер Сяргей Махнач далёка абскакаў бы Дуброўскага-Сарочанкава – філалагічнага навукоўца. Там ужо проста трызненне без усякіх нацяжак. Махнач жа акуратыст, малайчына. Але пакуль што адно талковы рыфмач.

Паколькі паступаюць пэўныя эмацыйныя водгукі на маю рубрыку, то даводзіцца праясняць некаторыя нюансы. Крытык “абражае” тэксты – а яго вінавацяць у асабістай абразе асобаў аўтараў. Не насіце тэксты ў часопісы – адзінае, што параіць магу. Або працуйце з імі да сёмага поту, калі гэта паможа.
У той жа час лічу неэтычным, напрыклад, Віктару Шніпу скардзіцца на крытыку яго вершаў ротам памерлага Быкава. Маўляў, мой верш пра Быкава, а крытык не толькі верш расчыхвосціў, а прайшоўся па самім ідале савецкіх часоў. Біце яго ўсе за гэта!
Выкарыстоўваюцца танныя падпоркі ў выглядзе “як смееш крытыкаваць народнага пісьменніка Беларусі!”. Гэта фальш і хлусня. Не “Беларусі” Быкаў “народны”, а – БССР. І розніца тут – велізарная. Раскручаны праз каласальны прапагандысцкі апарат не толькі БССР, а і СССР, Быкаў раздзьмуўся да памераў, за якія яму самому павінна быць сорамна. Цяпер гэты таленавіты, безумоўна, пясняр вайны займае сваё дастойнае месца ў Пантэоне савецкіх літаратараў. Паклонімся ж яго праху, як казаў Бялінскі, скажам “дзякуй”, але ў будучыню будзем лепш рухацца з п’яніцам Караткевічам. Бо нацыянальны геній менавіта ён, а не Быкаў.


ЛіМаразм-248

Роднае наша

Леанід Дранько-Майсюк выступае з паэзіяй у №120 “Літаратурнай Беларусі”. Пазначана, што вершы з кнігі “Полька беларуская”. Дый шмат у падборцы таго, што я ў рубрыцы пазначаю натужліва-нацыянальным, якое ў цябе сіляцца прымусова ўвапхнуць. Ці то грошы на кнігі даюць толькі пад гэтыя тэмы, ці то ўжо свядомасць у паэтаў перакулілася, але Вялікае Княства і розныя Ягайлы няслаба пашкодзілі нацыянальнай паэзіі.
Аднак ёсць у падборцы і тое, за што я паважаю Дранько-Майсюка – натуральная, нязмушаная светлая лірыка. На дыску Паплаўскай і Ціхановіча, які праслухоўваю гадоў не менш як пятнаццаць, ёсць песні на два вершы Дранько-Майсюка – “Цыганка” і пра восень, якая прыйшла ў апусцелы Версаль. Цудоўныя песні, выдатная паэзія.
Ужо бліжэй да канца нізкі ў “Літаратурнай Беларусі” вісіць такі верш:

ЛЯ ТЭАТРА

Я чакаў, як добры дурань,
Перад ветрам лістам слаўся
І над плотам, і над мурам
Я ўзлятаў і апускаўся.

У святле старой ліхтарні
Цень мой заставаўся ценем,
Клаліся ў яго хістанне
Дроту дробнае трымценне;

Краты холаду скразнога,
А яшчэ сцякаў па бруку
Цень ад будкі паставога
З вазай сметніцы пры боку…

Ты — акцёрка і, канешне,
На спатканне ўжо не прыйдзеш…
Я — і смешны, і пацешны
Холадам дабіты рыцар!

Падыду да паставога
Так або спытаць аб нечым.
Блісне зорка вострым рогам
На плячы яго авечым.

Харошая сакавітая мова. Амаль адсутнічаюць сумнеўныя месцы і лішнія словы. Чэпкае паэтычнае чуццё.
Зацяло ў негатыўным плане хіба тое, як нешта “клалася” ў “хістанне”. А потым ідзе пералік гэтага нешта. Класціся ў хістанне не надта зручна, згадзіцеся.
І яшчэ “ваза сметніцы”, якая “пры боку” паставога міліцыянта – неяк псуе лірычны настрой, можна было выруліць куды больш элегантна.

Кранальным, спавядальным атрымаўся наступны верш:

ШЭСДЗЯСЯТ

У шэсцьдзясят магчыма зразумець —
Няма сяброў, а ёсць туман і вільгаць,
Мох на лазе і страчаная Вільня,
Дзе дух крывіцкі чуецца ледзь-ледзь.

Адчуўшы ў сэрцы, як жалеза, цвердзь,
Пра кожны дзень кажы адно: «Магільня…»
І дарабі нязробленае пільна,
І нават сына не прасі: «Заедзь…»

Такі ўжо вырак — вырак справядлівы
У існаванні дробным і хлуслівым,
А ў дажыванні наймацней адна
Карціна ўстане і суцешыць сэрца:
Гарынскі бераг, агарод, вясна
І сонца з ганка коціцца па сенцах.

Выраз “страчаная Вільня” я па завядзёнцы вылучыў як ненатуральны, бо прынамсі для мяне, ураджэнца БССР, Вільня заўсёды ўспрымалася законнай літоўскай сталіцаю. Астатняе ж у вершы – на ўзроўні, усё патыхае праўдай жыцця і падмацавана паэтычным майстэрствам.
Асабліва звонка прагучаў апошні мінорны акорд – два радкі, вылучаныя падкрэсліваннем пра Гарынь і сонца, якое коціцца па сенцах. Я таксама занатаваў такую карціну з маленства ў асіповіцкай хаце.
Што ж, крытык прывёў на свой густ найлепшыя вершы падборкі, хаця паэзію Дранько-Майсюка варта ўсю рэкамендаваць моладзі. Бо рэаліі беларускай літаратуры задушлівыя, і рубрыка проста хрыпіць сярод ваяўнічай бяздарнасці, бесталачы і аматарства. Таму наш абавязак указваць годныя арыенціры лірыкі, нават калі мы не падзяляем журбу пра Пагоню і літоўскую Вільню. Бо Гарынь, Прыпяць, Случ, агарод і вясна – тое ўсё-ткі да болю роднае наша.


ЛіМаразм-249

Два варыянты

На сайце холдынгу “Звязда” ў раздзеле “”Полымя” вывешана падборка вершаў Мар’яна Дуксы. І пазначана яна датаю: 26.07.2016 16:48. І наведванняў у паэта за 1,7 месяца было 215. А каментарыяў на публікацыю – 0(нуль). А гэта несправядліва і патрабуе выпраўлення. Тым болей што палохаюць нас біяграфіяй:

Дукса Мар’ян Мікалаевіч нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Свірскае вучылішча механізацыі (1960), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1969). Працаваў у калгасе, настаўнічаў у Сольскай сярэдняй школе на Смаргоншчыне.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Спатканне» (1967), «Станцыя» (1974), «Забытыя словы» (1979), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989), «Горн прымірэння» (1993), «Прыйсці да алтара» (2003), «Птушка вечнасці — душа» (2015) і інш., кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980), «Світаюць сосны» (1987), «Працавітае сонца» (1994), «Нябесны карнавал» (1998), «Паэтычны каляндар» (2003).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1990).

Прэмія імя Куляшова! Аж язык заняло, так вусцішна стала. Праўда, хто Куляшоў – ужо не прыпомніш нават. Нешта пра партызанаў і камісараў рыфмаваў, падаецца. Вось і ўся згадка. Ніхто не цытуе яго, як Пушкіна ці Гогаля безупынку праз 200 гадоў пасля скону. Бо няма ў яго мудрых выказванняў. Хоць і памёр адносна нядаўна, а таму павінны мы яго спадчыну памятаць. Як быццам. Аднак не памятаем. Таму прэмія Дуксы пальцамі за валасы выцягнутая. Несапраўдная. Як і ўсё савецкае. І паўстае перад намі звычайны правінцыйны паэт – на разбор тэкстаў.
Уступны твор:

ЛЕТА


Лета… Задыхала роўна планета.

Квецень пладамі наўкруг прарасла.

Цёплыя пырскі бягуць з-пад вясла.

Пальцамі гладзіць ваду Віялета.

Чулых лакцей супакоены дотык.

Суіснаванне лагодных плячэй.

Знікла экспрэсія — зліцца хутчэй.

Выдыхся ў сэрцы вясенні наркотык.

Лета. На хвалях жывых калыханне.

Час хоць на міг задрамаў. Не ляціць.

Ціхенька толькі чарот шамаціць

Пра лёгкаплынную радасць кахання.


Паэта ў 73 гады дужа цікавіць тэма кахання. І менавіта ў гэтым бачыцца крытыку фальш пафасу. Бо біялагічна такое немагчыма, а значыць, пачуцці несапраўдныя. Яшчэ прыдзірлівы Талстой асуджаў за гэта Цютчава, што, маўляў, няма чаго пра каханне сліну пускаць, калі ў старога пясок з задніцы сыплецца. Талстой быў чалавек змрочны і злы. Аднак часта выказваў слушныя рэчы. А інакш бы чаму пра яго ведаў увесь зямны шар?
Прабяжымся па агрэхах і недарэчнасцях Дуксы, хоць у цэлым гэта не графаманія, а добрае рамесніцтва.
“Квецень пладамі… прарасла”, ды яшчэ і “наўкруг” – задужа складана, тым болей што карцінку аўтар піша летнюю, заходзячыся ў летнім часе, а прышпільвае сюды травеньскую квецень. У выніку прыгожы выраз аказаўся занадта какетлівы, пакручасты.
Наступныя два радкі пра пальцы і пырскі – удалыя.
Выраз “чулых лакцей супакоены дотык” – туманна і невыразна, фантазіруеш, што сам аўтар уяўна сядзіць з “Віялетай” і прагне ёй авалодаць, але чамусь супакоіўся. Дый дзівосны б тое быў секс – на вадзе.
Да таго ж – “лакцей” ёсць памылка, русізм, правільна “локцяў”.
Што юр у нябачнага лірычнага героя сцішыўся, Дукса пацвярджае і ў наступным радку: “Знікла экспрэсія — зліцца хутчэй”. Прынамсі човен не будзе перакулены бескантрольнымі рухамі. І гэта радуе.
А вось слова “экспрэсія” – нянаскае, чужароднае, для лірычнай паэзіі не надта прыдатнае, ёсць і свае беларускія, славянскія словы.
Аўтар у трэці раз пераконвае нас, што не жадае ўжо “Віялету”: “Выдыхся ў сэрцы вясенні наркотык”. Ці не зашмат паўтарэнняў аднаго і таго ж? Дый слова “наркотык” – непаэтычнае. А яшчэ і варта рэдактарам разабрацца нарэшце: правільна беларускае “веснавы” ці рускае “вясенні”? Бо слоўнікі ўпарта працягваюць унармоўваць абодва варыянты.
Пра час, які задрамаў і не ляціць, – удалая метафара.
Слова “лёгкаплынную” – прыдумка аўтара, таму напружвае, як і ўсе ненарміраваныя стварэнні. У выніку неблагі апошні радок пацярпеў. Дый рыфма “калыханне–каханне” заезджаная. І менавіта на такіх летніх чаўнах, які апісаў у вершы Дукса.
Твор малюе неблагую карцінку, але ў дэталях аўтар перамудраваў і паблытаўся.

У наступным вершы – усё тое самае:

* * *

Прыйдзе — не прыйдзе… Зычым табе мы,

хлопец нацяты, шчаслівых хвілін.

Прыйдзе — не прыйдзе… Ад гэтай дылемы

дзьме неспакой найвялікшы адзін.

Ног маладых непрадбачаны танец,

думак бязладных маленькі хаос.

Як ён — ці збудзецца радасны шанец

сёння расквеціць, умаіць свой лёс?

Прыйдзе — не прыйдзе… Вось і змярканне.

Змрокі ў сэрца сягаюць глыбей.

Зараз няўжо яна — стрэлка спаткання,

хоць і застыне, а пойдзе далей.

З хлопцам на пару ўстрывожаны ўсе мы,

мусіць, трапечамся з ім недарма.

Прыйдзе — не прыйдзе… Ды большай праблемы,

чым гэта стрэча, у свеце няма.


А інакш не бывае, калі піша адзін і той чалавек. Неблагія знаходкі. І тая ж блытаніна ў вобразах і сэнсе. Выкарыстоўванне іншаземных слоў “дылемы”, “хаос”, без якіх можна было абысціся.
“Ног маладых непрадбачаны танец” – паспрабуй разбярыся з гэтай непрадбачанай метафараю.
Слова “ўмаіць” – кепскае, псеўдапаэтычнае. То бок майскім зрабіць, лагодным. Занадта салодка.
“Змрокі ў сэрца сягаюць глыбей” – дрэнна. Бо слова “змрок” не любіць множнага ліку. Аўтар і рэдактары наблыталі з рытмам – “ў” яго збівае, а “у” замест “ў” – было б граматычнай памылкаю.
Не ведаю слова “трапечамся” – ёсць “трапечам”, і дастаткова яго. Гэтае ж аўтар прыдумаў для зручнасці і аблягчэння работы.
…“думак бязладных маленькі хаос”. Давайце разбіраць. Бязладдзе, у якім перабываюць думкі, – ужо ёсць хаосам. То бок слова “хаос”, узятае аўтарам, – лішняе. Ды яшчэ і хаос гэты – “маленькі”. Школьная памылка трайной празмернасці. Для паэта, прычым лаўрэата, прычым прэміі “самога” Куляшова – недапушчальна.
Тут празрыста бачыцца трагедыя жыцця Мар’яна Дуксы – не вырас у тое, чым мог бы стацца паводле таленту: у тонкага чаканнага лірыка. Бо два ў паэта варыянты было ў працяглым літаратурным быцці: 1) поўная адсутнасць крытыкі, замоўчванне, што спараджала крыўду і комплексы; 2) мядовая заказная крытыка, што карысці прыносіла яшчэ меней. Таму рос збольшага ўнутраным чуццём. А яно не заўсёды памочнік.
І тым не менш выкажам рэспект і павагу аўтару за некаторыя добрыя паэтычныя знаходкі ў двух прыведзеных вершах.


ЛіМаразм-250

Праблематыка малакроўя

Усё болей натамляе ды хіліць да скрухі паэзія “Дзеяслова”. Рэдкімі здаровымі постацямі, яшчэ з савецкіх часоў, высяцца там два-тры паэты. На фоне бледнай немачы і самлеласці слова.
Ці трэба даваць друкавацца ўсім толькі за тое, што чалавек піша па-беларуску?
Чужаснай культурай Захаду патыхае паэзія Дзмітрыя Шылы (№72).
З біяграфіі:

Шыла Дзмітры – паэт , мастак. Скончыў факультэт тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Працаваў менеджэрам праектаў у грамадскіх арганізацыях. Ілюстраваў дзіцячыя выданні. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Муцькавічы каля Баранавіч, жыве ў Любліне.


Мы заўсёды імкнёмся пачынаць з уступнага твора. Або з першага абзацу, калі гэта проза. Дзеля справядлівасці. Каб не быць абвінавачанымі ў прадузятым вышморгванні слабых месцаў.
Таму першы тэкст Шылы такі:

* * *
восень-чараўніца
засыпала мяне лісцем
жанчына-прыгажуня
адарыла мяне лістамі
з-за мяжы вершы піша
за мяжою майго
жадання
...небяспечная вельмі
экспазіцыя, бо замежжа –
гэта тое, што вабіць
крэсы, пустэч , граніца –
мэта для тых, хто
хоць на каліва
лічыць сябе мужчынам...
хіжы вецер зграбае
летуценнае лісце
ў ледзь бачную на тле
змярцвелай травы
sms-ку: “ты ж,
дурненькі, дагэтуль
не знаеш,
чым яно ёсць
каханне!..”

З беларускага тут ёсць толькі словы. А так мова – не наская, а нейкая іншая. Адчуваецца, што аўтар народнай гаворкі не ведае. Поркаецца ў адзіноце сваёй еўрапейскай, каб дабрацца да нас вершамі. Не атрымалася. Не натуральна. Коса і крыва. І рэч не ў тым, што крытык рубрыкі не любіць верлібры. У вольным вершы складана, але можна схітрыцца выявіцца ў паэзіі.
Вэрхал думак сабраны ў разбэрсаны тэкст.
…“восень-чараўніца” – паэтычны штамп.
…”жанчына-прыгажуня” – тое самае: з ранішніку ў дзіцячым садку.
…”небяспечная вельмі экспазіцыя” – кабінетны выраз, не паэтычны.
…”гэта тое, што” – словазлучэнне для пасядзелак вясковых.
… “для тых, хто” – акурат тое самае.
…”хіжы вецер зграбае летуценнае лісце” – а вось гэта якраз прыгожа, на фоне астатняга, зразумела.
Сюжэт і сэнс твора настолькі невыразныя, што я захацеў быў пераказаць чалавечай моваю задуму аўтара, ды не здужаў.
Тут здзіўляцца няма чаго: рыхлая і пухлая Еўропа выхоўвае менавіта такіх мысляроў і паэтаў. Дадаў “моцы”, відаць па ўсім, і “факультэт тэалогіі”.

Далей:

* * *
У восеньскі пейзаж уплецена журбінка,
якая той фрустрацы і падобна,
што ахінае імпатэнта
падчас прагляду порнафільма.
Мы назіраем агаленне дрэваў
і адчуваем уласнае бяссілле,
бо гэты выкшталцоны і паўсюдны
стрыптыз відочна не для нас.
Нам застаецца эстэтычна захапляцца,
гаркавы смутак гэтых даляглядаў
тлумачыць “увяданием природы”
ды рознаю цнатліваю лухтою, а між іншым
нам проста цяжка вытрымаць
канкан галінаў-ножак, якія гэтак бессаромна
задралі лісця легкаважныя спадніцы.
Восень – больш эратычная пара, панове!
Увесну ўсё нараджаецца – з зямлі ўлоння
прадзіраецца трава, з пупышак на галінах
лезе лісце – і відавочна акт
праліва семені ў спрыяльныя ўмовы
мусіў быў адбыцца
за некалькі прынамсі месяцаў,
то бок увосень!..

Аўтар тут разгуляўся і наважыў параўноўваць восеньскае распрананне прыроды са стрыптызам. Што ўжо зусім недарэчна. Ніяк не падобная прырода на прастытутку. Фальш.
Мы ж аспрэчваць доўга не станем, а прабяжымся па несумненных агрэхах Шылы.
“Журбінка” – зачапіла нязвыкласцю. Паэтычная прыдумка. У слоўніках адсутнічае. Здаецца, калька з рускага «грустинка». А нам патрэбнае малпаванне здабыткаў усходняга суседа?
…”той фрустрацы і падобна” – руская форма выразу, у нас прынятае: “на тую… падобная”, або “да той… падобная”.
…”дрэваў” – няправільнае слова. Трэба “дрэў”.
…”Нам застаецца эстэтычна” фраза, магчыма, і эстэтычная, вось толькі не для паэзіі.
…”задралі лісця легкаважныя спадніцы” – убогі выраз. Не лірычны, па-першае. Каравы і непраўдзівы, па-другое.
…”акт праліва” – коснаязыка і недарэчна. І правільна – “праліву”, калі ўжо на тое.
…”мусіў быў” – непісьменна, слова “быў” – лішняе.

Каторы раз вырак творцу такі: аматарства. Ну паспрабаваў тэолаг заходні паэзію беларускую. Не атрымалася. Але за старанне яму – публікацыя ў паважаным часопісе, “паважанасць” якога ўсё болей развенчваецца нашай рубрыкаю. Хто там сядзіць на паэзіі? Хто карэктар гэтых пачварных тэкстаў? Пытанне паляцела эсэмэскай на Марс. Ніхто не прыме яе.

Па традыцыі тысячапершы раз даводзім, чаму тэксты творцаў беларускіх на 99 адсоткаў кепскія.
У №72 “Дзеяслова” (выходзь раз на два месяцы) змешана артыкулаў, падобных на крытычныя, толькі:

1) цяжкачытэльны ўспамін Ірыны Шаўляковай пра памерлага Алеся Асташонка – да яго шасцідзесяцігоддзя.
2) партрэт асобы, а не літаратурная аналітыка тэксту, ад Леаніда Галубовіча пра кнігу Марыі Вайцяшонак. Зачын артыкула красамоўны:

Пісаць рэцэнзію на чужую кніжку – гэта як завочна расхвальваць ці абгаворваць знаёмага табе чалавека сярод зацікаўленага кола набліжаных да літаратуры людзей… Але абысці асобу паэта, засяродзіўшыся толькі на ацэнцы яго твораў, наўрад ці магчыма, таму што іх мастацкая аснова выяўляе характарыстыку і самога аўтара.

Правільна, нельга справядліва крытыкаваць тэкст, менавіта які, і толькі ён, перад чытацкім паглядам. А варта – рабіць нямогламу тэксту падпоркі з чалавечай годнасці аўтара. Дый каму, як не Галубовічу, ведаць, колькі болю, прыніжэнняў, намаганняў нечалавечых каштуе беларускаму літаратуру асабістая кніжка. І тут не важна – украў ты грошы ў народа (“Мастацкая літаратура”)  ці выкленчыў у спонсара, або выдаў сам, прымусіўшы дзяцей тужэй зацягнуць дзягі. Усё роўна – крывёй і потам дастаюцца нам кнігі. А цяпер вазьмі іх крытык і зганьбі. Што аўтару застанецца? Так што не асуджаю ні ў якім разе ні Шаўлякову, ні Галубовіча. Яны хоць спрабуюць чужое прэзентаваць. Адзінкі ў гэтым моры патрабавальных эгаістаў, што пупамі зямлі сябе палічылі, што ані слова ні добрага, ні дрэннага пра чужое публічна не вякнуць. А толькі чакаюць, калі нехта стане славіць іх малакроўныя творы.


ЛіМаразм-251

Сутнасць душы

Откуда ж, приятель, Песня твоя:
«Гренада, Гренада, Гренада моя!»
(Михаил Светлов)

У №5 “Маладосці” 2016 г. змешчана беларуская паэзія дзяўчыны іспанскага паходжання:

Анхела Эспіноса Руіс нарадзілася 6 лютага 1993 года ў Малазе (Іспанія). Выпускніца Славянскай філалогіі Гранадскага ўніверсітэта (2015), магістрант кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Аўтар зборніка паэзіі «Раяль ля мора» (2015). Часопіс «Маладосць» калісьці першым надрукаваў яе беларускамоўныя вершы.

Возьмем адзіны класічны верш Анхелы:

Зоркі былі супраць нас
(да А. А.)

Ты быў маёй недасяжнаю марай,
Я — твой пякельны экстаз.
Катам ты стаў, я ж — тваёю ахвярай, —
Зоркі былі супраць нас.

Лашчылі спіну нам брызы кахання,
Сцяг наш лунаў напаказ.
Кінула ноч карабель у блуканні —
Зоркі былі супраць нас.

Па навальніцы пасля твайго болю,
Жорсткай вайны мілых фраз
Раны нам прыйдзецца вылечыць соллю —
Зоркі былі супраць нас.

Не вінаваць сябе, мілы, не трэба!
Лёс даў суворы наказ:
Наша расстанне было воляй неба —
Зоркі былі супраць нас.

Ты ў маёй памяці будзеш заўсёды,
Джаліцьмеш сэрца штораз.
Не пераможам мы сілы прыроды —
Зоркі былі супраць нас.

Страчаны вечна, ды вечна чаканы,
Покуль не з’есць мяне Час...
Зоркі былі супраць нас, мой каханы,
Зоркі былі супраць нас.

І не прагадаем. Бо гэта напраўду паэзія. І ўрок нашым беларускім лайдакам: мова нацыянальная цалкам прыдатная да самага высокага Слова, калі ёй займацца сур’ёзна і з талентам.
Тэма вечная выяўлена іспанкай самым дастойным чынам. Трэба прызнаць, што ўмовы ў Анхелы Руіс лепшыя нават, чым нашых паэтаў, якія нацыянальную мову зазвычай толкам не ведаюць, бо думаюць і сняць, і жывуць па-руску. Таму размаўляюць беларускімі словамі чужым спосабам.
Самыя ўдалыя месцы Анхелы я вылучыў падкрэсліваннем.
Выраз жа “Па навальніцы пасля твайго болю, Жорсткай вайны мілых фраз” лічу сфармуляваным не надта добра. Можна яго пераладзіць, і верш узмоцніцца.
Таксама варта пазбыцца зацёртай беларускімі паэтамі рыфмы “трэба–неба”, гэта ў нас ужо на ўзроўні “вясны–сны”.
“Суворы” наказ лёсу – не памылка, але слова “суворы” састарэлае, адсутнае ў слоўніках, а значыць, пастаўленае знарок для прыцягнення да яго пэўнай увагі. Насамрэч жа ўвага толькі адцягваецца ад фабулы верша.
Тое самае гутарковая форма – “Джаліцьмеш”. У паэзіі ад яе трэба ўцякаць, як ад чумы.
Слова “брызы” таксама гучыць нязвыкла, у адрозненне ад прывычнага “брыз” у адзінкавым ліку. Гэта тонкасці, якія ўсё ж трэба ведаць, каб не аслабляць імі верш.
Усе заўвагі можна лічыць нязначнымі ў параўнанні з агульнай экспрэсіяй і праўдай верша. І прыстойным майстэрствам Анхелы Руіс.

Астатняя яе паэзія ў падборцы – верлібры.
Яны далёка не так уражваюць. Асабліва калі маладая паэтка з гарачай іспанскай крывёй спрабуе сягаць у глыбокую філасофію. Аднак кароткія верлібры, дзе галоўны герой найчасцей – каханне, мы з радасцю прывядзём.

НЕВУЦТВА

Каб я ведала, што вясна
Працягнецца толькі хвіліну,
Каб я ведала, што рака
Замерзне ўзімку з табой,
Каб я ведала, што душа
Не вытрывае больш пакут,
Каб я ведала, што пчала
З пчалою — яшчэ не рой...
Я б стала ценем
Тваіх ног,
Каб ісці разам з табою,
Ценем
Тваіх думак,
Каб марыць разам з табою,
Ценем
Твайго ценю,
Каб дыхаць толькі табою
І не замінаць ніколі
Табе, табе, табе..


БЕЛАРУСЬ СПІЦЬ

Беларусь спіць пад цёплай шэрай коўдрай
І не можа пазбавіцца кашмараў.
Баіцца зваліцца з ложка,
Амаль не рухаецца.
Я хачу праспяваць ёй калыханку
І пацалаваць на ноч.
Спі ціха, спакойна, мая дзяўчынка,
Прачынайся ранкам з новым днём,
Калі сонца знішчыць цемру
Мячом святла,
Калі прыйдзе вясна ў каляровай сукенцы,
Спі спакойна й прачынайся ў той час,
Калі спакою будзе недастаткова.


ЛІСТАПАД

Зіма, як белы павук,
Апаноўвае вокны старажытнымі ўзорамі,
Вусны — крывёю ды болем
І сэрцы абыякавым холадам.
Які люты час лістападаўскі
Для закаханых!
Жарсць кладзецца спаць, і прачынаецца
Свядомая, разумная муза.
Лістападзе, ты — жнівень паэтаў!

Вершы прыемныя і правільныя. Менавіта таму, што паэтка надзвычай ашчадна ставіцца да няроднай ёй мовы. Бачная і тонкая душэўная арганізацыя, дысцыплінаваная моўнымі правіламі. Але глыбіня гэтага ведання пакуль недастатковая, запас слоў не такі вялікі, каб абыходзіцца з імі вольна і дасканала.
І ўсё ж чытаць элегантны, немнагаслоўны тэкст вельмі прыемна. Асабліва з вуснаў душы, прынцыпова адрознай ад жыхароў гушчароў і балот.
Пажадаем Анхеле Эспіноса Руіс надалей радаваць нас сваёй паэтычнай прастораю.

Вершы Міколы Адама з №33 “ЛіМа” 206 г., мяркую, будзе дарэчы прывесці ў гэтым выпуску. Яны таксама нясуць пазітыў. А яго надзвычай мала ў рубрыцы. І ў гэтым вінаваты не крытык, а беларускія творцы. Хваліць кепскае не дазваляе адказнасць перад Гісторыяй.
Сазнаюся, што дагэтуль не быў знаёмы з творчасцю Міколы Адама. І тое не дзіва. Не сакрэт, што беларускія творцы рэдка чытаюць адно аднаго. Чытаць чужое – прэрагатыва крытыкаў. А крытыкам Южык стаў адносна нядаўна. Таму і для сябе і для недасведчаных прывяду з Вікіпедыі пра Адама:

Нарадзіўся 8 студзеня 1978 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Да 1992 г. пражываў у Казахстане (горад Шахцінск Карагандзінскай вобласці). Скончыў Мікалаеўшчынскую СШ імя. Я. Коласа (1995 г.), філалагічны факультэт БДУ (2000 г.). У 2005 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (факультэт культуралогіі, аддзяленне кінадраматургіі) і быў размеркаваны ў г. Капыль рэжысёрам раённага Дома культуры. Заснаваў там тэатральную студыю «Непаседа», паставіў спектакль «Дабрыдзень, Маша!», які меў неадназначны рэзананс. Да 2010 г. займаўся з дзецьмі тэатральнай творчасцю. Працаваў спецкарэспандэнтам газеты «Культура», загпостам Тэатра-студыі кінаакцёра, грузчыкам, рэдактарам у выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Рэгістр». У 2016 г. цалкам пераключыўся на літаратурную дзейнасць.

Бачна, што чалавек – гуманітарый да мозгу касцей, і ўсё жыццё, можна сказаць, аддае беларускаму слову.
Нізка вершаў з “ЛіМа” (33) мае на ўвазе паслядоўнае прачытанне, бо гэта “Лісты да С.”
Таму прывядзём першыя два:

1

Дабранач. Позна ўжо. Зіма
Не сёння-заўтра ўсіх абдыме,
І я у цыгарэтным дыме
Хавацца буду. Ад віна,
Якое я вазьму з сабою,
Не закружыцца галава,
Таму што гэтая зіма
Нас паяднала. І што я
Адзін раблю сярод начы,
Калі павінен быць з табою,
Як у шматмесячным запоі...
Дабранач. Ужо позна. Спі.

2

Дзень добры. Сонца ўжо ў зеніце,
Я ўсё яшчэ ляжу... Настрой
Хваробай сапсаваны мой,
Нібы расейскі горад Піцер.
Той праменад у снегапад
Даецца мне цяпер у знакі,
Ды што цяпер яго аплакваць,
Калі ён фатум альбо кат?..
А ты... што робіш зараз ты?..
Трызненнем мой забіты розум,
Як шыбы лютаўскім марозам,
Ад нематы да хрыпаты.
Сядзіш, відаць, ты на канапе
З маёю кнігай у руках,
Але цябе яе чытаць
Прымусіў малады твой тата.
І ты праз слёзы на губах,
Уголас, беларускай мовай,
Нібы язычніцкай замовай,
Прэч ад мяне свой гоніш страх...
Мая хвароба вочы засціць,
Правальваюся я ў туман,
Нібы ў балоцістую твань,
Не чуючы, хто кажа “здрасьце”.

Не хочацца тут нічога крытыкаваць, укажам толькі на прынцыповую адрознасць ад твораў Анхелы Руіс: з беларускай моваю Мікола Адам і не стараецца быць настолькі далікатным і правільным, як іспанка (“не закружыцца” замест правільнага “закружыцца”, або “начы” замест “ночы”…). Ад таго тэкст выглядае часта жывей (“Чарнечы неба востры локаць Бяльмом тырчыць ў акне зімы” – смела!). І дзіўна, каб было па-інакшаму. Бо мова павінна стаць паэтавай сутнасцю.
“Расейскі горад Піцер” і няспешнасць апавядальнай манеры міжволі спараджаюць пушкінскія асацыяцыі.
Словам, хто хоча атрымаць псіхатэрапеўтычны эфект, а не мардаваць свядомасць чужым надрывам душы, не наталяцца нац.лозунгамі або не раздражняцца ад злаякаснай графаманіі, – раю адчыніць праз кампутар ЛіМ-33 і пачытаць нізку Міколы Адама. Падазраю, што найперш гэта будуць жанчыны.


ЛіМаразм-252

Пра няёмкасць двухкрэславага сядзення

Перад артыкулам я змясціў дзве фотакарткі Мікалая Баскава, “караля” расейскай эстрады. Цяпер гэта зусім нескладана зрабіць.
І прашу чытача толькі аднаго: параўнаць другі здымак, калі Міколку 17 гадоў таму прывялі на шырокую сцэну, са здымкам цяперашнім – праз тыя ж гады перабывання на эстрадным Алімпе. Мяркую, нічога тлумачыць не трэба – духоўны стан спевака напісаны на абліччы. Вось што робіць з людзьмі не ўзрост, а штодзённае маўленне пошласці. Між тым жа песні засталіся тыя самыя, дый новыя песні Баскава таксама някепскія. Мала таго, і сам Міколка, і маці яго, і сябры блізкія зусім не заўважаюць змяненняў у яго мілай асобе. Такі ж добры, свойскі хлопец, выдатны сын і гэтак далей…
Чытач, мабыць, ужо здагадаўся, што такую падводку мы даём для ўступлення ў беларускі літаратурны працэс. Так, творцы, якія пайшлі туды з чыстай душою і затым сталі гуляць па заганных правілах, паступова ператвараюць сваё духоўнае аблічча ў пухнаты батон. Гінуць светлыя мары, спадзяванні, намеры – і застаецца тлустым куском перад пысаю – асабістая выгада.
Правяду думку яшчэ выразней. Маладыя Дзяніс Марціновіч і Алеся Лапіцкая, паступіўшы ў холдынг “Звязда”, спакваля робяцца дэталямі, вінцікамі яе вялікасці Касты, якія бравыя савецкія лаўрэаты хвацка закручваюць і адкручваюць іржавай адвёрткаю. Зрэшты, вінцікі гэтыя раз-пораз чысцяцца і змазваюцца, бо па правілах Касты яны маюць пава на догляд. Па гэтых жа правілах сноўдае Наста Грышчук да Шніпоў на гарбату і робіць там артыкулы, а потым зусім спакойна носіць іх ці то ў “ЛіМ”, ці то ў “Дзеяслоў” – куды зажадае, на выбар. Бо галоўрэд Пятровіч не з Марса ў “Дзеяслоў” прыляцеў, а выйшаў з дарагіх “ЛіМа” і “Полымя”. Таму ён удала то закручвае, то адкручвае адвёрткай Грышчук, як вучыў, мабыць, дзядзька яго, савецкі пісьменнік Сачанка.
А пакуль галоўкі вашы, паважаная моладзь, ходзяць уверх і ўніз па разьбе, бацькі хросныя глыбока залазяць у дзяржаўны бюджэт і вышморгваюць адтуль прэміі. Дадуць і вам. Зрэшты даюць ужо. Некалькі гадоў нічога не чытаў я з творчасці Дзяніса Марціновіча і не бачыў у перыёдыцы тэкстаў яго, а вось даведваюся з сайта крытыка-праўдасека Новікава, што лаўрэат ён ужо бюджэтнай прэміі нейкай. За што? А якая хрэн розніца? Галоўнае, хто яго бацька – гэты яскравы апявальнік паспяховых дзяржаўных людзей, а ў побыце пахмурна замкнёны Алесь Марціновіч.
Вось так ствараецца дастойная змена наглядчыкаў за беларускай літаратураю. Але мізарнее яна год ад года. Дзядоў была сотня, а сыноў паўсотні. А ўнукаў будзе чалавек дзесяць. Што ж так? А таму што фінансаванне, спадарства, не коласаўскіх часоў. Усё ад фінансавання дзяржавы залежыць. Захацела дзяржава – і пабудавала колісь у цэнтры галоднага Менска асабняк для песняра. Захацела – і зрабіла шэраг “народных”. Зажадала – і будзеце іх вывучаць і маліцца на іх. А скончацца грошы, ці прыйдзе які іншы капрыз – не дзесяць наглядчыкаў стане за літаратураю, а тры чалавекі чыноўнікаў. У прынцыпе, дастаткова. А навошта, дарэчы, народу нацыянальная літаратура, калі нават філфакаўцы, адбубнеўшы ўрок, праз секунду бягуць на вуліцу жыць і гарэзаваць па-руску? Не патрэбная яна. Хіба што як жупел, які дастаюць калі трэба паказаць сваю самасць.
Так што літаратура савецкая беларуская пад кіраўніцтвам “народных” нашых, раскошна пажыўшы ў санаторыях і дамах творчасці, не пакінула вам, літаратары трэцяга тысячагоддзя, практычна нічога. Голая ляда. І вам прыйдзецца амаль з нуля пачынаць. Калі, зрэшты, не жадаеце трывала захінуцца зямлёю, як савецкія літаратары. Дзе тыя лімаўскія ганарары, калі за апавяданне можна было сям’ю на лета ў Крым везці? Дзе кнігі мнагатонныя? Чаму пыляцца ў замкнёных сховішчах, або спальваюцца на дачах унукамі?
У поўнай прастрацыі цяпер холдынг “Звязда”. Бо адной з яго функцый як быццам ёсць узнаўленне працэсу літаратурнага, стварэнне новых класікаў як арыенціраў на будучыню. Афіцыйная ж літаратура займаецца па смерці БССР, 25 гадоў запар, толькі тым, што глыбінна аналізуе савецкіх майстроў пяра, як там Ганна кабылам хвасты круціла, або што меў на ўвазе Купала ў адным са сваіх асабістых лістоў. З пустога ў парожняе. Як зацыкліла. А час ідзе, прычым шпарчэй і шпарчэй. І соням супрацоўнікаў Літаратурнага Інстытута Акадэміі варта б заняцца сучаснай прозаю і паэзіяй, уніклівым і талковым аналізам. Ды не для ўнутранага кабінетнага карыстання – а для людзей, для сучаснасці і для будучыні. Шырока публікаваць, гэта значыць.
Інстытут гэтым павінен займацца за грошы дзяржаўныя, а не адзін Южык за бясплатна праводзіць аналітыку перыёдыкі. Колькі чытаю “ЛіМ”, адзін толькі раз за 20 гадоў бачыў, як была разабрана нядаўняя вершаваная публікацыя – Ігарам Запрудскім, дый тое, падазраю, паэтка яго студэнткай была. Гэты пачын захліпнуўся на старце. І пачалося зноў кабінетнае павучынае варушэнне – дзяржпрэміі сакратарам і чыноўнікам, дзяржкнігі па 5–7 у год тых жа сакратароў. Цішком так. Толькі і даведаешся на сайце крытыка-праўдасека Новікава. А мяркуючы, па “ЛіМе”, па “Полымі” – усе сябры СПБ у нас роўныя, усе няшчасныя. Усе, ды не ўсе. Эгаістычна смокчуць сваю кармушку многія. І абуджаюцца толькі тады, калі вывалачаш на свет Божы іх творы і пакрытыкуеш па ўсёй справядлівасці. Тады – галас і лямант!
А Міхась Пазнякоў, старшыня МГА СПБ, наогул праявіў цуды аператыўнасці. Пры канцы студзеня 2015 года з’явілася рубрыка “ЛіМаразм”, а ўжо 17 сакавіка таго ж года Пазнякоў управіўся сабраць сходку, запалохаць чальцоў і галасаваннем выпхнуць Южыка з СПБ. Прычына? Крытыка працы Пазнякова як чыноўніка, безумоўна. А галоўнае – крытыка яго нямоглых твораў, я якімі ён пры адсутнасці крытыкі пачаў не толькі завальваць дзяржвыданні, але і расхрабрыўся рабіць сябе будучым класікам. Для чаго моцна здружыўся са знаўцам літаратуры акадэмікам Гніламёдавым. А той рад старацца. Пісаць не мяхі цягаць. Пра ўсё гэта было нязмыўна ўказана ў першых выпусках рубрыкі.
Каста пачынае смялець і звярэць не толькі калі варушыш яе, але найбольш тады, калі яна пад покрывам ночы. І таму знаны івацэвіцкі дзялок, выведаўшы сваю выгаду ў СБП недзяржаўным, прыдумляе і агалошвае фальшывую прычыну сыходу з дзяржаўнага саюза: нейкая там несправядлівасць, у лепшых пачуццях яго абразілі! Насамрэч жа было наступнае: падлеткавы літаратар зажадаў перайсці ў стан дарослага, таму зляпаў пару “сур’ёзных” твораў і рынуўся ў наступ на “Полымя”. Адкуль быў вытураны Мятліцкім за бяздарнасць. А Мятліцкі тады не падпарадкоўваўся па шчаўчку пальцаў Карлюкевічу, які, да слова, стварыў івацэвіцкаму гаваруну райскія ўмовы для друку ў “Маладосці”, холдынгу і нават у “Мастацкай літаратуры”. Смяротна абражаны ў “дарослых” амбіцыях, правінцыйны пустаслоў усіх абхітрыў: пакрыўджана і крыкліва звольніўся з СПБ ды шуснуў у СБП, дзе загадзя абгаварыў магчымасць спансіравання яго “дарослай” літаратуры і друкавання ў самім “Дзеяслове”. Бо з раманістаў там адна Рублеўская засталася, астатнія счаўрэлі без крытыкі. Але, апляваўшы СПБ, дзялок наш ухітрыўся захаваць “сяброўскія” адносіны з Карлюкевічам! – і цяпер літаральна завальвае холдынг рукапісамі, нібыта ён па-ранейшаму сябар СПБ. У выніку сядзіць задніцай на двух крэслах, замучыў кнігарні і бібліятэкі сваімі опусамі і звязанымі з імі выступамі, дзе бязбожна марочыць недасведчаных чытачоў.
І ўсё б добра было малайцу, каб не існавала незалежнай аналітыкі ў беларускай літаратуры, гэтага “падлючага” Южыка. У выніку, паводле маральных і эстэтычных правілаў рубрыкі, івацэвіцкі прайдзісвет пазначаны меткаю “перабежчык”. Таму мы як бы не зважаем на колькасць і дыхтоўнасць яго фаліянтаў, а бяром голы тэкст і разглядаем строга, нібыта не ведаючы ні пра што. І вось з гэтага аналізу выходзіць як бы не зусім ухвальнае, як бы памылкі дзіцячыя год за годам робіць нячулы да крытыкі літаратар. У выніку з тымі дзікімі ляпсусамі ён уводзіцца ў аналітычную сістэму літаратурнай Беларусі.  Паколькі чытэльнасць “ЛіМаразма” ў разы большая, чым літаратурнай часткі сайта “Звязда”, то праслаўленаму празаіку двух саюзаў робіцца неяк няўтульна. І ён, як патрывожаны крот, пачынае вішчаць і пішчаць, зазываючы на падмогу астатніх кратоў.
Гэта, дарагі чытач, адзін эпізод, каб паказаць мэтазгоднасць праробленай намі працы. Ну здавалася б, ёсць у цябе фаліянты і руканне з самімі Карлюкевічам, Галубовічам, Пятровічам – не зважай жа на прыватны блог “падлючага” чалавека! Зважае. Трывожыцца. Бо ведае: самі па сабе фаліянты – туфта, згінуць, як і ўся савецкая літаратура навекі. Важна ўвайсці ў аналітычную сістэму, якая апіша для будучыні беларускі літаратурны працэс. І ўвайсці не з пазнакаю шасцёркі ды перабежчыка, а – самавітага дарослага літаратара, правадніка прагрэсіўных ідэй, строгага і справядлівага настаўніка юнакоў і падлеткаў, выкшталцонага майстра народнай мовы нарэшце. Чаго пакуль што няма.


ЛіМаразм-253

Тэхналогія выпраўлення

У №4 “Маладосці” за 2016 год выявіўся прыкры факт. І добра, каб не стаўся ён правілам. У раздзеле “паэзія” задужа многа не маладых, а менавіта пажылых літаратараў. Няўжо ж нестае ім месца ў “Полымі”, “Дзеяслове” і “ЛіМе” – азадачваецца нераўнадушны аналітык літаратуры. А невялікую плошчу “Маладосці” мэтазгодна ахвяраваць будучай змене, пра якую як быццам павінны рупіцца сталыя літаратары.
І тым не менш, Міхась Башлакоў і Фелікс Баторын на маладых далёка не выдаюць, а нехта Глеб Ганчароў, які напісаў цэлую паэму, сарамліва стаіў сваю біяграфію. Так што міжволі падазраём мы, што і ён не юнак. А яшчэ Юлія Алейчанка – адказны сакратар часопіса “Полымя” – хоць і 1991 года нараджэння, але спакойна сабе магла друкавацца па месцы працы, аддаўшы месца бездапаможным.
У выніку з 5 месцаў у раздзеле “паэзія” 4(!) занятыя людзьмі, вельмі аддалена падобнымі на маладых творцаў. На гэты факт прашу звярнуць асаблівую ўвагу чыноўнікаў міністэрстваў інфармацыі ды адукацыі. У холдынгу душаць маладую літаратуру.
Таму надзвычай пільна абавязаны мы разгледзець творы сталых літаратараў нумара.
Знаёмімся:

Міхась Башлакоў нарадзіўся 27 красавіка 1951 года ў пасёлку Станцыя Церуха Гомельскага раёна. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь  (2009);  за кнігу  «Пяро зязюлі падніму» ўдастоены прэміі Баяна  (Расія, 2004); на міжнародным кніжным кірмашы ў Германіі кніга  «Нетры » (разам з мастаком М.Барздыкам ) увайшла ў лік ста лепшых кніг свету (2005 (…) і гэтак далей(М.Ю).

Творчасць гэтага паэта была аднойчы дэталёва прааналізавана ў рубрыцы. Зноску мы прывядзём.
Міхась Башлакоў з кагорты нястомных лірыкаў, якія ператварылі да таго ж прыродную схільнасць у сродак грамадскага поспеху, а іменна – пішучы тамамі, трансфармуюць парыванні душы ў грошы і славу. Пра што сведчыць біяграфія паэта, якая настолькі шырокая, што ў рубрыцы мы яе скарацілі. Поўны варыянт чытайце ў часопісе.
Вершы аўтара надзвычай аднастайныя, зробленыя па лякалах Коласа і Купалы з невялікімі асабістымі дапрацоўкамі. Таму нічога прыдумляць паэту не трэба: ён проста прыкладае да паперы трафарэт і запаўняе прыгожымі фразамі. 90 адсоткаў тэматыкі шматтомнай творчасці Башлакова наступныя: выйшаў на прыроду, уздыхнуў, зірнуў, акрыліўся прыгажосцю і распавёў, як хораша на свеце жывецца. У сталым узросце неўпрыкмет дадалася манія велічы – радкі цякуць у паэта не раўнуючы боскія.
Вось прыклад з яго падборкі ў часопісе:


***
Ралля. Засеянае поле.
Звіняць у небе жаўрукі.
Уцёкшы з гарадской няволі,
Іду праз поле напрасткі.

Іду да гаю на пагорку,
Што пачынае зелянець.
І на душы маёй не горка:
Яна гатова ўжо запець.

Паціху складваюцца словы.
Глядзіш — трапечуцца радкі,
Як над разлогаю вясновай,
Над гэтым полем жаўрукі.

Глянем на ўказаныя аналітыкам прыкметы лякала ад Башлакова:

1) выхад на прыроду, часта з няволі горада – выканана!
2) захапленне красой роднага краю – выканана!
3) манія велічы – выканана! (радкі трапечуцца і нагадваюць жаўрукоў у небе, поўнае захапленне сабою)

Цяпер па хібах.
Два разы блізка стаіць слова “іду”.
Паэту “не горка”, і душа “гатовая запець”. Адзін абарот лішні, здаецца. Лёгка можна абысціся без непаэтычнага “не горка”.
…“запець” – па вялікім рахунку, слова не зусім беларускае, бо “заспяваць” больш па-нашаму, а “запець” больш па-руску.
Усё. Яўных агрэхаў болей няма. Але і няма цікавых метафар.

Наступны верш болей мнагаслоўны і коснаязыкі:

***
Відаць, зіма вярнулася...
І снегам зноў замецена
І тое, што мінулася,
І тое, што намечана.

Што мроілася-снілася,
Чым сэрца было ўсцешана.
Згубілася, забылася
На сцежках тых заснежаных.

І што ў душы гарэніла,
Што хлюпала і хліпала,
Заслала, замяцеліла,
Завеяла, засыпала.

І светла гэтак сталася:
Ні горычы, ні суму.
Бы за гарой схаваліся
Мае начныя думы.

І ўсё такое новае,
І ўсё такое белае.
І толькі мае словы
Такія зноў няўмелыя.

І ўжо не ўсё і радуе:
Габлюеш слова кожнае...
А снег павольна падае
Над Сожам... і над пожняю...

Аднак праверым яго на ўказанае лякала:

1) выхад на прыроду, часта з няволі горада – выканана!
2) захапленне красой роднага краю – выканана!
3) манія велічы – выканана! (хоць прыхавана напачатку какецтвам “мае словы… няўмелыя”, ды затым – “габлюеш слова кожнае” – знай нашых!)

Верш пры невялікіх адрозненнях – клон першага. Гэтымі клонамі паэт зарабляе прэміі. Жывых пачуццяў няма, бо яны затулены пластмасавым лякалам, куды падстаўляюцца набітай рукою словы.

Цяпер па агрэхах лаўрэата.
Два разы паўторана немілагучнае “І тое, што” – кепска для лірыкі, на якую замахваецца аўтар.
“Што”, з якога пачынаецца другая страфа, – трэцяе запар. Занадта.
У выразе “На сцежках тых…” – “тых” нагрузкі не нясе ніякай, гэта паразіт.
Што такое “гарэніла” – ведае мала хто, не знаёмы і крытык.
Слова “хліпала” – пасля “хлюпала” лішняе. Сінонім. Прычым абодва непаэтычныя.
У фразе “І светла гэтак сталася” – слова “гэтак” паразіт, што смокча сокі паэзіі.
Паўтарэнне каравага злучэння “І ўсё такое” двойчы запар – благі густ аўтара.
“Такія зноў няўмелыя” – “такія” ёсць паразітам.
Напаследак: “І ўжо не ўсё і” – крайне немілагучная звязка для лірыкі.

Такім чынам пясняр роднага краю не змог нават дбайна запоўніць свой трафарэт, як дзеці расфарбоўваюць гатовыя карцінкі ў альбомах.
Ацэнка – тройка па пяцібальнай сістэме. А зважаючы на прыклад, які падае моладзі ў часопісе лаўрэат Башлакоў, – двойка з нацяжкаю.
І не трэба хавацца за слаўнаю біяграфіяй. Аналітыка тэкстаў гэтым не напалохаеш. Не такіх яшчэ бачылі. Гэтае пусканне пылу ў вочы – пакіньце недасведчанай публіцы, або нястомнаму крытыку Чаргінца Новікаву. Бо менавіта ён неяк тужыўся бараніць земляка Башлакова ад Южыка. Гэтыя двое з берагоў Сожа яўна маюць праблемы з паэтычным чуццём. Прычым праўдасек Новікаў і мовы беларускай літаратурнай ніколі не ведаў і вучыць не збіраецца. Так што няхай дзейнасць чыноўнікаў СПБ крытыкуе, а мы будзем займацца творамі.
Нявесела спадары. І найперш таму, што пажылы Башлакоў займае законнае месца пачаткоўцаў. Магчыма, цікавых. Магчыма, нашай літаратурнай будучыні. І мы ўсімі сіламі будзем выпраўляць сітуацыю.

Яшчэ па тэме:
ЛіМаразм-174 “Сімвал мінулага”


ЛіМаразм-254

Цудоўная медыцына

У тыднёвіку “ЛіМ” №32 2016 г.  прадстаўлены вершы Анатоля Зэкава. Смешная тэндэнцыя апошніх часоў, калі пажылыя паэты напружана цікавяцца тэмай кахання, тут праявілася самым барвовым чынам. Цэлую падборку здзейсніў Зэкаў у гэтым гарачым рэчышчы. Самым палкім закаханым паўстае тут паэт на сёмым дзесятку гадоў.
Распачынае так:

***
Я перастаў ужо баяцца
пякельна-горкай жорсткай праўды:
з табой сустрэцца і расстацца —
і назаўжды, а не да заўтра.

Сустрэцца, і цябе пабачыць,
і зразумець яшчэ з парога,
што ўжо нічога не зыначыць
і не пачаць наноў нічога.

Сустрэцца, і абняць, як колісь,
і вуснамі крануцца вуснаў,
і ўжо ўсвядоміць, што ніколі
не прыгарнуць цябе спакусай.

Сустрэцца, ведаючы тое,
што мусім назаўжды расстацца,
бо немагчыма нам з табою
і разам быць, і сустракацца.

Паэтычныя лякалы – зрэшты, уласнай вытворчасці – скарыстоўвае Анатоль Зэкаў у вершы. Сустрэцца, расстацца, закахацца, спакуса, вусны – улюбёныя яго сімвалы. Па лякалах пісаць зручней і хутчэй. І ямчэй гэта пераўтвараецца ў дзяржаўныя кнігі, якія не перастае з часоў БССР друкаваць Зэкаў. Бо сувязі выдавецкія захаваліся. Як і структура Касты.
Нарабіў у вершы паэт недарэчнасцяў – само сабою. А як іначай, калі за ўсю кар’еру, мусібыць, і крытыкаваў яго адзін толькі Южык, дый тое – у Сеціве? У друку заднія месцы рэдактараў заўсёды надзейна прыкрытыя. Таму лічаць сябе не менш, як багамі. І што ні напэцкаюць пяром – тое шэдэўр.
Цяпер канкрэтна.
…”пякельна-горкай жорсткай праўды” – тры сінонімы запар, якія характарызуюць “праўду”. Два з іх лішнія, бо аслабляюць энергію.
Удакладненне, што расстацца трэба будзе “назаўжды”, “а не да заўтра” – празмернае. Адну з частак гэтай грувасткай лагічнай пабудовы трэба выкінуць.
У другой страфе ёсць два ўдалыя радкі – трэці і чацвёрты, вылучаны.
У трэцяй страфе “і ўжо ўсвядоміць” – не здорава, бо “ўжо” ўбітае для галоснай, нагрузкі не нясе ніякай, а таму ёсць паразіт.
…”прыгарнуць… спакусай” – коснаязыкая фраза.
У чацвёртай страфе з’вілася паўтарэнне банальнага выразу з першай страфы – “назаўжды расстацца”.
Усё гэта, а таксама трафарэтнасць, характарызуюць верш Зэкава як несумненную літаратурную падробку, абы-як апрацаваную балванку. Двойка за твор.
Далей горай:

***
З табой ці без цябе
мне быць, пакуль не знаю.
І дні мае ў журбе,
бы ў полымі, згараюць.

І як вярнуць назад
каханне мне былое?
Вярнуць бы, можа, й рад,
ды будзе ўсё не тое.

Не тое і не так,
бо як што раптам рвецца —
і звяжаш мо, аднак
вузельчык застаецца.

Практычна ўвесь нібыта лірычны верш пабудаваны з каструбаватых немілагучных злучэнняў кшталту “ды будзе ўсё не тое” і “Не тое і не так, бо як што раптам”. Адным словам, страхоцце.
Дні, якія “згараюць, бы ў полымі” ў “журбе” – нятрапная метафара, бо журба – лёгкая ступень адмоўных эмоцый, гэта не скруха, не роспач. Светлая журба. Як яе параўноўваць з полымем? Паэт не задумаўся. Прымяніў, відаць, сваю ж сістэмную памылку. Крытыкі за дзесяцігоддзі не ўказалі.
Гутарковыя “мо” і “й” – недарэчныя тут.
Вузельчык, які застанецца пасля таго, як звяжаш нешта, – не знаходка паэта, а бязбожны штамп паэтычны. Дрэнны густ Зэкава.
Усё тое самае і ў наступных творах “пра каханне”. Банальнасць дужаецца з каравасцю фраз.
Прыкладам:

***
Навошта табе сябе мучыць?
На сэрцы я зла не трымаю.
І, хоць невыносна-балюча,
на волю цябе адпускаю.

Праводжу хіба што паглядам
цябе, закаханым і скрушным.
Ляці-адлятай, мая радасць,
маёй непрыручанай птушкай.

Вылучаныя агрэхі каментаваць не буду. Чытач даўно ведае нашы патрабаванні ды па аналогіі ўсё зразумее.
Працуе Зэкаў даўно без душы. На колькасць публікацый і кніг. Няможна яго ў гэтым і вінаваціць – ён прадукт Касты і старадаўняй сістэмы дзярждруку БССР. Крытыка прафесійнага сустрэў толькі пад старасць. А так – адно хвальба сябрукоў па рэдакцыях. Адчуванне сваёй непагрэшнасці ды абранасці. А цяпер бы і хацеў палепшыцца, ды позна як быццам. Літаратурнае жыццё канчаецца. Талент слова – які несумненна ёсць – не раскрыўся, не выйшаў з кола рамесніцтва. Пасміхаючыся ў пародыях ды эпіграмах з іншых, Анатоль Зэкаў не заўважыў, як сам стаўся пасмешышчам.
Адным магу суцешыць майстра пяра – ён не горшы з горшых, а можа, адзін з лепшых гэтай сябрыны, што давяла нашу літаратуры да комы. Аднак наша справа не столькі судзіць, як працаваць у тэрапеўтычным кірунку. Бо цуды ў медыцыне здараюцца.


ЛіМаразм-255

Жаночая эмацыйнасць

Не магу, спадарства, прайсці паўз №7 часопіса “Полымя”, да якога нераўнадушны, бо надрукаваў там лепшыя свае творы. Нераўнадушны, бо літаральна за 4 гады без галоўрэда часопіс зглумілі і абняславілі. Галоўны паэт тут даўно Міхась Пазнякоў. А адзіны раманіст – акадэмік Гніламёдаў, што дэбютаваў з творам яшчэ пры Мятліцкім ды ніяк не можа гэты твор запыніць.
Прозу давялі да такой прорвы, што праз пустату і адсутнасць раманістаў друкуюць цяпер дэтэктыўны раман Мікалая Чаргінца, напісаны, калі не памыляюся, аж пры СССР. У дзяцінстве далёкім, бавячы канікулы ў цёткі на вул. Пятра Глебкі (ну і назва ж!), я з задавальненнем браў з паліц і чытаў займальныя творы Чаргінца. Адзін з іх называўся: “Вам – заданне”. З ім ці не дэбютуе ў “Полымі” знакаміты беларускі дэтэктыўшчык.
Паводле велізарнай прэамбулы да рамана выходзіць, што твор развіты з некалі аднатомнага рамана да шматтомнага і яшчэ не скончаны нават. Аднак, вось што болей сцісла пішуць пра той рускамоўны раман  ва ўсёпранікальным Сеціве (у “Полымі” – пераклад ад Язэпа РУНЕВІЧА):

Роман Николая Чергинца рассказывает о суровом и героическом времени Великой Отечественной войны. Главными героями являются сотрудники милиции, которые самоотверженно защищают Родину, а потом ведут борьбу с бандитами в освобожденных областях. Автор показывает взаимоотношения людей, любовь, дружбу, верность, ответственность человека перед своей совестью в трудных условиях войны.

Паспрабаваў быў адшукаць дату першага паяўлення на свет рамана “Вам – заданне” Мікалая Чаргінца – гэта дужа складана цяпер зрабіць. Аднак працягваю падазраваць, што ведаю гэты твор па кнізе савецкага часу. Зрэшты, якая розніца? Усё адно крызіс раманістаў беларускай літаратуры апошняга дзесяцігоддзя – сумненняў не выклікае. Не пішуць. Перакладаюць рускамоўныя дэтэктывы. Патэнцыял нацыі на нулі.
Важна: на фота перад артыкулам я знайшоў і прывёў менавіта тую, савецкую, вокладку 70-х ці 80-х гадоў, па якой і зведаў упершыню гэты раман Чаргінца.

Ёсць у нумары і вершаваная творчасць Міхася Пазнякова. І хоць разбіралі мы яго паэзію разоў 10, коратка прабяжымся.
Адзін твор такі:

* * *
Пакуль яшчэ лугі, палі тут не пакошаны,
Спяшаюся сюды, нібыта ў рай,
У мой бярозава-рамонкава-валошкавы,
У непаўторны, любы, родны край.

Усё вакол тут вока радуе раскошаю,
Заўжды маёй душы прывольна тут.
Жыве бярозава-рамонкава-валошкавы
Адзіны мой, бацькоўскі, мілы кут.

Забуду я праблемы тут
усе сталічныя,
Да казкі дзіўнай трапіўшы ў палон.
Падорыць лес
свае паляны мне сунічныя,
І ў сініх хвалях закалыша лён.

Не кліч мяне, сталіца,
плошчамі шырокімі,
У вір свой мітуслівы не чакай,
Бярозамі, рамонкамі, валошкамі
Прарос у сэрцы мой радзімы край.

Пазнякоў, як і яго равеснік і выхадзец з сістэмы савецкага дярждруку Башлакоў, маюць адну тэму для вершаў: бацькоўскі кут. І на яе ўхітраюцца нанізаць тамы і тамы. Ды заўсёды як быццам натхняюцца. Насамрэч пішуць па трафарэтах, на што мы ўказвалі пазаўчора.
Я прывёў тыповы трафарэтны верш Пазнякова. Пафас фальшывы. У сталіцу старшыня МГА СПБ, канешне ж, спяшаецца (“Не кліч мяне, сталіца… У вір свой мітуслівы не чакай”). Спяшаецца, і яшчэ як! Бо прэтэндуе на дзяржаўную прэмію.

З удалага ў вершы:
“І ў сініх хвалях закалыша лён”.

Агрэхі:
“Пакуль яшчэ… тут…” – карава для лірыкі.
…“нібыта ў рай” – банальная метафара. Да таго ж “нібыта” аналаг рускага “якобы”. Так што “ў рай” літаратар імкнецца як быццам не напраўду, а жартам.
Рыфма “рай–край” састарэла і засмярдзела.
…“тут вока радуе” – штамп, прычым празаічны.
…”маёй душы прывольна” – тое самае. Аўтар не адчувае сваёй недарэчнасці, вось што палохае.
Штампам ёсць і ўвесь апошні радок першай страфы, дарэчы.
“…бацькоўскі, мілы кут” – зноў тое ж. Ды што ты будзеш з Пазняковым рабіць!
Усё, стаміўся аналізаваць гэтую траскучую калымагу.
Астатняе вылучана.
Хадульнасць пафасу і паўтарэнне адных і тых жа тэмаў і вобразаў – вось прычына дэградацыі паэта Пазнякова. Ну і адсутнасць сапраўднага таленту, гэта само сабой.
Хаця зрэдку, пры пафасе непадробным, вершы ў яго атрымоўваюцца не жудасныя:

* * *
Белым воблакам бэз пад акном
Расквітнеў каля мамінай хаты.
Я сяджу за пісьмовым сталом
І любуюся ім, сумнаваты.

Кветкі цёплай пяшчотай звіняць,
Чысты водар захмельвае сэрца,
Нібы маміны вочы глядзяць,
Усміхаюцца ветла з суквецця...

Як даўно маёй мамы няма...
Ды чамусьці на міг падалося,
Быццам мне мая мама сама
Гэта дзіва прыслала з нябёсаў.

Адчыняю акно, як у сне,
І па кветкі духмяныя лезу.
І здаецца — матуля мяне
Абдымае галінкамі бэзу.

Прыдрацца тут няма да чаго, апроч грубага – “па кветкі… лезу”. Лезе як напралом… Няўдалае слова.
А так у пачуцці верыш. Не ўсё ў нас ачарсцвела, аднак.
Ды немагчыма ж, спадары, пісаць аднымі і тымі ж прыёмамі тамы. Нават удалыя рэчы, калі паўтараюцца безупынку, выклікаюць мінімум нуду і дрымоту.
Аднак Пазнякоў бадзёрыць сябе паходамі па дзяржпрэміі.

Асноўнай адметнасцю нашай рубрыкі ёсць менавіта абгрунтаваны паказ добрага і благога. Галаслоўнага ж гаварэння пра літаратуру мы наеліся досыць. Што ў тамах акадэмікаў-знаўцаў, што на сайце крытыка жыццядзейнасці Чаргінца – Новікава. Гэты праўдасек ад літаратуры самае многае, што можа сказаць пра паэзію сябра свайго Башлакова – яна «замечательная», а творца, адпаведна, паэт «замечательный!». На гэтым аргументы канчаюцца. Ды і адкуль ім узяцца, калі праўдасек не паэт, дый мовы нацыянальнай не ведае?
Гэта асаблівасць нашага часу – пірожнікі бяруцца судзіць баскетбол, а баскетбалісты цеста замешваюць.
Як вы думаеце, спадары, чаму Леанід Галубовіч мае поспех як крытык вершаў? Таму што сам таленавіты паэт, самародак, шмат да чаго дайшоў не на лаве вучнёўскай, а самастойна. Пранік у глыбіні мовы, таму і можа судзіць.
А большасць крытыкаў нашых? У лепшым выпадку выдатнікі філфака, у горшым – троечнікі. Не паэты. Або слабыя паэты, як Ціхан Чарнякевіч. Таму гэты вучань Галубовіча мусіць выкарыстоўваць чужыя прыёмы, многа чытаць Бахціна, Бялінскага  ды інш., пустасловіць, каб запоўніць плошчу артыкула. Атрымоўваецца невыразна менавіта таму, што – не свае там мазгі.
Унікальнасць крытыка Бялінскага якраз у тым, што ён меў бездакорны мастацкі густ, не будучы моцным паэтам ці празаікам. Нешта спрабаваў напачатку пісаць – кволенька, кажуць. Своечасова пераліўся ў сваё рэчышча. Адкуль такое глыбіннае веданне ў яго паэзіі, думайце самі. Ваш крытык лічыць, што гэта прарок рускай літаратуры і досвед атрымаў звыш. Прыхільнікі тэорыі Дарвіна мне не павераць.
Такім чынам, у абсалютнай бальшыні выпадкаў нашы крытыкі нешта чулі пра высокую паэзію, нешта чыталі, але выявіць, менавіта чаму той ці іншы верш высокі, а гэты нізкі, яны не могуць. Бяздоказна. Таму выкарыстоўваць наступны прыём: бяруць аднаго эпатажнага ці сацыяльна актыўнага літаратара і пачынаюць гаварэнне пра яго творчасць. А пра другіх не пішуць, замоўчваюць. У выніку той, пра каго піша “знаўца”, узвышаецца над астатнімі. Але аналізу яго тэкстаў як не было, так і няма. Бо сам “знаўца” ў тэкст пранікнуць апрыёры не здатны.
Нашай рубрыкай мы кладзём канец пустапарожняй балбатні і прыцягнутым за вушы “класікам”. Кожны пачатковец, які стварыў таленавіты твор, імгненна ўзвышаецца намі над Някляевым і Арловым. І не праз жаночую эмацыйнасць кшталту «замечательно!»,  а строгім уніклівым доказам.


ЛіМаразм-256

Нескладаны прагноз

Зноў, дарагі чытач, вяртаемся ў тую самую “Маладосць” (№4, 2016), дзе з пяці пазіцый у раздзеле “паэзія” чатыры адведзена або знакамітым, або чыноўнікам.
Ёсць там падборка і паэтэсы:

Юлія Алейчанка нарадзілася 21 снежня 1991 года ў Оршы. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, потым магістратуру там жа, цяпер — вучыцца ў аспірантуры. Працуе адказным сакратаром часопіса «Полымя». Піша вершы, крытычныя артыкулы, перакладае. «Выношвае» ідэі апавяданняў. Захапляецца жывапісам, музыкай ды міфалогіяй. Любіць трапляць у «памежнае становішча», падарожнічаць і спрачацца з цікавымі людзьмі. Не страчвае надзею стаць той, якой хацелася ў дзяцінстве.

Алейчанка трапляе ў кагорту чыноўнікаў, бо адказны сакратар часопіса “Полымя” – гэта больш нават, чым некалі “Віктар Шніп адказны сакратар “ЛіМа”. Да чаго даслужыўся і чым стаў Віктар, вядома кожнаму. Таму, каб папярэдзіць развіццё злаякаснай і невылечнай хваробы, мы асабліва пільна разглядаем творы сакратароў і чыноўнікаў.
Мінулым разам крытык звярнуў увагу на першынство ў “Полымі” як паэта чыноўніка Пазнякова. Там жа, у №7 2016 года, друкуецца раман саракагадовай даўнасці Мікалая Іванавіча Чаргінца ў перакладзе некага Язэпа Яновіча на беларускую. Яновіча не ведаю і, мажліва, чалавека з такім прозвішчам не знае пашпартны стол. А вось хто такі Чаргінец – даводзіць не трэба.
Але ж мы пра Алейчанка Юлію.
Уступае ў падборку яна наступным парадкам:

***
Давай сустрэнемся ў Сонечным горадзе,
Дзе ўсе пацалункі на целе не змесцяцца.
Збяжым па гулкай параднай лесвіцы
У сад, дзе птушкі-сірыны водзяцца.

Дзе кроў ускіпае, як зелле чароўнае,
Руку прыкладзі — вены быццам шалёныя.
Дзе крылы нябёсаў, ад спёкі салёныя,
Сабой ахінаюць сэрцы вандроўныя.

Я буду гарачым аголеным летам,
Я знішчу адвечны звярыны холад,
Калі не згубіўся Сонечны горад
На мапе тваіх неспазнаных светаў…

Скажам зусім без прыдзірак: верш перапоўнены мешанінай са штампаў і няўдалых метафар. У аўтаркі праблемы з паэтычным чуццём. Даволі слабая энергетыка слова (а ў паэта яна мусіць быць моцная). Словазлучэнні невыразныя і збольшага надуманыя.
Патлумачым.
…”пацалункі на целе не змесцяцца” – непатрэбны натуралізм, непрыгожа. У мяне па талерцы ёсць пару начных каналаў, дзе лесбіянкі вылізваюць адна адну, не пакідаючы месца пустога на целе. Спадзяюся, што Алейчанка апявала не такі падыход.
…”гулкай параднай лесвіцы” – зайграны выраз. І не паэтамі нават, а публіцыстамі.
…”птушкі-сірыны” – тое самае.
…”кроў ускіпае, як зелле чароўнае” – няважна, вельмі чахлая метафара. Бо, па-першае, кроў ніколі не кіпіць. Гэта вобразнасць. Таму параўноўваць гэтае вобразнае кіпенне з нечым недапушчальна. Зелле, да таго ж, кіпіць не заўсёды. А вось чароўнае яно – заўсёды. Так што перамудравала Юлія Алейчанка тут, заблыталася.
Потым лірычная гераіня прыкладае руку – і вены аказваюцца навобмацак “шалёныя”. Не можа такога быць. Калі пульс шалёна б’ецца, то гэта артэрыі, а не вены. Зноўку правал.
Пра “салёныя… крылы нябёсаў” нават слова не падбяру ахарактарызаваць. Ёсць толькі сціплае вызначэнне “кепска”. Тым болей што гэтыя крылы “ахінаюць сэрцы”. Няма адчування ў паэткі дапушчальнага і забароненага. Таму зазвычай пальцам у неба трапляе.
Апошняя страфа – лепей у параўнанні з астатнімі, але “неспазнаных светаў” надта кісла гучыць. Для выразнасці ў нашай мове прынятае “сусветаў”, куды званчэй і лірычней будзе.

Другі верш не выглядае мацнейшым:

***
Я гляджуся ў пустыя вачніцы цемры,
Не баюся: прысуд мне даўно вядомы.
Разрываецца неба начнога зеўра,
Праглынае маю векавую стому,

Каб праліцца мільёнамі душ бадзяжных —
Месяцовым святлом на шляхі стагоддзяў.
Колькі трызненняў-думак імкліва-важных
Мне трымаць давядзецца ізноў на аброці?

Колькі выпіць крыві ў каханых-мілых,
Колькі смерцяў мінуць, колькі раз адрадзіцца?
Колькі страціць сябе і знайсці колькі сілы,
Каб ізноў на калядныя зоры маліцца?

Не баюся пытацца, шукаць, губляцца,
Бо бруяць вясной маіх дзён крыніцы.
Покуль тахкае сэрца ў шалёным танцы,
Покуль цемра не гляне ў мае вачніцы.

Але ў ім ёсць выпадковым чынам знойдзены ўдалы радок – апошні ў вершы, вылучаны.
Астатняе кульгавае ўсё. Асабліва коўзкія месцы пазначаны тлустым. Тлумачыць іх не будзем дзеля эканоміі часу. Там поўная аналогія з уступным вершам Алейчанка. Чытач зразумее што да чаго.
Скажу толькі пра пару найгоршых ляпаў. Можна глядзець у вачніцы, а не глядзецца туды, як у аўтаркі. Бо вачніцы, паводле яе ж, – пустыя.
Ну і “колькі раз” – русізм. Па-беларуску – “колькі разоў”.
Увогуле мова ў паэткі не выглядае нацыянальна адметнай. Набор знаёмых слоў не стварае ўражання беларускасці. Відаць, думае і жыве Алейчанка па-руску. А па-беларуску толькі працуе і вучыцца.
Не ведаю, ці варта аўтарцы мучыць сябе і паэзію надалей. Ці не лепей засяродзіцца на літаратуразнаўстве, у якім яна практыкуецца?
Цікавую карціну выяўляе наш “ЛіМаразм”. Мы ўсё думаем – у Акадэміі робіцца нейкае свяшчэннае дзеянне і стан нашай літаратуры вось-вось навукоўцы выправяць. Ды нарэшце пачнуць справядліва і дасканала апісваць сучасную літаратуру для будучыні. Але “Акадэмія” з уяўнай і вялікаснай катэгорыі пераходзіць у пошлую рэчаісную – бо акадэмікі вось яны: у бяздарных публікацыях “ЛіМа” і “Полымя”, рэальныя людзі, што ўпарта мармычуць пра Мележа і Купалу. І гатовыя так мармытаць гадоў 40 яшчэ, перабіраючы лісты савецкіх класікаў ды аналізуючы і асэнсоўваючы, з якой нагі ў 1967 годзе ўстаў той ці іншы пісьменнік.
Дарэчы, Юлія Алейчанка, адказны сакратар “Полымя”, – гэта тая самая рэальная змена рэдактарам дзяржаўных часопісаў. Адно адрозненне – старыя  былі вяскоўцамі, а таму мову ведалі і любілі, а гэтыя ўжо – рускамоўныя гараджане. Далейшае прагназуецца нескладана.


Яшчэ па тэме:

ЛіМаразм-113 “А ці не ўзяцца нам за Аляксандра нашага за Сяргеіча?”

ЛіМаразм-221 “Прыслухоўвацца”


Міхась Южык

ЛіМаразм-257

Сусанін Іван

Пануе золата над светам,
сцякае з неба ўніз.
Дзесь паміж восенню і летам,
здаецца, свет завіс.
(Мікола Кандратаў)

Падборка вершаў Галіны Загурскай у “Полымі” №7 2016 года выглядае натуральна, нязмушана. У добрых традыцыях беларускай прыроднай лірыкі.

Загурская Галіна Пятроўна нарадзілася 5 студзеня 1945 года ў вёсцы Лявонпаль Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1967). Настаўнічала ў Лявонпальскай сярэдняй школе, а таксама ў сярэдняй школе вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёна. З 1973 года жыве ў Полацку. Працавала выкладчыкам і метадыстам у медвучылішчы, потым у ГПТВ № 66 будаўнікоў. Рэдактар народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне».
Аўтар паэтычных кніг «З далоняў сэрца» (2007), «Да зямлі прытуліцца» (2009), «З росаў святаянных» (2013).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча (2015).

Другі па ліку верш падборкі:

ЛІСТОК

Палова ліпеня. Лісток
Зляцеў знямогла на руку.
Туман запаланіў раку
І кімсьці ўзведзены масток.

А гэта лета свой бязмен
Хіснула ўніз, падаўшы знак,
Што хутка — восень, што няўзнак
Вядзе нас час да перамен.

Ён заружовіць верасы
Ды намалюе дрэў кастры,
І выбегуць грыбы ў бары,
Дажджы распусцяць валасы.

Апалы жаліцца лісток,
Што без пары ён адляцеў,
Ды першым ён адчуў павеў —
Убачыў восені выток.

Лісток трымаю на руцэ,
Гаворку з ім сваю вяду:
Чакаць мне шчасце ці бяду?
Туман гуляе па рацэ…

Нягледзячы на звыкласць тэматыкі і чыста вясковы спосаб яе вырашэння, некаторыя метафары падаліся цікавымі. Усе яны вылучаны падкрэсліваннем.
Пазначыў я і сумнеўныя месцы.
“Знямогла” – неўнармаванае слова, хоць тут стаіць па месцы, добра характарызуе працэс. Аднак найлепей абыходзіцца звыклымі словамі, паверце, іх у беларускай мове даволі.
Слова “кімсьці” ў апошнім радку першай страфы выглядае непатрэбным. А само па сабе яно немілагучнае.
Звязка “нас час да” ў другой страфе – дрэнна прагаворваецца ўслых, таму што зашмат згусцілася рэзаных непаэтычных слоў.
Лісток, які “ўбачыў восені выток”, – занадта для неадушаўлёнага і да таго ж ужо сшэрхлага лістка.
Гаворку, якую вядзе аўтарка з лістком, зусім неабавязкова пазначаць як “сваю”. Залішняе слова.

Наступны верш, апошні ў падборцы, таксама прывабны:

ГАЛУБЫ

Праз шкло за мною сочыць голуб —
Пільнуе ён мой кожны рух,
А там зіма выводзіць сола.
Марозна. Вось і голуб — зух.

Я птушцы вельмі спачуваю
І просам, грэчкаю кармлю,
Заўжды палёгку адчуваю,
Калі буркоча ён «люб-лю».

Бывае, столькі налятае
Тых галубоў, што бойка йдзе,
І голуб мой між іх знікае,
У іх бязглуздай грамадзе.

Мой галубок — як знак бясспрэчны,
Што холадна і трэба зноў
На падаконне сыпаць грэчку
Для ўсіх азяблых галубоў.

Ёсць сюжэт. А пафас сапраўдны, а не вытужаны, як у большасці твораў Пазнякова, Башлакова, Шніпа, Камейшы, Зэкава і гэтак далей. Усіх, хто зашмат піша ды ўсё накрэмзанае друкуе.
Невялікія агрэхі пазначаны тлустым.
Найлепшае месца верша вылучана падкрэсліваннем.
Хібы не даюць назваць паэзію Загурскай выдатнай. Акрамя таго, ёсць уражанне, што падобнае чытаў у савецкіх паэтаў. Неабходна было шукаць адметнасць выяўлення, самабытныя нюансы. Цяпер позна, відаць. Але, паўторымся, паэзія для чытача будзе карысная, бо гожая па майстэрстве і пачуццямі не фальшывая.

Сузіраючы фота наступнай аўтаркі “Полымя”, думаў, што праз частату публікацый дзяўчына – нейчая дачка ці пляменніца. Аказалася ўсё прасцей – маладая чыноўніца (што на адмаўляе першыя падазрэнні).
З біяграфіі:

Маргарыта Юр’еўна Латышкевіч нарадзілася 19 студзеня 1989 года ў горадзе Брэсце. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (2011). Працуе ў Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта БДУ. Рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць». Аўтар кнігі вершаў «Пульс навальніц» (2012), друкавалася ў калектыўных зборніках паэзіі і прозы «Мы — маладыя» (2012), «Кахаць і верыць», «Мост Дружбы» (абедзве 2013), «Мой дзень пачынаецца» (2015).

У карацельках сваіх Латышкевіч пакуль не навучылася выказвацца выразна, даходліва:

ІНСТРУКЦЫЯ ДЛЯ ХВОРЫХ

Надвор’е не радуе, у баку коле, голас здраджвае, рукі дрыжаць, а галава плавае ў тумане? Віншуем вас. Вы захварэлі.
Многія людзі хварэюць бессістэмна, па-аматарску, маючы пра гэты працэс досыць расплывістае ўяўленне. Вядома, такое безадказнае стаўленне не можа не адбівацца на якасці іхняй хваробы.
Нельга не прызнаць, што асобныя індывіды маюць прыроджаны талент да хвароб, атрымаўшы яго, так бы мовіць, з малаком маці. Большасць жа людзей праз усё жыццё набывае неабходныя веды цяжкім вопытным шляхам, губляючы на гэтым шляху час, нервы ды — эпізадычна — лаянку.
Мы не можам не цешыць сябе думкаю, што пасля прачытання нашай інструкцыі працэс хваробы для шырокіх мас болей не будзе загадкай. Хвароба, лёгка даступная кожнаму, — вось наша задача.

“Голас здраджвае” – руская мадэль. Па-нашаму – “голас падводзіць”.
“Галава плавае ў тумане” – не надта трапна для апісання млоснага стану, бо такая карцінка прыцягвае вонкавага назіральніка. Тады як пачуццё выключна ўнутранае.
“Безадказнае стаўленне” – не ясна, якую нагрузку нясе слова “безадказнае”. Не па месцы яўна стаіць, недарэчы. Безадказны – гэта калі няма адказаў у сэнсе тэхнічным, напрыклад, “безадказны механізм”. Прычым тут “стаўленне”? Няважнае веданне мовы. Бо нязгода нешта зрабіць – адмовіць, а не адказаць.
Слова “іхняй” – гутарковае. Не хапала нам яшчэ запаўняць мастацкія тэксты, акрамя дыялогаў, “іхнімі” ды “ягонымі”.
Далей я вылучыў участкі карацелькі, дзе Маргарыта Латышкевіч выказваецца задоўга, карава, па-канцылярску. У прозе мастацкай трэба ўсё рабіць куды болей ёмка і трапна.
Пра змест і сэнс твораў маладога празаіка нічога пакуль не скажу. Хай Акадэмія прозу аналізуе. Мы болей спецыялісты паэзіі.

Мяняецца час, спадары, бруіць трэцяе тысячагоддзе, а ў беларускіх часопісах літаратурных па-ранейшаму, па-савецку – адны чыноўнікі. Куды мы ідзём? “Давяду!” – кажа суровы Сусанін Іван.


ЛіМаразм-258

Унікальная кніга

З некаторых пор Уладзімір Саламаха стаў крытыкам. Прынамсі ў гэтай рубрыцы “Полымя” выходзяць яго артыкулы. Так і нумар 7 года 2016 ад Н.Хр. парадаваў рэцэнзіяй Саламахі на публіцыстычную кнігу Зіновія Прыгодзіча.
Па чароўным супадзенні Саламаха заўсёды піша пра людзей вядомых, важкіх, дзяржаўных. Вось і Зіновій Прыгодзіч – сталы аўтар холдынгу, а самае значнае – галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня”. Прынамсі так яшчэ нядаўна было.
І крытык натхніўся дзяржаўнай кнігай дзяржаўнага чалавека.
Акрамя размовы пра змест, дзе ўласна крытыкі ані слова, а ўсё дыфірамбы, Уладзімір Саламаха пускаецца ў бессэнсоўнае нязвязнае гаварэнне.
Напрыклад:

Вядома, калі масавая, камерцыйная, дык яна і жыве па рыначных законах. І калі ў нас яе «продвигают» самі прыватвыдаўцы — у асноўным, ці амаль цалкам, яна імі выдаецца — і аўтары. Апошнія ходзяць і раздаюць свае кнігі знаёмым і родзічам, пакідаючы аўтографы з рознымі пажаданнямі, і адчуваюць сябе геніяльнымі празаікамі і паэтамі. А часам і спрабуюць прадаваць, і нават прадаюць…

Або:

А так званая высокая — дык гэта літаратура сапраўдных пісьменнікаў. І хоць іх у нас шмат, на жаль, па розных прычынах некаторыя рэдка выдаюцца: і не іх у тым віна... Такая літаратура ў асноўным выходзіць у дзяржаўных выдавецтвах, дзе, як бы там ні было, існуе адбор рукапісаў, дзе захавалася прафесійная рэдактура, школа і традыцыі папярэднікаў. (Заўважу адразу, каб, як кажуць, зняць пытанне: эксперымент разумны і пісьменны, асабліва маладых, падтрымліваецца і вітаецца! Творчы эксперымент і бязглуздзіца — рэчы зусім розныя.)

То бок Каста – чыноўнікі, сакратары СПБ і рэдактары – захапілі ўсю друкаваную плошчу дзяржаўных выданняў ды яшчэ і насміхаюцца з аўтараў, якіх самі ж адтуль выперлі: ваша літаратура дзярмо, а сапраўдная літаратура – толькі наша, бо пазначана шыльдай “дзяржаўная”.
Гэта верх нахабства, скажам па шчырасці. І такое магчыма толькі пры адчуванні сваёй поўнай беспакаранасці, самаўпэўненасці перад Гісторыяй. Аднак якраз самаўпэўненасці гэтай Саламаху павінна дужа бракаваць, зважаючы, з якой хуткасцю знікае інтарэс у незалежнай Беларусі да народных пісьменнікаў БССР. І павінен гэта крытык экстрапаляваць на сябе – ужо яго дакладна забудуць у тую ж секунду, як страціць пазіцыі ў холдынгу.
А між тым гаворыць Саламаха, нібы на вякі… Трапячыце, Арыстоцель і Кант!
Мы паспрачаліся б з “крытыкам”, ды няма асабліва пра што.
Бо якраз у часопісе “Полымя” мы не выявілі за два гады існавання рубрыкі ніводнага таленавітага паэта. У “Маладосці”, “ЛіМе”, “Дзеяслове” рэдка, але такія з’яўляліся. Кандратаў, Мінкін, Дранько-Майсюк, Настасся Нарэйка, Алесь Каско – на жаль (а можа, на шчасце) не аўтары “Полымя”.
А вось Віктар Шніп, які сам па сабе – твар дзяржаўнага друку (“сапраўдны пісьменнік”), што павінен паводле “крытыка” Саламахі аднымі шэдэўрамі чытача заваліць – такую лухту часам нясе, што жудасна за нацыянальную літаратуру становіцца. І ўсё гэта не галаслоўна прамоўленае, як у Саламахі, а скрупулёзна даказана літаратурнай аналітыкай у артыкулах рубрыкі.
Закрытая, нячулая да крытыкі і пазбаўленая сувязі з народам сістэма блажэе. І гэта сталася з “Полымем” апошніх чатырох гадоў, калі адтуль выцеснілі рэшткі таленавітых аўтараў, каб Пазнякову і яшчэ некаторым не выглядаць на іх фоне нягегліцамі. (Дзіву даешся, як вокамгненна спляжылі 90-гадовую працу сваіх папярэднікаў.)

Аднак Саламаха не перастае куражыцца з недзяржаўных пісьменнікаў:

Трэцяе поле, сецевая (правільна – сецевае, – М.Ю.), дзе сам сабе і аўтар, часта і адзіны свой чытач, і сам сабе надта ж «удумлівы» крытык…

Атрымліваецца, праўда, наадварот: рэдакцыя “Полымя” сама сабе і аўтар, і чытач і ацэншчык. 100 чалавек індывідуальных падпісчыкаў мае дзяржаўны часопіс, тады як на блогу прыватным Южыка іх 1000(тысяча) у месяц.
Дакаціліся, адным словам. Да-публікаваліся і да-крытыкаваліся самі сябе.

А вось з чаго пачынаў Саламаха гэты глыбакадумны артыкул (другі абзац):

Так, «Постаці…» — унікальнае выданне, якое мае вялікую выхаваўчую, адукацыйную, і нават вучэбную ролю для самай рознай катэгорыі чытачоў. Калі засяродзіцца на апошнім, дык яно сапраўды па праву з’яўляцца, як адзначалася, напрыклад, у невялікай прадмове Алеся Карлюкевіча да першай кнігі, маўляў, «варты ўвагі студэнтаў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта самы сур’ёзны падручнік». Замоўчваецца? Хай будзе і так… Але гэта ніякім чынам не ўздзейнічае на вартасць ужо не адной, а дзвюх кніг З. Прыгодзіча: другая — «Постаці: сэрца мільёнаў падслухаць біцця…»*, і вось ужо выйшла трэцяя. Безумоўна, яна таксама будзе па-сапраўднаму ацэнена. Спадзяёмся, што будзе чацвёртая і пятая, і… — бо тых, з кім можна і трэба весці дыялогі пра наша жыццё, мінулае, сённяшняе і будучае, сапраўдных патрыётаў Айчыны ў нас безліч.

Трэцяя кніга. І яшчэ будуць (бюджэтныя грошы). Бо яна ўнікальная, таму што ўнікальная. А яшчэ таму, што так сказаў кіраўнік холдынгу Алесь Карлюкевіч. І заткніце ўсе зяпы, бо ёсць на гэтую кнігу і ўнікальны крытык Саламаха.
Пацешна, што тая публіцыстычная кніга не ёсць фактам мастацкай літаратуры, а таму на яе б і не зважыў ніхто. Але Саламаха абараняе і ўзносіць яе так, нібы чалавек 100 крытыкаў прачыталі яе і абрынуліся з заўвагамі.
Поўнае выпадзенне з рэальнасці.
Такім чынам, мы маем справу з двайным падманам: артыкул не крытычны, а хваласпеўны, аднак нахрапам запхнуты ў раздзел “крытыка”; а другое – сапраўдныя пісьменнікі (дзяржаўныя), на паверку ёсць зусім не сапраўднымі.
Адно цікава: ці скіне айчынная літаратура хоць некалі з сябе горб у выглядзе разнамасных кіраўнікоў і наглядчыкаў ды зажыве вольна, як любая літаратура ў краінах хрысціянскага свету?


ЛіМаразм-259

Рука ўсёмагутная

Чытачы, якія пачыналі са мной рух ад першага выпуску рубрыкі, павінны памятаць, што стартавалі мы з тыднёвіка “ЛіМ”, надаючы асаблівую ўвагу яго справаздачам ад СПБ і зместу рубрыкі “крытыка”. Выявілася вельмі хутка, што справаздачы ліпавыя, а крытыкі няма. Роўна як і паэзіі. Адсутнасць апошняй вынікала з дзвюх першых прычын.
Тамашняя крытыка, калі і з’яўлялася рэдка, то абслугоўвала сілавікоў Касты. Яна выклікала, прыкладам, такую рэакцыю “ЛіМаразма”:

На наступнай старонцы “крытыкі” “ЛіМ” працягвае ўпарта, напорыста, нахабна, я б нават сказаў, пхаць у жывыя класікі жывога графамана – акадэміка Гніламёдава. На гэты раз дабрадзеем выступае нехта Анатоль Трафімчык, які літаральна заходзіцца эпітэтамі: “Бліскуча і даходліва, з прымяненнем простых пераканальных аргументаў аўтар адлюстроўвае сутнасць таго, што рабілася на яго малой радзіме ў шырокім сацыяльна-палітычным кантэксце”. Або: “Выснова, да якой немінуча прыходзіш па прачытанні рамана, — трэба ведаць ранейшыя творы. Да глыбокага аналізу яшчэ звернуцца філолагі.” (О Божа! – да чаго ж адзін акадэмік дорага абыходзіцца бюджэту краіны!)

Я нават быў вылавіў аднаго дзяжурнага крытыка двух карыфеяў прыгожага слова: Міхася Пазнякова і Ўладзіміра Гніламёдава, прычым акадэмік нават мяняў ролю і часам выступаў у якасці рэцэнзента “выдатнай” кнігі паэзіі Пазнякова. Такі вось зладжаны трыумвірат.
Не пачытаўшы ніводнага разу прафесійнай крытыкі ў тыднёвіку за цэлы год, я паставіў дыягназ “невылечна” і засяродзіўся на паэзіі, прычым не толькі “ЛіМа”, а і часопісаў холдынгу.
То бок рубрыка практычна не сачыла і не змагалася за жыццё крытыкі ў “ЛіМе”. Што толькі ўзмацніла стан прастрацыі дзяржаўных выданняў.
А цяпер, спадары, не галаслоўна пакажу вам наступнае.
Возьмем нумары “ЛіМа” з 31-га па 35-ты (2016 г.), што вісяць на сайце “Звязды”. №35 наогул не адчыняецца, ён для нас чорная дзірка, але ад гэтага крытыкі ў ім для нас не пабольшала. Нумары ж 31, 32, 33, 34 – а тое роўна месяц – не змяшчаюць наогул крытычных артыкулаў, апрача стандартнага рэкламнага агляду свежых часопісаў. Самую большую крытыку ў гэтым аглядзе зараз працытую:

Сумніўна,   што  чытач  «Полымя»  будзе  ўзрушаны  ці здзіўлены паэтычнай часткай нумара. За выключэннем вершаў  Мар’яна  Дуксы,  якія  не  заўсёды  «роўныя»,  але  заўсёды — адметныя.

Усё. Астатняе на цэлую старонку – мёд, прыкрая патака. Прычым нейкая Юлія Шпакова, уводзячы падраздзел “сумніўна”, нават не парупілася даведацца, што правільна будзе “сумнеўна”, ад слоў “сумненне”, “сумнеў”. Адкуль выпаўзла “і” ды паўтараецца папугаямі ў дзяржаўных выданнях – не разабраць.
Гэта, чытач, табе крытыка за пяць нумароў тыднёвіка “ЛіМ”: вершы Дуксы не заўсёды роўныя. Верх філасофскага пранікнення ў паэзію.
Зараз слухайце ўважліва: у “Маладосці” літаратурнай крытыкі не бывае наогул, яна чамусьці ўся – тэатральная(?). У “Полымі” з апошніх нумароў 6 і 7 расклад такі: у №6 раздзела “крытыка” наогул няма. У №7 – памянёны ўчора нядобрым словам рэкламны опус Саламахі на публіцыстычны фаліянт Зіновія Прыгодзіча, то бок  таксама – не крытыка.
Такім чынам, за 2 апошнія месяцы сістэма дзяржаўных часопісаў “Звязда”, дзе корміцца войска разгільдзяяў чыноўнікаў, не здужала выдаць ніводнага крытычнага артыкула пра сучасную літаратуру. Удумайцеся. Асэнсуйце. І ўявіце, як гэта нахабна яшчэ варочаецца язык у Саламахі называць некага “сецевая крытыка” – маўляў, несапраўдная. Ах, несапраўдная? Дык дай нам, Саламаха, сапраўдную ў часопісе! Не можа. Нямоглы. Няма патэнцыі.
Сам не веру вынікам беглага агляду крытычнай часткі. Але гэта менавіта так. Бо з дзяржаўных часопісаў слова ўжо сякерай не высечаш. На стагоддзі.
Дададзім сюды і слабую крытычную частку часопіса “Дзеяслоў”, які, нагадаю, выходзіць раз на два месяцы. Крытыка там зазвычай – адзін артыкул Леаніда Галубовіча на малатыражную кніжку паэзіі ды развагі пакручастыя Шаўляковай; як быццам пра літаратуру гамоніць “знавец”, але такой цяжкой нечытэльнай моваю, але так расплывіста фармулюе думкі, што той, хто дачытаў артыкул дарэшты, – ужо за адно гэта герой!
У “Літаратурнай Беларусі” пару разоў бачыў літаратуразнаўчыя і чахлыя па энергетыцы, з поўнай адсутнасцю аналітыкі артыкулы Чарнякевіча Ціхана.
І вось гэта ў нас завецца – крытыкаю.
Таму напраўду цяжка было згрэбці  Рублеўскай у “Савецкую Беларусь” на круглы стол хоць жменьку крытыкаў з 9-мільённай краіны. Прыйшлося называць крытыкамі нават тых, хто некалі, гадоў 15 таму, як Бязлепкіна, засвяціўся з двума артыкуламі ў “АРХЭ”. Потым літаратар Бязлепкіна вярнулася настаўнічаць. Не піша, прынамсі нідзе не бачна, і Ганна Кісліцына, якая з той чарады бляклых постацяў адна толькі і можа насіць званне крытыка. Але праца ў Акадэміі даўно змусіла сцішыцца і ўсе парыванні трымаць глыбока ўнутры. Бо старшыня МГА Пазнякоў усіх застрашыў: як махне старэчай рукой – не толькі за крытыку з СПБ вылятаюць, а і з месца працы, магчыма. Такі ўсёмагутны наш старац.
Крытыцы апошняга дзесяцігоддзя (друкаванай) паклаў сімвалічны канец Уладзя Арлоў – пляўком у малазначную крытыкесу, што асмелілася па глупстве пакусаць яго кнігу. А другі канец, з іншага боку, паклаў легендарны Пазнякоў выключэннем крытыкаў з Саюза Пісьменнікаў Беларусі. То бок крытыку задушылі як самі “незалежнікі”, гэтак і махровыя “дзяржаўнікі”.
Вынік я вам прывёў. У друкаваных літаратурных выданнях крытыка перабывае ў стане поўнай адсутнасці.


ЛіМаразм-260

Перакладаем на беларускую

Больш за дзесяць гадоў у часопісе “Полымя” існуюць так званыя навуковыя публікацыі. Што яны такое, а галоўнае, нашто яны чытачу – дадумацца цяжка. Даходзілі, праўда, чуткі пра тое, што публікацыі гэтыя маюць статус дысертацыі, або набліжаюць да дысертацыі ў розных галінах навукі. Найперш – у філалагічнай.
Аднак публікацыя павінна быць яшчэ і чытэльнай, зразумелай чытачу сярэдняга, так бы мовіць, узроўню. А інакш хай бы выходзілі яны манаграфіямі і ацэньваліся на сходках у Акадэміі. Завошта ж нас мучыць?
Таму патрабаванні да “навуковых публікацый” у нас роўна такія, як і да ўсіх тэкстаў літаратурнага часопіса – яснасць думкі. А значыць, без гожай і ёмістай мовы ніяк не абыдзешся. Бо мова ёсць сродкам перадачы эмоцый і мыслення ад аўтара да чытача. Па-іншаму не бывае.
Але ў “Полымі” чамусьці палічылі, што мова ў такіх публікацый павінна быць спецыфічная, мудрагелістая, каравая і няўцямная. Толькі тады публікацыі, праз адсутнасць выразнай думкі, набываюць вонкавы выгляд навуковых.
Мы пару разоў аналізавалі тэксты гэтага раздзелу. Ды, відаць, мала ў чым пераканалі рэдакцыю, што працягвае наталяць нас коснаязыкімі тварэннямі вучонай пісьменнасці.
Вось і публікацыя Валерыя Максімовіча з першага ж абзаца ўразіла не па-добраму:

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТРАДЫЦЫЯ ВА ЎМАЦАВАННІ ІДЭНТЫФІКАЦЫЙНАГА СТАТУСУ СУЧАСНАГА ГРАМАДСТВА

У эпоху глабалізацыйных трансфармацый не толькі ўзрастае неабходнасць у захаванні нацыянальнай самабытнасці, але і ўзнікаюць новыя інструменты і магчымасці для гэтага. Яны звязаны, у першую чаргу, з увасабленнем у жыццё духоўнага патэнцыялу і творчых інтэнцый асобы. Зразумела, што іх фарміраванне не адбываецца спантанна, хаатычна. Паўнавартасная рэалізацыя духоўна-маральнага кампанента асобаснага развіцця прадугледжвае наяўнасць пэўных псіхалагічна зададзеных параметраў, якія крышталізуюцца, удасканальваюцца, атрымліваюць сваё развіццё ў працэсе індывідуальнага станаўлення, духоўнага росту шляхам уключэння ў сетку сацыяльных камунікацый. Па вялікім рахунку, тыя ж прынцыпы варта ўжыць і да соцыуму — калектыўнага суб’екта духоўна-маральнага развіцця. Стратэгію і магістральныя вектары гэтага развіцця варта разглядаць у цеснай сувязі з перадумовамі і фактарамі сацыяльнай эвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і варыятыўнасці, гістарычнай і сацыяльна-эканамічнай абумоўленасці. Прымаючы пад увагу ўсю існуючую шматвектарнасць падыходаў і трактовак глабалізацыі (часам неадназначных, а то і палярных), нельга забываць, што чалавек у XXI ст. не павінен стаць закладнікам, а тым больш ахвярай глабальных працэсаў, наўпрост звязаных з негатыўнымі праявамі нівеліравання, стандартызацыі асобы як носьбіта адметнага індывідуальнага пачатку. Глабалізацыя, як вядома, стварае пагрозу чалавечай ідэнтычнасці ці, інакш, спалучана з ідэнтыфікацыйнымі рызыкамі, якія не могуць спрыяць акумуляванню пэўна зададзеных ментальных, духоўных і культурна-каштоўнасных дамінант. Вось чаму праблему нацыянальнай ідэнтычнасці варта аднесці ў разрад праблем асаблівага стратэгічнага значэння.

Глянь, дарагі чытач, колькі тут шмат літар для перадачы няхітрай думкі: глабалізацыя наступае і трэба нешта рабіць, а то страцім нацыянальную самабытнасць. Гэтым сказам ваш крытык перадаў не толькі змест абзаца, але і ўсяго артыкула. Бо далейшага развіцця Максімовіч не здужаў прыдумаць. Некалькі абзацаў следам за першым ён паўтарае тое самае іншымі сказамі, схітраючыся ў коснаязыкасці фраз. То бок артыкул пусты. Ні да чаго не вядзе, нічога не знаходзіць, не вынаходзіць. І адзінае, чаго дамагаецца гэты тэкст, – выпрацоўка агіды да беларускай мовы. Але мы супакоім цярплівага чытача: мова гэтая не беларуская, а нейкая іншая. Тут ці не палова слоў – іншаземнага паходжання, чужародныя, а ёсць і прыдуманыя калі не самім Максімовічам, то перанятымі ім ад гуру нацыянальнага літаратуразнаўства – Шаўляковай Ірыны.
Я зараз ціхмяна выпішу з абзаца гэтыя словы.
…”глабалізацыйных трансфармацый, патэнцыялу, інтэнцый, камунікацый, магістральныя, фактарамі фактарамі сацыяльнай эвалюцыі, варыятыўнасці, сацыяльна-эканамічнай, трактовак глабалізацыі, нівеліравання, акумуляванню, праблем, стратэгічнага…”
Ці не праўда, занадта багата? Бо самі па сабе словы не нясуць катастрофы, калі іх ужываеш умерана, рэдка. Пры Максімовічавай жа частаце прымянення іншаземных канструкцый – нянаская мова атрымалася, давайце па шчырасці, нейкая іншая, шаўлякоўская.
А яшчэ і руская калька – “асобаснага” (ад «личностного»), тады як ёсць выдатнае беларускае “асабовага”.
І гэта, не ўлічваючы задоўгую няўклюднасць сказаў і выразаў, якія практыкуе тут Максімовіч. Ну немагчыма дапяць да сэнсу, дальбог. Такая філасофія даўно не ў пашане, гэта Канта маглі цярпліва расшыфроўваць навукоўцы. Цяпер гэтым ніхто займацца не стане. Бо і філасофія павінна быць празрыстай, чытэльнай. Пры ўсё спрэчнасці фігуры Міхаіла Велера, яго кніга “Ўсё пра жыццё” мае дзве вартасці: многа сэнсу і даходлівасць мовы. А інакш бы яго падручнік пра тое, як Велер стварыў Сусвет, дачытаць было б немагчыма.
Валерый Максімовіч заблытаўся ў адной сентэнцыі і далей не здолеў яе развіць. Сентэнцыю ў перакладзе на беларускую народную мову паўторым: глабалізацыя наступае і трэба нешта рабіць, а то страцім нацыянальную самабытнасць.
Мы не хацелі прынізіць навукоўца, але ён сам зацята нарваўся на гэта праз непатрабавальнасць да сябе і расхлябанасць. Усё адно, маўляў, такія публікацыі ніхто не чытае, а галачку паставяць і ганарар капне.
Непазбежна звяртаемся да рэдакцыі некалі паважанага часопіса: спадары, не палянуйцеся рэдагаваць навукоўцаў, прыводзіць іх мову робатаў бліжэй да нармальнай, літаратурнай. Каб не толькі гэта публікаваць, але і чытаць можна было.


Яшчэ па тэме:

ЛіМаразм-119 “Развіццё нябачных раманаў”

ЛіМаразм-184 “Цень старшыні”



ЛіМаразм-261

Дзеля мастацтва

Фелікс Баторын надрукаваў у часопісе “Маладосць” №4 2016 г. баладу, якую можна назваць мастацкім творам.

САЛАМОНАЎ СУД

балада

Неяк раз прывялі да цара Саламона на суд
Маладзёна, што звёў у суседа дачку-харашуху.
Ля палаца на пляцы сабраўся разгневаны люд.
«Нечувана!» «Абраза!» «Каменнем закідаем зуха!»

Бацька дзеўчыны з ганьбы пасыпаў сабе галаву
Поўнай жменяю попелу. Маці адводзіла позірк.
Брат стаяў, нерухома ўтаропіўшы вочы ў жарству,
А жаніх Рахміэль — у рашучай, пагрозлівай позе.

Выйшаў цар усеўладны ў багатым убранстве сваім,
І пачціва замоўклі на плошчы прысутныя людзі.
Сонца промні прыцьмяніла побач з вянцом залатым.
Нават вецер суняўся. Чакае Ізраіль, што будзе.

Цар глядзіць на злачынцу і грозна пытае яго:
— Як пасмеў ты ўчыніць, нібы гой, не дастойны габрэйства,
Дабрачыннасцю слыннаму сыну народа майго
Нечуванае ў племені нашым дагэтуль зладзейства?!

Ды без страху пагляд на цара паднімае юнак:
— Мудры цару, ці ж сам ты не быў у палоне кахання?
Прыгажуня Рахіль на мяне паглядзела няўзнак —
І я ў тую ж хвіліну сваім захлынуўся дыханнем!

І Рахіліну палкую кроў збунтаваў гэты хмель.
Век пілі б мы яго, а дасыта ніяк не напіцца!
Я не мог дапусціць, каб за грошы багач Рахміэль
Адкупіў, як на рынку тавар, майго сэрца царыцу!

Хай свінцом заліюць, хай шпурляюць каменне ў мяне —
Гэта лепей, чым бачыць Рахіль маю ў смутку і горы,
Назіраць, як слінявы ласун яе лапае, мне
І як гасіць пакута ў вачах у каханае зоры.

— Прывядзіце дзяўчыну Рахіль! — загадаў валадар.
Прывялі. Апусцілася ціха яна на калені.
— Не яго, а мяне лепш забі, я малю цябе, цар! —
Паглядзеў на яе — і застыў Саламон у здзіўленні.

Водар ночы вясновай струменіла плынь валасоў,
Вочы ззялі, нібыта вялізныя чорныя сонцы,
Ну, а голас — на свеце чысцейшых няма галасоў.
Толькі дыхала ўся яе постаць пакутай бясконцай.

І прамовіў тут цар юнаку: — Не хвілінных уцех,
Прагнуў ты ўсёй душой — абаім вам сапраўднага шчасця.
Ты дзяўчыну па-злодзейску ўкраў, а крадзеж — гэта грэх,
Але грэх яшчэ большы такую красу — і не ўкрасці!

Нярэдка даводзіцца бачыць, што паэты яўрэйскай нацыянальнасці зацятыя на праблемах свайго народа. Вечна прыгнечаны люд, які не прыняў Збавіцеля (няма прарока ў сваёй айчыне), нечым падобны да вечна прыціснутай беларускамоўнай суполкі. Творчасць Баторына, хоць і беларуская па мове, ды яўрэйская па сутнасці. І тут нічога не зробіш, бо, паводле Акуджавы, кожны піша, як ён дыхае і чуе. Толькі тады паэзія мае шанц быць сапраўднай.
Фелікс Баторын паказаў самавітую беларускую паэтычную мову, перадаў драматургію моманту. Суаднёс часткі з цэлым. То бок гарманізаваў твор. І гэта галоўнае. 
Некаторыя сумнеўныя нюансы я вылучыў тлустым.
Не стану на іх запыняцца. Акрамя, бадай, таго, што не мог каханак “назіраць”, як яго каханку багач будзе “лапаць” і “мяць”. Часы ўсё ж не цяперашнія, а таму інтыму было адведзена адпаведнае месца. Недагляд аўтара.
А так усё хораша, і мы абавязаны адзначаць паспяховыя творы, надрукаваныя ў перыёдыцы. Ужо выразна выяўляецца, што “Полымя” сярод усіх часопісаў – аўтсайдэр паводле паэзіі, а “Маладосць” імкнецца ў лідэры, бо зрэдку адшуквае неблагія тварэнні. Гэта найперш таму, што туды зазіраюць з рукапісамі не толькі заплеснелыя чыноўнікі, а і простыя паэты, якія пішуць пакуль дзеля мастацтва, і толькі.


Міхась Южык

ЛіМаразм-262

З народам пагаварыць

Газета “Літаратурная Беларусь” (№120) прадставіла ўкраінскага паэта Васіля Кузана ў перакладзе таямнічага “А.А.” Такім чынам перакладчык сышоў ад адказнасці.
А між тым ёсць, на што яму ўказаць, напрыклад – ва ўступным вершы падборкі:

* * *
Паэты сыходзяць часта,
Часцей, як не паэты.
Іх душы ляцяць у неба,
Іх рукі, як тыя крылы, —
Заўжды патрабуюць лёту.

Паэты згасаюць проста,
Як лісце ляціць з бярозы.
У свеце — халодная восень,
Апошняя, як самотнасць, —
Сястра і каханка паэта.

Паэты згараюць зранку
Без пляшкі, што на пахмелле,
Без мроі, якую патрэбна
Чакаць і шукаць яму зноўку,
Як чарговую дзеўку.

Паэты сціхаюць хутка —
Няма калі жыць ім у прозе,
Бо вечна — напаўдарозе,
Бо Муза стаіць на парозе
Са словам, было што першым.

Паэты знікаюць рана,
Іх трэба любіць учора,
Бо сёння й на вечныя векі
Ім недасяжныя будуць
Ні кветкі, ні пацалункі.

Паэты ўміраюць вечна,
Бо вечна шукаюць смерці,
Бо здаўна на Шляху Млечным
Паводзяць сябе бяспечна,
А быць сёння трэба іншым.

Паэты нясуць на плаху
Лебядзіныя спевы свае,
І восені ўжо не стае,
Каб радасці лёсу піць…
Паэты не ўмеюць жыць.

Па-першае, мы не ведаем, як фармуляваў думку сам Кузан, але бачнае сведчыць пра тое, што філасофія вельмі спрэчная, невыразная. Верш мнагаслоўны на мяжы пустаслоўнага. Тут не тое каб параўноўваць з лермантаўскім “На смерць паэта” жахліва, а проста сесці, удумацца – і ніводная сентэнцыя аўтара/перакладчыка не пераконвае.
Што значыць – “Паэты сыходзяць часта”? Ды з аднолькавай для ўсіх людзей частатою.
Выраз “душы ляцяць у неба” – хіба не штамп першакласніка?
Або: “Паэты згасаюць проста”. Непераканаўча. Пачытайце хаця б кнігу “Праўда смяротнага часу” пра Ўладзіміра Высоцкага, дзе апісаны апошнія дні яго агоніі ды бегла – канчатковы год жыцця.
“Халодная восень”, якую параўноўвае паэт/перакладчык з “самотнасцю” – збіта, заезджана. Дый “самотнасць” – грувасткі вырадак ад элегантнай “самоты”.
…“якую патрэбна” – празаічны, не паэтычны выраз.
“Як чарговую дзеўку” – вульгарызм.
…“й на вечныя векі” – перакладчык “А.А.” паказаў сябе гультаём. Бо “й” – пусты гук, а “вечныя векі” – няправільна, бо ёсць толькі “вякі”. То бок падставіў пад рытміку, як заманулася.
“Бо здаўна на” – у кантэксце гучыць нягнутка, як проза.
Паўтаруся, што амаль усе філасофскія сентэнцыі пра паэтаў, якімі аўтар распачынае страфу, або спрэчныя, або невыразныя, або бязглуздыя.
Вылучыў я пару радкоў дзеля прыліку падкрэсліваннем: яны больш удалыя з астатніх.
Аднак вінаваціць нам няма каго – перакладчык “А.А.” умыў рукі, а сам Васіль Кузан далёка.
Гэта, канешне, не тая халтура, якую назіраем у перакладах кіргізаў і калмыкаў у “Полымі”, або спробы тамашнія перавесці “Яўгена Анегіна” на беларускую з поўным парушэннем граматыкі. Узровень тут вышэйшы. Ды ўсё адно – нізкі.
Супакою, што так бывае амаль ва ўсіх перакладах. Каб гучаў верш моцна – паэт мусіць быць геніем. І перакладчык – таксама геніем. А дзе столькі набрацца гэтакіх? Успамінаючы нават пераклад “Фаўста” Пастарнакам, я бачу там найперш стыль Пастарнака, а сам Гётэ за ім мізарнее.
Так што буду настойваць – нацыянальная паэзія ў прынцыпе не падуладная перакладу, мова – асаблівы код, на якім паэт гаворыць з народам сваім. А іншая мова – адпаведна, інакшы код, энергетыка, плюс душа перакладчыка. Немагчыма.


ЛіМаразм-263

Узяць сябе ў рукі

У часопісе “Маладосць” №4 2016, пасярод сталых пісьменнікаў і чыноўнікаў, адзінай маладой публікацый выступае:

Аляксей Арцёмаў нарадзіўся 27 сакавіка 1991 года ў Туле. Выпускнік Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дэбютаваў у часопісе «Маладосць» пазалетась. Любіць тэхналогіі, спадзяецца дажыць да тэхналагічнай сінгулярнасці.

Бачна, што, паводле прозвішча і біяграфіі, паэт расіянін. У звестках не ўказана таксама, ці перабраўся ён на Беларусь. Але нешта пабудзіла Арцёмава да стварэння вершаў па-беларуску.
Увогуле, атрымалася нядрэнна.
Напрыклад:

***
І пляск вады, і бляск агню,
І промні сонца напрадвесні —
Усё цяпер упершыню
Ператварыцца можа ў песню.

І гуд далёкіх цягнікоў,
І пошум станцый мітуслівых
Яшчэ абернуцца наноў
Празрыстай нотай, пералівам.

А я глухі. І прамаўчу
(Цярпі, Эўтэрпа гаваркая!);
Не талент я і не вяшчун,
Хоць ведаю, што нас чакае,

Што будзе ў музыкі фінал,
Што лёс спрыяе чорнай сіле,
І толькі сівер давідна
Правые на тваёй магіле.

Пачатак значна лепшы, чым другая палова твора.
Устаўлена недарэчна муза Эўтэрпа (так рабілі ў 19 стагоддзі, Цютчаў асабліва любіў). На ёй спыняецца ўвага і прападае фабула верша.
“Хоць ведаю, што нас чакае” – раптоўны канцылярызм, проза пасярод неблагой лірычнай тканіны.
А потым, як непазбежнае парушэнне Боскай гармоніі, ідзе спаўзанне ў дэпрэсію.
Аўтар спляжыў верш сам. А можна было выруліць самавіта.

Яшчэ твор:

***
Снежань. Бясконцыя вечары —
Цемра наўкол, дэфіцыт марозу.
Гэй, Дыяніс мяне прабяры,
Вось і чаму я дасюль цвярозы?

Слухаць бы музыку, піць глінтвейн,
Лашчыць рукою твае калені…
Снегу бракуе, няма завей:
Толькі глабальнае пацяпленне

І цішыня. Я адзін сяджу,
Сумны ўнутры, неахайны звонку,
Мару пра сцюжу замест дажджу,
Мару, што побач чужая жонка.

Ат, дачакаюся халадоў —
Часта ад слоты ратуе студзень.
Нават каханая прыйдзе зноў,
Толькі ніколі маёй не будзе.

Я зразумею, што жыў не так,
І па віно пацягнуся ў краму.
Злітуйся, Божа, падай мне знак,
Ну… І мазгі падары таксама.

Тут горш. Хоць у цэлым праглядаецца талент вершаскладання. Ёсць мелодыка. Думка выяўляецца сцісла.
Аднак іншаземнае магазіннае слова “дэфіцыт” напачатку – тут жа задае кепскі тон.
“Вось і чаму я дасюль” – няўклюдна, карава даволі.
“Мару, што побач чужая жонка” – у дадзеным выпадку вульгарна гучыць.
Два апошнія радкі чацвёртай страфы – добра, удала. Вылучыў падкрэсліваннем.
Напрыканцы бяда: “І мазгі падары таксама” – такі зварот да Бога жахлівы. А ў лірычным вершы – як абухам у патыліцу чытачу.
Творы Аляксея Арцёмава яшчэ сыраватыя. Але чалавек малады, і калі неадкладна возьме сябе ў рукі – то можа атрымацца нешта выразнае.

Трохі ад тэмы ўбок: партал выдавецкага дома “Звязда” нешта заклініла: вісіць тыднёвік “ЛіМ” ад 2 верасня, прычым не адчыняецца файл. Наперад або нічога не выходзіла, або хаваюцца ад народа, або грошы хочуць вялікія зарабіць, прадаючы газету (сёння ўжо 22.09.16). Ці праграміст звольніўся? Гадаем.
На тытульнай старонцы “ЛіМа” вывешана вялікае мноства артыкулаў. І агульная колькасць каментарыяў на іх – нуль. Поўная адсутнасць чытацкага інтарэсу.


ЛіМаразм-264

Аголенае сцягно

Меня всегда удивляет, когда в новостях, скажем, объявляют,
что Дэн Браун написал новый роман...
А о наших книгах где можно услышать?
            (Валеры Гапееў)

З’явіўся электронны варыянт “Дзеяслова” №81 2016 года. Некаторыя змешчаныя там рэчы патрабуюць разгляду. Напрыклад, раман Валеры Гапеева. Шматслоўны, грувасткі, на чвэрць часопіса. Перанасычаны дыялогамі. З сатанінскай назваю “Ноч цмока”. Успамінаем тут жа яго папярэднюю мянушку раманнага опуса – “Праклён” – і становіцца ясна, што ганцавіцкі пісьменнік падаўся на службу музам інфернальнага свету.
Памятаю, як адна літаратуразнаўца папікала мяне, што назваў кнігу прозы “Мёртвае дрэва”. Праз чорную назву кніга доўга ляжала ў яе дома неразгорнутая. Прачытаўшы нарэшце, здзівілася, колькі там святла – і наказала надалей заўсёды прадумваць назвы кніг. Людзей адштурхоўвае цёмны бок Месяца. Нармальных людзей. Для сектанцкай жа суполкі, куды і стараецца Гапееў, свет перакулены, таму пойдуць і цмокі, і ўсялякая нечысць ад Глобуса- Бахарэвіча.
Мы ўсё-ткі мяркуем, што большасць чытачоў рубрыкі ёсць нармальныя чалавекі – з дзецьмі, унукамі або светлымі марамі пра здаровых нашчадкаў.
Таму разгледзім проста кавалак тэксту ад Гапеева, давёўшы, як уплывае падземны свет на пяро сваіх памагатых.
Сузіраць жа ўвесь раман у крытыка няма ніякай магчымасці, бо з эстэтычных меркаванняў ён і старонку не здольны адужаць. Настолькі грузкі там тэкст. Спярша Гапееву варта абучыцца прыгожаму слову. А потым штурхаць “вялікія” ідэі ў прастору беларускай літаратуры.
Кавалак узялі адразу пасля тамлівага дыялогу на шмат старонак:

Я развітаўся і накіраваўся да дзвярэй. Зіначка ўжо сышла. Я зноў з прыкрасцю падумаў пра тое, што давядзецца ісці да яе. Так, ад ранішняй «сексуальнай заклапочанасці» не засталося і следу. Магчымыя любошчы ніяк не ўпісваліся ў мой настрой, гэта па-першае. Па-другое... Я вяртаўся нетаропкай хадой і думаў пра тое, што мяне зараз не чакае прыгатаваная вячэра, да якой я прывык за апошні тыдзень. І Надзея не чакае. Чакае Зіначка, але чакае, як сучка злучку, ёй трэба, яна возьме ад мяне тое, патрэбнае, і на гэтым усё... Ці яна думае мяне так прывабіць, каб застаўся з ёй жыць? Ну, не такая ўжо яна бязглуздая, каб спадзявацца, што я згаджуся стаць бацькам дваіх чужых дзяцей. Ды чорт іх ведае! Як там Тамара казала? Няма логікі. Ды Зіначка – лухта. І Надзея... Не, не лухта, але ж і на ёй жанчыны ў гэтым райцэнтры не закончыліся. Сама вінаватая: трэба было пачакаць. Ці хоць пакінуць слоўца якое, магла і элементарную эсэмэску адправіць. Хоць выбачыцца, бо ж не дачакалася, падманула. Бач, тэст я не прайшоў! Хіба я жывёла паддоследная?
Накручваў, стараўся раззлавацца, а падсвядома марыў: вось зараз Надзея будзе чакаць мяне ля сваіх веснічак. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, павітаемся, яна спытаецца-ўпікне нязлосна, але з такім прыемным клопатам: «Зноў не абедаў?» – і я прамаўчу пра тое, што перакусілі з Тумарам яго тармазком. І быццам не было ўчарашняй ночы, яе нечаканага пытання, маёй ашалеласці. Мы разам павячэраем, яна будзе сядзець, як заўжды – нага за нагу, у сваіх звыклых шортах, а я буду есці і паглядаць на яе высока аголенае сцягно і не стрымаюся, як і раней, у нейкі момант спыню сваё жаванне, выцеру вусны, нахілюся і пацалую халаднаватую скуру, якая не мае для мяне ні паху, ні смаку, як вада, але ж і такая жаданая..

“Развітаўся і накіраваўся” – не зусім добра па стылі, лепш было замяніць другое слова на “пакіраваў”, тады не будзе недарэчнай тут рыфмы. Гапееў не паэт. Але тым не менш.
Яшчэ мы вылучылі ганарлівае “я”. І надалей яго вылучалі, а таксама ўсе “мне” ды “мяне” ад галоўнага героя. У псіхааналізе гэта важна як поўная зацыкленасць аўтара на сваім “эга”.
Незразумела таксама, чаму апантаны сексам празаік звязку «сексуальнай заклапочанасці» бярэ ў двукоссе. Які падвойны сэнс нясе гэтая звязка? Няма. Ёсць толькі прамы – Гапееў заўсёды піша пра плоцевае каханне. Таму двукоссе тут не да месца. Памылка.
“Магчымыя любошчы ніяк не ўпісваліся ў мой настрой” – коснаязыка даволі. Дый канцылярызм, па вялікім рахунку скажам. Так у мастацкай прозе не пішуць. Развагі ў лепшых традыцыях Міхася Пазнякова, кшталту “ішоў, а па дарозе планаваў свой дзень”. Зрэшты, гэтыя двое нечым падобныя па таленце слова. Прычым абодва дужа паспяховыя па пераўтварэнні рукапісаў у дзяржаўныя кнігі. Правінцыйная і сталічная наменклатура. Падраздзяленні адной і той Касты пасвечаных у нацыянальнае слова.
Затым пасярод вечных гапееўскіх “я”, “мне” і “мяне” мы сустракаем вытворныя ад слова “чакаць”. У кароткім кавалку рамана іх дужа зашмат. Зараз падлічым… 7(сем) штук! Пласцінку заступарыла і яна дакучліва запішчала. Беднасць слоўнікавага запасу – так гэта называецца насамрэч; а яшчэ і адсутнасць пачуцця меры, няздольнасць суадносіць часткі ды цэлае.
Выраз “чакае, як сучка злучку” – вульгарызм, пошласць. Нават для прозы. Каб уставіў Гапееў гэта ў дыялог пашляка – адно. А так пашляком выглядае сам аўтар.
Потым ідзе блытаніна думак і вобразаў – герой размаўляе з сабою некалькі радкоў. Урывак з гэтага: “Ці яна думае мяне так прывабіць, каб застаўся з ёй жыць? Ну, не такая ўжо яна бязглуздая, каб спадзявацца, што я згаджуся стаць бацькам дваіх чужых дзяцей. Ды чорт іх ведае!”
Напрыканцы аўтар памінае свайго любімага чорта.
Слова “выбачыцца” перад нязменным “дачакалася” – няважны тут варыянт. Бо ёсць калькай з рускага «извиниться». У нашай мове прынятае “папрасіць прабачэння”. У слоўніку варыянту ад Гапеева няма. Падкрэсліў “выбачыцца” і вордаўскі арфограф.
На завяршэнне аўтар робіць прамую граматычную памылку – “выцеру” замест беларускага “вытру”. Кепска, што скажаш. Слаба.
Дарэчы, забыў: а як гэта “марыць падсвядома”? Бо менавіта ў гэтай вобласці свядомасці з’яўляюцца летуценні ў галоўнага героя.
Увогуле ж такі тэкст кваліфікуем як мнагаслоўны на мяжы пустаслоўнага. Мінімум думкі і дзеяння – і максімум літар ды словазлучэнняў.
Думка, зрэшты, адна – дапатопнае юрлівае жаданне спаткацца з нейкай “Надзеяй”. А вакол гэтага – частакол кульгавых і блытаных фраз.
Таму што аўтар за вечным “я” забываецца і губляе кантроль. Узбуджаны мозг ліе і ліе словы. Ад гэтага вылучаюцца гармоны шчасця і ўзбуджэнне толькі ўзмацняецца. Гапееў наталяецца самім сабою – адсюль і нястрыманасць, і частата ў тэксце “я”, і празмернасць з вытворнымі ад слова “чакаць”.
“…я буду есці і паглядаць на яе высока аголенае сцягно і не стрымаюся, як і раней, у нейкі момант спыню сваё жаванне” – які страшны псіхалагічны партрэт! Герой спыніць звярынае жаванне і рынецца зрываць рэшткі адзення са спакуслівага сцягна, і ўвойдзе гарачай сваёй істотаю ўглыб аб’екта… І ад гэтага некалі народзяцца такія ж неандэртальцы.
Спадар Валеры, тым не менш, памяркоўны да крытыкі. Прынамсі менавіта так характарызуе сябе на круглым стале Рублеўскай у “Савецкай Беларусі”. Ён гатовы прыслухоўвацца і выпраўляць за крытыкам тое, што недагледзеў. Дык няхай жа папрацуе ён з нашымі сціплымі стылявымі заўвагамі, а потым пера-дашле рукапіс, каб яго магчыма было нармальнаму чалавеку чытаць. Пажадаем рупліваму празаіку поспехаў.


В.Гапеев: Паверце, няхай часам бывае i крыўдна, i балюча, але ў любым нармальным артыкуле, як астынеш, знойдзеш карыснае. Заўважыць нехта зацягнутасць сцэн, недасканаласць сюжэта, непрапрацоўку характараў герояў...

В.Гапеев: Не раз было, крытык бачыў тое, пра што ты i не думаў, а вось ён сказаў — i ты заўважыў. Ну, тут зразумела: аўтар пiша iншы раз на падсвядомасцi...

В.Гапеев: Аўтарытэтнае меркаванне. Наелiся ўжо i пiяра, i чорнага пiяра. Сецiва тым больш — дурдом без выхадных, кожны непрызнаны аўтар падаўся ў крытыкi. Таму, лiчу, слова застаецца за сапраўднымi профi крытыкi i аналiтыкi: Кiслiцына i Галубовiч, Шаўлякова i Чарнякевiч, Алейнiк i Абрамовiч, Бязлепкiна i Марцiновiч–малодшы, а яшчэ Карп, Весялуха, Грышчук, Капуста, Янкута, Кудасава...

Читать статью полностью на портале «СБ»: http://www.sb.by/kultura/article/pisatel-i-kritika.html

Асабліва ўражвае ў пераліку прафесійных аналітыкаў Марціновіч-малодшы, а таксама Карп і Янкута, пра якіх пачуў толькі зараз.
Бяда ў Гапеева адна – ніхто з гэтых “сапраўдных профі” пра яго празаічныя практыкі не піша. А калі і спрабаваў некалі, то, як Чарнякевіч і Грышкевіч, абгадзіў і высмеяў. Падлізванне ім задніх месцаў надзіва не памагло. Таму ўвесь піяр Гапеева толькі – або сам пра сябе на “круглых сталах”, або ў аналітыцы Южыка.

Яшчэ па тэме:
“Слова – не верабей, або Ўрокі бяспечнай логікі”


МЕРКАВАННЕ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ:
Симптомы мании величия
Не всегда болезнь мания величия проявляется столь ярко, с выраженным бредом и попытками навязать своё мнение как можно большему числу людей. Её симптомы также могут включать:
• Повышенную активность больного. Так как маниакальный эпизод биполярного расстройства часто проявляется именно как мания величия, симптомы их могут сочетаться. Самым ярким проявлением такого сочетания является очень активное продвижение идей больным, его энергичность, отсутствие чувства усталости.
• Частые смены настроения. Возбуждение сменяется ступором, эйфория – депрессией, бурная деятельность – пассивностью. Эти перепады очень слабо контролируются больным или происходят вне его воли.
• Чрезвычайно высокая самооценка больного. Помимо невероятной ценность идей, больной возвышает себя как их носителя, требует от окружающих почтительного, раболепствующего отношения.
• Неспособность воспринимать критику. Все замечания, каким-либо образом дискредитирующие идеи больного, как минимум игнорируются, а зачастую очень грубо пресекаются.
• Невосприятие чужого мнения. Зачастую больные не только отрицают всякую критику в свой адрес, но и вообще любое альтернативное мнение. Также они не воспринимают чужие советы, даже когда поступки больного глупы, опасны или просто противоречат банальному здравому смыслу.
• Бессонница. В основном связана с повышенной активностью, которой характеризуется мания величия. Симптомы могут проявляться как нарушением засыпания вследствие наплывов мыслей и идей, так и меньшей потребностью в сне из-за чрезмерной энергичности.
• Чаще мания величия возникает у мужчин. Для них характерна большая агрессивность в донесении своих идей, которая может трансформироваться в физическую агрессию. Мужчины с манией величия более активны, настойчивы, экспансивно расширяют области воздействия, стремятся нейтрализовать всех оппонентов.
• Для мании величия у женщин характерно более мягкое течение, приступы агрессии у них практически не встречаются. Основной мотив мании величия у женщин – стать лучшей в какой-либо сфере жизни или в максимуме их. Нередко болезнь принимает форму эротоманического бреда, при котором женщина утверждает, что в неё влюблен или имел с ней половую связь какой-либо известный мужчина.
• В исходе течения мании величия часто наблюдаются депрессивные эпизоды и склонность к суициду.



ЛіМаразм-265

Писатели относятся к своим произведениям, как к собственным детям.
Поэтому любое критическое суждение о них
считают оскорблением с переходом на личность.
 Достаточно написать: «Не все писатели одинаково талантливы...»,
как тут же найдется десяток литераторов, которые решат,
что это ты сказала именно о них!
И летят письма во все возможные государственные учреждения...
К слову сказать, чем талантливее писатель,
тем меньше он обращает внимания на то, что говорит о нем критика...
 Ведь критика создается не для писателей, а для читателей!
        (Ганна Кісліцына)

    Семя крытыкі дзеля саду роднага Слова

Доўгія гады беларуская літаратура перабывала ў аднаполым стане. З’яўляліся творы, і часам неблагія, але не было крытыкі, якая б яе апладніла і нарадзіла нарэшце нацыянальную літаратуру. Крытыкі не заангажаванай, не рэкламнай, не партрэтнай, а той, якая аператыўна рэагуе на новыя, трапяткія творы, што вось-вось выйшлі ў перыядычных выданнях. І судзіць не па тым, якое чыноўнае месца займае аўтар, не па тым, сябар ён табе або вораг, а зыходзячы толькі з яго вялікасці Тэксту.
Крытыка, такім чынам, справа мужчынская. Бо ў прыродзе апладняе самец. А раней крытыкай у нас займаліся пераважна жанчыны. І менавіта таму ў іх мала што атрымоўвалася. І менавіта таму непазбежна скочваліся яны ў літаратуразнаўства і рэкламныя ролікі.
Творы і творцы як бы жаночага полу. Яны павінны яскравасцю, неардынарнасцю прывабіць крытыка. Моцнага самца, які аплодніць творы і ашчаслівіць аргазмам творцаў. Гэта закон прыроды. І літаратура тут недалёка сышла ад элементарнага плоцевага апладнення людзей. Бо плоць адначасова нараджае і дух – усіх гэтых апосталаў Паўлаў, Пушкіных, Караткевічаў.
Літаратура – гэта таксама працяг роду. Дакладней, працяг народа. Апладняючы творы – мы нараджаем літаратуру, а з ёй і народ. Бо няма народаў без мовы нацыянальнай.
Стан нашай літаратуры ў эпоху да рубрыкі “ЛіМаразм” – гэта вечна незадаволеныя сексуальна жанчыны, якія ненавідзяць адна адну і зайздросцяць, калі некаму ўдалося збегаць з казармы налева, праз дзірку ў плоце, хоць бы да прымітыўнага качагара. Гэта так званыя бяздарныя рэкламныя артыкулы. Або артыкулы ў стылі Марціновіча на дзяржаўных людзей. Шчасця яны нікому яшчэ не прынеслі, нармальнага апладнення і здаровай сям’і не спраўдзілася. А затое нянавісці ды зайздрасці – спарадзілі цэлы цягнік.
Салжаніцын у “Архіпелагу” апісваў выродлівае і скажонае сексуальнае жыццё ў раздзельных зонах. Асабліва пакутуюць без кахання жанчыны. Таму некаторыя становяцца мужамі, а больш слабыя фізічна і пяшчотныя душою – жонкамі.
Так і літаратары нашы, не будучы крытыкамі, пачынаюць нахвальваць, любіць адно аднаго ў Фэйсбуку. Сурагат сапраўднага сексу, а ўсё-ткі неяк напругу здымае. Тыповая ўяўляецца карціна – жанчыны выціраюць у зарумзанай сяброўкі соплі, нагладжваюць, цалуюць… Не ад добрага жыцця на гэта ідуць літаратары – ад роспачы. Нешта ж гэты вечны эрас ды значыць! – казаў мудры Аляксандр Салжаніцын.
Часта выкарыстоўваецца і такі жаночы спосаб літаратарамі: хваліць крытыкаў (сексуальныя вартасці) у друку, якія пра цябе яшчэ не пісалі, але могуць праз пахвалу зважыць і апладніць твор артыкулам. Так робіць, прыкладам, Валеры Гапееў на круглых сталах (гл. папярэдні выпуск).
Або яшчэ адзін спосаб незадаволеныя аўтары скарыстоўваюць – справакаваць брутальнага самца, наадварот, прыніжаючы яго вартасці (той жа Гапееў любіць названы спосаб), каб ён (самец-крытык) вылавіў твой твор і апладніў па поўнай праграме.
Гэта не жарты, спадарства, а поўная паралель з рэчаіснасцю. Бо без крытыкі твор – пустышка, старая дзеўка. Праз пакрыццё твораў крытыкам – працягваецца іх род, а імя аўтара не гіне ў гісторыі.
Крытыка баяцца, як суровага мужа. Але з ім і заігрываюць, какетнічаюць – бо змушае прыроднае лібіда. Каб авалодаў, апладніў, надаў жыццю сэнс. Няхай пры гэтым і трэсне цупкім кулаком праміж вачэй.
Выбраны эпіграфам урывак з крытыка Ганны Кісліцынай выдатна люструе стан рэчаў. Аўтары, як раўнівыя дзеўкі, кідаюць прад’явы крытыку не толькі за тое, што не быў уначы з імі, а за тое, што быў з іншым літаратарам. А значыць, іх разлюбіў!
Або яшчэ тыповы варыянт рэўнасці. Сышлі ад біёграфа Чаргінца дарвініста Новікава крытыкі Грышкавец і Южык. Прычым першы ўжо гады два як. Але раўнівая дзеўка не перастае шчыпаць, папракаць, праклінаць за тое, што ўсё жыццё за бясплатна Грышкавец не быў з Новікавым.
Раз глядзеў перадачу пра адну з жонак акцёра Дзям’яненкі (Шурыка). Ужо гадоў 40 ён ад яе сышоў да іншай, ужо гадоў 20, як памёр нават, – а пакрыўджаная жанчына не можа дараваць, жыве гэтым, наталяецца нянавісцю, зачыніўшыся з крумкачом у цёмнай кватэры. Ёй за восемдзесят.
Таму самыя помслівыя – жанчыны, каго кінулі ў плане эрасу. Экстрапалюючы на аўтараў – яны (жонкі) самыя невыносна крыўдлівыя і помслівыя, калі страцілі крытыка (мужа).
Толькі зразумеўшы прыроду і сутнасць нацыянальнай літаратуры, можна яе па-сапраўднаму апладніць. Творы прагнуць годнага семя, каб вымкнуць з зямлі, расцвісці, запаланіць садамі родную Беларусь.


Яшчэ па тэме:
“Крытыка на лаве падсудных”


ЛіМаразм-266

Вечная перамога

Представь себе весь этот мир, огромный весь,
Таким, каким он есть, на самом деле есть -
С полями, птицами, цветами и людьми,
Но без любви, ты представляешь, без любви.
Есть океаны, облака и города,
Лишь о любви никто не слышал никогда.
       (з фільма «Чарадзеі»)

Выйшаў новы нумар “Літаратурнай Беларусі”. Я грэшнай справай неяк падумаў, што гэта тыднёвік. Потым засумняваўся – напэўна, раз на два тыдні выходзіць газета. Цяпер жа не паленаваўся праверыць – раз на месяц. А калі так, то ясна, што будзе ён вечна забіты блатнымі, знанымі ды славутымі. А значыць, для крытыкі там месца апрыёры няма.
Так і ёсць. Прасачыў кожную старонку – толькі рэкламны агляд Леаніда Галубовіча новага “Дзеяслова” (№81). Прычым аўтар і не хавае, што ён “зазывала”, а не крытык. Прынамсі шчырасць патрэбная. Для нашага агульнага ачышчэння.
Сустрэў я пасля савецкіх пісьменнікаў – Сцяпана і Законнікава – новае імя: вершы Аляксея Карпенкі. Па ўсіх законах яго трэба вітаць, даваць авансы, хваліць. Аднак гэта будзе парушэннем прынцыпаў рубрыкі.
Глядзім першы твор:

ГІПЕРКУБ

Нараджэнне маё не сакрэт:
Не прыняўшы эўклідавых правіл,
Хтось кубы ў адным звязку саставіў —
Прыгажосці вар’яцкай аб’ект,

Што за кожную грань меў бы куб,
Каб не быў параджэннем паперы...
Дорыць свет ваш малавымерны
Толькі выгін пагардлівы губ.

Для бялковых пачвараў няма
Чатырох вымярэнняў прасторы,
І заве мяне выдумкай хворай
Трохвымернага свету турма.

Толькі сімвал міфічны... Не стаў
З вамі роўным, хоць думкі й займаю...
Раз прысніў, як мастак распінае
На маім падабенстве Хрыста.

...Я паперу б вугламі працяў,
Не чакаючы ў белай магіле
Тлумачэння: нашто вы стварылі
Непрыдатнае да быцця?


Аўтар, хочацца верыць, не арыгінальнічае напаказ, а спрабуе адмыслова выявіць унутраны свет. Але зноў, як многім і многім, яму замінае мова: радкі ідуць яршыста, траскуча, немілагучна; думка губляецца ў наплыве вобразаў. Думаеш над кожнай страфой – што ж паэт меўся сказаць – і не знаходзіш нічога вартага філасофіі. А калі гэта накладаецца на сырую і неўтаймаваную паэзіяй мову, то вынік становіцца невясёлым.
Слова “хтось”, канешне, можна ўжываць у паэзіі, але гэта ўкраінізм, па вялікім рахунку, а ў нас – гутарковая форма.
Што такое “адзін звязак” – не ведаю. Бо “звязка” ёсць толькі ў жаночым родзе.
Слова “аб’ект” інжынернае, фізічнае, не вельмі прыдатнае для паэзіі. Хоць аўтар і піша пра нейкія “кубы”, гэта не адмяняе законы фанетыкі.
У другой страфе: “меў бы”, “каб не быў” калдобяць верш.
Потым ідзе ганарыстае: “свет ваш”. Ды ён такі ж наш, як і паэта. Таму дзіўна, хто маецца на ўвазе пад “вы”. Калі Ўсявышні, то заведзена з вялікай літары звяртацца.
“Бялковыя пачвары” пераследуе “выдумка хворая”. Быццам аўтар наўмысна хоча зацягнуць агіду ў чытацкае сэрца. Пісаць трэба ўмець прыгожа – вось асноўны прынцып, калі жадаеш звацца паэтам.
Далей зноў паўстае гордае: “Не стаў з вамі роўным”. Чым ужо мы так правінаваціліся перад аўтарам?
“Я паперу б вугламі працяў” – пагана. Бо слова “кепска” паэты беларускія вымусілі мяне заездзіць. А сінонімаў мала.
Наастатак новая прад’ява нам, грэшным: “нашто вы стварылі…” Далібог, прытаміў пан Карпенка гэтым пытаннем.
Верш дэпрэсіўны выйшаў. Бо з жорсткім сэрцам пісаўся, без Божай іскры. Агорклае мудраванне на тэму “а пайшлі вы ўсе на…”

Наступны твор ледзь трохі святлейшы, за кошт апошніх двух радкоў, і ўвогуле праз метафару “сінь калядная”:

СІНЬ КАЛЯДНАЯ

Адвядзі сябе ў сінь калядную —
У цямрэчы з сабой схаваць
Мары плоскія, другарадныя,
І кашмараў нязбыўных раць.

Ад нары, што смярдзіць мінуўшчынай,
Зладзь уцёкі ў мароз начы —
Слабы розум, быццём раструшчаны,
Адзінотай спрабуй лячыць.

Спадзявайся дарогай дальняю
Супакоіць вар’яцкі дух...
Зразумеецца прадказальнае —
Ты з кашмарам паўсюль удвух, —

Што ў нары, дзе жыццё праседжана,
Што ў начы, куды ўцёк з нары...
«Сінь калядная, шлях прыснежаны,
Забяры мяне, забяры!»

Астатнія заўвагі, паважаны чытач, роўна тыя самыя, як і ва ўступным вершы Аляксея Карпенкі. “Кашмар”, “цямрэча”, “мары плоскія”, “другарадныя”, “раструшчаны”, “слабы розум”, “вар’яцкі дух”, “нара” – перабор з негатывам. І таму “сінь калядная” ў цэлым не ратуе гэтую душэўную і духоўную немарач. Трэба лячыць дух, дыягназ такі. Бо дух першасны. А літары – адно яго праяўленне.
Увогуле лічу, што паэзія ў высокім сэнсе слова – гэта і ёсць паўсядзённае жыццё чалавека. Усе рэчы, пры нармальным выхаванні, мы з маленства закліканы ўспрымаць паэтычна. І на парушэнне прыгажосці ды гармоніі чалавек рэагуе дзеяннем, каб выпраўляць сітуацыю. Але норма заўсёды – паэзія, бо што такое рэчы, мы ведаць не можам; іх насычае сэнсам паэтычнае ўспрыманне, пачуццё цудоўнага, пасеянае ў кожным ад зачацця.
Туды, адкуль трывала сыходзіць паэзія, шпарка прыбягаюць беды, хваробы, нянавісць, страх, адчужанасць, разлука і раз’яднанасць, какафонія і землятрус. Без паэзіі свет страшны, бо ён бачыцца праз чорныя акуляры – нейкія істоты грызуць і пажыраюць адно аднаго. Вось што такое дарвінаўскі адбор, які вызнае рускамоўны “крытык” беларускай літаратуры “Алесь Новікаў”. Не прывядзі Божа.
У дзяцінстве паказалі яскравы фільм “Чарадзеі”. Глядзеў прэм’еру па чорна-белым тэлевізары – і ў разгар дзеяння мяне адарвалі, далі кухталя і павалаклі на пошлую піянерскую сходку ў школу. Відэамагнітафонаў і Сеціва тады не было, наступны раз я ўбачыў гэтую казку для дарослых ці не пасля службы ў Савецкім Войску. Але ўражанне, што ў цябе адымаюць запаветнае і важнае, запала на ўсё жыццё. Толькі пазней асэнсаваў глыбінны сэнс фільма: чары, чарадзейства, магія, акультызм ды іншая чартаўшчына не дзейнічаюць там, дзе ёсць сапраўдная любоў. То бок Хрыстос, а не дарвінаўскі пожад і юр. Пацалунак галоўнага героя выбавіў гераіню ад чараў, і ўсім наўкол адразу стала лёгка і весела. Сталі рукацца і абдымацца. І сустрэлі Новы Год. Святло каторы раз адужала цемру.


ЛіМаразм-267

Чужародная сталіца

У “Літаратурнай Беларусі” №121 надрукаваны вершы Васіля Жуковіча. Гэта сталы, вядомы паэт.

Скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газеце «Знамя юности», выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва», у Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей і ў рэдакцыі часопіса «Полымя».

Бачна, што Жуковіч ёсць прадстаўніком літаратурнай наменклатуры, але дужа мала ўзяў дабротаў. Выходзіць, больш даваў літаратуры, чым браў. І гэта выклікае павагу. Не памятаю таксама, каб нехта моцна і ўнікліва аглядаў у дзяржаўных выданнях творчасць паэта. Хоць публікацыі яго твораў з’яўляліся часта. Потым, праўда, Жуковіч развітаўся як быццам з холдынгам “Звязда”, перастаў друкавацца. Кажу гэта як назіральнік старонні, не ведаючы ўсёй падаплёкі. Таму што многія беларускія творцы не грэбуюць публікавацца і ў СПБ і ў СБП. Тое нават заганай ужо не лічыцца.
Ну да ладна. Што яшчэ?
Яшчэ васіль Жуковіч раней жыў у маім доме па вуліцы Мірашнічэнкі. Цяпер не ведаю. Дый асабіста знаёмы не быў.
Уступны верш падборкі:

У ЭКЗАТЫЧНЫМ КРАІ

Аўстрыйскіх Альпаў велічны размах,
Карцін такіх няма ў маёй краіне:
Аблокі спачываюць на гарах
І снег бялее між крутых вяршыняў.

У старане дзівоснай, ды чужой,
Згадалася мне родная старонка:
Раўніна, гай, сцяжынка на лужок,
Прапахлы медуніцаю, рамонкам.

Краіна ўся ўявілася мая,
Дажджом і сонцам спешчаны прасторы,
І пушчы Белавежскай акіян,
І стужкі рэчак, рэк, і гладзь азёраў.

З замежжа я, куды б ні кінуў лёс,
З бязмежжам добрай памяці вярнуся
Да шолахаў чароту і бяроз,
Да бальшакоў і сцежак Беларусі.

Твор выйшаў грунтоўны і беззаганны, можна сказаць. Адчуваецца шматгадовая прафесійная школа. Але зачапіцца ў плане эмоцый няма асабліва за што – бо песняў пра нашы сцяжыны і бальшакі, залітую сонцам дабрадатную Беларусь мы чулі безліч разоў. І менавіта выкананых у такім стылі, як у Жуковіча. Не скажу, што паэт тут не ўклаў часцінку душы. Але ён і сам разумее, што для высокай паэзіі такога мала. Верш добры, беспамылковы. І не болей за тое. Хоць мова выдатная.

Яшчэ твор:

ТАЛЕНТ НЯМЫХ

У тамбуры шматлюднай электрычкі
Так жыва размаўлялі дзве нямыя,
Падобныя, бы родныя сястрычкі,
Прыгожыя абедзьве, маладыя.

Ім жэсты, міміка служылі мовай,
Багатай на эмоцыі даволі.
Уражаны нязвычнаю размовай,
Пра талент іх падумаў я міжволі.

Так, гэта талент з моцнаю асновай —
Не разгубіцца перад цяжкай доляй.

Паэт ідзе пуцявінаю назірання. Убачыўшы карцінку, асэнсоўвае і пераводзіць у вершы. Даволі майстравіта, варта прызнаць.
Слова “абедзьве” – з тарашкевічцы. Мяккі знак лішні.
Выраз “на эмоцыі даволі” – празаічны, не паэтычны.
Рыфма “даволі–міжволі” – не самая файная, скажам па шчырасці.
Яшчэ рыфма “асновай–доляй” – не зусім і рыфма, калі па вялікім рахунку.
У адрозненне ад уступнага твора Жуковіч не дапрацаваў.
Многа атрымалася прозы. Праз беднасць метафар. Бо і ў Пушкіна апавядальная манера (што бачу, пра тое пяю), аднак за кошт яскравых словазлучэнняў гэта набывае высокую якасць.

У наступным вершы, нягледзячы на звыкласць тэматыкі, ёсць цікавыя радкі. Вылучаны падкрэсліваннем.
Адзіная памылка, што сталіца робіцца чужамоўнай. А калі яна была за апошнія 50 гадоў беларускамоўнай? Я тут жыву якраз гэты тэрмін, і амаль ніколі на вуліцах не чуў правільнай беларускай мовы (можа, 2–3 разы).

РЭАЛЬНАСЦЬ І ФАНТАЗІЯ

Я не магу ніяк-ніяк змірыцца,
Што чужамоўнай робіцца сталіца.
Таму ўсё паглыбляецца апатыя,
Усё цяжэй змагацца з ёй, праклятаю.
Дапамагло б мне дзіва з лепшых дзіў —
Каб роднай мовай Менск загаманіў.
А з Менска прыклад узялі б тады
Ўсе іншыя напэўна гарады.
З мільёнаў вуснаў мова расцвіла б,
У небяспецы болей не была б
У нашай талерантнай старане.
Тады б я ведаў: Бог пачуў мяне!
Ён здатны на дзівосныя падзеі!
Больш ні на кога ўжо няма надзеі.

Думка выказана гожа. Толькі “апатыя–праклятаю” не зусім бездакорная рыфма. Дый слова “праклятаю” неяк збівае агульны настрой, паніжае пругкасць радка.
У цэлым тыя вершы, што мы разгледзелі, ёсць даволі самавіты ўзор беларускай паэзіі. Паэзіі школы савецкага часу. Так што не ўсё тады дрэнна было. І рэдкія вартыя паэты, каго мы знаходзілі ў друку за 2 гады рубрыкі, паходзяць менавіта з краіны саветаў (там нарадзіліся). З моладдзю цяперашняй значна цяжэй. Але і тут, бывае, трапляецца вартае, перспектыўнае.
Пажадаем Васілю Жуковічу моцнага здароўя і аптымізму.


ЛіМаразм-268

Знакавы чалавек

У “Дзеяслове” №81 на старонцы 246 нехта на старонак 15 узяўся чытаць верш Алеся Разанава. Гэта значыць, тлумачыць і вытлумачваць нам сэнс твора. Але аўтарскае прачытанне, асабовае, павінна мець подпіс. (Потым Віктар Шніп у ФБ паправіў, што гэта верш Алеся Пісьмянкова, а менавіта Разанаў "чытае". Выбачаюся, каго скрыўдзіў у светлых пачуццях, але трэба выразней рабіць назвы рубрык, дыму без агню не бывае.)
Гэты артыкул стаіць адразу пасля даўжэзнага святкавання 80-годдзя Барыса Сачанкі. Не кранаючы чалавечую, а толькі творчую сутнасць, скажам, што Разанаў і Сачанка – гэта неба і зямля. Бо другі – самы пасрэдны савецкі пісьменнік. А першы – таямніца, дзіўная постаць беларускай літаратуры. Я б нават назваў яго не беларусам, а немцам. І не толькі таму, што жыве ў Германіі ды, відаць, упадабаў гэты край. А менавіта таму, што Нямеччына вельмі адпавядае яго ўнутранай строгай сутнасці.
Бо слаўны Разанаў не сваімі класічнымі вершамі, а менавіта сумессю паэзіі ды філасофіі ў так званых верлібрах. Ці кароткіх празаічных нататках. А яшчэ тым, што Разанаў, бадай, першы вывеў беларускую літаратуру з лапцяў, абуўшы ў цывілізаваныя чаравікі. Сын вёскі, ён ніяк не вясковец па асноўным масіве творчасці.
Хто ён, Разанаў? Вялікі паэт? Наўрад. Бо вялікі паэт мусіць мець гарачае сэрца. Вялікага паэта хочацца запамінаць, як Гамера ці Пушкіна цэлымі главамі. Мая маці ведала некалькі тамоў Пушкіна на памяць, хоць не была філолагам, настолькі ён яе зачароўваў.
Нават палітык Някляеў мае гэтае гарачае сэрца і па прыкладзе Маякоўскага лезе на трыбуны з прамовамі. І хоць нёс Маякоўскі лухтовыя ленінскія лозунгі – але як запальваў імі народ! Алесь жа Разанаў нешта пашэпча, пашаманіць у сваім кутку – і як быццам гэтым задаволены ўжо, і нічога яму больш не трэба іншага, як парадкаваць свой эстэтычны ўнутраны свет.
Вершы Разанава даволі халодныя – і гэта не я адзін гавару, а чуў шмат ад каго. Нават верш у названай рубрыцы – пра зімовы сад разважае Разанаў (што яму, відаць, блізка).
Асноўная каштоўнасць Разанава ў тым, што ён вялікі майстар беларускага слова. І пастаянна паказвае, што мову можна ставіць у розныя формы. І што ў гэтых розных формах словы набываюць нечуваны сэнс. І некалькі сэнсаў. І ў кожнага чытача – свой сэнс.
Алесь Разанаў паўплываў на мяне моцна ў свой час. Заахвоціў зазірнуць у глыбіні мовы. Пісаць дысцыплінавана і строга. Не шматслоўна. Не пустаслоўна. Кожнае слова – на строгім месцы сваім. Асабліва ў вершы. Ці ў вольным вершы.
Памятаю, гадоў 15 таму ў Асіповічах месяцы два я гартаў і перачытваў яго кнігу выбранага, у супервокладцы, даволі таўсматую для паэзіі. Там былі розныя варыяцыі вольнага верша. Узіраўся. Лавіў сэнс. Прыдумваў сэнс. Наталяўся строгасцю мовы. Ставіў на гэтым узоры сваю мову.
У паэзіі арыентаваўся я на мову (а не на саму паэзію) Разанава. А ў прозе (як ні дзіўна) на Івана Шамякіна, бо мне патрэбная была даволі простая, без архаізмаў і дыялектызмаў мова, прыстасаваная для гарадскога рамана. А менавіта Шамякін быў тут першапраходзец.
Але, вяртаючыся да Разанава, ці філосаф ён? А калі філосаф, то дзе асноўная яго ідэя, ці грунтоўная праца, што выразна апісвае светасузіранне? Не ведаю. У Шапенгаўэра – гэта жыццё як воля і ўяўленне; у Канта – рэч у сабе; у Арыстоцеля – абгрунтаванне логікі, якой мы цяпер карыстаемся; у Спінозы – дэтэрмінаванасць усяго існага; у Велера – лішак псіхічнай энергіі чалавека.
Разанаў не стварыў сваёй філасофскай сістэмы. Так думаю. Можа, хто пераканае ў адваротным. Ён паказаў магчымасці мовы беларускай. У нататках сваіх, верлібрах, ён не большы філосаф, чым расіянін Розанаў. Не бачна звязанасці частак у цэлае. Зрэшты, позняга Разанава мала ведаю. Можа, у сваёй любімай Нямеччыне ён якраз і заглыбіўся ў тамы ўласнай філасофскай сістэмы.
А ўвогуле, Алесь Разанаў такая постаць, пра якую якраз трэба нагадваць. Бо не шумны. Не станеш вывучаць – забудуць. Ну не пясняр гэта народны кшталту Шаўчэнкі, не сімвал. Так бачу яго суб’ектыўна. Чыста як творцу. Бо па-чалавечы не сутыкаўся ні разу з гэтай знакавай асобай нямецкага гарту. Але асацыяцыі самыя цёплыя – бо тое быў час станаўлення ў літаратуры, час нерэальных і бескарыслівых надзей, а Разанаў стаў адной з няслабых апораў.


ЛіМаразм-269

Пошукі шчасця

Гамяльчанін Сяргей Балахонаў явіўся з вершамі ў “Дзеяслове” №81.

Балахонаў Сяргей – паэт, празаік. Аўтар зборнікаў вершаў «Сонцавароты», «Брама сталасці», «Мой беларускі…», «Дваццатае вока вясны, «Паляванне на тэкст», кніг прозы «Імя грушы», «Зямля пад крыламі Фенікса». Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Гомелі. Жыве ў Гомелі.

Постаць вядомая і яркая. А чым яркая – нават адразу не вызначыш. Блізка не знаёмы. Агульнае аддаленае ўражанне – дзівак, рамантык. Беларускай літаратурай так жвава займаюцца звычайна людзі, што маюць ад гэтага даброты і дывідэнты. Напрыклад, Арлоў і Някляеў. Кнігі, ганарары, пашана. У некаторых часам і незаслужаная. Балахонаў жа як быццам чалавек знаны, але што такога значнага напісаў – я не скажу. Не чытаў. Дый хто з пісьменнікаў штудзіруе малатыражныя кнігі адзін аднаго? Творы даўно мусяць быць пераведзены ў Сеціва, каб мелі на гэта шанц. Прычым у зручных для электронных кніжак фармаце. Южык тое своечасова зрабіў. Балахонаў – наўрад ці.
І тым не менш Сяргей Балахонаў чалавек таленавіты. Бо, каб даведацца пра гэта, мне хапіла прагляду некалькіх яго публікацый у “АРХЭ”, ажыццёўленых даўнавата, на пачатку тысячагоддзя. Палеміка, публіцыстыка, крытыка. Мова жывая, думка лятучая і ўчэпістая. Дастаткова, зрэшты, мовы адной. Бо пісьменнік – гэта і ёсць мова. Іншы 40 гадоў тужыцца ў літаратуры прафесійнай, а мовы адметнай не выпрацуе. Балахонаў жа выдатна валодае словам. Прынамсі публіцыстычным, крытычным. Іншая справа, што раскрыцца нашым людзям няма дзе, калі ты не сядзіш на “Свабодзе” ці ў “Дзеяслове”. Патрэбная шумная і відная пляцоўка. І тады нават глухая пасрэднасць зазвініць. Балахонаў жа здолеў загучаць і без гэткіх падпорак. Актыўны ў Сеціве, перакладае рускіх бардаў на беларускую. Сам спявае даволі душэўна. А галоўнае, стварае ўражанне чалавека грунтоўнага, са стрыжнем. Практычна адзін у сваім Гомелі, адарваны ад тусовак, не страціў веры ў беларускае слова. Бо для падмацунку веры гэтай, паўтаруся, слабаму чалавеку патрэбныя прэміі, вымпелы, медалі. Ці хаця б бясконцыя фаліянты ў “Мастацкай літаратуры”, як у сямейства Шніпоў. Тады і ў мову паверыш.
Глянем на паэзію Сяргея Балахонава, загадзя ведаючы, што ён будзе заўсёды хоць крыху мадэрніст. Пра гэта гавораць памянёныя артыкулы ў “АРХЭ”.
Уступны твор:

УЛАДНА І САЛОДКА

Ты і я, і дождж з пустых нябёсаў
Гомель дрэмле на сямі вятрах.
Нехта плача, затупіўшы лёзы.
Хтось смяецца, ўшчэнт згубіўшы страх.

Ты і я , і блюз мікрараёнаў.
Сто маршрутак мараць пра спакой.
Нехта звык да шкляначкі гранёнай.
Хтось па парку бегае ў трыко.

Ты і я, і цень млынкамбіната.
Даўкім рэхам шоргат дыскатэк.
Хтось фліртуе дзень з цукровай ватай.
Нехта прэ хай так замест хай-тэк.

Ты і я, і зоркі з камарамі.
Тэлевежа мроіць пра Парыж.
Нехта канцэнтруецца на драме.
Хтось свядома абірае ціш.

Хтось і нехта, і якаясь цётка.
Портавых жырафаў мілы скрып.
Ты ўсміхнешся ўладна і салодка.
Я ўдыхну апошні водар ліп.

Да гэтага верша ёсць толькі адна прэтэнзія: варта пазбягаць гутарковых “хтось”, “якаясь”. Скарочаная форма ад “хтосьці” – ці не ўкраінізм гэта ёсць? Зрэшты, гамяльчук Балахонаў ад Украіны недалёка жыве. Там, магчыма, у вёсках, такое нармальна. Аднак мы унармаваны слоўнікамі акадэмічнымі.
Невялікая хіба: слова “ціш” ужываецца паэтамі здаўна, але ў слоўніку ўсё-ткі “ціша” стаіць.
Паэт намаляваў рэальнасць любімага горада. І дадаў погляд праз акуляры душы. І ўвёў цяжкія для імгненнага ўспрымання метафары кшталту “плача, затупіўшы лёзы”, або “фліртуе дзень з цукровай ватай”. Падумаўшы, канешне, можна ўявіць, што “затупіць лёзы” – страціць волю. А “фліртаваць з ватай” – затуліцца ад праблем слодычамі.
Увогуле ж малюнак выразны.

Яшчэ верш, адзін з лепшых у падборцы:

БЕЛЫХ ЯБЛЫНЬ СНЕЖНЫ САВАН

Белых яблынь
снежны саван.
Я азяблы.
Сумны самы.

Над планетай
дым завеі.
Недапеты
пошчак змеяў.

Свет, аслепшы
ў дзіўнай белі,
нішчыць вершы
і кактэйлі.

Час у коме.
Снег раскажа.
Горад Гомель.
Секс на пляжы.

Пустатою
пахне ўсюды.
Стань святою
без маруды.

Стань цнатлівай,
стань бязгрэшнай
ў ценю сліваў
і чарэшняў.

Сярод саду
на узгорку
стаіць хата
і царкоўка.

Як даехаць?
Як дабрацца?
Чэзлым рэхам
смех паяцаў.

Навігатар
хлусіць стала.
Хто дасць рады
заблукалым?

Нам з сяброўкай
адзінотай
сцелюць шоўкам
шлях грымоты.

Па балотах
і хайвэях.
Між заводаў
і завеяў.

Да таго мы
крочым саду
у абдоймах
Тваёй здрады.
.
Твор досыць экспрэсіўны, настраёвы. Тут уведзена няпэўнасць: то снег, а то адразу “секс на пляжы”. Пераскок. Поры года перамяшаны. Увогуле, сэнс адзін – пошук шчасця, які без другой палавінкі ды без адметнага месца ў жыцці немагчымы. Выказана даволі элегантна, без павучанняў, дыдактыкі.
Сумнеўныя месцы вылучаны.
Гэта найперш “недапеты пошчак змеяў”. Замаруджвае ўспрыманне. Што за “змеі”?
Радок “стаіць хата” – праблемы з рытмам. Бо ціск як быццам павінен стаяць на першым складзе слова “стаіць”, а паводле граматыкі – на другім.
“Да таго мы крочым саду” – занадта адлеглы ад гэтага месца верша сад, аж на пачатку ўзгаданы. Таму і прызабываеш ужо, і напружваешся – пры чым тут сад? Ну і “здрада” ўяўнай каханкі – навошта ўскладняць, калі і так бачна, што шлях няпросты? Здрада як бы не матываваная.
Але верш гожы. Не ведаю, ці галоўнае прызванне для Балахонава – паэзія. Ды паколькі пішацца – значыць, творцу патрэбна такое самавыяўленне. Тым болей што ў іншым развіцца толкам не дае рэчаіснасць. Хто будзе раманы цяпер чытаць? А публіцыстыку вострую дзе друкаваць? А крытыку? Вось таму і вершы для беларусаў – самае тое.
Мой дзед Міхаіл Южык быў з Гомеля, радня па бацькавай лініі таксама адтуль. Горад Гомель самы прыгожы горад, якія бачыў. Можа, таму, што заўсёды прыязджаў туды ў разгар лета. Не думаю, што краявіды паркаў і Сожа моцна марнеюць увосень і ўзімку, таму павінны нараджаць выдатных паэтаў. І дзіўна, што іх так мала з гэтага цудоўнага месца. Сяргей Балахонаў адзін з нямногіх, вядомых.


ЛіМаразм-270

Аздараўленне плыткай крывёй

Залюстрэччам здаецца зямля беларуская,
у якім заблудзіліся мы.
(Мікола Кандратаў)

Беларуская літаратурная прастора нагадвае цяпер выспачкі ў акіяне рускай культуры, звязаныя толькі асобнымі хісткімі кладкамі. Па вялікім рахунку, справы пра беларускую мову, культуру, народ кранаюць толькі пісьменнікаў. А яшчэ па большым рахунку – наколькі гэтаму пісьменніку ёсць ад літаратуры і мовы асабістая выгада. Пераканайце у адваротным.
А пакуль думае дарагі чытач, я прывяду вобразны прыклад. Вандруючы па Фэйсбуку, па старонках беларускіх літаратараў, заўважыў адметнае: амаль кожны цікавіцца выключна сабою, прэзентуе сябе, распавядае пра сябе, фатаграфуе сябе ці сваіх дзяцей, а таксама дамашніх жывёл. І чакае – лайкаў і прыемных (абавязкова) каментарыяў. Дужа рэдка згледзіш, каб нехта захоплена гаварыў пра іншага літаратара, нават калі ён і ў так званых сябрах.
Заходзім на старонку Вішнёва: пра сябе і свае любімыя “Галіяфы”; у Сцяпана – свае малюнкі і празаічныя карацелькі; Глобус адчынены ў ФБ толькі для выбраных, то бок схаваны ад людства, у ЖЖ працуе ў поўнай адзіноце без адзінага каментарыя за некалькі тыдняў; Гапееў – пра сваю творчасць і свае прэзентацыі; Бахарэвіч – пра сябе і свае творы, каментарыяў вобмаль; Віктар Марціновіч (дзіўная, дарэчы, рускамоўная постаць) – выключна пра сябе, любуецца сабой, распавядае пра свае прэзентацыі, нарцысізм; адзін, бадай, Аркуш стварае нейкія спісы самых моцных беларускіх раманаў ці творцаў, то бок не толькі пра сваё эга.
Цяпер я задам кантрольнае пытанне: а ведаеце, спадары, хто ў Сусвеце найбольшы эгаіст і заадно найбольшы падманшчык? Вораг роду чалавечага. Таму гэтыя вечныя “я” і “пра мяне” нашых літаратараў лічу народжанымі ад старадаўняй духоўнай істоты, якая не дае спакою чалавецтву сотні тысяч гадоў.
Мы хочам стварыць нармальную моўную прастору, аб’яднацца, а сысці ад свайго “я” і напісаць нешта добрае, ці благое хаця б, пра чужое – не ў сілах. Душыць жаба зайздрасці, эгаізму. Лайкаем адно аднаго толькі дзеля таго, каб і нас лайкалі. Ствараем бачнасць, імітацыю сапраўдных пачуццяў, літаратуры, жыцця.
Спынімся дзеля прыкладу на праекце апошніх гадоў – Віктару Марціновічу. Гэты паводле Вікіпедыі “публіцыст і мастацтвазнаўства” ў 40-гадовым узросце наважыў стаць значным беларускім пісьменнікам.
На Фэйсбуку яго, паўтаруся, зіхацяць адно самалюбаванне і самарэклама. “Прайшла з поспехам прэзентацыя маёй новай кнігі!” – і мы бачым фота поўнай залы, і выступ Пятровіча, і выступ іншых элітных людзей, і расповеды, як добра гэта прадаецца не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. То бок ялей, патака, мёд.
Па даўжэзным літаратурным вопыце ведаю – калі некага назойліва хваляць, значыць, падманваюць. Так было, прыкладам, з яшчэ адным праектам – “Наталка Бабіна”: шум, прэзентацыі, пераклады. Усё скончылася роўна тады, калі яе брат перастаў быць галоўным рэдактарам “Нашай Нівы”. Гэта значыць, ляпіла нам гарбатага цэлая народная газета, з адмысловай крыніцай фінансавання і сувязямі. Назву таго рамана Бабінай ужо ўсе і забылі цяпер. Ды пашукайце ў артыкуле на сайце Южыка, хто жадае.
Але вернемся да рускамоўнага беларускага літаратара Марціновіча Віктара. Дзівосна, столькі людзей чытае і, паводле самога аўтара, захапляецца ім, а каментарыяў на старонцы вельмі мала. Неадпаведнасць. Бо ў папулярнага расейскага пісьменніка-дарвініста Аляксандра Ніканава на кожны пост у ЖЖ – сотні каментароў. Або ў Лімонава Эдуарда – было так шмат, што ён наогул выключыў магчымасць каментаваць. Вось гэта, хоць і шэльмы абодва, але сапраўды папулярныя.
Ідзём па спасылцы ў Марціновіча на “тут.баі”: пасля фотак з поўнай залай і самапахвалы – нейкія тры каментарыі ў адзін радок ад чытачоў. Што ж так? Народ жа замілавана чытае, а сказаць пра творчасць – анямеў? Дык для каго Марціновіч піша? Для бязмоўнага непісьменнага быдла? Ці так творыць, што і сказаць няма чаго людзям?
Не, спадары, нас чарговым разам ашукваюць і разводзяць. Гэта праект, і праект праплачаны. Адпрацоўка нейкіх палітычных патокаў.
Наогул, чаму ў мяне негатыў да невядомага мне Віктара Марціновіча? Не чытаў, а ганьбіш, Южык? Вопыт, вопыт, спадары, які “сын ошибок трудных”. Глядзім, хто перакладчык на беларускую. А, знаёмая асоба! Віталь Рыжкоў. Ён у “ЛіМаразме” ўжо праславіўся вершамі. І ў вельмі негатыўным ключы. Ёсць, дарагі чытач, даўняя прымаўка: скажы мне, хто твой сябар… І гэтак далей. Ну не можа быць палітычна заангажаваны ненавіснік улады на Беларусі паэт Рыжкоў перакладаць нейкую іншую літаратурную плынь. Яны мусяць быць з Марціновічам – браты кроўныя. Тым болей што выдавецтва ж гэты працэс кантралюе. Палітычны заказ. А дзе палітычны заказ – там ніколі не бывае добрай літаратуры. Ніколі. Занатуйце, як аксіёму.
Тэарэма даказана. Праект, пры амаль поўнай адсутнасці каментароў жывых чытачоў (параўнальна з расейскімі пісьменнікамі) – фуфло. А тыя, каго ім марочаць, адпаведна, фуфлыжнікі.
Цяпер пра літаратурныя прэміі бегла. Перакладчык Віталь Рыжкоў таксама, здаецца, ёсць лаўрэатам нейкім ад СБП. Творчасць яго разабрана ў “ЛіМаразме”, паўтарацца не стану. А хто прысуджае прэміі? – зададзім сабе гэта пытанне.
Хто чытаў рубрыку два гады, ці хаця б час ад часу, мяркую, усвядоміў, што ў друкаваных выданнях крытыкі практычна няма. Адзіны ж чалавек, які можа звацца актыўным і дасведчаным крытыкам, – Леанід Галубовіч. Які цяпер піша раз на два месяцы пра адну кніжку вершаў у “Дзеяслове”. Нягуста. Акрамя таго, кніжкі яму носяць і ўсялякія сілавікі ды блатныя, ціснуць, каб пра іх напісаў… Ну ды ладна. Спынімся на тым: на ўсю Беларусь за апошнія два гады адзін кваліфікаваны і актыўны крытык – Галубовіч. Гэта што тычыцца друкаваных выданняў. А ў Сеціве – адзіны аналітык, прафесіянал, ёсць аўтарам “ЛіМаразма”, які мае сем тамоў крытыкі перыядычных выданняў, і тамы гэтыя змешчаны ў даступным фармаце на розных сайтах. І ацэнкі там абгрунтаваныя, а не дубаломныя кшталту “мне спадабалася”.
Два крытыкі. Але ніводзін з іх не ўдзельнічае ў камісіях, якія прысуджаюць прэміі літаратурныя. Аба-на! Дык хто ж ацэньвае кнігі і рукапісы? Ды дылетанты, канешне ж! Нязнайкі. А дылетант, выконваючы пэўны заказ, лёгка назаве выдатным празаікам Някляева, а выбітным паэтам – Арлова. І ў адным, і ў другім выпадку – падман, фуфло, вас развялі. Аднак прэмію ўжо Арлоў за вершы атрымаў ад “Эўропы”, а незадаволенай крытыкесе ўжо плюнуў прылюдна ў твар, і ўсе не заўважылі!
То бок гэтая сябрына, хаўрус дылетантаў, функцыянераў ад літаратуры, што сядзіць у СПБ і СБП, у пэн-цэнтрах, руліць як зажадае. Называе лаўрэатамі каго хоча (пераважна саміх сябе). І пісаць тут добра зусім не трэба. Найлепей – падсесці на палітычны заказ. Або здружыцца з чальцамі журы.
Адным словам – літаратурай не пахне. І амаль усе нашы лаўрэаты – раздзьмутыя і фальшывыя. А пры адсутнасці прафесійнай крытыкі – ніхто і не абверг бы гэта ніколі. І літаратура б наша працягвала целяпацца ў сваім жудасным стане поўнай адлучанасці ад народа (успамінаем адсутнасць каментароў на ФБ Віктара Маціновіча). Каму гэта выгадна? Ды толькі самім членам гэтых вечных журы, што ўчапіліся ў заходнія і ўнутраныя грошы. Ім сапраўдная незаангажаваная крытыка літаратурная – без ніякай патрэбы. Мала таго, яна ім вораг найстрашнейшы.
Але ж менавіта яны, функцыянеры і “члены журы” (Заноннікаў наш любімы, напрыклад), і давялі айчынную літаратуру да рэзервацыі яшчэ ў савецкія часы, а потым, выкінуўшы партбілет КПСС, як Арлоў, перафарбаваліся ў дэмакратаў, “свабодаўцаў”. Аднак сутнасць іх засталася тая ж: хапаць, хапаць і хапаць. Дурыць і чмурыць народ.
Ну, здавалася б, прайгралі вы, нашкодзілі, загналі народнае слова ў пастку нематы, – дык прызнайце, пакайцеся, сыдзіце па-добраму. Не, ствараюць пэн-цэнтры, лезуць у “журы”, шкодзяць, псуюць, марочаць.
У літаратуры і культуры беларускай ёсць адзін шанц – жыць па іерархіі мастацкасці твораў, а не па іерархіі чыноўных і тусовачных крэслаў. І гэтую іерархію на сённяшні момант стварае рубрыка “ЛіМаразм”. Ва ўсіх астатніх варыянтах – стагнанне літаратуры ў рэзервацыі, зацяжная кома, гібель. Зрынуўшы фальш і кінуўшы літаратурныя трупы на сметніцу Гісторыі, мы заахвочваем моладзь чытаць таленавітае і не паганіць сваю душу сурагатамі. Кандратаў, Нераток, Мудроў, Кустава, Мінкін, Разанаў, Дранько-Майсюк, Алесь Каско, Федарэнка, Балахонаў, Галубовіч, Станкевіч, некалькі маладых (шукайце ў рубрыцы) – хай мала, але іх і павінна быць мала! Інакш жыцця не хопіць, у пасрэднасцях калупаючыся.
І гэта толькі названыя намі на сённяшні момант. А цяпер успомніце скавытанне Гапеева і яшчэ многіх доляй пакрыўджаных – Южык зайздросціць, ганячы ўсіх вакол, прыцягвае ўвагу да сябе. Гэта вераб’іны піск, зрэшты, даволі дакучлівы. А не задумваўся спадар Гапееў, што менавіта таму Южык разносіць твае творы, а хваліць Станкевіча, што апошні на парадак за цябе як празаік мацнейшы? Прызнаць гэта Гапееву немагчыма, смерці падобна. Таму ён доўжыць пішчаць, абараняючы сваю псіхіку. Ну здавалася б, досыць ты ўжо абмарочыў людзей сваімі падлеткавымі аповесцямі. Не, мала! Падсеў на махровы нацыяналізм і стаў дурыць ужо дарослага чытача бяздарнымі опусамі.
І такіх гапеевых легіён. І не было б управы на іх без аналітыкі, не падуладнай тым жа нацыяналістычным структурам, ці Пяровічу з Карлюкевічам. Удумайцеся, ні Барыс Пятровіч, ні Алесь Карлюкевіч не крытыкі, а таму ацэнак не могуць апрыёры даваць. А між тым “Дзеяслоў” і холдынг “Звязда” гавораць іх некрытычным мозгам. І скачуць пад іх дудку. І ўжо і там і там крытыка літаратурная знікла. Бо навошта ацэнка крытыкі, калі можа указаць сам Пятровіч пальцам рукі?
Даўно заўважана: тоўсты часопіс – гэта асоба галоўнага рэдактара. І калі кіраваў Мікола Мятліцкі “Полымем” – паэт – то быў і ход паэтычным, мастацкім творам сярод непазбежнага баласту. Як стаў запраўляць публіцыст і краязнаўца Алесь Карлюкевіч – дык адна публіцыстыка ў асноўнай масе часопісаў, мастацкія тэксты зніклі. А крытыка стала – кшталту “не ўсе вершы Дуксы роўныя”, або (ад Грышчук) “трэба пісаць не “падобны на”, а толькі “падобны да” (хто ёй гэта навесіў?).
Такія пісьменнікі, як Бахарэвіч, дзесяцігоддзямі целяпаюцца без крытыкі наогул. І адзінае слова “добра”, якое мы чуем пра Бахарэвіча, – гэта рэклама яго выдаўца і сябра Вішнёва. Тое ж можна сказаць і пра Бабкова, напрыклад, – без крытыкі чалавек, і пачытаў бы яго творы, ды ніхто не зацікавіў артыкуламі. Кляваць жа на нейчае лаўрэацтва – не дазваляе досвед.
Літаратура, якая стала набыткам чалавецтва, заўсёды выходзіла за межы ўласнага “я” аўтара, пераадольваючы эгаізм, хварэючы не за народ нават свой, а за ўсё чалавецтва. Вось таму вялікія Талстой і Дастаеўскі, што не толькі пра сваю мамону перажывалі, а мацаваўся іх талент агульным болем. І зразумела, што, якаючы на Фэйсбуку, не выйдзеш з тухлай прасторы. А тухласць будзе немінучай і нарастаць, калі не звяжуцца літаратары агульнай ідэяй, перажываннем за сябра па пяры, нераўнадушнай крытыкай яго твораў, хай і не заўсёды прыемнай аўтару. Іншай дарогі не будзе. Літаратурная крытыка – кроў арганізма пад назвай “літаратура”. Ну а літаратура – гэта на 90 адсоткаў і будзе беларускі народ.
Мы ні ў якім разе не заклікаем спыніць прэзентацыі ды літаратурныя прэміі – жаданне людзей заявіць пра сябе і вылучыцца ў соцыуме было заўсёды, яно само па сабе здаровае. Мы толькі заяўляем, што без незалежнай крытыкі літаратары будуць нагадваць варвараў, якія выпраўляюцца ў паходы па чытача. Хто больш захапіў, абдурыў, ашукаў – той і сваволіць, і валадарыць. Паходы такія непазбежна будуць, але прафесійная крытыка дапамагае не зваліцца нам у фальш і хаос. Бо спраўджваецца аздараўленне плыткай крывёй, якая мае імунныя антыцелы.


ЛіМаразм-271

Няштучная сутнасць

Раблю спробы пранікнення ў вершаваную частку бібліятэкі “Камунікат”. І становіцца страшна, бо на сённяшні момант гэтая электронная бібліятэка і ёсць найбольшая Беларусь з усіх магчымых. Даступная ўсім па зямным шары. І максімальна не фальшывая. Бо часопісы тоўстыя скажае асоба галоўнага рэдактара, як тое адбылося з “Дзеясловам”, напрыклад. Рэдактар навязвае свой суб’ектыў, як бы ён ні хацеў быць справядлівым. На “Камунікаце” асаблівай палітыкі і любімчыкаў няма, тут усе роўныя перад Гісторыяй і Беларуссю. Захадзі – і жыві на роднай мове, колькі заўгодна. Пішы – і сам папаўняй бібліятэку.
Аднак за мітуснёю штодзённай і славалюбнымі амбіцыямі мы мала цікавімся – давайце па шчырасці – творамі сабратаў па пяры. У прынцыпе, гэта дапушчальна для творцы, бо ён мусіць быць чалавекам самадастатковым. Начытаўся ў маладосці – і хопіць. А далей твары сам. Гэтым чытаннем і аналізам павінны займацца крытыкі і літаратуразнаўцы. А такіх у Беларусі або замала, або яны ніяк не праяўляюцца ў перыёдыцы. Таму наша нацыянальная творчасць у галіне літаратуры (нават самых крыклівых – Глобуса, Бахарэвіча, рускамоўнага Марціновіча…) аказваецца не прааналізаванай. Імёны ведаюць. А што ёсць іх творчасць – думай сам, дылетант.
У раздзеле “Мастацкая літаратура” натрапіў я на кнігу паэзіі 2013 года Анатоля Брусевіча. Серыя “Кнігарня пісьменніка”, выпуск 32, здзейсніў Саюз Беларускіх Пісьменнікаў. І калі СБП сапраўды сам фінансуе  гэтую серыю, то гонар яму і хвала. Бо ў “Мастацкай літаратуры” і холдынгу “Звязда” – на 90 адсоткаў друкуюцца старадаўнія псеўдакласікі ды самі работнікі гэтых устаноў.
Анатоля Брусевіча мы разглядалі на старонках рубрыкі паводле вершаванай публікацыі ў “Дзеяслове”. Ён творыць якраз у той плыні, якую ваш крытык паважае і любіць – строгая класіка. Сцісласць, філіграннасць. Прынамсі імкненне да гэтага. Бо паэт, як ніхто, мусіць быць максімальна аддалены ад пустой балбатні.
З асаблівасцяў рубрыкі, паколькі мы ажыццяўляем у адзіночку разгляд усёй паэзіі перыёдыкі краіны, немагчыма яшчэ і прачытваць наскрозь аўтарскія кнігі паэзіі. Няма ні сілаў, ні часу.
Таму вершы для аналізу ўзятыя літаральна наўздагад, мернымі адрэзкамі па масіве зборніка. Каб выключыць прадузятасць.

Верш №1

* * *
Нашто чакаць?
Смяецца чэрап поўні.
Навокал — ноч, і ўсім даўно ўсё роўна,
Нашто чакаць.

Куды ісці?
Дарога люстраная,
Таму ніхто з вандроўнікаў не знае,
Куды ісці.

Хто ты такі? —
Пыталіся ў паэта.
Паэт, як ноч, маўчаў усмешкай светлай.
Ён быў глухі…

Дацэнт гродзенскага БДУ, філолаг Брусевіч вельмі патрабавальны да формы. Разнастайны і не гоніць вечны аповед пра Гаўрылу ў адным строі.
Але гэта толькі адзін бок высокай паэзіі – умець з формаю ладзіць. Другі – унутранае напаўненне, сапраўдныя, а не падробныя буры ў душы, прыродны творчы тэмперамент, а таксама ўсталяваная арыгінальная філасофія. З другім бокам, такім чынам, у Брусевіча горш. Ён больш пазіруе формай, чым перадае нутраную сутнасць.
Паэт у гэтым творы паўстае нейкім гарэзам – змрочным, “як ноч”, ды са “светлай усмешкаю”. А яшчэ і “глухі”. Не прывядзі Божа такія паэты.
Ёсць і стылістычныя хібы. …“і ўсім даўно ўсё роўна” – досыць каравы для лірыкі выраз.
Злучэнне “не знаю” ў дадзеным выпадку русізм. У нас – “не ведае” будзе правільна.
 І тым не менш, менавіта праз адпрацаваную форму верш глядзіцца нашмат мацнейшым, чым мнагаслоўнасць, напрыклад, Шніпа ці Камейшы. І нават перасягае часам неахайную цеплыню такога ж выкладчыка літаратуры Міколы Шабовіча. Шчырасці ды цеплыні ў Шабовіча часта больш, але з формай – болей разбэрсанае.
Параўнанні прывёў толькі таму, каб не думалі, быццам пад адзін грэбень усіх падстрыгаем.

Верш №2:

* * *
І дзень і ноч на дол спадае
З нябёсаў чорная лістота.
Глядзяць з пакорлівым пытаннем
Уверх двухногія істоты.

І дзень і ноч не бачна свету
За чорным лісцем і пытаннем,
І тонуць моўчкі сілуэты
На дне сухога акіяна.

І дзень і ноч крычаць да болю
У сне паэты, а паяцы
Амаль не чуюць іхніх словаў:
«Эдэм засох. Куды вяртацца?»

Тут аўтар абвінавачвае нябёсы ў “чорным лісці” і, трэба меркаваць, у нягодах людзей. Тады як гэтыя нябёсы дакладна зла чалавеку не жадаюць, бо населены сонмам анёлаў і святых. Негатыў струменіць з іншых месцаў – падземных, вобразна кажучы, а таксама сілкуецца самім чалавекам з часоў грэхападзення.
Тут праявілася ўжо ўзгаданая мной няўстойлівасць, неўгрунтаванасць філасофіі аўтара. Ён толкам не ведае, што дабро, а што зло. А, напрыклад, Талстой вельмі патрабаваў гэта ад аўтараў. Хоць сам і заблытаўся ў выніку.
Хібы кшталту “не бачна свету…за пытаннем” – вылучаны. Напрыклад, “іхніх словаў” – “іхніх” форма гутарковая, а “словаў” – няправільная, бо трэба “слоў”.
Акіян сухога лісця – коўзкая метафара. Хоць можна, напружыўшыся, і дапяць, што не вадой жывой пояць людзей гэтыя заганныя, паводле паэта, “нябёсы” – а паражняком.
Праз гіблую філасофію і верш аказаўся бяскрылы.

Верш №3:

ШЧАСЦЕ

Вось яно, шчасце, — прачнуцца ранкам
(Бо можна было б зусім не прачнуцца)
І глядзець, як аблокі будуюць старанна
За акном тваім сотні цікавых канструкцый.

Вось яно, шчасце, — летам халодным
Адчуваць цяпло жаночага цела,
Адчуваць на вуснах гарачы подых
І ў кіпені жарсцяў тануць звар’яцела.

Вось яно, шчасце, — апошнія грошы
Аддаць на віно і напіцца да трасцы,
А потым сядзець з тварам паношаным
І думаць: «Няма ніякага шчасця».

Вартасці першых двух твораў тут прысутнічаюць, але ў меншай прапорцыі да агрэхаў. Бо слоў стала зашмат.
“Бо можна было б зусім не” – нягожа, каструбавата для лірыкі.
Як і выраз “вось яно”, што паўтараецца тройчы.
Недагляд, неахайнасць праявілася тут: “кіпень жарсцяў” – залішне, бо жарсці і так кіпучыя. А яшчэ калі дадае Брусевіч “звар’яцела”, то гэта трайная празмернасць. Школьная памылка.
Шкрабанула мяне тое, што паэт лічыць найвышэйшай вартасцю аддаць апошнія грошы “на віно”. А хацелася б, каб жабраку нейкаму. Ну ды гэта таксама было б дысанансам, няпраўдаю, позай.
Пафас твора, згадзіцеся, таксама не вельмі высокі. Паўтаруся, што вершы я выбіраў наўздагад.

Твор №4:

* * *
Недапітую пляшку сусвету
Я пакіну цвярозым нашчадкам.
Нехта вып’е і стане паэтам —
Памяняе душу на асадку.

Хтосьці вып’е і стане свабодным,
Ашукае і час, і прастору,
І на беразе Буга ці Нёмна
Адбудуе Садом і Гамору.

Нехта вып’е і будзе шчаслівым,
Бо адменіць усе эталоны.
Ну а нехта з нашчадкаў не вып’е
І не скоціцца ў Лету з адхону.

Верш, у прынцыпе, прывабны. Тут ужо пафас падвышаны. Але запыняе агульную светлую плынь такое: “Памяняе душу на асадку” – гэта як разумець? Пачаўшы пісаць, прадаешся нячыстаму? Бывае, канешне, але толькі як падсядзеш на разнастайныя гранты і пачнеш даляры пяром выбіваць. Ці рублі, як у “Мастацкай літаратуры”. Не думаю, што Лермантаў душу размяняў некалі. Ці Багдановіч. Няўдалае месца выдумаў Анатоль Брусевіч.
У другой страфе: “Ашукае і час, і прастору” – добрае месца. А за ім раптам нехта збудуе прытон – Садом і Гамору.
З логікай праблемы і ў апошняй страфе: нехта не вып’е яго паэзіі, а таму не скоціцца ў Лету. Ніякая філасофія.

Не будзем, канешне ж, прэтэндаваць на ўсебаковую ацэнку творчасці Анатоля Брусевіча. І тым не менш бачна, што ён ідзе правільным шляхам філіграннасці формы, але пакуль не здольны напаіць гэта глыбокім і гарачым возерам душы. Ён нашмат перасягае сярэдняе беларускае паэтычнае мнагаслоўе, але да вышынь, куды імкнецца, не даскоквае. І ў тым мы не вінавацім паэта. Бо штучна сутнасць як памяняць?


ЛіМаразм-272

Любоў натуральная

Сёння прыспела пара разбавіць штодзёншчыну рубрыкі і пагаварыць на вечна важную тэму – лібіда, палавую любоў. Бо нармальная, а не савецкая мастацкая творчасць, заўсёды прасякнутая эрасам. Ад Гамера да пахабніка Віктара Ерафеева.
Рэч у тым, што чалавек увогуле істота неўратычная, як і ўвесь соцыум. І чым больш ён развіты і цывілізаваны – тым горай. Сістэмы табу, што атачаюць нас з ранняга дзяцінства, пастаянна гнятуць, падаўляюць. І здаровыя прыродныя жаданні ў тым ліку. Тут адразу агаворымся, што без табу не будзе чалавека і чалавецтва, таму наша нервовасць – плата за гонар быць “царамі прыроды”.
Не стану ўдавацца ў глыбіні псіхааналізу, бо ён патрабуе мінімум кнігу. Скажу толькі пра самае істотнае – эрас.
Чалавек пры добрым кармленні, якое забяспечвае цывілізацыя, выспявае ў палавых функцыях гадам к дванаццаці. І пачынае нежартоўна хацець процілеглы пол у самым прамым, плоцевым сэнсе. А ў чатырнаццаць падлетку нават сярэдняга тэмпераменту не проста патрэбны секс, а выконваць гэтае фізіялагічнае адпраўленне неабходна штодня. Аднак, самі разумееце, што ажыццявіць такое дужа цяжка. І вось чаму. Выспець той падлетак выспеў для спаравання, а вось не тое каб для кармлення і гадавання нашчадкаў не гатовы, а сядзіць яшчэ на бацькоўскай шыі трывала. Бо не можа нават сябе пракарміць. Яго толькі вучаць гэтаму. І абучэнне працяглае, паколькі соцыум цывілізаваны дужа складаны. І раней за дваццаць гадоў не можа гадаваць маладзён наш нашчадкаў – гэтых непазбежных крыклівых і патрабавальных прадуктаў салодкага сексу.
Уявіце сабе, каб дазволіў соцыум прышчаваму падлетку вольна ажыццяўляць свае эратычныя мары. Колькі б напладзілася чалавекаў. І што б з імі рабіць?
Таму асноўнае і галоўнае табу цывілізаваных людзей – на секс. Менавіта з меркантыльных прычынаў. Бо сама па сабе палавая любоў – вельмі неабходная рэч ва ўсіх планах. Пачынаючы ад здароўя цела да псіхікі.
Такім чынам, выспеўшы цалкам у 12 гадоў, юнак мусіць пражыць у сярэднім да дваццаці двух, не ажыццяўляючы асноўнага інстынкту, падаўляючы адно з самых натуральных жаданняў. І толькі, ажаніўшыся ў 22–30 гадоў, ён можа нарэшце сябе не мучыць.

Сумная, нібыта грэх, паненка,
Быццам бы туман, на ёй сукенка.
Ты за ёй ідзеш, нібы сабака,
Прад табой, як рай, паненкі срака.
Думаеш сабачымі мазгамі:
Заваліць паненку б пад кустамі.
(Віктар Шніп, з кнігі “Чырвоны ліхтар”)

І вось тут чалавецтва прыдумляе хітрыкі  – як абысці, падмануць здаровае жаданне сексу. Загрузіць вучобай, шахматамі, спортам, паходамі так, каб 1) стаміць; 2) было мозгу цікава. Зацікаўлены мозг, зрэшты, забывае на секс толькі часова. І як толькі не заняты абавязкамі ці гульнямі – тут жа ўспамінае з усёй тамлівасцю пра асноўную асалоду жыцця, другі пол.
Музыка і паэзія, і ўвогуле мастацтва найлепей падманваюць палавую любоў. Бо сексуальны аб’ект, асабліва жаночага полу, чалавеку ўласціва паэтызаваць, фантазіруючы. Вось тут і падсоўваюць нам прыгажосць, толькі іншую – прыроды, подзвігу, патрыятызму. То бок падманваюць і адцягваюць час.
Гэта вельмі складаныя гады: калі юнак марыць усёй істотаю пра адно, а яго прымушаць нагружацца і азадачвацца іншым. Не ўсе бязбольна перажываюць гэтае дзесяцігоддзе. Бо працэсы ў арганізме ідуць, гармоны вылучаюцца. А юнак можа адно глядзець на жанчын, нюхаць іх, толькі распаляючыся. Ёсць пах ежы. Няма працэсу абеду. Прычым за сам абед яму пагражаюць пакараннем, страшаць. А страх у пэўнай ступені – прыцягвае.

З кучаравым сытым афрыканцам
Ты жывеш у цесным інтэрнаце.
На мяне глядзіш, як на паганца,
Для якога тут не ў джынсах шчасце.
(Віктар Шніп)

І ўжо няможна наталяцца аднымі фантазіямі, а таму маладзён задавальняе лібіда ненатуральнымі спосабамі, мастурбіруючы. Што таксама псіхіку не аздараўляе. Або падварочваецца адзінокая фігурыстая цёця, маміна сястра, і абучае сексу маладое нагаладалае цела. Або сястра старэйшая трэніруе таемна. І добра, калі стрыечная хаця б, а не родная. Але гэта толькі часовая палёгка ў плане здароўя. Бо над актам такім нязменна вісіць пагроза, пакаранне, пачуццё віны, якое ўнушае соцыум. А галоўнае – непазбежныя дзеці палохаюць, якія раз-пораз такі нараджаюцца, нягледзячы на ўсе меры перасцярогі. Лезуць нахабна на свет.
То бок і стрымліваць сябе кепска аскезаю – узрываецца мозг. І мастурбіраваць пагана. І наталяцца незаконна – не вельмі. За ўсё вісіць над чалавекам меч пакарання. А між тым жаданне самае натуральнае, прыроднае, як абедаць. За ноч мужчына і жанчына перажываюць у сне (дзе няма табу) некалькі эрэкцый, выявілі вучоныя. То бок сама прырода крычыць – хачу жыць! А не будзеш слухаць мяне – станеш пакутаваць.
Але пры добрым выхаванні, правільным і своечасовым тлумачэнні тонкасцяў, пры сублімацыі інстынкту ў мастацкую творчасць – многім і многім удаецца адносна бязбольна мінуць гэты перыяд. І рана ажаніцца з дзяўчынкай, з якой сябраваў у студыі маладых скрыпачоў. Ну а далей – нармальная сям’я, вернасць, дзеці, і сексуальны дыскамфорт праходзіць, бо базавыя інстынкты задаволены. Таму можна і музыкай пазаймацца. Калі ж цябе курчыць ад голаду, а перад тварам трымаюць духмяны абед – не памузіцыруеш неяк.

У пятнаццаць гадоў ты жанчынаю стала,
А магла ты і сёння дзяўчынкаю быць.
Ты на вуліцах мінскіх начамі гуляла
I любіла ты ў джынсавай міні хадзіць.
I цяпер ты гадуеш смаркатага сына,
I не ходзіш з сяброўкамі ў школу даўно.
А твой першы, табе невядомы, мужчына
З прастытуткамі п’е ў рэстаранах віно.
(Віктар Шніп)

Таму ўсё наша мастацтва – гэта кангламерат разнастайных неўрозаў чалавечых адзінак і соцыуму. Паколькі, нават ажаніўшыся, трэба няспынна думаць, каб не зацяжарыць. Бо і адзін, і два дзіцяці ўжо ёсць. Навошта пладзіць галадранцаў? То бок зноў палавы акт з асалоды перарастае ў насцярогу, атручваецца ёй, бо гэта меч над галавою суровы. А калі засцерагаешся ад цяжарнасці – парушаеш яшчэ і здароўе фізічнае, і выплывае праз колькі гадоў анкалогія. Або жывеш пад страхам яе.
Часта здзіўляўся шчасцю ў вачах шматдзетных маці, бацькоў. Поўная хата ратоў, няма ні хвіліны прадухі – а яны з усім спраўляюцца лёгка, бо здаровыя, не парушаюць ніякіх законаў. Сілкуюцца сустрэчнай любоўю ад неразбэшчаных дзяцей. І дзяржава дапамагае, і добрыя людзі. А галоўнае, сумленне чыстае – не забіваў жывых душ праз аборты.
Гэта што тычыцца творчых людзей. У люмпенаў нашмат прасцей будзе. Не адарвеш іх з 12 гадоў ад палавога жадання ні скрыпкаю, ні малюнкамі. Таму рана і груба, і без сораму спазнаюць яны секс недзе пад плотам, у дрывотнях, на блатных хатах са шлюхамі. Жэняцца рана, ці сужыцельствуюць без комплексаў. Грубае быдла. Ды адзін плюс – неўрозаў, якія адымаюць сілы і само жыццё, у іх не бывае.

Ну а ты салдатаў паважаеш.
Колькі з імі правяла ты ночак!
Хутка ты ўжо бруха нагуляеш.
Ну а замуж браць — ніхто не хоча.
(Віктар Шніп)

Так ужо стварыла прырода людзей – як батарэйкі. Ёсць плюс і мінус – павінен быць ток. А няма току – выкідай батарэйку, не жыве. Мужчыны памятаюць гэтую акрыленасць душы, калі спазнаеш першы пожад нават. Не кажучы пра акт палавы. І зусім ужо добра – пры ўступленні ў сталую сувязь. Інтарэсы твае і другога чалавека раптам поўнасцю супадаюць па асноўным кірунку – эратычным, за якім стаіць не жарт, а працяг чалавечага роду. То бок не трэба асабліва ўжо таіцца, і ніхто не асуджае, калі табе за 17, а нават глядзяць паважліва. І рэчы паўсядзённыя, якія да гэтага не былі паэтычнымі, – ажываюць. Так дзейнічае натуральны наркотык палавой любові – самы моцны і верны, і карысны з наркотыкаў. Бо адзін ён, апроч ежы, і ёсць канструктыўным. Заўзятарства, шахматы, рыбалка, спачатку завабіўшы, потым неўратызуюць, атручваюць, а выбавіцца ад іх цяжка. Займаешся глупствам, тады як мог жыць каханнем і сексам, і выхаваннем нашчадкаў. І мець устойлівы, амаль эдэмскі камфорт.

Ну а яна на нас і не глядзела,
Былі ў яе другія жаніхі,
Якім яна сваё спяліла цела
I сніла несусветныя грахі.
Ды час ляцеў і ляснуліся мары -
Не стала ў камсамолкі жаніхоў
I нас таксама — мы ўжо грэлі нары,
Дзе ўспаміналі першую любоў,
Спартсмэнку, прыгажуню, камсамолку,
Што ў нашым доме з мамачкай жыла,
Што ад самоты села на іголку
I мамачку ў магілу завяла.
(Віктар Шніп)

Прыроду не падманеш. І любоў да процілеглага полу не заменіш нічым. Таму з дзесяцігоддзя падаўлення гэтага здаровага жадання многія выходзяць калекамі – імпатэнтамі, гомасексуалістамі, або распуснікамі і нават ман’якамі, псіхамі. Доўгае ўтрыманне ад палавога жыцця Фёдара Дастаеўскага, па-першае, спарадзіла ўнікальную, сексуальна напружаную творчасць. А па-другое, прывяло яго блізу 40-годдзя да неўтаймоўнага, хваравітага эратызму і фатальнай жанчыны. Правобразам яна стала для ўсіх фатальных гераінь яго позніх раманаў. А супакоіла пісьменніка зноў жа – нармальная палавая любоў і сям’я. Нават прыпадкі эпілепсіі максімальна зменшыліся.

Куды пайсці? Куды падацца?
Каго любіць? Каму аддацца?
Адвечныя, як пыл, пытанні
Зноў ажылі на сонцы ўранні…
(Віктар Шніп)

І тым не менш – чалавецтва не было б самім сабой, каб не мела неўротыкаў – навукоўцаў геніяльных, мастакоў, музыкантаў, паэтаў. Патрэбныя яны ці не – рытарычнае даволі пытанне. Бо каб існаваў Эдэм – лёгкадаступны секс і трывалая любоў, і плады на дрэвах, то для шчасця не патрэбныя паэзія і пошукі сэнсу. А паколькі чалавек быў спакушаны сэнсам, то страціў спакой, і мае тое, што мае, Пакуль што міні-Эдэмам ёсць здаровая шматдзетная сям’я, дзе нашчадкі не толькі раты, а руплівыя памочнікі з самага малога ўзросту.


ЛіМаразм-273

Па асаблівых прашэннях

Кніга вершаў Ірыны Лобан “МАЯ ДУША” Минск / Изд. И. П. Логвинов / 2011 г. як бы самім наканаваннем прызначана кануць у Лету непасрэдна пасля варштата. І бяда, што такіх кніжак у Беларусі выходзіць цэлае мора.
Сайт “Камунікат” склаў гэты зборнік у брацкую магілу. Аднак яго можна там знайсці, чытаць, разглядаць. Гэта, відаць, зрабілі блізкія паэткі, калі яна ім не падарыла асобнікі.
Кніжка таемная, дарэчы. У выходных дадзеных няма рэдактараў, накладу, анатацыя не прыведзена. І хто такая Ірына Лобан – я толкам не адшукаў нават у Сеціве. Бачна толькі, што чалавек яна надзвычай актыўны.
Тыповы прыклад неадказнага стаўлення выдаўцоў да чужых кніжак (бо свае яны выліжуць!). Абы зарабіць грошы, а там хоць трава не расці.
Паэзія не адрэдагаваная, не адшліфаваная, аматарская.
Разбіраць яе сэнсу не мае.
Прывяду толькі два вершы, адвольна выбраныя, вылучу асноўныя хібы. А чытач, калі зажадае, усё зразумее сам.


ЖАНОЧАЯ ЛІРЫКА

Жаночая лiрыка – гэта любоў,
Што птушкай лятае ў небе вясновым.
У вершах жаночых – паэзiя сноў,
Iмкненне да шчасця ў кроку чарговым.

У вершах жанчыну пабачце ўсю:
Усе карты жыцця трымае ў далонi,
Як зграбна iграе ролю сваю:
Паэтка жыве ў любоўным палоне.

Любоў, мiласэрнасць – асноўны сюжэт.
Любоў да ўсяго, што жыве на планеце,
I дзiўную музыку грае кларнет,
Мелодыя гэта вандруе па свеце.

I чыстай бялюткай паэзiяй дня
Чаруе бясконцаю верай у шчасце.
Жаночая лiрыка – мара мая.
Хачу ёй у вершах пачатак пакласцi.


* * *
Жывеш і бачыш кожны вечар
Ва ўспамінах маладосць.
Ужо мудрасць запаліла свечы,
А памяць усё спявае штось.

Жыццё плыве павольнай хваляй…
Плыве, а потым проста мчыць…
Кахалі, верылі, кахалі –
Усё з адной надзеяй Жыць!

Шмат эмоцый. І веру, што жывая душа. Аднак… бясконцыя збоі рытмікі замаркочваюць. Гэта як мінімум.
Тут ужо зразумееш рэдактараў аддзелаў крытыкі, што не ўсе зборнікі рэцэнзуюцца, а толькі па асаблівых прашэннях.
Зрэшты, пажадаем маладой аўтарцы здароўя і духоўнага росту.


ЛіМаразм-274

Дзве паэтычныя практыкі

У тыднёвіку “ЛіМ” №36 змешчаны вершы вядомай нам Вікторыі Смолка.
Каб не прыдзірацца, выберу ўступны:

МАЛЕНЬКАЯ ЖАНЧЫНА

Дзе скрыжаваных крылаў спеў няспынны,
Слязой маўклівай слухаць не магу,
Там плача зноў маленькая жанчына,
Вялікім сэрцам гоячы тугу.

Вялікі боль, што ў сэрцы чалавека,
Баліць, мая радзімая, табе.
Святая радасць росіцца з-пад вейкаў,
Калі сыночка чуеш звонкі бег.

Замоўкне гром — народзяцца зарніцы,
Бяссонне-ноч з анёлкам ля грудзей.
І Божых зор нязгаслыя грамніцы
Ў душу тваю не стомяцца глядзець.

Ты любіш свет сардэчнымі вачыма,
Праменіць твой засмучаны пагляд.
Табе ў паклон, маленькая жанчына,
Валошкай гнуткай хіліцца зямля...

Годны пафас. І гіблае выкананне. Мнагаслоўе. Блытаныя метафары. …“скрыжаваных крылаў спеў няспынны” – задужа складана для простага крытыка. Як не можа ён і ўявіць, што такое “Слухаць… слязой”.
Два разы запар ужытыя словы з коранем “боль”.
Недасведчаны крытык – хоць ужо 20 гадоў у літаратуры – і ў тым, што такое “зор… грамніцы”. Хітры неякі звер.
А як можа “праменіць” такая рэч, як “засмучаны пагляд”?
Дацэнт Анатоль Брусевіч, які колісь рынуўся абараняць сваю вучаніцу ад крытыкі, сам, дарэчы, піша талкова і нешматслоўна. Вось бы і перадаў Вікторыі сваю тэхніку. А не прыспешваў бы ў друк з сырым матэрыялам.
Чытаў я і лепшыя вершы Смолка. Таму росту няма ніякага. А па гэтым творы мяркуючы – дэградацыя.
Не хочуць слухаць крытыка – іх права. Аднак гэтакі паражняк не дае нічога ні паэзіі, ні самой аўтарцы.
Запомніце: асноўная задача Вікторыі Смолка – прарэдзіць у тэкстах словы залішнія і пустапарожнія, навучыцца выказвацца больш сцісла і элегантна. Задача складаная. І, згаджуся, не ўсім па сілах. Але варта рупіцца, а не імчацца за колькасцю публікацый і зборнікаў.

Яшчэ адна праслаўленая аўтарка – Наста Кудасава. Толькі не мной праслаўленая, а пісьменнікамі, якія самі а) пішуць далёка не дасканала; б) у літаратурнай крытыцы дылетанты і тугадумы.
Узяў уступны твор, яго досыць (“ЛіМ”, №35):

ЦУД

Ані Трутневай

I
лавіць яго вуснаў дрыготкую
страказу,
балючаму целу налічваць
за ўчорам учора...
увесь Ты, Госпадзе, — праўда,
увесь Ты — цуд!
увесь Ты — сасновага раю
жывое мора...
а любы мой тчэ плаўнікамі
мой новы дзень,
люляе ў далонях гарачых
паўночны вецер.
увесь Ты, Госпадзе, — бег
па няўмольнай вадзе,
і болей нічога,
нічога няма на свеце...

Што гэта за мужык, скажыце вы мне, вусны якога ўяўляюць “дрыготкую страказу”? Салодкі хлопчык, няйначай. (Звяртаю асаблівую ўвагу, што гэта герой маецца на ўвазе, бо з Госпадам Кудасава размаўляе пачціва, з вялікай літары.)
Слова “ўчорам” не ведаюць акадэмічныя слоўнікі.
Метафара “сасновы рай”, які атаясамліваецца з “жывым морам”, – нешта зашмат чароўнае.
“Любы” лірычнай гераіні “тчэ плаўнікамі”. Чалавек-амфібія ён ужо, акрамя таго, што вывернутай арыентацыі сексуальнай. Пагана. Адпрэчвае здаровы пагляд.
…“увесь Ты, Госпадзе, — бег…” – цяжка каментаваць. Бо валасы становяцца дыбарам. Калі з евангельскай прытчы – то няўдала ў кантэксце. Калі “ад сябе” – квола і невыразна.
У Кудасавай адсутнічае асноўнае: паэтычная экспрэсія, энергія, што яшчэ аслабляецца і адсутнасцю рыфмы і рытму. Зрэшты, хто лічыць інакш, дык няхай заводзіць свае  крытычныя рубрыкі і пераконвае, і даказвае. Па мне ж, гэтыя звароты да Госпада ёсць не паэзія, а экстатычныя лозунгі на якой сходцы сектантаў.
Вось так у нас ходзяць вядомыя імёны, не развіваючыся дзесяцігоддзямі. А калі і было што вартае – то дэградавала без крытыкі.
Крытыкую – і ніякага пачуцця віны перад дзяўчатамі, даволі прыгожымі. Адна думка, што мала ўсыпаў. Дзеля справядлівасці, Смолка хоць на шляху дастойным стаіць, але з формай не можа ўправіцца. Кудасава ж Наста “тчэ плаўнікамі” заразную і шкодную несусвеціцу.


ЛіМаразм-275

Такая стратэгія

Я неяк пісаў, што вянкі санетаў выпрацоўваюць у аўтараў графаманію. І вылечыцца даволі складана.
Соф’я Шах публікацыяй у “ЛіМе” №37 2016 года пацвердзіла такую выснову.
Вянок санетаў яна назвала “безгаловым”.
Возьмем першыя два.

1
Высі шчымлівая стынь, —
бляклае, голае неба.
Зноў прызвычаіцца трэба,
помнячы летнюю сінь.
Ластаўкі ў ёй і шпакі,
пліскі ў ёй і жаўрукі
песенна адтрапяталі…
Пуста, — ні гэтых, ні тых,
бы паглынулі ўжо іх
зябка-маўклівыя далі.

Выкарыстоўваецца зацёртая рыфма “трэба–неба”. Затым зусім не ясна па логіцы, навошта прызвычайвацца да “стыні”, “помнячы” менавіта “летнюю сінь”.
Аўтарка сцвярджае, што “пуста” ў небе. І разам з тым кажа, што “бы” (быццам) птушак паглынулі “зябка-маўклівыя далі”. Хоць ведае дакладна – птушкі паляцелі ў вырай. Навошта заігрыванне праз “быццам”?
У цэлым ёсць удалыя месцы ў першым санеце. Але паўтарэнне запар два разы немілагучнай звязкі “ў ёй і” – не ўпрыгожвае верш.

Другі санет:

2
Зябка-маўклівыя далі…
Рэшткамі летняй смугі
ў гнёткім бязмежжы тугі, —
вось чым ужо яны сталі.
Гэта як быццам сіло, —
тое й не тое святло,
што так дасюль спрамянялі…
Што згасла тояць яны,
скажуць амаль без маны
ў рэчцы халодныя хвалі.

Маўклівыя далі сталі, паводле аўтаркі, “рэшткамі летняй смугі”. Чаму менавіта смугі – павісае такое пытанне. І адказу мы не знаходзім. Туга сама па сабе рэч гнятлівая. Паводле аўтаркі – “гнёткая”. Навошта ўводзіць такую празмернасць? Раз. А два – само слова “гнёткім” неўнармаванае.
Далей ідзе выраз “вось чым ужо яны” – непрыгожы, як для лірыкі.
Тое самае ніжэй – “гэта як быццам”. Кепска.
А як можна “спрамяніць” прычым “дасюль” нейкае “святло”? Жах. І гэта піша сталая вядомая паэтка.
Выраз “амаль без маны” – канцылярскі і чужародны.
Я разумею Соф’ю Шах. Столькі шмат пішучы, як яна, цяжка рабіць усё шэдэўрамі. Навідавоку недапрацоўкі, цяп і ляп.
Далейшае не разглядаем. Бо ясна, што там будзе адна і тая ж песня на розныя лады.

Ніжэй змешчаны вершы мужа Соф’і Шах, рускамоўнага паэта Ізяслава Катлярова. Тут відавочна больш філасофіі, якая пацярпела, напэўна, пры перакладзе.

Уступны твор:

***
Жывы асуджанасцю страт,
калі і для сябе не збыўся…
Ўжо чую многае наўгад —
адрокся тым, што пагадзіўся.
З дня пазіраю ў нейкі век
за прадчуваннямі знямогі:
вунь там дарога без мяне,
а тут вось я, ды без дарогі.
І цень мой кінуўся ўцячы —
ці знік ужо, а ці знікае?
Душы хацеў я памагчы, —
сама сабе перашкаджае.
Ёй, сцяміўшы, не зразумець,
што не ў змірэнні ўсё ж змірэнне…
Для розуму — ізноў сумнеў,
для сэрца — існае цярпенне.
Вось на мяжы смяротных сіл
замест жазла мне — посах звыкла…
Дарогу зрокам адпусціў —
у той жа міг яна і знікла.

Удалыя, на мой погляд, радкі вылучаны падкрэсліваннем.
Кульгавае і коснаязыкае – па звычцы вылучана тлустым.
“Асуджанасцю страт” – гарбаты выраз.
Тое самае – “пазіраю… за прадчуваннямі”. Так нямогла не можа гаварыць пан паэт.
…“а тут вось я, ды без” – косны язык, кульгавая мова для лірыкі.
Не ўяўляю сэнс фразы: “сцяміўшы, не зразумець”. Задужа прамудра для нас, звычайных людзей.
Тое самае для фразы: “не ў змірэнні ўсё ж змірэнне…” Філасофія, відаць, буйнейшая за кантаўскую будзе. Нам не па сілах.
Не думаю, што вершы рускамоўнага і, як відаць, удумлівага паэта Катлярова варта перакладаць на беларускую, калі ўсе выдатна ведаюць рускую мову. Ёсць часопісы “Нёман”, “Белая вежа”, “Няміга літаратурная”. Такія пераклады адно псуюць уражанне ад паэзіі Катлярова. Так уяўляецца. А хто не згодны – можна дыскуціраваць у каментарыях пад артыкулам.
Аднак воля гэтай паважанай сям’і такая – публікаваць па-беларуску. І тыднёвік ініцыятыву падтрымаў. Вольнаму воля. А далей ужо трэба разумець: калі публікуешся ў рэспубліканскім друку, то рэакцыя можа быць самая непрадказальная. Творца заўсёды пакрыёма чакае хоць нейкай рэакцыі. І калі няма добрай, то падыдзе і дрэнная. Наяўнасць любых эмоцый лепш за іх поўную адсутнасць. Закон псіхалогіі.

У дадзеным нумары з двух старонак “крытыка” адна цалкам занятая літаратуразнаўчым, а хутчэй – гістарычным артыкулам пра Францішка Аляхновіча. Нічога не маю супраць такіх тэкстаў, але толькі ў адпаведна прызначаных месцах. Не за кошт, канешне ж, сучаснай літаратуры.
Два крытычныя ж артыкулы другой старонкі – не змяшчаюць ні слова, ні намёку на крытыку.
Вытрымкі:

№1

Пейзажныя вобразы малой радзімы паэта — грыбны барок, рэчка ў чаратах, вогнішча, што падтрымлівае каханая жанчына, курганок з бяссмертнікамі на ім — аб’ядноўваюцца ў творчай свядомасці Г. Пашкова ў «адну навек / Радзіму». «Налітае зарою» возера прасвятляе душу аўтара, нагадвае яму пра маладосць і пра вечнасць. (Таццяна Барысюк)

Другая (пра кнігу паэзіі Людкі Сільновай):

Што ж такое горад Мілаград? Для Сільновай гэта горад, любы сэрцу. Ён адначасова ўяўны і сапраўдны. Гэта зборны вобраз месца, дзе ты пачуваешся вольным, шчаслівым, дзе паэзія жыцця — рэч натуральная. (Наста Грышчук)

Згадзіцеся, спадары, што на такім вязкім, цягучым ялеі мы далёка не пасунемся ў царстве мастацкага слова.

Звярніце яшчэ ўвагу, што і Пашкоў і Сільнова – гадаванцы савецкага часу, ніяк не магчыма назваць іх сучаснікамі прагрэсіўнымі. То бок – назад, у палонку мінуўшчыны цягне зацята тыднёвік. Стратэгія такая?


ЛіМаразм-276

Сорам нацыі

Я не прызнаю рускамоўных пісьменнікаў з Беларусі за беларусаў. І вось чаму.
Служыўшы з 1987 па 1989 год у Савецкай Арміі, я заспеў перыяд яе поўнай дэградацыі, што папярэднічаў распаду імперыі камуністаў. Краіна з такой арміяй проста абавязана была разваліцца. Народы, гвалтам сабраныя ў яе, на той час ужо моцна ненавідзелі адзін аднаго. Што асабліва было прыкметна ў войску, калі людзей прымусова гналі на чужыя тэрыторыі жыць па чужых правілах у чужым культурным атачэнні.
І ведаеце, каго найбольш ненавідзелі народы з перыферыі СССР? Маскалёў і нас, беларусаў. І калі з маскалямі ўсё, так бы мовіць, ясна, то сэнс нянавісці асабіста да мяне ад гэтых народаў дайшоў толькі гадоў 15 таму. З усіх нацый, толькі зрусіфікаваныя беларусы, гараджане, былі як дзве кроплі вады падобныя на рускіх. А рускіх у малых народаў былі ўсе падставы ненавідзіць, як разумееце.
І вось, вечна прыгнечаныя, гэтыя народы адыгрываліся ў Савецкай Арміі на рускіх і рускамоўных, калі сіла, бальшыня былі на іх баку. А гэта здаралася часта, бо малыя народы збіваліся ў кучу, і не важна, чачэнец ты ці таджык, армянін ці літовец. Ва ўсіх іх была свая нацыянальная годнасць, мова, пачуццё еднасці, агульны боль. У беларусаў разам з моваю знікла і годнасць, гарадскія беларусы поўнасцю атаясамлівалі сябе з Масквою.
Я не любіў тады чачэнцаў. Лічыў іх хітрымі агрэсіўнымі жывёламі. Але не ведаў пра сталінскую дэпартацыю гэтага народа (500 тыс. чалавек) у казахскія стэпы. Той боль у 1987 годзе быў вельмі жывы ў салдатаў Савецай Арміі чачэнскай нацыянальнасці. Яны інстынктыўна трымаліся адно за аднаго.
Заўважыў, што калі адзін чачэнец у калектыве – гэта звычайны савецкі чалавек, цалкам адэкватны. Калі два – гэта ўжо сям’я, што спрабуе адасобіцца ад іншых. Тры – ужо банда, якая намагаецца ўсталяваць сваю ўладу і свае правілы. Бывала, што 3–5 чачэнцаў трымалі ў страху чалавек 40 іншых салдатаў. Бо, лучачыся, яны набывалі сілу ў геаметрычнай прагрэсіі. Вось што такое нацыянальнае пачуццё.
Я не бачыў за 2 гады фізічна слабых, хілых чачэнцаў. У 18–20 гадоў яны выглядаюць развітымі, як нашы гараджане ў 30-35. Гэта ўжо цалкам сталыя, гатовыя да ўсіх нягодаў мужчыны. Што таксама выклікана суровымі ўмовамі пражывання і памяццю пра ганенні ад рускіх. Аднак дзіўна: пры гэтым яны страшэнна не любяць фізічную працу і ўсяляк яе ўхіляюцца! У Армію яны ішлі пагалоўна з вадзіцельскімі правамі, бо мала хто з рускіх і беларускіх бэйбусаў меў правы кіроўцы ў 18 гадоў. А хітрыя чачэнцы – мелі, і праца вадзіцеля не пыльная, не прынізлівая. Бачыў аднаго капцёра, кладаўшчыка. Таксама някепска. Не прыгадаю хлебарэзаў, кухараў. І хоць месца салодкае, але ў нечым, па іх мерках, прыніжае мужчыну. Там звычайна шчыравалі азербайджанцы, армяне, грузіны. Гордыя я ж чачэнцы круцілі баранку, што нагадвала кіраванне канём. Але носам зямлю не рылі дакладна.
Увогуле паводзіны ўсіх паўночных каўказцаў, асабліва мусульман, было вельмі падобнае да чачэнцаў. Яны заўсёды збіраліся ў кучу і адстойвалі адзін аднаго, быццам з аднаго сяла. Аднаго дагестанца з нашага прызыву тут жа вызвалі каўказцы не толькі ад прыніжэнняў “дзядоў”, але і ад фізічнай працы: будучы днявальным, уначы, ён падымаў з ложкаў казахаў і ўзбекаў ды прымушаў мыць туалет за сябе. Калі звальняліся “дзяды”, то адзін кабардзінец бедаваў і перажываў за таго дагестанца (даволі бесталковага і не жорсткага) як за сябе: што ж, маўляў, ты будзеш рабіць, калі я звольнюся? Кабардзінец бачыў, што з паўночных каўказцаў той дагестанец застаецца адзін. Я не раз чуў іх таварыскія гутаркі. Кабардзінец, такім чынам, хварэў за бесталковага дагестанца з іншых гор, іншамоўнага, не як за земляка нават – а як за брата.
І сапраўды, як толькі звольніліся апекуны таго дагестанца, – казахі і ўзбекі сталі яго падымаць поначы, як ён некалі іх, ды прымушалі шараваць прыбіральню.
Так што нацыянальнае пытанне было ў СССР надзвычай вострым. Невырашальным. Паўночныя каўказцы, якія падміналі пад сябе палкі, тым не менш сімпатызавалі, напрыклад, заходнім украінцам. Цяпер разумею чаму – бачылі аднолькавую нянавісць да рускіх, імкненне размаўляць між сабою на роднай мове. Тое ж тычыцца і прыбалтаў – іншамоўныя, іншакультурныя, яны былі ў многім блізкія злому чачэну.
Таму відаць, што чалавек без нацыянальнага пачуцця, мовы – пакінуты сам- насам з сабою, безабаронны. За яго ніхто не заступіцца. І па вялікім рахунку – не паважаюць яго нармальныя народы – заслужана.
Тут, дарэчы, і адказ на немагчымасць адэптаў беларускасці, літаратараў, крытыкаваць адно аднаго публічна. Той жа механізм малога народа спрацоўвае – збіванне дзеля выжывання ў шчыльны клубок. А калі крытыкуеш, значыць, не паважаеш саму беларушчыну. Адсюль і слабасць літаратуры.
Адсюль і такія з’явы апошніх гадоў  як:

1) адзіны сайт літаратурнай крытыкі заснаваў зацята рускамоўны беларус;
2) адзіны нобелеўскі лаўрэат – рускамоўная пісьменніца, раўнадушная да мовы нацыянальнай;
3) папулярны празаік, што піша пра сучасных беларусаў, – рускамоўны.

Разбяром коратка.

1) Сайт літаратурнай крытыкі – ясна чаму быў магчымы толькі ад рускамоўнага пісьменніка: ён па-за нацыянальнай малалікай суполкаю. Адно будучы аддаленым ад яе, можна жорстка крытыкаваць. Але сайт, працеляпаўшыся колькі гадоў, загнуўся (збеглі ўсе аўтары) і ператварыўся ў прыватны блог калялітаратурных падзей. Бо немагчыма аналізаваць нацыянальную літаратуру на чужароднай мове.

2) Нобелеўская лаўрэатка Алексіевіч. Ніякага дачынення да ўласна нацыянальнай культуры. Лакмусавая паперчына – пагарда беларускай моваю. Для пісьменніка гэта недапушчальна. Тады ты ўжо не нацыянальны літаратар, пазіцыянуеш і прапагандуеш іншы народ. Акрамя таго, Алексіевіч ёсць не мастаком, не паэтам ці празаікам, а публіцыстам. Такое нобелеўскае лаўрэацтва Беларусі мала патрэбнае. Гэта дэманстрацыя дамінавання захопніцкай культуры суседа.

3) Празаік Марціновіч-рускамоўны, папулярны літаратар, што піша пра беларусаў. Гэта карыкатурны праект, бо павісае, як і Новікаў і Алексіевіч, над прорваю задам, мерачыся сядзець на двух крэслах. Паўтаруся, што беларускі пісьменнік не можа пісаць на мове, якая захапіла і падавіла беларускую. Гэта плявок і насмешка. А заігрыванне Марціновіча-рускамоўнага з беларускімі элітамі мае чыста меркантыльны змест – выгадна, а раптам увойдзеш у кантэкст нацыянальнай культуры? Бо выдатна ведае Марціновіч-рускамоўны, як і паэт Анатоль Аўруцін, што ў Расеі, чыю культуру яны апяваюць, творачы па-руску, яны адстаўной казы барабаншчыкі. Цяпер нікому не патрэбныя, а па смерці  – тым болей. Таму гарэзаванне з элітамі беларускамоўнымі – адно спроба ўпісацца ў нацыянальны кантэкст, запрэгчы тыя эліты працаваць на сваю папулярнасць. У каго ў каго, а ўжо ў пісьменнікаў не можа быць ніякага кампрамісу: ёсць нацыянальная мова, на ёй і пішы. І калі публіцыст, журналіст і мастацтвазнаўца Марціновіч-рускамоўны аж да 40 гадоў не здужаў вывучыць нацыянальную мову, то папахвае гэта або непаўнацэннасцю разумовай, або схаванай нянавісцю і грэблівасцю да беларускай культуры.

Тое ж тычыцца і Алеся Новікава з блога калялітаратурных падзей і Алексіевіч Святланы. Было даволі часу засвоіць беларускую мову. І калі ў Новікава, па яго словах, тры вышэйшыя адукацыі, то ўжо не вывучыць адну нацыянальную мову – сорамна для пісьменніка і нават ганебна. Тут яўна праглядаецца рускасць, нянавісць і грэблівасць да найбольшай нацыянальнай каштоўнасці – мовы.
Мова ёсць крытэрый і мерка: не ведаеш, не любіш, не ўжываеш – не беларус ты, і тым болей – не беларускі пісьменнік. Бо ў дадзенай сітуацыі поўнай і завершанай русіфікацыі гарадоў Беларусі ўжо ж пісьменнік беларускі дакладна не мае права заігрываць з рускай культурай і выбіваць з дапамогай рускай мовы даляры і дабрабыт, як Алексіевіч і Марціновіч-рускамоўны. Не гонар, а сорам нацыі.


ЛіМаразм-277

Прасцяг кішэнных зацемак

Леанід Галубовіч
“Зацемкі з левай кішэні” (Галерэя Б, 1998 г.)

[артыкул 2009 года.]

Хоць і наракаем мы, беларускамоўныя чытачы, што няма чаго пачытаць з вартых мастацкіх тэкстаў нацыянальнай літаратуры, праблема хутчэй у іншым. А іменна ў нашым патэнцыйным нежаданні ўсё гэта чытаць. Мы, як нацыя, па вялікім рахунку, ужо даўнавата – чытачы-імпатэнты. (Калі няма здаровага пожаду, то ніводная вабная красуня ў прынцыпе не ўзбуджае.) Такія вось пірагі.

Таму праблему нашага не-чытання трэба шукаць у зусім іншым баку, і толькі не ў тым, што нічога вартага ў літаратуры не адбываецца і не друкуецца. Хутчэй наадварот – друкуецца настолькі зашмат, што гэтыя чатыры (ці блізу таго) тысячы беларускамоўных чытачоў рэспублікі і замежжа не ў стане ўсё гэта ператравіць, то бок прапусціць пра свой чытацкі страўнік так, каб ад гэтага не вывернула ванітамі.

Пісьменнікі выдаюць кнігі, а вось нармальна прадаць іх ці распаўсюдзіць удаецца праз што заўгодна – толькі не праз кнігарні, дзе нават пры самай агрэсіўнай раскрутцы твора купляюць 5–10 кніжак у год. Лічаныя адзінкі прыстасаваліся да сітуацыі, удала прадаючы (хавала іхнім здольнасцям) свае кнігі на прэзентацыях. Беларускамоўны чытач чамусьці індыферэнтны да кніжных крамаў, і гэтае пытанне (чаму так адбываецца) патрабуе адмысловага аналізу.

Тут жа гаворка не пра тое. Кніг, паўтаруся, друкуецца многа, шмат, найменні ідуць валам і, як правіла, не выходзяць за межы вузкага кола сяброў, родзічаў і знаёмцаў, літаратурных паплечнікаў самога аўтара. Аўтар можа кнігі дарыць, або можа прадаваць гэтым знаёмцам – па сутнасці нічога тут не мяняецца: беларускамоўная кніга – гэта адзін з атрыбутаў сяброўства, сведчанне тваёй павагі да аўтара. Набыццё такой кнігі – у абсалютнай большасці выпадкаў ёсць выяўленнем павагі да аўтара або перасцеражэнне ў плане таго, каб ён на цябе не пакрыўдзіўся і не раздзружыўся з табой. Гэта рэальнасць. Шырока не буду раскрываць гэты механізм, дам толькі адну падказку: звярніце ўвагу, як купляюць, чытаюць і бягуць падпісваць новаспечаныя кнігі рэдактараў літаратурных выданняў аўтары, якія наўпрост залежныя ў сваім лёсе ад памянёных рэдактараў. Проста подбегам імчацца засведчыць сваю павагу да кнігі (насамрэч жа – пераследуюць свае карыслівыя інтарэсікі). Тут, дарэчы, і падказка тым, хто не разумее, чаму рэдактараў літаратурных выданняў (і асабліва галоўных рэдактараў) ахвотней выдаюць, чым астатніх: іх кнігі папросту на парадак жвавей купляюцца.

Такім чынам, у гэтым вале незапатрабаванай беларускай літаратуры разабрацца бывае надзвычай цяжка. За колькасцю найменняў адзінкі сапраўды вартага (а вартага заўсёды – адзінкі) крыху губляюцца (а часам і не крыху) у беларускім моры. Кнігі, якія па сваім мастацкім узроўні закліканы стаць класічнымі, не становяцца тут і цяпер культавымі, вельмі прыкметнымі, тымі, якія разносяць на цытаты, тымі, пра якія модна згадваць у тусовачным коле, каб сцвярджаць сваю прыналежнасць да гэтых колаў. Такіх імёнаў, дарэчы, талентаў сярэдняй рукі, кнігі якіх адносна модна набываць і пра якіх модна ўзгадваць, каб зацвердзіць сваю тусовачную прыналежнасць, таксам вельмі няшмат. Не стаў бы іх называць, каб не паставіў сабе за правіла пазбягаць агульных фраз, за якімі часта хаваецца элементарная баязлівасць. Таму вось гэтыя нешматлікія імёны пісьменнікаў: Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч (апошнія два трохі больш таленавітыя, таму і стаяць па моднасці позаду). Усе яны, падкрэслю, маюць сваю групоўку выдаўцоў і чытачоў, або, як Глобус, разжопіліся амаль з усімі групоўкамі, якія іх адпачатку раскручвалі (самастойнасць Глобуса таму – ілюзорная).

Як толькі пісьменнік вылучаецца сваім талентам, а галоўнае, шчырасцю, балеснасцю душы, нават пры тым, што ён дастаткова актыўны і адаптаваны да сучаснасці чалавек, – такі пісьменнік адразу выпадае з кола модных, цытаваных, узгадваных, папулярных. Яркімі таму прыкладамі – Алесь Разанаў, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў. Заўважу, што ўсе яны піярыліся далёка не самастойна, а ўзначальвалі шматтыражкі, групоўкі і н.г.п. (“Крыніца”, “Бум-бам-літ”, “Наша Ніва”). Такім чынам, такі пісьменнік спачатку станавіўся “гуру” нейкай суполкі (Алесь Разанаў – у значнай меншай ступені), а тады ўжо, з гэтай пляцоўкі прапагандаваў сваю творчасць. Тут, заўважу, нічога заганнага няма, гэта рэальнасць для любой некамерцыйнай, або слабакамерцыйнай літаратуры – паспяховей раскручваецца той, хто мае сваіх “вучняў”. Нагадаю, што нават Хрыстос пачынаў з таго, што збіраў сваіх паслядоўнікаў, якія затым праслаўлялі яго дзеянні.

Аднак ёсць катэгорыя творцаў, якія з-за нерэальнай сваёй сціпласці абсалютна не займаюцца самапіярам. Гэта крайні і, між іншага, не зусім аптымальны варыянт беларускамоўнага творцы. Бо ў наш час нешта напісаць мала, неабходна данесці гэта да чытача ва ўмовах, мякка кажучы, неспрыяльнай для развіцця беларускай літаратуры сітуацыі. Неспрыяльнай найперш таму, што беларуская мова адсутнічае як факт у сістэме нацыянальнай адукацыі, яе амаль няма ў школах і абсалютна няма ў ВНУ, акрамя профільных. Мова фактычна перабывае ў каматозным стане, а з комы, асабліва працяглай, выходзяць далёка не заўсёды, нават вельмі рэдка выходзяць.

З гэтай прычыны, каб вартае такі не выходзіла з-пад нашай увагі, хочацца сцісла сказаць пра кнігу Леаніда Галубовіча “Зацемкі з левай кішэні”, што пабачыла свет у далёкім ужо 1998 годзе і якая сталася перадапошняй кнігай гэтага аўтара. Затым выйшлі толькі “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча” (2000 г.). За амаль дзесяць гадоў Леанід Галубовіч, якому, як мінімум, ёсць што сказаць, не займаецца выданнем сваіх кніг. Сказаў “не займаецца” – бо ў нас гэтай справай сапраўды варта напорыста займацца, за цябе (прынамсі пры жыцці) гэтага ніхто не стане рабіць. І займаюцца пераважна тыя, каму якраз-такі няма чаго сказаць вартага чытачу, то бок людзі недалёкія, пошлыя і пустыя.

Так, у Галубовіча пакуль ёсць пляцоўка, з якой ён можа гаварыць і дыскуціраваць з чытачом. Магчыма, ён лічыць яе дастатковай і аптымальнай для тых слоў, якія ён хоча казаць беларускай культуры. Аднак ён старамодны ў тым, што ідзе ў разрэз з сучаснасцю і займаецца не піярам сваёй асобы, а раскручвае творчасць іншых беларускіх аўтараў. Такая пазіцыя цяпер, у эпоху гарлапанства, блогаў і блогераў не папулярная і як бы асуджае аўтара на непаразуменне з сучаснікамі, на пэўнае выпадзенне з папулярнай беларускай літаратуры. Прашу не параўноўваць Леаніда Галубовіча з крытыкамі, якія пошленька робяць сабе кар’еру, жывячыся і сілкуючыся каля модных суполак, літаратараў, каля выйгрышных тэмаў. У дадзеным выпадку дазволю сабе не называць гэтыя імёны – толькі з прычыны іх малазначнасці для літпрацэсу, а не па боязі, у гэтым паверце.

Аднак многія, за тоўшчаю часу, пачынаюць забывацца пра тое, што Галубовіч адпачатку – мысляр, філосаф, паэт, а ўжо потым – крытык. Такое забыццё выглядае законным – аўтар не стараецца пра гэта нагадваць, не выдае кніг, друкуе не-крытычныя тэксты надзвычай рэдка. За дзесяцігадовы перыяд Галубовічава бяскніжжа ўжо выгадавалася цэлае пакалення літаратараў і чытачоў новай хвалі, з маніторам, так бы мовіць, перад вачыма, з клавіятурай у зубах і мабільнікамі каля вуха. Гэта псіхалагічна далёка не тыя чытачы і прадстаўнікі не той Беларусі, для якой тварыў Леанід Галубовіч трыццаць, дваццаць, пятнаццаць гадоў таму.

“Зацемкі з левай кішэні” (кніга) былі завершаны прыкладна пятнаццаць гадоў таму. І сёе-тое ў іх, трэба прызнаць, састарэла. Перад вачыма ўжо зусім не тая краіна, не тая літаратурная сітуацыя, якую так дэталёва апісвае аўтар “Зацемак”. Вядома ж, ён апісвае не толькі літаратурную сітуацыю, а нават найперш – сваё “я” ў сітуацыі, асноўнымі складнікамі якой з’яўляюцца-такі беларуская мова, літаратура, літаратурны працэс. Кніга каштоўная як злепак таго кароткага рамантычнага часу, азоранага надзеяй пра паўнавартасную беларускамоўную Беларусь. Кніга балючая ў тым плане, што нават у гэтым рамантызме няма сапраўднай веры ў нацыянальную будучыню. Ёсць нейкая зашоранасць рэдакцыйна-выдавецкімі коламі ад рэальнага, сквапнага ды імклівага, свету. Пісьменнікі стаяць тварам у твар перад самімі сабой, а не перад беларускім народам.

Народ у Леаніда Галубовіча – нейкі адцягнены чужасны элемент, дастукацца да якога ў прынцыпе немагчыма: пісьменнік і народ разнамоўныя. Тыя ж, хто з Галубовічам аднамоўныя, або самі перабываюць у пачатковай фазе прастрацыі (цяпер жа прастрацыя – усёахопная), або не ўяўляюць Беларусі далей, чым ваколіцы роднай вёскі Вароніна. Першая катэгорыя – літаратары, што мільгаюць на старонках “Зацемак” амаль бясплотнымі зданямі. Другая – Галубовічавы землякі, да якіх ён рэгулярна наведваецца ў адпачынак. Землякі, дарэчы, найбольш жывыя і каларытныя менавіта ва ўспамінах, у рэтраспекцыі. Бо жывая карціна вёскі Вароніна пятнаццацігадовай даўнасці – гэта амаль поўная адсутнасць моладзі, апусцелыя сядзібы і ёмістыя могілкі, як усяго гэтага сімвал. Ужо пятнаццаць гадоў таму вялізная колькасць аднакласнікаў аўтара спачывала на тых кладах. Ці на іншых кладах – не важна па сутнасці. Галоўнае, людзі сыходзілі з жыцця ў свой самы плённы перыяд, не дасягаючы саракапяцігоддзя. І гэта пры сучаснай медыцыне! Аднак вядома, што ніякія таблеткі не дзейнічаюць, калі ў тваёй крыві трывала і нязводна знаходзіцца алкаголь.

Не памылюся, калі выкажу меркаванне, што стан сучаснай вёскі яшчэ нашмат горшы, чым ў часы, апісаныя Галубовічам у “Зацемках”. І гэта яшчэ блаславёны беларускі захад, адносна багаты край...

Горад жа Мінск для аўтара “Зацемак” чужародны, нібы аддзелены ад яго шыбаю. Свае – толькі сям’я, супрацоўнікі беларускамоўных рэдакцый... Ды не. Па вялікім рахунку свае – гэта хвіліны самоты, калі аўтар за кубачкам вечаровай кавы мысліць жыццё сваімі арыгінальнымі вобразамі. У кнізе шмат цікавых, адметных думак увогуле пра жыццё, якое, рызыкну меркаваць, аўтар уяўляе даволі непрыветным, злым асяроддзем. Абагульняючы ў думкавобразы, адасабляючыся ад дробязяў і дэталяў, у самоце і засяроджанасці Галубовіч падчас бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць: без прыхарошванняў ды ілюзій. Кідаецца ў вока, што некалькі найважнейшых думак дамінуюць у свядомасці аўтара і не даюць яму спакою, выходзячы ў розных зацемках пад рознымі абліччамі.

І сапраўды, чалавек разумны, глыбокі мусіць думаць, па сутнасці, усяго некалькі думак, асноўнай з якіх з’яўляецца думка пра смерць. У тым сэнсе – куды я пайду, калі прамільгне ўсё гэтае хуткаплыннае навокал мяне, кім я стану, як звязаны вобраз маёй Вечнасці з вобразамі, што атачаюць мяне цягам жыцця? Ці панясу я з сабой любоў да радзімы, да сямейнікаў, да літаратуры – або ўсё бачнае і дзейнае не мае ніякага сэнсу, калі жыццё можа абарвацца ў любую хвіліну. Галубовіч неяк напісаў, што ён жыве кожны дзень, як апошні. І гэта не поза, а рэальнае ўсведамленне рэчаіснасці. У варунках паўсядзённасці мы не адчуваем, як блізка стаім ад смерці нават пры поўным вонкавым здароўі. Гэтае ўсведамленне смерці поруч з табой – не ўласцівасць, заўважу, здаровага сярэднестатыстычнага чалавека, для якога сама прырода дала дастаткова магутныя заслоны свядомасці. Абсалютна псіхічна здаровы чалавек пра смерць думае вельмі мала і рэдка. І гэта выдатна, інакш бы ўсе вакол склалі рукі, перапынілі жыццёвую барацьбу, засіліліся б ад роспачы. І толькі нямногім дадзена адчуваць смерць як рэальнасць, жывейшую за жыццё...

Сапраўдных творцаў мала. Іх крыж – як бы бачыць падвойную рэальнасць пры немагчымасці схавацца за ілюзію жыццёвай барацьбы. Таму найгалоўнешы матыў “Зацемак” – далёка не змаганне з антыбеларускай сапраўднасцю, а найперш – сузіранне жыцця як неспасціжнай містэрыі, сузіранне, наколькі магчыма, з філасофскім спакоем, з пакорай і мужнасцю. Бо самая вялікая мужнасць для чалавека – бачыць рэальнасць такой, якая яна ёсць, і не прыходзіць ад гэтага ў адчай, не захінацца хуткаплыннымі жыццёвымі дабротамі, слодычамі... А жыць і тварыць, памятаючы, што тут мы – часовыя. У філасофіі аўтара я выразна бачу матывы будызму, што ніколькі не супярэчыць асноўнаму, думаецца, хрысціянскаму светапогляду. Нездарма ж на вокладцы кнігі стаіць зацемка: “Усё пазней кладуся спаць... Сяджу, п’ю каву, чытаю, куру, пішу ўсякі суб’ектыўны маразм як зараз, мрою, вольна думаю пра ўсё і нічога – мыслю сабе... Карацей: ноччу мне жыць ясней”. Чым не будысцкая медытацыя? Ці не адсюль Галубовічава абыякавасць да славы людской? Варта задумацца.


ЛіМаразм-278

Мы яшчэ з табою дзеці

Хачу парушыць традыцыю і пагутарыць пра холдынг “Звязда” без дзяржаўных прышчэпак. Бо рубрыкай “ЛіМаразм” беларуская літаратура міжволі абавязана Южыку, а Южык абавязаны некаторым рэдактарам, у прыватнасці самым значным у яго лёсе – Галубовічу, Федарэнку і Мятліцкаму.
І калі імя першых двух у беларускай суполкі асацыіруецца з незалежнасцю і сапраўднай беларускасцю, то Мікола Мятліцкі як бы падпадае пад махровую катэгорыю. А між тым гэта самы значны чалавек у маім пісьменніцкім лёсе. Растлумачу нюансы.
Мікола Мятліцкі, пры страшэнным ціску знакамітых і слынных, будучы галоўным рэдактарам “Полымя”, умудрыўся надрукаваць тры раманы Южыка пра сучасную Беларусь. Менавіта пра людзей. Тут не трэба палітыку разумець, бо мастацтва ніколі не сілкуецца палітычнымі інтарэсамі. Мятліцкі стаў публікаваць гарадскі раман трэцяга тысячагоддзя, які цалкам выпадаў з агульнабеларускай талерантнай плыні савецкіх бязбожнікаў. Прычым маючы адкрытую і несумненную рэдактарскую адказнасць за зробленае. (Мы ведаем, як умеюць пісаць ананімныя лісты наскія зайздроснікі і зласліўцы).
Кажу без усякага пафасу. Гэта факт. Мятліцкі надрукаваў у самым акадэмічным часопісе тры мае раманы пра сучасную Беларусь Лукашэнкі.
Гэта мужнасць. І тут не забудзем таксама Алеся Карлюкевіча, праз пэўны час начальніка холдынгу, які ўласнаруч падтрымліваў мае напружаныя раманы. І не знаходзіў у іх палітычнай крамолы. А яе проста не было. Так. Бо мастак, творачы, не мае на ўвазе палітыку. А як толькі ён пачынае мець яе на ўвазе, то твор перастае быць мастацкім. Такое няхітрае правіла.
І вось Мікола Мятліцкі, пры дзікім ціску мінулай савеччыны, пры боязі страціць крэсла, ішоў за сучаснай літаратураю. Важна падкрэсліць: не ведаючы, хто такі Южык, ці не загуляе ён заўтра з “Нашай Ніваю” і не пачне паганіць імя Мятліцкага. Тут ён цалкам даверыўся адно Федарэнку Андрэю, рэдактару прозы на той момант, аўтарытэтнаму літаратару. І тым не менш, згадзіцеся, прасцей было затупіць і спляжыць, абараняючы дабрабыт. Мятліцкі жыў ідэяю.
Гэта толькі ў заганным разуменні галоўны рэдактар дзяржаўнага часопіса – абавязкова зашораны цемрашал. Такім быў Законнікаў. Але Мятліцкі дзейнічаў інакш – не знаёмаму яму, не вядомаму раманісту ён паверыў, базіруючыся на гарантыі Федарэнкі. Так нарадзіўся пісьменнік Міхась Южык. І ўжо цяжка (амаль немагчыма) яго будзе зрынуць зноў у нябыт. Паспрыялі гэтаму, можа, прагрэсіўныя Аркуш, Някляеў, Арлоў? Не, дзяржаўныя работнікі Мятліцкі і Федарэнка.
Мятліцкага часта абвінавачваюць у прасоўванні дачкі па кар’еры. Дык Южык не мог ёй спрыяць. Не дацэнт. Не акадэмік. Проста паэт. І раман гэтага проста паэта Мятліцкі без усякай карыслівасці надрукаваў у галоўным часопісе. А потым яшчэ два раманы ўпісаў у гісторыю. Не сват, не брат. І далей на брудэршафт з ім не піў.
Насамрэч цэнтральны літаратурны часопіс гэта цяжкая ноша. Памятаю, як перасоўвалі маю “Лесвіцу” на чатыры месяцы праз тое, што Карлюкевіч наважыў друкаваць раман 80-гадовага Дамашэвіча да яго 80-годдзя. І Мятліцкі заўсёды знаходзіў патрэбныя словы, каб супакоіць. Гэта майстэрства. Млосны, пакутлівы час. Але ёсць вынік. Але дзякую яму, што ён быў. Хоць без дзвюх чарак ужо не мог у рэдакцыю пазваніць – трэсліся рукі і сцінаўся страўнік: а зараз цябе, братка, выкінуць назаўжды…
Згадзіцеся, спадары, што не дзякаваць Міколу Міхайлавічу Мятліцкаму за часы яго праўлення “Полымем” я не магу, поўнае свінства. Бо не Мікола Міхайлавіч насамрэч быў гаспадаром, а і Карлюкевіч і ўсе старцы ад СПБ. І тым не менш – я праскочыў, сабака. А слова надрукаванае не высечаш ужо праз стагоддзі. Такія правілы.
Яшчэ раз кажу папраўдзе: Алесь Карлюкевіч сам падтрымліваў мае раманы “Лесвіца” і “Леапард на балконе”, пра сучаснасць і, як ён бачыў, апалітычныя.

Мікола Мятліцкі

Ірэне

Мы яшчэ з табою дзеці,
Хоць з сівою галавой.
Маці шчэ на гэтым свеце,
Дай ёй, Бог, быць век жывой.

Нас яна падчас пажурыць,
Паўшчувае, як малых.
Шмат раскажа пра ўсе буры,
Што паснулі ў днях былых.

Пра сясцёр і жонак дзеда
І пра той надзел зямлі,
Дзе гарбацілі ўсё лета
І някепска ўсё ж жылі.

І пра голад даваенны,
Што з Чарнігава сюды
Люд прыгнаў у час той тленны
Ратавацца ад бяды.

Як галодную жанчыну,
Што нагой была ў раю,
Упусцілі ў хату з сынам,
Прытулілі, як сваю.

Ручайком журчыць гаворка —
Тчэцца лёсу палатно.
І прыпозненыя зоркі
Зазіраюць у акно.

Быццам вочы маці, свецяць
Сінькай небнаю жывой.
Мы яшчэ з табою дзеці,
Хоць з сівою галавой.


***
Спусціўся я ў глыбокі гэты яр,
Дзе ўстаў ажыннік драпкаю сцяной,
Балесных дум ускінуўся пажар
І ў прывідах павёў перада мной

Тубыльцаў з вёскі бліжняе, якіх
Стралялі тут фашысты на зары.
І я пачуў жывыя ўскрыкі іх,
Што шчэ не змоўклі з жудаснай пары.

Убачыў, як, забітыя, яны
З зямлі сырой, жывыя, устаюць,
Атросшы жвір магільны ледзяны,
Ваду з крыніцы Святаянскай п’юць.

Вяртаюцца у Быстрыцу сваю
У пошуме краплістага дажджу.
А я за часу сценамі стаю
І, расстраляным, ім услед гляджу.

Хачу яшчэ, спадары, пару слоў мовіць пра амаль земляка Міколы Мятліцкага, майго роднага бацьку, Юрыя Южыка.
Усё жыццё лічыў бацьку тэхнаром, сухім фізікам. І толькі нядаўна ўразумеў, што ён быў не праяўлены паэт. Як і мая маці, што ведала Пушкіна на памяць тамамі.
Хто першы пазнаёміў мяне з рыбалкай? Бацька, які сам падсеў на гэтую справу на Сожы. Хто прызвычаіў да красы зімовага лесу лыжнымі прагулкамі? Бацька. А байдарачныя паходы? Бацька. Як не паэт?
Адзін цяжар маю, што ў апошні год жыцця бацькі, да яго раптоўнага скону ў 57 гадоў, быў з ім у разладзе, не размаўляў. Бо продак мой думаў, што я ні рыба ні мяса. А насамрэч – паэты такія заўсёды бываюць, пакуль не шахне іх час. Ён заклікаў мяне зарабляць грошы, выжываць, сам выжываў, ашаломлены гайдараўскім рабаваннем нажытага… І памёр у надрыве, будуючы на рэшткі грошай дом у вёсцы блізу Мінска… і размаўляючы, і выкладаючы па-беларуску фізіку ў Мінскім Радыётэхнічнымі Інстытуце, куды і мяне вучыцца запёр. Так бацька спраўджваў покліч продкаў аб Беларусі – праз фізіку.
Мы з братам тады смяяліся з яго намаганняў. Сорамна з цягам гадоў. Аднак бацькі няма. І дом той прададзены за танна пасля яго смерці. Ёсць толькі творы сына па-беларуску. 
Я не разумеў тады бацьку. А бацька мяне. У мяне сітуацыя лепшая, паколькі жывы.
Бацькоўскае разуменне потым нечакана сустрэў ад Уладзіміра Мароза, Леаніда Галубовіча, Міколы Мятліцкага.
Бог кампенсуе.


Родзічы, што рэгулярна бываюць на магіле майго бацькі, кажуць – пасля дня яго скону нязменна знаходзяць пустыя пляшкі пітва. І ўпэўненыя: гэта пабывалі яго верныя сябры апошніх гадоў – Серафім Новікаў і хлопцы з кафедры спорту МРТІ. З імі бацька асабліва здружыўся ў апошнія гады. А Серафім, трэнер мой колішні – родны брат Сяргея Новіква, другога па ліку алімпійскага чэмпіёна СССР па дзюдо (1976 г.).  Дзякую, Вам, сябры.


ЛіМаразм-279

Як заўсёды на вышыні

У “ЛіМе” №35 2016 года змешчаны вершы Наталлі Пятрушчавай. І пазначаны як дэбют.

Мая малая радзіма — аграгарадок Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Тут прайшло шчаслівае дзяцінства. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны на філалагічным факультэце. Пасля нейкі час настаўнічала ў роднай школе. Цяпер жыву ў Рагачове, працую ў рэдакцыі раённай газеты. Вольны ад працы і дамашніх клопатаў час люблю бавіць за цікавай кнігай ці рукадзеллем. Ноччу, калі дзеці (а іх у мяне чацвёра) спяць, — пішу вершы.
Аўтар

Вершаў усяго два, дробным шрыфтам.

НЯХАЙ

Няхай імчацца тыдні,
Няхай гады лятуць!
Няхай асудзяць злыдні
І плёткі размятуць…

Няхай жыццё струменіць,
Мяняе плынь падзей…
Хай час мяне не зменіць
І не заб’е надзей!

Хай клопаты і радасць
Забавяць вольны час…
Якім жыццё складзецца,
Залежыць і ад нас!


Добра ўдалася роўна палова твора. Потым ён папоўз, пачынаючы з не зусім правільнага “не заб’е надзей”. Бо “надзеі” – нежывы прадмет і пісаць трэба “не заб’е надзеі”. У той час, калі, прыкладам, з адушаўлёным прадметам “не заб’е людзей” – будзе слушна. А “не заб’е людзі” – кепска.
Прыходзіцца даводзіць рэдактарам дзяржаўнага тыднёвіка азы граматыкі.
Апошнія два радкі верша сапсавалі ўсё – гэта дыдактыка, павучанне, якога ў лірычным вершы быць не павінна.
Наступны твор:

***
Словы тыя, бы зерне сабраць
І пасеяць у думкі людзей,
Мову родную каб захаваць,
Каб жылося нам з ёй весялей!
Каб гучалі і лашчылі слых
Шлюб, каханне, матуля,
цукерка,
Водар, сонейка, неба блакіт,
Дзённік, сшытак, адзнака,
паперка…
Каб валошкі цвілі — васількі,
Дзьмухаўцы пух ўздымалі
ў паветра…
Беларусы каб вечна жылі
На зямлі і у вершах паэтаў!

“Мову… каб захаваць” – вытрымкі з дакладаў Міхася Пазнякова ці Барыса Пятровіча. Не інакш.
І каб з гэтай мовай “жылося весялей”. Пошласць.
Потым павінны лашчыць слых: шлюб, каханне, матуля і… (не паверыце) – цукерка! Няхілае параўнанне з матуляй. Што маці, што цукерка – якая розніца.
Далей гэтая салодкая цукерка рыфмуецца жахліва – з “паперка”. Спадзяюся, не туалетнага кшталту тая папера. Верх безгустоўшчыны. Нагадваю, чалавек закончыў філфак і выкладае.
Затым нам заяўляюць, што “валошкі” гэта “васількі”. Дык мы і так ведалі. Тут лірыка мусіць быць, не лікбез.
Дзьмухаўцы, якія пух уздымаюць менавіта ў паветра, а не кудысьці яшчэ. Празмернасць.
“Беларусы каб вечна жылі” – суцэльны штамп.
Верш зусім не ўдаўся. Суцяшае адно: першая палова ўступнага твора выйшла нядрэнная. І пры ўдумлівай рабоце над сабою, паклаўшы за аснову заўвагі крытыка, – ёсць спадзяванні на добрае.
Больш крытыкаў, зразумела, у Наталлі Пятрушчавай у жыцці ніколі не будзе. Бо дзяржаўную кнігу яе не выдасць Шніп, саматужная кніжка калі і трапіць да Насты Грышчук, то застанецца без крытыкі. Бо, паводле прызнання Шніпа, Грышчук ходзіць да іх на чай і робіць артыкулы там.
Іншыя ж крытыкі таксама пагрэбуюць займацца Пятрушчавай. Кісліцына (адпаведна фота на ФБ) прападае на модных фэстах, дзе дэманструе ногі ў кароткіх шорціках (фота з ФБ), або сядзіць у прыгожым плацці блізу вядомага альфа-самца белліту Някляева. Не да пачаткоўцаў “эліце”.
То бок усе “дэбюты”, як мы і раней заўважалі, самой прыродай белліту прызначаны плюхнуць у раку Вечнасці адразу пасля варштата. Іх робяць для галачкі. Для справаздач Пазянкова.
Так што хай Наталля Пятрушчава на нас не крыўдуе: які ўжо ёсць, іншых крытыкаў беларускай перыёдыкі ў прыродзе няма.

У вершах Ганны Чумаковай прысутнічае экспрэсія і жыццёвая праўда. Гэта галоўнае. Таму пэўныя праблемы з майстэрствам выкладання думак і вобразаў вершу не надта зашкодзілі.

***
Цягнікі…
Цягнікі… —
Ў паралелях жыццё,
Ад сябе напрамкі
ў нерэальнасць уцёк.

Ліхтары-маякі.
Розных станцый агмень…
Цягнікі…
Цягнікі…
Дзень за ноч,
Ноч за дзень.

Перашэпты — шматкі
Дзіўных лёсаў чужых…
Цягнікі…
Цягнікі…
Стан заўжды на мяжы:

Мікс рэальнасці й сноў
Я складаю ў радкі…
Ад расстання ізноў —
Толькі некалькі слоў,
Да вяртання ізноў
Цягнікі…
Цягнікі…
Цягнікі…

Яшчэ:

Бабулінай хаце

Мой шлях да старэнькага дома,
Дзе колісь натхненне жыло.
Юначых світанняў цяпло
І сталасці дзённую стому
Не дорыць ён больш нікому.

У бэзе звіняць вераб’і
Адчайна і ахмялела.
Мы шчасце хавалі няўмела
І вось зразумець не змаглі,
Чаму разгубілі, калі?

Спынюся ля весніц старых,
Праз шыбы гляжу у былое:
Не тое… Усё не тое… —
Дрыжыць гарызонтавы штрых
Пакутнай расстальнай
мяжою…

Недарэчнасці і збоі ў рытме я вылучыў. Таксама аўтарцы трэба неадкладна разабрацца з “у”, “ў” і “й”, якія яна вельмі часта лепіць ад балды. То бок упарадкаваць форму верша.
Твор пра цягнікі выйшаў прыстойны. Другі з прыведзеных тут – горай.


Падборка гэтага нумара ад Анатоля Зэкава аддае рамесніцтвам. Пачынаючы ад прысвячэння Рагачову, дзе спраўдзіўся Дзень Пісьменства.
Зэкава мы досыць разбіралі ў рубрыцы. У такім узросце творцы не памяняюцца.
Адно скажу, што неблагі па форме верш “У Рагачове” ўсё-ткі адразу выклікаў асацыяцыю з гумарыстамі Ільфам і Пятровым: «Служил Гаврила дровосеком», «Служил Гаврила, почтальоном, Гаврила почту разносил». Той жа рытмічны строй, як на грэх.

У Рагачове

Жыве мой брат у Рагачове,
і я, прыехаўшы, прашу:
— Давай жа сядзем, брат, у човен
і адвядзём з табой душу.

Свайго маленства час згадаем,
калі не мулялі гады.
Хоць чым далей мы адплываем,
тым больш сплывае і вады.

І ўжо вада, як успаміны,
аб бераг б’ецца ў асацэ.
Нас успаміны не пакінуць
і не патонуць у рацэ.

І мы плывём, і рыбу ловім,
і ў тое верым усур’ёз,
што прызямліўся ў Рагачове,
а не ў Гародні ўсё ж Хрыстос.


Спадары, яшчэ раз падкрэслю, што камічна беларускіх літаратараў выстаўляе не крытык, а яны самі. Не я вывешваў на ФБ фоткі Кісліцынай з тусовак, дзе яна ў кароткіх шорціках ці на сходцы побач з трыбунам Някляевым. Вывесіла яна. Уласнаруч, так бы мовіць. Значыць, падабаецца ёй. Жанчынам увогуле ўласціва сябе паказваць у розных выгадных ракурсах. Аднак пра запамінальную знешнасць Кісліцынай мы ўсе дасведчаныя. Ёй застаецца цяпер гэтак жа ярка самавыявіцца ў незаангажаваных і карысных артыкулах, якіх даўно не відаць. І каб подпіс: «Киса, как всегда на высоте» – можна было дапасаваць і да тварэнняў мозгу слыннай крытыкесы.

Далей. Не я рабіў граматычныя памылкі ў тыднёвіку, а рэдактары і карэктары.
Ну і датычна паэтычных твораў гэтага нумара: не я пісаў і публікаваў кепскія вершы, а Кудасава (разглядалі раней), Зэкаў і Пятрушчава. І гэты пачастунак паэтычны – да дня Беларускага Пісьменства.
А вось як стварыла і апублікавала нешта прыстойнае паэтэса Ганна Чумакова – то мы гэта неадкладна зазначылі.

Нярэдка пішу “мы” замест “я” для: 1) каб не зачаста і дакучліва якаць; 2) каб асацыіраваць сябе ў пары з Рубрыкай, ці з Літаратурай, ці з Крытыкай. Хіба гэта загана?
Такім чынам адказваю кепікам калялітаратурнага блогера Алеся Новікава, які ніяк не адліпне піярыцца на маім імені.


ЛіМаразм-280

Пад засенню шапатлівага бору

Паэтам неабходна мець ідэал і музу душы. Што сталіся б рухавіком для пяра. Для Дантэ гэта была заўчасна памерлая яго любоў Беатрычэ. Тое спарадзіла кнігу санетаў. А потым – неспатольная крыўда на сучаснікаў, якія адправілі паэта ў выгнанне. Так з’явілася “Боская камедыя”.
Для мусульман пуцяводнай зоркай ёсць Мекка, дзе нарадзіўся прарок. І хоць гісторыкі схіляюцца да таго, што прарок нарадзіўся блізу Міжземнага мора (куды былі спачатку зарыентаваны ўсе мячэці), а месцазнаходжанне Меккі ў глыбокай пустэльні – пазнейшая выдумка, каб пераканаць, што не хрысціянскімі міфамі кіраваўся Мухамед, а ўсё атрымаў непасрэдна з нябёсаў, – тое не важна. Высокімі чалавечымі памкненнямі кіруюць высокія ідэалы.
Гэтак і паэт Міхась Пазнякоў, старшыня МГА СПБ, сярод набрыдзі штодзённай і чыноўнай хлусні, што стала для яго нормай, мае запаветнае ў сэрцы – свяшчэнную вёску Заброддзе. Мекку душы, куды ён бесперапынна выпраўляецца ў пераменках між справаздач канцылярскіх.
І трэба прызнаць – атрымоўваецца ў паэта няблага. Руку ён набіў, гэта што тычыцца формы. І пачуцці да вёскі мае таксама датклівыя. Такім чынам: «не единою буквой не лгу, он был чистого слова слуга» (В. Высокций).
Над адным ломіць галаву крытык гадамі: чаму пакінуў гэты чароўны куток Міхась Пазнякоў? Бо не выперлі яго ж стуль, як Дантэ. А ўжо на пенсіі спакойна можна перабрацца ў Заброддзе, грунтоўна і назусім, і сузіраць, і замілоўвацца краявідамі. А не хныкаць і жаліцца на занядбанасць роднай вёскі ў вершаваных радках.

(“ЛіМ”, №40, 2016):

***
Іду палявою сцяжынай,
Самотную песню пяю...
Якою такою правінай
Час выкасіў вёску маю?

Крычы, не крычы, а навокал
Няма адгукнуцца каму.
Азерца заслепленым вокам
Дакор свой мне шле аднаму.

Ды пыл пад нагамі ўзлятае —
Ён хатай жывой быў спярша...
Заброддзе, калыска святая...
Няўцешная, плача душа.


Дома

Неба — у блакіце,
Бусел — як прыліп.
Сонцам залаціцца
Хата паміж ліп.

Невымоўна свежы
Мрою хлебны дух.
У рамонках межы —
Бляск іх не патух.

Палыном сівеюць
Сад і агарод,
Што ў тузе нямеюць
Тут не першы год.

Коска пад павеццю,
Ржавая, вісіць...
«Што з таго?» — здаецца,
А душа баліць.

Гляньце, спадарства. Душа баліць у паэта не за спляжаную сучасную літаратуру, не за таленты задушаныя нераскрытыя, не за выгнаных незаконна крытыкаў з СПБ, дзе Пазнякоў валадар, а за фальшывую прычыну – пакінутую ў далечы вёску. Але гэта гістарычны працэс урбанізацыі, і віны асобнага чалавека ў тым не знойдзеш. Як і ў справе русіфікацыі гарадоў: вінаватыя ўсе, найперш прыкормленыя ўладамі народныя пісьменнікі, а канкрэтна як быццам нікога не звінаваціш.
Я назіраю тут сублімацыю пачуцця віны ад сапраўднага – нажыва на чыноўным крэсле за кошт талентаў краіны, да несапраўднага – занядбаная вёска. Але віна душыць Міхася Пазнякова, сумленне, Бог, не даюць паэту прадухі. І ён знайшоў адтуліну – каяцца ў тым, у чым не вінаваты нітрохі.
І яшчэ адна мэта ёсць – жыць дзякуючы вершам (даволі складным і ладным) не ў крыклівым рускамоўным асяроддзі з метро, аўто і 300 тэлеканаламі па-руску дома, а ў гаючым свеце тонкіх энергій, у вёсцы маленства, з усім адпаведным дзіцячым наівам.
Але закавыка ў тым, што Пазнякоў чалавек не наіўны, а прагматычны, і ведае выдатна, куды чыноўнік з яго крэсла павінен цягаць уласныя рукапісы і патрэбаваць ганарараў і кніг. А таксама – як схітрыцца вылучыцца на дзяржаўную прэмію за свой вершаваны панос. Таму зноў у душы разрыў і няпраўда, раздваенне асобы, якое, спадзяюся, не прывядзе надалей да дэградацыі і распаду.
У цэлым жа вершы някепскія, хоць і аднастайныя. Аднак менавіта бранятанкавая застыласць ва ўчарашнім дні асуджае такую паэзію на нябыт. Ніхто з нармальных крытыкаў не стане яе хваліць. А ўжо пасля немінучага адыходу Пазнякова ад спраў – пагатоў. Бо разрыў з часам жахлівы. Такіх вёсак і такіх людзей даўнютка няма. Імклівая сучаснасць адстрэльвае іх, як ракета заднюю частку. Таму Пазнякова варта пашкадаваць. І дазволіць дажыць у вясёлкавых мроях маленства сярод залітых расою лугоў, блізу сінявокіх азёркаў і бруістых рэчак, пад засенню шапатлівых бароў.


ЛіМаразм-281

Прасветлены сум

Крытыкуючы беларускіх творцаў, а ў прыватнасці – паэтаў у рамках рубрыкі, мы не вінавацім іх адно за тое, сумны ён ці вясёлы, падабаецца яго лірычны свет асабіста Южыку, або не падабаецца. Яскравы прыклад: Алесь Разанаў – неаспрэчна моцны паэт, але свет яго вобразаў для мяне занадта халодны. У той жа час ёсць цёплыя, душэўныя паэты кшталту Шабовіча. Аднак параўноўваць яго па моцы твораў з Разанавым не выпадае. Адзін ужо несумненна геній нацыянальнага маштабу. Другі – проста харошы хлопец і добры паэт.
Падыход, такім чынам, па крытэрыях “сумны/вясёлы” або “зачапіў/адпрэчыў” ёсць падыход дэбілоідны.
Для тых, хто думае туга (заўвагі ў каментарах на рубрыку, або ў прыватную скрыню, або закіды дарвініста Новікава) – разбяром яскравы прыклад.
Мала каго не чапляе тонкім, прасветленым лірызмам песня з кінафільма Эльдара Разанава “Іронія лёсу” – “Я спытаў у ясеня”. Яна імгненна выклікае святочныя асацыяцыі, сталася сімвалам кахання, глыбокіх пачуццяў, ажыццяўлення запаветных мараў як цуду.
А між тым звернем увагу на тэкст і яго сэнс:

Уладзімір Кіршон:

Я спросил у ясеня: 'Где моя любимая?'
Ясень не ответил мне, качая головой.

Я спросил у тополя: 'Где моя любимая?'
Тополь забросал меня осеннею листвой.

Я спросил у осени: 'Где моя любимая?'
Осень мне ответила проливным дождём.

У дождя я спрашивал: 'Где моя любимая?'
Долго дождик слёзы лил за моим окном.

Я спросил у месяца: 'Где моя любимая?'
Месяц скрылся в облаке, не ответив мне.

Я спросил у облака: 'Где моя любимая?'
Облако расстаяло в небесной тишине.

'Друг ты мой единственный, где моя любимая.
Ты скажи где скрылася. Знаешь, где она?'

Друг ответил преданно, друг ответил искренне:
'Была тебе любимая,
 была тебе любимая,
 была тебе любимая,
 а стала мне жена'.

І дзе тут, вы мне скажыце, святочная весялосць? Сум, сум, сум… А пры канцы – здзек з чалавечай душы: сябар або ўмыкнуў каханую, або ты яе не цаніў і яна стала чужою жонкаю. Засіліцца пасля такіх вершаў.
А што ж робіць яго высокім, прасветленым?

1) тонкі лірызм самога верша, прыгажосць, якая “ўратуе свет”.
2) геніяльная мелодыя Мікаэла Тарывердзіева і выбітнае выкананне за кадрам Сяргея Нікіціна.
3) кантэкст фільма з хэпі-эндам.

То бок мастацтва можа падняцца над сумнай і трагічнай падзеяй ды зрабіць яе цёплай, лірычнай, прасветленай, спрычыніцца  Боскіх энергій, адным словам.
Узяць сам па сабе верш – не шэдэўр. Паэт малавядомы. Класікам бы ніколі не стаў. Усё ж у суме зрабіла верш сімвалам свята, набыткам сотняў мільёнаў людзей на працягу 40 гадоў.

Памятаю, як рагатаў я ў дзяцінстве са сцэнак “Іроніі лёсу”. І асабліва чакаў моманту, калі гаротны Іпаліт палезе ў ванну мыцца ў паліто. А маці мая ненавідзела гэтую сцэну, бо вопыт жыццёвы не дазваляў пацяшацца з гора “трэцяга лішняга”. Яна ўвогуле казала, што другая частка фільма тужлівая.
Вось вам: адна і тая ж з’ява мастацтва – адзін рагоча да колікаў, другая – выходзіць з пакоя.
Чым далей жыве чалавек, тым менш у яго нагоды для бяздумнага сцёбу. А паэты вялікія і ўвогуле вялікія пісьменнікі – часта найбольш сумныя людзі. Гэта зразумела чаму: паэт, а чым больш таленавіты – тым болей, асоба надзвычай уражлівая. Усё запамінае і гіпербалізуе ў свядомасці. На што таўстаскуры абывацель нават не чхне – тое можа выклікаць у паэта стан афекту (Еўтушэнка, баюць, хацеў павесіцца пасля ўводу войскаў СССР у Чэхаславакію). Мала таго, негатыўныя эмоцыі жывуць, не забываючыся, усё жыццё з мозгу. А пазітыўныя эмоцыі, паводле Шапенгаўэра, чалавек схільны ўспрымаць як норму і не надта захоўваць у памяці. Бо яны не пагражаюць яго жыццю. Негатыў жа – пагражае, таму і жыве доўга ў мозгу. А ў паэтаў – да скону.
І чым болей жывеш, тым больш страчваеш людзей і сяброў, атрымліваеш поўхі, здрады, сам паскудзіш і носіш комплекс віны. І ўсё памятаеш як сённяшняе. А пазітыў – далёка позаду, у дзяцінстве. Асаблівасць душы паэтаў.

Цяпер жа глянем на “вясёлых” рускіх паэтычных геніяў.

1) Пушкін (у цэлым светлая творчасць, але хварэў на прыступы працяглай хандры як платы за творчы ўздым; загінуў на дуэлі)
2) Лермантаў (надзвычай змрочны паэт, застрэлены на дуэлі)
3) Ясенін (дэпрэсіўны алкаголік, павесіўся)
4) Высоцкі (дэпрэсіўны алкаголік і наркаман, памёр ад ломкі)
5) Маякоўскі (маньякальна-дэпрэсіўны псіхоз, застрэліўся)
6) Блог (меланхолік, памёр ад меланхоліі маладым)
7) Твардоўскі (дэпрэсіўны запойны алкаголік, памёр не старым ад раку)
8) Віктар Цой (змрочны не па ўзросце паэт, загінуў маладым)

А хто ж светлы са знакавых, народных?

1) Акуджава (дзякуючы музыцы гарманізаваў душу і тэксты)
2) Пастарнак (у цэлым лёгкае жыццё пражыў, але не вынес цкавання ўладамі, згарэў ад раку)

Думаю, усё красамоўна і не падлягае сумневу.
Так што не станем каціць бочкі на беларускую паэзію, што яна, маўляў, сумная і трагічная. Нармальная ў нас паэзія. Проста таленавіты паэт не дэбіл і не можа сабе хлусіць у плане трагізму некаторых абставінаў.
Але важна і тое, што погляд таленавітага паэта на жыццё не зусім адэкватны, бо ён здольны раздзімаць з мухі слана, прыходзіць у неадэкватны афект.

Такім чынам, мы не маем права і ніколі не скарыстоўваем у рубрыцы метад “вясёлага/сумнага”, “майго/не майго”. А таму рушым ад тэкстаў, паказваючы, наколькі гэта прыгожа і гарманічна па законах Паэзіі.

Ілюструю яскравым прыкладам з “ЛіМа” №40, дзе побач з удушлівай падборкай Міхася Пазнякова – калонка вершаў маладой Бажэны Мацюк:

Без-бес-бяз-бяс…

Мой кожны дзень — апошні…
Мой кожны крок — у бездань…
Вакол людскія пожні…
Бесцань…

Маркота ў кожным гуку…
Вачэй бясконцы смутак…
Бяспечны шэры бруку
Скрутак…

Ламалася жалеза
Пад ветрам беспрычынна…
Бясспрэчна соль дыеза
Гліна…

Мой вечар — расстраляны,
Бязладны, бессаромны…
І танчыць крык жарсцвяны
Домны…

Як, весела табе, дарагі чытач?
Не, верш змрочны.
І паэтка не пераадолела сусветнае зло праз творчасць і прыгажосць.
Не дала нам надзею. Адны чорна-барвовыя фарбы. Боскага нуль. Толькі паскудная пыса ворага роду стаіць за радкамі. І паэт таксама мусіць навучыцца гэткае фільтраваць.


ЛіМаразм-282

Светлая плынь

Ігар Пракаповіч прадстаўлены ў раздзеле “паэзія” (“ЛіМ” №38, 2016) з вершамі.
Аўтар праходзіў ужо па нашай рубрыцы, і я вылучыў яго тады як аднаго з лепшых лірыкаў. Цяперашняя публікацыя адно пацвердзіла колішняе меркаванне.

Дзесьці там

Вечар… Ціха… На пялёсткі
Падае раса.
Дзесьці там, на ўскрайку вёскі,
Дзінькае каса.

Дзесьці там густыя травы
Лягуць у пракос.
Будзе добры воз атавы.
Будзе ладны воз.

Дзесьці там каровы с пасты
Важна йдуць дамоў,
І нясуць у дзень сучасны
Смак малочных сноў.

Тых чароўных летуценняў,
Што калісь былі, —
Казку, сшытую з імгненняў
Неба і зямлі.

Дзесьці там праз водар мяты
Успамін плыве.
Дзесьці там і рай, і свята,
Ды няма мяне…


Восень ідзе

Яснее прастора, пусцеюць палі,
У рэчцы вада халаднее.
Чарговая восень ідзе па зямлі,
Сукенка на ёй чырванее.

А вочы халодныя поўныя слёз,
Якія дажджамі пральюцца,
Глядзяць у зіму і ўжо бачаць мароз,
Баяцца назад азірнуцца.

За спінай яе — зеляніна травы
І птушак вясёлыя спевы.
Наперадзе ж — вуханне соннай савы
І голыя-голыя дрэвы…

Выбраныя мной наўздагад вершы паказваюць, што Ігар Пракаповіч піша амаль гарманічна і што ён пераадолеў зло ўнутры сябе. У творах не відаць унутранай барацьбы, пытанне дабра і зла вырашана пазітыўна. У адрозненне, да прыкладу, ад вядомага верша “Парус” Уладзіміра Высоцкага, які ўражвае напалам эмоцый, але пакідае гнятлівае ўражанне разрывам душа аўтара: ён дужаецца сам з сабою, стогне, хрыпіць.
У светлай лірыцы Пракаповіча заклятай барацьбы няма. Але няма і напалу эмоцый. Добра гэта ці блага – вырашаць кожнаму чытачу.
Ну і ясна, што проста быць пазітыўным ціхмяным чалавекам замала для вершаў. Многія цудоўныя людзі, як толькі бяруцца за пяро, робяцца вялікімі шкоднікамі мастацтву, поруць дзівосныя глупствы, становячыся пасмешышчам.
Паэт мусіць быць гарманічны хаця б па форме. Што ў Пракаповіча прысутнічае ў поўнай меры. Прыгажосць, хараство. А надыход восені не трагічны. Бо гэта нармальны ход рэчаў, як абарачэнне планет.
Невялікія і рэдкія хібы я вылучыў тлустым. Яны, здаецца, трохі аслабляюць творы. Аднак гэта мізер у параўнанні са спакойнай, упэўненай паэтычнай плынню слоў.
Выканана ці не асноўнае патрабаванне да любога верша – нешматслоўнасць. Слоў мала, а карцінкі намаляваны аб’ёмныя і выразныя.
Рэдакцыя, праўда, дапусціла “с” замест “з”. І калі для аўтара гэта даравальны агрэх, то для дзяржаўнага тыднёвіка – няслаўная рэч. Можна недагледзець публіцыстыку, якой у “ЛіМе” 95 адсоткаў, але на верш увагу недаравальна губляць.
Знаёміўся я з “ЛіМам” гадоў дваццаць таму праз мнагаслоўныя, задоўгія і зачастыя падборкі Ніла Гілевіча і Сяргея Грахоўскага. Абодва – абвешаныя рэгаліямі савецкія кабінетныя класікі.
А між тым сапраўднае тоіцца ў вершах шарагоўцаў, заштурхнутае на ўзбочыну літпрацэсу. Два гады аналізую ўсю перыёдыку літаратурнай Беларусі – і вось такі плён: адшукаў амаль ідэальныя лірычныя ўзоры ў вядомага, але не крыклівага аўтара – Ігара Пракаповіча. З чым усіх нас і віншую.

Яшчэ па тэме:
ЛіМаразм-95  “Радасна” 


ЛіМаразм-283

Калі хочам быць

Дазвольце, спадарства, задаць сабе і вам некалькі кантрольных пытанняў, бо прыспеў час:

1) калі нашы народныя пісьменнікі БССР настолькі вялікія, то чаму народ так ненавідзіць беларускую мову, чаму стаў рускім па факце?
2) чаму нашы аблашчаныя і дапушчаныя да ўсіх рычагоў моўнага ўплыву “народныя” пісьменнікі дазволілі татальную русіфікацыю гарадоў Беларусі праз школьную адукацыю, напладзілі бранятанкавых манкуртаў, папросту кажучы?
3) ці не адчуваецца дысананс паміж атрыманымі “народнымі” зямнымі дабротамі і рэальным іх плёнам – у выглядзе таленавітых твораў і ўздзеяння іх на жыццё сучаснікаў? (Ці не зашмат і не замнога адпачывалі ў санаторыях ад СПБ замест таго, каб ствараць літаратуру дзеля народа?)
4) цяперашняя катастрафічная сітуацыя што ў СПБ (Карлюкевіч, Пазнякоў), што ў СБП (Пятровіч, Някляеў), калі месяцамі не з’яўляецца мастацкіх твораў, – гэта стварылі камуністы СССР (якія ў літаратуры дэбілы) або ўсё-ткі Шамякін, Бураўкін, Гілевіч і чорны Быкаў?

А пакуль я чакаю адказу ў каментарах і допісах, то крыху патлумачу чыста для ўнутранага карыстання:

Вас, беларускія літаратары і чытачы, вывучылі і выдрэсіравалі менавіта беларускія народныя пісьменнікі БССР, іменна яны і толькі яны пабудавалі Сістэму сакратароў і рэдактараў, праз якую гіпатэтычнаму генію беларускай літаратуры прабіцца задужа цяжка. А проста таленту – зусім немагчыма. Бо трэба станавіцца напачатку рэдактарам шараговым на пабягушках, расці і выслужвацца 20 гадоў, як Шніп, не вякаць, сваёй думкі не мець, а сеўшы на крэсла – абслугоўваць інтарэсы ўсё той жа наменклатуры. А не літаратуры.
Паўтараю, акцэнтую: не Машэраў, не Брэжнеў, не Лукашэнка, а менавіта подленькая чалавечая натура народных (кабінетных) пісьменнікаў Беларусі спарадзіла такую Сістэму.
Бо літаратуру і ўкраінцаў, і прыбалтаў, і каўзазцаў СССР адпраўляў у ГУЛаг. Аднак гэта не знішчыла мову народную. (Усе народы былога СССР – з моваю роднай.) І толькі нашы прыкормленыя ўладамі прыжыццёвыя помнікі дазволілі такое зрабіць. Сведчу: нарадзіўшыся ў 1969 годзе, я вырас і пасталеў, і амаль пастарэў у цалкам рускай культуры. Толькі цуд Божы прывёў мяне да народнага слова, а ніяк не мая заслуга і не плён працы “народных” ці “слынных” пісьменнікаў.
Іх не толькі не трэба пакрываць (“дзядзька Рыгор”), а наадварот, неабходна развенчваць з усёй моцай і па заслугах, каб вымаліць у Госпада беларускую Беларусь.
Генадзь Бураўкін, напісаўшы легендарны панегірык Правадыру “Ленін думае пра Беларусь”, паказаў сутнасць нашых прыкормленых прыкарытнікаў. Бо рукі яму, безумоўна, ніхто не выкручваў – пішы! І ён быў не дзіцё ды ведаў, колькі бязвінных беларусаў пайшлі на смерць праз доблесных ленінцаў.
А паколькі сам “знакаміты” славіць дзядулю Леніна, які ёсць прамы служка сатаны, то якая ў Беларусі можа быць Божая дапамога? Усё робіцца на гэтай зямлі Госпадам, і толькі Ім, нават пакуты людскія праз спакусу д’ябла адно ПАПУСКАЮЦЦА Богам.
Ну моляцца “народныя” і “слынныя” на памагатага сатаны Леніна – то пацярпі, народ, без мовы Божай, пакуль не адумаешся, не развянчаеш і не пакаешся. Свабодная воля чалавека на зямлі – менавіта яе і даў нам Гасподзь.
Перастаць кленчыць перад здраднікам нацыі, тым больш – закончыць славіць іх сытыя жыцці. Нясыты, галодны і хворы салдат Тарас Шаўчэнка на чужыне пісаў будучыню незалежнай Украіны задарма (бясплатна). І зрабіў гэта больш чым удала.
Перакормленыя, аблашчаныя, аблізаныя нашы “народныя” такую нам будучыню напісалі (за грошы), што крычма крычыш: хоць бы вас зусім не было!
Зашмат елі ды пілі, зашмат выдаваліся, замнога і затанна грэлі на Чорным Моры свае жываты. І пакінулі нас з камічным “рублёвым Леніным” Някляевым, са “Звяздой” Карлюкевіча і са стоадсоткава рускім насельніцтвам Беларусі.
Каяцца. І рабіць усё амаль што з нуля, захапіўшы з БССР хіба дэтэктыўныя раманы і паэзію Караткевіча. Калі хочам БЫЦЬ.


ЛіМаразм-284

Добры сябра паэту

У гэтым выпуску я наважыў цалкам змясціць артыкул Ірыны Шатыронак, што выйшаў нядаўна ў “ЛіМе” №41 (2016). Бо ён неардынарны і паказвае, як чалавек з мужнай грамадскай пазіцыяй можа прэзентаваць сваю думку ў тыднёвіку. Заадно гэта наводзіць на разважанні, што не сам тыднёвік занудлівы і нецікавы, з жорсткай цэнзураю, а што многае залежыць ад аўтараў.


Ірына Шатыронак:

СУМНІЎНАЯ РУБРЫКА  “Сумніўна”

У рубрыцы газеты "ЛіМ" ёсць штомесячны раздзел, дзе публікуюцца кароткія агляды часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць». Справа гэта патрэбная і карысная, аглядальнікі лаканічна анансуюць на іх погляд лепшыя творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. Такая традыцыя існуе і ў расійскіх літаратурных часопісаў, такіх як «Новый мир», «Знамя» і іншыя.
Сталыя аўтары лімаўскіх аглядаў Наста Грышчук, Дар'я Латышава,  Алеся Лапіцкая, так хаця б было заяўлена ў нумарах №№ 5, 9, 13, 20 за 2016г.
Але пачынаючы з нумара №20 за 20 мая 2016г., звярнула ўвагу вось на што: агляд нашых літаратурных таўстуноў выйшаў пад загалоўкам «Парад выдатнікаў», і ужо чамусьці без традыцыйных прозвішчаў аўтараў крытычных аглядаў. Не ведаю, ці існуе тут нейкая сувязь, але ў аглядах  без прозвішчаў з'явіліся тры шкалы ацэнак – "Выдатна", "Сумніўна" і "На суд чытача", пра якія варта пагаварыць.
Не вельмі ўпэўненая, што аўтарства за калонкай захавалася. Напэўна, гэта ўсё тыя ж вышэйназваныя журналісты газеты, а не раптам аднекуль ўзніклі новыя імёны, бо добра вядомы вялікі дэфіцыт сучасных крытыкаў.
Знаёмая з артыкуламі Грышчук, Лапіцкай, Латышавай, не з усімі высновамі ў іх згодная, і гэты нармальна. Мне, напрыклад, цікава чытаць літаратуразнаўчыя даследаванні той жа Алесі Лапіцкай, яны адрозніваюцца глыбінёй, своеасаблівасцю меркаванняў і ўласным позіркам. Адным словам, маладыя крытыкі добра ведаюць кошт сваёй працы, шмат чытаюць, у курсе апошніх літаратурных падзей і спрабуюць данесці да грамадскасці карысную інфармацыю: што сёння пішуць беларускія аўтары.
Але вярнуся да заяўленых рубрыках. Сістэма ацэньвання, напрыклад, тых жа школьных ведаў існуе ў многіх краінах, як і ў спорце і ў іншых сферах. Нават на выставах пародзістых сабак ёсць свая шкала ацэнак, па якіх лепшым удзельнікам прысуджаюцца тытулы.
Адзнака "Выдатна" – гэта найвышэйшая пахвала, амаль ідэальная за ідэальнае з пункту гледжання мастацкасці і эстэтычных катэгорый твор, што малаверагодна, а ў літаратуры яшчэ і вельмі рэдкая рэч, таму, на мой погляд, яшчэ і вельмі адказная. Зноў жа, мне было б цяжка прысвоіць такі бал у найвышэйшай ступені. І тут вельмі дарэчы павінна стаяць прозвішча адказнага ацэншчыка-крытыка.
Адзнака "На суд чытача" не выклікае ў мяне ніякіх пярэчанняў, а вось адзнака "Сумніўна" выклікае пытанні. Растлумачу чаму. У самім слове ўжо крыецца дваістасць, схаваны нейкі падтэкст, праблема, негатыў, што не выклікае даверу.
Напачатку нават узрадавалася гэтай рубрыцы. Нарэшце дачакаліся, і ў "ЛіМе" прафесіяналы таксама засумняваліся ў якасці некаторых сучасных твораў, ды і чытачам парадкам надакучылі ладна дыетычныя стравы, якія падаюцца на старонках газеты пад выглядам крытыкі, пакуль не прачытала ў нумары №32 за 12 жніўня 2016г. пад загалоўкам "Празаікі перамагаюць" наступнае: ацэнка "Сумніўна" была выстаўлена дасведчанаму крытыку Георгію Кісялёва за яго рэцэнзію «Не ищи меня там», зборнік Г.Барташа «Ботиночки» (Мінск, "Галіяфы", 2015), апублікаваную ў часопісе «Нёман».
Крытычныя артыкулы, нататкі, агляды, водгукі Георгія Іванавіча Кісялёва адрозніваюцца спакойнай, узважанай манерай, падрабязным аналізам, удумлівасцю і добразычлівасцю. Старэйшы па ўзросце і дасведчаны ў літаратуры, жыццёвым вопытам, ён шчыра дзеліцца з чытацкай аўдыторыяй сваімі ўражаннямі, як у выпадку са зборнікам вершаў Г.Барташа. Многія б сёння паэты, годна не ацэненыя і не заўважаныя, былі б ўдзячныя крытыку за такую разгорнутую рэцэнзію.
Стараюся чытаць усе крытычныя працы Георгія Кісялёва, прачытала і яго апошнюю рэцэнзію. Мне нават здалося, што Георгій Іванавіч дарма абраў гэтак пасрэдную кнігу, але гэта ў яго трэба спытаць. Не каштаваў той зборнік гэткай пільнай увагі, ёсць дастаткова іншых аўтараў і кніг, каб завастрыць цікавасць крытыка на праблемах сучаснага вершаскладання (усе ў нас вакол адны паэты, ніхто не назавецца вершаскладальнікам, тым больш версіфікатарам, а сапраўднай паэзіі і не адшукаеш, гэта як з здабычай золата, шмат тон грунту трэба перапрацаваць, каб намыць часцінкі найчыстага золата).
Нездарма крытык называе сябе «спрактыкаваным» чытачом паэзіі, яму ёсць з кім і з чым параўноўваць, і гэта параўнанне не на карысць заяўленага ўкладальнікам зборніка «Ботиночки», прыведзеныя тэксты пра гэта сведчаць. Нездарма словы крытыка гучаць так горка і расчаравана: «И вся книга Георгия Бартоша воспринимается как исповедь человека, который жил вчерне, ни к чему не относясь серьезно, в том числе и к женщинам, которых к нему прибивало либо судьбой, либо случаем. А второй жизни набело просто ведь нет… Можно только пожалеть лирического героя книги «Ботиночки», что он этих бездн не преодолел, предполагая все же, что этот герой не полностью идентичен Георгию Бартошу»
А што ж маем у ацэнцы без прозвішча, лічы ананімнай, якая выклікае пытанні? Прывяду яе ў поўным аб'ёме водгук.
“Сумніўныя пачуцці выклікае рэцэнзія Георгія Кісялёва на паэтычны зборнік Георгія Барташа  «Ботиночки», якая друкуецца ў шматабяцальнай рубруцы «Искусство суждения”. Напрыклад, «…почему же всё-таки автор назвал свой сборник «Ботиночки»? Одноименное стихотворение не произвело на меня впечатления, потому что написано верлибром». Густ – недатыкальны скарб асобы, з гэтым ніхто спрачацца не будзе. Аднак калі адну з найбольш пашыранных у сусветнай літаратуры паэтычных форм называюць бясформенным кавалкам прозы, калі ёй адмаўляюць у прыналежнасці да паэзіі праз адсутнасць рыфмы, толькі і застаецца паспачуваць Максіму Танку, Максіму Багдановічу, Веньяміну Блажэннаму і іншым геніям верлібра. Колькі гадоў аддалі яны служэнню памылковым ідэям!..”
Першае. Крытык аднёс да кавалка прозы, разбіты на рознай даўжыні радкі, не верлібры геніяў сусветнай літаратуры, якім паспяшаліся паспачуваць у рубрыцы «Сумніўна», але толькі верлібры аднаго Г.Барташа, а гэта, самі разумееце, зусім розныя рэчы. Не варта так груба вырываць цытаты з кантэксту. Прывяду ўрывак з зборніка «Ботиночки», у прыхільнікаў лядашчага постмадэрнізму як водзіцца без знакаў прыпынку.
«в общем, я доволен
хорошее приобретение
одной заботой меньше
отличные ботинки
стоят в прихожей
лоснятся

А счастья – нет!

Судзіце самі.
Другое, а можа і самае галоўнае. Упэўненая, крытык доўга і цярпліва працаваў над сваім артыкулам, чытаў і перачытваў зборнік, разважаў над творчасцю Г.Барташа, мучыўся, не раз узважваў свае заключэнні, рабіў нататкі, параўнання, звяртаўся да класікаў, таго ж Уладзіслава Хадасевіча  – “Может, потому и близок Владислав Ходасевич Георгию Бартошу, что тоже не старался предстать перед читателем в лучших своих мыслях и качествах, не притворялся хорошим и замечательным, а писал о себе с завидной честностью:

И вот живу – чудесный образ мой
Скрыв под личиной низкой и ехидной… («Про себя»)

Но Владислав Фелицианович ни разу не  склонил своей лиры перед низким и подлым, даже если оно выражалось только языком улицы и обывательским жаргоном. Георгий же Львович буквально прямо-таки млеет перед возможностью выразиться в стихах покрепче».

Трэцяе. Літаратурны крытык Г.Кісялёў потым гэтак жа доўга і пакутліва пісаў свой аб'ёмны артыкул. А як не ведаць гэтак цяжкага хлеба аўтару лімаўскай рубрыкі "Сумніўна", каб з такой няўдзячнай лёгкасцю і непрафесійнай бестурботнасцю вынесці сваю несправядлівую, вельмі асабістую, выснову. Вось ужо сапраўды, густ – рэдкае адчуванне і разуменне прыгожага ў паэзіі.
І апошняе. Можа, безыменны аўтар рубрыкі "Сумніўна" – добры сябар нашага Георгія Барташа, а? «Ну як не паклапаціцца роднаму чалавечку!». Ёсць такі грашок, водзіцца за многімі, колькі разоў казала сабе, сябраваць ў літаратуры цяжка, амаль немагчыма, абавязкова саб'ешся на дарожку дробнага падхалімажа і запабягання, асабліва гэта яскрава выявілася ва ўслаўленні творчасці не так таленавітых, як уплывовых людзей. Ах, як цяжка ўсё-ткі ўтрымацца ў рамках прафесіі, ня падтакваць, ня прагінацца, казаць на чорнае – чорнае, а не наадварот.
Як не ўспомніць словы рускага пісьменніка Віктара Астаф'ева, які аддаў публіцыстыцы шмат свайго гарачага сэрца, у артыкуле «О любимом жанре» (1967г.), речь идет о рассказе «…на смену ему хлынул поток сладкой стряпни, облепленной медом, кремом, облитой сиропом, преимущественно розовым. А так как из крема, меда и сиропа пирога все-таки не состряпаешь, то начинка оставалась все та же. Но как его, милого трудягу-окопника, устряпали! Сколько на него пишущих мух насело!»
Чалавек ён быў рэзкі, нязручны, часам сам пакутаваў ад сваёй сібірскай грубасці, рэзаў у вочы праўду-матку, але, перачытваючы сёння яго артыкулы пяцідзесяцігадовай даўніны, разумееш, як яны сучасныя, ніколькі не згубілі навізны і актуальнасці. Але і ў бягучай літаратуры амаль нічога не змянілася, усе тыя ж старыя болькі, праблемы ... і «Ботиночки». У адрозненне ад мінулых часоў яшчэ больш узмацніўся напор графаманаў, не злічыць няздараў і іншай выпадковай публікі, якая абіваецца каля парогаў літаратурных выданняў. З кожным годам іх маса расце, пагражаючы перарасці крытычную. Ужо ніхто і нішто не перашкаджае іх буянаму ўздыму і адраджэнню.
Часам нават закрадаецца такая смутная думка: можа дарма буйны рускі пісьменнік ХХ стагоддзя так гневаўся, растрачваў сябе на публіцыстыку, усёй душой хварэў за літаратуру, клапаціўся пра маладых талентаў, лепш бы ўвесь свой творчы азарт, сілу, час пусціў у справу, напісаў бы яшчэ адзін ці два раманы ...

Прызнаюся, даўно сябрую з крытыкам Георгіем Іванавічам Кісялёвым, чалавекам міралюбным, прыстойным, крайне сумленным, начытаным, з адмысловым густам. Ён часцяком дакарае мяне, выносіць маім рукапісах суровыя прысуды, не заігрывае, не выдае авансаў, але я ўсё роўна ўдзячная яму. У яго ёсць чаму павучыцца, асабліва прафесіяналізму, за плячыма не толькі маскоўскі літаратурны інстытут, але і вялікая літаратурная школа праўдзівага крытыка, тонкага паэта і перакладчыка. Таму палічыла за гонар заступіцца за дасканалага крытыка. Ён не першы год уважліва адсочвае падзеі, імёны, кнігі ў сучаснай беларускай літпрасторы, не губляючы пры гэтым свежасць і вастрыню ўспрымання.
 Лічу, любога пісьменніка падахвочваюць да такога роду выступаў дадзеныя калісьці прафесійныя абавязацельствы нашага асяроддзя – служэнне літаратуры, парыў да аднадумства і суладдзя ў найлепшых іх праявах.
Так мала ж і трэба – заставацца сумленнымі перад сабой і людзьмі, але гэта дробязь дорага каштуе.


ЛіМаразм-285

«Манящая жопа» Ўладзі Ахроменкі

Беларуская літаратура разнастайная ў праявах сваіх. Ёсць тут пераважна спевакі вёскі – Колас і Пазнякоў. Але сустракаюцца і песняры дупаў жаночых. Такім ёсць рускамоўны ўкраінец Уладзя Ахроменка, што ў плённым тандэме з Максам Клімковічам стварае “шэдэўры” нацыянальнай беларускай літаратуры. Ды іх прадае. Прычым так, што з сайта “Камунікат” не скапіраваць нават такую бесцань – выскоквае псеўдаграфіка. Гэтак камерсанты абараняюць свае правы. Прадаюць яны раман даўно, з 2007 года. Ды так і не прадалі, мусібыць. Бо ўсё яшчэ не раскрылі для звычайнага чытача: за дупу ад Уладзі Ахроменкі трэба грошы плаціць. Не ў змозе скапіраваць, я адужаў перакласці колькі абзацаў “шэдэўра”:

1.
Дупа яе была вабная. Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс.
Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла зорум.
Але самым цудоўным быў колер клубоў – шляхетна-шакаладны, рыхтык ранішняя кава ў філіжанцы пана пробашча.
Маладзён ніколі раней не сузіраў падобнай прыгажосці. Колькі хвілін ён паміраў у шчасці, а калі пераканаўся, што перад ім не мроя, вымавіў зачаравана і ўрачыста:
– Дупа…

А на рускую, слабо?

Уявім: Леў Талстой, пачатак рамана:

Жопа ее была манящая. Иван Лобанович глянул на нее и понял: это судьба.
Совершенные ляжки дрожью отзывались на каждое движение. Тонкая вертикальная линия невидимым зеркалом разделяла ягодицы на симметричные половинки-отражения. Привлекательная черная родинка, что почти спряталась меж ними, умиляла взор и пьянила ум.
Но самым прекрасным был цвет ляжек – дворянско-шолокадный, ни дать ни взять утренний кофе в рюмке вельможного пана.
Молодой человек никогда ранее не созерцал подобной красоты. Несколько минут он умирал в счастье, а когда убедился, что перед ним не грезы, вымолвил торжественно:
– Жопа…

Тут, спадары, палкая натура Ахроменкі паўстала ва ўсёй красе. Роўна як і непісьменнасць, бо літаратар мае пад клубамі (паводле слоўніка – верхняя частка сцягна) банальныя ягадзіцы. А “клубы” гэта ёсць насамрэч рускія “ляжкі”.
Аднак самаўпэўнены ўкраінскі камерсант падзяляе іх “нябачным люстэркам” на “сіметрычныя адбіткі”, замілоўваецца амаль схаванай у шчыліне “ядбавнай радзімкай”.
Зрэшты, жарты адсунем. А скажам, што менавіта даслоўны пераклад на рускую паказвае ўсё ўбоства Ахроменкі. І гэты жах ён яшчэ мае нахабства некаму  прадаваць.
Уладзя, не сорамна перад дзецьмі тваімі, якіх паводле Вікіпедыі нарадзіў і выхоўваеш?
І гэтае чмо ў вопратцы беларускага літаратара неяк асмельвалася крытыкаваць рубрыку “ЛіМаразм”. Яшчэ вякала з ріднай Украіны, што Южык занадта Пуцін паважае.
Дык слухай сюды, спявак шакаладных дупаў: а ці не засунуць табе твой збродлівы язык якраз у апетую табою шчыліну? І ніколі больш яго не высоўваць у прасторы беларускага слова.


ЛіМаразм-286

Слоўная вязь

“Багра“ – новая кніга паэзіі Юркі Голуба, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, згуртавала ў сабе творы, пакліканыя жыццём. Вершы абгрунтаваны пранізлівай думкай, насычаны адмысловай метафарай, выкананы выразным і дакладным радком майстра з адметным почыркам і светапоглядам.
Паэма “ Заснежаны сшытак “ апіраецца на лёсы і постаці суайчыннікаў аўтара, якія з`яўляюцца метчыкамі нашага шляху і носьбітамі людскасці.

Багра: вершы, паэма /Юрка Голуб. Мінск. Кнігазбор.
2006. -224с.

Адшуканая мной на сайце “Камунікат” кніга знанага Юркі Голуба хоць і стараватая, але тыповая для аўтара. Высокае і вытанчанае тут суседнічае з няўцямным і бесталковым. Аўтар як быццам і не клапоціцца, каб чытачу з яго тварэннямі было лёгка. Наадварот, загадкі загадвае, круціць карункі. Ад таго збольшага ўсё штучна, ненатуральна.


ПРЫ ЖЫЦЦІ

Пакуль драмаў здалёк абшар,
дарога лісце зацкавала,
завея з прагай барыша
адхон снягоў напіцавала.

Замерзлі вербы след у след,
завіслі ўтомленыя высі,
і сам, братове, як аслеп,
пакуль для жыткі штольню высек.

Не намагацца раіў слаб
і не спяшацца радзіў хуткі,
а ты здзіраў пазногці з лап
і шыю рызманом захутваў.

Ды ведаў, чым жывы ціхмян,
і для чаго гарлае зычны,
чаму каня загнаў цыган,
а конь – чужы ў яго зазвычай.

Намераў спраўлены палац,
і брама перад ім – наросхрыст:
там мелі вокны запалаць,
але канае свечкі ростань.

З рудых ад высушкі дарог
адна стрыножыла да сэрца,
каб нават там яе збярог,
дзе пыл праз горла не дзярэцца.

І лёсу ўласнага драбком
за волава цяжэй у жмені
ты не заменішся крадком,
бо непадлеглы ён замене.

Добрае я вылучыў падкрэсліваннем. А дрэннае па завядзёнцы – тлустым.
Драмаць “здалёк” – не ведаю, як гэта магчыма.
Роўна як і зацкаваць дарогаю лісце.
“Барыша” – няправільна, штучна пад рыфму. Насамрэч – “барышу”.
Завея “напіцавала” адхон снягоў. Ого! Сам выдумаў гэтае слова Голуб, ці з дыялекту якога ўзяў?
“Слаб”, “ціхмян” – рускія формы мовы, у нас будзе “слабы”, “ціхмяны”.
Карацей, дарагі чытач, прадзіраўся я скрозь слоўную вязь доўга. І гэтак стаміўся, што не магу дакаментаваць агрэхі. Глянь сам на гэта дзівоснае дзіва.
Так беларускія паэты навязваюць народу непісьменную мову.


ЛіМаразм-287

Святыя мошчы

…обернулась ко мне, стала мне выговаривать... Понимаю я, что назначает она мне мой час, да непонятно так, неявственно... После, мол, Петровок... С этим я проснулась... (…) Несколько недель спустя я узнал, что Лукерья скончалась. Смерть пришла-таки за ней... и "после Петровок". Рассказывали, что в самый день кончины она все слышала колокольный звон, хотя от Алексеевки до церкви считают пять верст с лишком и день был будничный. Впрочем, Лукерья говорила, что звон шел не от церкви, а "сверху". Вероятно, она не посмела сказать: с неба.
(Іван Тургенеў, “Жывыя мошчы”)

Доктар філалагічных навук Валеры Максімовіч часты госць “ЛіМаразма”. Асаблівай бесталковасцю, мнагаслоўем і пустаслоўем вылучаліся яго рускія вершы.
Аднак два творы ў “ЛіМе” №41 (2106) якраз атрымаліся. Бо моцныя пафасам. Не фальшывыя і напеўныя. З беларускай моваю – роднай – у Максімовіча ўвогуле нашмат лепей.

Возьмем адзін:

КРЫК ЖУРАЎКІ

Дзянькі залатыя сыходнага лета.
Сцішэлая радасць — грыбная пара.
Прымроеным сонцам зямелька сагрэта,
Што шмат навыспельвала людзям дабра.

Як хораша ў лесе! Як пахне грыбніцай!
Здаецца, ў дзяцінства патрапіў наноў...
На ўсколенцы моўчкі бы стаць і маліцца
Ля выспаў лясных, ля сівых курганоў.

Ды раптам — як стрэл агнядышны і даўкі —
Сярод непарушнай лясное цішы
Пранізлівы крык адзінокай жураўкі
Дрыготкую далеч суздром аглушыў.

Ах, колькі самоты было ў ім і жалю,
І роспачы — скрушнай, журботнай, глухой, —
Бы з крыкам птушыная вера канала —
Няўмольна сыходзіла долу крывёй.

Я ўраз здрыгануўся, жахотай працяты,
Бы крык той галосны мне сэрца апёк...
А рэха лясное нязмоўклым набатам
Гукала — так сумна, так слёзна — здалёк.

Ў знямоглым здранцвенні стаяў я, бядотны,
І згадка адна біла ў скронь ўсё мацней:
Нібыта ў жураўкі, у час прадсмяротны
Крык вырваўся з маміных хворых грудзей.

Жураўка, мне з памяці тое не сцерці —
Хай будзе зарукай і сведкаю час —
Не ў рэху лясным — у засмучаным сэрцы
Твой роспачны крык адаб’ецца не раз.

Недакладнасцяў, лішніх слоў, паўтарэнняў адных і тых жа дэталяў зашмат. Аднак гарачае сэрца Максімовіч іх выратавала. І тэма такая, што не да сцёбаў, прабачце.

І дзякую Валерыю Максімовічу яшчэ за адно: нагадаў ён, што я сёлета забыў, прапусціў, Дзень народзінаў і дзень смерці ўласнай маці. А нарадзілася яна ў дзень нараджэння Лермантава – 15 кастрычніка. А сканала – на праваслаўныя Пакровы Божай Маці 14 кастрычніка. І назвала першага сына Міхаілам, таму на ўроках рускай мовы настаўніцы наталяліся здзекамі з мяне, троечніка: “Ну што, Міхаіл Юр’евіч?.. (падкрэсліваючы інтанацыяй, які ж гэта дысананс смець не любіць з такім імем рускую літаратуру.)

Пасля шасцігадовага пакутлівага ляжання ў коме – маці яшчэ і канала жахліва, ад кішэчнай непраходнасці. Стогны, якія працягваліся суткі, абарваліся рэзка, а на твары – адразу беспакутны спакой. Во, падумалася тады: з крыкам народжаная істота колькі ж эмоцый перажывае за жыццё, ды далёка ж не адны толькі станоўчыя. Абрываецца рэзка апошні ўскрык – і хораша адразу душы. Такі ж выраз твару назіраў у першыя імгненні смерці бабулі маёй, якая, наадварот, пражыла доўга, да 92 гадоў, а памерла хутка, за 10 хвілін ад сардэчнага прыступу. Страх раптоўна змяніўся Боскім спакоем.

Выраз суцішэння і суцяшэння ловіцца менавіта ў першыя секунды адыходу душы. Потым ужо труп ёсць куском матэрыі, што імкліва пачынае разлагацца па біялагічных законах, калі толькі памерлы не старац святы, якога мошчы – нятленныя.


ЛіМаразм-288

Жыватворныя сокі нацыі

У “ЛіМе” №41 (2016) змешчана годная падборка вершаў рускамоўнай паэткі Беларуі Вольгі Норынай. Рускамоўнай, ды не зусім, бо два беларускамоўныя вершы  пазначаны як аўтарскія.

Для параўнання:

***
Спачатку, амаль філосаф,
Сама з сабой у барацьбе,
Ты ставіш пытанні востра,
Не думаеш пра сябе.

А можна пражыць без слова,
Спакойна, у ціхай журбе.
Скажы сабе: ты гатова
Змяніцца — здрадзіць сабе?

У цень адступіць са сцэны,
Усім дараваць грахі,
Змірыцца, калі не ацэняць
Радок, табе дарагі.

Дарэмна нагадвае памяць,
Што гэта балюча — агонь:
Ты полымя ў рукі хапаеш
І, быццам спартсмен, —
Бягом!

(Пераклаў Мікола Маляўка)



***
Тамары

Сярод турбот тваіх карункаў
Прасвет не лішні.
Прынёс, Тамара, падарункі
Ізноў кастрычнік.
Няхай гады ідуць павольна,
І дні — старанна.
Адзіны рай бывае ўвосень —
Празрысты ранак.
Жыццё хай радуе заўсёды
І, як калісьці,
Няхай на шчасце будзе шчодрым,
Бы клён на лісце.

(аўтарскі)


Пра Вольгу Норыну я ведаю даўно, але пераважна ад яе знаёмца Юрася Нератка. Тут спрацоўвае вечны закон нацыянальных літаратур – каб пісала Норына па-беларуску, то па тым жа “ЛіМе” я даўно б яе знаў наскрозь. А так толькі асабістыя рахункі ці стасункі сутыкалі мяне то з Аўруціным, то з Паліканінай – вядомымі і не без таленту творцамі. Разам з тым колькі бяздарнасцяў проста вочы пасціралі сваімі лімаўскімі ды палымянскімі публікацыямі – безліч бязмежная. Бо яны свае, наскія.
Таму нармальны, адэкватны рускамоўны літаратар Беларусі рана ці позна ўсведамляе, што пры ўсёй яго любові да рускай літаратуры – любоў гэтая асуджаная, неўзаемная. У Расеі сваіх пісакаў аж заваліся.
І добра, калі гэта ўразумееш своечасова, як папуліст Марціновіч-рускамоўны ці рускамоўны ж украінец Ахроменка. Яны імгненна прышчэпліваюць свае імёны да беларускай культуры, нацыі, хоць зарабляюць на рускім слове, жывуць гэтым словам у нетрах душы, на ім будуюць славу і дабрабыт. Як і рускамоўная савецкая літаратарка, выхадзец з БССР, жыхарка блаславёнай Еўропы Святлана Алексіевіч. Рана ці позна – а і ёй давялося прышыць сябе да радзімы і пазіцыянавацца хоць неяк нацыянальна.
У Бога людзей многа. І яны, нашы рускамоўныя, нязменна згубяцца там і ўзнаўляць іх творы (перавыдаваць) ніхто не стане. А нашы ўжо рускамоўнага Адамовіча 25 гадоў не перавыдаюць. Тут з крэўнымі літвінамі абы разабрацца.
Таму хіляцца рускамоўныя творцы Беларусі да нацыянальнага слова. Як і таленавітая паэтка Вольга Норына. І верш яе па-беларуску, аўтарскі, відавочна лепшы за пераклад яе твора Міколам Маляўкам, дзе першая прынамсі страфа плыве ў логіцы. У прысвячэнні ж “Тамары” – выразныя метафары і трапяткія пачуцці.
Відавочна тое, што Норына валодае чуццём слова, і беларускага ў тым ліку. Дык пажадаем жа ёй не згубіцца ў моры сусветных слоў, а ўкараніцца ў жыватворным народным. Каб надалей пражываць і тварыць болей асэнсавана. Бо, згадзіцеся, пладзіць дзяцей, якія заведама не дадуць нашчадкаў, – не зусім вясёлы занятак.
Я, здаецца, пісаў у рубрыцы, што беларуская мова ўвогуле куды больш перспектыўная для творцаў, больш патэнцыйная за рускую. Бо нашмат маладзейшая – метафары таму што не зайграны класікамі за 250 гадоў і выглядаюць навей, свяжэй, званчэй і магутней. А руская паэтычная мова пакрыху зачахае, бо пастарэла.


ЛіМаразм-289

Шніп думае пра Беларусь

Калі памятаеш, спадар чытач, зусім нядаўна была сецевая буча наконт крытыкі мною оды Шніпа ў славу Васілю Быкаву. Вобмаль часу мінула – і вось ужо новая падборка (“Полымя”, №9, 2016) Віктара Анатольевіча – балады значным беларусам рускамоўнай Беларусі. (Нешта дысананс, ці не праўда? Вялікія рупліўцы беларускага слова прывялі нас да рускамоўнай краіны… Штосьці тут не стасуецца.) Ну да ладна.
Прыкладна так выглядаюць усе балады падборкі:

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА
(28.08.1936—30.05.2014)

Ізноў пачаўся дзень з малітвы за Айчыну,
Якая ёсць у нас, была і будзе вечна,
Дзе першы снег, нібыта маладая гліна,
А снег апошні, быццам попел недарэчны,
Што на траву зялёную з нябёс злятае
І ўміг знікае ў травах, дзе лятае тая
Пчала, якая, быццам кропка залатая,
З балады пра паэта, што не памірае,
Калі й памрэ, бо тут нам паміраць нянова
За Беларусь, якая снілася Купалу,
За вольнае, як Каліноўскі, наша Слова,
Што нашаю адвечнаю малітвай стала.
І ты паміж малітваю і калыханкай
Сябе распяў, каб Беларусь жыла, квітнела
І не была ніколі болей паланянкай,
Не раздзіралі груганы душу і цела
Людзей жывых зямной часінай нелюдзімай.
І каб больш роднае ўжо не ішло на злом,
Ты молішся прад Богам і яго святлом:
«Магутны Божа, захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом…»

Крытыка тая ж, што і на верш “у паклон Быкаву”.

1) Лозунгі: “ёсць у нас, была і будзе вечна”, “каб Беларусь жыла, квітнела”. І гэтак далей.

2) Мнагаслоўе. Глядзі вылучаны курсівам першы сказ у 12(!) радкоў з 16-ю(!) коскамі.

3) Фальшывы пафас. Чаму фальшывы? Чытайце верш Бураўкіна ніжэй (не Беларусі “знаны” маліўся, а забойцу мільёнаў Леніну):


Генадзь БУРКАЎКІН:

ЛЕНІН ДУМАЕ ПРА БЕЛАРУСЬ

Можа, зморшчыцца строгі гісторык:
«Факты выбраў на свой капыл.
Гэтак нехта напіша скора —
Ленін думаў і... пра Капыль...»
Я, не крыўдзячы мудрай навукі,
На сябе адказнасць вазьму:
Ленін думаў
                пра нас і ўнукаў,
Пра Капыль, і Лагойск, і Карму.
Бачыў ён і далёкую далеч,
Што на цэлы сусвет адна,
I маленькую вёсачку Малеч,
Што на карце і не відна.
I калі мы на стол гасцінны
Засцілаем белы абрус,
А на ім у нас —
                мёд пчаліны,
Хлеб пшанічны і сала брус;
I калі ўжо няма пуцявіны,
Па якой бы вярнуўся прымус,
I на плечы нашы машыны
Двухсоттонны ўзвальваюць груз;
I калі звон цымбалаў былінны
Чуюць сёння Памір і Эльбрус,
А ў сівой вышыні жураўлінай
Аж да зор даляцеў беларус, —
Дык таму,
                што штодня, штохвіліны
ЛЕНІН
             ДУМАЕ
                ПРА БЕЛАРУСЬ..
(http://exussr.ru/vershy/lenin-dumae-pra-belarus )

Для чаго такая падборка Шніпу?

1) Ганарар

2) Трымаць паханскі статус (тое самае робіць незалежнік Някляеў, альфа-самец)

3) Рыхтаваць глебу для выдання чарговага фаліянту “Балад”.


Думаю, не варта нагадваць, што Шніп шматгадовы галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры”?
А вось яго супрацоўнік Дзмітрый Пятровіч – усяго толькі вядучы рэдактар памянёнага выдавецтва, таму друкуецца ўдвая радзей за начальніка (№8 “Полымя” 2016):

* * *
Адзарападзіцца, ўдосталь наплачацца
Неба начное, бы зорны кілім.
Будзе, бы кошка, месячык лашчыцца
Да аблачынак уранні. За ім

Выгляне сонца. У люстра рачное
Хутка зірне — і яно заблішчыць.
Я ж прыгадаю спатканне начное,
Воч тваіх стомленых бляск уначы...

Вогнішча. Познія нашы прызнанні.
Ценяў двух танец грэшна-цнатлівы...
Стук нашых сэрцаў. Стамлёнае ранне...
Божа, якімі былі мы шчаслівымі!..

Ў неба начное я зноў узіраюся:
Шчасце шматзорыцца — ў лепшае верыцца.
Што не збылося — у гэтым я каюся.
І — у мінулым, якое не вернецца...


Справы тут не лепш, як у Шніпа.

1) паганыя прыдуманыя словы кшталту “Адзарападзіцца”, “шматзорыцца”…

2) штампы паэтычныя тыпу “зорны кілім”.

3) кепская стылістыка, паўтарэнне адных і тых жа слоў запар: “бы”, “начное”, “стамлёнае”, “стомленых”, “выгляне”, “зірне”.

4) няправільнае ўжыванне “Ў”.

Прыцягнутага за вушы страхалюднага пафасу, у параўнанні са Шніпом, тут няма. Бо хто не кахаў дзяўчыну? Але ж любіць Бураўкіна – вычварства, дый годзе.

Што, рабяты, тут скажаш? Чарговы канфуз.
Народныя пісьменнікі Беларусі адлучылі народ ад мовы нацыянальнай, здалі яе за прынаду камунякаў (асабняк Коласа, прыжыццёвыя помнікі…). А цяперашняя наменклатура, што ёсць спараджэннем “народных”, сталася зусім клоўнамі. “Полымя” Алесь Карлюкевіч ім поўнасцю здаў, прадаў. Часопіс, у прынцыпе, можна ўжо зачыняць. Ды шкада… Мяняцца наменклатура не будзе. Застаецца чакаць, пакуль чарговы рэвалюцыйны ператрус (як з “Полымем” Законнікава) абновіць і аздаровіць літаратурны працэс. На пэўны час, праўда. Бо чыноўнікі перафарматуюцца, пераапрануцца, мімікрыруюць і выплывуць у новым “Полымі” ў новых абліччах. Каб мучыць мову народную.


ЛіМаразм-290

Бадзёрая старасць

Нумары “Полымя” 8 і 9 нагадваюць гістарычны музей. Бо паэзія і проза запоўнены спрэс літаратарамі, якія феерылі на дзяржаўных старонках аж у 70-х гадах мінулага тысячагоддзя. А хто і раней нават.
І нічога б гэта яшчэ, ну дзяды і дзяды сабе. Аж не! – усе яны і цяпер пры пасадах чыноўных, у сіле магутнай. Бадзёрая старасць, аднак.

Глянем выбарачна гэтых зуброў.

Навум Гальпяровіч:

Нарадзіўся  14  студзеня  1948  года  ў  горадзе  Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў грузчыкам  на  заводзе  шкловалакна, карэктарам, літсупрацоўнікам полацкай газеты «Сцяг камунізму», рэдактарам радыёвяшчання наваполацкага вытворчага аб’яднання «Палімір». Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава (1979). Працаваў уласным карэспандэнтам  Беларускага  радыё  ў  Віцебскай  вобласці,  намеснікам  галоўнага  рэдактара  часопіса  «Вожык»,  намеснікам  старшыні  Саюза  беларускіх  пісьменнікаў,  галоўным  рэдактарам  каардынацыйнай  дырэкцыі  Беларускага  радыё.  Цяпер  —  галоўны рэдактар замежнага вяшчання Беларускага радыё. Аўтар паэтычных кніг «Сцяжына» (1983), «Брама» (1990), «Востраў душы» (1995),  «Струна»  (1997),  «Шляхі  і  вяртанні»  (2000),  «Святло  ў  акне»  (2002),   «Голас і рэха» (2004), «Гэта ўсё для цябе» (2006), «Насцеж» (2008), «На трапяткім агні» (2012), «Сюжэт для вечнасці» (2013) і інш.

Яго традыцыйная проза пра Полацк (пра іншае не піша амаль) называецца:

НОТА

Кажуць,  у  кожным  горадзе,  асабліва  маленькім,  ёсць  свой  гарадскі  вар’ят. У маім дзяцінстве, я добра памятаю, як мы, малыя, ганяліся за тоўстым  і  непаваротлівым  дзецюком,  якога  звалі  Нота.  Нота,  нягледзячы  на  свой  сталы  ўжо  ўзрост,  быў  падобны  на  няўклюднага  недагледжанага  хлопчыка. І апрануты ён быў адпаведна: пацёрты велікаваты касцюм і абавязковы гальштук, які так не пасаваў да ўсёй яго паставы.
У яго былі вялікія лупатыя вочы і вельмі важны засяроджаны выгляд. Мы, малыя, калі хацелі каго пакрыўдзіць, гаварылі «дурны, як Нота».
А яшчэ Нота любіў спяваць. Спяваў ён у самых непадыходзячых людных месцах, песні былі жаласныя, на незразумелай многім мове. Але старыя полацкія жыхары разумелі, пра што спявае Нота, бо мовай гэтых песень быў ідыш. У гады майго дзяцінства яшчэ можна было пачуць гэтую мову на вуліцах горада. На ёй пераважна размаўлялі людзі сталага веку, і па іх гаворцы можна было пазнаць тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце і пасляваенную разруху.
А Нота, як і тыя полацкія яўрэі, жыў на процілеглым баку горада, у своеасаблівай местачковай слабадзе з размаітым насельніцтвам, якое складалася з шаўцоў і краўцоў, маляроў, цырульнікаў, дробных рамеснікаў.
Ноту  я  таксама  стараўся  пазбягаць.  Хоць  быў  ён  бяскрыўдны  і  зусім  не страшны, але ён мог раптам спыніць мяне, аб нечым загаварыць, як быццам ведаў  мяне.  Я  тады  ўцякаў,  а  хлопцы  смяяліся  і  казалі:  «Што  ты  яму  нічога  не гаворыш?»

Гэты кароценькі ўчастак невялікага мемуарнага тэксту, які аўтар чамусьці лічыць навелаю, узяты мной з першай старонкі.
Разбяром.

Выраз другога сказа “я добра памятаю” залішні ды прылеплены паразітам.
Два разы запар паўтараецца слова “Нота”, праз кропку.
Тры абзацы падрад пачынаюцца амаль аднолькава: “А яшчэ Нота”, “А Нота”, “Ноту”. Дзіўна, што гэта не скрабе слых паэту Гальпяровічу (ён яшчэ і паэт).
Таксама паразіты ў другім сказе словы “свой” і “ўжо”. Бо нагрузкі не нясуць аніякай.
Тое самае – звязка ў наступным сказе “ўсёй яго”.
Спалучэнне слоў “падобны  на”  як пасмеў паставіць дырэктар замежнага вяшчання – калі крытык “ЛіМа” Наста Грышчук у артыкуле на сайце “Звязды” гэта забараняе! Паводле яе – толькі “падобны да (некага)” можна пісаць. Аднак у гэтым разе аблажаўся не Навум, а Наста. Бо дапушчальныя па-беларуску абедзве формы.
Далей: “вялікія лупатыя вочы” – не зусім хораша будзе, бо лупатыя вочы і падразумяваюць, што яны “вялікія”. Нешта не бачыў вылупленых маленькіх.
Два разы запар ідуць аднакарэнныя словы “спяваць. Спяваў”.
“У гады майго дзяцінства яшчэ можна было пачуць гэтую мову” – кепска, натужліва фарміруе празаік думку. Неабходна ў два разы скараціць.
Звязка “можна было” творыцца Навумам двойчы на мізэрным адрэзку.
Тое самае – “ваеннае ліхалецце і пасляваенную” . Шурпатая стылістыка.
Спадар “Нота” жыў “на процілеглым баку горада”. Законнае пытанне ўніклівага чытача: процілеглым чаму, якому месцу? Не ўдакладніў палачанін.

Сачыненне аказалася зноўку троечным, зляпаным абы-як. Дый няма часу дырэктару замежнага вяшчання над словам карпець. З плеч ды ў печ робяцца тэксты і радыёперадачы. Бо Беларусь чакае шчырага і пранікнёнага слова спадара Гальпяровіча.
Што ж, будзем паважаць яго справу і спадзяёмся на ўзаемную любоў да працы яго вернага крытыка.


ЛіМаразм-291

Баба з воза – кабыле свята

Казімір Камейша, чыю біяграфію мы прадстаўляць гэтым разам не будзем, змешчаны з карацелькамі на пачэсным пачатку “Полымя” №8 (2016).
Аўтар наш друкуецца ў часопісу часта, паэзію разбаўляе прозаю, таму такое ўражанне, што з творцаў “Полымя” ў нас адзін Камейша і ёсць.
Навошта так робіць фактычны начальнік часопіса Карлюкевіч – таксама смешна пытаць. Бо фармальная адсутнасць галоўнага рэдактара якраз і дазваляе самой верхавіне чыноўнай Касты руліць “флагманам” айчыннай літаратуры. Сваволіць, бязмежнічаць.
Гэтая верхавіна доўга, мабыць, чакала, пакуль памруць усе “народныя” і адыдуць па хваробах убок “славутыя” савецкіх часоў. Хто такі быў Камейша пры Шамякіну – серадняк, трэці эшалон, рэдкія публікацыі. А цяпер ім нумары “Полымя” адчыняюць. Дачакаўся і даслужыўся. Вось толькі пісаць лепей не стаў. Не тое каб усіх маладых выцесніў ён з часопіса, а нават “проста сяброў СПБ”, у тым ліку і знаных літаратараў выштурхнуў.
Тут толькі “эліта” цяпер.
Пытанне на засыпку: ды няўжо ж хто думае, што пры БССР іначай было? Менавіта так “народныя” і “слынныя” душылі айчынную літаратуру, пляжылі канкурэнтаў, свае жываты кормячы. А цяпер мы бачым проста камічны і недарэчны ў трэцім тысячагоддзя працяг той Сістэмы. І не пытайцеся больш у мяне – чаму беларусы па-беларуску не размаўляюць гадоў 50.

А пра што ж піша ў прагрэсіўным тэрмаядзерным тысячагоддзі Камейша? Ды пра вёску, канешне ж, дрывяную, вугольную, конную. Там засталася яго душа. Тут ён адно ганарары атрымлівае.

З першай старонкі:


* * *
Цяперашнія раённыя вакзалы мала падобныя на тыя, што былі ў часы маёй маладосці. Нейкія яны занадта ціхія, малалюдныя, нават сумныя. Гэтак падумалася і зараз, калі сышоў са стаўбцоўскай электрычкі і апынуўся на аўтавакзале, адразу за чыгункай. Нехта з маіх землякоў-вяскоўцаў перад самай гэтай дарогай пераконваў мяне, што дабрацца да вёскі цяпер не так і складана, але трэба ехаць туды ў аўторак ці чацвер. У два гэтыя дні аўтобусы ходзяць да Вялікіх Навікоў. Я ехаў у аўторак. Вясёлая касірка мяне крыху засмуціла. Калі я папрасіў квіток да Навікоў (гэта, вядома ж, былі Навікі Вялікія, адкуль мне яшчэ тэпаць добрыя дзве вярсты да маіх Малых), яна, пералічваючы грошы, адразу папярэдзіла, што квіток яна дасць толькі да Рубяжэвіч.
— А як жа я дабяруся да Навікоў? — паглядзеў я разгублена ў яе вочы.
— А там, калі добра папросіце шафёра, ён вас дамчыць і да вашых Навікоў.
Я трывожліва паглядзеў на сваю цяжэзную сумку. Беручы рэшту, заўважыў, што квіток мой занадта дарагі для маёй дарогі. За такі кошт і да Мінска можна даехаць з тых жа Рубяжэвіч. Можна было б дабірацца да роднай хаты і іншым маршрутам, праз Гуменаўшчыну. Кошт квітка там ледзь не напалову таннейшы. Але ж ад Гуменаўшчыны шлях майго пешага падарожжа расцягнецца на цэлых шэсць вёрст. Ды і аўтобуса трэба чакаць добрыя тры гадзіны.

Неадчэпнае пытанне: “А хто будзе чытаць гэты цуд?” – віруе ў галаве, і я яго задаць абавязаны. Ці напісана гэта зараз? Так. А як быццам і ў 60-х гадах. Не заўважае Камейша сучаснасці. (Асабліва характэрныя вясковыя месцы тэксту вылучаны тлустым.)
І дзе мастацкасць гэтай карацелькі, дзе абагульненні пісьменніцкія? Накрэмзаны левай рукой дзённік пенсіянера – вось гэта што. І гэтае нешта пруць у “флагман”, у гісторыю Беларусі. (Яна дасць ім ацэнкі, не сумнявайцеся.)
Прозу кіраўніцтва “Полымя” паспяхова ўдушыла пасля Мятліцкага. Яе проста няма. З гора друкуюць пераклад рускамоўнага дэтэктыва Чаргінца 70-х гадоў СССР. А яшчэ і дзённік Камейшы. І мемуары Гальпяровіча, названыя ім “навелы”. Вось вам і запаўненне раздзела.
На крытыку “Полымя” не рэагуе ніяк. Два гады рупімся – плён нулявы. У астатніх выданнях “Звязды” зрухі ёсць пэўныя. Тут – не. Гэта не смерць па факце. Але кома. А кома бывае працяглай – да 20 гадоў людзі ляжаць. Адзін паляк нават выйшаў з комы пасля 19 гадовага забыцця. Паказвалі. Толькі якасць яго далейшага жыцця сумнеўная, пагадзіцеся, будзе. Бо ўсё закасцянела даўно.
Дзякаваць Богу, слова жыве нашмат даўжэй за чалавечае цела і можа адраджацца Феніксам з попелу. Слова не касцянее. Дый, на добры лад, без такога “Полымя” беларускай літаратуры нават дыхаць будзе прывольней. Баба з воза – кабыле свята.


ЛіМаразм-292

З краіны Сярпа і Молата

Не люблю паўтарэнняў у рамках рубрыкі, але яны выкліканы жыццёвай мэтазгоднасцю. Бо аўтары – адны і тыя ж верхаводзяць на старонках выданняў. І памылкі аднолькавыя робяць яны. Не вывучыш іх ужо. І з часопісаў яны самі не сыдуць дабром.
Таму ў нечым адчуваеш сябе Майсеем, які мусіў вадзіць святы народ па пустэльні, каб вымерла дарэшты пакаленне, што памятала рабства егіпецкае. Толькі тады зямля абяцаная прыняла свой народ.
Рабства СССР і БССР для беларусаў мала хто аспрэчыць цяпер.
І школа савецкіх літаратараў доўга будзе нам адгукацца тужлівым, фальшывым пафасам.
Верш Васіля Макарэвіча з “Полымя” №9 (2016) разбяром:

* * *
Пакінуў
Я нямала ў свеце мет.
Вам доказы патрэбны? Калі ласка!
Іх дзесь да сёння беражэ цэмент
У стольнай, на вакзале
Яраслаўскім.

Вакзал гудзеў
У дымнай гаркаце,
Як смалакурня чадная ці гута.
І ледзь не тыдзень у глухім куце
З падлогай разам нас гайдаў
І гутаў.

А баламут,
Дзяляга-праваднік,
Хоць выбівала з выбівал бывалых,
Не мог білеты выбіць на цягнік
Для нас, у глуш тайгі
Завербаваных.

З начы вакзал
Цэмент пад бок нам слаў.
І храпака такога мы давалі,
Што чуў яго, напэўна, Яраслаўль
За сотні вёрст, у спальнях
І — падвалах.

Калі ж рванулі
Ў шлях мы, як хутчэй, —
Я ведаў, на вакзале, у сталіцы
Цэмент прагнуты ад маіх плячэй
І яміны ад локцяў
Засталіся.

Валіў тайгу,
Скідаў, як з пнёў, гады,
Дайшоў з сякерай ледзь не да Аляскі.
Ды помніў скрозь пра меты і сляды
У стольнай, на вакзале
Яраслаўскім.

Прымчу ў Маскву
І — на вакзал хутчэй!
І там знайду, без компаса і лоцый,
Цэмент, прагнуты ад маіх плячэй,
І яміны глыбокія
Ад локцяў.

Гэта якраз тыповая школа краіны Сярпа і Молата. Нездаровы пафас матэрыяліста і ленінца. Масква, якая адпраўляла беларусаў на катару – як гэта паэтычна!

У першай страфе скарыстана не надта беларускае слова “мета”, бо яго лёгка паблытаць пры гучанні з “мэта”. Таму правільна будзе – “метка” або “пазнака”.
Цэмент “дзесь” (гутарковае слова) “беражэ” доказы аб пабыўцы Васіля Макарэвіча на вакзале ў Маскве, у далёкія гады. Маларэальна. А таму непраўдзіва.
У другой страфе скарыстана старажытнае слова “гута”, так прашчуры нашы называлі “шклозавод”. А вось слова “гутаў”, якое далей ставіць паэт пад рыфму з “гута”, ніводзін слоўнік не выяўляе.
У трэцяй страфе праваднік у Макарэвіча і “дзяляга”, і “выбівала з выбівал”, і “баламут”. Перабор у эпітэтах, у паўтарэннях аднаго і таго ж. Дзіцячае мнагаслоўе.
Чацвёртае страфа пачынаецца з непісьменнай формы “начы” замест правільнага “ночы”. Так было аўтару зручней у “ноты” трапляць.
Лірычны герой у гэтай страфе храпе так, што яго чуў за “сотні вёрст” Яраслаўль. Гэта ўжо нейкая гіпербала дахрысціянскай, дзікунскай паэзіі, дзе горы да неба, а зямля на трох кітах плавае.
Пятая страфа выяўляе, што “яміны” ў мяшках цэменту, на якіх некалі ляжаў у Маскве паэт, засталіся дагэтуль. Хочацца паверыць, канешне. Але не магу.
Наступная страфа змяшчае адзінае ўдалае месца верша: “Валіў тайгу, Скідаў, як з пнёў, гады”.
Апошняя страфа забаўляе нас тым, што паэту больш няма чаго рабіць, як – прымчаўшы ў Маскву – ён яшчэ шпарчэй імчыць на вакзал глядзець “яміны” ад локцяў сваіх у мяшках цэменту, што невядома з якой хваробы там ляжаць па цяпер.
Бяда.
Тое, спадары, спадчына наша, рэальны плён дамоў творчасці, санаторыяў, адмысловых паліклінік, з’ездаў ды іншай шуміхі літаратараў Беларусі Савецкай.
Гэтых некалькіх помнікаў даўніны любіць Алесь Карлюкевіч, даволі малады чалавек.  І друкуе нястомна. Чаму ў сябрах у кіраўніка холдынгу менавіта “зубры” літаратуры з краіны Сярпа і Молата? – таксама празрыста: таму, што прасунуцца і зрабіць так удала кар’еру можна толькі, некалі своечасова пасябраваўшы з уплывовымі літаратарамі. Яны цябе некалі ўзвысілі, а цяпер ты памагай. Тут ужо трывіяльная чалавечнасць. А літаратура? – “Што – літаратура?” – А як жа літаратура?.. за што ж з літаратурай так… – “А, літаратура! З ёй таксама ўсё найцудоўна. А хто сумняваецца – чытайце аптымістычныя лозунгі на сайце “Звязды”.


ЛіМаразм (спецвыпуск 4)

Дагуляўся

Валеры Гапееў напісаў раман “Праклён”, які выдаў у “Галіяфах” Вішнёва. За два гады на раман гэты беларускамоўнае брацтва не вырабіла ніводнага крытычнага артыкула. Навошта такі раман? І навошта такая літаратура?
І гэта нягледзячы на тое, што Гапееў, чалавек прадуманы і прабіўны,  “пасябраваў” і “абаяў” сабою Федарэнку, Галубовіча, Аркуша ды называў карыфеямі гэтакіх спадароў: “Таму, лiчу, слова застаецца за сапраўднымi профi крытыкi i аналiтыкi: Кiслiцына i Галубовiч, Шаўлякова i Чарнякевiч, Алейнiк i Абрамовiч, Бязлепкiна i Марцiновiч–малодшы, а яшчэ Карп, Весялуха, Грышчук, Капуста, Янкута, Кудасава...  “ (Валеры Гапееў)

Аж дзіва дзіўнае не канчаецца: ніводзін з гэтых “сапраўдных профі” не адгукнуўся крытычна на сатанінскі раман Гапеева, не пахваліў, не разгледзеў шырока, глыбока. А толькі аматар Южык (які паводле Гапеева не крытык, а не прышый кабыле хвост) падверг аналітыцы хаця б сам тэкст, а не д’ябальскі змест рамана (гл. “ЛіМаразм” (спецвыпуск))

Што ж так? Сам Вішнёў выдае раман, а ніводнага водгуку? Прычым раман на Гедройца наменаваўся. Нейкая недарэчнасць.
А гэтак і з Бахарэвічам “славутым” у Вішнёва: няма крытыкі на вядомага аўтара. Задумаемся чаму…
Бог не дае прапагандаваць сатанінскае. І страх Божы ў крытыках – не дае.
Так што Гапееў прагадаў. Нават дарвініст (лічы, сатаніст) Новікаў з калялітаратурнага блога, назваўшы раман “Праклён” (мянушка ж, брр!) “неардынарным”, не наважыў яго разбіраць. (Нагадаю, што 18 акцёраў з такога ж сатанінскага фільма па “Майстру і Маргарыце” Булгакава ўжо памерлі заўчасна. А фільму ўсяго 10 гадоў.)
Так што заігрыванні Гапеева з… ну не будзем такімі катэгарычнымі, бо Валеры – праставаты савецкі матэрыяліст і перакананы, што і Свяшчэнны Агонь на праваслаўны Вялікдзень – чалавечы спектакль, і д’ябал – проста страшылка для дзяцей ці прыдумка прымхлівых дзікуноў старажытнасці.
Гапееў гуляе ў “цікавую” літаратуру.
Ды ўжо, на жаль, дагуляўся.


ЛіМаразм-294

Няма чалавечай управы

Аксана Карповіч у “ЛіМе” №43 2016 г. прадставіла нам нейкі цуд замест верша.
Спрабуем прачытаць:

***
Чым займаецца жанчына,
Калі дома цэлы дзень?
І мужчына,быццам злыдзень,
Вам адкажа, што нічым.
Посуд чысты не заўважыць
І бялізны свежай горы:
«Замест рук машына мые
Гэтым бабам, што за гора!
Крама — гэта не праблема,
Я і сам магу схадзіць...»
Ды жанчын стыхія — цэны,
Дзе і што танней купіць.
Скласці, вынесці, працерці —
Рукі тут, а ногі там.
Вочы лішні раз прадзерці
Не пашкодзіць мужыкам...
На пліце гарыць яда,
Сцены пэцкае дзіця,
Вэрхал нейкі у кватэры,
Ззяюць кашаю шпалеры...
Вось пад вечар час ідзе,
Ўсё прыбрала і памыла!
Муж з парога запытае:
«Што ж ты цэлы дзень рабіла???»

Калі гэта жарт, то жарт дрэнны і безгустоўны. Калі з прэтэнзіяй на паэзію – то мама дарагая. Рыфма пераважна адсутнічае. А калі яна ёсць, то часта недакладная, і пачынаеш гадаць – рыфмуе ў дадзеным выпадку аўтарка ці рашыла не замарочвацца.
“Ззяюць кашаю шпалеры...” – жахліва па шчырасці. Гэта калі аўтарка спрабуе метафарамі гаварыць. А так збольшага верш – проза, прычым не зарыфмаваная. Кшталту “«Замест рук машына мые Гэтым бабам, што за гора!” Тут яшчэ і коска прапушчана. Ад такой паэзіі хочацца крычма крычаць. Душыць боль за айчынную літаратуру. Бо ўверсе публікацыю Аксаны Карповіч прыціснула здаравенная нізка памятнага Васіля Макарэвіча (вось надоечы ў “Полымі” яго разбіралі). І гэтак атрымоўваецца, што паэт 60-х мацнейшы будзе за паэтку трэцяга тысячагоддзя.
Затым, у гэтым жа нумары, Аксана Карповіч выстаўляе свой верш з назвай “Цуд” на конкурс “Першацвет”. Ну напэўна ж не яна сама выстаўляе, а рэдакцыя палічыла верш вартым конкурсу.
Тут усё тое самае – дрэнна зарыфмаваная проза:

Цуд

Як горка скардзілася Богу
Гадоў сямнаццаці дзяўчо...
Яна нядаўна
выйшла замуж,
Ды дзетак толькі не было.
Даміну з мужам збудавалі,
Амаль усё як у людзей,
Ды жыць нявыказна агідна,
Калі не чуцен смех дзяцей.

Ў сяле парады ім давалі —
Людскі язык бы той мастак.
Карціны ўсякія «шапталі»
На розны густ, на кожны смак.
І трэба ж здарыцца такому:
У светлы дзень, у добры час,
Адклаўшы восеньскую стому
У сто дзясяты, мабыць, раз,
Знайшла параду маладзіца —
Шматок паперы, адрасок.
І немагчыма не згадзіцца —
Наведаць трэба гарадок
…………………………….

Верш доўгі, я яго абарваў. Вылучыў толькі самыя няправільныя словы і забытую коску паміж “язык” і “бы”.
Два гады існуе рубрыка і ўказвае, што трэба ставіць правільна і па месцы “у” і “ў”. А рэдакцыям глыбока начхаць. Хоць чуткі даходзяць да мяне, быццам чытаюць “ЛіМаразм” і нервуюцца. Ну дык няўжо ж цяжка людзям на зарплаце асвоіць грамату з “ў”.
Зрэшты, якія класікі, якое старэйшае пакаленне (Макарэвіч, што вышэй, прыкладам) – на тое і арыентуюцца рэдактары і маладыя паэткі.
А мы тут чым можам дапамагчы? У дваццаты раз рэкламаваць Макарэвіча, які гадоў 30 сядзеў на беларускім радыё і сам сябе высоўваў? Ці не замнога ад мяне жадаюць? Усё-ткі асноўная задача рубрыкі – рушыць літаратуру наперад, а не цягнуць за матню назад, як робіць амаль уся беларуская перыёдыка. Усё ніяк не зжывуць у сабе камуністаў.
У “Полымі” з паэтаў – адны “старыкі-разбойнікі” (№№8,9), у “Маладосці (8,9) па адным(!) маладым паэту на нумар. А так зноў паханы дзеляць друкаваную плошчу. Няўжо ж на гэта няма чалавечай управы?


ЛіМаразм-295
 
Клетка ўдушанай мовы

Пра звычку холдынгу “Звязда” аддаваць усю паэтычную плошчу часопісаў паэтам 60–80-х мы неаднойчы пісалі. Як і пра тое, што падабенства літаратурнай крытыкі існуе толькі ў тыднёвіку. У часопісах яе прынцыпова не публікуюць.
А вось пераклады народаў Усходу – заўсёднікі, напрыклад, часопіса “Полымя”. Бо Захад афіцыйны друк не вітае. Захад апрацоўвае на гранты іншы саюз пісьменнікаў.
У №8 2016 года нас знаёмяць з творчасцю рускага паэта Андрэя Пермякова.

Пермякоў Андрэй (Увіцкі Андрэй Юр’евіч) нарадзіўся 11 ліпеня 1972 г. у горадзе Кунгур Пермскага краю. Скончыў Пермскую дзяржаўную медыцынскую акадэмію (цяпер Пермскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт) (1995), кандыдыт медыцынскіх навук. Працуе ў фармацэўтычнай прамысловасці. Арганізатар літаратурных праектаў, удзельнік і адзін з заснавальнікаў таварыства паэтаў «Сибирский тракт». Друкаваўся ў часопісах «Арион», «Воздух», «Волга», «Дети Ра», «Знамя», «Новый мир» і інш., а таксама ў шэрагу альманахаў. Аўтар кнігі паэзіі «Сплошная облачность» (Санкт-Пецярбург, «Своё издательство») (2013).
Лаўрэат Грыгор’еўскай прэміі (2014).
Жыве ў горадзе Петушкі Уладзімірскай вобласці.

Несумненна, што для Пермякова высокі гонар пабачыць свае вершы на амаль мёртвай мове, тады як дзе ён толькі не друкаваўся на вялікадзяржаўнай. А калі ўжо знаёміць беларускіх чытачоў з яго творчасцю – то варта было б праз рускамоўны часопіс “Нёман”. Бо я не ведаю беларусаў, якія б не кумекалі на мове Крамля.
Тады б прынамсі паэзія Пермякова выглядала болей выразна, а не так, як пераклаў яе Адам Шостак.
Пераклад не тое каб дрэнны, але неахайны.
Два лірычныя і адносна кароткія вершы прыводзім:

1984

Жоўтыя аўтобусы. Чырвоныя трамваі.
Сінія тралейбусы. Шэрыя дамы.два
Шмат анучак-бірачак на свята Першамая.
У новы год на сподачках кавалкі пастрамы.

Жлуктаў Віктар з шайбаю. Шцірлец ў тэлевізары.
Marlboro армянскае. З часам — Сabinet.
Госці каля тэлека паміналі Візбара.
Дзядзя Слава, выпіўшы, паламаў буфет.

Брат прынёс ад Шэрага нешта пра афганскую.
І «разумных» слоўцаў запомніў на гады.
Лавы паласатыя. Песні дылетанцкія.
Мішкі алімпійскія. Тата малады.



СВЯТКІ

Выходзіш ля эстакады, кажаш «Зур Рахмет».
Марат кажа ў адказ: «Гуляй, самому табе Зур Рахмет».
Так усміхаецца, быццам цябе лае.
З машыны выцякае святло,
ад ліхтара выцякае святло.
Такі вось свет.
А больш ніадкуль святло не выцякае.

Калючая цемень перашкаджае ўдыхаць.
Ты такі слабы, быццам табе пяць год, на злосць
думаеш, ад воўка не ўцячэш.
А снег з ліхтара ляціць руды і вільготны.

Глядзіш на гэты снег, раптам кажаш: «Святло».
Ты разумееш пра той і гэты свет.
Ты разумееш, што снег — таксама святло. І воўк таксама святло.
І нават цемень — святло Сусвету.
Свет недасяжны.

Зноў ідзе блытаніна з “у” і “ў”. Праз гэта часам губляецца рытм.
Напрыклад, паспрабуйце вымавіць, не гвалтуючы звязкі, “Шцірлец ў тэлевізары”. Па-беларуску гэта немагчыма. І Шостак, пісьменны чалавек, тое ведае. І ведаюць рэдактары. Але вось майстэрства выруліць сітуацыю і абысціся без гэтага надрыву – не хапіла ні перакладчыку, ні членам рэдакцыі. Так і пусцілі Пермякова ў нацыянальную гісторыю з хліпкім гукам.
Ёсць няўцямныя месцы: напрыклад, хто такі “Шэры”?
Увогуле паэзія Пермякова занадта прывязана да дэталяў часу. Добра, што яшчэ многія памятаюць, хто такі Візбар ці Шцірлец. А вось 10- і нават 25-гадовыя беларусы не маюць пра гэта досведу. Таму некаторыя вершы Пермякова для іх пустыя.
Я ўжо прыводзіў прыклад верша Пастарнака 30-х гадоў “Нікога не будзе ў доме”, што гучыць у пачатку фільма “Іронія лёсу”. Заўсёды думаў, што песню прыдумалі непасрэдна для фільма, настолькі словы выглядаюць сучаснымі. Дык і 40 гадоў прамінула – зноў не старэе песня і здаецца, што толькі-толькі вырабленая.
Такім чынам, паэзія сучасная руская ідзе ў кірунку Пастарнака, а не Пушкіна. Новы геній адчыніў новую эру. А Пушкінскія вершы – значная частка – ужо састарэлі. І “Я помню дзіўнае імгненне” – гучыць, як з мінулага веку. Цяпер так не гавораць.
Ёсць у Пермякова і празаічныя ўчасткі: “Такі вось свет. А больш ніадкуль святло не выцякае.” Нібы выдзертае з навуковага дакладу якога.
Або сухая рыторыка: “Свет недасяжны.”
На фоне гэтай прозы я вылучыў падкрэсліваннем як удалае – радок пра снег на фоне ліхтара. Ёсць іншыя неблагія месцы ў Пермякова ў перадачы Шостака. Мусібыць, у арыгінале куды больш прачула б гучала. Бо ёсць цеплыня і душэўнасць у паэта. Несумненна.
Другі верш верлібр – і адразу слабей, мнагаслоўней выказваюцца аўтары. Усё больш у прозу ўпадаюць. Бо верлібр, па-першае, падуладны толькі філосафам, а па-другое, у рускай паэзіі зусім не прыжыўся. Ды як і ў беларускай, пра што сведчаць разборы рубрыкі “ЛіМаразм”.
Увогуле публікацыя Пермякова не самая дрэнная ў нумары. Пытанне толькі – дзеля чаго яго змясцілі ў клетку ўдушанай русакамі мовы?


ЛіМаразм-296

Асаблівая тонкасць душы

Вядомы рускамоўны літаратар Беларусі Анатоль Андрэеў праціснуў у “Нёмане” свой раман “Авто, био, граф и Я”. Назва гаворыць сама за сябе – твор аўтабіяграфічны і філасофскі як быццам.
Памятаю, калі галоўны рэдактар (на той час) Міхась Пазнякоў выкідаў з “Нёмана” мой раман “Чую цябе”, то на поўным сур’ёзе гаварыў, што ў іх друкуюць нешта больш філасофскае і глыбокае. Напрыклад, прозу чыноўніка Чарказяна. Ці, прыкладам, эпапею акадэміка Гніламёдава.
Такім чынам, раман Анатоля Андрэева мусіць быць філасофскім.
Увогуле прэтэнзій да Андрэева, як да літаратара, у мяне няма і не можа быць. Чалавек гэта досыць таленавіты, прынамсі не менш таленавіты, чым многія зубры нацыянальнай літаратуры. Якія зазвычай дзяўбуць адны і тыя ж глупствы, банальнасці ды трымаюцца навідавоку за кошт пасадаў чыноўных.
Зрэшты, Андрэеў таксама чыноўнік, выкладчык філфака. Эліта. Каста. Некалі быў правай рукой Аўруціна. Калісьці падыгрываў Аўруціну ў цкаванні беларускай мовы (!) на старонках “ЛіМа”, пісаў зняважлівыя артыкулы. Адчуваў сваю сілу. Потым, праўда, дзяды нашы беларускамоўныя спахапіліся ды вышпурнулі Андрэева з “ЛіМа”, адцерлі ад рычагоў улады ў СПБ.
Але выкладчык паспеў праславіцца такім чынам няхіла.
У тым і сутнасць літаратурнага працэсу, што заўважаюць толькі тых, хто ідзе супраць агульнай плыні, насуперак. Людзей адыёзных, неардынарных.
Андрэеў такім з’яўляецца, як ні круці. Ён прадстаўляе пярэдні эшалон досыць небяспечнай для Беларусі кагорты рускамоўных літаратараў, ваяўніча настроеных супроць нацыянальнай мовы. Бо секта тая адчувае сябе прыціснутай, не запатрабаванай як след. Не патрэбнай ні ў Расеі, ні дома.
Таму і праводзіць велізарную працу Аўруцін, які насамрэч ненавідзіць беларускую мову, па “сяброўстве” з уплывовымі літаратарамі рэспублікі, па ўклейванні свайго імя ў літаратуразнаўчыя зборнікі, падручнікі, па перакладзе і публікацыі сваіх вершаў, напрыклад, у “Полымі”.
Праца, калі глядзець карэнным чынам, – марная. Бо пасля смерці нават рускамоўнага Адамовіча яго творы 25 гадоў не перавыдаюць. Тое ж, і яшчэ горш, будзе з Аўруціным. Свой лёс ён можа экстрапаляваць па долі творчай спадчыны Веньяміна Блажэннага, яго куміра. Таленавіты рускамоўны беларускі паэт – ён не стаў ні Пушкіным для Русі, ні Рубцовым хаця б. То бок пакуль жывеш і высільваешся – выдаюць і сяк-так памятаюць. Як адышоў на вечны спачын – дык і бывай, дружа.
Аднак самі публікацыі ў “Полымі” і “Нёмане” даюць рускамоўнай суполцы надзею, што хоць тры чалавекі гісторыкі ды знаўцы старадаўняй літаратуры іх некалі прачытаюць, праіндэксуюць.
Я не куражуся і не здзекуюся. Гэта рэальнасць.
І памяняць яе можна – толькі цалкам русіфікаваўшы нашу літаратуру, інстытут Акадэміі, філфакі шматлікія. Задача тытанічная, амаль неадольная. Але ў Аўруціна з суполкаю іншага выйсця няма, як паспрабаваць.
Што тычыцца рамана Андрэева, то калі ён думае, што адкрыў Амерыку ў гэтым жанры, то знаходзіцца ў змане. Прачытаў некалькі старонак – копія лірычнай прозы Паўстоўскага. Толькі ў таго мова куды болей вывераная і выразная.
Чытаем трэцюю старонку №8 “Нёмана” за 2016 год:

Боже мой, какой соблазн сбиться на мироощущение, сделать мироощущение центром и смыслом жизни!
Вот бегут по небу палевые облака со сливочным оттенком, кое-где светлая, воздушно-рыхлая плоть их тронута мутной желтизной, словно седая шевелюра у дряхлого старика; а ветер гонит их, они движутся, оттенки цветов меняются — вот уже, разорвав неопрятную, грязновато-серую пленку, причудливо выворачиваются перед обомлевшим взором клубы исподне-белого, набравшего свет солнца (которого не видно), несомненно женского, имеющего отношение к женским недрам и тайнам; а вот опять все — через несколько мгновений — все опять затонировано ровно-серым, вековечно спокойным, и только кое-где бледно-голубые прорехи намекают на иное измерение.
Мне сегодня 53 года.
А в детстве небо было другим — большим, прохладным и очень-очень  голубым.
И в юности оно было другим. Сбор хлопка. Зной. Обеденный перерыв.
Вот сейчас полежим десять минут на спине — и опять в поле, до вечера, тупо, безнадежно, быстрей бы вечер, ужин, гитара, а завтра рано утром уже в поле, и дотянуть бы до обеда, и пережить бы неделю, а потом не можешь понять, как протянул месяц, а потом — целых три, а потом наступает бесконечный, неправдоподобно длинный последний день, последний час — и вот уже кажется, что этот сезон был не таким уж и трудным…
Это все потом, или прежде, или никогда, а сейчас — абсолютный обеденный перерыв. Особая среднеазиатская тишина — не лесная, не морская, не полевая — межгорная. Галактическая. На краю ойкумены. По одну сторону гор Александр Македонский (кажется, еще легкая азиатская пыль не улеглась после его выносливых скакунов), по другую — Москва, столица нашей родины СССР. Небо очень высокое, выгоревшее, пепельное, где-то там затерялась серебристая точка трудолюбиво гудящего самолетика, который летит туда, в Москву, или в Ленинград, или в Новосибирск, или еще куда-нибудь туда (…)

Жаночая эмацыйнасць з гэтым заломліваннем рук “Божа мой!” так і б’е ў вочы. Метафары нястрыманыя, празмерныя, не арыгінальныя, а менавіта з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Нібы не выкладчык вопытны літаратуры тое пісаў, а нейкая інстытутка дзённік слязлівы вядзе.
Глядзіце колькі я вылучыў тлустым падвойных слоў. Жах. Андрэеву не хапае слоў вялікай і магутнай мовы – і таму ён іх падвойвае, каб выказаць асаблівую тонкасць сваёй душы.
Звярніце ўвагу на сказ у цэнтры ўрыўка, не вылучаны курсівам. Які ж задоўгі і блытаны. Мой арфограф падкрэсліў яго зялёным і ўказаў: “Занадта доўгі сказ для граматычнага разбору, паспрабуйце разбіць яго на некалькі болей кароткіх”.
Як вам такі паварот? Дацэнта Андрэева вучыць машына з пластыку і жалеза  – не мнагаслоўнічай.

То бок дыягназ: жанр і стыль прозы скапіраваны ў Паўстоўскага. А сама мова – патыхае зацягнутасцю і эмацыйнасцю жаночай.

А вось прыклад вам андрэеўскай філасофіі (бо Пазнякоў друкуе  “Нёмане” толькі высокую філасофію):
«А сколько возрастов в каждом из нас!
 И на все есть свои краски, свои оттенки желаний, и самое главное, свои слова. Много слов. Слова, слова, слова — суета сует из слов. Словоблудие в стиле барокко. В стиле модернизма. Чистейшей воды постмодернизм. О! Е…»

Вось ужо сапраўды “О! Е…”

Гэты жаночы кампот Андрэеў пераганяе ў самагон на сотнях старонак двух нумароў “Нёмана”.
І ўсё ж дзеля справядлівасці вяртаюся: чалавек ён неардынарны, і яго пісьмо, стыль выяўлення ўнутрана “я”, банальным не назавеш. На жаль, Андрэеў нашмат перасягае большасць нашых літаратараў – Глобуса ці Сцяпана, напрыклад, – што твораць падобныя мемуары пра сябе любімых. Там проста голы банал. Тут – спроба творчасці. І многім такое прыйдзецца даспадобы. Хто Паўстоўскага не чытаў.
Але ў тым і сутнасць рускамоўнай літаратуры на Беларусі: яе раз-пораз ловіш на другаснасці. То Аўруціна ў капіраванні Пастарнака, то Андрэева ў перайманні Паўстоўскага.
Дый, акрамя “ЛіМаразма”, ніхто і не крытыкуе ўсур’ёз творы рускамоўнай літаратурнай суполкі. Навуковыя кнігі Гніламёдава пра паэзію Аўруціна – хто іх будзе чытаць? Адзін сілавік (акадэмік) напісаў пра другога (галоўрэда). І ўдарылі па руках. І дзе там можа быць праўда?
Ну хіба што калялітаратурны блогер Новікаў абслугоўвае тую суполку зрэдзьчасу. Аднак на “партал” яго заходзіць ад сілы чалавек пятнаццаць за дзень, а ўжо каментароў на артыкулы – не бывае ніколі.
Аднак позна Андрэеву мяняцца, абеларушчвацца. Уся яго адметная каштоўнасць – самім сабой быць.


ЛіМаразм-297

Парадуемся

Дзень назад закончыліся выбары ў ЗША. Сенсацыйна і абсалютна непрадказальна, у абліччы Дональда Трампа, перамагла белая, гетэрасексуальная, правінцыйная, працавітая, сямейная, а галоўнае, хрысціянская пратэстанцкая Амерыка. А прайграла Амерыка, запэцканая Мадонай, Хілары Клінтан, сектантамі, масонамі, гомасексуалістамі, бязбожнікамі і дармаедамі розных масцей.
Знамянальны дзень у гісторыі чалавецтва. Некалі самая рэлігійная з хрысціянскіх краін аказалася, на паверку, падзеленай на роўныя часткі. У адной Хрыстом і не пахне. А другая па-ранейшаму верыць у працу, традыцыю, сям’ю і Вечнасць.
Гасподзь Бог, насуперак устаноўленым ім жа Самім матэрыяльным законам, учора даў шару зямному шанец не ляцець стрымгалоў у прорву, а яшчэ паспрабаваць над сабою парупіцца.
Амерыканец і расіянін, мацёры журналіст Уладзімір Познер, сказаў з Нью-Йорка, што не ведае ніводнага аўтарытэтнага палітолага і сацыёлага, які б прадказваў перамогу рэспубліканца Дональна Трампа. Усе выкладкі перад выбарамі паказвалі 70 на 30 адсоткаў на карысць дэмакратаў. А гэта не 55 на 45 і нават не 60 на 40. Выпадковыя флуктуацыі немагчымыя.
Дык што ж здарылася на выбарах ЗША?
Гэта цяпер сацыёлагі знаходзяць прычыны – маўляў, праўду на апытаннях амерыканцы не гаварылі, бо баяліся ўладаў (у самай вольнай краіне свету); а таемна прагаласавалі, як падказвала сэрца. І гэтак далей. Але ўсё тое прычыны заднім чыслом і апраўданні на карысць бедных. Навука каторы раз схібіла. А Бог перамог.
Астролагі цяпер скажуць, што менавіта рэдкае спалучэнне планет і зорак над ЗША прывяло да такога дзівоснага выніку. Дарвіністы прыдумаюць, што гэтак падзейнічаў, праз токі ў нейронах, нацыянальны псіхоз. Людзі здаровага сэнсу будуць казаць, што народ задзяўблі мулат з негрытоскай жонкай, хлуслівая Клінтан пад руку з шалавай Мадонай і тое, што гадамі не падвышаецца дабрабыт, а ёсць толькі абяцанкі і абяцанкі. Мы ж акрэслім прычыну як метафізічную, часовую ці глабальную перамогу святла над цемраю, парадку над хаосам, справядлівасці над крывадушнасцю.
Чалавецтву дадзены, мабыць, апошні шанец прынамсі не прыспешваць хаду Антыхрыста. Здаровага насельніцтва ў флагмане сусветнай палітыкі і эканомікі, ЗША, засталася роўна палова. Штаты даўно кішаць акультыстамі і сектантамі ўсялякіх гатункаў. Прычым туды ўцягнутая якраз верхавіна, самая багатая і ўплывовая частка насельніцтва. Сеентолагі, іегавісты, муністы, мармоны, неапяцідзесятнікі прывольна і важна адчуваюць сябе ў абодвух сталіцах Штатаў. Грошы і самыя магутныя юрысты на іх баку. І яны рэальна кіруюць светам, а не толькі сваёй краінай. І гоняць сусвет у прорву праз разбурэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў, адпраўляючы сваіх эмісараў на Ўсход: у паўночнай і сярэдняй Еўропе даўно сфарміравана бязбожнае, пазбаўленае духоўных падпорак грамадства. Свяшчэннікі-жанчыны, свяшчэннікі-гамасекі, перайначванне і высмейванне Евангелля, культ геніталіяў, шлюбы гамасекаў і ўсынаўленне гамасекамі немаўлятаў. І яшчэ, і яшчэ…
Тое, што адбылося на выбарах 45-га прэзідэнта ЗША, ёсць другім вялікім Божым цудам, якому мы сведкі. Першы адбыўся ў нас, не так і даўно, калі агрэсіўны СССР распаўся амаль бяскроўна, не захлынуўся грамадзянскай і сусветнай вайною ды, адпаведна, не прыспешыў канец Сусветнай Гісторыі. На марксісцка-ленінскай тэрыторыі, дзе хрысціянства было даўным-даўно высмеянае і гнанае, насуперак таталітарным сектам, што рынуліся па душы людзей, – як з-пад зямлі і невядома на якія сродкі падняліся праваслаўныя храмы.
Пуцін прыйшоў да ўлады містычна – у ноч пералёту планеты з тысячагоддзя ў тысячагоддзе вечна п’яны дэградат Ельцын перадаў уладу малодшаму таварышу, пакаяўшыся ў памылках сваіх. І з таго часу праваслаўная духоўнасць стала імкліва падымацца з каленяў. Расея пачала дужэць на вачах. За гады праўлення Абамы, напрыклад, Пуцін апусціў яго практычна па ўсіх пунктах палітыкі:

1) Крым;
2) Данбас;
3) Паўднёвая Асеція (бліцкрыг з Грузіяй);
4) Алімпіяда ў Сочы (атрыманне права на яе і перамога каманды Расеі);
5) Атрыманне права на Чэмпіянат Свету па футболе;
7) Адбіццё псеўдадопінгавага скандалу перад Алімпіядай у Рыа-2016, адстойванне і дапушчэнне ў выніку большасці зборнай;
6) Сірыя;
7) Спрыянне выштурхоўванню ад улады Клінтан з Кампаніяй – праз удалыя дзеянні ў Сірыі і прапаганду канкурэнта яе, Дональда Трампа.

Такая сіла праваслаўнага чалавека Пуціна вызначаецца толькі метафізічна – праз покрыва Нябеснага Войска над тэрыторыяй Расеі, большай часткі Беларусі і ўсходу Украіны. Менавіта таму Данбас і Луганск і Крым (праваслаўныя тэрыторыі) аказаліся непарыўна прышытымі да Крамля.
І галоўнае: для цара Расеі надзвычай важна 1) атрымаць уладу законна, а не вераломна (як, прыкладам, Ельцын); 2) чуць волю Ўсявышняга. Пра тое празорліва ўказаў Пушкін у драме “Барыс Гадуноў”. Відавочна, што Прэзідэнт Расеі адпавядае гэтым асноўным умовам. Адсюль і паспяховая моц.

Банда, што трымала ўладу ў ЗША і мучыла не толькі нас, а і ўвесь свет, рукі якой у крыві сотняў тысяч арабаў, – учора бясслаўна сышла ў нябыт. У чалавецтва праз Божы цуд (бо матэрыяльных прычын для гэтага навукоўцы не выявілі) з’явіўся шанец на годнае выжыванне. Перамагла, паўтаруся, белая, працавітая, не гламурная, гетэрасексуальная, шматдзетная, сямейная, хрысціянская пратэстанцкая Амерыка. Гэта тое, што мы маем на сённяшні дзень. І тое, ад чаго адштурхнёмся.
Як сімвал ачышчэння ад гідры пякельнай, на тэрыторыю Беларусі і заходняй Расеі абрынуўся снегапад. Занадта ранні для гэтых краёў. І на душы палягчэла. І здаецца, што хрысціяне ЗША і нашых тэрыторый не стануць болей душыцца за сусветную славу і палохаць адно аднаго атамнымі ракетамі. А біцца – толькі на спартовых арэнах. Бо гэта людзі адной ідэалогіі, вечнай.
Цяпер я з палёгкай гляджу не толькі на праваслаўны Ўсход, але і на Захад, дзе ёсць яшчэ вузкая палоска неразбэшчанай паўднёвай Еўропы, а праз акіян – Амерыка ў лепшых сваіх праявах: вялікага спорту, навукі і тэхнікі, архітэктуры, мастацтва, глыбокіх павучальных сямейных серыялаў і фільмаў. Хрысціянская працавітая неагрэсіўная Амерыка, якую мы мала ведаем за вісклівым гламурам.
І ўсцешна, што, зачатая два гады таму, рубрыка “ЛіМаразм”, узяла падмуркам Традыцыю, сурова адрынуўшы мадэрнізм і постмадэрнізм, угрунтаваныя на неадарвінізме і неапаганстве. Рубрыка, насуперак спакусе заігрывання з нацыяналамі, заўсёды глядзела на праваслаўныя геніі прарокаў Пушкіна і Дастаеўскага, можа, нават слепа верачы, што нехта і неяк дасць заслону сатанінскай навале на нашы галовы. Перамога, а з ёй і надзея прыйшлі нечакана і зусім не адтуль.
Парадуемся.


ЛіМаразм-298

Падобнае – да падобнага

Куратар работы СПБ і наглядчык за яго кіраўніцтвам блогер Новікаў чакае 3-га З’езду гэтай пачэснай арганізацыі. На прыватным рэсурсе ён раз-пораз змяшчае пагрозлівыя артыкулы: на З’ездзе і пасля яго Новікаў абяцае нешта кардынальна змяніць. Вывесці на чыстую ваду чыноўнікаў. І гэтак далей.
Не будучы сам членам гэтай суполкі, Новікаў страшна перажывае за яе – не раўнуючы як за лёс Беларусі, літаратуры якой ён пакляўся служыць выключна на мове расейскай. Ніводнага артыкула ад “Алеся Новікава” за шмат гадоў не бачыў я на яго блогу па-беларуску. Свяшчэннае права нашых землякоў жыць, любіць, выхоўваць дзяцей, лячыцца і г.д. па-руску – блогер самаахвярна адстойвае. Хоць даволі туга яму прыходзіцца ад беларускамоўных – нахрапістых, якіх абсалютная большасць у Рэспубліцы.
Адкуль жа такая рэўнасць да Саюза Беларускіх Пісьменнікаў у прыватнага блогера? Рэч у тым, што ён быў выдалены адтуль пасля таго, як заплаціў свайму колішняму саслужыўцу, апекуну і дабрадзею Чаргінцу «презлым за предобрейшее». Блогер Новікаў пасмеў крытыкаваць акадэміка Гніламёдава, тады як Мікалай Іванавіч яго неаднойчы душэўна прасіў перастаць.
То бок на выдаленне з СПБ Алесь Новікаў нарваўся сам. Не захацеў жыць дабром, вывелі паняволі.
Таму мэтай далейшага жыцця свайго апальны крытык прызначыў навядзенне парадку ў шэрагах СПБ – каб справы вяліся там па справядлівасці, каб чыноўнікі не выдавалі бясконца свае кнігі, не замоўчвалі таленавітае ды інш.
Азадачаны я толькі пытаннем, як будзе наводзіць там парадак Новікаў? І вымеркаваў наступнае:

1) ён мусіць ведаць назубок Статут СПБ і трымаць яго заўсёды на рабочым стале;
2) мець высокую юрыдычную адукацыю (якая, паводле Новікава, як быццам у яго ёсць);
3) пастаянна атрымліваць у сваю штаб-кватэру, якая ў 30 км за Менскам, справаздачы ад высокіх чыноўнікаў СПБ; бо інакш як выявіш, што яны парушаюць Статут?
4) мець санкцыю на гэтыя справаздачы ад міністраў друку, культуры і адукацыі;
5) атрымаць вольны допуск у кабінеты на Фрунзе, 5, каб лавіць за руку памаўзлівых і нядобрасумленных чыноўнікаў;
6) распрацаваць глыбокую і зацверджаную ў міністэрствах праграму па змяненні, перафарматаванні, а то і роспуску цяперашняга СПБ.

Гэтыя мінімум шэсць пунктаў неабходныя псіхолагу, юрысту, матэматыку, адстаўному вайскоўцу і крытыку Новікаву. Ведаючы яго скрупулёзнасць, перакананы, што да 3-га З’езду СПБ ён падыдзе ўзброеным.

Насамрэч жа, адрынуўшы жарцікі ў бок, чуў я ад супрацоўнікаў Фрунзе, 5, што там цэлы паверх рагоча і пацяшаецца з выбрыкаў Новікава на сваім блогу. Абмяркоўваюць у курыльнях, сцябуцца, складаюць анекдоты і показкі.
Блогер добра іх разгружае псіхалагічна. Не дзіва: ён адукаваны псіхолаг, як жа інакш?

Разам з тым заўважаецца па лічыльніках, што менавіта паверх на Фрунзе, 5 і ёсць асноўныя чытачы блогера Новікава. Толькі ім і цікавыя яго пагрозныя выступы.
А яшчэ блогер займаецца новым жанрам – крытыкай крытыкі.
Напрыклад, літаратурны аналітык Южык хадзіў у яго спачатку ў “лепшых крытыках сучаснасці”, а як перастаў за бясплатна аддаваць свае “ЛіМаразмы” Новікаву – то зрабіўся “камічным крытыкам”, “мы-крытыкам”, і яго артыкулы блогер прыдзірліва аналізуе, высмейваючы.
Але жанр ён не выдумаў. Першы ў гісторыі беларускай літаратуры артыкул у стылі “крытыка крытыкі” напісаў зноў жа Южык. У годзе, прыкладна, 2009, яшчэ да стварэння крытычнага блога Новікава. Прычым не Южык гэтую ідэю закінуў, а выдавец Зміцер Вішнёў – заказаўшы для мадэрновага альманаха “Тэксты”. Артыкул называецца “Крытыка на лаве падсудных” і вісіць на маім сайце агульнадаступным. Або знаходзіцца ў Сеціве пашукавіком праз яго назву.
Новікаў жа Алесь асядлаў гэты жанр таму, што яму няма чаго крытыкаваць з тэкстаў мастацкіх: рускамоўная дзялянка ў беларускай літаратурнай прасторы мізэрная, а беларускую мову чалавек чатырох адукацый вывучыць не агораў. То бок ён не ведае, якое слова стаіць у тэксце па месцы, а якое не. Узровень гамельчука Новікава ў роднай мове – прыкладна школьнай лавы. Дый не ўпэўнены, ці вывучаў ён яе некалі ў русіфікаваным Гомелі. У тыя гады – а Новікаў чалавек пажылы – лёгка можна было ўхіліцца ад роднай мовы і літаратуры, напісаўшы заяву.
Ці не з таго школьнага часу так ненавідзіць блогер Новікаў нацыянальную мову? І ці не таму ўсе сілы кладзе, каб адстойваць свяшчэннае права стаць беларускай літаратуры нарэшце рускамоўнаю? Русіфікаваць усе філфакі і ліцэі краіны, а галоўнае, інстытут Акадэміі Навук – фарпост беларушчыны.

Увогуле, псіхалагічны тыпаж у Новікава дзівосны. Усю душу аддаючы рускай літаратуры, ён тым не менш… ненавідзіць Крэмль, бастыён расейскай культуры. (???) Ну і адпаведна – непрыязны да Пуціна, Патрыярха ўсяе Русі Кірылы і Праваслаўя, само сабой.
Навідавоку разрыў ці падваенне свядомасці.
Або яшчэ: даўно разасраўшыся з пінскім паэтам Грышкаўцом, бэсцячы і ганячы яго на сваім блогу, Новікаў раптам – прыйшоў у стан псіхічнага ступару (рэзкае падзенне настрою, па яго прызнанні), калі даведаўся, што акадэмік Гніламёдаў у кнізе пра рускамоўных паэтаў рэспублікі… не згадаў Грышкаўца! небяспечная псіхіка. Непрыяцеля не ўпамянулі – дык радуйся, ён жа цябе ляпае граззю на сайце СПБ. Аж не! – блогер Новікаў вырубіўся ў дэпрэсіі на некалькі дзён.
З другога боку, здзіўляцца, што акадэмік, не згадаўшы Грышкаўца, палову фаліянта аддаў Анатолю Аўруціну – таксама дзіцячы наіў, як для юрыста, матэматыка і псіхолага Новікава. Бо якраз даводзіць пастаянна блогер пра Касту, якая піша сама пра сябе. Гніламёдаў акадэмік напісаў пра галоўнага рэдактара тоўстага часопіса Аўруціна – здзіўляцца абсалютна няма чаму. Новікаў жа зноўку прыходзіць у  стан афекту і зачынае стогны пра несправядлівасць.
Або гэты высокаадукаваны хлопец разыгрывае перад намі камедыю? І спецыяльна задзірае харызматычных Чаргінца і Южыка, каб прывабіць да сябе чытачоў, якіх вобмаль?
З крутой бяды і адзіноты пустэльнай пасябраваў ужо Новікаў з… Гапеевым, быў на прэзентацыі яго кнігі. Гэта з чалавекам, якога ён сам жа гнаў, высмейваў і баніў на блогу пад нікамі “Саўчук” і “Валеры”.
Здзіўляцца, зрэшты, не будзем. Падобнае прыцягвае падобнае – савецкія атэісты сышліся, бо душэўна блізкія і свята вераць у выпадковы бяздумны збор Космасу. Тут жа і Бахарэвіч з завушніцай прыбег на старонкі блога Новікава, чорны чалавек, які нястомна за грошы заходнія юдавы кляне Беларусь. Добрая для блогера пара. Духоўная блізкасць. Тут нават разнамоўнасць не замінае.


ЛіМаразм-299

Падмурак і ўмовы

Падборка Дзмітрыя Радзіончыка змешчана ў №9 часопіса “Нёман” (2016).
Аўтар прадстаўляе нязначную частку чыста рускамоўных аўтараў Беларусі, якіх рэгулярна дапускаюць друкавацца ў гэтым выданні.
Пра Радзіончыка ведаю мала, з творчасцю быў не знаёмы. Але багата абазнаны пра яго ўвогуле – ад усюдыіснага блогера Новікава, у якога памянёны аўтар ходзіць у вечных ворагах. Зрэшты, ворагі ў Новікава – 99 адсоткаў людзей. Таму гэта нічога не значыць. Чалавечыя якасці не ў лік. Хаця будзем памятаць, што Радзіончык як быццам працуе ў Гарадзенскім аддзяленні СПБ, і не будзь гэтага факту – ці дапусцілі б яго ў “Нёман” з падборкаю?
А цяпер выберам пару вершаў:

Кастаньеты и маракасы

...Мы не в Рио на карнавале,
А в Парибасе; год не помню...
С Хуанитой на сеновале,
С команданте в каменоломнях.

Тут фантазий моих орбиты.
Гобелен из историй соткан
В день прощания с Хуанитой
С шумным праздником битых окон...

Не кубинец, не мексиканец,
Ход событий я носом чую,
Вспоминаю зари румянец,
Громыханье пальбы вслепую.

А теперь все вокруг иначе.
В моем доме забиты ставни,
И в мятежной Гуано-Аче
Дух войны навсегда оставлен.

Мне милее рожок отбоя,
Чем сигнал полковой трубы.
...Но все так же лишен покоя,
Я вкушаю плоды борьбы.

«...Кастанеда писал о совсем другом!..» —
Мне на память приходит Летов.
Вот такие вот маракасы кругом,
Такие, блин, кастаньеты.

Другі:

К себе

Это звучит, как надпись над ручкой двери таверны.
Все эти долгие годы я стараюсь быть верным
Этой надписи и себе.
Мой карабин закопан в саду, и мне за него обидно.
Еще мне пришлось сбрить усы, из-за которых не видно
Моих улыбок судьбе.

К себе...

Уж целый век миновал с тех пор,
Как я повесил шляпу на гвоздь.
В душе затухает страсти костер,
В таверне я — редкий гость.

Но где бы я ни был теперь, какую бы ни носил из масок,
Огни Пасадены манят меня, слепит солнце Эль-Пасо.
И там, где меня никогда не будет и даже сегодня нет,
Пусть в час повсеместной хандры и грусти
Раздастся стук кастаньет.


Гэта, безумоўна, паэзія. І дастаткова арыгінальная. У аўтара ёсць эмацыйнасць, якую ён здатны перадаваць паэтычна. Можа запальвацца тым, чаго асабіста не перажыў – іспанскімі і лацінаамерыканскімі матывамі ды легендамі. Якасць гэтая добрая, бо вядома, напрыклад, што Пушкін у “Медным конніку” апісаў паводку ў Пецярбургу 1824 года з дзівоснымі падрабязнасцямі, хоць сам тады ў горадзе адсутнічаў і яе не бачыў. Тэлевізара і Сеціва, каб прагледзець, не было. Усё ўзяў з газет і расповедаў. А выйшла – як сам там прысутнічаў.
Радзіончык даволі выразна апісвае настрой сітуацыі, эпохі. Ёсць вершы больш пругкія і шчыльныя (як першы з прыведзеных), ёсць болей расплывістыя і менш энергічныя. Некаторых слоў і сказаў, і нават строф можна было пазбыцца наогул.
Пэўныя месцы – іх мала – выглядаюць коснаязыка, напрыклад: «Вот такие», «Такие, блин», «Все эти». Яны вылучаны і для высокай паэзіі недапушчальныя.
Такія недапрацоўкі адбываюцца праз адсутнасць крытыкі ў папяровых выданнях, аўтары гадамі робяць адны і тыя ж сістэматычныя памылкі, і няма каму ім падказаць. Рэдактары спяць сном глыбокім. Тут даводзіцца спадзявацца адно на талент. Які прысутнічае ў Радзіончыка. І на гэтым падмурку паэт мог бы расці далей, каб выпалі адпаведныя ўмовы.
Аднак у нас у краіне – і беларускі друк ёсць рэзервацыяй, дзе любы талент выраджаецца. А рускамоўная дзялянка ў “Нёмане” – пагатоў.
Тым не менш паўтаруся, што гэтую падборку чытаў без звыклай даўкасці, раздражнення. Таму абуджаецца вера ў лепшае, як ні круці.


ЛіМаразм-300

Густам і досведам

У гэтым юбілейным выпуску хочацца парушыць традыцыю і толькі бегла акрэсліць зробленае.
Аб’ём рубрыкі прыкладна – шэсць раманаў сучаснага фармату, плюс яшчэ дзве кнігі крытыкі, напісаныя раней і вывешаныя на маім сайце. Ці не зашмат?
Увогуле гады, якія пражываў у публічнай крытыцы нашай літаратурнай сістэмы – а гэта прыкладна з года 2007, – пачуваўся так, быццам брыду ўверх па горнай бурлівай рэчцы, насуперак плыні. І не ведаю, дзе канец шляху. Жыць у такім рэжыме невыносна. Бо добрыя словы дадаюць нам здароўя, а крытычныя (кепскія) адымаюць. Хваліць, такім чынам, ва ўсіх адносінах здаравей.
І ніколі б не браўся за крытычную справу, каб не тупіковая сітуацыя ў беларускай літаратуры. Не робячы гэта, адчуваў бы, што дарэмна жыву. І гэта такі нюанс, які ўсё пераважыў.
Як і ў якім рэжыме, якім фармаце будзе надалей выходзіць рубрыка – не ведаю. Адно падаецца, што столькі душэўных сілаў, разрыву аорты болей не стану сюды ўкладаць. Бо асноўнае зроблена, гэтым цешыцца буду. Далей – для душы, дзеля гумару і настрою.
Апошняя сотня (да 300-га выпуску) будзе вывешана таксама асобным файлам для зручнасці на сайце “Літсавет”.
Цяпер жа, у сённяшняе звонкае зімовае надвор’е, прарэкламую кнігу “Вершы і зоркі” Міколы Кандратава (2008, “Мастацкая літаратура”).
Выбраў вершы, што змешчаны ніжэй, наўздагад, яны не лепшыя з астатніх. (Акрамя перакладу слыннага твора Пастарнака, які лічу выдатным.)
А прысвячаю выпуск паэзіі Кандратава менавіта таму, што на мой густ і досвед – гэта наймацнейшая беларуская паэзія, што падвяргалася за 9 гадоў маёй крытыцы. Менавіта на такія вершы і такіх паэтаў кірую. І вельмі рэкамендую азнаёміцца з кнігай цалкам – па спасылцы на электронны варыянт, якую даў вышэй.
Віншую вас, спадарства, з добрым надвор’ем, харошай паэзіяй і ўдзячны ўсім чытачам і крытыкам рубрыкі.

* * *
І захочаш замаўчаць – не зможаш,
у асеннім вечары растаўшы,
нечую падслухаўшы размову,
ці чыесьці вершы прачытаўшы.

Ад нязгоды свой намер забудзеш –
кінуць непатрэбнае дзівацтва.
Зноў даводзіць нешта станеш людзям,
імкнучыся самаапраўдацца:

“Неба вечаровае над намі
чорным толькі ў роспачы здаецца…”
У вачах, асветленых слязамі,
свет на мноства зорак разаб'ецца.

Паглядзецца ў зорныя глыбіні,
як расы Гасподняе напіцца
спасціжэння літасці да бліжніх,
за якіх патрэбна памаліцца.


РАТАВАННЕ ВЕРШАМ

Думак наспелы прысуд:
шчасце згубіла давер,
ператварылася ў сум.
Сум кандэнсуецца ў верш.

Верш зазірае ў душу,
нібы спрабуе сагрэць
сонцам, што хутка памрэ,
каб нарадзіцца з дажджу,

каб уваскрэснуць ізноў…
Падаюць кропелькі слоў,
падаюць проста ў душу.
Я давяраю дажджу.


* * *
Я хацеў бы закахацца ў Вас,
нібы волю даць пачуццям лепшым,
хоць цвярозы розум у адказ,
як рамізнік, стрымлівае лейцы.

Я хацеў бы закахацца ў Вас –
рынуцца ў вір радасці і болю,
нібы ўскрыкнуць у апошні раз,
толькі лёс, здаецца, не дазволіць.

Я хацеў бы закахацца ў Вас –
зноў адкрыць Амерыку жаданняў,
нібы край, дзе ўладу страціў час…
Толькі Бог не даў мне больш кахання.


(З Барыса Пастарнака)

* * *
Ні душы не будзе ў доме,
Акрым прыцемкаў. Адзін
Дзень зімы ў скразным праёме
Захінутых ледзь гардзін.

Камячкоў бялюткіх мокрых
Толькі промільгавы ўзмах,
Толькі дахі, снег да зморы
І нікога больш няма.

І зачэрціць шэрань потым,
І заверцяць мной затым
Тагагодняя маркота,
Справы іншае зімы.

І кальнуць сухой галінай
Непрабачанай віны,
І вакно па крыжавіне
Здушыць голад дрывяны.

Ды раптоўна па парцьеры
Прабяжыць трымцення ўціск,
Ты, як будучыня ў дзверы,
Зойдзеш, гойдаючы ціш.