Месяцавая саната

Има Иро
Мемуары. Мура, карацей кажучы.

У школе я была выдатніцай. Аднак не таму, што вывучвала ўседліва ўсе ўрокі напамяць, але хутчэй дзякуючы спрытнаму розуму і вынаходлівасці. Мой лёккі непахісны карабельчык умеў удала лавіраваць у звычайным моры штодзённасці, недзе наўмысна падманваючы строгі афіцыйны курс, калі-некалі паспяхова абмінаючы штормы і падводнае каменне, час ад часу пралятаючы, заплюшчыўшы вочы і перакрыжаваўшы пальцы за спіною, скрозь саланаватыя пузырыстыя хвалі, з чаго недзе ў раёне сонечнага спляцення ласкотна займала дух. Настаўнікі ставіліся да мяне спагадліва, бо лічылі сур’ёзнай і адказнай. Мне лісліва выбачаліся дрэнныя паводзіны, дзякуючы той акалічнасці, што вучылася я ў вельмі правінцыяльнай школе аднаго з перанаселеных рабочых раёнаў, які лічыўся вельмі дрэнным і небяспечным сам па сабе, бо тады хадзілі ў крывавыя бойкі не толькі вуліца на вуліцу, але і школа на школу таксама. Хадзілі сур’ёзна, падрыхтаванымі бандамі, з сапраўднымі кастэтамі на руках, шталёвымі ланцужкамі а нават самаробнымі нунчакамі. Кожны першакласнік добра ведаў, што, напрыклад, на другі бок вось гэтай шашы пераходзіць нельга ні ў якім разе, бо там смяротныя ворагі толькі чакаюць тваех наіўных хібаў, у сваю чаргу, на ўласнай тэрыторыі магчыма было бескаранна шпурнуць камянём у патыліцу чужынцу, а нават гэткі ўчын лічыўся годнай і ганаровай справай.
Тым не меньш, аднойчы мой лёс кардынальна змяніўся, выпадкова і няўнікнёна, бо мой старэйшы брат ажаніўся з прафесарскай дачкой, з вельмі рафінаванай інтэлігентнай сям’і, пасля чаго мяне неяк нязмушана перавялі ў іншую школу.
Трэба сказаць, што спачатку я не надта зразумела, куды трапіла. Самаўпэўнена ўвайшоўшы ў новы клас, я прамаршыравала ў самы цэнтр і ўселася такім чынам, каб усе маглі мяне добра паразглядаць. Гэту параду я вывудзіла карасікам ў нейкім часопісе для падлеткаў, а карыстацца літаратурай я тады ўжо ўмела амаль эквілібрыстычна. Значна пазней я заўважыла нейкія своеасабовыя рысы характараў сваех новых аднакласнікаў, а паперш – узровень настаўнікаў і праграмы. Адразу было відавочна, што я катастрафічна паадставала амаль па ўсіх дысцыплінах, а на профільных прадметах я ўвогуле нічога не разумела, жахліва тоячыся за партай і літаючы нябёсы, каб мяне не запрасілі да дошкі.
Сярод майго новага атачэння, якое здавалася мне ўразліва зіхатлівым, было шмат амбіцыйных выдатнікаў, слоўца “залаты медаль” гучала ў нашым класе паўсядзённа, настаўніца матэматыкі, якая была нашым класным кіраўніком, пяшчотна і нэрвова гадавала сваех залатых куранят, сярод якіх я была не тое, каб брыдкім качанём, але нават дзікім крумкачанём. Рупліва падлічыўшы нешта па восені, а менавіта вясной бліжэй да завяршэння навучальнага году, яна запыталася ў мяне неяк сам-на-сам ціхенька з прыкрай усмешачкай:
-І што, у цябе таксама ўсе выдатныя адзнакі гадавыя?
Гэта так выглядала, нібы мяне застукалі, напрыклад, за курэннем у настаўніцкай ці напісаннем на сцяне ў прыбіральні мацерных словаў. Мне зрабілася неяк брыдка і сорамна, я вінавата апусціла вочы, паціснула плячыма і прамармытала:
-Ну, так.
-Ну, ну, - сказала яна тады і засмяялася. Справядліва засмяялася, бо мяне хуценька скасавалі на пераходным экзамене па біялогіі, на якім знянацку я атрымала чацвёрку, і ўслед чацвёрку гадавую, адзіную ў сваім школьным жыцці.
Аднак жыццё маё на гэтым не скончылася, а калі пачаўся новы навучальны год, маці прадбачліва купіла мне рэпетытараў з універсітэту, да якіх я цягалася два разы на тыдзень, каб аднойчы ў цесным душным пакойчыку аднаго з іх раз і назаўсёды зразумець, як насамрэч трэба вучыцца.
Дык вось, на адборачнай алімпіядзе па біялогіі, у якой удзельнічаў наш спецклас, я ў нейкі зорны момант выразна зразумела, чым і як мне эфектыўна ўразіць гарадскую камісію да непрытомнасці. Зларадна рагатнуўшы ў думках, уявіўшы сабе павыцягваныя твары чытачоў, я адлюстравала сваю бліскучую ідэю на паперы, пасля чаго ані хвіліны не сумнявалася ў перамозе. Не тое, каб мне надта ўжо хацелася перамагчы, у той момант я пра гэта не думала, але сама найчысцейшая прыгажосць рашэння задачы даставіла мне шмат шчырай радасці.  Да таго ж атрымалася, што мая вытанчаная дагледжаная настаўніца адстаялася ў муту; нават не глянуўшы ў мой бок, яна пачала ўпікаць сваю аблюбеніцу, чаму гэта не яна зрабіла, а я. Нібыта ад той небарачкі нешта залежала. Тады ўпершыню я сябе адчула па-здрадніцку пакрыўджанай, але працяг у гэтай гісторыі атрымаўся яшчэ цікавейшы, бо праз некалькі чарговых этапаў у школу на маё імя даслалі пуцёўку на алімпіяду рэспубліканскую. У тыя часы нават удзел у “рэспубліцы” гарантавана даваў права паступіць ва ўніверсітэт без экзаменаў, а перамога – ганаровае права абраць які-заўгодна ўніверсітэт у краіне.
Я зараз мяркую, што за мой удзел у той алімпіядзе біялагіца атрымала ўзнагароду. Хутчэй за ўсё, гэта так. Хадзілі чуткі, што быццам мяне нехта падрыхтаваў з маёй новай братавай радні, але гэта была, мякка кажучы, няпраўда. Тым не меньш, ад сваёй зласлівасці настаўніца мне патэлефанавала толькі за два дні да падзеі, якая мела адбыцца ў Мінску. Тэрмін не даваў мне ніводнага шанцу для падрыхтоўкі, але я памятаю, як у адчаі пабегла да сваёй сталай сяброўкі-суседкі, у якой была наўпрост у кватэры аграменная бібліятэка. Яна ўзрадавалася і напалохалася адначасова, а потым пачала даставаць з паліц навуковыя фаліянты і аддаваць мне. Яна даставала энцыклапедыі, а я складвала іх у стосікі з павытарашчванымі вачыма. Калі чары-мары трошкі паразвейваліся, мы абедзве адначасова зразумелі, што нешта не тое робім, паваліліся на тыя кніжкі і пачаўся нястрыманы рогат, і торганне ножкамі ў паветры, і біццё далонькамі аб падлогу. Вельмі весела было, ажно занадта.
Шляхам у Мінск я сутаргавата спрабавала абмеркаваць будучы экзамен з іншымі дзецьмі, але тыя мне толькі сказалі:
-Слухай, супакойся. Пераможца ўжо вызначаны загадзя, вось ён, - і паказалі мне нейкага хітраватага хлопца. Трэба аддаць яму належнае, ён сапраўды выйграў тую алімпіяду, метадычна і мэтанакіравана. Адкуль ён ведаў тэмы практычных заданняў, застаецца толькі здагадвацца, але нам ён акрэсліў некалькі тэм для самападрыхтоўкі, ад сваёй панскай шчодрасці. Дарэчы, лёс ягоны склаўся трагічна, даведалася я пра гэта выпадкова, сустрэўшыся з ім у шпіталі, але гэта ўжо іншая гісторыя.
У першы дзень алімпіяды мы здавалі тэорыю ў выглядзе тэсціравання, гэта было лёхка, бо тэматыка так-сяк прытрымлівалася школьнай праграмы, а аб нечым незнаёмым магчыма было здагадацца. З нуды я вырашыла трошкі пабэсціцца і зрабіць вольны час па-марскому хаатычным, мой басяцкі нораў узыграў з глыбіні майго сэрца, і я падгаварыла сваю каманду пайсці пабіць гамельчанаў, нібыта нехта з іх скраў мае канспекты. Гэта здаецца зараз смешным, але тады мы ўсе былі ўзбаламучаныя і агрэсіўныя. Трошкі паспрачаўшыся і пасварыўшыся, мы напрыканцы пасябравалі, а мае канспекты разам з падручнікамі дзівосным чынам пазнаходзіліся.
І вось тады я пазнаёмілася з адной дзяўчынкай з Гомеля, якая падалася мне нейкай іншапланетнай істотай, бо такіх людзей я больш не спаткала за ўсё сваё жыццё. Яна была лёккая і рамантычная, вытанчаная і ўнутрана напружаная, нібы самая цянюткая струна на скрыпачцы. У сваім чароўным захапленні яна распавядала мне пра “Месяцавую санату” Бетховена, якую палюбіла з першага разу і на ўсё жыццё, а я слухала яе і не магла наслухацца. Амаль усю ноч мы сядзелі з ёю на аграменным падаконніку ў месяцавым святле і слухалі санату з маленькага плэеру, які яна мела з сабой. Яна мне цярпліва тлумачыла, чым адна версія адрозніваецца ад другой, як гучыць той ці іншы інстумент, а я здзіўлена разумела, што нешта ў жыцці я згубіла, не заўважыўшы з борту свайго карабліка, які на той момант усё болей рабіўся падобным на пірацкі. У тую ноч гарматы змоўклі на маёй судзінцы, а ўся нахабная каманда пралівала шчымлівыя слёзы з няголеных твараў на штучныя пратэзы, назіраючы, як крылатая Ледзі з Луны грае ў святых нябёсах на сваёй залацістай арфе. У той момант мне вельмі хацелася быць хаця б крышачку падобнай да яе, нягледзячы на тое, што я цалкавіта аддавала сабе справаздачу ў немагчымасці чагосці падобнага.
Наступнай раніцай пачалася біялагічная практыка, на якой мне было вельмі смешна, бо большасць заданняў я праваліла. Разбіраючы жахлівых чарвякоў і лічынак у чашчы Петры, я адкрыта рагатала і дасціпнічала, а глянуўшы ў мікраскоп, уцяміла, што паняцця не маю аб тым, што бачу. Узяўшы сябе ў рукі, я вырашыла адлюстраваць свае веды іншым шляхам, а нават напісала даволі таленавітую работу, сэнс якой супярэчыў усім дазволам. Трэба сказаць, мой нестандартны падыход быў адзначаны дадатна, а нават я атрымала нечакана прыгожы бал. Дарэчы, усё што я бачыла тады ў мікраскопе, мне давялося вывучыць пазней, на другім і трэцім курсе ўніверсітэту, але гэта ўжо іншая гісторыя.
А менавіта гэту гісторыю я хачу скончыць тым, што найвялікшы выпадковы набытак з той рэспубліканскай алімпіяды – гэта цікаўнасць і ўвага да класічнай музыкі, а яшчэ пяшчотнае стаўленне да сапраўдных людзей мастацтва, якіх у сусвеце насамрэч не надта і шмат.

На фота мой срэбны медаль.