Прадмова

Янина Пинчук
Дакладней, яе спроба.

Ведаеце, з'ява ёсць такая: пракрастынацыя. Калі прасцей, той самы адклад, які не ідзе ў лад: вось табе даручылі працу, а ты ходзіш, бадзяешся, настройваешся, запарваше гарбату, пасля чаявання для пушчай тонкасці налады слухаеш музыку, перабіраеш ружанец, ўздыхаеш, мераеш крокамі прастору пакоя і... разумееш, што для кнігавыдавецкіх патрэб не маглі падабраць чалавека, больш бяздарнага і бездапаможнага за цябе!
З усіх сіл спрабую пераканаць сябе, што гэта не пакаранне. Хаця што робіцца ў галаве Алесі Уладзіміраўны, не зразумець нават лепшым нашым контрвыведнікам. Не кажучы ўжо пра мяне.

На самай справе, я нават не ўпэўненая, ці прачытае хтосьці калісці гэтыя запіскі (хоць пан Кухта нам паабяцаў рэкламу і піяр).

Выбачайце за дзёрзкасць, але зараз я пішу для сябе - у парадку размінкі, бессэнсоўнай і бязлітаснай. Бо кажуць, калі спасціг цябе крызіс белага ліста - вымалёўвай што заўгодна, нацюрморт з бруднага посуду, свае пакуты, працэс фотасінтэзу. Выдатна. Гэты файл я выдалю, а потым згатую нешта нармальнае, чысценькую прадмову.

Проста, ведаеце, калі я бачу, што вакол дзеецца і як многія да нас ставяцца... У мяне рукі апускаюцца. І хочацца заплакаць. Бог мяне і ў прынцыпе ўзнагародзіў «слёзным талентам», але замілаванне - гэта адно, а адчай - самі разумееце. Не, я веру! Акрамя таго, што «проста», веру ў ідэю. У сваю справу. У Ідэал.

Але трошкі як бы не верыцца, што рамантычная кніжка можа нешта змяніць. Хоць начальніцы нашай лепей відаць, яна ўвогуле вельмі лірычная, задуменная асоба... Часам здаецца, што яна зусім не створана для такой працы. З майго боку нахабства так казаць, але няўжо не яна заўсёды заяўляла, што шануе моладзь і яе «незамутнёнае бачанне»?..

Я адхілілася. Бо гэта ўсё ж такі чарнавік, паспрабую напісаць нешта талковае.

Гэтыя запіскі мастацкія па форме, але праўдзівыя па змесце. У аснову гэтай кнігі ляглі справаздачы, нататкі, дзённікавыя запісы, разважанні і перажыванні нашых супрацоўнікаў. Таму пры адзінстве стылю сюжэты могуць здацца разрозненымі. Але яны і не прэтэндуюць на тое, каб з'яўляцца цыклам, нейкім непарыўным «вянком» - у супрацьлегласць кнізе «Горад мрой» - першай спробе паважанай Алесі Уладзіміраўны крануць сэрцы грамадзян як у нашым, так і ў паралельным свеце, дзе геапалітычная рэальнасць непараўнальна больш мізэрная і ўбогая, але многія моманты ўсё роўна роднасныя нашай рэчаіснасці.

Яна пісала гэты раман (не, усё ж такі не зборнік) у суаўтарстве са сваёй сяброўкай і духоўнай сястрой з Таго Боку, таму што баялася і саромелася апісваць усё сама. Напэўна, падобна практыцы хірургаў, якія ніколі не аперуюць родных. Яна даверыла канчатковы варыянт вернай саюзніцы, чырванеючы ад збянтэжанасці і натхнення - таму што іх перажыванні аказаліся вельмі, і нават занадта, падобныя. Хоць мяне яны кідае ў збянтэжанасць - я пакуль ніяк не магу састыкаваць лірычную гераіню і свайго боса. Я не маю права гэтаму верыць, гэта псіхалагічная абарона.

Прызнаюся, я палічыла гэты першы опус занадта «атмасферным», па-мяшчанску цёплым і салодкім - і яшчэ знайшла там занадта моцнае перайманне лацінаамерыканцам, на мой густ. Зразумелая справа, яны ўпіваюцца падрабязнасцямі, ядуць іх на сняданак і на абед... І вось я, насцярожаны вожык, не ведаю, ці такая ужо добрая гэтая кніга з сентыментальнай назвай - гэтаксама, як і гэты «кампендыум».

Такім чынам. Гм-гм. Прэзентую вам мастацкія зводкі з жыцця байцоў нябачнага фронту. Розныя яны людзі, з тым-сім маю зносіны лепшыя, з некім горшыя. Праца іхняя нялёгкая сама па сабе. Характар звычайна цяжкі альбо дзіўны. Ёсць у некаторых прыхільнасць да лакавання рэчаіснасці, лішняй пастаральнасціі - гэтым я пагарджаю, але метадаў пазбягання асабіста я не бачу, ужо такі ідэалагічны кантэкст. А можа, гэта і выдатна, любоўнае апісанне сталіцы, нават малога яе закутка, а за рогам - крывавае месіва. Або кан'юнктурнач рамантыка - гэта ўжо як вам пашанцуе.

І ўсё ж такі прадстаўляю на суд ваш гэтую кнігу з прэтэнцыёзнай назвай.

малодшы лейтэнант Інквізіцыі, Альдона Дзяржынская
23:17, 5-я кубак гарбаты за вечар
1978 год, Мінск