перасцярога

Янина Пинчук
заклінаю:
імя яго проста забудзься,
асцерагайся літары “Ю”,
бо ўжо надта блізка
яна падабралася
і злева стаіць,
кідаючы цень на тваю;
бо імя яго корань
не мора – распуста;
вось чаму кінь дурное,
не любуйся вялікай
драпежнаю птушкаю
і каціныя перлінкі-зубкі
у захапленні не выскаляй;
і не едзь
да Кузнецкага Моста,
не імкніся да станцыі
з назвай злавеснай
і слядоў сваіх не пакідай;
не глядзі на пад’езды
жоўтага дома;
ў сутарэнні спускацца
не думай, прашу;
бар “Разведка” -
чартоўскае месца,
і не уздумай смяяца,
папраўляць акуляры,
валасы фарбаваць
у попельна-белы,
і пра сіні жакет
табе лепей не думаць -
і сукенкай мяне
не падманеш таксама,
бо адценне падобнае –
я змог здагадацца;
не купляй жа і сініх бутэлек
“малако любімай жанчыны”
віно не тваё, то атрута;
Кутузаўскі ўночы
для шпацыра твайго
неналежнае месца;
але бачу твой здзеклівы позірк;
ды не стой ты пад
памятнай шыльдай,
нібы пад стралой,
павярнуўшыся ў профіль!
і кавярня за нумарам
“дваццаць шэсць”
на Свярдлова
супадзенне? не думаю;
вось ты зноў ляціш на метро –
пад зямлёй табе мёдам намазана;
бо цягалася ж на Кальварыю,
да Крамлёўскай сцяны цябе
цягне таксама – не дзіва!
як няпроста быць
сябрам вядзьмаркі...
ну, глязі ты там, акуратна...