Тралейбус

Янина Пинчук
Субмарына-тралейбус,
Бледны прывід тэатра,
Вечар поўніцца ветрам,
І зялёнай імглой;
Прадзірае да скуры
Ізумруд светлафораў,
І тралейбус імчыцца
Сіратлівай стралой -
Праз сырое дыханне
Насцярожаных вуліц,
Карагоды скалелых
Чорных дрэў з сівізной,
Ад маўклівага дому,
Нікуды і без мэты,
Бо самотна і мёртва
Між людзей усё адно;
Павароты, прыпынкі;
У дамах тухнуць вокны;
Чарната ціха ліжа
Запацелае шкло,
І салон апусцелы
Запаўняецца смуткам,
І тралейбус імчыцца
Сіратлівай стралой.