Каложа i пiрамiды

Има Иро
Нядаўна нейкі публічны (але не занадта) экстрасэнс агаломшыў мой розум адной фразачкай. Ну вось забыць не магу, а запытацца наўпрост боязна. І хажу ўжо дзён дзесяць з галаваломкай у мазгах, усё шукаю рашэнне.
Што ён ляпнуў? Што самае-прысамае месца моцы гэта старажытная Каложа ў Гародні, і што амаль нічога хаця б роўнага няма наўкол на тысячы кіламетраў. Я асабіста дрэнна разбіраюся ва ўсялякіх містычных назвах і тэрмінах, але прыкладна ўяўляю сабе сэнс паняцця “месца моцы”. Маўляў, нейкія дзівакаватыя магі-дзікуны туды павінны прыходзіць па-адзінку ці кумпаніяй, каб нейкім чароўным чынам здабыць чагосці накшталт “касмічнай энергіі” ці якіх іншых цудадзейных выпраменьванняў. Не, зразумела, што там царква праваслаўная знаходзіцца, але божая ласка амаль не мае дачынення да экстрасэнсорыкі д’ябальскай, як я мяркую.
Дык вось што, паважанае спадарства. Я не вельмі гэта месца люблю, а нават пазбягаю яго чамусці ўсё жыццё. Раней я нават пра гэта ніколі не думала, але вось прыйшлося. Не тое, каб я там сябе неяк дрэнна адчуваю, не. Але за ўсё сваё доўгае жыццё я, гарадзенка, там была можа тры разы, у адзін з якіх мне прыйшлося туды бегчы ўгару па ледзь бачных прыступачках з камянёў, спазняючыся. Бо я, дарослая, не ведала, як туды інакш дабрацца!
Кажуць, што некалі даўным-даўно ў месцы гэтым было буйное паганскае капішча, але якая там адбывалася брыда, ніхто ўжо не ведае, нажаль; вядома толькі, што царкву пабудавалі прыкладна ў дванаццатым стагоддзі, паўкладаўшы пры гэтым у муры абрадавыя камяні-валуны з таго самага капішча, шчыльна паабмазваўшы іх нейкім пракаветным папярэднікам сучаснага цэменту і дадаўшы ўнутр велькія пустыя гліняныя збаны. Усё гэта ўпрыгожылі даволі незычайнымі рознакаляровымі ромбавіднымі крыжыкамі і фігуркамі.
Наконт назвы эксперты таксама спрачаюцца, бо ў гэтай пустэчы-лысым гаі ніколі не было людскіх селішчаў, пакуль туды гвалтоўна не прымусілі пасяліцца запалоненых людзей з-пад Пскова. Тое пераможанае прадмесце нібы звалася Каложа, і няшчасныя людзі прынеслі гэтую назву на чужынскую зямлю разам з няхітрым скарбам.
Няхай гэта была гістарычная зацемка, але я працягваю свае недарэчныя развагі, нічым не абгрунтаваныя. Напрыклад, мне падаецца, што Каложскі парк месца вельмі непрыгожае і неўтульнае. Ані сама царква, ані наваколле мне не падабаюцца. Шчыльны плот з бетона, які агароджвае будынак, увогуле выглядае агідна. Яго не павінна быць! У мяне адчуванне, што старажытны артэфакт усімі сіламі змагаецца за свабоду, адсоўваючыся ад гэтага суцэльнага муру, і менавіта з гэтай нагоды ўсяляк стараецца зваліцца ў Нёман. Некалі ён абавязкова абрынецца з берага, у самы нечаканы момант, паглЯдзіце.
Месца моцы ў цеснай зашмарзе, нібы засіліўшыся, вісіць на валаску. Нават колер найноўшай драўлянай сцяны нагадвае мне нябожчыка. А можа, гэта наўмысна зроблена? Але калі і кім? Пытаннечка. Я знайшла сёння ў сеціве інфармацыю, што магчыма ў царкве ў часы заняпаду былі адноўленыя паганскія абрады і нават чалавечыя ахвяры пырскалі крывёй на пракаветныя камяні. Але ці было гэта? Тым не меньш, ведаць гэта непрыемна.
Яшчэ я даведалася, што заўзята любіў Каложу Ўладзімір Мулявін, а нават спансараваў пабудову алтара ў царкве. Кажуць, ён неспадзявана вылечыўся там ад нечага ці набыў нейкай таямнічай энергіі, таму лічыў гэта месца цудадзейным. Жуда, мурашкі па скуры.
Дзіўна ўсё гэта выглядае, паважанае спадарства, асабліва ўлічваючы выпадкова пачутыя мной словы пра месца моцы на тысячы кіламетраў. Першае, што я ўзгадала, абурыўшыся, узбунтаваўшыся ўнутрана з усёй душы, гэта егіпецкія піраміды ў Гізе. Ад Гродна да іх прыкладна 2700 кіламетраў. Дык вось, калі я асабіста наведвала гэтыя піраміды, са мной нешта здарылася надзвычайнае, я добра памятаю. Трэба сказаць, што ані тады, ані зараз я не цікавілася занадта гісторыяй ці рэлігіяй Егіпта больш, чым дае школьная праграма. Мае веды вельмі павярхоўныя, а паехалі мы туды проста як турысты рускамоўныя пазабаўляцца ды паглядзець на сусветны цуд, паехалі праз пустыню на трох аўтобусах. Вандроўка гэта была вельмі небяспечная, нас суправаджалі вайскоўцы ў джыпах з аголенай узнятай зброяй, а ў кожным аўтобусе знаходзіліся вельмі сур’ёзныя аўтаматчыкі. Становішча было вельмі напружанае, тым не меньш, мы жартавалі і бадзёрыліся. Не надта я ўразлівая, але можа і перахвалявалася занадта. Калі мы ўжо пад’яжджалі да пірамід, у мяне пачала вельмі моцна балець галава. Я не памятаю, каб мне яшчэ калі так балела галава, са мной гэта ўвогуле вельмі рэдка здараецца, таму лекі пры сабе я маю для іншых і амаль не карыстаюся імі сама. У той дзень на пірамідах я з’ела падвойную дозу абязбольвальных сродкаў без якога-небудзь пажаданага эфекту. Ані трошачкі яны мне не дапамагалі. Можа нейкім пабочным чынам мне было вельмі жахліва, а яшчэ было адчуванне прысутнасці нечага, што я б акрэсліла “абсалютнае зло”. Сцвярджаць гэта ўпэўнена я не магу па зразумелых прычынах. Вядома, я намагалася не зварочваць увагі на свой стан, каб паглядзець і дакрануцца да старажытных камянёў, разам з сябрамі, якія ў захапленні насалоджваліся прыгожым краявідам, а нават вырашыла залезці ў адзін з дазволеных хадоў унутры піраміды. Затрымлівацца там нельга, бо лаз вельмі звужаны і чарга валацуг упіраецца адно аднаму ў патыліцу. Ужо там унутры ў мяне пачалася расфакусіроўка зроку і вельмі прывабна было страціць прытомнасць, але я стрымалася. Увесь астатні час я бавілася ў намаганні трымацца пры памяці і змагалася з болем. Ах, як мне было дрэнна! Не надта я памятаю, як той сфінкс выглядае.
Усе мае сімптомы раптоўна зніклі пасля таго, як мы ад’ехалі ад гэтых пачварных пірамід на нейкую бяспечную адлегласць. Спадарожнікі мае доўжылі ўвесь час весяліцца, прыгожыя і здаравюсенькія, разглядаючы цікавыя фотаздымкі, а я баялася паварушыцца, каб не спудзіць асалоду адсутнасці жудаснага болю.
Прайшло некалькі год з таго падарожжа, а знянацку я ўбачыла па тэлевізару, што менавіта ў Гізе ёсць нейкая падземная схованка з нейкім вельмі-вельмі таямнічым змесцівам. Нібы ўлады Егіпта забаранілі ўсялякія даследаванні ў гэтым рэгіёне. І правільна, я лічу. Не ўсё на свеце трэба ведаць. Я і зараз зусім не цікаўлюся гісторыяй і рэлігіяй Егіпта, я туды больш ніколі не паеду нават пад прымусам, нізавошта. Яшчэ і таму, што ў знакамітым музеі ў Каіры ў мяне пачаўся прыпадак удушша, упершыню ў жыцці. Месца моцы, не інакш.
Вось такая хірамантыя, каб яе.
Мой муж смяецца з мяне і сцвярджае, што піраміды- гэта велькі падман. Ён кажа, што там пляцоўка, залітая нечым падобным на бетон. Старажытны бетон невядомага страчанага складу. І кожны камень у пірамідах таксама зроблены проста на месцы з бетону. Ніякія камяні там не абчэсвалі і не ўзнімалі. І сфінкс таксама заліты, паслойна. Але, што ён разумее.
Яшчэ супадзеннем лёсу ён асабіста ўдзельнічаў у рэстаўрацыі Каложскай царквы, вольна хадзіў вакол таго самага алтара і вельмі гэтым ганарыцца. Звычайная царква, кажа ён. Але, ён ніколі не баяўся ані святароў, ані святынь. “Я чалавек, мужчына, мне ўсюль дазволена зайсці, не тое, што гэтым бабам,”- кажа ён упэўнена з пагардай. Хіба, слушна.


Малюнак: Алесь Kontra
А каму яшчэ не баліць галава, дасягнуць гэтага магчыма, праслухаўшы твор Мулявіна:
http://www.youtube.com/watch?v=-HvPO2y24xw