Пошасць

Нероли Ултарика
Сястра Марфа, служыцелька прытулку для дзяўчынак пры Свята-Елісавецінскім манастыры, прыбыла ў Мураўёў-Віленскі позна ўвечары. Стрэлкі гадзінніка на будынку былой ратушы паказвалі чвэрць на дзясятую, калі рахманая сястра, велічная ў сваім манаскім убранні і шубцы (ахвяраванай кімсьці з парафіян) увайшла ў вестыбюль гасцініцы. Услед за манашкай маўкліва крочыла дзяўчынка гадоў трынаццаці ў цёмнай казённай вопратцы і з вучнёўскай торбай цераз плячо – імаверна, адна з выхаванак прытулку.
Спыніўшыся каля стойкі адміністратара, сястра Марфа распісалася ў журнале рэгістрацыі за сябе і за дзяўчынку, якую пазначыла як "Дар'я Ч., 12 г. 11, 5 мес.", расплацілася за пакой, забраніраваны загадзя, і заказала вячэру ў нумар: кураня "табака" з арэхавай падліўкай, дранікі, фаршыраваныя свінінай у смятанным соусе, гарачыя часночныя булачкі, чарнічнае суфле з узбітымі вяршкамі і безалкагольны глінтвейн.
Праз некаторы час (электроннае табло ў вестыбюлі паказвала палову на адзінаццатую) сястра Марфа выклікала да сабе з нумар пакаёўку і загадала прынесці мінеральнай вады і таблетку ад расстройства жывата. Пэўна, яе далікатны страўнік не справіўся з цяжкаватай вячэрай.
Апоўначы, калі пастаяльцы разышліся па нумарах, і адміністратар збіраўся быў паглядзець на тэлефоне заходні серыял пра прышэльцаў, спампаваны праз VPN, а потым крышку падрамаць, у вестыбюль спусцілася дзяўчынка, у журнале рэгістрацыі пазначаная як "Дар'я Ч.", і падышла да стойкі.
– Сястры Марфе вельмі нядобра, – ціха сказала дзяўчынка. І памаўчаўшы, дадала: – Здаецца, яна памерла.
Калі адміністратар і пакаёўка ўварваліся ў нумар, перад іх позіркам паўстала сястра Марфа, якая ляжала на падлозе без прыкмет жыцця. Шырокія рукавы падшыванага халата, у які яна пераапранулася на ноч, закасаліся да локцяў, і на запясцях былі выразна бачныя ўздзьмутыя барвовыя язвы памерам з курынае яйка. Манашка была мёртвая, але язвы на яе руках рытмічна пульсавалі, нібы знутры імкнулася праклюнуцца кашмарная і ненажэрная істота-паразіт з серыяла пра прышэльцаў.
Згодна з інструкцыяй, у выпадку надзвычайнага здарэння адміністратар мусіў пазваніць не ў гарадскія службы, а найперш дырэктару гасцініцы, што і было зроблена, балазе стацыянарныя тэлефоны ўжо працавалі. Дырэктар, які жыў у двухузроўневай кватэры з эркерным балконам літаральна цераз дарогу ад гасцініцы, прымчаўся ў пяць хвілін, спехам накінуўшы паліто паўзверх фланэлевай піжамы. Зазірнуўшы ў пакой, ён з парога агледзеў памерлую. Язвы на яе запясцях даспелі і раскрыліся, падобна пялёсткам грымотніку – слізка-барвовыя зевы млява пульсавалі, вывяргаючы густы жаўтлявы гной, які цёк на падлогу і паскудзіў каштоўны палас. Дырэктар адступіў у калідор, зачыніў дзверы, жэстам падазваў адміністратара і шэптам аддаў распараджэнні. Пастаяльцаў ні ў якім выпадку не турбаваць, захоўваць спакой. Нікуды не званіць, "хуткую" ён выкліча сам. Цела памерлай не чапаць. Пакой зачыніць на ключ і нікога туды не пускаць да прыбыцця ўпаўнаважаных асоб.
Вярнуўшыся дадому, дырэктар скінуў з сябе паліто, піжаму, чаравікі, запакаваў усё ў цэлафанавыя пакеты і склаў каля сметніцы. Двойчы вымыў рукі з мылам і старанна працёр іх спірытусам. Адчыніў гардэроб і з хвіліну паразважаўшы, надзеў зручны спартыўны касцюм, уцепленыя красоўкі і лыжную куртку на гусіным пуху. Адключыў газ і водаправод. Нарэшце, зняў з антрэсоляў "трывожны чамаданчык", які мусіў мець кожны грамадзянін Імперыі на выпадак тэхнагеннай катастрофы, стыхійнага бедства альбо нападу варожай арміі. Заставалася апошняе. На століку ў перадпакоі стаяў рарытэтны тэлефонны апарат з карбалітавым корпусам. Дырэктар адшукаў у даведніку нумар кругласутачнай санітарна-эпідэміялагічнай службы ў абласным цэнтры, зняў трубку і крутануў дыск. Дачакаўшыся адказу, ён коратка паведаміў, што ў Мураўёў-Віленскім зафіксаваны выпадак моравай язвы і прадыктаваў адрас. Адміністрацыя абласнога цэнтра павінна была звязацца з Мінскам і атрымаць неабходныя распараджэнні, але дырэктара гэта ўжо не датычылася.
Ён патушыў у кватэры святло, з чамаданчыкам у руцэ выйшаў на лесвічную пляцоўку, замкнуў дзверы на абодва замкі і ігнаруючы ліфт, стрымгалоў паімчаўся па лесвіцы ўніз. Дырэктар гасцініцы быў зацятым халасцяком, і ў думках ён падзякаваў Госпаду за гэта. У бягучых варунках сям'я была б яму баластам.
На выхадзе з пад'езда ён ледзь не сутыкнуўся з суседам – чыноўнікам выканкама, які жыў паверхам ніжэй. За спінай у яго боўтаўся паходны заплечнік, на рукі былі нацягнутыя гумовыя пальчаткі, а на твар – медыцынская маска, што ў спалучэнні з ягоным канторскім гарнітурам выглядала дзіўна. Угледзеўшы суседа, чыноўнік адскочыў, нібы ўджалены, і спуджана прагугнявіў скрозь маску: "Дыстанцыя!.." Дырэктар ляпнуў сябе па лбе, але вяртацца па маску было позна. Ён нацягнуў на твар каўнер курткі і выйшаў на двор.
На вуліцы панаваў хаос. У гасцініцы гарэлі ўсе агні, дзверы вестыбюля былі разнасцежаны. Уздоўж дарогі, выцягнуўшыся ў бясконцы ланцуг, стаялі таксоўкі. Па ходніку кідаліся людзі з дарожнымі сумкамі, заплечнікамі, бауламі і чамаданамі. Хаця дырэктар строга загадаў адміністратару не распаўсюджваць інфармацыю, той, відаць, разбалабоніў саслужыўцам, ад тых даведаліся пастаяльцы, і пачалася паніка, якая спярша ахапіла гасцініцу і неўзабаве перакінулася на суседнія дамы.
Як большасць наменклатуршчыкаў, дырэктар не меў уласнага аўто і ездзіў на казённай "Мазэраці", не выдаткоўваючы ні капейкі ні на бензін, ні на тэхабслугоўванне. Мабыць, упершыню ў жыцці ён пазайздросціў уладальнікам патрыманых "карчоў", бо напярэдадні ён загадаў свайму шафёру адагнаць машыну ў ведамасны гараж і цяпер апынуўся ў дурацкім становішчы: кругом пажар, а яму няма на чым ехаць. Ён кінуўся быў да найбліжэйшай таксоўкі, але яго спынілі выкрыкі: "Занята! Занята!" Судовы прыстаў, які жыў у доме насупраць, нёсся да машыны, валочачы за сабой чамадан на кольцах і прыціскаючы да грудзей гаршчок з хатнім фікусам. Следам драбязіла ягоная мажная жонка і тры дочкі, заспаныя і злыя ад таго, што іх паднялі сярод ночы і пацягнулі немаведама куды, не даўшы ні ўмыцца, ні ўлажыць валасы.
На шчасце, суседняя таксоўка была свабодная. Заскочыўшы ў салон, дырэктар рухнуў на сядзенне і крыкнуў вадзіцелю:
– Руш!
Куды ехаць, удакладняць было неабавязкова. Прэч, прэч з горада, і як мага хутчэй!
*
Інспектар прачнуўся пасля поўдня ў меланхалічным настроі і з галаўным болем. Патройная доза мешані, прынятая напярэдадні, наўрад ці магла прынесці шкоду, а вось алкаголь быў яўна лішнім. Інспектар не быў аматарам моцных напояў, але перажытае эмацыянальнае ўзрушэнне вымагала кампенсацыі, і вярнуўшыся ў гасцініцу пасля візіту ў СІЗА, ён запатрабаваў сабе ў нумар пляшку вядомай субстанцыі, што ў народзе завецца "беленькай", хаця наогул колеру не мае. Ён са стогнам падняўся з ложка, пляснуў з графіна вады ў гранёную шклянку, кінуў туды таблетку ацэтылсаліцылавай кіслаты і залпам праглынуў шыпучую вадкасць. Пятнаццаць хвілін пад гарачым душам прывялі яго ў прытомнасць. Зараз кубак-другі моцнай кавы, і ён канчаткова вернецца да жыцця. Заказаць кавярнік у нумар яму не ўдалося, бо ў рэгістратуры не адказвалі на званкі.
– І тут гармідар! – Інспектар разгневана кінуў трубку, надзеў кіцель і выйшаў у калідор.
Яго занудзіла ад едкага паху антысептыкаў. Дзверы пакояў былі паадчыняныя, у гасцініцы панавала гулкая цішыня – ні пастаяльцаў, ні персаналу, толькі на лесвіцы за шкляной перагародкай маячыў суб'ект у рэспіратары і ахоўным камбінезоне. Ён засяроджана вадзіў па сценах трубкай на гнуткім шлангу, які мацаваўся да ранца ў яго за спінай. З трубкі са свістам вырывалася пара, і лесвічная пляцоўка нібы патанала ў клубах туману.
– Таварыш! – аклікнуў яго Інспектар. – Да, да, вы! Я маю задаць вам пару пытанняў.
Суб'ект аказаўся супрацоўнікам службы біялагічнай абароны. Адключыўшы свой ранец-распыляльнік, але застаўшыся ў рэспіратары, ён коратка паведаміў, што ноччу адзін з пастаяльцаў памёр ад моравай язвы, цяпер горад зачынены на каранцін, а проста зараз праводзіцца дэзінфекцыя будынка. "Настойліва рэкамендую пакінуць памяшканне," – закругліў сваю прамову дэзынфектар. Па-вайсковаму развярнуўшыся, ён выйшаў на лесвічную пляцоўку і зноў уключыў свой агрэгат.
Інспектар вярнуўся да сабе ў нумар і хутка, але без панікі ўзяўся за зборы. Навіна пра карацін яго не асабліва ўсхвалявала. Пасведчанне маёра Галоўнага ўпраўлення адчыняла перад ім усе дзверы. Інспектар паспрабаваў быў звязацца з верталётчыкам, але рамонтны ангар не адказваў, і ён кінуў трубку. Халера з ім, паедзе на машыне. Спярша ў лечкамісію па вакцыну (з моравай язвай жарты кароткія), затым у Адміністрацыю Губернатара. Калі ўсё пойдзе гладка, ён ужо сёння здзейсніць намечаны план: нанясе візіт Яго Правасхадзіцельству і пакладзе кампрамат яму на стол. Інспектар аўтаматычна зазірнуў у чамаданчык, пераканаўся, што дыктафон з запісам допыту на месцы і на ўсякі выпадак праверыў табельны пісталет, які трымаў пад кіцелем у кабуры. Заставалася забраць палоннага з СІЗА, і ён назаўжды пакіне гэты чортаў горад.
*
Каля будынка следчага ізалятара прытармазіў белы "джылі" з ведамаснымі нумарамі і спыніўся, не заглушаючы матор. Шафёр, малады чалавек гадоў дваццаці пяці з прылізанымі валасамі і значком Саюза патрыятычнай моладзі на лацкане пінжака, сціскаў стырно дрыготкімі рукамі, ягоны гладкі твар быў белы, як канторская папера. Калі ноччу ў гасцініцы, а потым і ва ўсім квартале пачалася паніка, ён застаўся на сваім пасту каля параднага ўваходу. Шафёр не быў гераічнай асобай. Ён і рады быў бы збегчы з зачумленага горада, але начальніцкі гнеў і пагроза пакарання за дэзерцірства пужалі яго значна больш, чым эпідэмія.
Інспектар на пярэднім сядзенні захоўваў вытрымку і спакой. За час ягонай службы ў Паўночна-Заходняй акрузе гэта быў ужо другі выпадак моравай язвы. Першы адбыўся амаль пяцігодку таму. Тады ізалявалі два райцэнтры ў Магілёўскай вобласці і аператыўна даставілі ў зону заражэння процівірусную сываратку. Дзякуючы зладжанай рабоце дзяржорганаў ачаг хваробы ўдалося хутка лакалізаваць – у агульным рахунку памерла не больш за сотню чалавек. Улады прасачылі, каб гэты выпадак не трапіў у прэсу, але збеглыя з Дыяспары нейкім чынам дазналіся і паднялі гвалт, маўляў, акупацыйны рэжым забівае беларусаў.
– Заліць бы напалмам усю іхнюю кодлу, – прамармытаў Інспектар, выходзячы з аўто.
На прахадной следчага ізалятара яго сустрэў незнаёмы турэмшчык, немалады і лысаваты, з пажоўклымі ад тытуню вусамі і носам бурачковага колеру. Інспектар прыкмеціў, што кашуля ў яго не адпрасаваная, а кіцель зашпілены не на той гузік. Вусаты турэмшчык назваўся намеснікам начальніка СІЗА, на пытанне, дзе начальнік, расплывіста адказаў, што таварыш Тур пайшоў на бальнічны. Ад яго моцна патыхала спірытусам. Мяркуючы па ўсім, намначальніка зрабіў захады па прафілактыцы заражэння, ужыўшы стары правераны спосаб – прадэзінфіцыравацца знутры.
Вязніца была пустая. Зняволеныя – два дэбашыры і махляр – прапалі, то-бок, былі адпушчаныя пад падпіску. У камеры заставаўся толькі палонны экстрэміст.
– Экстрэмістаў, Вашбродзь, не вызваляць нават коннікі Апакаліпсіса! – пафасна пракаментаваў намначальніка, які суправаджаў Інспектара па калідоры ізалятара. Турэмшчыка добра вадзіла ў бакі, хаця ён усёй сілы стараўся ісці роўна. Ён спыніўся перад дзвярыма камеры і асавела патыцкаўшы ключом у замочную адтуліну, адчыніў. Камеру, зрэшты, можна было і не зачыняць, бо палонны і так бы нікуды не дзеўся з прычыны свайго фізічнага стану.
Інспектар схапіў сляпога за руку і гыркнуўшы: "За мной!" пацягнуў яго да выхаду. Намначальніка пасунуўся быў следам, спыніўся і пакруціў галавой. Справядліва разважыўшы, што ягоны працоўны дзень скончаны, ён рушыў у начальніцкі кабінет, дзе чакалі пляшка і шклянка, з намерам давыканаць уласны намечаны план – піць, пакуль ён сам не пойдзе на бальнічны.
Інспектар заштурхнуў палоннага на задняе сядзенне, сам уладкаваўся поруч з шафёрам, і машына сарвалася з месца. Ігнаруючы святлафоры, яны імчалі па вуліцах гарадка, якія здаваліся вымерлымі – зрэшты, у звычайны будны дзень нават у Мінску нешматлюдна, а ў выходныя, асабліва ўлетку, можна прайсці па праспекце ад плошчы да плошчы і не сустрэць аніводнага мінака. На скрыжаванні машына прытармазіла. На праезджай частцы стаялі два бэтээры і паліцэйская матацыклетка. Вайскоўцы ў зелянковай форме і масках-рэспіратарах узводзілі драцяныя загароды, адсякаючы адзін квартал ад другога. Палова вуліцы была ўжо перакрытая.
– Наперад! – скамандаваў Інспектар.
 Шафёр ударыў па газах, і машына рванула ў вузкую арку між спіралямі калючага дроту, ледзь не збіўшы паліцыянта з афіцэрскімі пагонамі, які настойліва падаваў ім знакі развярнуцца.
На выездзе з горада шафёр быў змушаны спыніць машыну. Каля блокпаста тоўпіліся людзі. Перад шлагбаумам выстраіліся ў шарэнгу апалчэнцы з вінтоўкамі напагатове. За іх спінамі віднеліся бетонныя блокі, мяшкі з пяском і рулоны калючага дроту. Шасэ было заблакаванае аўтазакамі, пастаўленымі лоб у лоб. Натоўп гудзеў. Здавалася, вось-вось выбухне бунт. Інспектар паставіў чамаданчык на падлогу і выняў пісталет з кабуры.
– Агнястрэлам валодаеш? – спытаў ён у шафёра. Той спалохана заківаў. – Прыкрыеш.
Інспектар сунуў зброю ў рукі шафёру і выйшаў з машыны. Праціснуўшыся скрозь натоўп, ён наблізіўся да шлагбаума.
– У чым справа? – загрымеў ён.
Адказу не было. Апалчэнцы глядзелі міма яго, трымаючы вінтоўкі ствалом уніз, палец на спускавым кручку. Інспектар наблізіўся ўшчыльную да аднаго з байцоў. Ягоны твар быў напалову схаваны пад рэспіратарам, але зазірнуўшы яму ў вочы, Інспектар зразумеў, што перад ім зусім яшчэ сапляк.
– Я маёр Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з экстрэмізмам, – ён выхапіў з-за пазухі пасведчанне і сунуў яго апалчэнцу пад нос. – Вы пойдзеце пад трыбунал за тое, што чыніце перашкоды палітычнай паліцыі.
Апалчэнец падаўся назад. Аднак напалохала яго не пагроза трыбунала. Ён нават не зірнуў на пасведчанне. Апалчэнец глядзеў на запясце Інспектара. На палосцы скуры паміж пальчаткай і рукавом шыняля выразна праступалі барвовыя плямы.
– Стыгмата! – крыкнуў апалчэнец. Голас пад маскай гучаў прыглушана, але пачулі яго ўсе.
– Стыгмата! Стыгмата! – нібы рэхам, залунала над вуліцай.
Натоўп адхіснуўся. Вакол Інспектара ўтварылася пустая прастора. Краем вока ён убачыў дзве фігуры ў касцюмах біяаховы, якія накіроўваліся наўпрост да яго. Людзі спешна расступаліся, даючы ім дарогу.
– Пройдземце, – пачуў ён бясколерны голас. Цяжкая рука легла яму на плячо. Азірнуўшыся, Інспектар убачыў сваё адлюстраванне ў шкельцах чумнай маскі – збялелы разгублены твар, фуражка з'ехала на вуха.
– Не маеце права! Я афіцэр палітычнай паліцыі!
Яго ніхто не слухаў. Два санітары службы біялагічнай абароны ўзялі яго пад локці. Інспектар рвануўся, спрабуючы вызваліцца, але яго ўжо цягнулі да сіняга мікрааўтобуса, які ён спярша не заўважыў за натоўпам. Інспектар у роспачы зірнуў на машыну. Шафёр сядзеў на сваім месцы і з жахам назіраў за тым, што адбываецца.
– Што глядзіш, крэцін? Страляй! – крыкнуў Інспектар.
Шафёр выскачыў з машыны і ўскінуўшы пісталет, пабег у бок шлагбаума. У гэты момант апалчэнцы адкрылі агонь. Шафёра адкінула назад, з ягоных грудзей вырваўся фантан крыві. Падаючы, ён паспеў націснуць на кручок. Грымнуў стрэл, куля з віскам зрыкашэціла ад камянёў бардзюра. У натоўпе загаласілі. Пачуўся рэзкі вокліч: "У паветра! Страляць у паветра!" Грукат стрэлаў змяшаўся з трашчаннем электрашокераў-дубінак, якімі апалчэнцы разганялі натоўп.
У хуткім часе вуліца спусцела. Небаракі, якіх напаткаў удар дубінкі, хістаючыся, уставалі з асфальту і ціха клыпалі назад у горад. Апалчэнцы адступілі за шлагбаум. Пасярод вуліцы стаяў белы "джылі" з прастрэленым лабавым шклом, поруч ляжала скурчанае цела шафёра.
*
На вуліцы пачынала шарэць, калі шафёр расплюшчыў вочы. Ён з крактаннем узняўся на карачкі, затым стаў на ногі, трымаючыся за дзверы машыны. На лацкане ягонага пінжака, крыху вышэй значка Саюза моладзі, зеўрала кулявая адтуліна. Ён сунуў руку сабе пад кашулю і здзівіўся, убачыўшы кроў на далоні. Болю ён не адчуваў, толькі млявасць. Касавурачыся на камуфляжныя постаці за шлагбаумам, ён усеўся за стырно, прышпіліў рэмень бяспекі і нягнуткімі пальцам павярнуў ключ у замку запальвання. Завурчаў матор. Шафёр павёў машыну заднім ходам, не спускаючы вачэй з узброеных апалчэнцаў, якія, зрэшты, і не збіраліся яго затрымліваць. Дацягнуўшы да павароту, ён асцярожна выкруціў стырно і паехаў пустыннай вуліцай, назвы якой не мог прыгадаць. Ягоную свядомасць ахутваў шчыльны морак. Што з ім адбылося, ён помніў смутна. Здаецца, яго завербавалі спецслужбы, і яны з таварышам маёрам ладзілі пагоню са стральбой, пераследуючы небяспечнага экстрэміста, як там яго – Караль Стах? Адзінае, пра што ён ведаў дакладна: ягоная місія выканана, і зараз ён мусіць адагнаць машыну ў ведамасны гараж і адсправаздачыцца перад начальствам. Ветравое шкло прыйдзецца замяніць (заклапочана разважаў ён), магчыма, выдаткі адлічаць з ягонай зарплаты. "Плакалі мае прэміяльныя," – уздыхнуў шафёр, і нібы ў пацвярджэнне ягонай думкі на вуліцы ўспыхнулі ліхтары. Незаўважна надышла ноч. Шафёр сцепануўся. Яго не пакідала адчуванне, што на заднім сядзенні нехта ёсць, але азірнуцца і паглядзець было боязна, нібыта ў машыну забраўся зомбі, рыхтык як у тых прывезеных кантрабандай фільмах жахаў, якія любяць глядзець маладыя наменклатуршчыкі ў сваіх хатніх кінатэатрах пад ліманад і смажаную кукурузу. "За машыну страгача дадуць, – круцілася ў яго ў галаве. – Прэміяльных не будзе. Зомбі на задне..." У яго ў грудзёх нібы штосьці выбухнула – не балюча, проста дзіўна. Вуліца з ліхтарамі прапала, цяпер ён ехаў па чорным аксаміце начнога неба ў атачэнні мірыяд святлівых галактык і туманнасцей. Заглушыўшы матор, ён выйшаў з машыны скрозь зачыненыя дзверы і рушыў насустрач зоркам. Ён ужо не помніў, у чым палягала ягоная місія, але ведаў, што выканаў яе на выдатна.