Залатая Горка

Янина Пинчук
Давай намроім сабе
Вуліцы ў спёку летам,
Давай уявім сабе
Дамы, асфальт разагрэты,
Давай намалюем разам
Арку за ціхім касцёлам,
Кавы ў кухні водар,
Мальваў румянец вясёлы,
Давай разаўем тэорыю,
Што быццам бы мы – багема,
Дзе вольнасць і прага жыцця
Закрэсліваюць праблемы.
Разам ісці да метро
І раз’язджацца ў бакі...
Затое – разам жывем
На беразе Вечнай Ракі.
І што, што кватэра старая?
І што, што цвінтар заблізка?
Ты пішаш ільдзістую казку.
Ствараю я вершаў нізку.
Давай акунемся разам
У свет Залатой Горкі;
Але, але – безразважна.
Затое ўзгадаць не горка!