Свята

Нероли Ултарика
Надышоў месяц студзень – час доўгіх выходных, што пачыналіся з Раства і цягнуліся дэкаду ці больш. Людзі з раніцы ішлі ў царкву, потым у шынок альбо "ў госці", дзе моцна пілі, бо заняцца больш не было чым. Даўней праз розніцу ў царкоўным і свецкім календарах быў вэрхал з зімовымі святамі, але пасля таго, як Імперыя вярнулася да юліянскага летазлічэння, усё стала на свае месцы, і цяпер больш не трэба перарываць перадкалядны пост, каб падняць келіх шампанскага пад бой курантаў. Па Старым Новым годзе толькі некаторыя сумуюць.
У адзін з вечароў да мяне зайшоў брат. Мы не бачыліся ажно з Пасхі – усё не было нагоды. Я накроіла халоднага мяса, паставіла на стол гарлач недарагога ружовага віна і запаліла свечкі. За вокнамі сінела, па радыёкропцы перадавалі нейкую навагоднюю класіку. Усеўшыся за сталом, я моўчкі глядзела на брата. У ім не заставалася нічога ад таго хлапчука, з якім мы калісьці кармілі чаек з пірса і шукалі бурштын у пяску – па-армейску астрыжаны, без уніформы, але ў цывільным камуфляжы колеру хакі і цёмна-сінім швэдры, якія носяць ваенныя. Калі ён пацягнуўся за гарлачом, які стаяў пасярэдзіне стала, я ўгледзела жорсткія валаскі на тыльным баку яго далоні, рыхтык як у нашага нябожчыка бацькі. Вочы ў яго былі такія ж – валошкавыя. І ўсміхаўся ён, як бацька. Але Ян быў мне чужым чалавекам. Мы нібыта апынуліся па розныя бакі агароджы з калючага дроту.
Гутарка не клеілася. Ён спытаў мяне:
– Як справы?
– Ды так.
Мне не было чаго сказаць. Па праўдзе маё жыццё не было цікавае нікому, нават мне самой.
– Ты была на парадзе ў Дзень Уз'яднання?
– Восенню? Не была.
– Дарма. Наша падраздзяленне ўдзельнічала. Рыхтаваліся цэлы год. Шкада, ты не бачыла – мы ішлі калонай пад сцягамі, а губернатар махаў нам з трыбуны. На ім быў парадны мундзір і белыя пальчаткі. Губернатар мяне заўважыў. Калі мы рушылі міма трыбуны, я выпадкова зірнуў яму ў вочы, а ён заўсміхаўся і кіўнуў. Можаш сабе ўявіць? Такое раз у жыцці бывае. Пасля парада я бачыў, як яны з жонкай садзяцца ў машыну. Прыгожая.
– Машына?
– Жонка губернатара. У залатых туфлях. Кажуць, у яе каханак у Крамлі.
– Можа сабе дазволіць.
Мы замаўчалі. Я ненавідзела такія паўзы, бо ніколі не ведала, чым іх запоўніць.
– Табе грошы трэба? – спытаў Ян.
– Вядома.
– То я прынёс. Не вельмі многа, але наступным разам будзе больш.
– На дзела сабраўся?
– Знайшоў падпрацоўку. Ведаеш, дзе? Ты не паверыш – у Драздах.
– Вышыбалай ці ў ахову?
– Другое. Работа не бі ляжачага, суткі цераз трое, а плаціць будуць, як за поўны тыдзень. Праўда, прыйдзецца месяц чакаць, пакуль вызваліцца вакансія – мужык, які там служыць у ахове, сыходзіць у войска па кантракце. Але гаспадар сказаў – жалезна, мяне бяруць.
– Ты быў на суразмоўі?
– Ну, так. Гаспадар асабіста гутарыць з кожным, каго збіраецца наймаць на працу, парадак у яго такі. Алесь Валога – чула?
– Не. І чуць не жадаю пра гэтых драздоўскіх.
– Кінь, ён нармальны. Кажуць, нібыта ў яго адно вока шкляное, дык гэта лухта, я спецыяльна прыглядаўся, нічога такога, ну мабыць, касавурыць трохі. Між іншым, афіцэр службы бяспекі.
– Нішто сабе!
– А жонка губернатара – яго родная сястра.
– Непагана ты кар'еру робіш, – я была ўражаная.
– Ды ну, пашанцавала проста.
Ян не затрымаўся надоўга. Калі радыёкропка адсігналіла дзевяць, ён устаў з-за стала і прыняўся збірацца, зняў з кручка свой армейскі кажух і цывільную фуражку, у якой адмярзаюць вушы. Я сядзела, падпёршы шчаку далонню, з віна мяне хіліла на сон. На выхадзе Ян замарудзіўся. Узяўшыся за дзвярную ручку, ён зірнуў на мяне з-пад казырка фуражкі. На стале ў слоіках міргалі свечкі, і ў зыбкім святле яго аблічча падалося мне знежывелым, з глыбокімі ценямі каля вуснаў і вакол вачніц. Мярцвяк. Мяне перасмыкнула.
– Воль, заўтра Новы год, – паведаміў Ян.
– Я помню.
– Як збіраешся адзначаць?
– Лягу спаць.
– На фейерверк нават не пойдзеш?
– Што я там не бачыла?
Ён хіснуў галавой.
– Воля, чорт!.. Ты ж разумееш, што гэта ненармальна? Жывеш, як...
– Як гаўно? – спытала я змрочна.
– Як быццам табе сто гадоў.
Я прамаўчала. Як яму патлумачыць, што я нікуды не хаджу, бо мне агідныя іх пафасныя святы, больш падобныя на ранішнік у канцлагеры, і якія к чорту фейрверкі, калі проста зараз у казематах катуюць і забіваюць людзей – нізавошта, за слова, за думкі?
– Воля...
– Ідзі ўжо, Ян, – перапыніла я яго. – А то глядзі, спознішся на апошні трамвай, прыйдзецца да метро шкандыбаць пешшу.
Памаўчаўшы, Ян махнуў рукой.
– З надыходзячым, – ён пацягнуў за ручку, і дзверы, якія адчыняліся ўнутр, грукнуліся аб драўляны куфар, што стаяў пад вешалкамі ў куце. – Выкінь ты гэтую скрыню! – сказаў ён з прыкрасцю і выйшаў у калідор барака. Я чула, як адчыніліся і зачыніліся ўваходныя дзверы. Мне стала маркотна. Мы з братам так рэдка бачымся, і то ўхітрыліся пасварыцца. І чаго раптам ён заклапаціўся маім лёсам? Дагэтуль яму было ўсё роўна, як я жыву. "Суразмоўе," – сцяміла я. Ну, канешне. Валога той, працадаўца, напэўна ж спытаў у Яна пра сям'ю, пра сваякоў. А ў яго мала што бацька быў палітзэкам, дык яшчэ і сястра-самотніца, што выклікае падазрэнні. Лічыцца, што дзяўчына, якая доўга не выходзіць замуж, альбо шлюха, альбо вычварэнка. Брацік проста спужаўся, што я папсую яму кар'еру. Ясна з ім усё. А я ледзь была не паверыла, што яму на мяне не напляваць. Я ўзяла са стала кубак, у якім заставалася на донцы, выпіла залпам і задзьмула свечкі.