Бабулькi, трасянка, адна-у кароткае-ляемае

Има Иро
Але й людцы ў нашых беларускіх вёсачках жывуць, што ні кабета, альбо чалавечак, то гісторыя. Але каб даведацца чагосці цікавейшага, дык вучыцеся размаўляць хораша, дзетанькі ласкавыя.

******************

- А што ж гэта? Падвойнае жаночае імя? - Ілона здзіўлена ўглядаецца ў паперкі.
- Так. І ў пашпарце супадае. - Кабета сталейшага веку сарамліва і па-змоўніцку перазірнулася з дачкой, якая рупліва і моўчкі збірае рэчы ў шпіталь. Ілона шпарка запаўняе дакументы, а напарніца і вучаніца Ірыска ўжо натапырыла вушкі, уважліва выпрастаўшы спінку. Ілона ўсміхаецца, але яна паглыбленая ў сваю справу. Ірыска не вытрымала:
- А скажите, пожалуйста. А почему два имени? Интересно.
- Ат, у сельсавеце старшыня п'яны быў, як мяне запісвалі. Бацька адно казаў, ён інакш пачуў, ды пераблытаў, дык так і засталося.
- Вот эти алкаши бестолковые в деревнях, что хотят, то и делают, - балбоча Тэа, складаючы кардыёграф. Яго ўзнагароджваюць падвойным пагардлівым позіркам.
- Святланай хіба не хрысцяць? Няма такога імя ў святцах, а людзям падабаецца. Прыгожае. - Ілона старанна дапісвае.
- Матулю хрысцілі трэцім імем. І клічуць усюль трэцім імем, усе прызвычаіліся. Нават клопатаў было, стажу згубілася процьма. Ат! - дачка пляснула далонькамі ў паветры.
- Авой! Няўжо такое здараецца? Чаму ж гэта? - Ілона ўтаропіла пільныя вочы ў жанчыну.
- Дзетанька, я табе скажу, - тая дакранаецца да Ілонінай нагі, - у нашай радзіне паміралі ўсе малыя дзяўчынкі. Адна старая шаптуха навучыла, каб далі мне імёны абедзьвух бабуль, і ў дадатак трэцяе.
- Зразумела. І вы ацалелі.
- Так! Я адзіная.
- А вашая дачка?
- У яе звыклае імя.
- Скончана.
- Так.

************

Сухарлявая бабулька з ненатуральнай строгасцю паглядае на Ілону, старанна вымаўляючы рускія словы. Высветліўшы ўсе падрабязнасці хваробы і акрэсліўшы неабходную дапамогу, Ілона разглядае карычневае прыдалонне з бугаркамі:
- Што гэта? Траўма былая? Злом?
- Так.
- Чаму ж няроўна так зраслося? Вы ж не вельмі старая.
- Дохтар благі лячыў. Навязаў маленечкі паўгіпсік, я кажу: баліць! А ён смяецца, йдзі, кажа, матка, дахаты, рабіць трэба, а не бадзяцца.
- Вось казёл!
- Вой, дзетанька. Адзін быў на ўсе вёскі. Дык я яго прабачыла. Што там! - махае рукой. - Ламалі потым косткі шматкроць, галавамі ківалі іншыя дактары, і запаленне было. А я ж маладая была, як ты.
- А што здарылася?
- У студню ўвалілася.
- Чагооо?
- Нізкая броўка была, амаль на ўзровень з зямлёю. Ліха з мужыком здарылася, я шла напаўжывая, абезглуздеўшы. І правалілася! А плаваць не ўмею! Апрытомнела ў хвіліну, у хаце дзеткі малыя. І палезла ўгору! Чапляюся пальцамі і лезу, шпарка-шпарка! Нават болю не адчувала ў той час. - А на твары невымоўная пакута. У хатачцы чысціня, дзве маўклівыя кабеты дружна завіхаюцца вакол маці.
- Вы герой! Нічога сабе.
- Адна дачок гадавала. З адной рукою. Ат!
- Неверагодна. - Брыгада паважліва маўчыць. - Любілі вы яго?
- Ах, дзетанькі.

******************

Спалоханы дзядзька круціцца вужакай на канапе:
- Вох, як мне дрэнна! Як баліць! Не вытрымаю! Дапамажыце!
- Не хвалюйцеся, усё добра, жыць будзеце. - Ілона працірае пальцы спіртам. - А грыбоў не елі?
- Не! Але шыю націраў мухаморам.
- Штооо? - Ірыска рагоча, не хаваючыся.
- Совсем подурели. Вы что, не знаете, это же ядовитый гриб! - Тэа сур'ёзны і няўмольны.
- Ціха! Змоўч! - Ілона ўздымае пальчык. - Дзеля чаго? Распавясцё?
- Што ты ведаеш, хлопча! Чым я ўсе свае гулькі-ваўкі б лячыў! Ого! У мяне аніяк не зажывае! - І Ілонцы: - Слухай. Бярэш трохлітровы слоік...
- Ужас! С ума сошли! Не замного? Что вы его слушаете.
- Ша! - Ілона злуецца. - Далей? Пакласці мухамор у слоік? Які? Чырвоны з кропачкамі?
- Найчырванейшых і найбуйнейшых трэба поўны слоік.
- Напхаць?
- Як найшчыльней. І закруціць жалезнай накрыўкай! Але спачатку згаварыць трэба так...
- А далей?
- Что за бред!!! Гадость. Мерзопакость. Темнота.
- Кыш! Што далей?
- Закопваеш у зямлю на дзевяць метраў!
- Глыбооока!
- На дзевяць месяцаў!
- Вох, ахаха! Сок пусціць?
- А то! Потым водкай развядзеш...
- З кавалачкамі ці працадзіць? Колькі водкі трэба?
- Ат! Бутэлька. Мо болей.
- Дык шмат будзе!
- На ўсё жыццё табе хопіць.
- Кхем. Дзякуй!
- На здароўе. Чаму ж так дрэнна мне зрабілася? Знаёмая жанчынка патэлефанавала, размаўлялі хорашанька.
- Бабы - ліха.
- Ужо! Я ўдавец, мне не забаронена. - З пыхаю ўзнімае галаву, ганарліва і непакорна. Потым паглядае, пільна. І раптам, памягчэўшы: - Ведаеш, што? Я табе скажу. Было ўжо ў мяне такое, як жонка памерла. Ледзьве не сканаў! Такія прыступы, жуда, жахі! Па зямлі качаўся, камяні грыз. Непрытомны. Лячылі мяне, прахвесары! Ого! Нервы, халера. Разумееш?
- Так. Любілі вы яе?
- Няўжо! Дваццаць год, як нямашака. Дваццаць год.

**********************

- Цяжкі выпадак. Закатавала вас медыцына? - Ілона спачувала, шкадуючы хворага.
- І не гавары, дзетанька. Ніхто анічога не ведае. Разводзяць рукамі.
- Так. Гэта не ўкладваецца ні ўва што. Загадкавая хвароба.
- Ой, не кажы. А ты вось што... Ты ці першая дачка?
- Так.
- Старэйшая?
- Не, маладзейшая за брата.
- Гэта нічога. Ну, яшчэ вось адкажы... А вочы...
(...)
- Я пакажу. Глядзі, як трэба. Бярэш чырвоную тканіну, вось такую, ношаную. І лён.
- Лён які?
- Грубы. У сантэхнікаў ёсць, знойдзеш, гэта не пытанне.
- Илона Илларионовна! Я пошёл. Не могу это слушать. Что за бред! Чушь собачья.
- Чаго? Цікава.
- Няхай ідзе. Глядзі, вось такія камячкі трэба рабіць, дзевяць штук. Круці!
- А далей?
- Трэба згаварыць вось так... Перажагнацца. Потым запальваеш камячкі і падкідваеш. Бяры! Шпарка! Глядзі, як лёхка паляцелі да столі! Зразумела? Ага. А як пачынаюць чорным курэць, дык не надта дапаможа.
- Сур'ёзна?
- Дык. Пайшоў бы на той свет даўно, каб не я. Трымаю пры жыцці яго, але марна. Цяжкі грэх мае, упарты, не хоча спавядацца.
- Дарма. - Ілона ўглядаецца ў бліскучыя вільготныя вочы. - Ачуняеце, усё будзе добра.

http://www.youtube.com/watch?v=I3mdCYaVH70