Дыяложык з Чэ Геварай

Има Иро
“MEPHISTOPHELES:
Ein Teil von jener Kraft,
Die stets das B;se will
Und stets das Gute schafft.” Гётэ

Ілона разглядала падрапаны чырвоны лакіраваны шлем з захапленнем. Якія папружкі на ём былі! Загойдаешся. Натуральная скура грубага вырабу, льсняная на перагібах і ў дзірачках, з металічнымі спражкамі. Аграменныя акуляры – асобна. А пальчаткі! Пальчаткі нават хацелася захаваць для сябе. Рудавата-карычневыя, скураныя, без пальцаў, з выцінутымі кружочкамі па-над костачкамі, яны былі ношаныя-пераношаныя і захавалі форму далоні, трымаючай стырно.
Ілона сядзела бокам на нейкім дзівачным прыстасаванні для язды, нагадваючым мапед, утапіўшы перакрыжаваныя ногі ў дарожны пыл. Спякота і яскравае сонейка дадавалі наваколлю вохрыстыя адценні, таму Ілона вырашыла, што жоўтыя боцікі найлепей падкрэсляць карцінку, пстрычка пальчыкамі, смяшок, і аздобка весела заззяла ў прасторы. Раптам нехта чарнявы выйшаў з паветкі, якая стаяла побач, і ад нечаканчыку ўпусціў з рук кола, тое бразнулася аб зямлю і пакацілася ў Ілонін бок.
-Добры вечар у хату! – нахабна вымавіла падарожніца, падазрона агледзеўшы хісткі будынак. А потым зноў утаропілася ў прыгожы боцік на прыўзнятай назе, дзелавіта пакручваючы ступнёй. Гаспадар заўсміхаўся шырока і шчыра, нягледзячы на агідны выбрык, і шпарка пакрочыў да Ілоны.
-Мар Чыкіта! Вось дык дык. Ах ты, дрэнь такая! Госцейка даражэнькая-залаценькая.
Ён доўжыў усміхацца, а Ілона надзвычай здзівілася, так здзівілася, што адразу перайшла на “ты”:
-На мове шпрэхаеш? Як гэта магчыма?
-Шмат чаго магчыма, сябра мой Гарацыа. Хадзем у цянёк, пабалакаем.
Ілона слухала доўгую гарачую вымову і з задавальненнем назірала, як бурштынава зіхацела сонейка ў шклянцы яшчэ гарачэйшай гарбаты з лімонам, трымаючы залацісты падшклянак на ўзроўні твару.
-І што? Я не баюся.
-Дарма. Што ты ведаеш пра вядзьмарства? Магію?
-Анічога. Мне забаронена гэтым цікавіцца.
-Навошта сунешся?
-Я не ведаю. Так здарылася. Мяне выразна паклікалі, я патрэбная дзеля дапамогі, хуткай. Позна рабіць выгляд, што я нічога не бачыла. Не-а-ка-зан-не, пракуратура. Усё сур’ёзна, Чэ. ЧалавеЧэ. Чэ-чэрэ-чэ-чэ! Хто яшчэ рачэ. Ахаха!
-Табе мала леташняга снегу? Ты ведаеш, што яна зрабіла?
-Гэта не яна, а яе маці. Спачатку сама, потым разам з прафесіяналам. Я ведаю нават, да каго яна зварочвалася. Ведаю пра спробу, але ў іх не атрымалася. Ім было адмоўлена. Ведаеш, што? Тыя, з кім чарадзеі маюць справы, не паслухмяныя авечкі, а тым больш не прылады. У іх свой розум, непадуладны, неспасціжны. Яны пагарджаюць прадажнікамі і нізкапаклоннікамі, бо самі найлепей ведаюць, што такое здрада і крывадушнасць. І ўляпіць могуць нечакана хаўрусніку мацней, чым таму, хто меўся быць ахвярай.
-Супакойся.
-Паглядзі на мяне. Я спакойная. – Ілона ўсміхалася. – Я за сябе адпавядаю, толькі за сябе. Што ўтаропіўся? Навошта пасеш мяне? Нібыта я не заўважыла.
-Цябе бараніць трэба. Дурніца.
-Хочаш адказнасць падзяліць? Кансіліум хадзячы.
-Падзяліла ўжо аднойчы торцік. На траех.
-А, ты пра тое. Не, там наадварот было, яны першапачаткова мусілі за мяне ўступіцца. Навучка будзе, справядлівая. Іх абодвух пакаралі, за тое, што адзін тройчы наўмысна штурхнуў мяне ў ліха, другі паставіўся абыякава. Я іх праца, прабач, непасрэдны прафесійны абавязак. Што гэтаму слабаку ў галаву стрэліла са мною змагацца, ды так жорстка? Дзеля чаго, не разумею. Ведаеш што? Дзіўна, але мне ўсё гэта ў выніку на карысць пайшло. Слухай, я не падманваю. Сама як зорка ў шоке!
-Слабаку? Здурэла?
-Спаліўся, перагарэў, як лямпачка. На адное дзяжурства не прыйшоў, на другое ўвогуле п’яны заявіўся. Я адзіная маўчала. Ведаеш, як рагаталі тыя, хто каву яму ў кабінецік носяць? Жуда, падстанцыя трэслася. Шкада яго, але хай вучыцца на памылках.
-Сама навучыся сябе стрымліваць.
-Вучуся. Існаваць у прасторы. Сузіраць маўкліва і задуменна. Без жарсцяў.
-Оммм! Дзяўчынка-маргарытачка.
-Тьху! Хай не лезуць. Туды, дзе мае арэлі ляцяць. Я ўжо не ў стане іх затрымаць. Гэта мне не падуладна. Натуральная прыкладная фізіка, ёпта. Вышэйшая цэнтрабежная сіла. Крылы! Слухай, гэты твой драндулет дрыслявы ежджае? Пракоцімся?
Праз хвіліну Ілона сядзела на чмыхаючым і траскучым матаролеры, а Эрнэста шпарка і весела цягнуў за рогі другі з паветкі. Потым яны імчаліся побач і рагаталі, выпярэджваючы адзін аднаго па чарзе на прасёлкавай дарожцы. Сонейка абдавала іх гарачынёй і светам, Ілонка з віскатам вітала ветрык, гарэзліва ўздымаючы наперад свае жоўтыя боцікі. Навокал гойдалася мора разнастайных траў, з-пад калёс выляталі клубы пылу.
Захад сонца размаляваў акалічнасць колерамі гарбаты з лімонам. Ілона сядзела ў траве, абдымаючы свае калені і паклаўшы на іх падбародак. Мурашкі шпацыравалі па яе патыліцы, яна разгаварылася адкрыта і шчыра:
-Гэты індывідуалізм цалкавітая згуба. Добраахвотна адрываючы сябе і самаўпэўнена ўзносячыся над натоўпам, чалавек губляецца. Душа не можа існаваць у адзіноце, у яе ёсць патрэба самаахвяравана працаваць на плён іншым. Гульнячкі ў магію і выбранасць гэта выява слабасці духа. Зло з’ядае слабых, а моцным чыстасардэчна дапамагае, не жадаючы, а нават мімаволі. Дзіўна гэты сусвет створаны. Ці разумееш?
-Небяспечна, Ілона.
-Ведаеш, што? Я адчула ўпершыню ў жыцці, што такое малітва “ўсім мірам”. Храмы, як кропкі, і ў кожным супольніцтва. Тыя, хто побач і разам. Яны сапраўды існуюць, Чэ. Адзіныя словы, мэта- рух любові. І пайшло абгортваць планету, па часавых паясах. Рух свету, святы захавальны рушнік. Немагчыма расказаць, гэта трэба адчуваць. Несамавітае ўражанне. Аб’яднанне.
-Да ну цябе. Амерыку адкрыла. Вялікае адкыццё Ілоны Ілларыёнаўны!- дурасліва прадэкламаваў Эрнэста, ускочыўшы і прасцёршы руку наперад. Другой рукой ён зняў берэт і прыціснуў да грудзей.
-Ну і дурак. – Кінула Ілона праз плячо, адыходзячы. – І няма чаго болей за мной шлёндрацца! Бывай.
-Да пабачэння.