Красавiк

Янина Пинчук
Праносяцца навокал краявіды
Пад перастук нястомных колаў;
То ў задуменні кніжку разгарнеш,
То ў дрымоце раптам хіліш голаў,
То позіркам чапляеш правады,
Глядзіш, як статкі велічных аблокаў,
Бы караблі, плывуць павольна
Над роўняддзю палёў шырокай.
У кволай прахалоднай мураве
Рассыпаныя пацеркі пралесак.
Уздыхае сонна ў лужынах вада,
І распраўляе плечы пералесак.
Твой твар як бледны накід на акне.
Гарбата стыне. Усё бяжыць цягнік.
І хмаркамі салатнага адцення
З усіх бакоў клубіцца красавік.