Iлона i нейкi амерыканец

Има Иро
Пародыя на аднаго пісьменника, якога перакладае другі:
http://www.proza.ru/avtor/nerolidoll&book=11#11

Ілона расплюшчыла вочы і салодка пацягнулася. І раптам адчула, што мае нешта на плячах. Яна паспрабавала паўстаць з ложка, але заблыталася ў нечым доўгім і шырокім і , нязграбна паляцеўшы ўніз, бразнулася каленам аб каменную падлогу.
-Каб цябе!
Ілона, змагаючыся з шорсткім коканам, парачкавала да акенца, што цьмяна прасвечвалася праз цяжкія запыленыя шторы, якія, як высветлілася, былі пасшываныя паміж сабой . “Гэта яшчэ што за дзівацтва?” – падумала Ілона, паспрабаваўшы на зуб моцную нітку, - “Чакай, зараз!” Шво затрашчала і разышлося, ружова-памаранчавае святло, насычанае часцінкамі пылу, руплівымі струменямі рынулася ў пакой. Ілона зморшчыла нос і чхнула. Пакойчык быў невялічкі, ды не надта ўтульны. Павуцінне, цвіль, шэрыя аблезлыя шпалеры і камякі пылу. Жуда! Ілону перасмыкнула, калі яна ўбачыла пасцельную бялізну. Каля ложка стаялі грубыя стаптаныя чаравікі, у якія Ілона з агідай запхнула босыя ногі. Потым яна паспрабавала разгладзіць далонямі пышную спадніцу, якая мела колер зялёнага бутэлечнага шкла і вачыма пашукала люстэрка. Вось яно, маленечкае, у цяжкай медзянай рамачцы ў выглядзе вужачкі, стаіць на століку. Адтуль на Ілону зморана паглядзеў бледны скамячаны твар з паўкруглымі сінякамі пад вачамі, абапал якога млява звісалі пасмы пазбіваўшыхся валасоў. Сукенка,старамодная, зашпіленая на ўсе гузікі, спынілася на шыі, абвінуўшыся вакол яе мярэжкавым каўнерыкам, які калісці хіба быў белым.
-Яшчэ чаго! – абурана прабурчэла Ілона і парасшпільвала некалькі гузікаў, адначасова аддзіраючы каўнерык. ПадвінУўшы кончыкі, яна атрымала нешта накшталт спічастага выразу. Пстрыкнуўшы пальчыкамі, яна адчыніла шуфлядку пад столікам і выцягнула адтуль сваю касметычку. Праз паўгадзіны вочы яе нагадвалі два паўлінавых пяра, сінякі таямніча пазнікалі, а валасы ажылі хаатычнымі хвалямі. “А можа, начос?” – разважала Ілона, - “Не, занадта грувастка будзе. А можа?”

Праз гэтыя сумнёвы раптам яна адчула скразнячок і азірнулася. Нейкі цень нецярпліва мільгнуў у шчыліне пад дзвярыма.
-Ляту-ляту, - праспявала Ілона, спатыкнуўшыся паскудным абуткам аб нешта цвёрдае, і ўхапілася за ручку, адзначыўшы ў сябе цалкавітую адсутнасць манікюра. Раззлавана рвануўшы дзверы, яна горда пакрочыла па калідоры, блытаючыся нагамі ў сукенцы. Зрэшты, ёй ужо зрабілася абыякава, атрута гэтых мясцінаў ужо амаль падначаліла яе. Галавакружэнне, пачуццё бруднасці і смага як нельга болей адпавядалі навакольным абставінам. Свецкая алкагальвіца! “Сюды” – пачула Ілона ўнутраны голас і рашуча ўвайшла ў кабінет, напалохаўшы чалавечую істоту, якая, схамянуўшыся з енкатам, пачала разгублена гойсаць па пісьмоваму сталу і крэслу.
-Сціхні! Чаго скавычаш? Брыда! – Ілона ўхапілася за скроні, у якіх пачынаўся нейкі пульсуючы боль.
-What? Who are you?
-Што, хто, - перадражніла Ілона. – Мову вучы, найсвятлейшы ксёнжэ, пане харошы*. Чаму я павінна тваю ведаць, а ты маю – не? Good morting! Have a nice death**!
Чалавек з непрыгожым тварам, падобным на конскі, збялеў, амаль не страціўшы прытомнасць. Вочы вільготна і здэнэрвавана паблісквалі, дрыготка пралятала па руках. “Недзе я яго бачыла…” На аблупленай сцяне вісеў малюнак нейкай гарбаватай пачвары.

-Аааа! – Ілона завішчала, падскокваючы і пляскаючы ў далоні, - Аааа! Лавкрафт! Говард Хвіліпавіч! Неверагодна! Уладка памрэ ад зайздрасці! Аааа!
Яна танцавала вакол стала, нібы гэта была навагодняя ёлка, раз-пораз абдымаючы гаспадара. Гэта, аднак, не перашкоджвала ёй азірацца з цікавасцю навокал. Яна заўважыла нешта такое, што тлумачыла першапачатковыя мітуслівыя паводзіны пісьменніка: на стале нешта варушылася пад спешна накінутай анучай у рознакаляровых плямах. Ілона хуценька прыдумала, што зрабіць.
-Крысцінка! – паклікала яна і пацмокала язычком. Зза шафы з’явіўся здаравенны бамбiза-пацук.
-Уаў! – зароў Говард і скочыў нагамі на спінку крэсла. Ілона спрытна сцягнула анучку.
-Ноў! – пакутліва загарлапаніў Говард, а потым у роспачы прысеў на кукішкі, бездакорна адлюстраваўшы істоту на малюнку.
Ілона з захапленнем разглядвала нешта хаатычнае, шэра-бура-малінавае, паўпразрыстае, бесперапынна змяняючае склад, аблічча і сэнс. Смуга сканцэнтравалася ў нешта падобнае на яйка, якое, разбіўшыся, пацякло і ператварылася ў яешню, а потым у зялёнае вока з блакітнымі галактыкамі.
-Ілоньця! – гарэзліва і дурасліва вымавіў ружовы слімакаваты роцік, які стварыўся з слязы, у якую ператварылася вока, пляснуўшы вейкамі. Роцік званітаваў нечым чырвоным, нагадваючым касяк дробных рыбак, які ператварыўся ў чараду дробных птушачак і распусціўся ў шэрай смузе.
-Іллоўн? – ціхенька запытаўся Говард Хвіліпавіч.
-Ілона Ілларыёнаўна! - бадзёра адчаканіла тая і працягнула руку. Але ўбачыўшы, што далонь чырвоная, патрэсканая, з паламанымі пазногцямі, адхапіла яе і схавала за спадніцу. А потым з дасціпным тварыкам зрабіла кніксэн. - Ачмурэць, як прыемна пазнаёміцца!

(Далейшая бяседзь адбывалася амаль на ангельскай мове, але аўтарка вялікадушна пераклала яе, пашкадаваўшы вас, мае паважаныя чытачы. Спадзяюся, вас будзе няшмат.)

-Прабачце маю дакучлівасць, але такая верталётная смага! Каб гарэ… гарбаткі.
-Лёхка! Хадзем.
Ілона прадбачліва ўхапіла спрасаваны кавалак тканіны, стосік якіх ляжаў на зэдліку ля стала. Яна бесцырымонна працірала кубачкі і талерачкі, пакуль гаспадар распальваў пліту і наліваў ваду ў імбрычак.

-Цяжка вам без пакаёўкі. – Ілона зазірнула ў лядоўню.
-З імі яшчэ горш. Адна задыхнулася пылам, калі спрабавала павесіцца на гарышчы, другую з’елі пацукі ў сутарэнні, куды яна пайшла красці маё піва. Апошняя мне спатрэбілася дзеля тэрміновага доследу. Ведаеце, як цяжка схаваць целы.
-Дык пацукі ж.
-Не, яны толькі твар выядаюць. І мазгі. Своеасаблівыя ў мяне пацукі.
-Галава потым, як выдзеўбаны кавун?
-Дакладна! Прыгожа сказана. – Говард летуценна памешваў гарбату, хітравата ўсміхаючыся.
-Прозвішча ў вас цікавае, ведаеце? “Лав” лавам, але “Крафт” нагадвае польскі “крават”, што значыць “гальштук”. “Крават”- гучыць падобна на “кровать” па русску. Русскі “галстук”-“ложак” па-турэцку. Ахаха! Рускі ў слове “ложак” убачыць ангельскі “spoon”. А спун – гэта той, хто дужа спіць.
-Ці мроіць. Той, хто мроіць.
-І ніколі не прыбіраецца.
-Кабетка.
-Збачэнец.
-Я толькі запісваю. Вось адзін мой сябар з таварышам скрадалі нябожчыкаў.
-Я іх бачыла. Гуляю аднойчы па могілках уначы, ну, разумееце. І вось нейкія хударлявыя жэўжыкі знясілена спрабуюць нешта выцягнуць з яміны, паўтыкаўшы побач рыдлёўкі. Такія смешныя. Адзін цягне, другі пхае. А там мярцвяк здранцвелы здаравенны, кіль пад сто. “Хто ж так робіць, - кажу, - небаракі! Скідайце дзягі”. Яны папалохаліся спачатку, амаль заікацца не пачалі. Параіла, як выцягнуць і нават дапамагла. Я! Бач, якія біцэпсы. Хто яшчэ кабетка.
-Ён ажыўляў гэтых нябожчыкаў!
-Хто? Гэты няздара? Залівае ў вену рэчыва і чакае надвор’я з мора. Аднойчы зайшла я да іх у лабараторыю, ну, разумееце. Выпадкова. А там труп свежанькі. Найсвежайшы. Я і пачала масаж сэрца рабіць. “Яшчэ адрэналіну!- кажу аднаму, а другому: - дыхай у рот!” Тут гэты нябожчык і паўстаў з ровам. Яны заўжды дзівачныя апасля рэанімацыі, гіпаксія, каб яе, з наступствамі. Мазгі жывуць чатыры хвіліны апасля спынення сэрца, не болей. І давай гэты ацалелы алень скакаць па ўсяму пакою, раскідваючы рэчы і лямпы разбіваючы. А сябры вашыя, гэтыя ёлупні, пахаваліся пад стол, вочы пазаплюшчвалі, толькі і чуваць “здровась, Марыё”. Я адна бегала, бегала за гэтым муміям, не ўтрымала, так і скочыў у вакно.
-Хопіць, пані, хопіць. Вой, не магу!- Лавкрафт дрыгаўся ў безгучным рогаце, бразгаючы каленкай аб стальніцу, ад чаго лыжачка ляскатала ў кубачку. –Хадзем, я хачу вам нешта паказаць.

Суразмоўцы вярнуліся ў кабінет, і Говард пачаў корпацца з паперкамі і нарэшце вывудзіў нейкі фотаздымачак.
-Вам спадабаецца!
-Адкуль? У вас? Вось так фокус! – Ілона разрагаталася. – Ведаеце, я заўсёды была пужлівая, так палохалася, ажно падскоквала да столі. Мне хлопцы кідалі гумовых павукоў і сядалі побач у жудасных масках. А гэтыя фоткі студэнты, якія працавалі ў “хуткай дапамозе”, мне ў торбачку кінулі. Гэта адзін з пацыентаў. Я памятаю, у мяне гэтыя фоткі павыляталі ў мастацкай студыі. Адзін мастак зацікавіўся, як жа ш яго прозвішча… габрэй, Пікман! Ён апасля ў Амерыку з’ехаў.
-Ідзі ты! Ахахаха! – Говард сядзеў пад сталом і біўся галавой аб тумбачку. Ілона паслухмяна пайшла разглядацца і раптам у захапленні спынілася каля зашклёнага буфету, прыціснуўшы рукі да грудзей.
-Якая прыгажосць! Як гэта зроблена? З чаго?
-Ратуйце! – заенчыў Говард, але Ілона ўжо адчыніла дзверцы і ўхапіла нешта падобнае на плюшавую ці гумовую забаўку. Гэта была белая тоўстая лічынка з паадрубанымі ножкамі, якая незадаволена варушылася, пакуль Ілона яе жмакала. З абрубкаў пырскала нешта ружовае, калі Ілона націсквала мацней.
-Смехата! А вочкі чаму не ўставілі? Вох! Яна мяне ўкусіла! Але й пашча! Дрэнны чарвячок!
-Гэта падарунак майго дарагога сябра Кларка Эштана Сміта.
Лічынка незадаволена скокнула Говарду на руку і хуценька пабегла да шыі, вакол якой абгарнулася і заваркатала.
-Вой-вой-вой, не надта і хацелася! – Ілона клапатліва ўзяла наступную шэрую сферычную пачварку, якая была ўсеяна шчупальцамі і хабаткамі і націснула на яе, ад чаго знутры выляцеў камячок, які развярнуўся і выявіў пацешную пысу з павыварочванымі зубамі і мноствам рагоў, валахатае пузіка і капыты на цянюткіх ножках. Зараз жа шчупальца з прысоскай схапіла маленькага і кінула ў слімакаваты лыч:
-Гам!
-Смачна есці, - неўпэўнена пажадала Ілона і націснула другі раз, і яшчэ. Мноства разнастайных істот нараджалася і было зжорта. Кажанчык з савінымі вачамі, голыя мышы, праз скуру якіх свіціліся кішкі, камяк пазрастаўшыхся чарвякоў.
-Гэта бяры! – Говард працягнуў аграменнага павука з мноствам чырвоных зласлівых вочкаў і белымі храсткаватымі нагамі.
-І што? Напалохаў, зух! Паміж іншым, на бульбачку праросшую падобна. – Яна паказытала павука пад сківіцаю, той зрабіў “пшч” і пабег Говарду на галаву.
-Ніхто мяне не любіць, - у роспачы сказала Ілона, назіраючы, як шэрая сфера ўсімі шчупальцамі спешна караскаецца па мэблі да гаспадара. Той пазапіхваў прыгажуноў на мейсцы, зачыніў дзверцы і пачухаў у патыліцы.

-Слухайце, а чаму ў вашай хаце ўсе шторы пасшываныя?
-Хочаш ведаць? Добра. Дзяры! – Ілона так і зрабіла, Говард адчыніў вакно і абодва скочылі вонкі. На чорным-чорным небе зіхацела яскравая поўня, чорная-чорная скала таямніча ўзвышалася на небасхіле, чорная-чорная вада акіяна паблісквала каля ног.
-Ён спіць у глыбіні акіяна, ён мроіць, - распавядаў Говард, трымаючы Ілону пад ручку. Раптам Ілона пабегла да вады і апусцілася на калені:
-Глядзіце, ён прачнуўся! – цёмна-руды асьміног варушыўся на пяску, паглядаючы на яе сумнымі-сумнымі, разумными-разумными жоўтымі вачыма. – Бедалажка, недалэнга, маленства!
-Прэч! – зароў Говард. Ілона дакранулася да галавы істоткі і пакорлива знікла разам з ёю.

----------
*Беларуская трасянка.
**Ангельская "трасянка".

Фоткі (не ведала, якую абраць, усе звышэйшыя):
Саундтрэк:
http://www.youtube.com/watch?v=Ffxxr_1QBLw