Светлая памяць

Белоусова Светлана
Уяўляю, быццам чую, як мяккім і пявучым голасам, бы ручаёк, бы клёкат птушак у бары, бабуля моліцца, узгадвае ўсіх, перабірае, каб нікога не забыць : “Дай, Божачка, здароўіца, і Іванечку, і Ірачцэ, і дзеткам, і маленькім, і Лёнечку з Нінай, і Сяргею, і Лёшачку, і Галечцы, і Мішу, і Лідачцэ, і Алёначцы, і іх дзеткам, і іх ўнучыкам…”

Мілая бабуля, колькі пяшчоты было ў тваіх састарэлых руках, колькі горкай болі і прагнай любові да жыцця зіхаціла ў вачах! Ужо не будзе тваёй ласкавай гаворкі, бы шчэбету птушак, ужо не абдымеш цябе на парозе хаты. Кажу “Прывітанне, бабулечка”,  і здзіўляюся – якая ж ты маленькая! А калісь было наадварот! Тады сядзелі мы на печцы, ды ўсё пыталі – а калі бацькі прыедуць? А апошнія гады ты так чакала усіх нас, сваіх дзяцей і ўнучыкаў… З’яўляліся на белы свет ўсё новыя і новыя Даргеечкі, а ты ссыхала, прыхіналася да зямлі…

Як ручай, які набірае сілу, дае новае жыццё, працяклі твае гады. Як кудзеля, звівалася тваё жыццё  ў ніткі,  з якіх вязалася палатно з усё новымі і новымі ўзорамі. Як песня, то самотная і журботная, то спрытная і гарачая, якая старадаўнімі напевамі гучыць спрадвеку над нашай зямлёй пад белымі крыламі. Белымі крыламі схіліліся над гэтым куточкам зямлі зараз анёлы. Мы не бачым, ці то яны плачуць, ці то вітаюць цябе, бабулечка.

Зараз тут, ля магілы, дзе будзе твой апошні прытулак, стаім мы, твае нашчадкі.. Ведай, бабулечка, мы вельмі ўдзячны табе за тое, што ты нам дала – жыццё, дабрыню, любоў да сваіх бацькоў і радзімы. Тут пачынаецца ўсё і тут ўсё заканчваецца. Тут, у гэтай вёсачцы, замыкаецца кола адной эпохі, аднаго пакалення, але, як кругі на вадзе, разыходзяцца і нараджаюцца новыя. Але ўсё адсюль…

Бывай, бабулечка. Ціхім воблачкам у небе, лёгкім шапаценнем у кронах дрэваў, што калышуцца над гэтай ямай, дзе будзеш пахаваная  ты, і над магілай тваіх дзетак, якія памерлі ў маленстве, і над магілай мужа. Мабыць, ціхімі аблокамі там, на небе,  сустракаюцца родныя і глядзяць на тых, хто застаецца ўнізе. 

Ты заўжды вучыла, што трэба жыць па сумленню, так, каб не было сорамна. Наогул, кожнаму з нас ты дала свае урокі жыцця, якія мы будзем памятаць заўжды.
Бывай, бабулечка! Хай будзе родная зямелька  табе мяккім пухам, а душу прывітае Царства Нябеснае!