Фанфiк Берэнiс

Има Иро
Рэклама.)))
Нероли Ултарыка:

http://www.proza.ru/2015/12/19/1402

Мае кпіны:

Берэніс адчайна цялёпкалася ў цёмнай алеістай жыжцы, якая няўмольна, упарта дабіралася да горла, вымушаючы яе душыцца,  бездапаможна шукаць хоць быле-якую апору. Вось яна акунулася ў гразкую чвякаючую цемру з галавою. Ані праменьчыка святла ці надзеі. Павольна паглыбляючыся на дно, яна ўжо амаль абыякава-нерухомая. Неўзабаве нешта склізкае схапіла яе за шкірку, як кацянё, і пацягнула наверх. Берэніс, здрыгануўшыся, прачнулася ў апраметнай цемры: «Гэта толькі сон».  Паўстаўшы з ложка, яна адгарнула цяжкую ядвабную штору ды бразнула шыбай, каб глынуць востра-свежага паветра. Разам з поўняй яны з цікавасцю паразглядалі адна адную. Зашмаргнуўшы заслону, жанчына ізноў павалілася ў мяккае, але заснуць не здолела.  Думкі яе блукалі «ў трох соснах», а менавіта навокал траёх мужчынаў. Усмешка прамігнула на хітраватым тварыку. Некалі біскуп Мар’юш, задышлівы юрлівы таўстун, навучаў яе, што жанчына, якая мела траёх палюбоўнікаў, немінуча трапіць у пекла. «Берыніс, укленьчона ягодко,» - аднойчы ён запусціў сваю нахабную лапу ёй за пазухі, але злапаў поўху, завішчаў, як парсюк і абсыпаў яе праклёнамі, але болей не чапаў, толькі прадказваў бясконцыя непрыемнасці. «Верады на цябе, дурніца,» - бурчэў ён кожны раз, праходзячы побач.  Так ці інакш, але непрыемнасці сапраўды яе не абміналі. Напрыклад, на апошнім прыёме ў Аўгусты яна, знянацку выпадкова спатыкнуўшыся, шлёпнула памадай ружовую пляму на чыімсці высакародным зялёным мундуры. А потым занадта вульгарна рагатнула з упершыню пачутага найнавейшага анегдота пра Аўгусту, не ўбачыўшы, што тая стаяла дакладна ў яе за спіною. Напрыканцы вечара яе, паўп’яную ці то ад кампліментаў, ці то ад шампанскага, раззлаваны супружнік волакам цягнуў па калідоры, ухапіўшы за локаць:
- Бадай цябе халера! Але й жоначка ў мяне! Сарамлівая, цнотная! – штуршок, і Берэніс ляціць на ложак.
- Мо досыць лаяцца? Міка-лай. Лай, лай, лай. Лайдак! – яна падхопліваецца, але атрымлівае яшчэ мацнейшы штуршок і куліцца дагары нагамі. Нэрвова рагоча, матляючы ножкамі ў смешных ружовых туфліках са спражкамі.
- Бараніца!
Востры боль працяў ёй шыю і бядро. Якія цвёрдыя, учэпістыя пальцы! Цяжар здзекліва навальваецца, забівае подых, перакрываючы рот пажадлівымі вуснамі. Берэніс уздымае рукі і кладзе іх вышэй галавы, каб незнарок не дакрануцца да свайго асабістага ката.
Міку Хорна ўпершыню зблізку яна ўбачыла на вяселлі. Папросту стаяла побач у лялечным карункавым убранні з памяранцавымі кветкамі ў валасах. Адзінае, што яна адчувала ў той момант, гэта глупоту ды жаль да сябе, аднак рухалася Берэніс надзвычай выпрастана з ціхамріным тварыкам. Сапраўдная прыгажуня на зайздрасць валодала сваім целам, дадаючы непранікальнасці і спакою (з кропляй пагарды) абліччу без асаблівых намаганняў. Яна нагадвала маленькую кобру, якая высока і роўна трымае галоўку, нават калі яе забіваюць палкай. Аднак доўгая цырымонія стаміла яе, і ўвечары, паваліўшыся на ложак і здымаючы гіпюравую пальчатку, Берэніс уздыхнула ды часова разамлела. У гэты самы момант Міка знянацку дакрануўся да ейнай далоні а потым моўчкі апусціўся побач. Кінуўшы вокам на мужа, Берэніс падскочыла, нібы ўджаленая. Ён сядзеў каменны, надзвычай напружаны, утаропіўшыся невідушчым позіркам наўпрост перад сабою. Вусны яго бязгучна варушыліся, а па збялелым твары прабягалі дробныя дрыготкі. Праз хвіліну ён зароў і паваліўся на спіну, выгінаючыся дугой, а потым замалаціў канечнасцямі і галавой, пырскаючы крывавай сліной. Берэніс завішчала і пабегла ў дзьверы, ахопленая жахам і бездапаможнасцю. У тое самае імгненне чыесці рукі віхурай падхапілі яе і адшпурнулі ў вугал паміж вялізнай шафай і столікам на тонкіх разнЫх ножках. Седзячы на падлозе, ахапіўшы калені, яна назірала, як магутны маўклівы слуга трымае свайго вывінаючагася гаспадара, і як блішчаць і раскурожваюцца два аднолькава страшэнных чырвоных твара. Знянацку Міка павярнуў галаву ў бок яе схованкі, рвануў тулава і рыкнуў:
- Ты хто такая? Хто такая!
«Мройца, - з жахам уцяміла Берэніс, - мой муж Мройца!» I ціхенька парачкавала да выйсця.
- Ня бойся, ён сьпіць. Болей гэтага ня будзе сёння. Я Зух. Заўсёды побач, - ён гаварыў з дзіўным акцэнтам, гэты здаравенны дзікус з жорсткім поглядам з-пад бялявых брывей і веяк. – Хадзем.
Ён навучыў небараку, што трэба і не трэба рабіць у выпадку неспадзяванага прыпадку. Паказаў, як трымаць галаву і пазбегнуць калецтва.
- Мужная кабэта! – пахваліў Зух і мерна пакрочыў да дзьвярэй. – Ты застаесся з гаспадаром.
Міка ніколі не абмяркоўваў з ёю свайго становішча, робячы выгляд, нібы нічога не здарылася, зрэшты прыпадкі ўзнікалі рэдка і такога моцнага больш не адбылося, але час ад часу Берэніс лавіла на сабе ўважлівы трапны позірк, ад якога халодныя мурашкі шэрагам маршыравалі па спіне і патыліцы. Яна ведала пра існаванне мройцаў з лягенд і казак, якімі яе нашпігавалі з дзяцінства неразборлівыя нянькі-найміткі, і з выЯў са старажытных рамантычных фрэсак і габеленаў, якія сачылі за яе сталеннем са змрочных мураў замкаў. Разглядаючы ўзброеных рыцараў з мужнымі тварамі на буйных канях, яна патаемна марыла аб высакародных кавалерах, якія б спаборнічалі зза яе. Каб яны пазабіваліся на дуэлі, а яна маркотна падышла б да труны са збялеўшым абліччам, збіраючы ў ядвабную хустачку выдушаныя крышталёвыя слязінкі. А можа нават страціла б прытомнасць… Каб адпавядаць сваёй мары, яна ўпадабала ўбірацца ў доўгія каштоўныя сукенкі з развінаючыміся рукавамі ды шалікамі, вытанчаную спакуслівую бялізну, абіраючы якую, яна яўляла дзівачную вынаходлівасць. Міка, разглядаючы яе набыткі, толькі груба рагатаў: «Збачэнка, сорам, гідота!» «Ён мяне не заслугоўвае!» - пакутліва разважала Берэніс, а ў глыбіні яе сэрца нараджаўся чорны вір, спрадвечны залаты змей бразгаў лускою, шыпеў, звінаючыся ў пругкія калечкі, ды нецярпліва чакаў здабычы.
 Аднойчы, адчуўшы цёплы свісцячы шэпт за спіною: «Ладны азадак!» і хуценька азірнуўшыся, яна ўбачыла чорныя вільготныя вочы з несамавітым халодным бляскам і збялеўшы скрыўлены рот. Сэт. Сапраўдны чыстапародны паўднёвец. Грамадзянін першай катэгорыі. Глядзеў ён цвёрда і рашуча, таму ей прыйшлося першай апусціць вейкі, нібы яўляючы згоду і падпарадкаванне. Вушы яе пачырванелі, сэрца перамоганосна закалацілася, а грымучы хвосцік залачонай змейкі, паўзняўшыся, пратрашчаў бадзёры марш. Амаль праз паўгадзіны яна ўжо стаяла, нахіліўшыся ўперад у суседнім пакойчыку, між тым Сэт умела і хутка пазбавіў упадабаную частку цела празрыстых карунак. Назіраючы, як са складанай прычоскі рытмічна ападаюць дробныя архідэі, Берэніс павісквала ў захапленні, нібы дзіця, атрымаўшае цукерку. Але Сэт аказаўся сапраўдным зімовым ледзянцом, без крошкі цукру, халодным і абыякавым. Ён патрабаваў ад яе ўсяго, а яна намагалася патрапіць яго жаданням, каб утрымаць яго цікавасць. Наіўная. Ад паху сандала з ружовым алеем у яе ламіла скроні. Але ён упадабаў гэты водар і запальваў араматычныя свечкі. Яна душылася ў пакоі са шчыльна зачыненымі вокнамі і дзьвярыма, якія ў дадачу пазавешваны цяжкімі плюшавымі шторамі, але Сэт не пераносіў скразнякоў! А гэтыя ненавісныя парфумы з мускусам! Тьху! Але ён гаварыў, што без парфумаў яна не лепшая ад сялянскай дзеўкі. Ён заўсёды глядзеў скрозь яе, нават у той апошні дзень, калі вырашыў, што сувязь гэта небяспечная, і паведаміў яе аб заканчэнні адносін. Ані на кроплю не хвалюючыся, праз імгненне пасля таго, як паўстаў з ложка, на якім атрымаў усё, як заўсёды. Берэніс бездапаможна свідравала позіркам спадылба патыліцу свайго былога каханка Сэта, але плёну ў гэтым не было ані на грош. Якія думкі і пачуцці схаваныя пад гэтым абыякавым абліччам, ёй ніколі не даведацца. Непранікальны, як глухі мур. Ён глядзеўся ў люстра, і раптам, на нейкую хвіліну, ёй здалося, што яна бачыць у шкле нябожчыка з дзіркай у галаве. «Што ж гэта робіцца? Ці ж не заразілася я ад Мікі?» Першае, што яна зрабіла, гэта адсунула штору і адчыніла акно. Размахнуўшыся, без ваганняў, павыкідвала парфумы ды алеі. Упершыню нешта чалавечае імкліва пранеслася на чыстакроўна-паўднёвым твары. Развярнуўшыся на абцасіку, яна прашыпела ў люстра, павёўшы ружовым пазнокцікам па грудзях:
- Я скажу Намесніку, што ты мяне згвалціў. Што ты робіш, Сэт. Не трэба, Сэт. Авой.
Валасы варушыліся на галаве Сэта. Ці то ад ветрыка з акенца, ці то ад жахлівага відовішча. Вочы яе зрабіліся жоўтымі, як у змяі. А ў выцягнуўшыся зрэнках з глыбіні зеўралі дзьве маланкавыя пустэчы. Жуда.
- Тыдзень, Сэт. Йдзі і забей яго.
Берэніс, здрыгануўшыся, падхапілася ад  змрочнага сну. Яна адчувала сябе бязважкай, але гэта не было занадта прыемна. Хацелася прыціснуць свае неадчувальныя ногі да пасцелі рукамі. І трымаць іх так, пакуль не міне пагойдванне ў целе. Позірк яе блукаў у цьмяным наваколлі,  пакуль не сфакусіраваўся на твары насупраць, на якім вялізныя вочы ззялі воўчай уважлівасцю.
- Вох, Дж’ян! Як ты мяне напалохаў!
- Я прасіў, не называй мяне так.
- Але я хачу.
- Чаго? – Ян зрабіўся дурасліва-кплівым. Плечы Берэніс затрэсліся ад бязгучнага рогату. Мяккія ваўчыныя шкуры, якімі яна была накрытая,  папаўзлі ўніз, але былі хуценька падхопленыя пелегаванай ручкаю. Яна абгарнула футра вакол сябе і ўстала.
- Адвярніся.
З'язджаючая коўзкая поўсць агаляла па-здрадніцку бялеючыя маціцай сцягно і плечыка. Берэніс азірнулася з усмешачкай. Яна ведала, што ён глядзіць, таму апраналася не занадта шпарка.
- Я цябе кахаю.
- Добра, - буркнула яна, зашпільваючы перламутравыя гузікі. Шнураванне патрабавала больш часу і намаганняў, адначасова дазваляючы схаваць няёмкасць. Пільныя вочы паблісквалі насупраць, але Берэніс не бянтэжылася. Невялікая важнасць! Шкада, як шкада, што гэты хлопец просты стражнік. Ён адзіны глядзеў на яе і бачыў менавіта Берэніс. Ён нават распранаў яе заўсёды цалкам, каб мець магчымасць дакранацца да каханай без перашкоды. Якія рукі ў яго! Трапяткія, пяшчотныя. Яна шалела ў моцных абдымках, зоркі набліжаліся да яе і выбухалі чырвоным полымем, пазбаўляючы яе сіл і волі. Яна бездапаможна валілася на падлогу і засынала, заўсёды засынала, а ён бараніў яе сон. Каханкі сустракаліся ў пакойчыке на гарышчы, каторы яны знайшлі выпадкова пасля першага разу, а той адбыўся на даху пад поўняй і вятрамі, дзе ім было горача ўдваёх, нягледзячы на сняжынкі, што ператвараліся ў пар.
Ян схіліў галаву, на хвілінку Берэніс здалося, што яго прыгожыя вочы паправальваліся, зрабіўшыся крывавымі дзіркамі. Яна падышла да яго, апусцілася на калені і шчыра прагаварыла:
- Я цябе кахаю.
Нешта цяжкае і агіднае варухнулася ўнутры з задавальненнем.
…………………………………………………………

Пасляслоўе. Цёрн.
У жніўні 2015 года мы падарожнічалі па Беларусі, а дакладней, па Навагрудчыне. У апошні дзень перад пачаткам вандроўкі мы здабылі нечаканых спадарожнікаў, якія запрасілі нас на начлег у вёску Падгайна да сваякоў. Вёску гэтую немагчыма знайсці на карце (я спрабавала), яна знаходзіцца прыкладна паміж Варончай і Цырынам. Дзень быў насычаны папярэднімі падзеямі, мы аблазілі ўвесь Мірскі замак, дабраліся да крынічак з мёртвай і жывой вадою ў Косічах і г.д. Але  ўвечары дзевяцігадовы хлопчык нашых сяброў сказаў мне: «Цёцечка, ты такая цікаўская, хочаш, я нешта пакажу, але прыйдзецца далёка йсці, а машына не даедзе!» – «Добра, ахвотна, - адказала я, - а што там?» - «Бярозавы гай, але надта, надта прыгожы». Мы пайшлі хеўрай  ўздоўж вёскі, потым цераз шырокае поле з саламянымі цыліндрамі, асвечанымі апельсінавым сонейкам, прыгожа адцененымі сінім небам надзвычайнай чысціні. Шкада, што нельга перадаць пахаў ды барваў гэтага маляўнічага наваколля! Вечарэла. Аніякага гаю не было відаць. «Далёка йсці,» - паўтарыў малец, хітравата пазіраючы на мяне. Мы шпацыравалі і размаўлялі пра гэтыя мясціны. Аднак, ніхто, акрамя хлопчыка, пра гай не чуў. Адкуль жа ён даведаўся? Высветлілася, што ад стрыечнага дзядьдзькі з прозвішчам, нагадваючым …, але гэта ўжо іншая гісторыя.
Нарэшце пасярод поля зацямнела раслінная пляма, нібы аазіс. Падышоўшы бліжэй, мы ўбачылі нейкі гушчарнік і  ўтаропіліся на непраходнае кустоўе з аграменнымі калючкамі і сінімі пладамі, падобнымі на дробныя сліўкі. Такі кантраст з бязмежным полем! «Гэта яшчэ што?» - амаль адначасова гукнулі ўсе. «Можа, бружмель***?» - малы праводзіць лета на вёсцы, а дзед ягоны сябруе з лясніком. Я паглядзела на яго са шчырай павагай. «Не, гэта цёрн!» - адкуль я ведала? Запытайцеся чагосці лягчэйшага. «Можа, з’ямо ягадкаў?» - «Рызыкоўна!» Мы пакрочылі побач непралазнай агароджы далей.
«Вось яны, бярозы!» - несамавіта таўшчэзныя бялявыя стаўбуры ўздымаліся радамі, падпіраючы неба магутнымі каронамі. «Не, гэта белыя таполі» - здзіўлена прамармытала я.- «Дык яны наўмысна пасаджаныя. Але калі? I кім!» Потым былі ліпы, шмат старадаўніх павыкручваных ліп, заросшых хмызняком.
I нечакана – ўваход. Шырокая алея з тых самых волатаў- ліп, прывітваючых рэдкіх гасцей. I шыльдачка: «Тугановіцкі парк». Тутака Адам Міцкевіч сустракаўся з Марылей Верашчакай. Здавалася, нібы белая шаль мільгае за паваротам, а пісьменнік сядзіць з кнігай на бярозавай лаве. Гэта было вельмі праўдападобнае адчуванне, пераносу часу! Якое рамантычнае мейсца. Помнік і прытулак натхняючага няздейсненага кахання. Дубы-блізняты сцвярджаюць гэта, адхіліўшыся адзін ад другога.
Вярталіся моўчкі, толькі наш праваднік, заглядаючы мне ў вочы, распытваў, хто такія «беспазваночныя», аб якіх было згадана на шыльдачцы.
***Бружмель – Жимолость.