Гульня

Янина Пинчук
Крывяносныя цені-завулкі
Аплятаюць міжволі сэрца,
Мне блудзіць у іх наканавана,
Гэтаксама – з табою стрэцца;
Ля бурштыну і сувеніраў
Ты дарэмна злавіць спрабуеш,
І ля кнігаў, і ля ружанцаў –
І да гораду ўжо раўнуеш;
Спадзяемся адно на пачуцці -
Мы закінулі тэлефоны
І на шчыльных прасторах Вільні
Мы гуляемся ў шпіёнаў;
Задыхаемся ў пагоні:
Цень усмешкі, кашулі водар
І гаркавы прысмак кахання
У гушчэчы эспрэса шчодрай...
Інтуіцыя і трывожнасць;
І няважна, чаму, навошта
Жарсць, і слодыч з адценнем панікі,
Ў раёне вуліцы Бокшта,
І чаму ты, мой любы разведчык,
Выбіраеш кавярню гэту?
Мо, не любіш восень гадоў сваіх
І імкнешся намацаць лета?
Я цябе гатовая вылічыць
Па капрызах і нейкай слабасці,
Я цябе гатовая вылечыць
Рэгулярнымі дозамі радасці;
Я гатовая цябе высачыць
Ці, магчыма, самой паддацца,
Надакучыла, годзе бегаць –
Я хачу з табой цалавацца.