Падземныя

Нероли Ултарика
"Калі доўга ўзірацца ў малюнак драпін, можна ўбачыць зыход вайны. Бітва за Уральскі хрыбет – стратэгічныя вышыні. Паднябесная супраць Злучаных Штатаў. Балта-Чарнаморцы на перадавой. Турэччына захоўвае нейтралітэт, Брусель у глыбокай заклапочанасці. Так, а дзе тут Масковія?"
– Чуеш, начальнік...
Алесь Валога адрывае вочы ад стальніцы, спярэшчанай сеткай дробных драпін, і пераводзіць позірк на затрыманага. Той сядзіць насупраць, балансуючы на расхістанай табурэтцы. Рукі яго сцягнуты кайданкамі за спінай, на скуле свежы кровападцёк, армейская талстоўка падзёрта на грудзях. Адпрацавалі, пакуль везлі ў СІЗА.
У пакоі зімна. Цэментная падлога ў бялёсых разводах – пасля допытаў тут часцяком даводзіцца мыць з хлёркай. Сцены да ўзроўню вачэй пафарбаваны ў зялёны, вышэй – у белы. Пад столлю камера відэаназірання, у куце цынкавае вядро з вадой, каля дзвярэй, абшытых ліставым жалезам, па стойцы "зважай" замёр турэмшчык – плюгаваты дзяцюк з доўгай сківіцай і кусцістымі брывамі. На стале пад партрэтам Дзяржынскага гудзе лямпа з карбалітавым каўпаком. У акенца з кратамі глядзіць чорная-чорная, глухая лістападаўская ноч.
– Кайданкі можна зняць, начальнік? – пытаецца арыштант. – А то ўжо рукі занямелі, глядзі, ад гангрэны злягу, таварыш генерал не адобрыць.
"Спёкся твой генерал, – кажа пра сябе Валога. – Маладзец, пасадзейнічаў". Ён раскрывае папку, якая ляжыць на стале, і няспешна гартае аркушы, падчапляючы іх указальным пальцам рукі, зацягнутай у скураную пальчатку.
– Чарноў Анатолій Дзмітрыевіч, трыццаць дзевяць гадоў, этнічны рускі, – Валога з расстаноўкай зачытвае матэрыялы асабовай справы. – Быў асуджаны па артыкуле...так, так, дзесяць год папраўча-працоўных лагераў, адседзеў восем, амнісціраваны. Бягучае месца жыхарства – Брэст. Кур'ерскія перавозкі. Пазаштатны інфарматар службы бяспекі.
Арыштант ківае.
– І? Што не так?
"Ды ўсё не так, Чарноў, – Валога крыва ўсміхаецца. – Пачынаючы з парадку свету і заканчваючы тваёй асобай. Вядома, што там за "кур'ерскія перавозкі". Брэст – горад кантрабандыстаў. Мяжа дзіравая, цягнуць усё, ад футра і каштоўных камянёў да зброі і ўранавых стрыжняў. Губернатар у курсе і робіць усё магчымае, то-бок, ладзіць паказальныя арышты. Чыста для справаздач у Крэмль. Кантрабандысты яму не замінаюць. Якраз наадварот. Галоўнае – правільна ўсім распарадзіцца, як той казаў. Зрэшты, зараз не пра гэта".
– Дзе Воўчак? – пытаецца ён проста ў лоб.
– У Тамбове, мабыць. Дзе яму яшчэ быць, ваўчку гэтаму? – гаворыць арыштант, дзёрзка ўтаропіўшыся на Валогу. Вочы ў яго чорныя, як аскепкі базальту. "Мешань," – адзначае Валога. Сінтэтычная дрэнь, на якой сядзіць палова Імперыі, не лічыцца наркотыкам, хаця да яе фармуецца цяга, як да нікаціну, а эфект падобны моцнаму стымулятару – нейроны падхвоствае. Чэрнь у вачах не найгоршае з пабочных з'яў, праз пару гадзін зрэнка вяртаецца да нармальнага стану. Пра тое, колькі аматараў мешані загрымела ў вар'ятні са снападобнымі галюцынацыямі, афіцыйная статыстыка маўчыць, але паводле сакрэтных справаздач, іх да халеры.
– Значыць, размаўляць сур'ёзна ты не хочаш, – Валога адчыняе шуфляду, выцягвае адтуль пісталет са спілаваным нумарным знакам і кладзе яго перад арыштантам. – Гэта ты як гэта патлумачыш? А, Чарноў?
– Не маё, – адказвае той абыякава.
– З гэтага ствала быў расстраляны таварыш маёр – афіцэр службы бяспекі, – паведамляе Валога.
Арыштант узнімае вочы да столі.
– Ваш калега? Прыміце спачуванні.
Валога злёгку ляпае далонню па стале.
– Не трэба прыкідвацца ідыётам, Чарноў! Таварыш маёр у свой час цябе па этапе адправіў, за антыдзяржаўную дзейнасць. Тут і свіная галава з Камароўкі дапетрыць, што ў цябе быў матыў. Уліп ты, прыяцель.
– Макруху шыеце, начальнік? – спакойна гаворыць расеец. – Маёра я не забіваў. І, гэта самае, я буду даваць паказанні толькі ў прысутнасці таварыша генерала.
Валога ўскідвае брыво. Ого, якія гутаркі пайшлі!
– Генерала табе? – кажа ён з іроніяй. – А чаго не губернатара? Магу арганізаваць аўдыенцыю з яго правасхадзіцельствам. Толькі не ўздумай жартаваць пра Самадзержца, разумнік.
– Не трэба губернатара. Я буду размаўляць толькі з таварышам генералам, старшынёй камітэта дзяржбяспекі Паўночна-Заходняй акругі, – упарта паўтарае арыштант.
– Таварыша генерала больш няма, – чаканіць Валога. – Турнулі яго з пасады за некампетэнтнасць ды ганебныя сувязі. А размаўляць ты будзеш са мной.
Арыштант маўчыць. Валога падымаецца з-за стала і пачынае расхаджваць па пакоі, заклаўшы рукі за спіну. Расеец сочыць за ім спадылба.
– Чарноў, у цябе месцам прапіскі значыцца Брэст. Ты ў Мінску што рабіў? – пытаецца Валога.
– Да мадам Сорэкс ехаў у вясёлы квартал, – адказвае той, хмылячыся.
Валога ўсміхаецца.
– Вясёлы квартал знаходзіцца на Юбілейнай. А ўзялі цябе на Аранах. Гэта на другім канцы горада.
– Крук зрабіў, у Маркі Шэлеха пазыку ўзяць. Мадам свежых дзевачак завезлі, кажуць, спрэс нявінніцы. Ага, ведаем такіх. За падвойную цану ідуць.
Валога ківае.
– Хто ж іх не ведае. Нявінніцы драныя.
Ступіўшы да арыштанта, Валога зграбае яго за каўнер і ўдарае тварам аб стальніцу. Турэмшчык ля дзвярэй выдае гук, падобны да рохкання, але сустрэўшыся позіркам з Валогай, адразу ж змаўкае. Арыштант хістаецца, але ўтрымліваецца на табурэтцы. Ён сядзіць, закінуўшы галаву, кроў з носа крапае яму на талстоўку. Заўважыўшы плямку крыві на правай пальчатцы, Валога сцягвае яе і кідае на стол.
– З нацыянал-адраджэнцамі даўно карагодзішся? – пытаецца ён.
– Вось заладзіў, камандзір, не знаю я ніякіх адраджэнцаў, – адказвае расеец, уперыўшы вочы ў столь.
– На мяне глядзець! – гыркае Валога. – Пасля забойства маёра ты знік на тыдзень, залёг на дно, пакуль у Акрузе ішлі аблавы і вобшукі. Ты ў нас спец па выхадзе з-пад аблаў, і ў кватэрцы тваёй пры ператрусе нічога не знайшлі, што не дзіва – былы зэк не стане не трымаць кампраматаў там, куды могуць прыйсці са шмонам. Калі трохі сцішылася, ты выправіўся ў Мінск, ехаў на перакладных, каб заблытаць сляды. Дарогай ты скінуў ствол, мае людзі вылавілі яго з Бярэзіны аж пад Бабруйскам. На зброі ніякіх адбіткаў, стэрыльна. Папаўся ты па-дурному, як заўжды – трапіў на камеру сачэння на аўтазапраўцы, калі ў крамку за куравам зайшоў, сістэма цябе распазнала. Далей цябе вялі спецслужбы. Прыбыўшы ў Мінск, ты скіраваўся наўпрост да Маркі Шэлеха, толькі не за пазыкай, а дэпазіт забраць – грошыкі, што ты зарабіў на кантрабандзе. Заставалася зладзіць фальшывыя дакументы і дзе-небудзь згубіцца – у тайзе, на Алтаі, альбо ў гарах Абхазіі. Імперыя вялікая, ёсць куды падацца. Балазе да Шэлеха ты не дайшоў, на Аранах цябе чакаў бусік з сілавікамі. Так жа ўсё было, Чарноў?
– Не ведаю я! Не помню!
– Веру, што не помніш. Значыць, прыйдзецца памяць асвяжыць.
Павярнуўшыся да турэмшчыка, Валога глядзіць на імянную нашыўку на ягонай уніформе: "Сямён Дамінікавіч Міцкевіч, радавы ўнутранай службы". Багатае прозвішча, аб чым таварыш радавы наўрад ці здагадваецца. У лепшым выпадку прыгадае савецкага чэкіста. Тутэйшыя могуць без запінкі пералічыць імёны расейскіх імператараў пачынаючы з Пятра Першага, затое Радзівіл для іх – гатунак хлеба, а Сапега ўвогуле немаведама хто, шпіён нейкі польскі, напэўна. Дажыліся, называецца.
– Таварыш Міцкевіч! – Валога падае знак турэмшчыку. Той, усміхаючыся, падыходзіць да арыштанта і прыціскае электрашокер да ягонай шыі. Чуецца трэск, і расеец у сутаргах валіцца на падлогу. Аблічча яго робіцца шэрым, як тынкоўка, дыханне ледзь чутнае. Убачыўшы, што ён вось-вось самлее, турэмшчык уразвалку рушыць да цынкавага вядра і зачарпнуўшы конаўкай, плёскае вадой яму ў твар. Калі расеец расплюшчвае вочы, Валога схіляецца над ім і ўважліва глядзіць на яго зрэнкі – звузіліся, і колер радужкі зрабіўся светлым. Яму даводзілася чуць, што ад удару шокерам курцы мешані цверазеюць імгненна, але да сёння не выпадала праверыць гэта на практыцы.
– Ну, як, успомніў што-небудзь? – пытаецца Валога. – Дзе Воўчак?
– Ідзі к чорту! – хрыпіць расеец.
Валога адступае. Ківае турэмшчыку. Таварыш Міцкевіч, не перастаючы ўсміхацца, падыходзіць да чалавека, распластанага на падлозе, і з задавальненнем штурхае яго чаравікам пад дых. Пытальна глядзіць на Валогу. Той маўчыць. Турэмшчык, які, відавочна, любіць разнастайнасць, адчапляе ад пояса гумовы дручок і схіліўшыся над сваёй ахвярай, робіць удар. І яшчэ ўдар. Замахваецца для новага.
– Досыць, – загадвае Валога.
– Слухаюся, таварыш генерал-палкоўнік! – бадзёрым голасам адказвае турэмшчык. Гаворыць ён на магутнай трасянцы. З глыбінкі, няйначай. Там аж дагэтуль захаваліся рэшткі тутэйшай гаворкі. У буйных гарадах размаўляюць на літаратурнай расейскай без ценю акцэнту.
"Генерал-палкоўнік", – паўтарае пра сябе Валога, нібы каштуючы словы на смак. Губернатар раскідваецца званнямі шчодра, па-барску: заўчора Валога-лейтэнант, учора падпалкоўнік, а сёння... Таварыша генерала, канешне, прыйшлося пасунуць. Ананімка ў Крэмль зрабіла сваю справу, а гісторыя з маёрам убіла апошні цвік у труну яго кар'еры. Таварыш, зрэшты, не пайшоў пакрыўджаным, атрымаўшы пасаду ваеннага генерала ў Курскай губерніі, а службу дзяржбяспекі Паўночна-Заходняй акругі ўпершыню за шмат гадоў узначаліў чалавек з беларускімі каранямі – Алесь Валога. Тутэйшы. Вось вам і "ў з кручком".
Ён пераводзіць позірк на чалавека, які курчыцца на цэментнай падлозе, спрабуючы глынуць паветра. Паблажліва ўсміхаецца. Яны нават не маюць уяўлення, што дзеецца ў Паўночна-Заходняй акрузе, большасць з іх не сутыкалася з праявамі дзяржаўнага тэрору, які існуе тут альбо на Паўночным Каўказе. У метраполіі, дзе суровасць законаў ураўнаважваецца агульным разгільдзяйствам, жандары ды шпегі скрозь пальцы глядзяць на свае абавязкі. Іншая справа беларусы – пракляты народ, якога з пакалення ў пакаленне білі каванымі ботамі, тут гвалт у падкорцы, звышлаяльнасць і казарменная дысцыпліна спалучаюцца са скоцкай, жывёльнай жорсткасцю, якая здзіўляе нават этнічных рускіх. Яны звысоку глядзяць на "малодшага брата", пакуль воляю лёсу не трапляюць у шасцерні карнай машыны. Тутэйшыя ахвотна ідуць у каты і канваіры. Жыццё часам адпускае злыя жарты.
– Слухай, этнічны, ты давай усведамляй, – гаворыць Валога. – Гэта ў чыстым полі ты сам сабе гаспадар, а тут я над табой і цар, і бог. Я і таварыш Міцкевіч. Будзеш натурыцца, зробім так, што кішкі свае пачнеш выхаркваць, а мы ў справаздачы напішам, быццам так і было. Я даходліва тлумачу?
– Так, – адказвае ён з цяжкасцю.
– Цудоўна, мы на крок бліжэй да кансэнсусу. Дзе Воўчак?
– Не знаю.
Валога і турэмшчык пераглядваюцца.
– Таварыш Міцкевіч, вы свабодны, – меланхалічна гаворыць Валога.
– Слухаюся!
Выходзячы, ён азіраецца на арыштанта і вымаўляе аднымі губамі: "Гамон табе!"
– Чарноў, Чарноў, як ты не ўцяміш, што я табе не вораг? – кажа Валога, калі за турэмшчыкам зачыняюцца дзверы. Ён рыўком падымае арыштанта з падлогі і памацаўшы ў кішэнях кіцеля, выцягвае ключ. Шчоўкаюць кайданкі. – Давай толькі без фокусаў. У дасье нездарма згадваецца твая схільнасць да істэрычных рэакцый.
Кінуўшы кайданкі на стол, Валога вяртаецца на сваё месца. Расеец, шэптам лаючыся, расцірае знямелыя запясці і мімаволі адводзіць вочы, калі сустракаецца поглядам з генерал-палкоўнікам. Алесь Валога адно ўхмыляецца вуглом рота. У яго ад нараджэння дзіўны, як быццам расфакусаваны позірк, які ў большасці людзей выклікае непрыемнае ўражанне. Прычына простая да немажлівасці: яго правае вока адрознівае толькі святло і цені, ён з'явіўся на свет з атрафіраванымі зрокавымі нервамі, тут ужо нічога не выправіш. Праз гэтую хібу яго ў школе не бралі на ваенна-патрыятычныя спаборніцтвы, але ён навучыўся гуляць і выйграваць у іншых сферах.
– Было б памылкай лічыць мяне хворым садыстам, чужыя пакуты не даюць мне ні каліва задавальнення, – Валога няспешна, палец за пальцам, знімае левую пальчатку і кладзе яе побач з правай, заплямленай крывёй. – Але прызнай, у нашай справе не абысціся без кровапускання, гэта проста немагчыма.
Расеец не адказвае. Нейкі час Валога маўчыць, барабанячы пальцамі па краі стала і нібы збіраючыся з думкамі. Затым гаворыць:
– Я чытаў тваё дасье, Чарноў. Да сваёй першай ходкі ты быў узорным грамадзянінам. Універсітэт у Піцеры, потым служба ва Упраўленні Лібава-Раменскай чыгункі ў Мінску, дзе ты займаў не самую апошнюю пасаду. У цябе было ўсё – высокааплатная праца, службовая кватэра ў цэнтры горада, чарга на аўто. Ты ажаніўся з тутэйшай, Аксана – Ксюха твая, у дзявоцтве Мінчэня, была родам з Лагойска, прыгожая, я бачыў фотаздымкі. Дзіця ў вас стварылася, як мае быць, праз год пасля вяселля – Дар'юшка, прынцэса, таткава дачка. Усё пайшло пад адхон у адзін момант. Быў у вас у аддзеле нехта Жур Іван Уладзіміравіч, адказны за ідэалагічную работу, найдабрэйшай душы чалавек, ціхі, памяркоўны, і хто б мог падумаць, што ён гэбіст? Я ў курсе, што ты сеў нізавошта – проста балбатня ў курылцы, няўдалы жарт пра кіраўніка дзяржавы, даволі плоскі, як на мяне, не цягне нават на палітычны анекдот. У метраполіі на такое не звярнулі б увагі, але гэта Паўночна-Заходняя акруга, тут жартаў не разумеюць. Таварыш Жур стукануў, куды трэба, і па цябе прыйшлі. Ты ад'ехаў на зону на восем гадоў, а супрацоўнік спецслужбаў, які цябе здаў, даслужыўся да звання маёра. Цяпер ён у лядоўні з куляй у галаве, такія справы.
– Рады за яго, – кідае расеец і дадае нягучна: – Не там шукаеце, начальнік. Я не макрушнік.
– Калі не ты, то хто тады? Назаві імя.
Надыходзіць паўза. Не дачакаўшы адказу, Валога ўздыхае.
– Я ўжо быў падумаў, што мы з таварышам Міцкевічам дагрукаліся да цябе, а ты зноў за сваё. Па-добраму ты не жадаеш, ну што ж, – ён кладзе далонь на папку з асабовай справай. – Вось тут, Чарноў, уся твая паднаготная, а мне вядома нават больш. Папраў мяне, калі я буду памыляцца. Тваёй дачцэ было тры гады, калі яна страціла абаіх бацькоў. Пасля твайго арышту да вас у кватэру прыйшлі сілавікі з вобшукам, а Ксюху тваю ў кайданках павезлі на Прэабражэнскую, дзе месціцца Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з экстрэмізмам – палітычная паліцыя, якую тутэйшыя трапна празвалі "гестапікам". Жанчыну дапытвалі шаснаццаць гадзін і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яна не стала чакаць працягу, бо ведала, што далей будзе толькі пекла. Вярнуўшыся дадому, яна задушыла дачку падушкай, пасля чаго прыняла смяротную дозу снатворнага. Іх знайшлі ў адным ложку: нябожчыца, скурчаная на просцінах, а побач яе нежывое дзіця, душараздзіральнае відовішча. Так, прынамсі, сказаў табе слядак, які прыйшоў браць у цябе паказанні. Ён паклаў перад табой цэлы стос пратаколаў, якія ты мусіў падпісаць. Меркавалася, што ты падпішаш што заўгодна пасля таго, як цябе месяц пратрымалі ў СІЗА. Гэта катоўня, дзе здзек з чалавека пастаўлены на канвеер – быдлячыя ўмовы, вошы, гразь, спаннё ўпокат на голым бетоне, а горш за ўсё няведанне, поўная адсутнасць сувязі са знешнім светам. І вось пасля тыдняў чысцілішча, якія табе падаліся бясконцымі, цябе выхопліваюць з камеры і вядуць у кабінет следчага, дзе паведамляюць, што твая сям'я загінула. І што робіш ты? Бярэш са стала аўтаручку і ўтыкаеш яе сабе ў шыю. Наўпрост у артэрыю. Фенаменальна. Я так і не спасціг, як табе гэта ўдалося ў прысутнасці следака і канваіра, плюс відэакамеры ва ўсіх кутах – ты, пэўна, меў сур'ёзны намер памерці. Твой дэмарш нікога не ўразіў. У турме рэгулярна хто-небудзь спрабуе зарэзацца або замарыць сябе голадам, быццам гэта можа на штосьці паўплываць. З табой абышліся, як з любым зэкам у падобнай сітуацыі – падцыравалі ў лазарэце і змясцілі ў карцар. Неўзабаве да цябе наведаўся свяшчэннік. Звычайная практыка па прафілактыцы суіцыдаў на зоне, лічыцца, што працаўнікі крыжа ды кадзіла спраўляюцца з гэтай задачай лепш за псіхолагаў. Не думаю, што ты гарэў жаданнем слухаць душавыратавальныя прамовы, але ў чалавека, прышпіленага кайданкамі да нараў, выбар невялікі.
Валога робіць паўзу, каб ацаніць настрой субяседніка. Той сядзіць з непранікальным абліччам, але счэпленыя да хрусту пальцы рук з пабялелымі костачкамі выдаюць яго пачуцці. Задаволены эфектам, Валога працягвае:
– Не існуе чалавека, якога немагчыма было б зламаць, галоўнае, намацаць слабое месца. Цябе зрабілі ўразлівым бацькоўскія пачуцці, і ў той жа час гэта тое, што дапамагло табе выжыць у канцлагеры. Слядак схлусіў, сказаўшы, што ўсе, каго ты любіў, памерлі. Калі паліцыянты вынеслі дзверы вашай кватэры, яны знайшлі на ложку нежывую жанчыну і дзіця, якое сядзела побач і ўсміхалася, бо не разумела, што маці больш не прачнецца. Пра гэта расказаў табе святар, які гутарыў з табой у карцары. Бацюшка аказаўся сумленным чалавекам, я нават дапускаю, што ён верыў у Бога і таму пайшоў супраць правіл, сказаўшы табе праўду. Яго пропаведзь мела плён – ты кінуў думкі пра самагубства і стаў супрацоўнічаць са следствам, бо ў цябе з'явілася мэта: адбыць тэрмін і не здохнуць, выйсці на волю і зноў пабачыць сваё дзіця. Табе пашчасціла дачакацца амністыі. Пасля вызвалення ты заняўся пошукамі дачкі і неўзабаве знайшоў яе ў прытулку Елісавецінскага манастыра пад Мінскам. Сустрэцца з ёй ты так і не наважыўся. У гэтым ёсць рацыя – дзяўчынцы было тры гады, калі цябе забралі, яна цябе нават не помніць, а знаёмства з табой наўрад ці зробіць яе шчаслівай. Пахвальна, што ты ўсведамляеш, хто ты ёсць – лагернік, памілаваны, але з непагашанай судзімасцю, сумніўнымі заняткамі і стасункамі ў паўкрымінальных колах, карацей кажучы, маргіналізаваная асоба. Дзяўчынцы – ужо падлетку, ёй трынаццаць – і праўда лепей не ведаць пра тваё існаванне. Досыць таго, што ты пералічваеш на яе імя грошы, калі яны ў цябе ёсць, нібыта ад ананімнага мецэната, і не бяды, што частку прысабечвае ігумення, гэта, прынамсі, гарантыя таго, што да тваёй дачкі ў прытулку будуць ставіцца трохі лепш, чым да іншых выхаванак. Усё гэта кранальна, я расчулены, шкада толькі, што наша юная прынцэса зноў застанецца без апекі, бо нікому яшчэ не ўдавалася займацца мецэнацтвам, седзячы ў турэмнай камеры. А ты адсюль не выйдзеш, калі не станеш са мной супрацоўнічаць.
– У чым канкрэтна? – пытаецца арыштант бясколерным голасам.
Валога ўзнімае далоні.
– Алелюйя, нарэшце сур'ёзная размова! А то заладзіў быў – не ведаю, не помню. Нагадаю, у нас труп у лядоўні. Таварыш маёр гераічна загінуў падчас ліквідацыі экстрэмісцкай групоўкі, у склад якой уваходзілі двое бібліятэкараў і прафесар на пенсіі. У антытэрарыстычнай аперацыі браў удзел начальнік палітычнай паліцыі палкоўнік Язеў – жэстачайша паранены, ён працягваў трымаць агнявую пазіцыю, пакуль не ўпаў, паражоны куляй нацыяналіста. На шчасце, таварыш палкоўнік жывы, не зусім, праўда, здаровы і не ў самай цвёрдай памяці, але гатовы пацвердзіць, што ў маёра страляў Станіслаў Воўчак – грамадзянін з альтэрнатыўнымі палітычнымі поглядамі, экстрэміст, нацыянал-адраджэнец і асабісты вораг нашай квітнеючай Радзімы. У тваіх інтарэсах, каб гэтага тэрарыста знайшлі як мага хутчэй, іначай забойства маёра павесяць на цябе. Становішча тваё і так не фантан, ты быў на месцы злачынства, не як сведка, а як саўдзельнік, менавіта ад цябе палкоўнік злавіў кулю, аднаго гэтага досыць, каб ты адправіўся на шыбеніцу. Уразумей: я шмат на што здольны, у прыватнасці, адмазаць цябе ад "гестапіка", але пад умовай, што ты будзеш са мной шчырым.
– Не было ніякай групоўкі, – змрочна гаворыць расеец. – З іх тэрарысты, як з мяне гейша.
Валога хмыкае.
– Але ж завалілі цэлага маёра. Іх месцазнаходжанне, Чарноў? І дзе Воўчак?
– У Беластоцкай дыяспары, – адказвае расеец, адсутным позіркам утаропіўшыся ў адну кропку на сцяне. – Мабыць, далей куды рушылі, тут ужо не адсочыш. Іх эвакуіравалі, правялі цераз мяжу. Пагранцы там у долі і некаторыя з сілавікоў.
– Дарога жыцця? – удакладняе Валога.
Расеец ківае.
– Падпольшчыкі.
– Даўно з імі стасуешся?
– Год.
– Аднак! – прысвіснуўшы, кажа Валога. – І ўвесь гэты час ты тлуміў мазгі свайму куратару, так, інфарматар службы бяспекі? Насіў у кантору фэйкавыя справаздачы, а сам вадзіў цераз мяжу збеглых палітзэкаў, не выдаўшы сябе ні словам, ні мігам. Зайздросная вытрымка, я ўражаны, вось толькі са мной гэты нумар не пройдзе. Цяпер я твой куратар. Справаздачыцца будзеш мне. Мяркую, табе ёсць што распавесці, толькі не ўздумай мне хлусіць, іначай размаўляць будзеш з таварышам Язевым, а ён не такі гуманіст, як я. З панцаком з'есць.
Апошнюю фразу Валога прамаўляе па-беларуску. Усё роўна гэты расеец не зразумее. Усе яны аднолькавыя. Жывуць тут дзесяцігоддзямі і не ведаюць ні слова з нацыянальнай мовы, як, зрэшты абсалютная большасць тутэйшых, якая іронія.
– Падавіцца, – адказвае расеец
Глядзі ты, зразумеў-такі. Ці, хутчэй, сэнс улавіў.
– Без дзёрзкасцей мне тут! – грукнуўшы шуфлядай, Валога выкладвае на стол стос чыстых аркушаў і чарнільную асадку. – Пішы, Чарноў. Усё, што знаеш пра падпольшчыкаў. І не спрабуй паўтарыць харакіры, дакладней, дзігай аўтаручкай. У цябе быў шанс саскочыць, ты ім не скарыстаўся, цяпер ні памерці, ні збегчы табе не дадуць.
Павагаўшыся секунду-другую, расеец бярэ асадку і схіляецца над сталом – пяро рве паперу, ён чартыхаецца напаўголаса, адкідвае сапсаваны аркуш і цягне са стоса новы.
– Закурыць можна, начальнік?
– Абыдзешся. Пішы давай!
Валога паварочваецца тварам да карбалітавай лямпы і закрывае далонню левае вока. Рэзкае святло ператвараецца ў шэрае сутонне. Яго правае вока, не поўнасцю невідушчае, сёе-тое распазнае, і калі напружыць зрок (альбо ўключыць фантазію), у засмужаным абшары можна ўгледзець шэрагі прастакутных надмагілляў, а між імі прыгорбленыя постаці істот, агідна, па-блюзнерску падобных да людзей. "Падземныя," – кажа сабе Валога. Ён пераводзіць погляд на чалавека, які сядзіць насупраць, і бачыць яго ў сутонлівым святле – выразна, але іншым.
Адняўшы далонь ад здаровага вока, ён моцна зажмурваецца і колькі разоў міргае, каб сфакусавацца на рэчаіснасці. Надзвычай спрыяльны збег абставін. Агенты Валогі перахапілі расейца проста з-пад носа ў "гестапіка". Калі б ён патрапіў ва ўпраўленне палітычнай паліцыі, то наўрад ці выйшаў бы адтуль жывым. Палкоўнік Язеў, не самы разумны чалавек на зямлі, але з цвёрдым характарам, здольны выбіць любыя паказанні, яго пітэкантрапы штоквартальна рапартуюць аб ліквідацыі тэрарыстычных груповак, а супраціў не затухае, толькі сыходзіць глыбей у падполле. Нітка, якая можа вывесці на Дарогу жыцця, зараз у руках у Валогі, галоўнае, правільна ўсім распарадзіцца.
– У чым справа, Чарноў, зноў памяць адбіла? – пытаецца Валога, убачыўшы, што той з асадкай у руцэ сядзіць перад пустым аркушам, на якім не напісана ні радка.
– Я не вельмі разумею, што за гульню вы ведзяце, – пахмурна адказвае расеец. Узняўшы позірк, ён глядзіць на генерал-палкоўніка і не адводзіць вачэй. – Я ўдзельнічаю ў гэтым не па сваёй волі, і мне патрэбны гарантыі.
– Умовы мне ставіш? – іранічна гаворыць Валога. – Ведаеш, больш за ўсё я цаню ў людзях смеласць, мабыць, з-за таго, што сам я ў гэтым сэнсе не ідэал, мяне, у прыватнасці, пужае бабскі віск. Ты ўдала патрапіў, гавары, я ўвесь увага.
– Дар'ю не чапайце. Мне трэба ведаць, што яна будзе ў бяспецы, нават калі са мной што-небудзь здарыцца.
Валога ківае.
– Я цябе пачуў. Ні адзін волас не ўпадзе з яе галавы, абяцаю. А зараз я жадаю бачыць падрабязную справаздачу аб дзейнасці падполля.
– Гэта зойме час.
– Я пачакаю.
Генерал-палкоўнік падносіць да вачэй "лучаўскі" гадзіннік з залатымі стрэлкамі. Чвэрць на другую. Спяшацца няма куды. Наперадзе ноч.