Халадней за смерць

Нероли Ултарика
– Ты не можаш, не можаш!.. – дрыготкім голасам гаворыць Вераніка.
Яна сядзіць на ложку сярод скамечаных пакрывал. Бялявыя кудзеркі, бліскучыя ад брыльянціну, ляжаць у лагчынцы між лапаткамі, шлейка сарочкі спаўзла на плячо, агаліўшы маленькія пруткія грудзі. У спачывальні пахне сандалам. Цяжкія аксамітныя шторы шчыльна зашмаргнуты, пад накрыўкамі з матавага шкла шыпяць газавыя свяцільні.
– Лаўрушанька! Ты не можаш так паступіць са мной, Лаўрушанька! – паўтарае яна.
Лаўрэнцій не адказвае. Адвярнуўшыся да люстэрка, ён зашпільвае кашулю. Тутэйшыя не прывыклі бачыць яго ў цывільнай вопратцы. На людзях ён паяўляецца ў чорным кіцелі са срэбнымі нашыўкамі і фуражцы з "галавой Дзяржынскага" – стылізаваным гербам, які, калі зірнуць з пэўнага ракурсу, сапраўды нагадвае вусатую фізіяномію з крылцамі па баках.
– Ты больш не кахаеш мяне? – дапытваецца Вераніка. – Лаўрушанька, у цябе з'явілася іншая?
– Што ты ўсё Лаўрушанька ды Лаўрушанька, як быццам я урка!
 Ён прыгладжвае валасы і чапляе на нос акуляры з зацемненымі шкельцамі.
– Па-мойму, я даходліва растлумачыў, – кажа Лаўрэнцій, гледзячы на яе ў люстэрка. – Нехта строіць падкопы супраць мяне. Дамагаецца маёй адстаўкі. Відавочна, хтосьці з майго атачэння альбо чалавек губернатара. Інакш як бы ён даведаўся аб нашай сувязі?
Вераніка выдае нервовы смяшок.
– Госпадзе, Лаўрэнцій! Калі ты пра тую ананімку...
Ён рэзка паварочваецца і глядзіць проста на яе. Вераніка не бачыць выразу яго вачэй за цёмнымі шкельцамі.
– Праз тую ананімку мне тэлефанавалі з Крамля, – гаворыць ён холадна. – Я высветлю, хто гэты пацук, але зараз нашы стасункі неабходна абмежаваць. Спадзяюся, ты зразумееш мяне, Вераніка.
Вераніка маўчыць. Яе фарфоравы тварык крывіцца, шэра-зялёныя вочы з доўгімі вейкамі напаўняюцца слязьмі. Але яна стрымлівае сябе. Няма сэнсу закочваць сцэну. Так можна паводзіцца з братам – яе пранізлівыя віскі пужаюць яго да паўсмерці, і ён гатовы зрабіць што заўгодна, толькі б яна замоўкла. З Лаўрэнціем такі нумар не пройдзе. Нацягнуўшы пінжак, ён суха кідае: "Бывай!" За ім зачыняюцца дзверы.
– Мой генерал, – шэпча Вераніка, прыплюшчыўшы вочы. – Мой генерал. Проста салдат, проста...змарыўся.
Яна рыўком падымаецца з ложка і сунуўшы ногі ў хатнія туфлі з тонкімі абцасікамі, рушыць да туалетнага століка, на якім паміж крыштальных ваз з пунсовымі ружамі і флаконаў з парфумай паблісквае абсідыянавы апарат. Вераніка здымае слухаўку і крутануўшы дыск, цэдзіць скрозь зубы:
– Кімыч, машыну!
*
Вераніка едзе да брата ў Дразды. Урываецца да яго ў спальню, нібы тайфун. Нема вішчыць. Шпурляе ў сцяну кубкі, падсвечнікі, статуэткі – усё, што трапляецца ёй пад руку. Звініць крышталь, сыплюцца дажджом аскепкі. Алесь Валога, крыху ачмурэлы спрасонку, сядзіць на ложку і глядзіць на яе са спалохам. На ім піжама ў сінюю палоску, рэдкаватая чупрына збілася набок. Ён на год малодшы за сястру і не мае з ёй ніводнай агульнай рысы. Іх бацька быў куртаты, лысаваты і тоўсты. Вераніка ўспадкавала прыгажосць маці – даўганогая, з тонкай таліяй, залацістымі локанамі і кірпатым носам, які ў Імперыі лічыцца пікантным. Брат нізенькі ды плюгавы, з бясколернымі валасамі і маленькімі цёмнымі вочкамі на вузкай фізіяноміі. Зрэшты, мышыная знешнасць добра стасуецца з ягонай пасадай. Ён падпалкоўнік службы бяспекі.
Вераніка вые. Алесь маўчыць. Маўчанне брата яе ятрыць. У лютасці яна штурхае масіўную сярэбраную вазу з букетам барвовых руж. Ваза перакульваецца, кветкі разлятаюцца ва ўсе бакі, па каштоўным дыване расплываецца азярцо вады. Нібы раптоўна саслабеўшы, Вераніка апускаецца на падлогу і горка плача. Алесь, уздыхнуўшы, выбіраецца з ложка. Асцярожна ступаючы цераз раскіданыя ружы, ён падыходзіць да сястры, кладзе руку ёй на плячо і кажа спагадліва:
– Ён біў цябе? Зноў?
Гаворка пра мужа. Яе каханкі ў гэтым доме не абмяркоўваюцца.
– Ён горшы вар'ят, чым ягоны бацька, – Вераніка больш не злуе. Абняўшы брата, яна прыціскаецца шчакой да яго піжамы. – Алесь, колькі мне яшчэ пакутаваць?
– Мы ўжо гаварылі на гэтую тэму, – мякка адказвае Алесь. – Ты ў любы момант можаш падаць на развод.
Вераніка адштурхвае яго і кажа ледзяным голасам:
– Ты ж ведаеш, што гэта немагчыма! Ён не пакіне мне нават начнога гаршка, выганіць мяне на вуліцу жабрачкай. А што будзе з табой?
Алесь Валога маўчыць. Яму няма чаго сказаць. Становішча ў яго хісткае, як, зрэшты, ва ўсіх у Паўночна-Заходняй акрузе. Пагоны падпалкоўніка ён займеў дзякуючы швагру – мужу Веранікі. Страціць пасаду ён можа гэтак жа лёгка, як атрымаў яе. Швагер – помслівая пачвара, гуляе людзьмі, нібы лялькамі ў тэатры марыянетак, сёння дорыць табе прывілеі, заўтра адбярэ ўсё і згноіць цябе ў вязніцы. Алесь прыстройваецца на падлозе поруч з Веранікай, падкурчыўшы босыя ногі.
– І што ты прапануеш? – пытаецца ён паныла.
– Калі б з ім здарыўся няшчасны выпадак... – адказвае яна, гледзячы проста перад сабой. – Ён можа трапіць у аварыю або атруціцца чым-небудзь. Тады ўся маёмасць застанецца за мной.
Яе твар яснее, яна прымаецца загінаць пальцы.
– Катэдж у Ждановічах, дача на Нарачы. Машына. Плюс пажыццёвая пенсія за страту кармільца.
– Плюс кватэра ў Мінску, дзе ты прымаеш сваіх...сяброў, – дадае Алесь.
Вераніка фыркае і раздражнена торгае плечуком.
– Алесь, мы ж дамаўляліся. Ні слова пра гэта! – працягнуўшы руку, яна ўскудлачвае яго мышыныя валасы і нечакана ласкава пытаецца: – Дык што скажаш, брацік? Наконт няшчаснага выпадку?
Яна шматзначна зазірае брату ў вочы. Занятак не з самых прыемных, бо Алесь Валога касавурыць – прыроджаная хіба, якую не здолелі выправіць нават у крамлёўскай клініцы, дзе іхні бацька меў блат праз палітычныя сувязі.
– Вераніка, час позні, – гаворыць ён унікліва. – Начуй у мяне. Я распараджуся, каб падрыхтавалі пасцель.
– Баязлівец! – адказвае яна з агідай і адварочваецца.
*
У пакоі горача. Прасціны пахнуць лавандай і пральным парашком. У акно глядзіць жнівеньская поўня, свеціць проста ў вочы – не заснуць. Вераніка кідаецца на ложку, нібы ў ліхаманцы. "Я гэтага не заслужыла, – круціцца ў яе ў галаве. – Не заслужыла!" Лаўрэнцій не вернецца. Не стане рызыкаваць кар'ерай дзеля яе. Чорт бы пабраў гэтага пацука-даносчыка! І дадумаўся ж даслаць сваю ананімку наўпрост у Крэмль. На шчасце, яе імя не згадваецца, гаворка толькі пра таварыша генерала і яго маральнае аблічча. Лічы пашанцавала, але хто знае, можа, проста зараз пацук піша данос ужо на яе, Вераніку. І заўтра ананімку ўручаць ейнаму мужу... Думка пра мужа прымушае яе пахаладзець. Хворы садыст. Калі ён даведаецца, ёй лепей будзе адразу засіліцца або выпіць цыяністы калій. Абараніць яе няма каму. Спадзявацца на брата не выпадае. У дзяцінстве Вераніка звала яго Шкарпэткай. Ануча і ёсць. Алесь Валога нічога ў жыцці не дасягнуў сваімі сіламі. Нават дом у Драздах не яго, а нябожчыка бацькі, які ў свой час скалаціў капітал на паралельным імпарце. "Няўжо няма выйсця? – Вераніка б'е кулаком па падушцы. – Чорт, як жа тут горача! І душна, аж горла сціскаецца. Не магу ўздыхнуць..." Падняўшыся з ложка, яна накідвае паўзверх сарочкі халацік з кітайскімі цмокамі і выходзіць у цёмны калідор. І тут душна! Яна хоча глынуць чыстага паветра.
Вераніка выходзіць на тэрасу. Дарогу ёй заступае маладзён у камуфляжы з вінтоўкай наперавес. Прыгледзеўшыся, ён паважліва схіляе галаву і адыходзіць у цень. Ахоўнік. Тут усюды панатыканыя камеры сачэння ды ўзброеная варта ў кожным куце. Дом у тры паверхі з галерэямі і балюстрадамі выглядае рэзідэнцыяй біскупа. Бацька любіў, каб усё было па-багатаму, і сваім дзецям ён прышчапіў густ да раскошы. Пасля замужжа сястры Алесь жыве ў гэтым палацы сам-адзін, і яму да галавы не прыходзіць перабрацца ў больш сціплае жыллё. "Тут ты маеш рацыю, брацік, – думае Вераніка. – Калі б можна было адматаць час назад, і я б адсюль не з'язджала. І замуж бы не выходзіла. Лепей быць старой дзевай, чым гэта ўсё..." Яна стаіць на тэрасе і прагна, на поўныя грудзі ўдыхае халоднае паветра. За агароджай загадкава шапоча начны лесапарк. Ад ракі цягне балотам. Неба празрыстае. Поўня струменіць імглістае ззянне. Яна падобная на круглы чэрап, які хмыліцца. Або на твар пракажонага. "Чортава поўня", – шэпча Вераніка. Яе сэрца шалёна калоціцца. Роспач паступова змяняецца злосцю. З першага дня шлюбу яна жыве ў пастаянным страху. Любоўныя прыгоды – яе адзіная аддушына. Сысці ёй няма куды і ўсё, што застаецца – цярпець здзекі ды чакаць, калі яе мучыцель здохне. "Няўжо не знойдзецца на свеце чалавека, які прыкончыць гэтую скаціну?.."
Вераніка ўздрыгвае, адчуўшы, што на тэрасе яна не адна. Яна абарочваецца. Ахоўнік. Той самы. Ён усё яшчэ тут, стаіць, прыхінуўшыся да сцяны. Іх позіркі сустракаюцца, і ён не адводзіць вачэй. Вераніка ўскідвае брыво. Якая дзёрзкасць! Не без цікаўнасці яна разглядвае яго пры святле поўні. Хлопец зусім малады, на выгляд амаль падлетак. Не надта прыгожы, але і не вырадак. Валасы цёмныя. Рубец на губе, відаць, пачаставалі ў п'янай бойцы. Вераніка павольна ўсміхаецца. Ідзе да яго. На хаду скідвае халат з цмокамі, застаўшыся ў адной кароценькай сарочцы. Моўчкі бярэ яго ў абдымкі. Закрывае яму рот пацалункам, перш чым ён паспявае штосьці сказаць. Яе пальцы прабягаюць па яго жорсткіх, коратка абрэзаных валасах. Яна прыціскаецца да яго ўсім целам, лашчыць, як надоечы лашчыла свайго генерала. Яе напаўняе змрочнае пачуццё перамогі. "Ідзі к чорту, генерал! Я знайшла сабе лепшага". Адчуўшы яго далонь на сваім сцягне, Вераніка дазваляе яму прыўзняць край сваёй карункавай сарочкі.

Вераніка ляжыць на камуфляжнай куртцы, кінутай проста на камяні тэрасы. Ёй падабаецца, як свежы начны ветрык халодзіць яе разгарачанае цела. Ахоўнік падняўся на ногі і спрабуе прывесці да ладу сваю скамечаную ўніформу. Рухі яго такія нязграбныя, што ёй становіцца смешна. Устаўшы, яна набліжаецца да яго. Кончыкамі пальцаў бярэ яго за падбароддзе. Павольна цалуе ў вусны. Адхіляецца.
 – Ты ж нікому не раскажаш, праўда, дзіця маё? – шэпча яна са змоўніцкім выглядам.
Ён матляе галавой. Вераніка ведае, што ён не скажа. Яна ўсміхаецца.
 – Як тваё імя?
 – Ян, – адказвае ён выразна, нібы рапартуючы.
"Апалчэнне, – вызначае Вераніка, зірнуўшы на яго ўніформу зямлістага колеру. – Цывільная гвардыя". Тутэйшыя магнаты набіраюць варту з адстаўных штурмавікоў, чые паслугі каштуюць нятанна. Апалчэнцы, якія праходзяць ваенную школу з баявой падрыхтоўкай, нацяганыя не горш за байцоў "гестапіка", а заробкі ў іх удвая ніжэй. Алесь Валога ўмее лічыць грошыкі. У яго ўсе ахоўнікі з "цывілаў".
– Шараговец? – кажа яна, ківаючы. – Быць табе генералам. Я так бачу.
*
– Кімыч, машыну!
Рарытэтная чорная "Мазда" з ведамаснымі нумарамі імчыць па праспекце, ігнаруючы святлафоры. Над дамамі, аздобленымі порцікамі і эркерамі, статуямі і барэльефамі, каменнымі вазамі і пяціканцовымі зоркамі, ззяе лазурковае кастрычніцкае неба. Паветра прахалоднае і чыстае. Кроны каштанаў паабапал ходнікаў нібы крануты іржой.
Машына спыняецца каля жоўтага будынка з грэчаскім порцікам, карынфскімі калонамі і круглявай вежай. Вераніка, апранутая ў беласнежнае паліто з футравым каўняром і шаўковую сукенку колеру сталі, выпырхвае з салона і цокаючы абцасамі, узбягае па мармуровых ступенях, якія вядуць да масіўных дзвярэй з дубовымі панэлямі. У вестыбюлі малады афіцэрык патрабуе пропуск.
– Мілае дзіця, ты жартуеш з мяне? – усміхаецца Вераніка.
Яна з задавальненнем назірае, як афіцэрык мяняецца з твару, пазнаўшы жонку губернатара. "Вінаваты, – мямліць ён. – Праходзьце, калі ласка!"
Калі яна ўваходзіць у кабінет Лаўрэнція, памяшканне напаўняецца густым мускусным водарам яе парфумы. Таварыш генерал не чакаў яе візіту. Ён сядзіць за пісьмовым сталом з чырвонага дрэва, заваленым паперамі. На ім чорны кіцель са срэбнымі нашыўкамі. Вераніцы цяжка разгадаць яго пачуцці, бо на абліччы генерала не варушыцца ніводная цягліца, а позірк схаваны за цёмнымі шкельцамі.
– Я разумею, што між намі ўсё скончана, – гаворыць яна. – Але апошняя просьба, Лаўрэнцій. Апошняя і прысягаю, больш ты мяне не ўбачыш, я знікну з твайго жыцця назаўсёды.
Яна схіляецца над пісьмовым сталом і адцягвае ліф, паказваючы фіялетавыя сінякі на плячах і грудзях.
– Глядзі, што ён зрабіў са мной. Глядзі!
Лаўрэнцій адводзіць вочы. Яму вядома, як абыходзіцца з Веранікай яе муж-садыст.
– Пішы ў Крэмль, Вераніка. Я не магу арыштаваць губернатара.
– Усё можна вырашыць іначай, – яна інстынктыўна азіраецца цераз плячо, хоць і ведае, што ў кабінеце няма нікога, апроч яе і Лаўрэнція. – Толькі не кажы, што не можаш. Служба бяспекі можа ўсё. Я ведаю, у вас ёсць цэлы арсенал – "Навічок" там, палоній. Цыяністы калій. Ты ненавідзіш губернатара гэтак жа, як і я. Што табе каштуе арганізаваць невялічкую спецаперацыю па яго...ліквідацыі?
– Што?!
З хвіліну памаўчаўшы, таварыш генерал падхопліваецца з-за стала і каршуном кідаецца на Вераніку. Ад былой стрыманасці не застаецца і знаку. Яго трасе ад лютасці.
– Ты сама сябе чуеш? – шыпіць ён.
– Лаўрэнцій...
Ён хапае яе за запясці і сціскае так, што яна ўскрыквае ад болю.
– Вераніка, у мяне непрыемнасці. Не тое слова – я ў дзярме! Па самыя вушы ў дзярме. Дзярмо лыжкай сёрбаю.
– Лаўрэнцій, я пачула, – гаворыць яна дрыготкім голасам. У яе вачах блішчаць слёзы. – Ты робіш мне балюча. Пусці!
– Будзем лічыць, што я цябе не бачыў і гэтай гутаркі не было, – гыркае ён. – Тваё шчасце, што кабінет не праслухваецца. Цяпер ідзі адгэтуль. Прэч!
Выскачыўшы з кабінета, Вераніка сутыкаецца з падпалкоўнікам Валогай і ледзь не збівае яго з ног. На падлогу ляцяць скураныя тэчкі.
– Алесь, ты што, падслухваў?! – усклікае яна. – Шпіёніў за намі?
Яна глядзіць на брата зверху ўніз. Алесь, укленчыўшы на барвовым дыване, якім засланы калідор, збірае рассыпаныя дакументы.
– Сястрычка, май літасць, – гаворыць ён спакойна. – Мы на парозе сусветнай вайны, на граніцах дыверсіі, у Мінску разгул экстрэмізму. Я суткамі не сплю, які шпіянаж?
Расклаўшы паперы па тэчках, Алесь падымаецца на ногі.
– Не лепшы ты выбрала час для візіту, – кажа ён напаўголаса. – У таварыша генерала непрыемнасці.
– Чорт падзяры, я ведаю! Ён мне сказаў.
– Цішэй, Вераніка, не крычы так. Што, і пра маёра сказаў?
– Пра якога маёра?
– Каторага застрэлілі, – шэпча Алесь. – Ва ўпор і напавал. А начальніка палітычнай паліцыі здзіравілі ў друшляк. Зараз ён у рэанімацыі, адыходзіць ад наркозу і лаецца так, што медсёстры баяцца ўвайсці да яго ў палату. Яго штурмавік і шафёр пацярпелі таксама, балазе нічога сур'ёзнага, страсенне мазгоў у абодвух. Было б чаму страсацца, хм.
– Якое гэта мае дачыненне да мяне?
Алесь Валога хмыліцца, дэманструючы дробныя і вострыя, як у грызуна, зубы.
– Такое, што таварышу генералу гамон. Крышка. Капец, разумееш, Вераніка? Папруць яго з пасады за некампетэнтнасць. Канешне, прагледзеў такі безмяжак проста ў сябе пад носам. Як думаеш, хто першы кандыдат на яго месца? Адгадаеш з трох разоў?
– А-ле-есь! – яна ашаломлена глядзіць на брата. – Спадзяюся, ты зараз сур'ёзна?
Ён энергічна ківае.
– Калі ўсё пойдзе, як трэба, хутка будзем адкаркоўваць шампанскае. Ты толькі ўслухайся: падпалкоўнік Валога, старшыня камітэта дзяржбяспекі Паўночна-Заходняй акругі. Як табе, га? Больш я не стану бегаць з паперкамі. Сястрычка!
*
Пакой на мансардзе пад самым дахам. Каля акна барочны столік з гнутымі ножкамі, на століку ваза, у вазе галінка руж з дробнымі бутонамі колеру крыві, якая спяклася. Пасярэдзіне пакоя ложак, такі шырокі, што на ім памясціліся б чацвёра. Па кутах раскідана скамечаная вопратка. На падлозе ляжыць нядбайна кінутая вінтоўка.
– Ян, – гаворыць Вераніка
Звесіўшы руку з ложка, яна асцярожна праводзіць пальцамі па ствале вінтоўкі.
– Ты забіваў калі-небудзь? – пытаецца Вераніка.
– Даводзілася, – адказвае ён не вельмі ўпэўнена.
– А ты не думаў пайсці служыць у палітычную паліцыю? Па-мойму, у цябе выбітныя здольнасці.
– Не возьмуць. Я з сям'і палітзэкаў.
Яна з разуменнем ківае галавой.
– Так, гэта сур'ёзна. Абое?
– Толькі бацька.
– Ён зараз у зняволенні?
– Памёр.
– Гэта добра. Было б горш, калі б ён значыўся сярод "збеглых". Як яго звалі?
– Андрэй Лімар.
– Я высветлю, у чым яго правіна. Калі злачынства, якое ён здзейсніў, не з самых цяжкіх – тэрарызм, шпіянаж...
– Ды не.
– Тады ў цябе ёсць шанс. Я буду хадайнічаць за цябе, абяцаю.
Яны замаўкаюць. За акном вірыцца цемра. Над мансардай грыміць адарваны ветрам кавалак даху, як быццам нейкая пякельная пачвара прысела на вільчак ды ляпае свінцовымі крыламі. "Трэ будзе заўтра выклікаць дахаўшчыкоў, – ляніва разважае Вераніка. – Такі вецер! Не панішчыў бы мой ружоўнік".
Катэдж у стылі "рамантызм" з альтанкай і ружоўнікам – вясельны падарунак, які Вераніка выбрала сама на свой густ. Мужу не падабаецца, бо ён мае схільнасць да ўсялякай цыганшчыны. Балазе муж не часты госць у гэтым доме. Жыццём сваёй жонкі губернатар асабліва не цікавіцца, ён дагэтуль не ў курсе, што яна наняла чалавека з цывільнай гвардыі, дакладней, перавабіла ў папярэдняга наймальніка. Брата ўгаворваць не прыйшлося, Вераніка проста паставіла яго перад фактам: гэты ахоўнік патрэбны мне ў катэджы! Алесь паглядзеў на яе неяк дзіўна, але пярэчыць не стаў.
– Ян, ты мог бы забіць дзеля мяне? – пытаецца Вераніка.
– Гледзячы каго, – адказвае ён з кароткім смяшком.
Яны абое ведаюць, аб кім размова. Падчас кожнай сустрэчы Вераніка расказвае каханку пра свайго мужа. "Ты не ўяўляеш, што гэта за пачвара, – шэпча яна між пацалункамі. – Вы бачыце губернатара толькі на трыбуне, пры парадзе, у глянцы ды бляску. Але ведаў бы ты, колькі ў ім гною!" Гэта хворы садыст. Яму падабаецца прычыняць боль. Ад віду крыві ён шалее. Бывае, ён наводмаш б'е Вераніку ў твар і спыняецца толькі тады, калі пачынае ісці кроў. Ён усміхаецца, размазваючы кроў па яе шчоках, па плацці, па валасах. Нягледзячы на атлетычную паставу, ён слабы як мужчына. На шлюбным ложку ён рэдка бывае ўдачлівы. І канечне, ва ўсіх няўдачах ён вінаваціць жанчыну. "Што ты за баба, – крычыць ён жонцы, – калі не можаш распаліць у мужыку агонь жадання?" Ён бярэ яе за валасы і рыўком валіць на падлогу. Яна мусіць прыхіліць калені прад алтаром яго мужнасці (так ён гэта называе) і задаволіць яго іншым спосабам. Калі яна не хоча, ён узнагароджвае яе ўдарам калена ў твар.
– Ян, вось скажы, хіба павінна жыць, існаваць такое быдла на зямлі?
Ён моўчкі пагаджаецца – не павінна. Губернатара ён ужо шчыра ненавідзіць. "Чорт, ты зрабіла з хлопца экстрэміста!" – кажа сабе Вераніка, і яе душыць смех. Аднак не трэба спяшацца. Ян яе, канешне, кахае, але не настолькі, каб лезці дзеля яе ў логава дракона. Трэба паабяцаць яму нешта, ад чаго ён не зможа адмовіцца. Штосьці большае, чым пасада штурмавіка.
– Ян, – гаворыць яна, гледзячы ў столь. – Калі гэтая скаціна здохне, мы зможам аформіць шлюб.
– Сур'ёзна?
Вераніка ківае.
– Так, так. Уся маёмасць застанецца за мной, – узняўшы руку, яна загінае пальцы. – Глядзі – катэдж у Ждановічах, кватэра ў Мінску, машына, дача. Акрамя таго, дзяржава будзе выплачваць мне дапамогу як удаве губернатара. Гэтага хопіць, каб жыць нябедна. Табе нават не прыйдзецца хадзіць на працу. Што скажаш, Ян?
– Рызыкоўна.
Вераніка фыркае.
– Якая там рызыка! Мой брат – старшыня камітэта дзяржбяспекі, забыўся? Другі чалавек пасля губернатара. Алесь абставіць гэтую справу так, што на цябе ніхто не падумае. У губернатара многа ворагаў, асабліва цяпер, калі з'явіліся гэтыя дыверсійныя групоўкі. Алесь адрапартуе ў Крэмль, што гэта справа рук дыверсантаў. Помста Дыяспары ці накшталт таго. Самадзержац будзе ў гневе, разбамбіць заходнікам парачку гарадоў, і на гэтым усё скончыцца. Уяві, якое шчасце нас чакае!
– Вераніка, – гаворыць Ян вельмі ціха. Ён кладзе далонь ёй на грудзі, лашчыць, але яна адкідвае яго руку.
– Спачатку паабяцай!
Ян маўчыць, кусаючы вусны. Па яго твары Вераніка разумее, што ён прыняў рашэнне. Яе сэрца кідаецца ў галоп. Нарэшце, няўжо?
 – Я-а-н! – усклікае яна з пяшчотай і жарсцю. – Ідзі да мяне, я хачу зноў!..
Яны ў знямозе валяцца на прасціны. Іх валасы вільготныя ад поту. Счапіўшыся, яны ляжаць, нібы звер з дзвюма спінамі. Знадворку шалее сівер, матляе вершаліны хвой над вадасховішчам. Зараз бы заснуць у абдымках каханага, рыхтык як у ружовых раманах, якімі Вераніка захаплялася ў дзявоцтве, ды сон не ідзе. Неймаверна, як лёгка Ян прымае ўсё на веру. Вераніка нават адчувае штосьці падобнае да згрызот сумлення. Усё роўна, што падманваць дзіця. Але, з іншага боку, як можна быць нагэтулькі наіўным?.. Вераніка сядзіць, закруціўшыся ў коўдру, і глядзіць на яго, соннага. Смерць яму гарантавана пры любым зыходзе. А аб сябе Вераніка сама паклапоціцца. Яе рука мімаволі цягнецца да даўгаватага кулона, які вісіць у яе на шыі.
Надоечы прыходзіў Якаў Міхайлавіч. Ветэран КДБ старой загартоўкі, увесь зморшчаны, сухенькі, падобны да згрыбелага гнома. Вераніка моўчкі працягнула яму пачак купюр. Пералічыўшы грошы, ён выклаў на столік невялікую капсулу на тонкім ланцужку.
– Гэта што? – спытала Вераніка, з недаверам зірнуўшы на "кулон".
– Атрапас, – сказаў Якаў Міхайлавіч. – Распрацоўка айчыннай абаронкі з класу баявых ядаў. Мадыфікацыя цыяніду. Зняты з вытворчасці, бо мае выразны парфумерны пах і не падыходзіць для сакрэтных аперацый. Тут тры кубікі, але досыць і аднаго. Забівае імгненна і без пакут, адсюль такая назва – імя мойры, якая пераразае нітку жыцця... Нагадайце, навошта вам спатрэбілася гэтае зелле?
– На выпадак, калі нас захопяць заходнія войскі. Я лепш заб'ю сябе, чым дазволю зрабіць з сябе садамітку.
– Пахвальна! – расчуліўся стары. – Вы годная жанчына і грамадзянка. Ваш муж павінен вамі ганарыцца.
Калі змова раскрыецца, яна памрэ, але не ад рукі мужа. Хворы садыст нават не дакранецца да яе. Вераніка заб'е сябе раней. Стары кэдэбэшнік сказаў, што яд дзейнічае імгненна, трэба проста пакласці капсулу ў рот і раздушыць яе зубамі. "Калі мы прайграем, няхай будзе так, – кажа сабе Вераніка. – Як у Старажытным Рыме..." Яна кладзецца на ложак, закінуўшы рукі за патыліцу, і ляжыць без сну, утаропіўшыся ў цемру. У паўдрымоце Ян горнецца да яе, абдымае, прыціскаецца шчакой да яе пляча. Вераніка ўсміхаецца. "Мой стражнік. Колькі ж у цябе дзіцячага, наіўнага. Не надта здзіўлюся, калі выявіцца, што я – першая жанчына ў тваім жыцці. Самае смешнае, што час ад часу я напраўду адчуваю жарсць да цябе. Жарсць, якую ты памылкова завеш каханнем. Ты здольны кахаць, бо маеш жывое сэрца, а я – халодная, халодная, халадней за смерць..."