Год Ганны

Виталий Сазанович
Станцыя «Кастрычніцкая». Гадзіна пік. Цягнік спазняецца літаральна на паўхвіліны. Натоўп хутка павялічваецца. Людзі ціснуцца да краю платформы, каб заняць лепшыя месцы для штурму. Жаночы голас з нейкай істэрынкай пачынае размерана замбіраваць з хрыплых дынамікаў: «Адыдзіце ад краю платформы! На пуцях метрапалітэна высокае напружанне!» Голас наўмысна падкрэслівае інтанацыяй націскныя склады, быццам спрабуючы гучаць як спакойны голас, запісаны загадзя. Але, калі гэта не дапамагае, голас зрываецца. Поўны трывогі, ў істэрыцы ён пачынае дрыжаць і ўжо не кантралюе свае інтанацыі:
- Адыдзіце ад краю платформы! Адразу за цягніком ідзе пусты цягнік! Не затрымлівайце цягнік! - верашчыць у мікрафон, напэўна, тая самая кантралёрка, якая стаіць на ўваходзе.
Цягнік прыбывае. З яго спінамі вывальваюцца спачатку маладыя хлопцы, потым астатнія пасажыры. Хлопцы пільнуюць ля дзвярэй. Да іх ззаду спрабуюць прыладзіцца новыя пасажыры ці тыя, каго вынесла плынню ў жывы калідор і хто не змог зачапіцца за поручань ці заняць спінную абарону ў адным з куткоў. Пачынаецца загрузка. Вагоны хутка набіваюцца людзьмі. Яны спрабуюць ушчаміцца, уціснуцца, праціснуць сабе маленькі прыступачак, ухапіўшыся за унутраную сценку вагона над галавою. Тыя, хто застаўся звонку, зноў і зноў штурмуюць вагоны, шукаючы слабае месца ў абароне. Голас з дынамікаў ужо не стрымліваецца і вішчыць у шаленстве, пераходзячы ад угавораў да пагроз. Машыніст спачатку няспынна ўключае «Паскорце пасадку. Не затрымлівайце поезд», потым абразае запіс да «Паскорце пасадку». Адначасова ён шчоўкае дзвярыма, якія ніяк не могуць зачыніцца. Урэшце, нават у гэтай напружанай атмасферы кожны ўздрыгвае ад нечаканасці, пачуўшы машыніста, які ўрываецца ў эфір, пырскаючы слінай:
- Ну, мы доўга будзем яшчэ дзверы трымаць?! Ззаду пусты цягнік стаіць. Вызваляем дзверы! - машыніст злуе, працягвае псіхаваць. Гэта чутна па таму, як ён шалёна шчоўкае дзвярыма. - Вы-зва-ля-ем дзверы, я сказаў!!! - ён захлынаецца ад злосці, апошнія яго словы прымушаюць адарвацца ад кнігі нават тых, хто сядзіць у навушніках.
Урэшце рэшт дзяўчына, чыя нага ўжо доўгі час торгалася шчыкалаткай паміж платформай і цягніком, была вызвалена нечымі дужымі рукамі, якія выцягнулі яе ўгору ўнутр вагона і далі зачыніцца дзвярам.
Яна стаяла, прыціснутая тварам да шкла, падаўленая, напужаная перажытым. Думала пра туфель, які застаўся ляжаць на «пуцях высокага напружання», пра нагу, якую ледзь не пакалечылі, пра свой няшчасны лёс.
Як яна зараз паедзе дахаты ў адным туфлі? Ці варта вяртацца за ім зараз, калі там столькі людзей і нікому не будзе да яе справы? Чаму ёй увесь час так не шанцуе?
Ад журбы і безвыходнасці хацелася плакаць, але яна стрымлівалася, таму што баялася звярнуць на сябе ўвагу. Хуценька выскачыла на сваёй станцыі і дабегла да выхада з метро.
На вуліцы было цёмна і холадна. З неба імжыла. Акуратна ступаючы ножкай у адной панчохі, каб не трапіць у лужыну ці гразь, яна паскакала па мікрараёну да свайго дома.
Ціха адчыніла ўваходныя дзверы, зайшла ў цёмны цесны калідорчык, скінула куртку, свой адзіны застаўшыся туфель і непрыметна праслізнула ў дальні маленькі пакойчык. Кінула сумку пад стол, павалілася на ложак, утуліўшы твар у падушку, і патанула ў слязах.
Як цяжка жыць. Людзі душаць, жаруць адзін аднаго, ідуць па галовах і не заўважаюць нічога і нікога. Дзеля чаго? Яны самі не ведаюць. Проста так павялося. Зняважыць, утаптаць у гразь, разарваць на кускі, каб паспець, адхапіць, не быць слабейшым. Людзі выстройваюцца у чаргу ў магазіне, чаргу на пошце, чаргу ў шэрым цьмяным метро, каб выстаяць, перамагчы, не быць апошнімі.
«А я заўсёды стаю апошняя», - яна яшчэ мацней абхапіла падушку рукамі, выліваючы ў яе рэшткі слёз.
Нарэшце дзяўчына паднялася, выцерла слёзы і ўключыла старэнькі камп’ютэр. Ёй хацелася адарвацца ад цяжкіх думак. Яна пачала правяраць электронную пошту, прыпамінаючы падзеі гэтага дня.
***
Раніцай, задыхаўшыся, яна ледзь паспела заскочыць у клас перад выкладчыцай. Пашэнціла, што тая таксама спазнялася. На першы занятак прыйшло ўсяго сем чалавек з дванаццаці. У паўцёмным маленькім пакойчыку з абшарпанымі сценамі было так холадна, што ўся яе група сядзела ў куртках і паліто як мага далей ад акна. Выкладчыцу, якая прыйшла падмяніць захварэўшую каляжанку, яны бачылі ўпершыню.
- Хто-небудзь можа мне адказаць, навошта вы тут вучыцеся? - быццам жартуючы, спытала выкладчыца, калі пачаўся занятак. Фарбаваная бландзінка ў акулярах, яна была ўжо не першай маладосці, але ўсё яшчэ франціла ў боціках з высачэзнымі шпількамі і пунсовай сукенцы з глыбокім дэкальтэ. Займацца па кніжцы ў яе, відавочна, не было ніякага жадання.
- Каб потым працаваць, - ціха адказаў нехта.
- Працаваць кім? Перакладчыкамі? Вы хоць ведаеце, колькі зараз перакладчыкаў патрэбна на працоўным рынку? Я вам магу сказаць. Ніводнага. Сваіх няма чым заняць. Я ўчора перакладала для… - і яна пачала распавядаць пра тое, як перакладала на прэс-канферэнцыі для аднаго замежнага музычнага гурту. Як музыкаў гэтых ніхто не сустрэў у аэрапорце, як яны вымушаны былі самі шукаць свой гатэль, але, натуральна, пра гэта яны на канферэнцыі не маглі гаварыць, таму што павінны былі заставацца ўвесь час ветлівымі, і таму гаварылі, як ім усё падабаецца ў халодным золкім Мінску. Як яны хадзілі пад імжой па Траецкім прадмесці і захапляліся мясцовай архітэктурай, хоць на самой справе на тое ў іх не было часу, таму што іх амаль дзве гадзіны пратрымалі ў аэрапорце, яны вельмі замерзлі і ўжо пачалі шморгаць насамі і чхаць. І тут ужо не да спеваў. Як зрэшты знайшлі нейкую дзяўчыну, сваячку аднаго з арганізатараў канцэрта, але тая не разумела англійскую мову на слых. І тады арганізатары пабеглі шукаць прафесіянала, знайшлі яе, але спачатку не хацелі плаціць нават па самаму нізкаму тарыфу. Але потым яна саступіла, таму што самазванцаў-перакладчыкаў, як тая дзяўчына, зараз развялося, як сабак нярэзаных. І самае дрэннае, што заказчыкам пляваць на якасць перакладу, ім галоўнае цана. Так што адзіная прычына вучыць замежную мову, гэта каб потым з’ехаць за мяжу. А так амаль ўсе і робяць, у каго ёсць магчымасць. Палова патоку на кожным курсе пасля лета не вярнулася са Злучаных Штатаў. Скончыла занятак выкладчыца-бландзінка сумбурна, пераключыўшыся на сябе:
- Мой былы муж любіў жартаваць. Калі сябры да яго ў госці прыходзілі, ён ім казаў: жонка мая любіць групавы секс. Яны глядзяць на мяне, раты разявілі, маўляў, няўжо так? А я тут жа побач стаю, саромеюся на іх вочы падняць. Ну, як бы, так, люблю, ківаю. А муж мой былы ім потым такі: любіць, таму што сачкануць можна!
Выходзілі разам на хмуры падворак старога корпуса, які раней быў інтэрнатам. Ганна ішла з сяброўкай, трымаючы яе пад руку, каб не паслізнуцца.
- Ты за каго галасаваць будзеш? - спыталася яна ў сяброўкі.
Як раз на бліжэйшую нядзелю былі прызначаны выбары Прэзідэнта.
- Я на выбары ўвогуле не пайду. Толькі час губляць. І так усё зразумела. Зноў элегантная перамога.
- А я за любога пайду галасаваць, каб толькі мой голас яму не дастаўся. Так усё абрыдла.
- Усё роўна дастанецца. Пра палітыку менш думай. Лепей спаць будзеш.
***
«А што калі ён сапраўды мяне кахае? Няўжо розніца ва ўзросце і адлегласць у тысячы кіламетраў паміж намі можа перашкодзіць нам быць разам, кахаць адно аднаго і быць шчаслівымі?»
Ганна глядзела на фотаздымак ужо немаладога, але прыемнага мужчыны, які стаяў ў засені пальмаў, апіраючыся спінаю на лэнд крузер, на фоне вялікага дома, падобнага на маленькі палац з вежамі, калонамі і тэрасай, і зноў уяўляла сябе гаспадыняй гэтага дома. Толькі яна і ён, адны ў гэтым вялікім доме на беразе Ціхага акіяна ў сонечнай Каліфорніі. Яна народзіць яму столькі дзяцей, колькі ён пажадае. Яна будзе гадаваць іх лепшымі людзьмі, чым яны самі, чым яе разведзеныя бацькі. І яна будзе лепшай жонкай для яго і лепшай маці для іх дзяцей.
«Напэўна цяжка ўявіць, як можна закахацца ў чалавека толькі па фотаздымку, - пісаў ён, калі яны толькі пазнаёміліся. - Я і сам не паверыў бы. Са мной такога ніколі не было. Я засынаю і думаю аб цябе, прачынаюся зноў з думкамі толькі аб цябе. Ты часам не займаешся чорнай магіяй? Мне вельмі адзінока. Ты мая адзіная надзея на шчасце ў гэтым бессэнсоўным жыцці».
Ёй таксама было адзінока. І прыемна, што на яе звярнуў увагу гэты мужчына. Спачатку яна была даволі асцярожна і стрымана ў сваіх адказах на яго заляцанні. Але з цягам часу ён усё больш і больш раскрываўся перад ёю як чалавек. Ёй распавёў ёй пра тое, як яго абманула жонка, забрала ўсе яго грошы, дзяцей, якія былі яго адзіным сэнсам жыцця, і сышла да каханка. Нягледзячы на свае беды, ён даволі аптымістычна ставіўся да сваёй будучыні і ўвесь час жартаваў. Гэта падабалася ёй. Яна пачала сама пісаць яму доўгія лісты, а яе жыццё і надзеі ўсё больш і больш залежалі ад таго, атрымае яна сёння ад яго імэйл ці не.
«Я бы хацеў, каб ты заўсёды была побач са мною, маёй вернай і каханай жанчынай, жонкай і маці маіх дзяцей», - пісаў ён.
Ён прапанаваў ёй сустрэцца. Толькі не ў Мінску, а ў Варшаве, куды ён паедзе на канферэнцыю. Яны даўно планавалі гэту сустрэчу. Ён пісаў, што яму цяжка атрымаць візу ў Беларусь з-за нейкіх сваіх палітычных поглядаў і дзейнасці ў ЗША.
Некалькі месяцаў таму яна ўпотай ад бацькоў узяла грошы, адкладзеныя на вучобу, і пачала афармленне візы за пакупкамі ў Польшчу. Астатнія грошы ёй спатрэбяцца падчас паездкі.
«Што калі я не спадабаюся яму?» - думала Ганна, доўга варочаючыся з аднаго боку на другі перад тым, як заснуць.
***
Ганна жыла адна з бацькамі ў трохпакаёвай кватэры. Калі бацькі развяліся, яна ўздыхнула з палёгкай, маўляў, можа зараз яны супакояцца і перастануць лаяцца. Але горшае толькі пачыналася. Спачатку яны падзялілі палічкі ў халадзільніку, потым усё астатняе. Толькі раз’ехацца не было магчымасці, таму што ніхто не хацеў саступаць. Маці баялася згубіць жытло ці быць падманутай. Бацька проста не хацеў гэтым займацца. Ён прыходзіў з працы стомлены, садзіўся вячэраць. Прыходзіла маці з бібліятэкі, і зноў пачыналася лаянка. Ляцеў посуд, ліліся слёзы, сыпаліся праклёны. Ганна пачала пазбягаць суседзяў, якія ўвесь час барабанілі па батарэях. Такіх мацюкоў, такіх дзікіх крыкаў, якія разляталіся на два паверхі ўверх і ўніз, ніхто не чакаў ад сям’і інжынера і бібліятэкаркі.
Часам маці запірала ўваходныя дзверы. Тады бацька выбіваў дзверы нагой. Маці бегла да ўчастковага міліцыянера, потым у паліклініку здымаць пабоі. Потым ад нервовага зрыву маці клалася на тыдзень у лякарню. А праз паўгода ўсё паўтаралася зноў, і кожны жадаў адзін аднаму «здохнуць хутчэй».
Ішоў час. Старэйшы брат не вытрымаў і з’ехаў на здымную кватэру. А Ганна, вось, засталася. Бацькі запіраліся кожны ў сваім пакоі на замок. Тата глядзеў увесь вечар тэлевізар, маці хадзіла вечарам у царкву. Выходзілі яны толькі на кухню, калі там нікога не было. Але гэта часовае зацішша, як гнойны нарыў, выспявала і лопалася з яшчэ большай сілай, ад якой трэсліся сцены і вылятала шкло.
Раней замкоў у іх кватэры не было. А цяпер бацькі заўсёды замыкалі свае пакоі на замок. Кожны з іх імкнуўся перацягнуць Ганну на свой бок. Ад кожнага пакоя ў Ганны быў ключ. Яна магла браць прадукты з любой палічкі. Але ад гэтых новаўвядзенняў ёй самой хацелася завесці палічку і ўрэзаць замок у дзверы свайго пакоя.
***
Ганна прачнулася рана і доўга ляжала ў ложку, прыслухоўваючыся да гукаў кватэры.
Спачатку ўстала маці. Яна прайшла па калідору на кухню. Чутна было, як шоргаюць яе тапачкі. Мама затрымалася на кухні на нейкі час, потым вярнулася назад у калідор, крыху пашумела пакетамі ля халадзільніка і, нарэшце, наважылася зайсці ў зал. Дзверы ў зал заўсёды адчыняліся з трэскам, які ні з чым не пераблытаеш.
- Пайшла вон! Хто табе дазваляў сюды заходзіць! - адразу пачуўся роў бацькі.
Маці крыху памарудзіла з адказам, відавочна, у нерашучасці спыніўшыся ў дзвярным праёме.
- Скаціна няўдзячная! Я за табою ўвесь посуд перамыла, - яна хлопнула дзвярыма і вярнулася ў калідор, прайшла да ўваходных дзвярэй і назад. Пашабуршэла ля халадзільніка. Каб праз хвіліну зноў з трэскам расчыніць дзверы ў зал і закрычаць:
- Калі ты навучышся туалетную паперу купляць?
У адказ у яе бок паляцеў тапак. Дзверы з трэскам зачыніліся. Вяртаючыся па калідору назад, мама ціха праз слёзы мармытала:
- Скаціна, хутчэй бы ён здох ужо, - яна зайшла ў свой пакой і замкнула за сабою дзверы. Засаўка пракруцілася два разы.
Цяпер прыйшла чарга бацькі. Ён басанож ішоў у ванную па калідоры. Яго ступні прыліпалі да лінолеуму, а калені пахруствалі. Бацька са злосцю расчыніў дзверы ваннай так, што аж ручка грымнула аб сцяну, і распачаў ранішні туалет: гучна ўмываўся, пырхаючы носам, як морж, чысціў зубы, галіўся электрабрытвай, з крэктам шлёпаў сябе па шчоках далонямі з адэкалонам. Нарэшце, ён выцерся ручніком і пайшоў па калідоры на кухню. Там зачыніўся і ўключыў радыё.
***
У шэрым небе не было прасветаў. Ганна стаяла пад казырком пад'езда і чакала, што імжа раптам спыніцца ці хаця б сціхне на пяць хвілін, каб яна магла дабегчы да школы. Парасон яна не ўзяла, а падымацца наверх у кватэру яна не хацела. Там зноў пачалася сварка.
«Навошта я ўвогуле задумала ўвесь гэты выхад у белы свет? Сядзела б сабе дома. Можна было б у навушніках музыку паслухаць. Ад аднаго майго голасу ўсё роўна нічога не зменіцца. Гэтыя старыя боты яшчэ нацягнула», - Ганна з прыкрасцю паглядзела ўніз.
«Адзін раз у жыцці можна прагаласаваць? Як мінімум сумленне застанецца чыстым. Ніхто не зможа потым абвінаваціць мяне у тым, што я абыякава стаўлюся да лёсу краіны. Фу, як гэта пафасна гучыць. Хіба мой голас не скрадуць, калі я прагаласую?»
«Яго скрадуць, нават калі прагаласуеш, - каварна прашаптаў ёй песімізм. - Тым больш, калі прагаласуеш сёння!»
«Ну і няхай. Гэта застанецца на сумленні тых, хто скрадзе мой голас. Маё сумленне застанецца чыстым».
Дождж узмацніўся, і Ганна, не звяртаючы на яго ўвагу, выйшла з-пад навесу і пайшла ў школу. Калі прыйшла, усе валасы былі мокрыя.
У суботу ў школе было пуста, як ніколі. Яна спынілася ля ўвахода і агледзелася. У вестыбюлі віселі фатаграфіі кандыдатаў, стрэлка паказвала кірунак, у якім знаходзіўся выбарчы ўчастак.
Яна пайшла па калідоры, і стрэлкі хутка прывялі яе да класа музыкі. За сталамі насупраць увахода з сумнымі тварамі сядзелі члены выбарчай камісіі. Іх было трое: паважны мужчына гадоў сарака, у гарнітуры пры гальштуку, відаць, старшыня, ён сядзеў пасярэдзіне; жанчына з кіслым выразам твару, падобная на настаўніцу, якую прыгналі сюды дзеля масоўкі; і маладая брунетка ў акулярах з распушчанымі валасамі, якая адарвала позірк ад тэлефона на кароткі момант, магчыма, толькі для таго, каб пагардліва усміхнуцца Ганне і зноў утаропіцца ў свой тэлефон.
Яны будуць сядзець тут сёння ўвесь дзень і заўтра таксама. Цікава, у які момант скрадуць мой голас? Адразу ці напрыканцы?
Ганна падышла да старшыні і працягнула яму пашпарт. Ён знайшоў яе ў спісах і выдаў бюлетэнь. Жэстам прапанаваў прайсці за шырму, але Ганне гэта падалося залішнім. Яна паставіла птушачку, трымаючы бюлетэнь у руках, потым склала яго ў некалькі разоў і прасунула ў шчыліну ўрны.
Якая трапная назва - «урна».
Брунетка зноў зняважліва зірнула на яе.
«Вось і ўсё. Маё першае галасаванне, першае волевыяўленне, - Ганна павольна вярталася па калідору да выхада. - Спадзяюся, і апошняе ў гэтай дэбільнай краіне».
Яна адчувала нейкую млявасць, апатыю, як быццам толькі што скончылася адна частка яе жыцця, яна перагарнула старонку, і вось пачынаецца новая глава.
***
Аўтобус прыехаў у Варшаву раніцай у нядзелю. Ярка свяціла сонца, ад якога без звычкі пачалі балець вочы. Ганна заплюшчыла іх і сядзела так, прыціснуўшыся ілбом да шкла. Па шчоках цяклі дзве маленькія слязінкі, а ёй было так прыемна адчуваць сонечнае цяпло на скуры. Яна ўявіла, што ляжыць у шэзлонгу і грэецца ў праменях сонца.
І так будзе кожны дзень, так будзе заўсёды.
Яна расплюшчыла вочы і трывожна паглядзела на гадзіннік.
Сёння я сустрэнуся з ім. Сёння ўсё вырашыцца.
Ноччу аўтобус доўга стаяў у чарзе на граніцы. Спачатку амаль гадзіну на абочыне, потым, калі пад'ехалі да кантрольна-прапускнога пункта і усіх выгналі на холад, аўтобус пачалі правяраць пагранічнікі.
Слаба імжыў дробны дождж, беларускія пагранічнікі нікуды не спяшаліся, і Ганна тады падумала, што, магчыма, гэта апошні раз, калі яна вось так стаіць пад золкім дажджом у тры гадзіны ночы, і трэба добра запомніць гэты момант, каб не забываць потым, у якой краіне яна нарадзілася.
Польскую граніцу прайшлі за дзве хвіліны.
***
Яна не пазнала яго.
Ён прайшоў міма, спыніўся ў нерашучасці дзесьці збоку, потым вярнуўся, патаптаўся ля акна з тэлефонам у руцэ. Нарэшце, падышоў да яе і ціха запытаў:
- Ганна?
Яна здрыганулася і павярнулася. Гэта быў ён. Толькі цяпер яна з жахам усвядоміла, што гэта ўсё ж быў ён. Падцягнуты загарэлы мужчына на фатаграфіі ператварыўся ў азызлага тыпа з абвіслым жыватом, сівізной на скронях і лысінай, няўдала пакрытай рэшткамі валасоў.
- Мішэль? - ад Мішэля застаўся толькі гладка паголены твар, пакрыты маршчынамі і знявечаны падвойным падбародкам.
Яна ўстала, сумняваючыся, працягнуць яму руку ці адразу ўцячы. Але ўцякаць было позна. У холе гасцініцы Шератон амаль нікога не было акрамя іх дваіх. Яна ўжо назвала яго імя, а значыць гэта была яна - Ганна.
Ён сеў у глыбокае скураное крэсла насупраць. Паміж імі на празрыстым шкляным століку ляжалі ў беспарадку раскіданыя газеты і часопісы. Першыя хвіліны яна не адрываючыся глядзела на іх, каб хоць неяк супакоіцца, але паступова яе страх праходзіў, і яна пачала паволі падаваць прыкметы жыцця.
Ён гаварыў з ёй. Павольна і ласкава. Было нешта бацькоўскае ў яго iнтанацыi. Ён задаваў ёй пытанні, на якія можна было адказаць коратка. І яна ахвотна адказвала коратка, радуючыся магчымасці быць хоць чымсьці карыснай у яго маналогу. Ён звяртаўся да яе, як да старога знаёмага. Нібы і не было паміж імі тых прызнанняў, якімі яна жыла ўсе гэтыя месяцы. У нейкі момант ён пажартаваў, і яна засмяялася. Яна ўжо не думала пра яго, як пра будучага мужа. Ёй было весела з ім, і гэты мужчына, які гадзіўся ёй у бацькі, смяшыў яе. Ён не прызнаваўся ёй у каханні, не ўспамінаў пра перапіску ў інтэрнэце, не рабіў недарэчных заўваг з нагоды яе старых ботаў. Яны нібы знаёміліся наноў, і гэта адбывалася ў паскораным рэжыме, таму што яны ўжо столькі месяцаў былі знаёмыя.
Мішэль прапанаваў ёй паабедаць разам, і яна з радасцю пагадзілася. Яна не ведала, што з ім рабіць. Сказаць, што ў яе справы, і проста так сысці - непрыгожа. Швэндацца па горадзе ў ганарлівай адзіноце да вечара таксама не хацелася. Для сябе яна вырашыла, што яны застануцца сябрамі, на нешта большае ў яе проста не хапала фантазіі.
У яго была вялікая добрая ўсмешка, па-дзіцячы пяшчотны, ласкавы позірк, ад якога яна адчувала сябе маленькай дзяўчынкай побач з ім. Ад яго зыходзіла нейкая бацькоўская любоў, якой ёй так не хапала. Ён і песціў яе, як толькі бацька можа песціць сваю дачку. Купіў ёй марозіва, хоць яна не прасіла, потым шарык, затым яшчэ ружу ў прыдачу. У парку яны не прапусцілі ніводнага ларка, ні аднаго атракцыёна. Мішэлю ўсё і ўсюды трэба было паспрабаваць. Яна змірылася з гэтым і ў нейкі момант злавіла сябе на думцы, што ёй гэта вельмі падабаецца - усё паспрабаваць. Раней яна нават не задумвалася, хоча яна ўсё паспрабаваць ці не, таму што справа заўсёды ўпіралася ў грошы. А цяпер у яе з'явілася такая неверагодная свабода, нібы крылы выраслі за спіной. І яна пырхала як матылёк ад аднаго кіёска да другога.
Мішэль ўжо не быў падобны на грознага вікінга, за якога яна яго прыняла ў самым пачатку, - з вялікім гарбатым носам, складкамі скуры вакол рота, масіўным падбародкам, расшчэпленым напалову варожым клінком. Не, цяпер гэта быў мішка Балу з мульціку Дыснею, са смешнымі вушамі і чубам валасоў, які і дурэў сапраўды таксама, як Балу. Увесь час смешна крывіў морду. А яна была жабянём Маўглі. Такім жа чорнавалосым, худзенькім, з вялікімі наіўнымі вачыма.
У рэстаране, куды яны зайшлі павячэраць, гуляла жывая музыка, і яны пайшлі танцаваць. Мішка Балу узяў яе за рукі і пачаў кружыць, а яна са сваімі пяццюдзесяццю кілаграмамі адарвала ногі і паляцела вакол яго, як на каруселі. Потым быў павольны танец. Потым яшчэ адзін. Мішэль аказаўся вопытным танцорам, куды толькі падзелася мядзведжая нязграбнасць? Ён кружыў яе, як вецер кружыць лісце ў асеннім парку, пры гэтым элегантна выгінаючы спіну і уцягваючы жывот. Іх целы збліжаліся, і блізкасць яго выпуклых шырокіх вуснаў ўжо не палохала яе так, як раней. Яго велізарная валасатая рука амаль цалкам ахоплівала яе за талію, і яна зноў адчувала сябе кволай саломінкай, якая нясецца па бурнай рацэ да вадаспаду.
Ганна не заўважыла, як выпіла чатыры бакалы за вечар. Яны вярнуліся да стала і заказалі дэсерт. Яе галава круцілася ці то ад танцаў, ці то ад шампанскага, але ёй здавалася, што і ад таго, і ад другога, але перш за ўсё ад шчасця. Яна таемна разглядала Мішку, як дзеці часам разглядаюць асла ці поні. Усё ў ім здавалася ёй пацешным. Вось у яго адтапыраныя вушы, вось - густыя касматыя бровы, а вось чорныя тоўстыя валаскі ў носе, якія асабліва добра бачныя, калі стаіш пад ім, прыціснуўшыся да яго цёплага пуза.
Мішэль упэўненай рукой у чарговы раз напоўніў бакалы і весела спытаў:
- Can you give me your left hand?
Яна, не задумваючыся, дастала сваю левую руку з-пад стала і працягнула яму.
«Можа, хоча пацалаваць яе?» - мільганула гуллівая думка ў галаве.
Але ў наступны момант Мішэль ўжо апранаў неверагоднай прыгажосці залаты заручальны пярсцёнак з дыяментам на яе безназоўны пальчык. Ад хвалявання ў яе перахапіла дыханне. Рука задрыжала, потым пахаладзела, і, нарэшце, налілася гарачынёй. Яна апусціла позірк на стол, жар працягваў распаўсюджвацца па ўсім целе. Яна адчувала, што чырванее, як рак. Да самых каранёў чорных, як крыло вароны, валасоў.
- Ганна, will you marry me? - Мішэль не адпускаў яе руку. Другой рукой ён пагладжваў яе далонь, міжволі кранаючыся пярсцёнка.
- Мне трэба падумаць, - ціха адказала яна па-ангельску, баючыся падняць на яго вочы.
- Так, вядома. Я разумею, што нельга так хутка. Я б хацеў, каб ты пакінула сабе гэты пярсцёнак. Нават калі ты потым адмовіш мне. Для мяне гэта вельмі важна. Я хачу, каб ты ведала, што я заўсёды буду кахаць і памятаць цябе, - ён адпусціў яе руку, і яна хутка схавала яе пад стол.
Прынеслі пірожныя, і Мішэль, як ні ў чым не бывала, пачаў расказваць ёй пра дэсерты ў Каліфорніі. Пра тое, якія яны бываюць і чым адрозніваюцца ад тутэйшых. Ганна тузала пярсцёнак пад сталом і напружана думала.
Пярсцёнак быў, відавочна, вельмі дарагое. Яна не магла пакінуць яго сабе проста так. Што б не казаў Мішэль, гэта быў велізарны брыльянт, які, напэўна, каштаваў дзесяткі тысяч даляраў.
Мішэль заўважыў яе хваляванне і прапанаваў патанцаваць. Гэта быў павольны танец. Ганна паклала руку яму на плячо, і цяпер усе яе думкі былі накіраваны на гэты пярсцёнак. Яна працягвала маўчаць, галава зноў круцілася. Мішэль нахіліўся і пацалаваў яе ў шчаку. Яна не спалохалася. Цяпер яна думала, пра тое, што такое каханне і чаму Мішэль выклікаў у яе такія супярэчлівыя пачуцці.
«Ёсць толькі адзін спосаб праверыць», - вырашыла яна і ўпершыню, не баючыся, паглядзела яму проста ў вочы.
Ён успрыняў гэты позірк, як сігнал да дзеяння, і прагна накрыў яе рот сваімі мясістымі вуснамі.
Ганна не супраціўлялася. Яна заплюшчыла вочы, уяўляючы сабе іншага Мішэля. Таго, які стаяў на фатаграфіі, а не таго, чый тоўсты шурпаты язык пранікаў у яе рот. Яна ўяўляла сябе гаспадыняй маленькага замка ў сонечнай Каліфорніі. Як яна едзе ва ўласным аўтамабілі па ўзбярэжжу, потым паркуецца ля пляжу.
Яна не супраціўлялася, калі Мішэль вёў яе да сябе ў нумар. У гэты момант яна ўжо разулася і ішла па пяску да акіяна. Не супраціўлялася, калі ў цемры ён зрываў з яе вопратку і пакрываў яе худое цела мокрымі пацалункамі. Усяго гэтага яна не адчувала і не заўважала. Яна была ўжо далёка ад гэтага месца.
Яна ішла ўздоўж берагавой лініі, атрымліваючы асалоду ад гулу акіяна. Пеністыя хвалі лашчылі яе ступні. Цягучы, як гліна, пясок выштурхваў ногі, імкнучыся вярнуць сабе першародную некранутасць. Спыніўшыся, Ганна павярнулася тварам да вады і накіравала свой позірк удалечыню. Бясконцая водная роўнядзь блішчала і пералівалася на сонцы, распасціраючыся да самага гарызонту. Там, дзе нябесная блакіт без адзінага воблачка купалам накрываў серабрыста-сінюю бездань пад сабой, з'явіўся адзінокі ветразь. Ён плыў прама на яе. Ганна трывожна ўзіралася ў яго абрысы, якія станавіліся ўсё выразней. Нарэшце, яна змагла разглядзець яго. Гэта быў чорны ветразь.
***
Ганна ехала назад ў тым жа аўтобусе. Яна сядзела каля акна, разглядаючы панылы восеньскі пейзаж, які праплываў за шклом. Зноў церусіў дождж, зноў доўга стаялі на беларускай граніцы. З размоваў у аўтобусе яна даведалася пра вынікі выбараў, і нейкая дзіўная радасць закралася ёй у душу.
«Ну і душыцеся цяпер у гэтым гадзюшніку яшчэ пяць гадоў», - думала яна.
Яе суседка, поўная пажылая жанчына, усю дарогу спрабавала завесці размову. Ёй было сумна, і яна лезла да Ганны з дзяжурнымі пытаннямі: вучышся ці працуеш, навошта ездзіла ў Варшаву, чаму адна? Ганна сказала, што ездзіла да сваякоў у госці, але гэта выклікала ў суседкі толькі кучу дадатковых пытанняў. Да канца паездкі Ганна так заблыталася, што ўжо сама не памятала, да каго і навошта яна ездзіла і куды хадзіла ў Варшаве. Жанчына адмаўлялася прымаць няпоўныя адказы, а Ганна не хацела быць няветлівай. Тады суседка, напэўна, паставіла сабе мэту высветліць усё да канца. Час ад часу яна прачыналася з новым пытаннем, якім ставіла пад сумнеў усе папярэднія адказы. Яе мозг ўзмоцнена працаваў над разгадкай таямніцы. Яе пытанні, знешне бяскрыўдныя, ставілі ў тупік Ганну, прымушаючы яе хлусіць яшчэ больш.
Ганна раздражнёна скубла пярсцёнак, калі суседка ўпершыню звярнула на яго ўвагу.
- Прыгожы пярсцёнак. Жаніх падарыў?
- Так.
- А нешта вось тут па-мойму пазалота аблазіць, - суседка паказала на маленькую цёмную плямку збоку.
Ганна прыгледзелася і сапраўды ўбачыла, як збоку на пярсцёнку пачынае лупіцца жоўтая фарба. Пад ёй быў звычайны чорны метал. Яна прыгадала сон мінулай ноччу, адвярнулася і заплакала.
***
Мішэль спускаўся ў ліфце на першы паверх. Да адзінаццаці заставалася яшчэ хвілін дзесяць, і ён хацеў паспець паснедаць. У холе яго ўжо чакала Ганна. Ён на секунду задумаўся, можа, запрасіць яе паснедаць разам, але потым вырашыў, што лепш нічога не мяняць і прытрымлівацца старой схемы.
Праз пятнаццаць хвілін ён зноў стаяў у холе каля стойкі рэсэпшена і гуляў з тэлефонам, пазіраючы ў бок Ганны. Нарэшце, няўпэўненай хадой ён прайшоў да часопіснага століка з крэсламі каля акна, назіраючы за яе рэакцыяй. Яна быццам пазнала яго, але зрабіла выгляд, што працягвае разглядаць малюнкі.
- Ганна?
Яна здрыганулася, павярнулася і ўстала з крэсла. Гэта была кірпатая Ганна з Вінніцы. З хвалістымі каштанавымі валасамі, няправільным прыкусам і лёгкім пушком на верхняй губе. У адрозненні ад Ганны з Мінска яна дрэнна размаўляла па-ангельску.
«Пра гэта нельга забываць, - думаў Мішэль. - Нічога нельга забываць, каб не заблытацца».
Ён засунуў руку ў кішэню і намацаў там чарговую скрыначку з пярсцёнкам за тры даляра. У гэтым годзе ён купіў чатыры пярсцёнка. Пяты - для Ганны з Рэчыцы - ён атрымаў бясплатна ў якасці скідкі, чаму быў невымоўна рады. Адпачынак у гэтым годзе, годзе Ганны, таксама пачынаўся ўдала, і гэта не магло не радаваць.
Пераканаўшыся, што ўсё на месцы і ідзе па плане, Мішэль расцягнуў вусны ў дзіцячай усмешцы і зрабіў крок наперад. Дзяўчына збянтэжана ўсміхнулася яму ў адказ:
- Мішэль?