Дядя Казимир

Пётр Шаколо
На здымках:
     1)
Пеця,Надзя,Віця,
дядзька Казімір,
Марыя і Валяр'ян
Шаколы. 1958 г.
     2)
Валянціна, дачка
Казіміра, 1958 г.



                ДЗЯДЗЬКА КАЗІМІР

              1956 год. Мы жывём на вуліцы Камсамольскай, дом 2. (Яшчэ старажылы Ашмян, па прывычцы, называюць яе Папярэчнай, бо гэта невялічкая вулачка, а хутчэй – перавулак, з тузінам дамоў па абодвух баках,  пралягла якраз упоперак паміж Савецкай і Гальшанскай вуліцамі). Цёплы летні  дзень, сонца ўжо высока, на небе ні хмаркі. Мама з Надзей у доме гатуюць абед. Віця пайшоў у магазін за хлебам. Альбіна ў ад’ездзе: знаходзіцца на сесіі ў Ленінградскім педагагічным інстытуце.   Бацька з гачкаю капаецца ў агародзе, ваюе с пустазеллем. Я тут жа, непадалёку ў двары, займаюся нейкімі сваімі дзіцячымі справамі. Бачу: па тратуару ідзе чалавек, апрануты ў светлы парусінавы касцюм, на галаве  саламяны капялюш з шырокімі палямі, у руцэ  незнаёмца вялікі чамадан. Падышоў да нашай брамкі, спыніўся, вітаецца са мной:

-Дзень добры, хлопчык! 

-Добры дзень! – адказваю.

-А Шаколы тут жывуць?

-Тут.

-Цябе як завуць?

-Пеця.

-А акрамя цябе яшчэ нехта ці ёсць дома?

-Мама з Надзей у хаце, а татка – вунь на агародзе.

         Але бацька, пачуўшы размову, ужо і сам падходзіў да нас. Падышоў, прывітаўся – і яны  пачалі ўглядацца адзін у аднаго. Прыглядаліся нядоўга, тата пазнаў чалавека і кінуўся ў абдымкі:

-Казюк!

-Валька!
       
         Яны абдымаліся, а ў вачах блішчэлі слёзы радасці. Я стаяў побач, не зусім разумеў, што адбываецца, але і мне таксама перадаваўся настрой гэтай сустрэчы –  і я  вось-вось гатоў заплакаць.
       
         -Пецька, гэта ж твой дзядзя Казімір прыехаў, а мы яго лічылі загінулым яшчэ  на той, першай, вайне. А ён жа, вось ён, жывы! – і тата з дзядзькам заключылі мяне ў свае абдымкі. 
      
         -Дык хадзем жа ў дом – запрасіў гасця бацька.

          Я кінуўся, апярэджваючы дзядзьку, да чамадана, які аказаўся важкім, падхапіў за ручку двумя рукамі і  панёс  у дом, ідучы следам за дарослымі.

          Зайшлі ў хату. Казімір прывітаўся і пазнаёміўся з нашай мамай і Надзей. Пасля нядоўгіх пацалункаў і абдымкаў дзядзька адкрыў свой чамадан – і пакой адразу напоўніўся пахам свежых паўдзённых фруктаў: абрыкосаў, персікаў, мандарынаў, яблыкаў і інш., якімі быў запакаваны ўвесь яго аб’ём.   
         
         Мама і Надзя накрылі стол і запрасілі ўсіх абедаць. Тут і Віця якраз падаспеў з хлебам. Тата адкаркаваў бутэльку гарэлкі разліў па чарках, усе чокнуліся (мы з Віцям – кампотам) і выпілі за сустрэчу. За абедам дзядзька Казімір з большага расказаў гісторыю сваіх паходжанняў. У наступных размовах ён абрысаваў і больш падрабязную карціну службы ў арміі і ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. Дзядзька прабыў у нас некалькі дзён, на працягу якіх з татам і мамай успомнілі і абгаварылі шматлікія акалічнасці і падзеі мінулых дзесяцігоддзяў адсутнасці Казіміра ў родных мясцінах.

         На той момант я мала чаго запомніў з дзядзькінага аповеду. Але ў маёй памяці трывала замацавалася наступная фраза Казіміра: “Нас, рускіх салдат, Мікалай ІІ прадаў у Францыю за зброю. Калі мяне прызвалі ў войска, Вальку было прыкладна столькі гадоў, як вось зараз вашаму Пецю.”
         
         Аказваецца, Казіміра Шаколу ў Першую сусветную вайну мабілізавалі ў царскую армію і яму давялося ваяваць у складзе  Рускага экспедыцыйнага корпуса на тэрыторыі Францыі,  быць  на  катарзе  ў  Алжыры,  пасля з цяжкасцямі вярнуцца ў Расію. Але пра ўсё гэта родныя нічога не ведалі: як пайшоў дзядзька на вайну, так і прапаў без звестак. Дома яго лічылі загінуўшым, нават ставілі ў касцёле свечкі за спакой душы. 
         
         Ужо пасля, стаўшы дарослым, больш-менш засвоіўшы і асэнсаваўшы гісторыю сваёй краіны, набыўшы пэўны жыццёвы досвед, шмат разоў пагутарыўшы з роднымі і непасрэдна з дзядзькам і яго дачкой Валянцінай, у мяне пачала вырысоўвацца нейкая цэласная карціна мінулых падзей. Шкада толькі, што асобныя канкрэтныя дэталі удакладніць у самога Казіміра, калі я сістэматызую і зводжу вядомыя мне звесткі ў адзіны тэкст апавядання, цяпер ужо немагчыма.
      
         Рыхтуючыся да напісання гэтага твора, я неаднаразова зазірнуў у інтэрнет за адказамі на турбуючыя пытанні, перачытаў шматлікія літаратурныя творы пісьменнікаў і ўспаміны удзельнікаў цікавых мне падзей, уважліва прагледзеў кіно- і відэадакументалістыку, прааналізаваў апісанне месцаў і з’яў, звязаных з лёсам дзядзькі Казіміра. Супаставіўшы ўсё гэта з вядомымі  нашай сям’і фактамі і абапіраючыся на навукова-гістарычны падыход да тэмы,  прапаную чытачу наступнае сачыненне.

                ***

         Цэлае стагоддзе аддзяляе нас сёння ад  1-ай сусветнай вайны. Яна стала вынікам супярэчнасцей паміж дзяржавамі Траістага саюза (Германія, Італія, Аўстра-Венгрыя) і Антанты (Расія, Англія, Францыя). Асновай  гэтых супярэчнасцей з’явіўся канфлікт паміж Англіяй і Германіяй за эканамічныя, ваенна-марскія і каланіяльныя дамаганні. Паміж Францыяй і Германіяй ішлі спрэчкі з-за адарваных у Францыі раёнаў Эльзаса і Латарынгіі, а таксама прэтэнзій Германіі на калоніі Францыі ў Афрыцы. 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. 1 жніўня  Германія абўяўляе вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі. 4 жніўня германскія войскі ўварваліся ў Бельгію. Лондан накіраваў у Берлін ультыматум: спыніць умяшанне ў Бельгію, або Англія аб’явіць вайну Германіі. Па сканчэнні тэрміна ультыматуму Вялікабрытанія аб’явіла вайну Германіі і накіравала  войскі  на  дапамогу  Францыі.  6 жніўня Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Расіі. Пачалася Першая сусветная вайна.

         Аб прычынах яе ўзнікнення і агульнай характарыстыцы баявых дзеянняў на сённяшні дзень напісана дастаткова шмат літаратурных твораў, мемуараў і розных успамінаў, а вось аб салдатах – удзельніках тых падзей,  іх  лёсах, грамадству вядома значна менш.               

         У заходніх губерніях Расіі, у тым ліку і беларускіх, было аб’яўлена ваеннае становішча  і мабілізацыя. На франты Першай сусветнай былі накіраваны тысячы салдат, учорашніх сялян.

           Казімір Шакола нарадзіўся ў 1895 годзе на Лагойшчыне Мінскай губерніі, у в.Сцюдзянец, у сялянскай сям’і, быў самым старэйшым з чатырох братоў, меў два класы адукацыі. Яму было 20 гадоў, калі яго прызвалі ў войска ў ходзе другой хвалі мабілізацыі ў 1915 годзе і накіравалі  на вайну. Праз пэўны час Казіміра забралі з акопаў і як граматнага маладога чалавека накіравалі ў вучэбную часць для падрыхтоўкі малодшага каманднага састава. Але поўны курс навучання прайсці не давялося, бо яго залічылі салдатам у  рускі ваенны корпус, накіроўваемы на Заходні фронт у Францыю, як адпавядаючага ўсім жорсткім патрабаванням да асабовага складу ніжніх чыноў: наяўнасць пачатковай адукацыі (непісьменных не бралі), славянскае аблічча (блакітны колер вачэй), рост не меней 173 см, адменнае здароўе і крэпкі фізічны стан.

         Французскі ўрад з лютага 1915 года вёў перамовы з Расіяй аб выкарыстанні рускіх войскаў на тэрыторыі Францыі. Згода царскага ўраду была атрымана, і ў 1915 годзе сталі фарміравацца асобыя вайсковыя падраздзяленні, якія у першай палавіне 1916 года у складзе Рускага экспедыцыйнага корпуса з чатырох пяхотных брыгад былі накіраваны на Заходні фронт: 1 і 3 брыгады у Францыю; 2 і 4 брыгады ў Салонікі (Грэцыя). Усяго 44 тысячы ніжніх чыноў і 800 афіцэраў.

         Першыя часці экспедыцыйнага корпуса адправіліся з Масквы ў студзені 1916 года праз Сібір і Маньчжурыю ў порт Дальні, а затым параходамі па мору ў Марсель. Праз Маньчжурыю салдат везлі ў закрытых вагонах з максімальнай маскіроўкай, з перасцярогай, каб немцы не заўважылі   перамяшчэнне  рускіх  салдат  у  Францыю  і  не прынялі меры да патаплення караблей. Германія вяла неабмежаваную                падводную вайну.

         Першая асобая брыгада, у складзе якой знаходзіўся і салдат Казімір Шакола, здзейсніла доўгі шлях па чыгунцы з Масквы праз усю Сібір, пагрузілася на рускія і французскія параходы ў порце Дальнім і пасля 56-дзённага пераходу праз Індыйскі акіян, Суэцкі канал і Міжземнае мора высадзілася 26 красавіка 1916 года ў Марселі.

         З вінтоўкамі на плячах, у летняй форме, рускія воіны ліха прамаршыравалі па вуліцах горада. Французская інтэлігенцыя захлёбвалася ад радасці, гледзячы на маладых і здаровых хлопцаў, прысланых рускім царом у абмен на ўзбраенне і займы. А салдаты, азіраючыся па баках, казалі: “Нас дэманструюць французам, як тавар!”.  На жаль, гэты тавар – жыцці рускіх салдат – у далейшым так і не быў належна  ацэнены   па   поўнаму  кошту.  Вялікая    вайна  была  выкрэслена   бальшавікамі  з   гістарычнай  памяці,   яна называлася ў савецкай гісторыі благой, несправядівай, яе глыбока не вывучалі, рэвалюцыя і грамадзянская вайна выцеснілі Першую сусветную. Зараз спахваціліся, але пазнавата: нешта згубілася канчаткова і ўзнавіць немагчыма.

         На французскім фронце было 20 тысяч рускіх салдат. Асабовы склад 1-ай брыгады (разам з запасным батальёнам) па штатах быў вызначаны: 1 генерал, 180 штаб- і обер-афіцэраў і каля 9000 ніжніх чыноў. На кожную роту мелася па адной паходнай кухні. Брыгада была выдатна абмундзіравана, маючы двайны камплект форменнага адзення і ботаў. Узбраенне і ўсю астатнюю маёмасць атрымалі ў Францыі. Начальнікам 1-ай брыгады (а затым – і ўсяго Рускага экспедыцыйнага корпуса) быў прызначаны генерал-маёр Мікалай Лахвіцкі, Георгіеўскі кавалер. Начальнікам 3-яй брыгады - ген.-маёр Уладзімір Марушэўскі.

1-ая асобая руская брыгада 16 чэрвеня 1916 года увайшла ў склад ІV-ай Франзузская арміі, у ХVII корпус. Корпус займаў сектар на ўсход ад г.Рэймса. Участак фронту (18 км траншэй) па лініі Мурмелон  - Оберык  быў заняты 1-й асобай брыгадай да 16 кастрычніка 1916 года. За гэтыя чатыры месяцы  рускія салдаты здабылі сабе трывалую         баявую  рэпутацыю,   яны   славіліся   штыкавымі  атакамі  і
разведкай.

         11 верасня 1916 года – першая вялікая перамога  рускіх. Брыгада адбіла наступленне нямецкай дывізіі – на працягу 12 гадзін немцы атакавалі 5 разоў. Але нашы не зрушыліся з месца, а праціўнік панёс важкія страты. За адвагу і смеласць у першыя месяцы баёў Георгіеўскімі медалямі былі ўзнагароджаны 90 ніжніх чыноў, 50 саладат – Георгіеўскімі крыжамі. Што такі медаль меў і Казімір Шакола, неяк  казала Валянціна, яго дачка і мая стрыечная сястра. Але сваімі вачамі я гэту адзнаку не бачыў, таму пацвярджаць  факт наяўнасці яе не бяруся.
         
         А вось, што дзядзьку Казіміру  разам з  аднапалчанамі давялося не раз бываць у знясільваючых бязлітасных  баях, у якіх яны неслі вялікія страты, я помню яшчэ з яго асабістых расказаў падчас першага прыезду да нас у 1956 годзе.

         Рускія салдаты змагаліся ў правінцыі Шампань. Са слоў Казіміра, нямецкія пазіцыі былі грунтоўна ўмацаваныя дзясяткамі радоў калючага дроту, прыкрываючага тры лініі акопаў праціўніка. Таму, калі ім быў аддадзены загад аб наступленні,  і  яны  пайшлі  на  штурм умацаванняў, то агонь  нямецкіх гарматаў выкасіў амаль увесь   першы ланцуг наступаўшых. Нягледзячы на вялікія страты атака завяршылася ўзяццем населенага пункта, замацаваннем на захопленых пазіцыях і паланеннем каля 700 нямецкіх ваенных.

         Пазіцыйная вайна на Заходнім фронце сталася да краю стомнай. Вышэйшае камандаванне ўвесь час патрабавала свежых звестак аб праціўніку. Баявыя пошукі, разведкі, кароткія ўдары былі пастаяннай з’явай і трымалі праціўніка ў нервовай напрузе, вызывалі з яго боку шматлікія контратакі і цягнулі за сабой нямала страт. Але рускія салдаты трымаліся стойка.

         16 кастрычніка 1916 года 1-ая асобая брыгада была адведзена ў тыл і заменена 3-яй асобай брыгадай, якая заставалася там бяззменна да 12 сакавіка 1917 года. Асабовы склад 3-яй брыгады праявіў сябе такім жа смелым і адважным,  як і  вайскоўцы 1-ай брыгады. І ўсё ж трэба  адзначыць, што свежая замена папала ў самае пекла: да артылерыйскіх абстрэлаў і начных вылазак дабавіліся газавыя атакі, менавіта тут, на французскім фронце, пачалося іх масавае прымяненне.

         Толькі ў красавіку 1917 года 1 і 3 рускія брыгады разам з саюзнікамі наступалі на Заходнім фронце паміж Рэймсам і Суасонам, рускія палкі страцілі каля 6 тысяч байцоў.

         Казіміру Шаколу  “пашанцавала” за ўвесь час баёў  атрымаць толькі аднойчы лёгкую кантузію, ні разу не быць параненым і застацца жывым.

         У чэрвені 1917 года 1-я і 3-я брыгады былі зведзены ў дывізію пад камандаваннем ген. Лахвіцкага, якая месцілася ў французскім лагеры Ля-Курцін.

         Між тым, звесткі аб рэвалюцыйных падзеях на Радзіме вызвалі бражэнне сярод асабовага складу дывізіі. Ля-Курцін ператварыўся ў маленькую Расію: пачаліся мітынгі. Абраны салдацкі камітэт прад’явіў камандаванню патрабаванне аб адпраўцы на радзіму. Корпус раздзяліўся: 1-ая брыгада цвёрда стаяла за адпраўку ў Расію, 3-я падпарадкавалася загаду прадоўжыць вайну за Францыю. Пад абураныя выкрыкі саслужыўцаў згодныя ваяваць выйшлі з лагера (і ўсе афіцэры). Больш за 9 тысяч непакорных засталіся (Казімір Шакола, вядома, быў у гэтым ліку ). Так пачалося паўстанне, якое было жорстка падаўлена.

         Калі вайсковаслужбоўцы з 1-ай брыгады адмовіліся падпарадкоўвацца загадам камандавання, стала пытанне аб прымяненні да іх  сілы. У гэты час з Расіі для далейшай перадыслакацыі на Балканы прыбыла артылерыйская брыгада ген. Бяляева. З ліку яе дабравольцаў сфарміравалі ўдарны атрад, атрымаўшы назву “батальён смерці”. Быў выдадзены загад аб дабравольный здачы мяцежнікаў уладам і аб’яўлены ультыматум, тэрмін якога сышоў ранкам 16 верасня. У 10 гадзін па Ля-Курцін ударыла свая ж артылерыя. За пяць дзён процістаянняў па лагеру  было зроблена больш 500 артылерыйскіх выстралаў. Мяцеж быў падаўлены, каля 8000 чалавек здаліся. Салдат раззброілі і інтэрніравалі, іх пазбавілі ўсіх званняў і чыноў.
      
         Пасля разгрому лагера Рускі экспедыцыйны корпус перастаў існаваць. З дапамогай контррэвалюцыйна настроеных рускіх афіцэраў салдат раздзялілі на тры катэгорыі: 1,5 тыс., аднесеных да 1-ай,  працягвалі ваяваць у складзе Французскай арміі (“Рускі легіён чэсці” – названы так за смеласць у баях );  да 2-ой – тых, каго выкарыстоўвалі  на працах у тыле, у рабочых брыгадах;  да 3-й (страпцівых) – гэтых ссылалі ў Паўночную Афрыку, фактычна - на катаргу.

            Беларус Казімір Шакола ваяваць больш не хацеў. А таму ў ліку некалькіх тысяч рускіх салдат быў этапіраваны ў Алжыр, дзе давялося цягнуць лямку паднявольнага рабочага на прадпрыемствах гэтай французскай калоніі. Сустрэча на алжырскай зямлі аніяк не паходзіла на цёплы прыём, аказаны рускім ваенным у красавіку 1916 г. у Марселі. Іх тут прымалі ўжо як злачынцаў, сасланых катаржан. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю былых расійскіх вайскоўцаў: з першых хвілін знаходжання ў Алжыры рускіх салдат, якія не былі ваеннапалоннымі і яшчэ нядаўна пралівалі кроў за Францыю, бралі на мушку французскія кулямётчыкі; баракі, у якіх яны жылі, былі абнесены калючым дротам; іх чакала найцяжэйшая праца ва ўмовах непрывычнага клімату, у тым ліку на вугальных шахтах і свінцовых рудніках; благое харчаванне ледзьве забяспечвала паўгалоднае існаванне; вельмі нізкі узровень медыцынскай дапамогі, жудасная антысанітарыя; жорсткія спагнанні за дысцыплінарныя парушэнні, карцэр і турма. У Алжыры рускіх трымалі за рабоў.

         Спазнаўшы катаржную працу і спадарожныя ёй нястачы, некаторыя салдаты з былога Рускага корпуса запісваліся ў замежны полк Мараканскай дывізіі, якая перакідвалася на арэну баявых дзеянняў у Еўропу. Угаворвалі запісацца і Казіміра, але ён рашуча адмовіўся.

          Ішоў час, закончыўся 1917 год, яго змяніў 1918, наступіў 1919, за ім 1920.., ужо і белых перамаглі чырвоныя, а ў родных ад сына – ніякіх звестак: прапаў хлапец. Бацькі рашылі, што салдата з вайны ім ужо не дачакацца, бо тэрмін выйшаў,  у жывых яго няма, і, як сапраўдныя веруючыя каталікі, заказалі ў касцёле паніхіду за спычын душы  Казіміра.

         Між тым, шматмесячная драматычная эпапея Казіміра Шаколы працягвалася. Не менш цяжкім аказалася вяртанне з Алжыру ў Расію. Афрыканскія катаржане пачалі вяртацца на радзіму ў канцы 1919 года. Рускіх салдат даастаўлялі на караблях у Крым.  На паўвостраве ў гэты час бушавала грамадзянская вайна, транспарты з былымі палоннымі адмаўляліся прымаць як чырвоныя, так і белыя. Першыя баяліся, што вярнуўшыеся пяройдуць адразу ў варожы стан, а белыя не хацелі дапусціць папаўнення чырвоных палкоў прабальшавіцкі настроенымі салдатамі. Так сталася і з транспартам, на якім знаходзіўся Казімір: пасля няўдалай спробы прыстаць да крымскага берагу, карабель адправіўся ў Канстанцінопаль.  Тут рускіх салдат ніхто не чакаў, яны былі вымушаны далей цярпець  неймаверныя нягоды, галадаць і мучыцца ад смагі. Нарэшце, іх зноў пагрузілі на параход і вывезлі ў мора. На гэты раз родны бераг не быў гэткі непрыязны, карабель змог прышвартавацца ў адной з бухт. Змарнелыя пасажыры з цяжкасцю спусціліся на сваю зямлю.

         У Армавіры (цяпер – горад у Краснадарскім краі  Расійскай федэрацыі), куды даставілі прыбыўшых з Афрыкі франтавікоў,  іх аддалі ў распараджэнне Дзянікіна з прапановай паступіць у Дабравольчую армію. Пасля катэгарычнай адмовы гэтых людзей аб’явілі ваеннапалоннымі і правялі “сартыроўку”:  некалькіх сышоўшых на бераг былых салдат Рускага корпуса расстралялі, іншых прымусілі несці каравульную службу ў распалажэнні дзянікінскіх часцей. 16 сакавіка 1920 года горад Армавір быў узяты Чырвонай арміяй і ўжо пасля адпаведнай  “зачысткі” з яе боку большасць прайшоўшых праверку “афрыканцаў” адпусцілі дамоў, частку згодных на службу залічылі байцамі ў  штат.   

         Казіміра Шаколу  ў самы разгар тых падзей спасцігла хвароба: яго зваліў брушны тыф. Праз пэўны тэрмін бяспамяцтва і кідання ў трызненні  ачуняў у лазарэце, дзе, дзякуючы высілкам лекараў, а таксама –  свайму маладому моцнаму арганізму, стаў хутка папраўляцца і ўстаў на ногі. З боку новых уладаў прэтэнзій да дзядзькі не было, а дакладней, яго лёс нікога не турбаваў – свае праблемы трэба было вырашаць нейкім чынам самому. Але  фізічны стан яшчэ не дасягнуў той моцы, каб можна было рашыцца на падарожжа ў далёкую Беларусь праз ахопленыя вайной, голадам  і  эпідэміямі,   ляжачыя  ў  разбурэнні  і  запусценні  расійскія  бязмежныя прасторы.

          Ды яшчэ невядома, як  сустрэне свая зямля, і ці засталіся ў жывых яго родныя. І грошай жа на дарогу недзе ўзяць, як няма і адзежы нармальнай: паабнасіўся салдат у акопах, катаржных бараках ды карабельных трумах … Пытанні, пытанні… А дакладных адказаў няма. І вырашыў Казімір: застацца пакуль у Армавіры, тым больш, што тут, на поўдні, людзям жыць і цяплей, і адносна сытней, знайсці працу, падзарабіць і нармальна апрануцца, а ўжо тады думаць, як быць далей. На пачатку яму ўдалося ўладкавацца дворнікам у той самай лякарні, дзе ён пазбавіўся ад тыфознай хваробы, а пазней паступіў  рознарабочым (дзядзька так сваю працу называў  сам) на ватную фабрыку (зараз гэта невялікае прадпрыемства лёгкай прамысловасці ААТ “Армавірская фабрыка нятканых матэрыялаў”).   

          Лістоў дамоў Казімір не пісаў, бо думаў, што “вось, незадоўга, наступіць той момант, калі ён накопіць неабходную суму, і сам  паедзе на Радзіму”. Але ж хутка думка думаецца, а справа не! Не ўдалося яму падрыхтавацца да паездкі за цёплым часам, а там і халады падаспелі. А ў наступным годзе з фабрыкі яго ў ліку іншых звольнілі з-за адсутнасці заказаў – і дзядзька доўгі час быў беспрацоўным, перабіваўся “з хлеба на ваду”:  зарабляў на жыццё ў асноўным тым, што наймаўся да людзей на нейкія тэрміновыя гаспадарчыя работы. Больш чым праз год пашанцавала паступіць на працу гаспадарчым рабочым маслабойнага завода (па вырабу сланечнікавага алею), дзе акрамя пастаяннай, хоць і невялікай, зарплаты ён меў і свой вугал у доме барачнага тыпу. З’явіліся  перспектывы змен да лепшага: дзядзька змог забяспечваць свае мінімальныя патрэбы больш-менш прыстойнага існавання, а таксама пакрыху адкладваць нейкую капейчыну на запас.

           У 1926 годзе Казімір рашыўся выправіцца ў дарогу. Папрасіў на працы водпуск, купіў білет на цягнік і, узяўшы з сабой самыя неабходныя рэчы, рушыў у накірунку Беларусі. Але здзейніць задуманае да канца  не давялося. Не даехаў ён да родных мясцін. Дзесьці на паўшляху, а мо і раней, яго не прапусцілі праз нейкую граніцу, і дзядзька быў вымушаны вярнуцца ў Армавір.

             У гэтым месцы я павінен зрабіць адступленне  ад асноўнага тэксту і адносна спробы  дзядзькі  Казіміра наведаць Лагойшчыну сказаць наступнае.

         Пра забарону Казіміру ў 1926 годзе перасекчы граніцу на яго шляху ў Беларусь мне і Надзі распавядала наша стрыечная сястра, дзядзькіна дачка Валянціна. Але якая гэта была мяжа канкрэтна, патлумачыць яна не магла, не мог прасвятліць разглядаемую сітуацыю і сам дзядзька Казімір, калі я ў 1977 годзе папрасіў  растлумачыць гэты эпізод, бо па стану здароўя  шматлікія дэталі ўжо выпалі з яго памяці.

         У апісваемы час у Савецкім Саюзе ніякіх жа дзяржаўных граніц паміж састаўнымі часткамі СССР, у тым ліку і БССР, не існавала, і грамадзяне маглі свабодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі. Значыць, напрошваецца вывад: гэта магло быць  часовае абмежаванне ў сувязі з нейкімі надзвычайнымі абставінамі. З матэрыялаў інтэрнэту высветліў, што ў 20-х гг. ХХ стагоддзя і непасрэдна ў цікавячым нас 1926 годзе на шматлікіх тэрыторыях краіны часта выяўляліся ўспышкі розных эпідэмічных захворванняў, у сувязі з чым праводзіліся неабходныя выкараняльныя мерапрыемствы, у тым ліку і са строгімі забаронамі карантыннага характару, уключаючыя ў сябе і абмежаванні руху з устаноўкай кардонаў. І таму, сапраўды магчыма, што Казіміра завярнулі назад на адным з такіх вось пунктаў.

        Як бы там ні было, але Казімір Шакола вярнуўся ў Армавір і працягваў працаваць на сваім рабочым месцы. Неўзабаве сустрэўся,  пасябраваў і ажаніўся з добрай і мілавіднай дзяўчынай-украінкай Дар’яй (паходжаннем з чачэнскага горада Грозны), і ў іх нарадзілася дачка Валя. Думкі аб роднай вёсцы на Беларусі неяк паціху адышлі на дальні план: трэба было забяспечваць сям’ю, гадаваць дзіця, таму Казімір перайшоў на больш прыбытковую работу, калі не памыляюся, на ліцейна-механічны завод  (былы завод Місожнікава, а пазней АТ “Армаліт”). У хуткім часе яны атрымалі пакой у камунальнай кватэры. Шаколы жылі спакойным ціхім жыццём, стараліся быць у роўных адносінах з усімі людзьмі і нікому не пераходзіць дарогу, (тым больш, што Казіміра неяк вызвалі ў адпаведны кабінет, уладальнік якога парэкамендаваў дзядзьку  “пра Рускі экспедыцыйны корпус забыцца, не высоўвацца і не мазоліць вочы”). Тым часам, Валя падрасла і пайшла ў  школу.    На прыканцы                30-х гадоў сям’я атрымала невялікую   двухпакаёвую   кватэру  ў  паўпадвальным памяшканні трохпавярховага дома дарэвалюцыйнай пабудовы,  якая стала пастаянным               
 жытлом на ўсе далейшыя гады жыцця Казіміра ў Армавіры.  (Надзея ў 1958 годзе гасцявала ў дзядзі і ёй спадабалася ўтульнасць пакояў і адсутнасць сырасці, якая часта бывае ў сутарэннях, адно крыху засмучала – гэта тое, што праз вокны можна было бачыць толькі ногі праходзячых міма людзей, а не ўсю постаць).

        Але ж спакойнае ўраўнаважаннае жыццё ізноў парушыла вайна. Горад Армавір знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй з 7 жніўня 1942 г. па 23 студзеня 1943 года. Гітлераўцы за паўгода ператварылі горад у руіны, большасць прадпрыемстваў, жылыя дамы, чыгуначная магістраль былі ўзарваны і спалены, шмат людзей загінула. На шчасце, сям’я Казіміра  ацалела, усе засталіся жывымі, не пацярпела і іх кватэра, хаця верхні паверх дома быў часткова разбураны. Пасля вызвалення жыхары, у іх ліку і Шаколы, рашуча аднаўлялі свой горад: адрадзілі заводы і фабрыкі, транспарт, камунікацыі, жыллё. Ужо ў 1950 гг. Армавір у асноўным  узнавіў даваеннае і набыў новае облічча.

          Валя Шакола  закончыла школу і падала документы ў тэхнікум сувязі ў г. Адэса (зараз – каледж сувязі і інфарматызацыі Адэскай нацыянальнай акадэміі сувязі імя А.С. Папова). Атрымаўшы дыплом, у 1947 годзе ўладкавалася радысткай  суднаў дальняга плавання ў Чарнаморскім  марскім параходстве г. Адэсы. Адплавала суднарадысткай  каля чатырох гадоў, аднойчы нават зведала караблекрушэнне, у выніку чаго яе параход “Падольск” затануў у некалькіх дзясятках міль ад кітайскага берагу. Пасля ўвесь час працавала начальнікам пошты адэскага марвакзала.

          Падарожнічаючы па інтэрнэту, я выпадкова наткнуўся на нарыс пісьменніка Уладзіміра Каткевіча “Шкілет з капітанскага рундука”, напісаны на падставе ўспамінаў сябра “Усясветнага клуба адэсітаў”, былога штурмана “Падольска” Віктара Уладзіміравіча Крумма пра гэту аварыю, адной з дзеючых асоб дакументальнага твора якраз і з’яўляецца мая стрыечная сястра Валянціна.       

          Урывак  з  нарыса прыводжу ніжэй (у маім перакладзе з рускай мовы).

          Атрыманы па рэпарацыі з Германіі параход “Падольск”  серыі  “Ganza”  пераганялі  з  Брэмерхафена  да новага месца прыпіскі ва Ўладзівасток.  Рэйс набліжаўся да завяршэння, але пры заходзе за бункерам  у Шанхай здарыўся перастой. Ці, мабыць, сапраўды вугаль не падвезлі, ці, можа, гамінданаўцы пад рознымі матывамі сабатавалі адход, а магчыма, “рагаткі” яшчэ і налажыліся. Вэндзіліся два месяцы, сустрэлі ў Шанхаі Новы 1948 год, і зняліся толькі 9 студзеня.Калі адышлі на 60 міль, параход збавіў абароты, каб лоцман пакінуў борт. ... За “Падольскам” паспяшаў кірпаносы лоц-бот, каб прыняць лоцмана.  ... Каля поўначы капітан Анчуцін падняўся на мосцік, падпісаў квітанцыю, лоцман пажадаў шэсць футаў і спакойнага мора і палез па штормтрапу на кацер. Капітан надзеў акуляры і праклаў курс на карце, працёртай да празрыстасці штурманскімі сцёркамі. Старыя навігацыйныя карты, выдадзеныя брытанскім адміралцействам, бераглі, наша гідраграфія яшчэ “не пакрывала” сусветны акіян паўдзённей Пусана, а ніжэй Сінгапура тады савецкія параходы наогул не спускаліся. Апоўначы на мосцік падняўся прынімаць вахту другі памочнік Годына.

         -Рыгор Цярэнцевіч, на другім і трэцім трумах ушчыльненні крышак зусім зжаваныя,- напомніў капітан Годыну. –Вы дэфектную ведамасць для службы суднавай гаспадаркі падрыхтавалі?               
         -Хто, я? – ахоўная рэакцыя Годыны выглядала па-шкалярску бязглузда               
Капітан уздыхнуў. А каму ж яшчэ, як не яму, другому памочніку, ...  рыхтаваць “дэфектоўку”.               

         -Перанясіце курс на шляхавую карту,- загадаў капітан Крумму і пакінуў мосцік.

         Крумм стаў пракладаць курс на шляхавай карце буйнога маштабу. Працуючы з лінейкай, звярнуў увагу, што курс праходзіць паміж рыфамі Amhorst Rocs і міннымі палямі, да іх усяго паўтары мілі. Чаму капітан не насцярожыўся? На англійскіх генеральных картах нязначныя па плошчы перашкоды часцяком проста не абазначалі, падвводная града Amhorst Rocs папала ў гэту катэгорыю.

         -Грыша, небяспечны курс! – азадачыў Крумм Годыну. –Папярэдзіш майстра.  Годына скіс:
         -Пазвані лепш ты, - папрасіў.
         -Твая вахта, ты і звані.
         -Але пракладку курса майстар даручыў табе, - не здаваўся Годына.

         … Крумм разумеў, што баязлівы Годына не пазвоніць, і таму, здаўшы вахту, усё-такі зазірнуў у каюту Анчуціна. Капітан дэманстратыўна не адрэагаваў, ён з пампалітам і стармехам варашыў пратаколы партсходаў, і таму Крумм зачыніў дзверы. “Не штурмана   малога плавання гэта турбота, указваць капітану”, - супакойваў сумленне Крумм. Пасля клопатнай адходнай вахты з дваццаці да нуля “бывай маладосць” хацелася спаць, так прыпадачна кідае ў сон толькі ў маладосці.
Праз дваццаць хвілін вахценны рулявы матрос … сказаў Годыну:

           -Цярэнціч, здаецца, хваля шаволіць…
 
           -Гэта  ў  штэўнях шыпіць бурун,- Годына  ўсё-такі  спадзяваўся,   што пранясе.

           Шлёпала ж лянівая пакатая хваля па грэбнях Amhorst Rocs, адліў агаліў рыфы. Менавіта на іх нясло “Падольск” моцным аджымным цячэннем ракі Янцзы (Чанзян), якое распаўсюджваецца з эстуарыя далёка ў мора. У  0.48 судна абясточылася. Аб’явілі шлюпачную трывогу. Сухагруз трывала сядзеў на рыфе, кацельнае аддзяленне і трумы запаўняліся вадой.

           На шлюпачнай палубе затарахцеў аварыйны рухавік, уключылі асушальны насос. Для чагосьці рассцялілі пластыр з фаламі, хаця яго пад днішча не завядзеш. Магчыма, ад адчаю ці каб апраўдацца перад камісіямі аб тым, што ўсе меры па барацьбе за жывучасць былі прыняты. Да борту наблізіўся буксір, капітан-англічанін прапанаваў завесці “брагу” і патузаць параход на пераменных хадах. Капітан Анчуцін ганарова адмовіўся, прымаць дапамогу ад чужой краіны катэгарычна забаранялася. Буксіршчыкі, мусіць, іншага  не чакалі і павярнулі к порту. Напаследак брытанскі мяханік скрэсціў пальцы, паказаўшы краты, і недвухсэнсоўна прапанаваў месца на буксіры, гэта значыць бегчы за граніцу ад турмы. Брытанец не спадзяваўся, што рускія дэзерціруюць, а проста прадэманстраваў салідарнасць і палез праз светлавыя люкі-капы ў чэрава.

           Сігнал бедства ўжо прыняў лінейны таварапасажыр “Петрапаўлаўск”, ён кінуў якар у дзвюх мілях, але старпам Алёхін стаяў над душой другой радысткі Валечкі Шаколы, прымушаючы яе біць “сосы”. Валя садзілася ў шлюпку адной з апошніх.
           -А нагруднік мне, Аляксандр Іасававіч? – накуксіла губкі радыстка.

           -Трывогу зыгралі загадзя, можна было патурбавацца, - выгаварыў таварыш старпам. Самі яны паспелі шчыльна ўпакаваць фігуру ў капковы лайф-джэкет.
Крумм зняў з сябе нагруднік і галантна надзеў на шыйку дамы.

           -А вы, Віця?- затурбавалася яна.

           -Я ведаю, дзе ўзяць.

           Яна паглядзела на Крумма ўважліва, ахвярнасць была ацэнена.
 
           За нагруднікам Крумм не пайшоў.  ... Разумеў, што прызначаць расследванне, таму, калі шлюпка ўжо калыхалася на талях, пабег у хадавую рубку і ўзяў карты раёна. Карабель з адлівам, пад сваім цяжарам спаўзаў з грады, вострыя як лязо, рыфы яшчэ больш распаласавалі корпус, “Падольск” апускаўся на вачах.

           -Трэці, хопіць жаваць соплі! – раскрычаўся Алёхін. – Адходзім!

           ... Між тым вугол крэну “Падольска” набліжаўся да крытычнага. Каманда нахохлілася, сядзелі ў мотаботах, як вераб’і,  а  капітан Анчуцін і трэці   памочнік  Крумм   усё  яшчэ  тапталіся  на  палубе  прыгаворанага “Падольска”.               

...

           ... З поўначы паўзлі нізкія хмары, вецер свяжэў, раздуваў хвалю, нада было здымацца. Капітан сеў у мотабот , Крумм аддаў швартовы і заскочыў следам.

...   

           ... Праз некалькі мінут абрушыўся шквал, вецер зрываў барашкі з грэбняў, у ход пайшлі чарпакі-шполікі. На вачах у экіпажа “Падольск” пад цяжарам корпусу споўз з камянёў, “зняўся” з рыфа, грунтоўна распароўшы корпус, і хутка патануў. У штурманскіх картах з’явіцца непрыемная папраўка “затоплены аб’ект”.   

...
...

           Да апісанага ў  нарысе ад сябе дабаўлю наступнае. Распавядаючы аб гэтым здарэнні мне і Надзеі, Валянціна  казала, што калі пакідала карабель, ёй прыйшлося  ўжо выходзіць амаль па калені ў вадзе.

           У Адэсе спярша Валя жыла і на прыватнай плошчы, і ў ведамасных памяшканнях, а ў пачатку 60-х гг. пабудавала двухпакаёвую кааператыўную кватэру ў новым доме па вул. генерала Пятрова (у так званых адэскіх “Чаромушках”), дзе і пражыла ўсе свае наступныя гады. Нейкі час  была замужам за мараком кітабойнай флатыліі “Слава”. У сям’і нарадзілася дзяўчынка, жыццё якой аказалася нядоўгім: у чатырох- пяцігадовым узросце яна памёрла ў выніку ўскладнення прастуднай хваробы. Пасля гэтага ў хуткім часе распаўся і шлюб. Валянціна больш замуж не выходзіла.
Што датычыць дзядзькі Казіміра, дык ён, дасягнуўшы ўзросту, у 1955 годзе выйшаў на пенсію і перайшоў на працу баншчыкам у армавірскую гарадскую лазню. У гэтым жа годзе нарэшце рашыўся паехаць на радзіму. Ехаў з трывогай: а ці застане  братоў жывымі?  З друку і радыё ён ведаў, якая жорсткая навала прайшлася па родных мясцінах, колькі вёсак разам з жыхарамі спалена і разбурана на Лагойшчыне. А ці ацалелі, ці адрадзіліся Сцюдзянец, Аўгустова,  Усяж,   Плешчаніцы   і   іншыя   пасяленні,   якія  захаваліся ў яго памяці?

          Па прыездзе на месца трывога змянілася радасцю сустрэч. Браты Амбрук і Гіляр жывыя, пасля вайны адбудаваліся: першы на Усяжы, другі ў Сцюдзянцы. У абодвух – сем’і:  дзеці, унукі. Адным словам, усё нармальна. Шкада толькі, што да малодшага брата Валькі ў Ашмяны зараз ён не з’ездзіць, бо канчаецца водпуск. Але на наступны год наведаецца абавязкова. І сапраўды, ужо летам 1956 года мы сардэчна віталіся з Казімірам у нашым ашмянскім доме на Камсамольскеай вуліцы (с чаго я і пачаў сваё апавяданне). 
 
          У 1958 годзе Надзея атрымала ў школе водпуск і з’ездзіла ў Адэсу да Валянціны. Праз пару дзён Валя праводзіла яе на параход да Туапсе, а адтуль ужо цягніком па чыгунцы сястра даехала да Армавіра. Пазнаёмілася с цёткай Дар’яй – жонкай дзядзькі Казіміра, жанчынай душэўнай, гасціннай, добразычлівай і ветлівай хахлушкай, якая была вельмі рада бачыць Надзю і завіхалася каля яе, шчыра прапануючы нейкія прысмакі і цікавосці. Тлумачыла, што яна першы родны чалавек, хто завітаў да іх, а дагэтуль жа нікога не было.

          З Армавіра ў Беларусь паехалі разам  з дзядзькам, дамовіліся, што, прыбыўшы ў Ашмяны, возьмуць з сабой нашага бацьку і ўжо ўтраіх паедуць да Амбрука з Гілярам, бо тата ж з імі не бачыўся аж з 1945 года. Так і зрабілі: перадыхнуўшы дзень-другі ў нас, яны выправіліся на Лагойшчыну. Спачатку – Усяж, там у Амбрука заначавалі, назаўтра разам з ім выехалі ў Сцюдзянец да Гіляра. Нарэшце, праз столькі год, усе чатыры браты сабраліся разам. Наладзілі застолле, пасядзелі добра: было што ўспомніць і абмеркаваць. Развітаўшыся, раз’ехаліся: Казімір -  на Кубань, Надзя з татам – у Ашмяны.

          У 1965 годзе памёрла Казімірава жонка, цётка Дар’я, і дзядзя пераехаў жыць да дачкі ў Адэсу, у яе кааператыўную кватэру.

          У 1960-70 гг. Казімір яшчэ двойчы разам з дачкой Валянцінай прыязджаў да нас у Ашмяны і  Надзеі ў Кальчуны.   Дарэчы, дзядзьку   вельмі спадабаўся Надзін муж Іосіф,  яго музыка на гармоніку, асабліва беларускія мелодыі, якія  вярталі Казіміра ў далёкую маладосць, узнаўлялі мілыя сэрцу карціны тых чысоў, і ён прасіў  Юзіка іграць яшчэ і яшчэ.               
 
          Падчас другого  наведвання яны сустрэліся і пазнаё-міліся з нашай Альбінай, якая разам з мужам і дзецьмі спецыяльна прыехала на тое спатканне з Ленінградскай вобласці.

         У далейшым  стасункі паміж намі ніколі не перарываліся. Калі-нікалі абменьваліся лістамі, паштоўкамі, ездзілі ў Адэсу і сем’ямі, і паасобку. Часцей за ўсіх у Валянціны з дзядзькам бывалі  бацька і брат Віктар.  Наш тата ў   70-х гадах  суправаджаў  гатовую прадукцыю  Сольскага гароднінасушыльнага завода (в. Солы знаходзіцца непадалёку ад Ашмян), дастаўляў яе вагонамі спажыўцам у розныя кропкі Савецкага Саюза. Дык на зваротным шляху стараўся заўсёды адведаць старэйшага брата з пляменніцай. А Віця колькі разоў па курсоўцы падлечваўся ад дыябету ў Адэсе, у санаторыі імя Горкага, і яшчэ ён завочна заканчваў аспірантуру ў Адэскім дзяржуніверсітэце, то ў  часе тых заездаў жыў у Валі.

          Асабіста я быў у Адэсе два разы: у 1977 і 1979 гг. Дзядзьку было за 80. Калі ў 1977 годзе ён яшчэ хоць крыху, трымаючыся за што-небудзь, імкнуўся стаць на ногі і стараўся зрабіць хоць два-тры крокі па пакоі, то праз год ён ужо не хадзіў і нават не стаяў. Слава Богу, што сам еў прыгатаваную і пададзеную дачкой страву, і мог самастойна сесці, спусціўшы з ложка ногі ўніз. Але памяць яго ўжо моцна падводзіла, і ён не мог задаволіць мяне адказамі на нейкія канкрэтныя пытанні аб мінулым жыцці і падзеях даўніх часоў. Цякучы  ж  момант  і  сучасныя  з’явы  Казімір асэнсоўваў  нармальна. Усе асноўныя унутраныя органы               
функцыянавалі для яго ўзросту даволі спраўна, стан зроку дазваляў зрэдку чытаць і глядзець тэлевізар.

         Валянціна вельмі любіла свайго бацьку і называла яго па-руску (яны ж был рускамоўныя людзі) не іначай як “папочка”, “папусик”, як магла найлепей берагла яго здароўе, пры неабходнасці звярталася за дапамогай да добрых знаёмых - дактароў і медсясцёр. Старалася карміць Казіміра толькі свежымі якаснымі харчамі: мяса, мора- і малочныя прадукты набывала ў “сваіх” прадаўцоў у крамах і на “Прывозе” (знакамітым адэскім рынку), у меню  пастаянна была нават чорная  ікра.
Такім чынам, у турбоце і ласцы, дзядзька Казімір пражыў трохі больш за 90 год і памёр у другой палавіне васьмідзесятых. Валянціна сышла ад нас на 64 годзе жыцця у пачатку 1990 гг. 

         Заканчваючы нататкі аб лёсе майго дзядзькі Казіміра Ігнацевіча Шаколы, хачу скзаць, што – гэта ўсяго толькі адна мікраскапічная часцінка звестак аб згубленных у часе тысячах былых салдат Рускага экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. На вялікі жаль, гісторыя Першай сусветнай вайны для пераважнай большасці расіян і беларусаў – забыты і малавядомы перыяд. Подзвігі і ахвярнасць нашых воінаў у той вайне на доўгія гады апынуліся ў забыцці. А сама Першая сусветная, якую ўвесь свет заве Вялікай, была выкрэслена з айчыннай гісторыі, называлася проста імперыялістычнай. Зараз пакрыху,  па драбніцах сабраныя сведчанні з’яўляюцца там-сям, дапаўняюць ужо маючыеся, становяцца набыткам новых пакаленняў. Але гэтага ўсё яшчэ мала. Памяць продкаў вымагае ад нас: гісторыя ваенных падзей пачатку мінулага стагоддзя, у якой гераічнае цесна пераплялося з трагічным, павінна быць адноўлена ва ўсёй магчымай паўнаце.