Тое, што не вернеш

Янина Пинчук
Ужо не вярнуць
Шпацыра па-над Свіслаччу
З ніцымі вербамі
Ля канцэртнае залі –
Былі музыкай поўныя...
Помніш, як мы блукалі?
Не вярнуць
Размоў вечаровых
Ў маленькай кватэрцы:
Сунімаўся адчай,
Калі з ветлай усмешкай
Ты запарвала чай.
Не вярнуць
Снежна-крохкую казку –
Уцёкі ў Прылукі:
Там гарэла каліна,
І марозам скусала рукі.
Не вярнуць
І пустэльнай плошчы
З ліхтаровымі зорамі,
Гутаркай пра мастацтва,
Хоць у часе ў гэтым
Хочацца затрымацца.
Не вярнуць
Пакрыёмай кнігарні
Ля дамоў дыпламатаў
Ў самым цэнтры сталіцы,
Усіх момантаў,
Што існуюць, каб сніцца.
Так, не вярнуць.
Хай стаецца ўспамінамі.
Тчэцца ўзорамі.
Новыя будуць старонкі –
Непрыкметна хай пішуцца,
Вызраваюць, бы гронкі.
Так і жывем,
Мастакі ад прыроды,
І ў коле быцця,
Успамінамі пішам
Сваю кнігу жыцця.