З чаго нараджаюцца творы

Янина Пинчук
Часам пытанне чую,
З чаго нараджаюцца творы,
І дзе ў мазгу пралягаюць
Пульсуючыя разоры,
З якіх узыходзіць раптам,
Нейкай гісторыі абрыс,
Пускае лістоту казка,
Альбо сціплакветны нарыс...
Адзін вечаровы шпацыр
Кладзецца ў апавяданне -
Згушчаюцца целам і кроўю
Былыя бязмоўныя здані;
Начная размова з сяброўкай
І выпіты кубачак кавы
Прысмак настальгічных радкоў
Абудзіць салодка-гаркавы;
На выпадковай кнізе
Да болю знаёмае фота
Робіцца вершам інтымным,
Якія ствараюцца ўпотай.
Пакаштаваны дэсерт
Стаецца даўгім пацалункам,
Гарбата з далёкага краю –
Вядзьмарскім магічным трункам...
Мелодыя з кінафільму
Малюе узор біяграфіі,
А кветак букет палявых –
Як сімвал чужой эпітафіі...
А тэхніка сачынення,
Здаецца, мне невядома...
Чаго не ўбачаць вочы –
Заўважыць твая падсвядомасць.