Матрац

Виталий Сазанович
Пад канец трэцяга курса мяне ўсё так дастала, што аднойчы я не вытрымаў, пайшоў у ЦУМ, падняўся на трэці паверх і купіў матрац на тыя капейкі, якія ў мяне вадзіліся ў той час. Я папрасіў прадаўца не запакоўваць матрац, а проста перавязаць вяроўкай, каб зручней было несці яго на плячы. Я закінуў вяроўку з матрацам на плячо і пайшоў па сваяму звычайнаму маршруту. Я ішоў на заняткі, а матрац прыемным цяжарам матляўся збоку. Сумка з падручнікамі целяпалася на другім баку. Матрац прыдаваў мне ўпэўненасці. Я адчуваў, што набыў яго не дарэмна.

Я падыйшоў да ўніверсітэта і пачаў падымацца па лесвіцы да галоўнага ўвахода. Там заўсёды стаіць шмат народу. Асабліва днём, калі скончваецца першая змена і пачынаецца другая. Мой матрац выклікаў яўную цікавасць сярод тых, хто там стаяў. Але мне было ўсё роўна. Я глядзеў на гэтыя задаволеныя твары з хітрымі ўхмылкамі, і мне было абсалютна пляваць, што ўсе яны думаюць аба мне. Матрац хваляваў мяне значна больш. Я думаў аб тым, што ён, напэўна, мае нейкую магічную сілу, калі змог дадаць мне столькі ўпэўненасці ў сабе.

Я зайшоў у фае, дзе было поўна студэнтаў, і, нікога не заўважаючы, паплёўся да аўдыторыі, у якой мусіў прайсці першы занятак. Я ішоў па мнагалюднаму калідору, і многія абарочваліся на мяне. Нехта смяяўся, нехта ўважліва глядзеў мне ў вочы, спрабуючы, відавочна, зразумець, навошта я прыпёрся ва ўніверсітэт з матрацам. Але якая ім усім была справа? Хіба чалавек не мае права хадзіць усюль з якім-небудзь прадметам у руках? З матрацам, напрыклад. Ходзяць жа людзі з партфелямі і сумкамі, тэлефонамі і ноўтбукамі, кнігамі і газэтамі?

Я падыйшоў да класа і акуратна паклаў матрац ля сцяны. У цёмным калідоры мае аднагрупнікі ўжо чакалі выкладчыка ля зачыненых дзвярэй. Яны таксама пачалі смяяцца і чапляцца да мяне з пытаннямі. Але мне было не да смеху.

- Лагановіч, табе навошта матрац? - праз смех спытаў мяне мой аднагрупнік Андрэй.
- Трэба, Андруха. Я цяпер заўсёды буду з ім хадзіць, - стрымана адказаў я яму.

Прыйшла Ларыса Іванаўна, намесніца дэкана, якая вяла ў нас граматыку англійскай мовы. Гэта была высушаная жанчына гадоў пяцідзесяці з кароткай срыжкай і звычкай кпіць са студэнтаў. Яна таксама першым чынам звярнула ўвагу на мой матрац.

- Гэта што яшчэ за выдумкі? - як заўсёды неяк здзекліва спытала яна.
- Гэта Лагановіча матрац, Ларыса Іванаўна, - падказала Іна.
- Няўжо? Ну, і навошта табе матрац? - звярнулася яна да мяне. - Ты, што, спаць на ім збіраешся на занятках? - гэта заўвага выклікала бурны смех у маіх аднагрупнікаў.
- Не, Ларыса Іванаўна, - адказаў я як мага спакайней. - Спаць на занятках я на ім не буду. Можаце не хвалявацца.
- Дык, а навошта табе матрац? Ты яго купіў і дамой не паспеў занесці?
- Не. Я яго купіў і цяпер заўсёды буду з ім хадзіць. Хіба я не магу хадзіць з ім, як людзі ходзяць з сумкамі і партфелямі?
- Можаш, канешне. Мне проста незразумела, навошта табе матрац.
- Скажам так. Мяне ўсё дастала.

Яна паглядзела на мяне ўважліва. Можа быць, падумала, што я з'ехаў з глузду.
- Добра, заходзь. Потым паразмаўляем.

Я паклаў матрац ля парты і на паўтары гадзіны ўсе пра яго забылі. Потым мы пайшлі на другую пару. Гэта была лекцыя. Да мяне зноў усе чапляліся з тымі ж самымі пытаннямі. Хлопцы выдумлялі усялікія прычына, чаму я прынес матрац. Гэта смяшыла дзяўчат. Але мне было не да смеху. Шчыра кажучы, у тыя дні я знаходзіўся ў нейкім трансе, калі табе ўсё абыякава. Я імкнуўся думаць толькі аб вучобе. Чытаў канспект, глядзеў дамашняе заданне па граматыцы. Нельга сказаць, што я замкнуўся ў сябе. Я працягваў спакойна размаўляць з аднакурснікамі. Пра матрац адказваў так жа ўхіліста, як і раней. Сапраўды, думаў я, якая ім усім справа? Хіба я не магу мець свае на тое прычыны? У нейкі момант ім надакучыла, і яны адчапіліся. Я мог уздыхнуць з палёгкай.

Калі пачалася лекцыя, у дзверы пастукалі і на парозе з'явілася памочніца дэкана. Яна падыйшла да лектара і спытала:
- Можна ў вас аднаго студэнта на поўгадзіны забраць?
- Так, канешне.
- Лагановіч, вас дэкан да сябе выклікае, - звярнулася яна ўжо да аўдыторыі.

Я спакойна ўстаў, павесіў на плячо матрац, пакінуўшы астатнія рэчы на парце, і пачаў спускацца з галёркі. Гэта выклікала бурны смех.

Я думаў аб тым, што ў пачатку заўсёды так цяжка. Трэба перажыць гэты момант. Яны ж ужо не чапляюцца з пытаннямі. Хутка і да матраца прызвычаяцца.

Мы прыйшлі да кабінета дэкана. Гэта была чарга пакояў, злучаных дзвярыма. Мы прайшлі настаўніцкую, прыёмны пакой і апынуліся перад дзвярыма асабістага кабінета дэкана. Памочніца ўпхнула мяне ўнутр і зачыніла за мною дзверы. Дэканам нашага факультэта на той момант быў ужо немалады, але ўсё яшчэ жвавы пляшывы мужчына. "Талковы мужык" чамусці адразу прычапілася да яго азначэнне сярод студэнтаў і выкладчыкаў.

Я сеў на стул і паклаў матрац побач.
- Ну, выкладывай. Што здарылася? - дэкан зацікаўлена глядзеў на мяне і матрац паверх акуляраў.
- Нічога не здарылася.
- А матрац табе навошта?
- Дастала мяне ўсё.
- Што цябе дастала? - ён уважліва глядзеў на мяне.
- Усё мяне дастала.
Дэкан зрабіў паўзу, разглядаючы мой твар. Відаць, ён таксама пачынаў думаць, што ў мяне дах паехаў.
- Так, зразумела, - сказаў ён зрэшты. - А якое дачыненне да тваяго настрою мае матрац?
- Ніякага. Матрац для таго, каб усе дзяўчаты, з якімі я буду знаёміцца адразу бачылі, што гэта ўсё, што я магу ім прапанаваць.

Дэкан здзіўлена ўтаропіўся ў мяне.
- У якім сэнсе? - нарэшце спытаў ён. - А ты заляцацца не спрабаваў спачатку?
- Спрабаваў, заляцаўся. Але потым усё роўна нічога акрамя гэтага матраца я не магу ім прапанаваць. Навошта ўводзіць дзяўчат у зман?
- Зразумела, - задуменна сказаў дэкан. Ён, здаецца, пачынаў улоўліваць ход маіх думак. - А ты не думаў аб тым, што ў іншых студэнтаў могуць быць такія ж жыллёвыя праблемы, і кожны іх вырашае па-свойму?
- Думаў, канешне. Я, вось, іх так, напрыклад, вырашаю.
- Паслухай, Вадзім. Я цябе часткова разумею, але ты не можаш хадзіць ва ўніверсітэт з матрацам. Гэтым ты парушаеш правілы паводзін у грамадстве.
- Людзі ходзяць з тэлефонамі і ноўтбукамі. Я буду хадзіць з матрацам. Можаце мяне выключыць за хуліганства, калі хочаце.
- Нават так? - дэкан паморшчыўся. Ён глядзеў у мае адчайныя вочы і разумеў, што я не бляфую. - Добра, пакуль можаш ісці. Мне трэба падумаць, - зрэшты сказаў ён.

Я вярнуўся з матрацам у аўдыторыю, спадзяючыся, што мяне ўсё ж такі выключаць з універсітэта.

Увесь дзень я цягаў матрац за сабой. І на наступны дзень, і праз дзень. Я прыходзіў ва ўніверсітэт на заняткі і ўсюль насіў за сабой матрац. Мяне ўжо пачалі пазнаваць у калідорах. Я бачыў, што студэнты абмяркоўваюць мяне за маёю спінаю. Нехта круціў пальцам ля скроні. Дзяўчаты адкрыта смяяліся з мяне. Аднагрупнікі па-ранейшаму жартавалі, але ўсё радзей. Размова на перапынках неяк непрыкметна скочвалася да жарту нада мной ці маім матрацам. Так што я ўжо прызвычаіўся і не звяртаў увагі. Нічога новага для сябе ў гэтых кпінах я не бачыў. Сябры павольна, але няўхільна адсоўваліся ад мяне. Але мне было ўсё роўна.

Выкладчыкі адносіліся да мяне амаль так жа сама, як і раней. Толькі ў першы дзень яны мелі да мяне пытанні і прэтэнзіі. Потым усё пайшло па-старому. Мабыць, яны атрымалі нейкія ўказанні зверху, таму што іх адносіны да мяне пачалі ўсё ж адрознівацца ад ранейшых. Цяпер яны зрабіліся нейкімі больш уважлівымі да мяне, ці што. Пачалі часцей звяртацца да мяне па імені. Толькі зрэдку можна было улавіць лёгкую ўсмешку на іх тварах. Мне гэта было непрыемна. Лепей бы яны мяне зусім не заўважалі ці смяяліся, як усе, чым вось так. Гэта празмерная тактычнасць у адносінах да мяне перайшла ад выкладчыкаў на некаторых студэнтаў. Я не мог гэтага не заўважыць. Так жахліва я сябе яшчэ ніколі не адчуваў. Я імкнуўся паводзіць сябе як мага больш вольна, месцамі нават пераігрываў. І гэта мела эфект. Яны зноў нібы рабіліся нармальнымі, абыякавымі.

На трэці дзень мяне зноў выклікалі ў дэканат. Дэкан прадставіў мяне псіхолагу, прыемнай жанчыне гадоў трыццаці з фабраванымі ў бардовы колер валасамі:
- Вось, Вадзім. Гэта Таццяна Васільеўна. Калі хочаш вучыцца ў нас, будзеш хадзіць да яе на кансультацыі, пакуль яна не вырашыць, што хопіць.

Шчыра кажучы, я быў не супраць. Таццяна Васільеўна, глядзела на мяне вельмі дружалюбна. Мне спадабалася гэта элегантная прыгожая жанчына. Я падумаў, што гэта яшчэ адзін этап, праз які трэба прайсці, каб яны пакінулі мяне ў спакоі. Таму я пагадзіўся.

У нашу першую сустрэчу Таццяна Васільеўна папрасіла мяне запоўніць анкету і адказаць на ўсялякія пытанні. Потым яна паказывала малюнкі і пыталася ў мяне, што я бачу. Мы люба размаўлялі. Яна жартавала. Пра адзін малюнак, напрыклад, сказала, што ў Амерыцы, калі адкажаш так, як я, то гэта ўжо адзнака шызафрэніі. А ў нас усё окей. Потым яна пыталася ў мяне пра маю сям'ю, бацькоў, брата. Распавяла крыху пра сябе. У цэлым я цікава правёў час.

Прайшло дзён дзесяць з тае пары, як я купіў матрац. З Таццянай Васільеўнай мы сустрэліся не меньш за тры разы. Я добра памятаю той дзень, калі мне рэальна стала страшна. У той дзень я, як заўсёды, прыйшоў на заняткі да другой змены і па звычцы панура плёўся па шумнаму калідору са сваім матрацам на плячы, думаючы аб нечым сваім.

Раптам я адчуў, што нешта не так. Групы студэнтаў, якія набліжаліся да мяне насустрач, змаўкалі. У самым пачатку гэтага шляху, калі я толькі купіў матрац, яны часта пачыналі смяяцца, калі я з'яўляўся ў полі іх зроку, і я прывык да гэтага. Мне было ўсё роўна. Потым яны амаль перасталі мяне заўважаць і проста працягвалі балакаць аб нечым сваім, і гэта было як раз тое, што мне было патрэбна, - каб мяне не заўважалі. Можна сказаць, я лічыў, што гэты этап застаўся ў мінулым. І вось зараз я ішоў па калідору і адчуваў сябе абсалютна голым.

А адчуваў на сябе іх позіркі, але баяўся падняць вочы. Мне было страшна. Нарэшце, я не вытрымаў і паглядзеў на адну незнаёмую мне дзяўчыну. Я ўбачыў менавіта тое, чаго я так баяўся - спагаду. Я зайшоў за вугал і спыніўся. Мяне ўсяго калаціла.

Яны не могуць шкадаваць мяне вечна, паўтараў я сабе. Трэба прайсці і гэты этап, як і папярэднія. Хіба я ведаў, што так атрымаецца? Але трэба перажыць і гэта.

Гэта былі самыя цяжкія два дні, калі вакол мяне ўсё змаўкалі і вінавата адводзілі погляд.

Я пішу два дні, таму што праз два дні здарылася яшчэ нешта, што прымусіла мяне па-новаму зірнуць на рэчы. Я, як заўсёды, стаяў разам з групай каля дзвярэй аўдыторыі і чакаў выкладчыка. Мой матрац ляжаў на бетоннай падлозе ля сцяны. У другім канцы калідора з аўдыторыі пачалі выходзіць студэнты. Яны з нечага гучна смяяліся і перагаворваліся. У аднаго з іх на плячы вісеў матрац. Яны амаль адразу зніклі. Я знерухомеў, не верачы сваім вачам.

Спачатку я думаў, што гэта такі новы спосаб паздзекавацца з мяне. І нават узрадаваўся, што жаль саступае месца нечаму новаму. Але хутка я ўсвядоміў, што памыляўся.

На наступны дзень я сустрэў яшчэ некалькі чалавек з матрацамі. Гэта былі абсалютна незнаёмыя мне студэнты. Матрац заўсёды нёс хлопец. З ім часта можна было бачыць дзяўчыну. Яны заўважалі мяне, праводжвалі поглядам, ківалі. Часам нават падыходзілі да мяне, пыталіся, як у мяне справы. "Нармалёва", - збянтэжана адказваў я і маўчаў. Мне заўсёды цяжка гаварыць на роўных з абсалютна незнаёмымі людзьмі. "Ну, добра, ты не прападай, пакуль", - казала мне дзяўчына, і яны ішлі далей.

Таццяна Васільеўна вырашыла спыніць нашы сустрэчы. Мне здаецца, я расказаў ёй пра сябе ўсё, што толькі мог. Можа быць, яна разумела мяне цяпер нават лепей, чым я сам. У канцы яна сказала мне, што я абсалютна здаровы, і што гэта само хутка пройдзе. Што яна мела на ўвазе пад гэтым, яна не сказала.

З кожным днём студэнтаў з матрацамі станавілася ўсё больш. Цяпер не толькі пары, але і асобныя студэнты і студэнткі хадзілі з матрацамі. Студэнткі хадзілі з лёгкімі дыванкамі, элегантна згорнутымі і падвязанымі на раменьчык.

Дэкан збіраў у адну аўдыторыю ўвесь паток і нёс нейкую ахінею пра яднанне студэнцтва. Рэктар на штогадовым канцэрце звяртаўся да ўсяго зала і, размахваючы рукамі, казаў пра салідарнасць паміж студэнтамі.

Але мне было ўсё роўна. У такія моманты я стараўся не высоўвацца. Аднойчы да мяне падыйшла дзяўчына з дыванком, і сказала, што яна б ніколі не адважылася прынесці з сабой дыванок, калі б не я. Неўзабаве мы пачалі хадзіць разам, а потым яна перастала насіць свой дыванок. Потым і я пакінуў свой матрац дома. Мне ён быў больш не патрэбны.

Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.