Дымар

Виталий Сазанович
Зараз ўжо можно не сумнявацца. Супадзенне немагчыма. Як у страшным сне, гісторыя паўтараецця ізноў. Кола часу зрабіла чарговы абарот у пяць гадоў, і надышоў час няўмольнай расплаты. Час, калі анёл смерці прыходзіць, каб забраць тое, што яму належыць. Але за што мне такая кара? Няўжо за тыя нядобрыя думкі, якія з’явіліся тады, ў першы раз?

У першы раз я нават не западозрыў, што жыццё ставіць мяне перад такім цяжкім выбарам: спачуваць ці радавацца. І я радаваўся. Радаваўся, як дзіця, што ўсе мае пакуты раптам скончыліся так проста і неспадзявана. Верыў, што Бог ёсць, і Ён пачуў мае малітвы.

Тады, засынаючы, я кожную ноч прасіў Бога пазбавіць мяне ад здзекаў, пакараць маіх ворагаў. І перш за ўсё Дымара. Гэта ён аб’яднаў вакол сябе хлопцаў: у большасці такіх жа самых адмарозкаў, бязлітасных і абыякавых. Астатнія, хто яшчэ не страціў чалавечае аблічча, баяліся помсты Дымара і таму трымаліся ўбаку.

Школа стала для мяне пеклам, дзе кожны дзень за кутком мяне падпільноўвала небяспека. Хлопцы неўзабаве пачалі натуральна паляваць на мяне, як на якую жывёліну, адчуваючы ўласную беспакаранасць і азарт пагоні. Я абараняўся, спрабаваў пазбягаць сустрэч з імі. Але яны наўмысна шукалі мяне, чапляліся да мяне, давалі мне зневажальныя мянушкі.

Бацькі і настаўнікі нічога не заўважалі, або лічылі, што ўсё гэта – гульні падлеткаў. Падлеткі таксама рабілі выгляд, што гуляюць, калі дарослыя звярталі на іх увагу. Але гульні скончваліся, як толькі дарослыя знікалі. Дымар нападаў на мяне, спрабаваў паваліць на дол, ударыць у твар. Я даваў адпор, але, мабыць, не так актыўна, бо гэтыя сутычкі ўзнікалі зноў і зноў, і з кожным разам яны рабіліся ўсё больш жорсткімі і балючымі для мяне. Аднойчы на мяне нацкавалі сабаку. Але сабака быў лепшы за людзей. Ён не рабіў выгляд, што гуляе, ён сапраўды гуляў. Толькі гойсаў вакол мяне і спрабаваў лізнуць ў твар ці руку.

За што Дымар так ненавідзеў мяне? Няўжо за тое, што я добра вучыўся, а Дымар ледзь выцягваў на траякі? Ці, мабыць, за тое, што мая сям’я жыла дружна, а ў Дымара старэйшы брат сядзеў у турме, маці піла, а бацька і ўвогуле знік яшчэ да таго, як Дымар з’явіўся на свет. Акрамя гэтага, я быў вышэйшы за Дымара. Насамрэч, я быў вышэйшы за ўсіх хлопцаў. Мабыць, гэта іх так злавала?

Аднойчы я прыйшоў на ўрок фізкультуры, але там нікога не было. Прыйшоў настаўнік, спытаў, дзе астатнія хлопцы. Але я не ведаў. І ўвесь урок я адзін падцягваўся, аджымаўся, бегаў. Перш за ўсё таму, што я любіў фізкультуру, а не таму, што павінен быў гэта рабіць. Наступны ўрок быў урок матэматыцы. Фізрук прыйшоў на ўрок, сабраў дзённікі і паставіў усім хлопцам акрамя мяне двойкі, і толькі мне пяцёрку. Дымар пусціў па класе лісток з прапановай падпільнаваць мяне пасля ўрокаў. Але ў той дзень я быў хутчэйшы за астатніх і здолеў выскачыць са школы першым. Перад сном я зноў прасіў Бога дапамагчы мне. Але ў той час я шмат чаго прасіў для сябе ў Бога. Сёння я прашу толькі за іншых людзей і выбіраю самых непрыемных мне, напрыклад, тых, хто мяне зневажаюць.

Назаўтра на першы ўрок да нас прыйшла завуч. Яна гаварыла павольней і цішэй, чым звычайна. Відавочна было, што яна вельмі хвалюецца, і голас у яе крыху дрыжаў.

– У нас вялікае гора, – пачала яна. – Ноччу з даху свайго дома ўпаў Дзіма Рымашэўскі. Ён загінуў.

Потым яшчэ хадзілі плёткі, што ўпаў ён не сам, а яму дапамаглі, і што быў ён да таго ж вельмі п’яны.

Але якое гэта мела дачыненне да мяне? Нарэшце я мог уздыхнуць на поўныя грудзі. Я з новай асалодай адчуў прагу да жыцця. І я дзякаваў Богу, што Ён выратаваў мяне, што Ён пазбавіў мяне такім цудоўным чынам ад Дымара.

Пра мяне ўсе забылі. Я паспяхова скончыў школу і пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт. Вычыўся я добра, але на трэцім курсе для меня зноў пачалася чорная паласа.

Выкладчык псіхалогіі быў ужо пенсіянерам. Чуў ён кепска і да таго ж лічыў, што добры слых яму не патрэбен, таму што ўсё роўна нічога новага для сябе ён ужо не пачуе, а ўсе платнікі – бездары і гультаі, якія не здолелі паступіць на бясплатны факультэт, і вось зараз  сядзяць на шыі сваіх бацькоў, смяюцца з яго яму у твар на яго ж лекцыі.

Псіхалогія была няпрофільным прадметам. Усе гэта ведалі. Сам гэты факт быў для Дзеда (такую мянушку мы яму далі) што чырвоная ануча для раз’ятранага быка. Здавалася, што на работу ён хадзіў толькі дзеля таго, каб паздзеквацца са студэнтаў і пацешыць свае самалюбства.

Аднойчы я спазніўся на яго лекцыю, якая ішла першай і пачыналася а восьмай гадзіне раніцы. Гэта стала пачаткам яго асабістай нянавісці да мяне. Ён схапіў мяне за руку і літаральна выставіў за дзверы. Потым кожны раз, калі мы сустракаліся, ён звяртаў асаблівую ўвагу на мяне. То спрабаваў злосна жартаваць, захлынаючыся ад жоўці, каб выклікаць смех у дзяўчат, якія заўсёды сядалі бліжэй да яго. Але тыя смяяліся больш з яго, чым з мяне. Яго крыўлянне і перадражніванне нікому не падабалася. На маім месцы мог быць кожны са студэнтаў, але так пашанцавала толькі мне. І кожны гэта разумеў. Таму смяяліся напружана і ня так громка, як заўжды.

Магчыма, знакавыя падзеі ў жыцці не трэба ўспрымаць так катэгарычна, але як растлумачыць той факт, што Дзед нават фразы ўжываў тыя ж, што і Дымар? Тады я з жахам зразумеў, што гэта Дымар вярнуўся ў новым абліччы, каб адпомсціць мне за мінулае, каб зноў пацешыцца. Што мне заставалася рабіць? Як у першы раз, я пачаў маліцца Богу, прасіць яго збавіць мяне ад Дзеда, які з кожным разам рабіўся ўсё больш нястрыманым і лютым у дачыненні да мяне.

Я ніколі не быў у царкве, і Богу я малюся не так, як усе, а па-свойму, звяртаючыся да Бога непасрэдна, як да свайго бацькі, ці настаўніка, значна старэйшага за мяне. Ёсць толькі адзін Бог, а людзі павыдумлялі сабе веравызнанні, каб абараняць свае інтарэсы. Заўжды матэрыяльныя і палітычныя. Таму ў царкву я не хаджу.

Набліжалася сесія. Я памятаю апошні семінар перад экзаменам па псіхалогіі, на якім Дзед нешматзначна даў мне зразумець, што вучыцца далей для мяне не мае сэнсу і я магу пачынаць рыхтаваць кірзавыя сапагі для службы ў арміі. Перспектыва правесці наступныя два гады з мятлой на пляцы зусім не вабіла мяне. Я вучыўся добра, і мне ўсё падабалася, акрамя псіхалогіі.

У ноч перад экзаменам я не спаў. Дэман Дымара паўстаў з пекла і са злавеснай усмешкай лунаў перада мной, пужаючы мяне непазбежнай помстай. Колькі думак я перадумаў у тую ноч. Пытанне, якое я тысячу раз задаваў Богу, але так і не атрымаў адказ: за што ён паслаў мне такія пакуты? Менавіта тады я страціў веру ў Бога, Яго існаванне ўвогуле. Быў толькі праклён, кляймом выпалены на маім жыцці.

Наступнай раніцай да дзвярэй класа, дзе павінен быў праходзіць экзамен, прыйшла іншая выкладчыца. Разгублена яна паведаміла, што мінулай ноччу Дзед загінуў: падслізнуўся на ванным дыванку і дзюбнуўся галавой аб край ванны. Экзамен вырашылі перанесці на другі дзень.

Гэтая навіна глыбока ўзварушыла мяне. Я не ведаў, што думаць. Можа Бог усё ж іcнуе? Але чаму Ён дапамагае мне, так бязлітасна знішчаючы людзей? Няўжо Ён так уяўляя Сабе справядлівасць? Я ніколі не жадаў ні Дымару, ні Дзеду смерці. Ці заслужылі яны смерць за тое, што так ненавідзелі мяне? Не, я лічыў, што не. А мо гэта не Бог, а Д’ябал так спакушаў і выпрабоўваў мяне? Усе гэтыя пытанні бянтэжылі мяне яшчэ больш. Я адчуваў сваю прыналежнасць да гэтых смярцей і нават вінаваціў сябе ў тым, што не змог папярэдзіць смерць Дзеда. Калі б я, напрыклад, прыйшоў да яго і шчыра папрасіў прабачэння за тое спазненне, як усё магло б скласціся інакш.

Я раблю яшчэ адзін крок да краю платформы. Гэты праклён трэба скончыць тут і зараз. Апошнія пяць гадоў я жыў у страхе, што гісторыя можа паўтарыцца. І вось яна паўтараецца. Дымар зноў прыйшоў па мяне. На гэты раз ён усяліўся ў майго начальніка. У яго нават рысы твару такія ж, як у Дымара. Такі ж каржакаваты, рэзкі, са звераватым позіркам, увесь час шукае слабейшага, каб учапіцца ў яго хваткай бультэр’ера і ўжо не адпускаць сваю ахвяру, пакуль яна не захлынецца ў сваёй крыві.

Я звяртаюся да Цябе, мой Бог, зноў, як калісь, калі Ты ёсць, злітуйся нада мною, адвядзі ад мяне гэту кару, не дай ворагам маім перамагчы. Але я не бачу іншага выхаду.

***
Раніцай наступнага дня на рэльсах недалёка ад цэнтральнага вакзала знайшлі знявечаны труп мужчыны. У кішэні яго паліто быў лісток з друкаваным тэкстам наступнага зместу: “Прашу нікога не вінаваціць у маёй смерці. Я ўхаджу, таму што дэман Дымар авалодаў маёй душой”.