Дзецi

Виталий Сазанович
Магчыма вы памятаеце праліўны дождж, які так нечакана абрынуўся на Менск  летась у жніўні і ў чарговы раз неспадзеўкі заспеў усіх камунальнікаў. Нехта запомніў гэты лівень затапленнем на Нямізе з маторкамі і ратаўнікамі пры поўнай амуніцыі, нехта - анамальнай спёкай, якая стаяла да гэтага амаль што цэлы тыдзень і не абяцала нічога добрага, а нехта - пакатулямі на водным скутары па адной з галоўных вуліц Менска. Адзін вынаходнік вырашыў не марнаваць час і скарыстацца магчымасцю заняцца ўлюбёнай справай. Я бачыў потым выдатныя фотаздымкі ў сеціве, дзе ён з захапленнем баразніць вулічныя прасторы, забыўшыся на ўсё.

Але мне гэты дождж запомніўся з іншай нагоды. Выпадак, які адбыўся ў нашым двары, я памятаю як зараз.

З самага ранку дзеці ў нашым двары гулялі ў густой засені бухматых каштанаў, якія сваімі кронамі забуялі аж да вокан трэцяга паверха. У абедзенны час мамы выглядалі з вокан і, спрабуючы разгледзець што-небудзь праз лісце каштанаў, гучна клікалі дзяцей на абед.

Дзеці радаваліся такому надвор’ю, дарослыя скардзіліся адзін аднаму, але дарослыя амаль заўсёды наракаюць на надвор’е. Увечар у ясным небе пачалі збірацца нізкія навальнічныя хмары, падзьмуў свежы вецер, потым раптам усё сціхла, быццам няўпэўненасць апанавала прыродай: быць ці не быць дажджу. Першыя вялікія кроплі спакваля паспрабавалі замясіць прыдароджны пыл у цеста. Быццам сцяміўшы ўсю дарэмнасць гэтай мэты дождж перайшоў у рашучае наступленне, і ўжо праз нейкі момант шчыльныя слаі абрынуліся на прагную да вады зямлю.

Калі пачаўся дождж, дзеці пабеглі дамоў, але некаторыя засталіся на ганку ля пад’езда, схаваўшыся пад казырком, каб паназіраць за буйствам стыхіі. Лівень засцілаў так шчыльна, што з-за густой завесы дажджу дрэвы на працілеглым баку двара разгледзець было амаль немагчыма. Я таксама стаяў пад тым казырком і зацікаўлена глядзеў, як кволыя ручаі навокал неўзабаве зліваюцца ў патокі, каб няўхільна знікнуць недзе ў каналізацыі.

Раптам аднекуль з-пад пад’езда выскачыў вялізны пацук і паскакаў кудысьці у напрамку далей ад нас.
- Пацук! Пацук! - узрушана заверашчалі дзеці.

- Бей яго! - закрычаў Мішутка з трэцяга паверха і ваяўніча замахнуўся палкай, якой ён да гэтага гуляў, як з аўтаматам.
І ён колькі моцы стае шпурнуў палку ў бок пацука. Але той, не заўважаючы людзей, і, відавочна, ратуючыся ад затаплення, знік, скочыўшы кудысьці ў падвальнае акенца. Палка не трапіла ў пацука, але гэты ўчынак выклікаў шчырае захапленне ў дзяцей. Мішутка збегаў за палкай і, грозна махаючы ёю, павароціўся назад.

- Няхай только паспрабуе яшчэ раз сунуцца! Я з яго хутка біфштэкс зраблю! - і Мішутка з усяе моцы ўдарыў палкай аб бетонную пліту пад нагамі, даючы зразумець, як ён будзе рабіць біфштэкс з пацука.

- Біфштэкс можна зрабіць толькі з каровы, таму што біф - гэта ялавічына, мяса каровы, - сказаў тады я яму, але ён нічога не адказаў, магчыма, таму што не мог сцяміць, як палкай можна зрабіць біфштэкс з каровы.

Дзеці працягнулі гаварыць пра пацука, як раптам ён зноў з’явіўся, скочыўшы з падвальнага акенца. Але ў гэты раз ён нешта нёс у роце, накшталт ружаватага маленькага кавалачка.

- Глядзіце, гэта мама з малышом! - закрычала маленькая Таня.

Расчулена дзеці сачылі за пацучком, які скочыўшы з аднаго астраўка сухой глебы на другі, спрабаваў аднесці малыша як мага далей ад вады. Пацук дабег да травы, акуратна паклаў сваю ношу, павярнуўся і пабег назад у падвал.

Мішутка апусціў палку. Яму больш не хацелася рабіць пацучыны біфштэкс. Мы стаялі пад казырком і чакалі, пакуль пацук зноў з’явіцца, каб забраць малыша. Але пацук не вярнуўся ні праз пяць хвілін, ні праз дзесяць. Дождж ужо амаль скончыўся. Апошнія кроплі ляцелі больш не з небу, а з лісця каштанаў. Недзе ўжо нават выглянула сонейка.

Дзеці выглянулі з-пад навеса і, пераканаўшыся, што дождж скончыўся, пабеглі глядзець на маленькага пацучка. Гэта быў яшчэ зусім нядаўна нарадзіўшыся ружовы камячок з заплюшчанымі вочкамі і смешнай маршчыністай мордачкай.

Нехта адразу прынёс каробку з-пад абутку і вату. Пацучка паклалі ў каробку. Танечка прынесла малако і піпетку. Дзеці вырашылі па чарзе дзяжурыць на вуліцы і карміць пацучка малаком з піпеткі. Каробку паклалі ў кустах за лаўкай, дзе яна была амаль непрыкметна. Шчаслівыя дзеці разышліся па дамах, кожны, магчыма, уяўляючы сабе, як назаўтра яны будуць клапаціцца аб асірацелым малышу.
Я таксама пайшоў дахаты. Мне было цікава, чым усё гэта закончыцца. Здаровы розум падказваў мне, што пацучок не выжыве, але ў сэрцы я песціў надзею на лепшы канец. Усё ж, пацукі не вельмі патрабвальныя жывёліны.

Наступнай раніцай я выйшаў з дому даволі рана, каб паспець на першую пару ва ўніверсітэце. На двары ўжо грукатаў кантэйнерам з-пад смецця наш дворнік. Відавочна, настрой у яго быў дрэнны, таму што вадой навымывала пяску, і ўсё гэта трэба было ўбіраць. На плітцы перад лаўкай ляжала тая самая каробка з-пад абутку. Яна была прыплюснута зверху, быццам нехта наўмысна наступіў на яе ботам. Дворнік незадаволена падняў каробку, злосна праз зубы бросіў у мой бок нешта накшталт “развялі тут заапарк”, і выбрасіў каробку ў кантэйнер.