Дзядуля

Виталий Сазанович
Трэцяга траўня гэтага года на прыём да кіраўніка Першамайскага раёна г. Мінска трапіў цікавы дзядуля. Ногі яго былі апрануты ў дзіўныя лапці, надзетыя на каляровыя ваўняныя шкарпэткі. Штаны невядомага паходжання і года выпуску ад штодзённага, працяглага нашэння былі расцягнуты на каленах і ззаду і падвязаны на поясе звычайнай вяроўкай. Ватовая целагрэйка і шапка-вушанка дапаўнялі гэты даволі камічны касцюм начнога вартаўніка ці дворніка, а то і ўвогуле жабрака. Клунак, які вісеў на палцы за яго спінаю, і другая палка, на якую дзядуля апіраўся пры хадзе, схілялі да думкі, што дзядуля гэты прыйшоў здалёк, мабыць нават прыехаў раніцай на электрычцы ці аўтобусе адкульсці з вёскі. Аб вясковым паходжанні дзядулі сведчыў таксама і выраз яго твару: па-дзіцячы наіўны, шчыры і чысты ў сваім імкненні быць зразуметым. Дзве палкі – адна цераз плячо і другая ў якасці апоры – ужо даўно зліліся з дзядулем і сталі працягам яго рук. Густая сівая барада на палову твару смешна варушылася, калі прамяністая ўсмешка, якая заўсёды суправаджала дзядулю, адкрывала вялізныя пульхныя вусны і агаляла на дзіва добра захаваныя роўныя белыя зубы. І ўсё ж першае, што заўважалі ўсе – і тыя, хто глядзеў на яго па абавязку службы, і тыя, хто проста праходзіў міма і балбатаў па тэлефоне, – былі яго вочы. Вялікія блакітныя вочы шалёнай глыбіні, у якой пачынаў тануць кожны, хто хоць на момант заглянуў у іх. Не вадзяніста-блакітныя, як у большасці беларусаў, не, гэта былі яскрава-блакітныя бірузовыя вочы, у якіх не было бачна ні зрэнак, ні жоўтых плямак – увогуле нічога, акрамя бездані блакітнага мора. Ціхі нерухомы погляд гэтых вачэй прымушаў усіх, хто ў іх глядзеў, забыць пра справы надзённыя і быццам акунуцца ў іншы сусвет, ціхамірны і вечны, як сама светабудова.

Вось такі вось дзядуля прыйшоў а дзявятай гадзіне на прыём да кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Ігара Аляксеевіча Казекі. Была субота: для большасці грамадзян выхадны дзень, а значыць магчымасць сустрэцца з прадстаўніком улады і паскардзіцца яму на іншы орган ці прадстаўніка гэтай жа самай улады, таму што інакш, калі б усе дакладна прытрымліваліся закону, хіба ж была бы ў грамадзян неабходнасць звяртацца за дапамогаю да кіраўнікоў адміністрацыі?

І вось Ігар Аляксеевіч сядзеў у сваім скураным крэсле з падлакотнікамі, як заўжды ў гадзіны прыёму, у прыўзнятым настроі, праглядаючы паперы, пададзеныя яму на подпіс, узброены ўсялякімі кодэксамі і прадпісаннямі і гатовы адбіць любую атаку. Ён ужо паспеў “пакарміць жывёлу”, як ён у жарт называў сваіх рыбак, і цяпер зацікаўлена паглядаў на іх, спадзяючыся і ў сваю чаргу на смачны абед у поўдзень, калі скончыцца прыём і ён паедзе дахаты. Ён не заўважыў, як у кабінет трапіў дзядуля. Здавалася, што сакратар, якая прынесла яму дакументы, забылася зачыніць за сабою дзверы, і той прасачыўся зусім непрыметна, зліўся з шафаю недзе ў куце, і вось зараз бясшумна выплыў з другога краю пакоя, не парушыўшы пры гэтым гармоніі акуратна расстаўленай мэблі, акварыума, вялікіх, з чалавечы рост, раслін у гаршках і нават партрэта Прэзідэнта, які вісеў за спінаю Ігара Аляксандравіча.

Ігар Аляксеевіч усміхнуўся наведвальніку ва ўласцівай аднаму яму манеры ўсміхацца, як бы кажучы: хоць я і прадстаўнік улады, але таксама чалавек, і жэстам рукі прапанаваў дзядулю стул. Стул стаяў бокам да стала. Дзядуля паглядзеў на стул і лагодна пакачаў галавой, маўляў, я лепей пастаю, сынок, мне так зручней. Звычайна Ігар Аляксеевіч настойваў, каб госць сеў на стул. У такім нязручным становішчы пацыента ў паліклініцы наведвальнік адразу разумеў, хто тут галоўны і значна збаўляў тон. Але ў гэты раз, прымаючы пад увагу шаноўны ўзрост наведвальніка, Ігар Аляксеевіч вырашыў зрабіць выключэнне і дазволіць яму стаяць. Да таго ж дзядуля адразу падаўся яму бяскрыўдным старым, які дажываў свой век, а значыць, справа яго зойме зусім няшмат часу.

Пасля нядоўгага няёмкага маўчання, падчас якога замілаваны Ігар Аляксеевіч мімаволі акунуўся ў блакітны акіян небыцця, цішыня ўрэшце была парушана, і Ігар Аляксеевіч, здзівіўшыся самому сабе, узварушыўся і, усё яшчэ знаходзячыся ва ўладзе ўражання, якое на яго зрабіў госць, няўпэўнена пачаў так:

– Чым я магу вам дапамагчы?

Мы столькі разоў чулі гэтую збітую фразу ад чыноўнікаў, разумеючы, што ў большасці выпадкаў яна азначае зусім адваротнае, а менавіта: “Нічым не магу вам дапамагчы”. І ў гэты раз фраза прагучала як адмова, але не тая стандартная адмова, якую выказваюць чыноўнікі, калі ведаюць, што могуць дапамагчы, але не збіраюцца гэтага рабіць, таму што баяцца стварыць сабе дадатковыя праблемы, дыскрэдытаваць уладу ці выклікаць гнеў калег па цэху ці яшчэ горш вышэйстаячага начальства, не – гэта была самая шчырая адмова, напоўненая віной за ўласную няздольнасць, як быццам Ігар Аляксеевіч ужо ведаў сутнасць справы. Падобныя эмоцыі Ігар Аляксеевіч зведаў упершыню. Ён глядзеў у вялікія блакітныя азёры вачэй старога, напоўненыя адначасова сумам і дабрынёю, і разумеў, што нічым не зможа яму дапамагчы.

– Бог дапаможа, сынок,- быццам здагадаўшыся, павольна адказаў дзядуля.

І крыху памаўчаўшы, ён раптам спытаў:

– Як вам жывецца ў новай кватэры?

– Добра жывецца,- няўпэўнена вымавіў Ігар Аляксеевіч. – А вы, уласна кажучы, па якой справе?

Ігар Аляксеевіч насцярожыўся. Кватэру ён атрымаў дзякуючы сваім сувязям і асабістым намаганням. Прыйшлося пабегаць: недзе дамовіцца аб чарзе, недзе ўпісаць неіснуючых сваякоў на сваю жылплошчу. “Але адкуль ён ведае пра новую кватэру?”

– Хачу падзякаваць уладам за клопат аб народзе,- стары уздыхнуў і перахрысціўся. Цяпер ён уважліва і зацікаўлена глядзеў на партрэт Прэзідэнта – увасабленне ўлады на беларускай зямлі. Вочы старога свяціліся знутры духоўным светам. Як быццам Святы Дух спусціўся з Нябёс і запоўніў старога як судзіну і цяпер арэолам выпраменьваў з яго ўсю сваю божую міласць.

Ігар Аляксеевіч працягваў глядзець у гэтыя вочы, забыўшы, дзе ён знаходзіцца. Ён раптам адчуў нейкую дзіўную вінаватую трывогу, як калісь у дзяцінстве, калі маці выявіла прапажу рубля ў сваім кашальку і пачала шукаць яго па ўсіх сумках і кішэнях.

У гэты момант на яго стале зазваніў тэлефон, і ён з палёгкаю падняў трубку – гэта было яшчэ адно правіла, да якога ён прызвычаіў сябе: у час прыёму наведвальнік мусіць разумець, што акрамя яго ёсць справы важнейшыя. У кабінет заскочыла маладая сакратар Алачка з чарговым стосам дакументаў, яна таксама лічыла, што ёсць справы больш значныя, за справы наведвальнікаў.

Калі ўсё скончылася, Ігар Аляксеевіч са здзіўленнем агледзеў пакой і нідзе не знайшоў старога. Здавалася, што ён знік так жа непрыметна, як і з’явіўся. Дзверы былі прыадчынены. Алачка заўсёды пакідала іх так: крыху прыадчыненымі, на выпадак, калі раптам Ігар Аляксеевіч захоча паклікаць яе. Вось і зараз Ігар Аляксеевіч захацеў спытаць у яе, куды дзеўся стары.

– Я не ведаю, ці ён ужо пайшоў? – са здзіўленнем перапытала Алачка, заскочыўшы ў кабінет.

– Дзіўны ён нейкі, толькі што быў тут і раптам як скрозь зямлю праваліўся.

Нейкае пачуццё дыскамфорту апанавала Ігарам Аляксеевічам. Думкі блыталіся, абрыўкі слоў змяшаліся ў галаве. Ён устаў, пачаў нервова хадзіць па пакою, потым спыніўся побач з Алачкай насупраць партрэта і пільна ўглядваючыся ў яго, нечакана спытаў у яе:

– Алачка, а вам падабаецца ваша праца?

– Як, падабаецца? – Алачка запнулася і з непаразуменнем утаропілася ў Ігара Аляксеевіча. Нешта новае ў яго поглядзе спачатку здзівіла яе, потым сагрэла, а потым раптам пацягнула за сабою і прымусіла пераасэнсаваць гэтае пытанне і задумацца. – Не ведаю, падабаецца, канешне,- няўпэўнена прамармытала яна. – Можа гарбаты?

***

У час абеду Ігар Аляксеевіч распавёў жонцы пра дзіўнага ранішняга наведвальніка. Вочы Ігара Аляксеевіча па-новаму свяціліся дабрынёю і адчуваннем свабоды. Ён ужо прыняў рашэнне вярнуць кватэру ў жылфонд і пераехаць назад у старую нічым не горшую кватэру, якую яны нядаўна пачалі здаваць. Яго жонка Елена Паўлаўна спачатку хацела пасмяяцца з аповеда мужа аб забаўным дзядулі, але, адчуўшы на сабе яго праніклівы погляд, раптам змянілася ў твары. Елена Паўлаўна працавала звычайным дзіцячым тэрапеўтам. Ёй часта прыходзілася прымаць знаёмых без чаргі за шакаладку, выпісваць рэцэпты і спраўкі за бутэльку каньяку ці каробку цукерак. Ёй стала сумна, і яна вырашыла змяніць тэму.

***

Вечарам Алачка сустракалася са сваёю сяброўкаю, якая працавала завучам у сталічнай гімназіі. Сяброўку звалі Надзя. Надзея Нікалаеўна – так звалі яе ў гімназіі, дзе яна працавала. Надзя ўжо які год за асобную плату дапамагала бацькам уладкоўваць сваіх дзяцей па блату ў гімназію. У гэты дзень яна вырашыла для сябе больш ніколі не займацца гэтым. Днём у нядзелю Надзя сустракалася са сваім бацькам, які працаваў у будаўнічай кампаніі. Той у сваю чаргу меў звычку спісваць сапсаваныя будаўнічыя матэрыялы і не за дарма дапамагаць суседзям па дачы. Да апошняга часу. У панядзелак Надзя і яе бацька кожны прыйшлі на сваю працу не маглі не падзяліцца патаемным.

***

Вечарам у панядзелак пакуль Лідзія стаяла на кухні і вырашала, што прыгатаваць на вячэру, разумеючы, што боршч сёння яна ўжо не зварыць, борт №1 назаўсёды пакідаў краіну ў невядомым накірунку.

***

Дзядуля Панцялей трэці дзень маліўся за беларускі народ. У адной расе ён стаяў на каленях перад іконай Божай Маці і сваёй хаце ў самым куце і маліў Бога аб дараванні грахоў усіх людзей беларускіх. На большае ён не мог спадзявацца. На золку ў аўторак ён скончыў маліцца.

Дзядуля Панцялей вельмі стаміўся, але адчуваў неверагодную свабоду. Ён лёг у пасцель і заснуў спакойным сном.