Карл i Клара

Виталий Сазанович
Карл цяжка дыхаў, абдымаючы разгарачанае цела каханай. Салодкі пот насыціў іх зняможаныя целы пад вільготнымі прасцінамі, злучыўшы каханкаў у адзіным пульсуючым рытме. Урэшце, дасягнуўшы найвышэйшага пункту, Карл з усёю гаркотаю і выразнасцю, якая толькі магчыма ў самыя інтымныя моманты жыцця, вярнуўся да думкі, якая непакоіла яго апошнім часам. Задавальненне было атручана. Карл адгарнуў коўдру, каб глытнуць свежага паветра. Здыхаўшыся, ён, задуменна ўглядаючыся ў столь, з сумам спытаў у яе:

- Ці кахаеш ты мяне, Клара? – ніколі раней ён не пытаўся ў яе пра гэта.

Клара адказала не адразу.

 – Так, Карл. Канешне, кахаю,- усе астатнія адказы будуць няправільныя. А гэта – адзіны правільны адказ на той выклік, які ён кідаў ёй гэтым пытаннем.

- Я не веру, Клара. Не веру больш ні адзінаму твайму слову,- голас Карла злосна дрыжаў ад роспачы.

- Тады чаму ты дагэтуль са мною?

- Таму што я кахаю цябе і не магу пакінуць цябе тут адну,- раззлавана працягнуў ён.

- Але ты вернешся, Карл. Ты ўбачыш, што ты там нікому не патрэбен, а тут, у Беларусі,- твой дом, твае бацькі, сябры.

- Чаму ты ўвесь час гаворыш і думаеш за мяне? Ты толькі што сказала тое, што сама адчуваеш і думаеш. Мяне тут нічога не трымае. Ну, зусім нічога! З бацькамі і сябрамі я сустракаюся не часцей, чым калі б я прыязджаў сюды раз на год і сустракаўся з імі.

- Так, напэўна, ты маеш рацыю,- з сумам адказала Клара. – Я бы не здолела так.

Карл зноў задумаўся, узважваючы ўсе “за” і “супраць”. Саліст Дзяржаўнай філармоніі ў Вене супраць настаўніка музыкі ў Мінску. Ах, як недарэчна ўсё атрымліваецца. З усіх беларускіх дзяўчат, большая частка якіх гатовая хоць зараз з зачыненымі вачыма заскочыць у любы самалёт, вылятаючы ў накірунку заходняга свету, ён пакахаў менавіта тую, якая нават блізка не хоча разглядаць магчымасць пераезду ў другую краіну.

- Ты памятаеш Надзею Румянцаву? Яна здымалася ў “Каралеве бензакалонкі” і ў “Дзяўчатах”.

- Памятаю, канешне.

- Усё кінула: працу, кар’еру ў самым росквіце, сабрала рэчы і паехала з мужам-дыпламатам за мяжу. Таму што кахала. Разумееш? Ка-ха-ла! А ты што губляеш? Студэнтаў-другакурснікаў? Кафедру беларускай літаратару?

- Па-твойму, Карл, атрымліваецца, што твая праца важней за маю.

“Ну, як з ёю размаўляць? У яе на ўсё гатовы адказ”. Каб неяк перапыніць гэтую непрыемную размову Карл зноў прагна прыпаў да яе вуснаў, абуджаючы ў сябе жаданне. У гэты раз думка аб тым, што гэта, магчыма, апошні раз, ужо не пакідала яго, і ён адчайна спрабаваў выціснуць з гэтага разу ўсё, чым жыў з таго самага моманту, як пазнаёміўся з Клараю.

***

Самалёт хутка ўзнімаўся на належную вышыню. Карл яшчэ раз дастаў скрыначку з унутранай кішэні свайго пінжака, адчыніў яе і з асалодаю пачаў разглядаць яе змесціва. Каралавыя пацеркі – сямейная рэліквія, якую перадавалі з пакалення ў пакаленне і якой так ганарылася Клара. “Вось твая сям’я, Клара. Яна будзе чакаць цябе на тваёй новай радзіме”,- з задавальненнем падумаў Карл. Ён яшчэ не ведаў, што замест дарагога кларнета, які заўсёды прыносіў яму ўдачу ў час яго канцэртаў, у футляры над яго галавою ляжыць флагшток са сцягам Беларусі.